Чарга (працяг) Пачатак ТУТ
з жыцця літаратараў; паэма ў прозе
Раздзел 27
http://iuzhyk.livejournal.com/257330.html
Нарэшце жыццё Г. стала ўваходзіць у каляіну. Падымаючыся ўранні, ён пэўна ведаў, што будзе рабіць. А менавіта – выслабаняць двор ад гораў снегу, які гэтая рэкордная зіма падкідвала шчодра. Праз дзень, а тое і кожага дня валіў снегапад. Віравалі завеі. Іншым разам яны намяталі снег да ўзроўню акон другога паверха. Таму Г. даводзілася ўставаць у чатыры раніцы, каб да сямі вызваліць вокны жыльцоў ад гурбаў. Фізічная праца на саракаградусным марозіку была прыемная, Г. адчуваў сябе як ніколі бадзёра, яго сухарлявае цела, здавалася, не ведала стомы. Ён перакідваў да дзевяці гадзін горы снегу, супараўнальныя з аб'ёмам работы экскаватара, і адчуваў пасля невыказную лёгкасць. Напіўшыся кіпеню з сухарамі, ён здзяйсняў прабежку міма біятуалета Хлёпуса да рэдакцыі. (У душы цешачыся, што эканоміць на прыбіральні.)
Дапяўшы чаргі, Г. здароўкаўся з суседзямі, па-сяброўску цёпла гутарыў з Нетатолем Ачмуціным і падлечанай ужо крытыкесай Налейнік. Паведамляў ім, што новая аповесць рухаецца з небывалаю хуткасцю, і магчыма, калі падыдзе яго чарга да рэдакцыі, ён зможа прапанаваць часопісам не адну, а дзве аповесці. Налейнік была вельмі зацікаўлена ходам творчасці Г. і прасіла, калі што, даць ёй у рукапісе першай прачытаць гэты адмысловы твор. Абяцала напісаць рэцу. Аднак Ненатоль Ачмуцін трохі збянтэжыў Г. тым, што, адвёўшы ўбок, параіў нізашто не даваць Налейнік рукапіс, бо яна вядомая сваім няўстоўлівым норавам і замест станоўчай рэцы можа абгадзіць твор не міргнуўшы вокам. Ачмуцін, маўляў, ужо стаўся яе ахвяраю. А зрабіць Г. неабходна вось што: перанесці на дыск рукапіс сваёй першай аповесці, то бок той, з якой ён прыляцеў са Сранцавічаў, і напісаць заяву на імя загадчыка крытычнай палаткі, слыннага Белякявічуса, той, маўляў, адчыніў кантору па напісанні рэцэнзій на яшчэ ненадрукаваныя творы. Такса ўмераная. Таму Г. трэба мець дыскету, заяву, а таксама дадаць туды дваццаць даляраў – і тады Белякявічус паставіць рукапіс Г. у чаргу, а пасля або сам, або нехта з яго памагатых (высеранцаў і пустаслоўцаў) напіша неблагую станоўчую рэцу. За гэта Ачмуцін ручаецца. Па-любому канчатковую рэдактуру будзе весці сам Белякявічус, таму Г. можа смела аддаваць яму рукапіс. Чарга чаргою, казаў Ачмуцін, любыя чэргі некалі канчаюцца, а вось без станоўчай рэцы рызыкаваць друкаваць свой твор ён нікому не раіць. Толькі трэба трымацца як найдалей ад Налейнік.
Гэтую інфармацыю Г. пераварваў усю рэшту дня і паўночы, калі выходжваў каравульным вакол палаткі "Варвеста”. Хм, так то яно так, але Белякявічус яўна стаў да яго непрыхільны… Ці антыпатыя антыпатыяй, а грошы грашыма. Грошы ж урэшце не пахнуць. Здзівіла і непрыязная ацэнка Ачмуціным творчасці Налейнік, якой Г. раней давяраў. Ды што там давяраў! – яе артыкул пра аповесць, дзе дзейнічае маці-садыстка, дагэтуль упрыгожвае перадавіцу асабістага сайта Г. Не, трэба добра абмазгаваць усё, перш чым рашышся на нешта. Эх, праклятая схільнасць Г. да гнілых рэфлексій, гэтая прага самакорпання! Калі іншыя дзейнічаюць – ён раз’ядае сябе сумненнямі. Як пераадолець правінцыйную нерашучасць?
ПРАЦЯГ
|