Сайт Міхася Южыка Пятница, 19.04.2024, 18:00
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2010 » Май » 17 » Прывід у алеях
15:49
Прывід у алеях
* * *
Бывае волі поўны параліч,
калі секунды і хвіліны дня
сплываюць міма. Іх тады не кліч,
яны табе далёкая радня.
 
Хоць памятаеш жарсці кожны рух,
хоць галасы і твары не забыў,
аднак чужынскай немарачы дух
пазбавіў назаўжды ранейшых сіл.
 
Глядзіш у далеч, поўную трывог.
Наўкол цябе пустэчы цішыня.
Зусім няўцям, калі так занямог,
што не расчуеш шматгалоссе дня.
 
А толькі мроіш: раптам атрасеш
той сон ліпучы, удыхнеш вятры,
імпэтнай скачкай гоні скаланеш
і далягляд уздыбіш дагары...
 
* * *
Прывід твой бачу ў алеях,
вуліцы крок твой даносяць.
Дзе ты, жаданая фея,
ходзіш у вэлюме росным?
 
Голас твой помніць кватэра,
сшытак захоўвае почырк,
нават старыя шпалеры
плачуць аб страчаным ноччу.
 
Бачу балкончык пахілы,
рушу ў зацішаны дворык…
Дзе нашы дужыя крылы,
дзе нашы чыстыя зоры?
 
Толькі аддалены прывід
недзе ў алеях гуляе.
Голас кахання шчымлівы
птушкай між кронаў лунае.
 
* * *
Калі на горад раптам выпаў снег,
ён нібы ўстаў з каленяў, абудзіўся
ад спячкі хмурнай. Я яму зайздросціў
чарнюткай зайздрасцю. Бо ведаў:
не адужаць мне млявасці сваёй.
Я толькі здольны быў да шыбы прытуліцца
тварам – і так стаяць, хвіліну за хвілінай
спускаючы намарна. Ды чакаць змяркання,
што ўсё ж калісьці горад апануе,
ураўнаваўшы неба і дамы, і дол сняжысты.
 
І вось затухлі рухі і гуканні, пагаслі ліхтары,
счарнелі вокны… Я затрымцеў ад радасці,
што стану ў наваколлі самым светлым,
адметным і жывым… Ды выплывалі
з імглістай шэрані абрысы гарадскія.
І ўсё было, як днём, адрозна, адасобна:
святлейшым снег, цямнейшымі дамы,
шарэйшым неба, пахмурнейшым – я.
 
* * *
Са слоў, пустэчы і паветра
прыходзіць існае і плача:
дажджом сцякае песня лета,
жалейкаю, суніцай смачнай.
 
А я стаю і пра світанні
імглістыя складаю споведзь.
Дзяўчынай белай міг расстання
сігае ў вадзяную роўнядзь.
 
То чаратамі шалахцела,
то веяла дзяўчына тая
мядункаю, ігрушай спелай,
то зноўку пышнаквеццем мая.
 
І спалучаліся дажынкі
з раллёй, а пожні з матылькамі.
Луналі першыя сняжынкі,
я іх лавіў тады рукамі.
 
* * *
У што выльецца наша спатканне з табою,
ці на шчасце даводзіцца несці той груз
разважанняў, сумненняў крывога пакрою
і трымтлівых напеваў няўрымслівых муз?
 
Мне б таўсцейшую скуру займець і схавацца
ў ёй ад тлуму і глуму, што носіць эфір,
і зажыць памяркоўна, віхурнасці вальса
успрымаць мо як грукат далёкіх марцір.
 
Толькі так павялося з юнацтва і будзе:
кожнай раніцы трызню на гора сваё,
і аловак праз сшытак выходзіць на людзі,
і трываю пакутных радкоў адбыццё.
 
Травень
 
У сад акно. Фіранка ветрам
знадворку рушыцца ціхутка.
Тут вінаград пад небам мутным
спаўзае з даху метр за метрам.
 
Цяніста, роздумна і рунна
душы, прыціхлай пад лазою.
Навыперадкі мроя з мрояй
імкнуцца ўгору сяміструнна.
 
Яны красуюць і жаўцеюць
пад вінаградам і фіранкай.
І так усцешна гэтым ранкам
з калосся мрояў словы сеяць.
 
У шэрань неба кідаць словы,
у сад, акно, траву і лісце, 
і насычацца ўсюдыіснай
няўрымснай любасцю вясновай.
 
* * *
У свет дапускаецца зайздрасць...
і злосць, і свабода абрання
дарогі ў вячыстым тумане.
А значыць, ідзі. Штохвіліну
напружвай і сілы і зрок,
каб агеньчык убачыць…
Адзін-адзінюткі хаця б.
Не злаваць на працягласць дарогі
і тым не зайздросціць, хто першы
прыйшоў да цяпельца ўначы,
– такая ў нас мэта.
 
* * *
Аднойчы вецер нашаптаў нам шчасце,
такі ж шалёны вецер яго здзьмуў.
Мы зноўку – дзве аддаленыя часткі
у атачэнні неспатольных дум.
 
Кахаў цябе. Бяздумна, утрапёна.
Адрынуў свет, адпрэчыў маці, дом.
Твой твар, мая адзіная ікона,
свяціўся поначы, бы яснавокім днём.
 
Але зляцела ачмурэнне разам.
Паліла восень лісце на двары…
Мы скіравалі за няспынным часам,
мы ўжо далёка ад тае пары.
 
* * *
Я хацеў у цішы гаварыць –
пад маўчаннем навіслага клёна,
вымаўляць неўпапад пустазвонам,
пустазвонам акрыленым быць.
 
А калі сустракала зіма
майго сэрца збалелыя словы,
– замаўкаў і каменныя сховы
крыўды звычнай узводзіў дарма.
 
У спякоту бы вымавіць штось,
ды пасмяглі і вусны і горла…
Ад сухмені балесны і чорны,
я ў зямельку радзімую ўрос.
 
І прарос пад світальнай расой,
акрыяў канчаткова з залевай.
І не словы ліліся, а спевы
распраўляліся ўжо з нематой.
 
* * *
Не раз і не два ты на небе пабачыш,
як зорка сігае ў бяздонную прорву.
Нязменна і мы, адпусціўшы удачу,
знікаем у пашчы пражэрлівай чорнай.
 
Ды лепш бы не думаць пра гэта падзенне,
а жыць найкаштоўным імгненнем і бачыць
пухнатыя воблакі і святлацені
на роснай траве, як жывыя – няйначай.
 
Дапытлівым зрокам даходзіць да нетраў
прыроды магутнай, прыроды ласкавай.
І быць яе сонцам, і быць яе ветрам,
што чэшуць і грэюць духмяныя травы.
 
* * *
Дзверы мае – на захад.
На поўдзень акно адкрыта.
Яліна кашлатай лапай
махае душы знябытай.
 
Цішком за парог ступаю,
алеяй яловай рушу.
І дом пакідаю з краю,
а з ім – асяродак душны.
 
За гаем ставок качыны
і месяц нырае ў водах.
Знікаю на дзве гадзіны
ва ўлонні маёй прыроды.
 
Я стану травой і лісцем,
і чапляй цыбатай стану,
струменем крынічкі быстрай
і водарам дурнап’яну.
 
* * *
Неаднойчы мы глядзім у прорву,
неаднойчы вабіць нас яна.
Насупроць пабожнае пакоры
скача і рагоча сатана.
 
Я за тых, хто не стрываў і кануў,
на калені ў храме прыпаду,
у малітве і слязах растану,
перайду ў падземную ваду.
 
Так лацвей прабіцца ў вусціш цемры,
так ямчэй руку ім працягнуць,
і рвануць, напяўшыся без меры,
і адужаць чортавую муць.
 
* * *
Трубілі ў дарогу. І цокалі коні.
І сэрца ганяла патокі крыві.
Каціліся слёзы цішком на далоні,
матуліны вусны шапталі: "Жыві”.
 
Ён жыць не хацеў, але мусіў падняцца
на кволыя ногі, каб здзейсніць свой лёс.
Чакала яго неадчэпная трасца,
чакалі галеча і люты мароз.
 
Ад торбы жабрацкай да царскіх харомаў
ніхто не прайшоў без пакутаў і страт.
Па пыльных дарогах зямлі незнаёмай
ён рушыў наперад, вяртаўся назад.
 
Калі ж дасягнуў і багацця і славы,
то гэтак жа жыць не хацеў, як тады,
калі адбіваўся падлеткам рухавым
ад чорнай галечы і горкай бяды.
 
* * *  
                                   В.Гадульку
Ён, зманам спакусным цяжарны,
сядзіць каля весніцаў спрахлых
на лаўцы абшарпанай, марна
разблытвае водары, пахі.
 
Суйміся, паэце, тут проста
жыццё дзень звычайны малюе:
адценні раскідала хвостка
па доле, што з ночы сумуе.
 
Табе б, назіраючы пільна,
зазнаць белых думак аблокі
на гэтым завулку, што схільны
да цішы і ценяў глыбокіх.
 
Дзятвы бачыць жвавыя гульні,
чуць зумканне пчол клапатлівых,
вясковыя мірныя будні,
над пашай раскрытыя крылы.
 
Баліць табе, мусіць, гаротны,
што спісваеш вечна паперу?
Самотны… Заўсёды самотны,
люляеш нязломную веру…
Просмотров: 745 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Май 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024