Сайт Міхася Южыка Суббота, 20.04.2024, 16:24
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2010 » Май » 6 » Творца і крытык: без спадзеву на прымірэнне
20:05
Творца і крытык: без спадзеву на прымірэнне
("ЛіМ”, 31.07.09)
 
Літаратурны крытык Жанна Капуста ў артыкуле "Шэсць прычын не любіць крытыкаў” правакуе пісьменнікаў на палеміку. Што ж, паспрабую ў ёй паўдзельнічаць, тым больш што маю пэўны досвед у гэтай праблеме, з’яўляючыся і аўтарам і крытыкам у адной асобе.
 
Увогуле артыкул спадарыні Капуста падаўся грунтоўным, прыемна, што малады крытык так няблага арыентуецца ў літаратурнай сітуацыі і псіхалогіі аўтараў. Аднак акцэнт у артыкуле пастаўлены аднабакова: крытык ідэалізуецца. Напрыклад: "Ён разглядае пісьменніка як прафесіянала, таму ні біяграфія, ні чалавечыя якасці не ўлічваюцца пры напісанні рэцэнзіі”. Добра, каб так было. Але ж дазволю сабе ўпарта ўсумніцца ў гэтым – на той простай падставе, што крытык такі ж звычайны чалавек з плоці і крыві, як і тыя грэшныя аўтары, якіх спадарыня Капуста разбірае па костках. Чалавек жа, як вядома, усюды аднолькавы: яго хвалюе найперш самарэалізацыя, а крытык, у сілу сваёй прафесіі, самавыяўляецца не ў апошнюю чаргу за кошт аўтара, нярэдка забываючыся, што аўтар таксама жывы чалавек.
 
Крытыкі ўпікаюць аўтараў за непамернае самалюбства і славалюбства, а аўтары бурчаць на крытыкаў за іхнюю несправядлівасць. Гэта было ва ўсе часы. І наша з Жаннай Капуста палеміка гэты працэс не спыніць і ані трохі не зменіць. Бо падобны канфлікт – рухальная сіла не толькі літаратуры, а і ўвогуле таго, што мы называем жыццём.
 
Чаго, па сутнасці, дамагаецца аўтар сваімі творамі ад крытыкаў і чытачоў? Найперш любові і разумення, а таксама ў перспектыве – экспансіі сваіх ідэй і свайго імя ў гісторыю літаратуры. Гэтае жаданне ніколькі не заганнае, яно дадзена творцу ад прыроды. Усе папрокі да аўтараў у славалюбстве не маюць пад сабой маральнай асновы. Бо як толькі ты панёс хоць адзін верш у рэдакцыю, то можаш называцца славалюбцам роўна на той жа падставе, як і крытык, які апублікаваў на цябе рэцэнзію памерам у два радкі. Таму крытыкам, паколькі яны жывяцца літаратурным працэсам, давядзецца змірыцца з тым, што яны знаходзяцца сярод славалюбцаў, на якіх, тым не менш, літаратура трымаецца.
 
У той жа час было б дзіўна, каб аўтары радаваліся адмоўным рэцэнзіям на свае творы. Гэта ўсё адно каб сказаць чалавеку, якому адмовілі ў каханні: радуйся, ты першы шчаслівец! Зразумела, што аўтар цешыцца высокай ацэнкаю сваіх твораў ад крытыкаў і злуецца на нізкую ацэнку. Гэта зноў жа – закон прыроды, на якім заснаваны прагрэс. Калі чалавеку адмаўляюць у каханні, ён або робіць новы наступ на свой аб’ект, або шукае іншы аб’ект. Так і аўтар пасля адмоўнай рэцэнзіі, хоча – не хоча, а перайначваецца і нешта ў сабе і сваёй творчасці падпраўляе. Аднак прагнуць літаратурнай славы не перастае, робячы новы наступ на рэдакцыі, выдавецтвы. У гэтым недарэчна яго вінаваціць.
 
Паводле Жанны Капуста, некаторыя пісьменнікі: "...выказваюць перакананне, што крытыка ўвогуле ніводнаму мастаку слова не патрэбная”. І яны памыляюцца. Паколькі менавіта крытыкі і літаратуразнаўцы робяць творы і творцаў фактамі літаратурнага працэсу, гісторыі. Апублікаваўшы рэцэнзію на твор, крытык тым самым увёў аўтара ў складаную іерархічную структуру нацыянальнай літаратуры. Толькі стаўшыся часткай гэтай сістэмы, аўтар набывае жыццё ў культурным кантэксце. З гэтага часу творы яго як бы індэксуюцца і маюць магчымасць сістэмна шукацца і аналізавацца як навукоўцамі, так і простымі зацікаўленымі чытачамі. Таму зразумела, што аўтару хочацца заняць не апошняе месца ў гэтым іерархічным каркасе нацыянальнай (а можа, у перспектыве – сусветнай) культуры. Аднак хацець не шкодна. У крытыкаў сваё хаценне і меркаванне наконт аўтара, безумоўна, суб’ектыўнае. І ў аўтараў няма ніякіх іншых магчымасцяў атрымаць ацэнку свайму твору, як толькі ў выглядзе сукупных суб’ектыўных ацэнак. Чым больш розных крытыкаў пра яго напішуць, тым з большай верагоднасцю з цягам часу выкрышталізуецца ісціна пра яго творчасць.
 
З гэтай прычыны важна мець шматпалярнасць літаратурнага працэсу, канкурэнцыю паміж выданнямі, суполкамі, ідэалогіямі. Нічога кепскага няма ў тым, што суполка дэкларуе творы сваіх аўтараў як найвыбітнейшыя, а іншая суполка іх ганіць і крытыкуе. Наадварот, гэта вельмі карысна для літаратурнага працэсу, бо чакаць ад выдавецтва, каб яго само ж давала антырэкламу сваім творам, не выпадае. Іншае ж, канкурыруючае, выдавецтва з задавальненнем справакуе жорсткую крытыку на такі твор. Таму што, як справядліва зазначае спадарыня Капуста: "суцэльныя дыфірамбы цягам усяго творчага жыцця выклікаюць сумневы ў іх шчырасці”. Некаторыя нашы аўтары так высільваюцца наладзіць станоўчыя рэцэнзіі на свае творы, а некаторыя крытыкі ім так старанна падыгрываюць, што дасягаюць абсалютна супрацьлеглага эфекту – адварочваюць ад сябе чытачоў. Бо няшчырасць праступае між радкоў, а дурні літаратурныя газеты і часопісы не выпісваюць.
 
Адсюль вынікае ўся адказнасць крытыкаў за свае рэцэнзіі. Бо яны, паўтаруся, – стваральнікі гісторыі літаратуры нароўні з аўтарамі. Ад таго, наколькі яны будуць сумленна ставіцца да сваёй працы, залежыць будучыня нацыянальнай культуры. Як і будучыня канкрэтнага аўтара: стануць яго далей друкаваць ці не. Аднак, зноў жа, апеляванне да высокіх грамадзянскіх пачуццяў крытыка, што, маўляў, ты павінен працаваць на беларускую літаратуру, а не прыгожа самаваяўляцца, – будзе мець не большы плён, чым казаць чалавеку: не пі, не куры, бо потым будзеш сам жа пакутаваць. Калі ўжо пэўны чалавек не кідае піць дзеля ўласнага будучага здароўя, а аддае перавагу часовай асалодзе, то тым болей сярэдні крытык найменш задумваецца пра лёс літаратуры і творцаў, а найперш – пра сваё месца ў ёй, пра сваю выгаду і рэалізацыю сваіх планаў. Таму мы збольшага назіраем такую карціну (не толькі ў Беларусі – паўсюль): уплывовых, вядомых літаратараў пераважна хваляць, ці прынамсі не крытыкуюць, а малавядомых, пачаткоўцаў – або не заўважаюць зусім, або стандартна пляжаць. Бо крытыку важна быць, як мінімум, апублікаваным, а гэта паспяхова дасягаецца толькі тады, калі ён не ідзе ў разрэз з агульнапрынятымі меркаваннямі.
 
Наастатак хочацца звярнуць увагу на істотны момант: далёка не ўсе крытыкі валодаюць ідэальным мастацкім слыхам, некаторыя папросту не ведаюць, прачытаўшы твор, добра гэта, сярэдне, кепска ці геніяльна. Бо абсалютны літаратурны слых, як і музычны, – рэч больш прыроджаная, чым прыдбаная, яму немагчыма абучыцца ў гуманітарных ВНУ, аспірантурах, рэдакцыях. Таму некаторыя крытыкі звяраюцца з колішнімі меркаваннямі сваіх універсітэцкіх настаўнікаў, разнамасных аўтарытэтаў, з літаратуразнаўчымі шаблонамі, прыслухоўваюцца да выпрацаванага грамадскага меркавання наконт аналізаванага твора. Каб не абняславіцца, яны хваляць пераважна вядомых людзей (тут не сядзеш у калюжыну), а ганяць пачаткоўцаў, бо мяркуецца, што пачатковец апрыёры не можа быць дасканалым. І толькі адзінкі крытыкаў, што маюць адпрыродныя мастацкі слых і сумленнасць, а таксама яшчэ шмат-шмат якасцяў, куды ўключаецца энергічнасць, мужнасць, вера ў тое, дзеля чаго працуеш, – гэтыя нешматлікія людзі і праўдзяць нацыянальны літаратурны працэс, ствараюць эфектыўныя іерархічныя сістэмы, па якіх нашчадкі будуць знаёміцца з цяперашняй літаратурай, якая стане гісторыяй.
Просмотров: 806 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Май 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024