(да творчага партрэта Валярыны Куставай)
Паэзія - неспакой,
што шэпчаш нябёсам употай.
Паэт - гэта той,
каго зразумеюць потым.
Недзе з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя пачала мяняцца і на сённяшні дзень канчаткова зыначылася прастора беларускага слова. А дакладней – фундаментальныя прынцыпы фарміравання гэтай прасторы. Не кажу зараз пра прыток новых жанраў – гэта само сабой. Найбольш вызначальным уяўляецца мне тое, што цяпер не чытач ідзе ў кнігарні і часопісы на сустрэчу з пісьменнікамі, а самі пісьменнікі рушаць да свайго чытача. Пісьменнік, калі так можна сказаць, адарваўся ад пісьмовага стала і на парадак павялічыў сваю сацыяльную актыўнасць. Ён пайшоў у залы, аўдыторыі, у інтэрнэт, на плошчы і нават вуліцы. Найбольш прыдатная і ёмкая форма такога дачынення з чытачамі – паэзія.
Адным з найярчэйшых прадстаўнікоў гэтай новай генерацыі творцаў сталася Валерыя Кустава, пра яе і хочацца сказаць колькі слоў.
Творцы такога кшталту – звышактыўныя і звыэмацыйныя – не могуць не выклікаць неадназначнага стаўлення да сябе. Часта даводзілася чуць у інтэрнэт-запісах такое, што Куставай, маўляў, занадта многа, што не варта удаваць з сябе вундэркінда і г.д. Раздражненне, мяркую, грунтуецца на тым, што Валерыя нязвыкла рана праявіла ў сабе паэтычны дар і заявіла пра свае амбіцыі. Да таго ж у паэтэсы ёсць відавочныя акцёрскія здольнасці, што бачна па яе выступленнях, а таксама яшчэ і музычныя. Прычым усё гэта чалавек не тоіць у сабе, а напорыста і задзірыста выяўляе перад самымі рознымі аўдыторыямі.
Шматгранная мастацкая адоранасць, праяўленая ў пяшчотным узросце, не можа не аказваць уплыў на фарміраванне асобы, асабліва жаночай. Чалавек робіцца, як мінімум, "не такі”, як усе, з усімі наступствамі, што адсюль вынікаюць. Тонкая душэўная арганізацыя, каб не зламацца, неадменна патрабуе для сябе брані ў выглядзе рэзкасці, пэўнай жорсткасці, смеласці. Валерыя Кустава ўсё гэта мае, і пастаяць за сябе здольная. Што прыкметна дысануе з яе фактурна-мяккай знешнасцю, лагодным голасам і напоўненымі трапяткім лірызмам вершамі.
А мне сьняцца сны адны:
як з нябёс ляцяць званы
й разьбіваюцца яны,
як гліняныя збаны…
Зрэшты, Кустава бывае ў сваіх вершах усялякая – у гэтым мне бачыцца яе адметнасць. Шырыня тэм, незвычайнасць вобразаў, то знарочыстая эпатажнасць, эксцэнтрычнасць, то – крайняя шчырасць, экзальтаванасць, балеснасць.
Мы сыдзем і вернемся зноўку.
Мы сыдзем і вернемся – вер мне.
Ня возьмем ні нож, ні вяроўку –
адверне!..
Мы сыдзем і вернемся ў травах...
Лугамі,
што сонцамі мрояць...
Анёлы нам крыкнуць "Брава!”
І ўзброяць.
Але ў цэлым вершы Валерыі аптымістычныя – гэта таксама вартасць для беларускай паэзіі, бо з класікаў я ведаю толькі аднаго па сваёй сутнасці аптымістычнага паэта – Рыгора Барадуліна. Сярод паэтаў новай генерацыі такіх больш, але часцяком іхні аптымізм, на жаль, не падмацаваны ні талентам, ні колькі-небудзь адэкватным успрыманнем рэчаіснасці. У Куставай жа, за ўсім вонкавым антуражам, эпатажам, слоўнымі карункамі, якія яна любіць вязаць, мне бачыцца сапраўднае: непадробныя пачуцці, унутраны стрыжань.
Мы сыдзем.
Мы будзем. Мы будзем.
Пакуль што мы проста людзі.
А потым — пустэльны дым.
Жывыя мы нават тым.
Мы сыдзем.
Мы будзем. Мы будзем.
Мы вернемся.
Вер мне ты,
вер мне.
Мы згубімся.
Час нас ня згубіць –
верне.
Увогуле, безліч разоў пераконваўся, што чалавек, здольны спачуваць іншаму, перажываць за чужое жыццё, як за сваё, не можа быць слабым паэтам, калі ён паэт. Многія, напэўна, чыталі эсэ Куставай "У абліччы адчаю”, пазначанае як "штрыхі да творчага партрэта Анатоля Сыса”. А прачытаўшы, мабыць, зразумеюць пра што я кажу.
Адна з асаблівасцяў фарміравання Валерыі Куставай як творчай асобы ў тым, што яна з дзяцінства сутыкалася з выбітнымі беларускімі творцамі рознага кшталту (не толькі пісьменнікамі), і яны моцна на яе паўплывалі. Аднак не перарабілі на свой капыл – што вельмі важна... Валерыя захавала і ўдасканаліла свой прыродны голас.
Аддадзеныя трывогам,
паэты ня сьпяць
па начох:
шукаюць жывога Бога
і руны
на ўласных плячох.
Асабіста я талент пазнаю па энергетыцы, якая праменіцца не толькі ад радкоў паэта, а і ад усёй ягонай асобы. Паэт з моцнай энергіяй заўсёды арыгінальны таму, што гэты ўнутраны агонь ніколі не дасць яму "залезці” ў рамкі чужога мыслення, чужой формы і творчай манеры. Таленту заўсёды цесна ў звыклых рытмах і строях. Мала таго, бяруся сцвярджаць, што сапраўдны талент у пэўнай ступені – няправільны, да вершаў Куставай, калі падыходзіць строга і фармальна, можна прад’яўляць прэтэнзіі ў плане тэхнічным. Аднак паэзія – не матэматыка, а вершы – не крыжаванкі. Яны – люстэркі душы, часам, дарэчы, крывыя і не вельмі лагодныя. Але толькі ў гэтым іх сапраўдная вартасць.
Калі ты сам-насам з сабой,
хвіліна здаецца бясконцай.
І цень разамлелага сонца
павольней плыве над ракой.
Я не знаёмы з Валерыяй Куставай асабіста і нават не з’яўляюся яе суразмоўцам па ЖЖ-дзённіках. Таму ў нейкіх высновах магу памыляцца. Зрэшты, блізкае знаёмства часам зацямняе сутнасць паэта, ухутвае вопраткамі суб’ектыўнага, прадузятага. Ацэньваць усё ж лягчэй на адлегласці.
У мяне могуць спытаць: навошта ты пішаш пра паэтэсу, у якой і так усё добра: кнігі, увага чытачоў і слухачоў, паездкі ў замежжа, маладосць і вясёлкавыя перспектывы; напісаў бы лепш пра каго невядомага... Можа, з аднаго боку і так. А з другога боку, я перакананы, што ў таленавітага чалавека ніколі не бывае "ўсё добра”, бо сам талент ёсць прычынай штодзённай трывогі і дыскамфорту, пазбавіцца ад якога можна адно несупынным і напружаным самавыяўленнем. Талент заўсёды ходзіць на нейкім памежжы, балансуе на тонкай струне, на якой пахіснуцца не надта складана. Таму пра паэтаў трэба пісаць.
Калі сумна, дружа,
усьміхніся небу.
Мы жыцьцё адужым.
Жыць заўсёды трэба.
Жыць заўсёды варта.
А ў нябёсах варта
не пускае вышай
ад нябёсных вышаў.
А жыцьцё ўсё ж болей,
болей за каханьне.
А Радзіма далей,
далей за выгнаньне...
Таму і ў Варшаве,
таму і ў Бэрліне
мы с табой растанем
сьветла ва ўспаміне.
Усьміхніся, дружа.
Нам яшчэ сустрэцца
ў тысячы спатканьняў.
Нам яшчэ сагрэцца
ды ў мільёны раньняў.
Дый у сотні сэрцаў
нам з табою біцца...
P.S. Гэты артыкул, магчыма, выйдзе ў "ЛіМе”, аднак у рамках "Калонкі Міхася Южыка” ён непазбежна скароціцца за кошт большасці вершаў. Што не зусім добра. Таму бачу неабходным змясціць поўны варыянт на сваім сайце.
|