(тыднёвік "ЛіМ” ад 12.03.10)
Часам складваецца ўражанне, што беларускія пісьменнікі і рэдактары тоўстых часопісаў пасылаюць літаратурныя мастацкія творы ў космас, у гэткаю беспаветраную прастору, вакуум, адкуль не вяртаецца ніводнай жывой рэакцыі.
А інакш як растлумачыць, што большасць літаратурных твораў, надрукаваўшыся, застаюцца абсалютна не заўважанымі крытыкамі? Рэдкім жа шчаслівым творам, на якія з’яўляюцца грунтоўныя рэцэнзіі, зусім не гарантавана тое, што яны будуць прачытаны літаратурнай грамадскасцю. Бо тыражы нашых тоўстых часопісаў далёка не адпавядаюць рэальнай колькасці зацікаўленых чытачоў. Не сакрэт, што індывідуальных падпісчыкаў, тых, хто самохаць выпісвае літаратурную перыёдыку, на парадак менш ад велічыні тыражоў.
Ну хай яшчэ сёй-той купляе літаратурныя часопісы і газеты ў кіёсках. Аднак пераважная большасць тыражу паступае ў бібліятэкі, якія, згодна з дзяржаўнай палітыкай, падпісваюць беларускую літаратурную перыёдыку. Гэта пахвальна. Вось толькі пракантраляваць, ці існуе да яе жывы інтарэс сярод бібліятэчных наведвальнікаў – справа вельмі складаная. Працяглыя мае назіранні, роспыты тых людзей, хто рэгулярна наведвае бібліятэкі, несуцяшальныя. Яны наводзяць на думку, што большасць сучаснай беларускай літаратуры, той, якая яшчэ не стала класічнай і не ўвайшла ў школьныя праграмы, застаецца абыдзенай сучаснікамі.
Памятаю, як гадоў дванаццаць таму, калі зацікавіўся беларускай літаратурай, я браў у нашай раённай мінскай бібліятэцы кнігі ўсіх аўтараў, якія былі тады ў мяне на слыху, так бы мовіць, раскручаных... І ў бальшыні выпадкаў рабіўся першым чытачом іхніх кніг, якія пралежалі на бібліятэчных паліцах 5–10 гадоў. Кнігі былі гожа выдадзены яшчэ за савецкім часам, зайздросная паліграфія. Вось толькі некаторыя іхнія старонкі былі ўсё яшчэ прыклеены адна да адной па краях друкарскім клеем. Сумна, згадзіцеся, спадары. Гэта колькі ж дзяржаўных сродкаў пайшло намарна...
Можна, канешне, абвінавачваць некаторых бібліятэкараў за абыякавасць, што не праводзяць яны адпаведную працу сярод чытачоў, не накіроўваюць і г.д. І можна, напэўна, адначасова прывесці прыклады бібліятэчных дзеячаў, якія рупяцца за нацыянальную культуру і ў якіх чытачы загружаны кнігамі сучасных беларускіх аўтараў пад завязку. Аднак не баюся памыліцца, сцвярджаючы, што такіх узорных рупліўцаў адзінкі. Бо прычыну трэба шукаць не ў чытачах, не бібліятэкарах, а ў пісьменніках і рэдактарах.
Калі б кожны наш пісьменнік шчыра сябе спытаў, чым ён можа быць цікавы чытачу і за што яго любіць крытыкам, то, сумленна разважыўшы, большасць майстроў пяра ўбачылі б тое, што любіць іх, чытаць іх ні чытачам, ні крытыкам няма аніякіх падстаў. Таму што сучасная беларуская літаратура амаль не перадае подых сучаснасці, з нейкіх дзівосных і не зразумелых мне прычын абыходзіць злабадзённыя праблемы і тэмы, якімі жыве і дыхае цывілізаваны свет. Мы з вартай іншага ўжытку энергіяй працягваем пісаць і друкаваць творы пра вёску трыццатых–пяцідзесятых гадоў, пра Вялікую Айчынную вайну, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра часы блаславёнага брэжнеўскага застою, пра калектывізацыю дваццатых гадоў мінулага стагоддзя, пра Чарнобыльскую катастрофу – і толькі сучаснасць, вось гэтая трапяткая сучаснасць урбаністычнай цывілізацыі, з як шырачэзным спектрам пытанняў і тэм, застаецца амаль не адлюстравана ў творах нашых пісьменнікаў. А час імкліва бяжыць наперад, і забытае, абыдзенае ў тэмах пісьменнікамі, летапісцамі сваёй эпохі, сыходзіць у нябыт і надалей будзе вывучацца гісторыкамі па чым заўгодна, толькі не па мастацкіх творах. Па мне, дык гэта кепска.
Літаратурныя творы пра сівую даўніну, пра векапомныя для народа падзеі, вядома ж, мусяць быць адлюстраваны ў творах і прадстаўлены на старонках літаратурных часопісаў. Але, падкрэсліваю, толькі не за кошт сучаснай тэматыкі. Далёка хадзіць не трэба, звярніце ўвагу на змест часопісаў і тэматыку выдавецтваў суседняй Расіі. Ільвіная доля твораў – пра сучаснасць. І толькі невялікі працэнт – на іншыя тэмы. Гэта альфа і амега літаратуры, гэта неабходная (але, канешне ж, не дастатковая) умова не страціць повязь з чытачом і народам.
Ці не таму беларусы пагарджаюць нашымі сучаснымі аўтарамі, а чытаюць рускіх пісьменнікаў, што толькі там знаходзяць адказы на свае злабадзённыя, набалелыя пытанні і клопаты, толькі там бачаць адэкватны "зааконнай” рэчаіснасці свет?
|