Бегаў заяц па сценцы, імкліва, трывожна –
чорны заяц на бляклай сцяне.
Пазіраў на яго, страх па клетачцы кожнай
звонкіх нерваў імчаў да мяне.
Порсткі заяц скакаў ад падлогі да столі,
ад канапы да тоўстых дзвярэй.
Ноч стаяла ў акне – да адчаю, да болю,
да таго, што і смерці цяжэй.
Хмары шчыльныя месяц надзейна хавалі,
і не зыркалі фары машын.
За акном цішыня, толькі жвавыя хвалі
змрочных думак варочалі млын.
За дзвярыма пакоя – таксама ні гуку,
ані шолаху ў прорве пустой.
Толькі заяц па сценцы начную дакуку
доўжыць вечную перада мной.
|