Сайт Міхася Южыка Пятница, 27.12.2024, 08:31
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2010 » Март » 12 » Раздача арэхаў
14:46
Раздача арэхаў
(пра ўзаемадачыненні аўтараў з аўтарамі і крытыкамі)
 
Эгаістычную прыроду людзей няма чаго асабліва аспрэчваць. Выключэнні з гэтага правіла калі і існуюць, то жывуць і дзейнічаюць далёка не ў сферы літаратуры. Я сам такі эгаіст, таму лёгка зразумею любога беларускага літаратара. Для мяне ўсе яны, у плане дачыненняў паміж сабою, прыкладна на адзін твар. І розняцца толькі нюансамі. Тут ужо гаворка можа ісці адно пра тое, наколькі хто з нас умее стрымлівацца ў праявах эмоцый.
 
Гэтую тэму я буду ўзнімаць да таго часу, пакуль сам у ёй збольшага не разбяруся, або пакуль нехта не скажа мне дзякуй за адкрыццё для яго раней не вядомай ісціны ( у што слаба верыцца). Тым больш што апошнім часам то тут, то там успыхваюць разборкі паміж літаратарамі ды крытыкамі. Той таго не так зразумеў, той таго недахваліў ці перахваліў. Карацей, усё тая ж праблема розных кропак гледжання на пэўныя рэчы. Калі крыўдзяцца маладыя дзяўчаты – гэта адно. А вось калі сталыя дзядзькі расплёўваюцца з колішнімі сябрамі толькі таму, што тыя не знайшлі ў іх творах таго, што былі абавязаны знайсці з прычыны сяброўства – гэты факт і бянтэжыць, і засмучае. Пацешна і тое, калі сталыя літаратары раптам пачынаюць спяваць няўмераныя дыфірамбы крытыку за тое, што ён іх нечакана заўважыў і пахваліў. Пяюць салаўямі. Толькі часта, амаль заўсёды, даводзіцца сутыкацца з тым, што праз год, два, тры гэты самы літаратар гэтага ж крытыка ўжо не апявае, а звыкла апырсквае жоўцю і слінаю. За што? Ды ўсё за тое ж самае – крытык у ім ці то расчараваўся, ці то знелюбіў, ці то не зразумеў яго велічы.
 
Цяжка, амаль немагчыма ўтаймоўваць эмоцыі, калі хваляць ці ганяць тваё любімае дзіця. А творы для пісьменнікаў не раўнуючы дзеці. Хай і недалужныя, і кульгавенькія, і падслепаватыя, і дурненькія, а ўсё ж свае. У душы, між іншым, кожны сябе даволі адэкватна ацэньвае. Аднак куды важней для пісьменніка ацэнка соцыуму, а не ўнутраны голас. А на нейкі момант крытык робіцца ў хваравітай свядомасці пісьменніка голасам соцыуму. Для некаторых жа асабліва клінічных індывідуумаў – голасам ці не Госпада Бога. Усё гэта зман і фантазіі, зразумела. Крытык – звычайны зямны чалавек, у яго куча суб’ектыўных прычын не толькі хваліць ці лаяць нейкі твор, але і ўвогуле – пісаць пра яго. Бо не страшным сакрэтам будзе сказаць, што не пра творчасць кожнага пісьменніка рэцэнзію надрукуюць, не ў кожным выданні ды з неаднолькавымі хуткасцямі. Ну гэта да слова.
 
А што тычыцца сутнасці рэчаў, то з беларускіх літаратараў я ведаю адно некалькі чалавек, здольных годна трываць крытыку. Прычым гэта, як правіла, людзі не вельмі прыкметныя і як творцы не надта амбітныя. Што тычыцца ж пісьменнікаў, апанаваных душэўнай хваробай славалюбства і маніі велічы (сябе залічу ў іхнія шэрагі), то тут ужо сітуацыя ахавая. Найменшая адмоўная крытыка прыводзіць нашых літаратараў у стан афекту, небяспечнага ўзрушэння. Часам становіцца вусцішна за іх лёс і здароўе. Глобусу проста-такі робіцца блага, відавочна, што чалавек страшэнна пакутуе ў гэты момант і схільны на любыя экстрэмальныя дзеянні; і ясна, што ў дадзеным выпадку ніхто спадару літаратару не дапаможа, апроч кваліфікаваных людзей, спецыялістаў у сваёй галіне.
 
Бахарэвіч неяк не змог перажыць, што крытык Чарнякевіч не са зла, але ўсё-ткі зрабіў нявыйгрышнае для празаіка параўнанне са мною ("Цікава, што амаль адначасна трапілі ў рукі дзве няблага напісаныя кнігі, у якіх аўтары эксплуатуюць ідэю тэатра: "Марыянеткі і лялькаводы” Міхася Южыка і "Праклятыя госьці сталіцы” Альгерда Бахарэвіча. Але раман Южыка, нягледзячы на пэўную стылістычную нязграбнасць (пасля ўвядзення новага персанажа Южык тут жа пачынае раскручваць рэтраспекцыю, і на пяты раз гэта ўжо трохі назаляе), мне больш блізкі, таму што сапраўды напісаны зболеным чулым сэрцам. А творы Бахарэвіча, хоць той і абвяшчае, што "мастацтва нараджаецца з болю”, пішуцца сёння дзякуючы рэлятывізму і гардыні аўтара”).. Бахарэвіч прыйшоў у такое незвычайнае узрушэнне, што ляцеў з Нямеччыны ў Менск, шукаў у кнігарнях кнігу Южыка "Мёртвае дрэва”, чытаў нялюбага пісьменніка і затым пісаў на сваім блогу брыдкасці пра яго самога і пра змешчаныя ў кнізе творы (дзе ён, дзіўлюся, яе толькі адкапаў, старадаўнюю?). Асабліва здзівіла тое, што Южык ніколі і да цяперашняга часу асабліва Бахарэвіча не ненавідзеў і нідзе яго наўпрост не кранаў. У дадзеным выпадку мае "Марыянеткі і лялькаводы”, "Мёртвае дрэва” ды я сам аказаліся рэальна без віны вінаватыя. І хочацца адно папрасіць крытыкаў ніколі не параўноўваць мяне з Бахарэвічам.
 
У ідэале самай правільнай рэакцыяй на любую крытыку (і мядовую, і дзярмовую) будзе алімпійскае маўчанне пісьменніка. Не радавацца пахвальбе, не абурацца аблайванню. Гэта ў ідэале. У рэчаіснасці ж мы ўсе грэшныя людзі і любім мядовае. Таму застаецца толькі неяк па магчымасці старацца сябе хоць часткова кантраляваць, каб не выглядаць ідыётам. Або – другі варыянт – перастаць прад’яўляць адно аднаму прэтэнзіі за крытыку і за рэакцыю на яе. Г.зн. той, хто крытыкуе, хай сам рыхтуецца да таго, што крытыка вернецца да яго бумерангам. Дзеянне, па законах прыроды, выклікае супрацьдзеянне.
 
Вяртаюся, як заўжды, да свайго пісьменніцкага вопыту. Раман "Лесвіца” я пісаў два гады, потым два гады дамагаўся яго публікацыі ў часопісе "Полымя”. Публікацыя нарэшце адбылася, што каштавала мне не аднаго нервовага зрыву, трасяніны рук пры званках у рэдакцыю і ныцця ў хворым страўніку (тут нават віна не рэдакцыі, а нашай літаратурнай рэчаіснасці і асаблівасцяў маёй псіхікі). Але ж, прачытаўшы ў часопісных аглядах сентэнцыю Лады Алейнік пра тое, што раман з’яўляецца ледзьве не рымейкам п’есы Купалы "Раскіданае гняздо”, я апупеў ("Раман Міхася Южык "Лесвіца”... па многіх прыкметах выглядае як рымейк па матывах "Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, хаця спецыяльных маркіровак..., прамых адсылаў да арыгінальнага твора ў тэксце няма. Паралелі тут выяўляюцца на ўзроўні асацыяцый, рэмінісцэнцый, заснаваных на падабенстве ідэйна-мастацкай канцэпцыі і сімволікі вобразаў. У цэнтры абодвух твораў – трагедыя асобнай сям’і, у кожнага – тыповая для свайго часу”). Прычым крытыка азарыла такая геніяльная ідэя толькі ў трэцяй частцы рамана, першыя два нумары агляд рабіўся адэкватна, разважліва, без пахвальбы, але па сутнасці рэчаў. ("Сацыяльна-бытавое і маральна-этычнае суіснуюць у творы як непадзельнае адзінства, таму з’явы і факты рэчаіснасці, эмацыянальныя рэакцыі персанажаў, іх канфлікты і непаразуменні выглядаюць вельмі рэалістычна [што і ёсць прыкметай мастацкасці твора – М.Ю.]. У рамане аўтар сутыкае два погляды на чалавека, імкнецца выявіць унутраныя супярэчнасці, уласцівыя чалавечай ачобе...”). У трэцяй частцы Южык "не апраўдаў” даверу крытыка. Такое бывае. Шкада толькі, што ніхто не зазірне ў душу пісьменніка, не стане на яго месца – як, напрыклад, я поначы ліхаманкава шукаў і інтэрнэце "Раскіданае гняздо”, бо ніколі яго не чытаў. Знайсці ўдалося толькі рэфераты з кароткім выкладаннем зместу "Гнязда”... Далей без каментарыяў. Скажу толькі, што саму п’есу і дагэтуль мне ні прачытаць, ні паглядзець не давялося. У тэатры не езджу, у бібліятэкі не хаджу, пра стан беларускай літаратурнай базы дадзеных у інтэрнэце я напісаў.
 
Другі параўнальны аналіз маёй творчасці, наадварот, мяне нітрохі не абурыў. Адно ў нечым пацешыў. Ігар Запрудскі ў рэцэнзіі на мой "Горад, які яны засялілі” прыводзіць паралелі з творамі Камю, Муракамі, прычым названыя творы я сапраўды чытаў і тэарэтычна нешта мог запазычыць. Але ж яшчэ ўважлівей я чытаў "Запіскі з падполля” Дастаеўскага і "Рабінзона Круза” Дэфо, пра што публічна паведаміў крытыку. Калі можна параўнаць нешта з чатырма–шасцю рознымі класічнымі творамі (прычым рознай накіраванасці), то ці не ёсць гэта ўжо абсалютна самастойным мастацкім творам? Пытанне да крытыкаў.
 
У той жа час нешта не чуў я дыфірамбаў у свой адрас з-за сюжэта рамана "Марыянеткі і лялькаводы” – у сэнсе яго абсалютнай арыгінальнасці і адсутнасці аналагаў у сусветнай літаратуры. Па законе справядлівасці варта б было гэта пачуць. Не пачуў. Хоць сюжэт настолькі арыгінальна-складаны, што я сапраўды апасаўся застацца незразуметым. Дзякуючы Ціхану Чарнякевічу гэта не адбылося – ён зусім незаангажавана разблытаў той пакручасты сюжэт. За што я, слабы чалавек, парадаваўся і крытыку падзякаваў. Але ж ніхто з нашых "знаўцаў” так і "не запатэнтаваў” гэты сюжэт у сусветным кантэксце. Або не прывёў аналагі з класічнай літаратуры, якіх я, добра начытаны, не ведаю. Так вось у нас заўсёды: знойдуць нешта адмоўнае – учэпяцца хваткай бульдожай; убачаць адметнае – прамаўчаць (а раптам-такі паршывец Южык украў той сюжэт?), тады пляснешся ў лужыну. Замоўчваць ці ганіць лягчэй і прывычней.
 
Варта зразумець, што я не прад’яўляю грубых прэтэнзій Алейнік і Запрудскаму ў тым, што яны там у маім творы ўбачылі. Кожны бачыць у меру свайго развіцця і вастрыні зроку, кожны схільны да памылак. Запрудскі не памыліўся толькі ў факце майго чытання ўказаных твораў, гэта ўжо для яго плюс. Як мінус для яго тое, што не напісаў пра сугучнасць з Дастаеўскім і Гогалем ("Запіскі вар’ята”). Лада ж Алейнік крытык дапытлівы, але хворы на "манію крадзяжу”, тут ёй, трэба параіць, няблага сачыць за сабой. Бо "пацярпелыя” тут не толькі Южык, але і Брава, Станкевіч, Аўруцін, Грышкевіч (краў у Бугаёва ўрыўкамі, урыўкі сапраўды супадалі) і г.д. Каб не зрабілася імя пісьменнікаў легіёнам. Зрэшты, у Алейнік ёсць і мноства станоўчых момантаў, важнейшым з якіх бачу неабыякавасць; напрыклад, чытае ў рукапісах творы, што залежваюцца ў рэдакцыях, дапамагла мне з тым, што "Леапард на балконе” цяпер афіцыйна стаіць у планах "Полымя” на другое паўгоддзе. Гэта я да таго, што як няма ідэальных, так няма і цалкам заганных людзей. Стараюся быць аб’ектыўным. Ці атрымоўваецца?..
 
Але ж не магу прайсці міма недарэчнасцяў, глупстваў ды іншых недасканаласцяў нашага быцця, каб не адгукнуцца на іх сурова. Бо кожны з нас для чагосьці пастаўлены тут Тварцом. Напрыклад, як абысці тое, што Ася Паплаўская ў інтэрв’ю "Свабодзе” пры канцы мінулага года абвясціла, што Южык і Трэнас выдалі ў гэтым годзе свае кнігі крытыкі. Наконт Трэнас нічога не буду даказваць, а вось я пра такую сваю кнігу чую ўпершыню, і варта прасіць Асю мне яе паказаць... Тут ужо гаворка аб прафесійнасці журналістаў "Свабоды”, якія не правяраюць інфармацыю, што агучваецца. Між тым, Паплаўская адна з нямногіх, хто негняўліва трывае крытыку ў свой адрас, у гэтым варта многім павучыцца ў гэтай маладзенькай дзяўчыны. Хоць тое, відаць, уласцівасць характару, выхавання, а не столькі ўнутраных намаганняў.
 
Так, цяжка пераступіць праз сябе найлепшага, самага таленавітага, самага-самага, адным словам. Можа, некалі напішу падрабязней пра водгукі Гапеева і Сцяпана на крытыку іхніх твораў у "ЛіМе”. Многа там слушнага, мудрага, не менш і утапічнага (Гапееў хоча схіліць дзяцей да чытання беларускай літаратуры сваімі творамі), самалюбнага, па-дзіцячы крыўдлівага, самахвальнага. Гапееў, напрыклад, прыводзіць урыўкі водгукаў на яго творы са свайго сайта, вядома ж, хвалебныя. Сцяпан жа шкуматае Грышкевіча ў траціне свайго выступу, тых жа, хто яго пахваліў (Алейнік, Грыбоўскі, Шаўлякова), удастойвае аднаго сказу (небагата, аднак...). Таму відавочна, што заўважаюць найперш адмоўнае ў свой бок, а станоўчае прымаюць за належнае. Зразумела, чаго ж мы яшчэ і вартыя ў сваіх вачах, апроч пахвалы? Адна бяда – мала яе даюць, гэтай цукеркі, да крыўднага мала.
Просмотров: 1321 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 5.0/2
Всего комментариев: 3
4 Прахожы  
0
У Гапеева зноў грэх самалюбства. Дзе тут ужо другую шчаку падставіць, калі па адной пляснулі... Дзіцячы сад, дзіцячыя крыўды.

3 Валерый  
0
"Гапееў хоча схіліць дзяцей да чытання беларускай літаратуры сваімі творамі"
І што? Южыку ад гэтага стала блага? Ён цяпер упэўнены ў самалюбаванні Гапеева?
Урэшце - пляваць.
Далібог - гэта апошняе, што я прачытаў пра сябе і сваё, і апошняе, на што адгукаюся. Дастала.
Здавалася б, якраз пісьменнік і можа зразумець пісьменніка, можа паверыць. Дык на - і Южык пабачыў ува мне самапіярыста.
Водгукі хвалебныя прывёў з сайта? То зайдзіце і паглядзіце - можа будуць другія. напішыце хоць што - і сцвярджайце потым, ці я іх выдаляю.
http://gapeev.info/
Раблю акцэнт на тым, як дзеці бачаць беларускую літаратуру - "пра вайну ды пра калгасы", але ж твае паплечнікі, сябры быццам, гэтага не бачаць. І раптам разумееш - ім пофіг тваё бачанне! Яны імкнуцца не пабачыць свет тваімі вачыма, не зразумець тваю боль, а знайсці дзіркі і плямы ў тваім свеце ды падставы назваць сімулянтам.
Агідна чытаць: "прыводзіць урыўкі водгукаў на яго творы са свайго сайта, вядома ж, хвалебныя."
Адзін у адзін з артыкула той газеты, дзе старая баба за рэдактара. Міхась, мо адтуль і ўзялі? Там натхніліся?
Усяго найлепшага.

1 Ася Паплаўская  
0
спадар Міхась, звярніце ўвагу на загаловак таго майго артыкульчыка на Свабодзе: Сучбелліт у сыходзячым 2010-м... у 2010 а не 9! гэта - праект, у якім блогерам прапаноўвалася пафантазіраваць, чым скончыцца год, што толькі надыйшоў. мне вось хочацца, каб вы парадавалі нас сваёй кнігай крытыкі :) чаго вам і жадаю ;)

» Поиск

» Календарь
«  Март 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024