Міхась Южык
Вершы (зіма 2013/вясна 2014)
* * *
Мяжа, нібы камета,
суровая мяжа,
на цвёрдасці кастэта,
на даўжыні нажа.
Мяжа – далёкі востраў,
птушыны перазвон.
Мяжу спазнаць няпроста
на скрыжаваннях дзён.
Мяжа – блакіту высі,
дзе летуценні ўсе
ціхутка сабраліся
ў нябачанай красе.
Штодня па белым свеце,
здарожаны, хаджу.
Шукаю на планеце
бязмежную мяжу.
* * *
Раскрышылася памяць
на ільдзінкі адны.
Часу белая замець.
Серабрыстыя сны.
Я былое ніколі
не збіраўся знайсці.
Загартоўваўся болем,
начаваў у трысці.
Памяць сцерці як можна?
Як прымусіць забыць
аднаго бездарожжа
несупынную ніць?
Спатыкаўся і плакаў,
вецер слёзы сушыў
між прымроеных макаў
і заснежаных ніў.
Гор няма і міжгор’яў
у краіне маёй,
тут адных толькі мрояў
сумесь з плыткай крывёй.
З непахіснаю верай
напяваць гімн вясне
у зіме невымернай
заставалася мне.
* * *
Рэдка-рэдка Беларусь бачу ў сне,
як расой заліты луг па вясне.
Гэтак мрою я радзіму сваю,
кожны раз па глыбіні пазнаю,
глыбіні яе гаючых нябёс,
дзе пад сонцам заблішчэў рыжы плёс,
дзе вада цячэ крывёю зямлі,
дзе жытнёвыя духмяняць палі.
Беларуссю павязаны навек,
як лясы яе – вяроўкамі рэк.
Яе вочы – краявіды азёр,
а душа – неспазнавальны прастор.
Рэдка-рэдка Беларусь бачу ў сне,
як каханая лагодзіць мяне.
Дзе вярбіна ціха плача ў ваду,
я туды пакуль ніяк не дайду…
* * *
Музыку чую зрэдку,
порсткія блікі нот
будзяць нейронаў сетку,
жвавы яны народ.
Ноты нясуцца ў сховы
нетраў жывой душы.
Ноты вядуць размову
ў злагадзе і цішы.
Музыка, будзь жывою.
Музыка, асвяці.
Музыка да спакою
вышняга даляці.
Вось я прачнуўся. Нешта
рухае кроў і плоць.
Ноты бягуць паспешна,
як загадаў Гасподзь.
* * *
Апасайся пустаслоўя
і благіх вачэй,
апантанасці любоўнай
з бессанню начэй.
Сканцэнтруй усё былое,
забяры ў цяпер.
У нязначнае, малое
ты таксама вер.
Не маркоцься, калі джаляць
выбранасць тваю.
Апасайся, калі хваляць,
ва ўнісон пяюць.
Хоць падчас і не па сілах
нам любіць людзей,
называй любога мілым,
сэрцам пацяплей.
Апасайся і не бойся,
стой, ды ўсё ж бяжы.
Крый жа Бог, не супакойся
нават на мяжы.
* * *
Я расхінуся ўсім вятрам,
суровай сцюжы.
І пад выццё і тарарам
падстаўлю вушы.
Я буду слухаць што ні дзень,
як адчуваю,
пакуль застуджаны прамень
мой выгарае.
І ад гарэння на вятрах
запалымнею.
Панішчу немарач і страх,
зіму сагрэю.
Пакуль прамень не дагарыць,
вясны не будзе.
Але і ўзімку годна жыць
умеюць людзі.
І суцяшае: недарма
жылі мы з вамі,
калі высокая турма
наўкол гадамі.
* * *
Да мяне эйфарыя
не прыходзіць даўно.
Бродзяць думкі чужыя
і кладуцца на дно.
А душа толькі ў слове
выплывае наверх –
па адчайнай замове
на мой восьмы паверх.
* * *
Пражываю ўпушчаны дзень,
я згубіў яго яшчэ ўчора.
Уваходжу, як рыжы прамень,
у адчаю глыбокае мора.
Дай мне сіл, Гасподзь, дараваць
кроплю ў моры – слязінку дзіцяці,
як шэсць год давялося стаяць
каля ложка паўмёртвай маці.
* * *
Зараз не ўспомніш, мінаюць гады,
што мы хацелі.
Помніш, чакалі і звалі тады
вецер надзеі?
Гэтак бязветрана, помніш, было
і нерухома.
Раптам чаканае ў нас ажыло
ў садзе ля дома.
Раптам пялёсткі пасыпаліся
з яблынь і грушаў.
Нібы ўзляцелі на краі жыцця
нашыя душы.
* * *
Сніўся срэбны і завейны на падушцы сон:
пералёт сняжынак быстры, шэрагі акон…
Мітусіліся пушынкі, тыцкаліся ў шкло,
ткалі ўночы пад ліхтарняй белае радно.
Хоць напраўду мала снегу – слота і дажджы,
сон бялюткі і марозны рушыў па шашы.
Там святлом струменяць фары, таньчыць снегапад,
ды аб шкло маё сняжынкі б’юцца наўздагад.
І ні разу не прачнуўся аж да ранку я,
толькі бачыў – прападае ў снезе каляя.
* * *
Ціха, ціха наўкол, як няма чалавецтва,
ліхтары скрозь завейную сцюжу мігцяць.
Адзінокі прахожы ва ўтульнае месца
заспяшаўся з прыпынку, замерзшы стаяць.
Што жыццё? Барацьба і змаганне з завеяй
ці квяцісты дарунак ад шчодрых нябёс?
Нас агні і кватэры нязмушана грэюць
і праводзяць скрозь лёс.
* * *
Чакаеш цуду кожны раз –
адкрыеш вочы:
плыве гадзіннікавы час
і ўдзень і ўночы.
Гадзіннік ведае ўсе дні,
што пражывеш ты
на непакорлівай зямлі
ў высокай вежы.
І не прыспешыць стрэлак бег,
не запаволіць.
Жыве турботны чалавек
па нейчай волі.
* * *
Прымаю, лічу рашэнні,
каб паддалася праблема.
Стаяў перад ёй на каленях,
хапаў яе ў абярэмак.
Не вырашалася ўпартая
праблема пры ўмовах вядомых.
Я суцяшаў сябе жартамі,
калі кіраваў дадому.
Праблема цвіком тырчала
ў пустой кватэры зімою.
Маіх намаганняў мала
было, каб яе засвоіць.
З праблемай мне варта ўжыцца,
яна знітавана цвёрда
з душою – яны таміцца
ўдзвюх сабраліся горда.
* * *
Уваходжу ў рэжым няўдачы,
уваходжу ў рэжым.
За мяне хай жалейка паплача,
гэта проста экстрым.
Мне не хочацца зараз нічога,
дакучае хацець.
Адштурхнуся я проста з парога,
каб ляцець і ляцець…
* * *
Поступ зімы музычны
ператасуе памяць.
Памяць ціхутка кліча,
покуль сняжынкам падаць.
Ты ад мяне ў хвіліне
бегу скрозь павалоку
снегу, які пакіне
нам праз сябе дарогу.
Звонка, імпэтна, лёгка
грае зіма санаты.
Мы па сцяжынцы дрогкай
пойдзем з табой дахаты.
Хутка запалім печку
і дзівавацца будзем,
як у зімовай мглечы
шчасна святлеюць людзі.
* * *
Я ў дарозе лячыўся словам,
і ад слова хварэў.
Слова быццам ланцуг пудовы,
слова – квецень у дрэў.
Ці люблю я, ці ненавіджу
слова разам з людзьмі?
Мне адказам – тугая ціша.
Чаравікі ў крыві.
Мне спазняцца няма патрэбы,
няма сэнсу спяшаць.
Слова, слова хай будзе хлебам.
Наталіся, душа.
|