Міхась Южык
Два перакладчыкі, або Навошта так рыфмаваць!
Даждлівым лістападаўскім днём маладая сям’я паэта Худасевіча знаходзілася ў маркоце і страху. Маладая жонка Алена палохалася выгляду і паводзінаў мужа-пісьменніка. Вярнуўшыся ўчора ўвечары з працы, па дарозе забраўшы дачку Машаньку з садзіка, а сына Ігарка – ад сястры, якая забірала яго са школы, Алена адчула ў кватэры надзвычай нездаровую атмасферу. З зачыненага кабінета мужа, куды ён яшчэ з аўторка забараніў заходзіць сямейнікам, не даносілася ні гуку. І тым не менш паэт там прысутнічаў, бо пах моцнага тытуню, паўзучы праз шчыліны дзвярэй, запаланіў усю кватэру. Двухпакаёвую, між іншым, і досыць цесную.
Такім чынам, увайшоўшы з дзецьмі ўчора ўвечары ў кватэру, Алена баязліва шуснула ў маленькі пакой і там зачынілася. Распранала дзяцей, а потым рабіла кароткія вылазкі на кухню, каб іх накарміць, потым спрабавала іх забаўляць, не ўключаючы, зрэшты, тэлевізар, бо бацька строга гэта ў пачатку тыдня забараніў – перашкаджае.
Мала таго, як бы ціха ні паводзіліся ўвесь тыдзень жонка і дзеці, паэт Худасевіч час ад часу, разоў пяць–шэсць за вечар, раптам выскокваў са свайго кабінета, рыўком адчыняў іхнія дзверы, пакутліва закочваў вочы, уздымаў рукі дагары, сцінаў кулакі і крычаў “Маўчыце!”, а яшчэ з прарэзлівай нянавісцю выгукваў з калідора: “Сукі! Вось вы ў мяне дзе!” – і было незразумела, да сямейнікаў быў скіраваны гэты пагрозны зварот, ці яшчэ да каго.
Рэч у тым, што паэт Худасевіч перакладаў паэму. І справа не ладзілася. А паэма была – славутага кіргізскага паэта шаснаццатага стагоддзя Насыраяма. Сітуацыя абцяжарвалася тым, што Худасевіч па сваіх каналах даведаўся, быццам за паэму паралельна ўзяўся (хрэн бы яго пабраў!), славуты перакладчык Мылаварня, які шчоўкаў такія штукі, як арэшкі, меў кучу сябрукоў – знаўцаў і перакладчыкаў ледзь не з усіх моў свету, то бок хутка здабыць падрадкоўнік для яго не было праблемай. Але, дзякаваць лёсу, стары перакладчык злёг у бальніцу з апендыцытам, які на шчасце Худасевіча ўскладніўся перытанітам. Гэта давала фору Худасевічу такі апярэдзіць мэтра.
Неймавернымі намаганнямі, прадаўшы на барахолцы дарагі наварочаны мабільнік, ён знайшоў неблагога перакладчыка са старакіргізскай і здабыў бясцэнны падрадкоўнік славутай паэмы спевака гор.
Віхурай уляцеўшы ў кватэру з падрадкоўнікам у папцы і вялізным томам тварэнняў Насыраяма, Худасевіч зачыніўся ў пакоі і распачаў пераклад. Напачатку справа ладзілася няблага. А ў сераду нечакана застопарылася. Бо выйшлі з запасу ўсе рыфмы. Пракляты Насыраям меў манеру доўжыць адну і тую ж рыфму дзесяць, а то і дваццаць разоў. Добра, калі радок заканчваўся дзеясловам. Калі ж ён прыпадаў на назоўнік, ці – яшчэ горш – на імя нейкага кіргізскага героя, то тут атрымоўвалася поўная амба.
Худасевіч гартаў тлумачальны пяцітомнік беларускай мовы і, нягледзячы на свой вопыт і здольнасці, не знаходзіў і паловы рыфмаў на паняцці, што прапаноўваў Насыраям, хрэнаў сын. Худасевіч сёрбаў каву літарамі, не выпускаў з рота моцныя цыгарэты, бегаў па пакоі са слоўнікам у руках, але ўсе гэтыя штучныя наркотыкі і лёгкі бег, хоць і ўзбуджалі працу мозгу, не маглі зрабіць немагчымае – адшукаць словы, якіх не было.
Праскоквала збродлівая думка схітраваць – рыфмаваць не ўсе, скажам, пятнаццаць назоўнікаў, а толькі сем–восем. Але ж выдавецтва, куды ён панясе пераклад славутай паэмы, вызначалася ўніклівымі і прыдзірлівымі рэдактарамі, якія абавязкова завернуць рукапіс на дапрацоўку, выставяць Худасевіча за дзверы. “Сукі! Вось вы ў мяне дзе!” – тады ўпершыню і загарлаў на ўвесь дом паэт, тады і скаланулася ад страху жонка і не па-дзіцячы насцярожыліся дзеці.
У пятніцу прыйшла страшная звестка з бальніцы, дзе ляжаў Мылаварня с перытанітам. Стары з нечаканай хуткасцю ідзе на папраўку, ужо пераведзены з рэанімацыі ў звычайную палату і, пад кропельніцамі з найноўшым антыбіётыкам, ужо жвава перакладае паэму сусветнавядомага кіргіза.
Худасевіча проста закалаціла, ён ірвануў сябе за валасы, даў сабе некалькі поўхаў, рынуўся ў ванную пад ледзяны душ, выпіў літр наймацнейшай кавы, сунуў у рот цыгарэціну і так, не перастаючы курыць, даволі плённа прарабіў усю ноч. Азарэнне падказала пайсці на хітрасць: там, дзе ў ідыёцкага Насыраяма стаяць пад рыфмай назоўнікі, замяняць іх дзеясловамі – па правілах перакладу гэта не ідэальны варыянт, але дапушчальны.
Наранку ў суботу, калі бязбожна ліў халодны дождж і барабаніў у шыбу, Худасевіч, які амаль не спаў чатыры ночы запар, адчуў нейкую палёгку – дзве трэці паэмы знакамітага кіргіза былі перакладзены, і перакладзены досыць удала! Але ў восем раніцы паступіў тэлефонны званок ад яго сябра Калмановіча, які далажыў, што, будучы ўчора з адведзенамі ў бальніцы ў Мылаварні, сам бачыў, што той зрабіў тры чвэрці перакладу паэмы і гразіўся за ноч завяршыць яе, а за выхадныя адшліфаваць.
Вось тут і падскочыў з жорсткага працоўнага крэсла Худасевіч і ледзь не размажджэрыў клавіятуру, але ў апошні момант замах сваёй магутнай рукі скіраваў на стальніцу. Кампутар усё роўна падскочыў як лялька, патух, а потым стаў перагружацца. Калі ж экран загарэўся, аказалася, што апошнія шаснаццаць радкоў, над якімі тры гадзіны біўся ўпарцісты Худасевіч, некуды зніклі, ён іх не паспеў захаваць на флэшку.
“А-а-а-э-э-э-і-і-бля-я-я!!!” – пачула жонка Алена са свайго пакоя жудасны енк і здрыганулася ўсім нутром. Машанька заплакала, Ігарок, бледненькі, пралепятаў пасінелымі губкамі: “Тата захварэў, так, мама? У таты нешта баліць?” – і разгубленыя вочы яго сталі вільготнымі.
“Сукі! Казлы! Неданоскі! Мылаварня – кабан недарэзаны!” – працягвала скавытаць жахлівая істота з суседняга пакоя.
“Божа! Ён сарвецца! – скаланула Алену застрашлівая думка, ад чаго халодны пот выступіў на спіне і на лбе.
Справа ў тым, што паэт Худасевіч быў запойным алкаголікам, але завязаў гады тры таму і трымаўся ад зялёнага змія толькі сілай волі і поспехамі на літаратурнай ніве. Таксама шматлікія палавыя сувязі левага характару дапамагалі паэту трымацца. Алена заплюшчвала вочы на гэта і паводзілася досыць спакойна, памятаючы, што кожная ўзятая мужам чарка, адна-адзінюткая, па прынцыпе “толькі прыгублю”, заканвалася рэанімацыяй, а потым трохтыднёвым ляжаннем пад кропельніцамі ў псіхдыспансэры.
“О Божа! Ён сарвецця цяпер!”, – яшчэ раз у вусцішы падумала Алена, – і тут жа, нібы сам д’ябал, чуючы яе малітоўны шэпт, на злосць пракрычаў голасам мужа з суседняга пакоя: “Але-ена, бля! Дзе гарэлка!” Чуццё падказала беднай жанчыне (дый вопыт папярэдніх гадоў), што пярэчыць тут нельга. Таму яна, хоць Худасевіч сам забараніў ёй трымаць спіртное дома (“Завязаў!”), заўсёды мела ў глыбокім загашніку дзве–тры пляшкі.
“Зараз! Зараз!” – пракрычала яна скрозь дзверы і сцяну, па якой муж ужо малаціў нагамі, з неймавернай хуткасцю дастала з адной схованкі гарэлку, адкаркавала, вокамгненна выліла палову ў акно, разважна кінула ў пляшку сем таблетак моцнага і хуткарастваральнага транквілізатара, ліхаманкава патрэсла пляшку, каб таблеткі распусціліся і зліліся з агідным пойлам, а тады паспяшалася ў пакой мужа, дзе ён ужо руйнаваў нагамі мэблю. Кампутар, яго сістэмны блок, ляжаў на баку, экран – на стале “тварам” уніз, клавіятура вісела на люстры. Адно крэсла было закінута на канапу і нібы сіратліва дрыгала ножкамі, другое, паламанае ўшчэнт, валялася ў куце.
У пакоі вісеў страшны цыгарэтны куродым, фортка была зачынена. “Гарэлку!” – страшна абярнуўся да яе муж, калі Алена ўвайшла да яго з паўпляшкай. Вочы яго былі чырвонымі, доўгія валасы калмата ўздыбіліся, рукі трэсліся, вусны і шчокі скаланаў нервовы цік. “Вось вы ў мяне дзе! – паднёс ён да твару жонкі магутны кулак, – Мылаварні недарэзаныя, Насыраямы смярдзючыя!” – Другой рукой ён жорстка і рэзка вырваў у яе пляшку.
Глынуў, папярхнуўся, вылаяўся па мацеры, а тады, страшна вырачыўшы вочы: “Чаму толькі палова бутэлькі, сука! Марш па гарэлку! Бягом!” – і зноў прыклаўся да рыльца. Напалоханая Алена вышмыгнула з пакоя, забрала дзяцей і выбегла з імі на халодны лістападаўскі двор. Хвастаў ледзяны перадзімны косы дождж.
Паехалі да сястры і там праседзелі да змяркання. Пакінуўшы агаломшаных малых начаваць, Алена памкнулася на аўтобусе праз увесь горад дадому, выйшла, купіла на ўсякі выпадак бутэльку гарэлкі, апасліва прайшла ў свой пад’езд, дрыготкімі рукамі адамкнула дзверы, а потым з нейкай адчайнай рашучасцю рынулася ў мужаў пакой.
Дзякаваць Богу, транквілізатар падзейічаў. Худасевіч хроп на падлозе ля самых дзвярэй, ніцма. Ён, бедалага, дапіўшы гарэлку, па сваёй завядзёнцы, напэўна, хацеў прадоўжыць і мерыўся выбрацца з пакоя, каб самому валачыся да вінна-гарэлачнага, але моцныя таблеткі звалілі яго літаральна каля парога.
Неймавернымі высілкамі Алена давалакла мужа да канапы, паслала свежую пасцель, усперла на яе здаравеннае цела, распранула і ўлажыла мужа пад коўдру. Дзяжурыла ўсю ноч, перыядычна мераючы пульс і ціск электратанометрам, а пад раніцу, калі Худасевіч пачаў быў нервова варочацца, гатовы прачнуцца, увяла яму ў вену ампулу рэланіўму.
Знясілены некалькімі днямі бяссоння і лютай барацьбой з хітрамудрымі рыфмамі Насыраяма, Худасевіч прадрых да глыбокага вечара.
Ледзь толькі ён абудзіўся, яшчэ не разумеючы толкам, дзе ён і што ён, але з пачуццём няўцямнай трывогі, – у гэты момант зазваніў тэлефон і сябар Калмановіч паведаміў, што канкурэнт па перакладзе славутага кіргіза раптоўна сканаў у бальніцы: ускрыццё паказала – вялізны тромб, што ўтварыўся як ускладненне пасля аперацыі, перакрыў каранарную артэрыю даволі яшчэ здаровага сэрца.
З гэтага мігу Худасевіча апанаваў спакойны і лёгкі, ужо без дапамогі ўсялякіх рэлаксантаў сон, і праспаў ён гэтую ноч, а затым яшчэ два дні і дзве ночы.
А потым, бадзёры, вясёлы, насвістваючы свае любімыя мелодыі, бліскуча пераклаў рэшткі паэмы і бездакорна іх адшліфаваў.
Рэдактары выдавецтва былі ў захапленні. На аванс, выдадзены скупаватым раней дырэктарам, Худасевіч купіў жонцы вялізны букет кветак, а дзецям – маляўніча аздоблены торт.
Вечарам яны мірна і злагадна пілі чай і глядзелі па тэлевізары “Джэнтльмены ўдачы”.
|