Чарга (працяг) Пачатак ТУТ
з жыцця літаратараў; паэма ў прозе
Раздзел 37
http://iuzhyk.livejournal.com/260058.html
З падачай прашэння на станоўчую рэцу ў кампанію «Белякявічус і К» унутраны свет Г. згубіў сваю хісткую раўнавагу. Узнікла няўцямная і разам з тым прыемная трывога – трывога чакання і прадчування або чагосьці прыемнага, або чагосьці няспраўджанага. Гэта казытала нервы, распаляла азарт. Гарбацячыся на пасадзе дворніка, а затым апальшчыка і прыбіральшчыка вогнішча Хлёпуса, пісьменнік Г. жыў яшчэ і паралельным жыццём – мары пра станоўчую рэцу не пакідалі яго. Калола і вярэдзіла тое, што ні канчатковай даты напісання артыкула, ні тым болей яго зместу не ведаў Г. У крыві закіпаў адрэналін, фантазія працавала бесперабойна і па няўрымслівасці нават перасягала мускулы, што кідалі снег і секлі непадатнае дрэва. Праклятая надумлівасць не давала спакою.
Трызнілася, што Белякявічус, якога раз-пораз сустракае Г. у лагеры, наўмысна не падае ніякіх знакаў, не вітаецца, не загаворвае, не ківае. Малады ганарлівец здзекуецца з яго! Няўжо ж ён замысліў нядобрае? – мучыўся Г. Няўжо ж ён не здолеў дараваць тое, што Г. пасля п'янкі і дэбошу на "ін'язаўскай” дыскатэцы не пакаралі, як усіх малайцоў? Што за дзіцячае мелкадушнасць! Напраўду, у чым Г. перад ім вінаваты? Белякявічус не мог не заўважыць, калі звіваўся на перакладзіне, што Г. падыходзіў да Мемуарана і прасіў справядлівасці, то бок заслужанай кары. Дык завошта ж крытык так доўга злуецца?
А Белякявічус тым часам вёў гэтакі ж лад жыцця, як і раней, і па твары яго ніяк немагчыма было здагадацца, ці захоплены ён геніяльным рукапісам. Поўная, халодная раўнадушнасць, самаўлюбёны эгаізм вытыркаўся на яго бледнай фізіяноміі. Крытык па-ранейшаму хмурна і дэпрэсіўна перасоўваўся па лагеры, зусім без эмоцый. І ажыўляўся толькі тады, калі ўвечары, ля крытычнай палаткі, збіралася гурма маладых аўтараў – пустаслоўцаў, высеранцаў, бадзёраўцаў, сярод якіх Белякявічус пачуваўся безагаворачным лідэрам. Маладыя людзі пачаргова станавіліся на сумёт і чыталі свае вершы, урыўкі з прозы, а таксама на памяць – класікаў беларускай літаратуры. Скончыўшы, выступоўца чакаў неадхільных крытычных стрэлаў. І Белякявічус настаўленча, па-даросламу вучыў равеснікаў, выпраўляў іх хібы, абмылкі, праяўляў неверагодную эрудыцыю ў параўнальным аналізе з класічнымі творамі. Пісьменнік Г., які падкрадваўся да гэтай тусоўкі, змеціў, што больш-менш нароўні з фаварытам трымаюцца толькі двое – адна дзяўчына-крытык па прозвішчы Пуста і сябрук-хлопец, нетрадыцыйны паэт і, па чутках, нетрадыцыйнай жа сексуальнай арыентацыі – меланхалічны жанчынападобны Сузіраловіч. Гэтыя двое відавочна былі аблашчаны пахмурным крытыкам, відавочна дапушчаны нароўні з ім рабіць выступоўцам заўвагі. І яшчэ разняволена трымалася тут Марыйсевіч, хоць і не сяброўка гэтай тусоўкі, але даўняя прыяцелька Белякявічуса. Прагрэсіўная самаўпэўненая публіцыстка завітвала сюды падразвеяцца.
Усё гэта, раўніва назіраючы з-за спін, бачыў і аналізаваў сранцавікці літаратар, намагаючыся хоць намёкам якім улавіць павевы і ўплыў свайго геніяльнага рукапісу на Белякявічуса. Іншым разам, калі той рабіў параўнальны аналіз, пісьменніку Г. мроілася, што суровы крытык цытуе радкі з ягонай (!) аповесці. Але тое быў зман, трызненне – ужо праз секунду Г. цяжка расчароўваўся, разумеючы, што Белякявічус казырае фразай з Пятра Абмякіна, Васіля Рыкава або з прозы Якуба Коласа. І ўсё ж Г. чакаў, верыў у справядлівасць таленавітага крытыка – як бы той ні ставіўся да Г., як бы ні крыўдаваў, але ж яго абсалютны мастацкі густ не можа застацца глухі да шэдэўра.
Аднак мінаў дзень за днём. Валілі снегапады, віравалі завеі, трашчалі маразы. Чарга з чарапашай хуткасцю прасоўвалася наперад, прыпыняючыся на суткі-двое візітамі генералаў са світаю. Некага перастаўлялі наперад – і тады Г. зноўку вяртаўся на сваё месца – туды, пад рудыя канцылярскія шторы, куды ён прыбыў шмат тыдняў таму. Хлёпус адчыняў новыя палаткі. Як грыбы, што растуць проста са снегу, паўставалі «Цырульня», «Лазня», «Садавіна-гародніна», і многія літаратары былі туды запрэжаны прадаўцамі ды грузчыкамі, лазеншчыкамі ды цырульнікамі. Тым самым ажыццяўлялася шматбаковая выгада – людзі займаліся справай, ім давалася магчымасць падзарабіць, а не марнаваць час на абурэнні і бойкі. Вопытны бізнесмэн паспяхова здымаў напругу чаргі, адцягваў ўвагу ад таго, што большасць людзей па ёй не прасоўваюцца анітрохі. Інакш бы іх апанаваў даўкі адчай. Працатэрапія ўсё гэта змякчала. Людзі ўвачавідкі станавіліся бадзёрай, жылісцей, маразаўстойлівей, аптымістычней увогуле. Вечарамі пачасціліся карагоды і спантанныя гулянні са снежнымі бабамі, катаннем на каньках, санках, з песнямі. Надзвычайна актывізаваліся Напаўарлоў, Гадановіч, Смякляеў – вакол іхніх вогнішчаў нават удзень тоўпіліся чаргоўцы, не змаўкала гамана, гітарныя пераборы, мілагучныя галасы спевакоў, квітнеў здаровы флірт, утвараліся любоўныя пары. Неяк дапаткі слых Г. улавіў пагалоску, што нібыта ў палатцы «Лазня» ідзе не толькі памыўка – там робіцца тайскі масаж спецыяльна выпісанымі фігурыстымі маладзіцамі, якіх поначы прывозяць на белым мерседэсе і, ухутаных у футры, крадком заводзяць у палатку. Тыя чаргоўцы, хто нібыта меў шчасце дачыняцца з гэтымі маладзіцамі, гаварылі, што за масажам надыходзяць нейкія неверагодныя слодычы. Як кожнаму здароваму мужыку, месяцамі абдзеленаму жаночымі ласкамі, пісьменніку Г. захацелася там пабываць. Падбухторлівая думка не давала яму спакою некалькі дзён – і ўратаваўся ад яе Г. толькі творчасцю. Дарэчы, канторку ён наважыў не аднаўляць (усё роўна зруйнуюць), а на злосць нягоднікам выцягнуў з кухні Пушчанскага драўляную скрыню з-пад тухлай капусты, занёс яе на месца канторкі, перавярнуў – і там, седзячы вечарамі як на пяньку, тварыў скрозь вятры і завеі, пад захопленымі позіркамі нармальных людзей і пад смяшкі подлых зайздроснікаў.
ПРАЦЯГ
|