Чарга (працяг) Пачатак ТУТ
з жыцця літаратараў; паэма ў прозе
Раздзел 30
http://iuzhyk.livejournal.com/258172.html
Насуперак тэорыі пісьменніка Г., які адкрыў перыядычнасць скандалаў і боек у чарзе, ужо наступны дзень пасля выпадку з чалабітнай напоўніўся гвалтам. Пачалося з таго, што пасля сняданку і ранішніх работ, калі Г. стаяў у чарзе, там з’явіўся рускамоўны паэт Жорык Гарташ. Пасля таго, як яго шугануў п’янюга Чувырла, Гарташа ў чарзе след прастыў. Аднак нялёгкая прынесла яго зноўку. Прабіраючыся ўсцяж чаргі да вогнішча Напаўарлова ў спадзеве там спаткаць Марыйсевіч, Гарташ, баязліва азіраючыся, пытаўся ў кожнага другога, ці няма тут Чувырлы. Вочы паэта былі вылуплены, вусны і рукі трэсліся, галава ўтулілася глыбока ў каўнер палітона, спіна мела выгляд клічніка. Гарташ так усім надакучыў сваім баязлівым выглядам і бесперапыннымі роспытамі пра Чувырлу, што маладыя хлопцы рашылі з яго наздзекавацца. Калі Гарташ быў ужо напаўдарогі да вогнішча Напаўарлова, два маладзёны падскочылі да яго з дзікімі тварамі ды, казелячы вочы некуды назад, засыкалі: "Чувырла! Чувырла!” Трэба было глядзець на Гарташа, бо апісаць крайнюю ступень перапуду і чалавечага прыніжэння немагчыма напоўніцу. Гарташ раптам змізарнеў, стаўшы ніжэйшым ад сябе ўдвая, пры гэтым збляднеў так, што рысы яго твару сталі, як у лядачага дзеда, ён падскочыў ад зямлі на метр, закруціўся ваўчком, а тады пасціўся наўцёкі, наўскос перасякаючы вуліцу. Хлопцы заўлюлюкалі яму ўслед, закрычалі раскацістае "Гець!”, заабзывалі непрыстойнымі словамі.
Так, рускамоўных у чарзе не любілі. Дарэчы, Ненатоля Ачмуціна не краналі толькі таму, што ён падрадзіўся прадаваць кнігі "Варвеста”. А той, хто на службе ў Мемуарана, персона недатыкальная. І тым не менш Ачмуцін балюча пакутаваў ад непаважлівых і нават грэблівых позіркаў, якія лавіў на сабе. З ім ніхто не размаўляў па шчырасці. Адзін толькі Г. пранікся да яго цёплай сімпатыяй. І Ачмуцін гэта цаніў, усяляк памагаючы выжыць ва ўмовах чаргі. Мацёры чалавек, ён адразу пасля выпадку з чалабітнай адвёў Г. у палатку, дзе стаялі два кампутары і працаваў Інтэрнет. Амаль бясплатна, усяго за адзін даляр, ён даў Г. доступ да Сеціва. Гэтак Г., зайшоўшы на сваю паштовую скрыню, спампаваў электронны варыянт аповесці, з якой ён сюды і прыбыў. Ачмуцін тут жа прадаў яму дыск, куды неадказны сакратар запісаў файл аповесці. Такім чынам, усё было падрыхтавана для таго, каб падаць дакументы "Белякявічусу і К” на напісанне станоўчай рэцэнзіі. Засталося толькі чакаць пятнічнай палучкі.
Аднак, выпадкам з рускамоўным недарэкам Гарташам, калі чарга ўдосталь парагатала, не абышлося ў гэты марозны дзень. Адвечар па чарзе папаўзлі пагалоскі, яна ўстурбавалася. Ніхто толкам не ведаў, што зараз будзе, – звесткі ішлі супярэчлівыя. Зрэшты, доўга чакаць не прыйшлося – з падваротні шумна, грымучы ланцугамі на колах, выкаціў белы мерседэс Хлёпуса. Ён нешта валок за сабой на тросе. Не адразу ў святле ліхтароў згледзеў Г., што валакуць чалавека. Валакуць за ногі. Мерседэс спыніўся напроці вогнішча. З месца кіроўцы выскачыў раз’ятраны Мемуаран, з задніх дзвярэй – два дужыя малайцы Хлёпуса. Яны памкнуліся назад – да чалавека, які курчыўся на зямлі. Яго груба страсянулі, паставілі на ногі, Мемуаран нагнуўся і спрытна адвязаў ад яго трос. А тады размахнуўся і выцяў чалавека пад дых кулаком. Чалавек ёкнуў, сагнуўся крукам і павіс на руках здаравілаў. Яны жвава пацягнулі паўнепрытомнае цела да вогнішча. Г. разам з народам падаўся туды. Нарэшце ўдалося разгледзець, што скурчаны чалавечак – гэта берасцейскі празаік Шкандыбайла, цяпер, нагадаем, білецёр прыватнага туалета.
А справа была вось у чым. Зранку Шкандыбайла вырашыў жульнічаць – і ўзвысіў на дзесяць адсоткаў цану на квіткі. Самавольна. Барыш, ясная рэч, думаў сабе прыкішэніць. Але ж злашчасны празаік не ацаніў чаргоўцаў – яны тут жа абрынуліся на Мемуарана з прэтэнзіямі. Суровы наглядчык чаргі пацямнеў з твару ад такога нахабства, але ж адразу караць не стаў – даў Шкандыбайлу "падзарабіць”. І толькі адвячоркам яны падкацілі да яго на белым мерсе, агаломшанага вывалаклі з палаткі , зрынулі долу і спуталі тросам. Далейшае ўжо назіраў Г.
Мемуаран вышыхтаваў чаргу ўздоўж рэдакцыі на надзвычайны развод. Тым часам яго малайцы прынеслі аднекуль тумбачку і ўсталявалі яе перад чаргою. Успёрлі туды бледнага разрумзанага Шкандыбайлу. Мемуаран у трох словах давё ў, што гэты чалавек насмеліўся пасягнуць на святое – на рэпутацыю Хлёпуса, а таксама знахабіўся абрабаваць простых чаргоўцаў, нажываючыся на іх натуральнай патрэбе. Такім чынам, віна яго, можна сказаць, нязмыўная.
Далей, павярнуўшыся да падсуднага, Мемуаран гаркнуў, каб той прасіў у людзей прабачэння ў самай прынізлівай форме і маліў завочна адсутнага Хлёпуса, каб той яму дараваў. Злашчасны празаік пачаў выбачацца, хлюпаючы носам і выціраючы слёзы. Як ні агіднае было Г. ашуканства Шкандыбайлы, ён ледзь не расплакаўся, назіраючы пакуты берасцейца. А Мемуаран гэтым не скончыў – ён даў Шкандыбайлу ў рукі некалькі купюр і загадаў іх з’есці. "Жары! – рыкаў Мемуаран. – Каб надоўга гэта запомніў!” Давячыся, Шкандыбайла пражаваў і каўтануў храбусткія купюры. Наастатак Мемуаран скамандаваў сваім хлопцам надзець на Шкандыбайлу спецоўку з яркім надпісам на грудзях і спіне: "Я ўкраў чужыя грошы!” – і загадаў празаіку так хадзіць, не здымаючы, месяц. Затым Мемуаран прылюдна аддаў чаргоўцам грошы, якія лішкам узяў з іх за прыбіральню выкляты Шкандыбайла. А самога злодзея прызначыў на месяц апальшчыкам палатак "Піражковая”, "Крытыка” і "Хатні кінатэатр”. Замест яго білецёрам выправіўся аўтар славутых карацелек "Паміж шклянкай і барадою” пажылы напарстачнік Вясковіч. "Мяняюць шыла на мыла”, – падумаў пра сябе Г.
ПРАЦЯГ
|