Сайт Міхася Южыка Пятница, 19.04.2024, 23:48
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2013 » Май » 18 » Чарга-20 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 20
11:54
Чарга-20 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 20

Чарга (працяг) Пачатак ТУТ

 

з жыцця літаратараў; паэма ў прозе

 

Раздзел 20

 

Наступныя два дні пісьменнік Г. правёў у трапятлівым чаканні. Не, тое было не напружанне, а менавіта чаканне радасці, калі ён нарэшце стане за пісьменніцкую канторку і зоймецца справай, для якой народжаны – пісаць аповесці пра падлеткаў. Толькі калі Г. піша мастацкую прозу, ён жыве па-сапраўднаму, жыве з адчуваннем сэнсу і развіцця. Ужо колькі гадоў Г. лавіў сябе на думцы, што марыць зарабляць сваім майстравітым пяром так, каб не цягацца на працу і не адседжваць па 8–10 гадзін у душным кабінеце пад наглядам алкаголіка галоўрэда. Як жа яму надакучыла вытужваць у раёнку артыкулы, ваяваць з графаманамі, скаржнікамі, проста прыдуркамі, якія нязменна пнуцца ў рэдакцыю. Цярпець гэтыя гадзіны, каб потым, дабегшы дадому, зварыць наймацнейшаю каву і акунуцца ў чароўны свет фантазіі пра падлеткаў.

Так, Г. ведаў жыццё моладзі, ён, можна сказаць, дыхаў іх інтарэсамі, у працоўныя часы залазячы на маладзёвыя форумы і прыкідваючыся юнаком. Г. без фальшывай сціпласці можа ганарыцца тым, што зведаў усе звіліны жыцця сучаснай моладзі і можа – так, можа! – зрабіць іх жыццё лепшым праз свае творы. І ўжо робіць! Яго аповесці чытаюць, яго сайт наведваюць і пакідаюць цудоўныя водгукі. Зрэдчас бываюць, праўда, і брыдкія каментарыі, але Г. насабачыўся іх хутка выдаляць за несправядлівасць і блакіраваць асабліва назойлівых. А так усё цудоўна. Усё на мазі. "Усё будзе добра!” – гэты слоган Г. паўтараў па некалькі разоў на дзень, змагаючыся са сранцавіцкімі графаманамі ў рэдакцыі ці слухаючы лаянку ў свой бок галоўрэда. Г. непахісна верыў у сябе.

Тым часам літаратар Слесарэўскі майстраваў яму апалубку для канторкі – паміж дзённымі справамі, якімі таго нязменна азадачваў Мемуаран. Работ па лагеры было багата, бо снег валіў і валіў, мароз лютаваў і лютаваў, а попел з вогнішчаў асядаў на бялюткі сняжок. Усё гэта трэба было парадкаваць – і ўмелыя рукі пісьменніка Г. тут былі дужа прыдатныя. Працуючы з шуфлямі і калунамі, Г. няспынна разгортваў у свядомасці старонкі новай аповесці. Так што як толькі канторка з лёду будзе гатовая, стройныя радкі пабягуць з-пад яго асадкі.

Не менш, як заказу Слесарэўскага, чакаў Г. звестак ад Навумовіча, якога ніяк не мог згледзець каля чаргі. Засталося мацаваць спадзеў, што абаротлівы паэт займаецца разам з процьмаю спраў і яго справай. Немагчыма ж пастаянна жыць на пераводы ад жонкі. Пісьменнік Г. у рэшце рэшт мужчына і сам здольны сабе зарабіць.

Праз дзве ночы на трэцюю Г. заступаў у каравул па ахове палаткі "Варвеста”. Пасля нападу людзей Сахроменкі вартавыя меры былі ўзмоцнены – цяпер уначы дзяжурылі не два, а тры каравульных, адпаведна змяншаўся час змены, што дазваляла захаваць бадзёрасць і не лахануцца па прыкладзе злашчаснага Шкандыбайлы. Вакол палаткі Мемуаран выставіў агароджу з калючага дроту, па якой бег не такі і малы ток. Цяпер вартавому трэба было да ўсяго яшчэ і сачыць, каб парыў ветру не кінуў яго на смертаносную агароджу. Але рызыка дадавала Г. адрэналіну. Каравульная служба ўносіла рамантычную разнастайнасць у яго жыццё. Было ўсцешна назіраць поначы, як стаіць палаткавы гарадок насупраць усім вятрам і марозам, як клубіцца шызы дымок у слабым святле ліхтароў, як з камінкоў вырываюцца вясёлыя іскры.

У каравульнай адзіноце хораша марылася. Пашыралася свядомасць, святлелі думкі. Часам Г. адчуваў невыказную любоў да ўсяго свету, да ўсіх людзей, нават да ненавісных яму крытыкаў, якія раней гвалцілі яго творы, нават да апошняга забулдыгі і бузацёра Чувырлы, па міласці якога Г. раскроілі твар. Хацелася дзяліцца сваёй радасцю з усімі людзьмі.

ПРАЦЯГ

Просмотров: 543 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Май 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024