Сайт Міхася Южыка Четверг, 25.04.2024, 07:27
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2011 » Март » 22 » Вершы (зіма 2011)
11:16
Вершы (зіма 2011)

* * *

Выпадзенне з рэальнасці,
тонкай свечкі прамень…
Коціць колам бязрадасным
зафіранкавы дзень.

І адбудзецца новае
ў вечаровым акне,
калі важкімі кроплямі
памяць долу памкне.

Што цаналі – забылася.
Што хацелі забыць – 
неадчэпнаю стыласцю
будзе плакаць і ныць.

Выпадзенне з рэальнасці –
паратунак адзін,
калі хлые бязрадасны
косы дождж-успамін.

Шыба стане вільготнаю,
ды ў кватэры тваёй
думкі вернаю ротаю
запаўняюць пакой.

Суха, светла і радасна
там, дзе явы няма,
дзе жывуць нерэальнасна,
бо рэальнасць – турма.

Скінуць путы свядомасці,
утварыць маласвет,
дзе ў жывой незнаёмасці
мільгаценне камет.

Хай у дзверы не стукаюць
ні прастора, ні час.
Яны грубымі гукамі
не спалохаюць вас.


* * *

Калі маўчаць паэты Беларусі,
туманы апускаюцца на дол.
І хутка снег упраўна зацярусіць
краіну безнадзейных летніх сноў.

Яны маўчаць, бо гаварыць навошта,
калі аглухла шэрая зямля.
І толькі вершы з нетаропкай поштай
даносіць нам мінулае здаля.

Калі жывуць паэты ў аняменні,
шчыруе завіруха ў гарадах. 
І сноўдаюць па вулках злыя цені,
і селіцца наўкола дзікі страх.

Яны маўчаць, чакаючы пазову
сырой зямлі і зоркавых вышынь.
Маўчаннем, зрэшты, зберагаюць мову
і думак неразведаную плынь.


* * *

Вершы пішуцца толькі, 
калі енкі ў душы,
гэтым скурчаным болем
паспрабуй напішы.

Вершы пішуцца праўдай,
што мацней за алмаз,
а яшчэ – зарападам
у суцішаны час.

А бывае, напішаш,
калі радасць праз край,
калі светлыя вышы
і расквечаны май.

А бывае, пачуеш
голас тонкі, не свой,
і страфу, як чужую,
створыць дзіўны настрой.

Без таемнасці вершы,
як бязводны ручай,
як здранцвелыя смерчы,
як спустошаны край.

Вершы пішуць надрывам
і экстазам такім,
што спыняюцца ліўні,
разбягаецца дым.

Там таемнасць і радасць,
там сляза і парыў,
і самоты цямравасць,
і вясны сонцазліў.


* * *

Беларускай зямлі літаратары
(як жа гора нам іх абмінуць?)
пражываюць за ржавымі кратамі,
або ў колбе суцэльнай жывуць.

У прасторы сваёй запаянай,
у цясноцці, задусе такой –
апяваюць лясныя паляны
і палеткі за лысай гарой.

Творчасць іх варта цэламу свету
ва ўсёй моцы, красе паказаць.
Толькі свет, напляваўшы на гэта,
як стаяў, так і будзе стаяць.

Беларускай зямлі літаратары
абвяшчаюць у колбе між тым
пашанотных прызоў уладатараў,
ад задухі сшалеўшы зусім.

Тут свае ўсенародныя лідэры,
пра якіх без паняцця народ,
бо з-за кратаў іржавых не выйсці ім,
не глынуць дарагі кісларод.

Іх народ да таго віртуальны,
што па кніжных законах жыве
і гамоніць на мове "нармальнай”
ды ўсю мудрасць іх кніг спазнае.

Дзеляць любасць народную нашы
літаратары ў колбе сваёй,
рвуць за гэта кашулі і пашчы
і даюць у прамежнасць нагой.

А прастора, што звонку нясецца
ў рэчаісны і радасны свет,
пазірнуўшы на колбу, смяецца,
з жалю кідае жменьку манет.

Як манеты туды пранікаюць –
то загадка вялікая ёсць.
Але ж прагна і люта хапаюць
іх у цемры пад даўкую млосць.

І станкі друкаваныя неяк
размясціліся ў колбе глухой,
дзе даўно вольны вецер не вее,
дзе не чутны гадзіннікаў бой.

І малоцяць свае фаліянты
тыя, хто ў цісканіне схапіў
тры манеціны вонкавых грантаў…
Ну а нехта іх проста прапіў.


АнтыПАРАДА

Гаварыце паўпраўду,
напаўголасу лепш,
пад шумок лістападу
гожа пішацца верш.

Па-майстэрску рыфмуйце
словы "кроў” і "любоў”
у марознай атруце
сярод вечных снягоў.

А яшчэ апускайце
вочы долу тады,
калі зладжваюць танцы
ў час крыві і жуды.

Не хлусню і не праўду
размяшчайце ў свой верш –
спакайней будзе гландам,
шыі будзе найлепш.

А то раптам расчуюць
існасць вашу – тады
паспытаеце куляў,
сербанёце бяды.

Ціха і памяркоўна
пражывайце свой век
у культуры бяскроўнай
пад зларадасны смех.

 

 

ЛіліПуты


Ідуць па белліце крадком ліліпуты,
вылазяць са шчылін начною парой,
збіраюцца ў зграі, наладжваюць путы,
каб некага спутаць на востраве мрой.

Яны не наіўныя, гэтыя мышы,
такія хітрэнныя ў стройнай хадзе.
Іх сіла ў натоўпе і зладжанай цішы,
іх моц нехта зведаў ужо кагадзе.

Усе валасы не лянота распнуць ім,
за колышкі вяжучы іх пакрысе.
Нячутныя рухі ў начной каламуці –
і ўранні іх войска ў заўсёднай красе.

Магутнае цела ляжыць нерухома,
над ім чыніць здзек ліліпучы кароль.
І голас пісклявы лунае нястомна
над горадам зману, над востравам мрой.

Хвала ліліпутам культурнай прасторы,
усё захапілі і спуталі ўраз.
Сябрыны руплівай мышыныя норы
дагодліва поўніць набыткамі час.


* * *

Сонечны зайчык лёг на падлогу,
лёг сярод крэслаў, зблытаных ног.
Сонечны зайчык прыйшоў на падмогу,
некаму ў нечым ён дапамог.

Стала святлей ад гарэзнага госця,
зоркі аддаленай пасланца,
што ад люстэрка адбіўся ў мілосці,
шлях свой адужаўшы да канца.

Промень, у стылым бязмежжы не бачны,
тут праявіўся ў дрэве і шкле.
Некаму стаўшы фрагментам нязначным,
плямкаю на пакаёвым дне.

А кацянё з ім гуляе сур’ёзна –
лапкай памацае, адбяжыць –
з госцем, што ўскочыў з пустэльні марознай
і на падлозе хітра ляжыць.

 

 

 

 

Просмотров: 1255 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Март 2011  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024