* * *
Дубы гайдалі веццем плаўна,
спякотны поўдзень цёк паўз іх.
І безліч згадак дарагіх
у памяці ўставалі слаўна.
З дубовым шэптам колькі сноў
мяне наведала лагодных,
і колькі знакаў першародных,
і запаветных берагоў
спазнаў з маленства... Падужэлы,
ішоў вандроўнік па зямлі.
Мой след завеі замялі,
дарогі высушылі цела.
Але цяпер ізноў стаю,
укленчаны, перад камлямі,
і светлы поўдзень паміж намі
сцякае плаўна на зямлю.
|