* * *
Чарада ліхтароў над смугою сцюдзёнай
запалілася, стала ярчэйшай за снег.
Барва захаду зблякла… Ахутаны стомай,
адзінокі спяшае праз двор чалавек.
Дойдзе ён, трэба верыць, да пэўнай кватэры
і паспее сказаць за бяседным сталом:
"З Новым годам, сябры!” Замільгаюць шпалеры
жыццядайным ялінкавым хітрым агнём.
Будуць спевы гучаць, і сямейства зліецца
ў тлуме радасці боскай. А трэцяй засне
кожны трэці. І зойме трывалае месца
год нязнаны ў застольнай гуллівай мане.
|