Нярэдка сутыкаюся з тым, што перада мной размахваюць пісьменніцкімі рэгаліямі, атрыманымі некім за савецкім часам. Маўляў, гэта ж народны паэт, класік, правераны часам. Хе. Каб так! Як тады атрымоўваліся рэгаліі, мы ўсе добра ведаем. Хто яшчэ сумняваецца - чытайце кнігу Л. Рублеўскай і В. Скалабана "Бремя и время", там усё ў дакументах пададзена. Як зжыралі і саджалі нашы майстры пяра адно аднаго. Праўда, нехта сяму-таму дапамагаў пазбегнуць кары пякельнай. Я буду мець павагу да любога класіка (незалежна, люблю яго творчасць ці не), акрамя савецкага, бо большасць з іх - постаці абсалютна раздзьмутыя. Проста нехта сядзеў на кормным месцы ды не пускаў туды іншых: у выдавецтвах, прэзідыумах Саюза пісьменнікаў і г.д. Няма веры ні ім, ні таму бязбожнаму часу. Таму ацэнка ў дадзеным выпадку мусіць быць выключна па творах. А званні, рэгаліі савецкага часу - хай нехта з імі сходзіць у прыбіральню ды належна пакарыстаецца. Пушкіна як след прызналі ў 1880 годзе (праз 43 года з часу гібелі) пасля прамовы Дастаеўскага пры ўстаноўцы помніка паэту. Нашы ж вершаплёты ўжо пры жыцці хадзілі з раздзьмутымі шчокамі, гэтакімі румянымі паблажліва-ўкормленымі небажыхарамі. Не хачу ганіць усіх агулам народных, ёсць сярод іх твораў і вартыя. Аднак цяпер, з вышыні гадоў, іхняе служэнне літаратуры выглядае фарсам. Так даслужыліся бедалагі, так узнялі аўтарытэт беларускага слова, што паспяховы празаік сёння не можа трыста асобнікаў сваёй кнігі прадаць.
|