* * *
Будую дом цішком у закуце мядзведжым.
Паспець бы да зімы. Бушуе лістапад.
На ўзлеску гарады даўно паклалі межы,
ды нехта ўжо брыдзе за горад наўздагад.
Чакаю я гасцей у час, калі віднее,
калі заснежыць лёс сцяжынкі да маёй
хацінкі, што наўзбоч находжанай алеі
стаіць, нябачная, зімоваю парой.
Тры крокі адысці ад накірунку трэба,
ступіць у снег, які б глыбокі ён ні быў.
За елкамі тады пабачыць нехта неба –
дакладней: між галля блакітны небасхіл.
Шчырую і маўчу, каб спорылася праца.
Сякераю махну, прайдуся цесаком.
Абы паспець, абы гасцям сюды дабрацца –
каб дзверы расхінуў пабудаваны дом.
|