Космас ва ўяўленні людзей розных гістарычных эпох істотна мяняўся. Але гэтае ўяўленне не нашмат змяніла свядомасць самога чалавека. Стварэнне больш-менш аб’ектыўнай і рэчаіснай карціны космасу, здзейсненае сучаснай навукай, не адказала ні на адно з праклятых і вечных пытанняў, якія хвалявалі і працягваюць хваляваць людзей. Бо чалавеку, па вялікім рахунку, усё адно – плоская зямля ці шарападобная, абарачаецца Сонца вакол Зямлі, ці Зямля вакол Сонца. На яго жыццё і на яго шчасце гэта ніяк не ўплывае. Чалавек баіцца болю і страты – а адкрыццё касмічных панарам яго ад іх не ратуе. Чалавек прагне кахання і славы – чым можа касмалогія ў гэтым дапамагчы? Чалавек не хоча старэць і паміраць – у гэтым яму ніяк не паспрыяе досвед пра светабудову. І нарэшце, спадзяванні некаторых атэістаў на тое, што палёты ў космас адаб’юць у чалавека веру ў Бога, не спраўдзіліся. Ну паказалі чалавеку, што і неба няма, а ёсць вакуум, і Бога на небе ніхто не згледзеў. Як быццам яны не разумелі, што неба ў рэлігіях свету – катэгорыя вобразная (вобласць па-за жыццём), а Бога толькі наіўныя спадзяваліся памацаць рукамі. Прырода рэлігійнага пачуцця застаецца трывалай ва ўсе часы, і яго навукай асабліва не выб’еш. Бо навука і рэлігія працуюць у розных сферах, не перасякаючыся. Навука мае справу з бачным і доказным, са зменлівым і смяротным. Рэлігія – з нябачным, духоўным, містычным, сутнасным, метафізічным, са светам першародных ідэй – тым, што выпадае з жорсткіх законаў рэчаіснасці.
Здаецца, што навука дасягае адваротнага, то бок не таго, да чаго імкнецца. Яна адкрывае такія глыбіні і такія найскладанейшыя структуры светабудовы, што сама ніякавее перад імі і мусіць прызнаць неверагодную мудрасць і веліч Тварца. Касмічныя адлегласці і тэмпературы ўражваюць. Матэматычныя мадэлі не могуць пэўна растлумачыць, якім чынам гэта магло быць створана. Тэорыі высоўваюцца адна за адной, разносяцца ўшчэнт, аспрэчваюцца наступнымі версіямі, якія таксама па першым часе лічаць сябе адзіна правільнымі.
Адметна, што навука не абвергла і, як ужо відаць, наўрад ці калі абвергне біблейскі пастулат аб адзінкавасці жыцця на планеце Зямля, аб тым, што гэта цэнтр светабудовы. І сапраўды, сутыкнуўшыся з непераадольнасцю хуткасці свету, навука мусіць прызнаць, што не знаходзіць магчымасці зносінаў паміж зоркавымі светамі, што даляцець ад зоркі да зоркі немагчыма. Што гэта азначае, як не тое, што зямляне адлучаны назаўжды ад Сусвету і мусяць жыць сваімі зямнымі праблемамі, а кожны чалавек – яшчэ і сваім унутраным светам? Бар’ер хуткасці свету паказвае нам тое, што ўсе іншапланецяне, якіх нібыта бачылі сведкі, – найхутчэй прадукт нашай хваравітай свядомасці. Рэальнае адно – зямное жыццё і духоўны свет. Усялякія талеркі, прышэльцы – гэта тыя ж дэманы пякельнага свету, якія ва ўсе часы прымаюць тыя абліччы, якіх чалавек баіцца і адначасова жадае ўбачыць. Раней гэта былі чэрці, ваўкалакі, русалкі, лесуны ды іншая нечысць. Я не абвяргаю, што людзі сапраўды бачаць "талеркі”, а кажу толькі пра іхнюю сапраўдную прыроду. Бо ў сярэднявеччы ніхто талерак не бачыў, а назіраў усялякіх рагатых і хвастатых – тое, чым была заклапочана грамадская свядомасць.
Навука, ускосна даказаўшы адсутнасць існавання іншых касмічных цывілізацый (бо выразна даказала адсутнасць магчымасці кантактаў, што адно і тое ж па сутнасці), як бы схіляе нас заняцца нарэшце сваім унутраным светам, не спадзявацца, паляцеўшы да іншых дабрадатных зорак, вырашыць свае зямныя і духоўныя праблемы, а ратавацца ад іх звычайнымі, праверанымі, даступнымі сродкамі: мудрасцю, дабрынёй, вераю. Уразумеўшы, што ад касмічнага неба нічога не дачакаешся, цывілізаваны чалавек павінен засяродзіцца на ўнутраным, містычным небе, небе ў першапачатковым рэлігійным значэнні.
Шмат гадоў, нават дзесяцігоддзяў даражэзныя радыёабсерваторыі сканіруюць Сусвет, пераключаючыся з зоркі на зорку, з галактыкі на галактыку. Але ж ловяць у эфіры адзін мёртвы шум, тыя фонавыя хвалі, якія засталіся ад, як сцвярджае навука, часоў Вялікага Выбуху, калі ствараўся Сусвет. Вялікаму Выбуху мы яшчэ пачакаем паверыць, а вось таму, што цэлы Сусвет, са сваёй незлічонай колькасцю зорак і планет, не пасылае ў эфір ніводнага разумнага сігналу, наводзіць на пэўныя меркаванні. Бо калі разумнае жыццё – рэч не унікальная, а Зямля не цэнтр Сусвету, то космас павінен, па тэорыі верагоднасці, літаральна кішэць разумным жыццём, якое будзе спрабаваць звязацца з сабратамі па розуме. Калі ловіцца ў эфіры слабы шум, якому мільярды гадоў, то ўжо звышразвітая цывілізацыя магла б паслаць упарадкаваныя сігналы ў бок нашай галактыкі, нашай групы зорак, нашага Сонца. У адным толькі Млечным Шляху жыццяў на планетах магло б быць неймавернае мноства – менавіта таму, што ў космасе адны і тыя ж матэрыяльныя законы і адны і тыя ж элементы табліцы Мендзелеева, як бачна са спектральнага аналізу. Матэматычныя мадэлі строга паказваюць, што вакол нас павінна быць безліч планет, дзе разумныя жыцці знаходзяцца на такіх жа стадыях. Чаму яны не хочуць з намі звязацца, калі радыёхвалі гэта дазваляюць зрабіць? Ці не таму, што іх проста няма?
Але мы працягваем сканіраваць нашу галактыку і Сусвет, хоць ніякай карысці гэта не прынясе. Тут хутчэй прыносіць карысць сам працэс дапытлівасці і расчаравання, што прыйдзе следам як непазбежнасць. Расчараванне ж у тупіковым – гэта заўсёды адпраўная кропка да новай спробы, спробы пошукаў ісціны.
Пануючай тэорыяй узнікнення Сусвету на дадзены момант з’яўляецца тэорыя Вялікага Выбуху. Паспрабуем паглядзець на яе вачыма дылетанта і патлумачыць, так бы мовіць, на трох пальцах, што ж яна з сябе ўяўляе. Мелася нейкая бясконца малая кропка ў якой чамусьці была засяроджана ўся маса і ўся энергія будучага Сусвету. З абсалютна незразумелых прычын гэтая кропка выбухнула, і матэрыя ды энергія паляцелі ва ўсе бакі. Гэтак палічылі таму, што вызначылі з дапамогай астранамічнага, фізічнага і матэматычнага апаратаў так званы разлёт галактык. Навукоўцы мяркуюць, што ўсе яны ляцяць ад адной кропкі Сусвету, якая і з’яўляецца кропкай Вялікага Выбуху. Па меры свайго разлёту ад умоўнага цэнтру матэрыя фарміравалася ў групы, з якіх з прычыны законаў гравітацыі ўтвараліся зорныя сістэмы: зоркі, планеты, спадарожнікі, каметы, астэроіды, метэарыты.
Паводле тэорыі Вялікага Выбуху, першапачатковая матэрыя мела зусім простую структуру, аднак у гэтай простай структуры ўжо было закладзена ўсё: будучая табліца Мендзелеева, разнастайныя фізічныя, хімічныя, матэматычныя законы, а таксама законы эвалюцыі ад простага да складанага, сам чалавек з яго рэлігійным пачуццём, з цягай да навукі творчасці... Ужо толькі гэты апошні сказ выклікае непарушнае сумненне ў адным: як у патоку мёртвай стыхійнай, выбуховай энергіі магло ўтрымлівацца ўсё пералічанае? І адказ наводзіць на думку, што або ніякага Вялікага Выбуху не было, або, калі ён і адбыўся, то была яшчэ нейкая знешняя сіла, якая дала законы, па якіх фарміраваўся Сусвет. Сумненні справядлівыя, таму што ад прадстаўнікоў розных навуковых галінаў мы толькі і чуем выказванні кшталту: па законе гравітацыі, па законе хіміі, па законе развіцця жывых арганізмаў, па законе фарміравання сацыяльных структур і г.д. І заўсёды мяркуецца, што законы гэтыя – дадзенасць, якую адно адкрываюць вучоныя. Таму відавочна, што тэорыя нейкага неразумнага, сляпога Вялікага Выбуху моцна кульгае, раз у гэтых, умоўна кажучы, мізэрных найпрасцейшых шарыках, што пачалі свой імклівы разлёт ад адзінай кропкі, адпачатку закладзена столькі ўсяго ўсякага.
Дый з чыста кінетычнага пункту гледжання тэорыя разлёту матэрыі ад адінай кропкі апошнім часам дала магутную трэшчыну. Навукоўцы нечакана выявілі, што галактыкі, аказваецца, не проста разлятаюцца ад першакропкі, а ажыццяўляюць гэта з пэўным паскарэннем. Карацей, нібы ім у адно месца ўстаўлены рэактыўны рухавік, што і дае гэтае дзівоснае паскарэнне. У нашага Сонца такіх матораў прынамсі не выяўлена. І, прызнаемся, гэта неверагодна, як неверагодна і тое, каб нешта ляцела ў вакууме з паскарэннем без рухавіка. Нешта не састыкавалася ў астраномаў і фізікаў. Але гэта такі народ, што ніколі не бядуе і нават мацуецца цяжкасцямі ды перашкодамі. Тут жа як грыбы палезлі новыя гіпотэзы. Адна з якіх мне падаецца цікавай: навукоўцы ўявілі, што Сусвет наш насамрэч мае не трохмерную прастору, а чатырохмерную. Таму мы і бачым нейкае паскарэнне разлёту, якога не можа быць, бо наш мозг, маўляў, успрымае толькі трохмерныя катэгорыя. Каб было ясна, уявім плоскую стужку, перакручаную адзін раз і злучаную канцамі ў кола. Для нейкай двухмернай істоты, якая паўзе па ёй, свет будзе двухмерным увесь час, і яна не заўважыць, што апісвае кругі ў трохмернай прасторы і перыядычна вяртаецца ў тую ж кропку. Для нас жа, што назіраюць з пункту гледжання трохмернага свету, гэта відавочна: істота рухаецца ў трохмерных катэгорыях, хоць справядліва мяркуе, што паўзе ў двухмерным свеце.
Такім жа чынам нам прапаноўваецца дапусціць (а не ўявіць, бо нашым розумам гэта немагчыма) чатырохмерную галактыку, якую мы бачым толькі ў трохмерных катэгорыях. Прынамсі, матэматычныя мадэлі апісваюць наколькі заўгодна шматмерны свет з такой жа лёгкасцю, як і двухмерны, і трохмерны – крайні, для нашай фантазіі. Падаецца, у такой тэорыі можа быць рацыя. Тым больш што вучоныя выявілі і яшчэ адзін цікавы факт: агульная маса бачнага Сусвету складае толькі невялікі адсотак яго рэальнай масы. Большая частка прыпадае на так званую цёмную матэрыю. Гэта выявілася наступным чынам. Уявіце бачную з наймагутнейшага тэлескопа сферу – гэта і ёсць максімальна даступны для назірання Сусвет. Навукоўцы прыкладна падлічылі масу зорных сістэм і нават чорных дзірак. А затым аказалася, што агульная маса Сусвету, тая маса, пры якой матэрыя рухаецца так, а не іначай, павінна быць у шмат разоў большая. То бок неабсяжная міжзоркавая прастора, мяркуюць, запоўненая нябачнай і няўлоўнай матэрыяй, якую назвалі цёмнай матэрыяй – яна нібыта і складае асноўную масу адкрытай назіранню сферы Сусвету.
Далей паўстае пытанне адэкватнасці нашых уяўленняў пра космас. Бо паводле Канта і яго шматлікіх паслядоўнікаў, бачны нам Сусвет – найперш карцінка ў нашым мозгу. Усе катэгорыі космасу – адлегласці, час, тэмпература – ёсць прадуктамі нашай свядомасці. І сапраўды, мы кажам: горача ў нетрах Сонца. А вось для атама вадароду гэта цалкам нармальная тэмпература. Мы сцвярджаем, што ляцець да іншых галактык трэба тысячагоддзі нават з хуткасцю святла. А хто спрабаваў ляцець туды з іншымі хуткасцямі, нават з хуткасцю думкі? Думкай мы пераносімся туды практычна імгненна.
Для ўсіх астатніх зямных істотаў, акрамя чалавека, космас не існуе. Не можам жа мы называць свядомым уяўленнем пра Сусвет погляд на яго сабакі, які вые на месяц. Ясна, што космас існуе толькі ва ўяўленні чалавека і чалавецтва. Сам чалавек скажа пра яго мала. Толькі тое, што нешта перыядычна запальваецца і ззяе на купале нябёсаў, што дзень змяняецца ноччу. А вось чалавецтва скажа канкрэтнаму чалавеку значна больш: космас гэта сукупнасць светаў, падобных на нашу сонечную сістэму, якія ляцяць у бязмежнай прасторы з вялізнымі хуткасцямі, разбягаючыся адно ад аднаго.
І ўсё ж канкрэтнаму, сярэднестатыстычнаму чалавеку ад такіх сцвярджэнняў ні холадна, ні горача. Хай сабе там нешта ляціць, але яго хвалюе канкрэтны стан асабістага здароўя, язва страўніка, сардэчная арытмія, галаўны боль; хвалюе лёс ягоных дзяцей, адносіны з жонкай ці палюбоўніцай, прадчуванне блізкай старасці і смерці. І палёты галактык аніякім чынам на гэта не паўплываюць.
Зусім строгі чытач скажа: а вось выбухне там нейкая звышновая зорка – і прыйдзе гэтаму сярэднестатыстычнаму чалавеку капец. На што сярэднестатыстычны чалавек слушна адкажа: ну дык да капца мяне выдатна давядуць сямейнікі, вось гэтыя родныя і добрыя людзі, з якімі я сутыкаюся штодня і якія пастаянна са мной канфліктуюць. Вялікі інфаркт ці інсульт ніколькі не менш страшны для мяне, любімага, чым падзенне велізарнага метэарыта на маю краіну. Бо ў абодвух выпадках я загіну практычна імгненна, і тое, што будзе адбывацца далей з маім трупам, мяне не надта хвалюе.
Філасофская думка апошніх двух стагоддзяў, пад уплывам Канта, зазнала нязвыклы погляд на космас: як толькі знікне апошні свядомы назіральнік (чалавек), космас перастане быць. З гэтым, цвяроза разважыўшы, цяжка не пагадзіцца, бо і цяпер ні для каго, апроч чалавека, космас не існуе. Дый сярэдні чалавек бярэ свой досвед не толькі з позіркаў на неба, а і з тлумачэння спецыялістаў, з гісторыі навукі, са сваёй неўтаймоўнай фантазіі, з твораў пісьменнікаў. Рэальна ж ён бачыць няшмат: змену дня і ночы ды зіхатлівыя кропкі на нябесным купале. Астатняе ён чэрпае ад навукоўцаў, спосабы пазнання якіх яму настолькі ж даступныя, як і спосаб пазнання шамана, экстрасэнса. І шаман, і экстрасэнс абсалютна рэальна бачаць тое, што не даступнае звычайнаму чалавека. Так і астраномы, фізікі, матэматыкі бачаць карцінку, далёкую ад рэальнасці простага чалавека.
Для чалавека як духоўнай адзінкі Космас мэтазгодней звесці да планеты Зямля і зорнага неба над ёю, пераважна засяродзіўшыся на зямлі, якую топчуць нашы ногі, на яе флоры і фауне, на з’явах надвор’я. Зрэшты, аддалены і недасяжны космас нам неабходны для ацэнкі ўнікальнасці жыцця, для супараўнання нашай жывой планеты з мёртвымі планетамі Сонечнай сістэмы.
Сапраўды, ёсць усе падставы называць Зямлю не толькі жывой, але і разумнай планетай ці нават арганізмам. Як і любы арганізм, яна складаецца з хімічных элементаў і падвержана законам фізікі. У яе ёсць складаны кінетычны рух, які не аднастайны, а зменлівы. Унутры яе ідуць складаныя цеплавыя і магнітныя працэсы, якія можна параўнаць з дзейнасцю ўнутраных органаў жывых арганізмаў. Механізм магнітнага поля Зямлі не вядомы, але практычна даказана, што без яго жыццё на зямлі немагчымае і што полюсы перыядычна мяняюцца месцамі і гэта прыводзіць да кардынальнай змены клімату, да пераўтварэння ці поўнага знішчэння флоры і фауны. Ледніковыя шапкі мяняюцца ў сваім аб’ёме, то напаўзаючы і накрываючы мацерыкі, то цалкам растаючы. Гэта міжволі нагадвае змену цыклаў чалавечага жыцця, калі ён сталее, развівае бурную дзейнасць, а затым паступова загасае. Ёсць навуковыя гіпотэзы, пацверджаныя некаторымі фактамі, што прыродныя катаклізмы не носяць цалкам спантаннага характару, а маюць разумны пачатак. Не такім ужо фантастычным здаецца меркаванне, што ў нетрах зямлі ёсць механізмы абароны ад раптоўнага падзення камет і вялікіх астэроідаў на паверхню, у прыватнасці, высоўвалася гіпотэза, што Тунгускі метэарыт разарваўся, не дасягнуўшы паверхні зямлі, таму, што з зямлі яму насустрач вымкнуў паток энергіі, каб не дапусціць знішчэння чалавецтва. Людзі старажытнасці цвёрда верылі ў тое, што прыродныя катаклізмы пасылаюцца чалавецтву за грахі Вышэйшай сілаю.
Вакол нашай планеты існуе рэальнае для многіх людзей інфармацыйнае поле, куды як бы запісваюцца ўсе падзеі, дзеянні і думкі людзей, што калі-небудзь жылі на ёй. Гэтае поле не ловіцца пакуль ніводным прыборам, апроч мозгу людзей з экстрасэнсорнымі здольнасцямі. Яны могуць убачыць, напрыклад, злачынства, што адбылося ў пэўнай кватэры ва ўсіх падрабязнасцях, не маючы для таго ніякай вербальнай і відэаінфармацыі. Або расказаць па адной фотакартцы лёс невядомага чалавека. Гэта факт, з якім немагчыма не лічыцца атэісту. Аднак пытанне, ці ёсць гэта праявай містыкі, тагасвецця ці проста рэальнымі зямнымі, хоць пакуль і не вывучанымі законамі, застаецца адкрытым. Дый, па вялікім рахунку, межы паміж матэрыялістычным і містычным, паміж бачным і тагасветыным – умоўныя. Усё пытанне толькі ў тым, што называць матэрыяй. Бо Эйнштэйн даказаў, што розніцы паміж матэрыяй і энергія не існуе: матэрыя – гэта згустак энергіі. А паколькі некаторыя людзі маюць магчымасць атрымліваць інфармацыю з "тагасвецця”, то ясна, што яна прыходзіць ім як паток энергіі, а значаць, як нешта і матэрыяльнае у тым ліку.
Для экстрасэнса тонкі свет нагэтулькі ж рэчаісны, як для простага чалавека батон. Тут напрошваецца яшчэ параўнанне: свет гукаў, з якога вялікія кампазітары чэрпаюць свае мелодыі, для іх рэальны, як свет фізічны для ўсіх астатніх людзей. Чалавеку ж без музычных здольнасцяў уявіць гэты свет мелодый немагчыма і недасяжна. Тое самае можна сказаць пра свет паэзіі – большасці людзей абсалютна недаступна не толькі пісаць вершы, але і разумець чужыя. Прачытаны верш геніяльнага паэта не выкліча ў такога чалавека ніводнай эмоцыі. Гэта значыць, што яго органы ўспрымання не ловяць тонкі свет паэзіі.
Такім чынам, планета з дзівосна разнастайнай флорай і фаунай, з надзеленым актыўнай свядомасцю і дапытлівымі розумам чалавекам, абкружаная ўмоўным воблакам тонкага свету, дзе не толькі запісаны падзеі, думкі і вобразы жыўшых людзей, але і нешта перманентна адбываецца, – такая планета правамерна можа быць названа жывым арганізмам, што надзелены вялікім універсальным розумам.
Багата навуковых тэорый, адна дзівоснейшая за другую, жывіць сабою космас. Гэта выдатны палігон для практыкаванняў чалавечага розуму. Асаблівасць гіпотэз паходжання і развіцця Сусвету ў тым, што даказаць тут практычна нічога нельга, бо не праверыш, не пражывеш наперад гэтыя мільярды гадоў і тым больш не вернешся да незапомных часоў Тварэння. Можна толькі гадаць, уяўляць, будаваць матэматычныя мадэлі, у якія будзе ўвагнана твая гіпотэза, а потым, праз гады ці месяцы абвергнута другой навуковай камандай. У дадзеным выпадку наўрад ці хто рухаецца да ісціны, найчасцей людзі задавальняюць сваю патрэбу ў разумовым практыкаванні, а таксама цешаць славалюбныя амбіцыі і вырашаюць матэрыяльны бок свайго існавання. Бо космас такая рэч, пад якую высокаразвітыя дзяржавы шчодра адпускаюць вялізныя сродкі. Пры космасе добра карміцца. А разумнічаць – не кайлом махаць, гэта вядома.
І тым не менш працэс даследавання далёкага космасу (не блытаць з блізкім) пахвальны тым, што на ім правяраецца, па-першае, абмежаванасць чалавечага розуму, па-другое, выяўляецца відавочная бяздоказнасць любых тэорый, сістэм і гіпотэз. Раней лічылася абсалютна строгай навукай матэматыка, непахіснасць хаця б яе простых лічбаў і арыфметыкі. Цяпер жа ўсё больш гэта ставіцца пад сумнеў, бо матэматыка заснавана на зямных пастулатах, якія ў іншых часава-каардынатных сістэмах могуць не дзейнічаць. Любая навука бярэ нешта за адпраўную кропку, аксіёму, якая рэальна ўсім відавочная, аднак якую даказаць немагчыма. Як тое неперасякальнасць дзвюх паралельных прамых. Як тое пастаяннае лінейнае цячэнне часу. Сама ж навука гэта ўсё цяпер абвяргае. У выніку, па вялікім рахунку, у чалавека не застаецца ніводнай абсалютнай велічыні, ад якой можна адштурхнуць любую навуку, любое даследаванне, а затым узгадніць гэтыя даследаванні паміж сабой, звесці канцы з канцамі.
У даследаваннях далёкага космасу чалавецтва заўсёды абапіралася на законы зямнога свету. Затым высветлілася, што ў мікрасвеце дзейнічаюць зусім іншыя законы. А ў рамках усяго Сусвету неправамерна прымяняць законы макрасвету, там пачынаюць дзейнічаць іншыя рычагі.
Тэорыя Вялікага выбуху грунтуецца найперш на пастулаце, што ва ўсяго павінен быць свой пачатак і свой канец. І сапраўды, зямныя нараджэнні і смерці ўсяго існага пра гэта гавораць. Аднак ці дапушчальна наўпрост пераносіць зямныя пастулаты на Сусвет? Ці ёсць там пачатак і канец у нашым разуменні? Адказу не будзе. А паколькі так, то і цана любой падобнай тэорыі будзе мець калі не мізэрны, то вельмі адносны характар.
Часта змешваюцца рэчы, якія змешваць не варта. Напрыклад пастуліруюць пачатак Сусвету, асноўваючыся на зямных паняццях пачатку і канца, і адначасова дапасоўваюць сюды фантастычны факт неверагодна малой і разам з тым неверагодна энергетычнай кропкі, якая выбухнула. Тым самым ускосна прызнаецца стварэнне Сусвету з нічога. Зрэшты, гэта ўявіць значна прасцей, чым тое, што ў Сусвету зусім не было пачатку, што ён існаваў заўсёды. Зрэшты, такая думка мільгацела ў гісторыі чалавецтва таксама, і яна не бачыцца мне больш заганнай, чым любая другая гіпотэза.
Тэорыя Вялікага Выбуху, як ужо зазначалася, штогод сутыкаецца з усё большымі і ўсё больш непераадольнымі праблемамі. Гэта і наяўнасць цёмнай матэрыі, і паскораны разлёт галактык, і тое, ці будуць яны у рэшце рэшт злятацца, то бок зноў збірацца ў адзіную бясконца малую і бясконца энергетычную кропку, што за сілы да гэтага прывядуць. Або праз некаторы час матэрыя рассеецца ў бязмежным вакууме, астыне і будзе ўяўляць сабой касмічныя могілкі? Зноў жа вырабляюцца хітрамудрыя матэматычныя мадэлі. Адны "даказваюць”, што матэрыя пачне збірацца ў кропку, нават канкрэтна называюць калі, другія "даказваюць”, што паскораны разлёт матэрыі будзе доўжыцца да канца.
Адным словам, большасць навуковых даследаванняў, гіпотэз, як гэта ні скрушна гучыць, пабудавана на спекуляцыях. Часцяком нейкую навуковую тэорыю прызнае толькі адзін інстытут, адзін часопіс, адна групоўка. А паралельна існуе некалькі груповак, якія размахваюць сваімі неабвержнымі ісцінамі. Тут на парадак менш згоды, чым між рэлігійнымі плынямі. Сабраць усё ў адно, выклікаць трэцейскага суддзю немагчыма. Людзям, як і ва ўсе часы, хочацца даказваць сваю выключнасць і геніяльнасць, ім не дае спакою прага грошай і славы. І гэта нармальна. І гэта прынамсі цікава. Аднак тое можа зрабіць шчаслівым толькі самога даследчыка на кароткі тэрмін, але ніяк не ашчаслівіць усё чалавецтва навечна.
Прыхільнікам матэрыялізму няшкодна задаць сабе адно праверачнае пытанне. Усе гэтыя планеты, зоркі, галактыкі, што складаюцца з трывалай матэрыі, матэрыі, агульная маса якой неверагодна вялікая, – якім чынам яны маглі быць створаны з пустаты? Чаму з пустаты? А таму, што паводле нашага жыццёвага досведу, усё некалі нараджаецца і памірае. Значыць, Сусвету калісьці не было і калісьці не будзе. Так нам зручна думаць. Аднак адкуль узяліся такія агромністыя масы матэрыі, калі ў абсалютнай пустаце не было ніводнай прычыны, а ўсё, кожны вынік, як вядома з нашага досведу, мае сваю прычыну.
Воляй-няволяй напрошваецца выснова пра тое, што ў абсалютнай пустаце, або па-за ёю, нешта такі існавала. Прычым гэтае нешта валодала такой энергіяй, што спарадзіла неабсяжныя сусветы зорных сістэм і туманнасцяў, рух якіх і працэсы ўнутры якіх структураваны самым складаным чынам. Гэтую першакрыніцу ўсяго монатэістычныя рэлігіі называюць Тварцом, Усявышнім, Богам. Гэта нейкая духоўная энергія, якая ператварылася і, магчыма, штосекунду ператвараецца ў межах Сусвету ў арганізаваныя патокі энергія, якія ўжо носяць матэрыяльны, то бок фіксафаны нашымі органамі пачуццяў ці нашымі прыборамі характар.
Падаецца, што духоўны свет (ці энергіі духоўнага свету) мае прынцыповую адрознасць ад усіх іншых відаў касмічнай энергіі. Усе сілавыя палі матэрыяльнага свету так ці інакш могуць быць аб’ектыўна ўлоўлены чалавекам. Чалавецтва доўга нічога не ведала пра электрамагнітныя энергіі, пакуль навука не даказала іх аб’ектыўную рэальнасць і трываласць законаў. З духоўнымі энергіямі ўсё прынцыпова не так. Іх могуць лавіць толькі вельмі нямногія прадстаўнікі чалавецтва, мізэрная колькасць адзінак, улоўліваючы за кошт сваіх унікальных здольнасцяў. Гэта шаманы, чараўнікі, жрацы, святыя, экстрасэнсы, медыумы – тут у пэўным ракурсе разгляду адрознасць тэрміналагічная. Прычым кожны з іх спрабуе перавесці атрыманую з духоўнага свету інфармацыю на зямную мову паняццяў і тэрмінаў. Вобразы і законы духоўнага поля настолькі адрозныя ад матэрыяльных законаў Космасу, што гэты пераклад мовы іншасвету на нашу мову паняццяў вельмі абцяжараны і найчасцей – неадназначны. Ён не можа быць прыведзены ў строгую сістэму накшталт навуковай таму, што апараты прыёму – груба кажучы, мазгі экстрасэнсаў.
Гэтыя "апараты” настолькі унікальна адрозніваюцца адно ад аднаго, што часта адна і тая ж інфармацыя з духоўнага свету перакладаецца імі да непазнавальнасці па-рознаму. Скажэнне адбываецца з прычыны выключнага духоўнага вопыту кожнага медыума, на які ўплывае яго выхаванне, рэлігійныя перакананні, спосаб кантактавання, які ён прымяняе, глыбіня пранікнення ў складана структураваны іншасвет, а таксама яго псіхічнае і фізічнае здароўе. Некаторыя часам не вытрымліваюць зносінаў з тагасветам і, папросту кажучы, з’язджаюць з глузду, што, натуральна, уносіць велізарны сумбур у выхадной інфармацыі, што да нас ад іх паступае.
На экстрасэнсаў часта вешаюць цэтлікі шарлатанаў. І сярод іх яны адназначна ёсць, што кідае цень на ўсіх астатніх. Аднак хіба кожны, хто мае самавызначэнне "паэт”, нават падмацаванае дакументамі, прэміямі і званнямі, такім з’яўляецца насамрэч? Нават са ста чалавек, што друкуюцца на старонках паважаных тоўстых часопісаў, паэтамі ў поўным сэнсе гэтага слова з’яўляюцца 2–3 чалавекі, астатнія толькі займаюцца імітацыяй паэзіі, рыфмаваннем абсалютна зямных рэчаў і ніякага дачынення да духоўных паэтычных сфераў не маюць. Прыкладна такі ж працэнт сапраўдных экстрасэнсаў, іх адзінкі. Не стану пералічваць вядомыя з сусветнай гісторыі асобы. Прывяду толькі адзін свежы прыклад. Не так даўно памёр Іаан Крэсцьянкін, якога яшчэ пры жыцці лічылі святым праваслаўным падзвіжнікам. Гісторыя царквы зафіксавала безліч выпадкаў яго экстрасэнсорных здольнасцяў. Свяшчэннік Дзітрый Смірноў, які таварышаваў з ім, расказваў, што, выношваючы ў галаве пытанні, якія хацеў задаць свайму духоўнаму настаўніку, атрымліваў на іх адказ лістамі, якія той прысылаў у той момант, калі Смірноў толькі збіраўся сам з ім зліставацца. Гэта шырокавядомы прыклад счытвання інфармацыі з духоўнага свету, дзе лунае частка нашай зямной існасці і з якой можна звязацца, знаходзячыся на фізічнай вялікай адлегласці. Так праваслаўныя старцы здавён агарошвалі адказамі чалавека на яго пытанні з парога, калі той яшчэ не адкрыў рот, каб іх задаць.
Памылкі экстрасэнсаў вынікаюць таксама з наўмыснага скажэння інфармацыі непасрэдна духоўнымі існасцямі (паводле хрысціянства – злымі духамі), якія даюць заведама ілжывую інфармацыю, прымаючы, напрыклад, духоўны вобраз таго, да каго звяртаецца экстрасэнс. Менавіта таму важным аспектам з’яўляецца талент і духоўная чысціня чалавека з экстрасэнсорнымі здольнасцямі, што змяншае працэнт памылак пры перакладзе інфармацыі іншасвету на нашу мову. У адваротным выпадку мы бачым аналогію з графаманам, які спрабуе выдаць сваю пошлую рыфмаванку за паэтычны прадукт. Дарэчы, факталагічная праверка ісціны ў дзеяннях экстрасэнса (бярэцца іх група і звяраюцца вынікі) непараўнальна больш аб’ектыўная, чым праверка на факт паэзіі опусаў шматтысячных рыфмавальнікаў. А апошнім выпадку можна толькі давяраць досведу прызнаных спецыялістаў, на жаль, суб’ектыўнаму.
Я зрабіў адступленне ў экстрасэнсорыку, разважаючы пра Космас, з прычыны таго, што бачу духоўны свет раўнапраўным, калі не галоўным складнікам Космасу. Сусвет наш шматузроўневы і ўзаемапранікальны. Як вобразы іншасвету спараджаюцца матэрыяльнымі дзеяннямі, эмоцыямі і душэўнымі афектамі, так і душэўныя рухі зазнаюць ўплыў са сферы духоўнай, не даступнай разуменню чалавека з трывала перакрытым каналам метафізічных зносінаў. Пра амаль лагічна даказальны факт стварэння матэрыяльнай часткі космасу са свету ідэй, свету духоўных энергій я ўзгадваў на некалькі абзацаў вышэй. У адваротным выпадку трэба прызнаць, што Сусвет не меў свайго пачатку і, адпаведна, не будзе мець канца. Для яго зямныя прынцыпы нараджэння і памірання папросту не правамерныя. Для чалавечага розуму гэта неверагодна. Для розуму абсалютнага, які быў заўсёды, гэта цалкам нармальна.
Варта разумець, што час – катэгорыя вельмі ўмоўная. Што доўга для матылька, які жыве некалькі дзён, для нас – імклівы адрэзак адносна чалавечага веку. Мы бачым фарміраванне Сусвету неймаверна працяглым, мільярды гадоў. Аднак год – гэта абарачэнне мізэрнай планеткі вакол шараговай зорачкі. Для Абсалюту – гэта прыкладна тое самае, што для нас абарачэнне электрона вакол ядра атама, то бок доля імгнення. Таму Тварцу фарміраванне Сусвету будзе справядліва ўяўляцца імклівым. Гэтакая успышка з разлётам пылу і дыму.
|