Сайт Міхася Южыка Пятница, 26.04.2024, 20:20
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Папярэджанне

Раман Юры Станкевіча "П’яўка”, выдадзены ў 2010 г. ("Галіяфы”, "Каўчэг”), уяўляецца мне дастаткова ўдалым сімбіёзам антыўтопіі і трылера. Гэта не дае, з аднаго боку, зрабіцца раману-антыўтопіі нудным (што нярэдка бывае) у сваёй павучальнасці і пераперчанасці гратэскам, а з другога, "П’яўка” не скочваецца да банальнай белетрыстыкі, дзе "добрыя” героі варагуюць з "ліхімі”, ды яшчэ і выкрываюць і ловяць вампіра ("пяўку”), які тэрарызуе жыхароў паселішча.

Дзеянне рамана пачынаецца ў Мегаполісе (разумей – Менску) ў 2050 г. пасля Непажаданых Падзей, падрабязнасці якіх аўтар напоўніцу не раскрывае. Згадваецца толькі тое, што з-за тэхнагеннай катастрофы ў спалучэнні з аб’ектыўнымі працэсамі глабальнага пацяплення расталі палярныя ледавікі – і карта Еўропы непазнавальна зыначылася, а так званая белая цывілізацыя прыйшла ў заняпад. Усё перакулілася з ног на галаву. У колішнім асветніцкім цэнтры сусвету Еўропе цяпер забаронены кнігі, а на абсягах Еўрабіі, як яна цяпер называецца, пануюць у сваёй большасці каляровыя расы і кіруюць балем усялякія сексуальныя вычварэнцы, якія яшчэ на пачатку трэцяга тысячагоддзя называліся сексуальнымі меншасцямі. Красамоўней тут скажуць цытаты з самога рамана, якія прыводжу: "Кнігі абывацелі, як правіла, знішчалі, але часам выкідвалі ад граху далей на звалку ці проста ў сметніцы. Я (я-герой, Берташ – М.Ю.) не здаваў іх службе бяспекі ці напрамую свайму начальству, а за невялікі хабар, які прапаноўваў смеццязборшчыкам, часам нахабна, хоць і рызыкоўна, прыкішэньваў, што пагражала мне тэрмінам у фільтрацыйна-папраўчым лагеры. Гэтыя некаторыя старажытныя экземпляры, а кнігамі зараз ніхто не карыстаецца, я старанна прыводзіў у парадак і хаваў у сваёй папярэдняй кватэры”. "За пяць дзесяткаў год з пачатку дваццаць першага стагоддзя карпаратыўныя і заможныя сексуальныя меншасці ўпершыню апынуліся ледзь не ў большасці <…> гомасексуальныя шлюбы, якія не здолеў забараніць нават іслам, вядома ж традыцыйна не давалі і не маглі даць патомства. Пасля таго, як нараджальнасць сярод белых дзесяцігоддзе назад упала значна ніжэй чым двое дзяцей на адну жанчыну, аднаўленне насельніцтва ідзе ў асноўным за кошт каляровых, сярод якіх прадстаўнікі розных рас і народаў. Вядома, сюды панаехалі не самыя лепшыя, і ўжо таксама дэградуюць. Яны салідарныя ў адным: непрыязні да белых, асабліва да аўтахтонаў <…> частка белых, альбо, як цяпер я, бала сасланая ў Паселішчы, альбо змушана была яшчэ раней, як і зараз, пакідаць цэлыя кварталы і жылыя масівы і шукаць сабе прыстанішчы ў іншых месцах <…> так званая ксенафобія ва ўсіх яе, нават самых нязначных, праявах, жорстка пераследуецца”.

Вось прыкладна такую карцінку мы бачым на працягу цэлага рамана ў 280 старонак, далей равіваюцца і па-майстэрску жахліва падаюцца адно нюансы жыцця цяперашняй добрапрыстойнай Еўропы пасля Непажаданых Падзей. Заўважце, Юры Станкевіч для надыходу такой апакаліптычнай рэальнасці адводзіць нашай цывілізацыі ўсяго 40 гадоў, калі ўлічыць, што раман пісаўся ў 2008–2009 гадах. Аднак такая непрыхільная жорсткасць і скараспеласць вывадаў заснавана, тым не менш, на жорсткай статыстыцы: калі сучасныя еўрапейцы не пачнуць нармальна нараджаць дзяцей, узнаўляць генафонд, то недзе праз паўстагоддзя белая раса папросту змізарнее данельна і яе месца, а прырода пустэчы не церпіць, непазбежна запоўняць варвары трэцяга тысячагоддзя. Што і адбываецца ў рамане "П’яўка”. Дакладней, ужо там адбылося.

Менавіта гэтая трапяткая і балючая тэма, а не трылерныя пошукі галоўнымі героямі Берташам і яго палюбоўніцай Мойрай вампіра, які сваволіць у паселішчы пад назвай Эдэм, і ёсць галоўнай фабулай рамана. Менавіта дзеля папярэджання нас аб тым, што павінна і можа здарыцца, Станкевіч не шкадуе фарбаў, каб апісваць у выглядзе страшылак "парадак” у краіне пасля Непажаданых Пазей. І гэта нераўнуючы пекла. "Недахоп вады, а ўсе вадаёмы навокал паселішча (як мне гаварыла Мойра) раптоўна ператварыліся ў балота ці павысыхалі каля пяці гадоў таму, толькі пагаршалі спёку. Дажджы паўсюдна сталі рэдкай з’явай і іх, пэўна, з нецярплівасцю чакалі ў кожным тутэйшым бараку, дзе ўжо былі, як я прыкмеціў, падрыхтаваны ўсялякія ёмістасці і прыстасаваныя латкі”. "Там-сям людзі ўжо выходзілі з засмечаных баракаў, некаторыя з іх мачыліся проста ля дзвярэй. Рытмічна грукалі барабаны”. "Той-сёй з людзей сядзеў на лаўцы альбо заходзіў у дзверы барака і зноў выходзіў адтуль. Сярод іх былі дзеці, падлеткі і дарослыя сталага веку: мулаты розных адценняў скуры, толькі старая бабуля белая. Выгляд ва ўсіх быў, як я заўважыў, даволі прыгнечаны”. Звяртае на сябе ўвагу камічнае "грукалі барабаны” (няйначай, прынесены з Афрыкі звычай) і – толькі адна "старая белая бабуля” – як сімвал выраджэння і перапынення рэпрадукцыі белай расы. А "прыгнечаны выгляд”, вядома ж, ад бязрадаснага жыцця. Жыцця без натуральных прадуктаў (натуральныя ядуць толькі малаколькасныя багатыя ў Мегаполісе – за высачэзнымі бетоннымі агароджамі з калючым дротам наверсе), ад невыноснага клімату, ад адсутнасці духоўных арыенціраў, бо раскіданая некалі самім Богам Вавілонская вежа нібы нанова ўзвялася ў пачварным выглядзе змешвання культур і народнасцяў, аб’яднаных цяпер штучнаю мовай "трансмогам”. А людзі без якой-кольвек ідэі ў галаве – гэта страшныя жывёлы, надзеленыя розумам, і менавіта з-за наяўнасці гэтага безыдэйнага розуму – пачварныя.

У Эдэме, зрэшты, жыве мізер праўдалюбцаў, гэта пастар, мастак, яшчэ некалькі паплечнікаў Берташа і Мойры ў пошуках "п’яўкі”, вампіра, які распачаў высмоктваць поначы жыццё з жыхароў Эдэма. Тут бачыцца пэўны намёк-насмешка аўтара: ці так ужо страшная гэтая п’яўка, калі жывая кроў даўно высмактана з гэтых істотаў, якіх па звычцы яшчэ называюць людзьмі? Вампір, якога нястомна ловяць галоўныя героі, акрамя функцыі зацікавіць чытача і змусіць яго дазнацца сэнсу Станкевічавай антыўтопіі, – гэтая п’яўка нясе яшчэ і сімвалічны сэнс. П’яўка – не столькі вампір, колькі чалавечае глупства, якое ў апантанасці навуковым прагрэсам не спыніла на мяжы тысячагоддзяў галоўнае – працэсы, што стыхійна распачаліся неўзабаве пасля Другой Сусветнай вайны. Што гэта за працэсы? Гэта распад Традыцыі.

Паспрабуем угледзецца ў гісторыю Заходняй цывілізацыі. Яшчэ ў 50-х гадах аднаму знакамітаму архітэктару, ледзьве не прыжыццёваму генію, была выказана ў ЗША грамадская пагарда за тое, што ён, сямідзесяцігадовы старац, сышоўся і жыве грамадзянскім шлюбам з маладой жанчынаю. Знакамітасць мусіла дажываць свой век у самоце і адрынутасці ў межах свайго маёнтка. І вось праходзіць 10, 20, 30 гадоў – і абліччы людзей, маральныя і фізічныя, мяняюцца да непазнавальнасці. Белы мужчына – ужо часцяком не воін, не абаронца, не гаспадар свайму слову, а нейкі патлаты бязмускульны хіпі. Жанчына – ужо не шматдзетная верная ахоўніца хатняга агменю з багатымі формамі цела, якія вызначаюць яе пладавітасць, а хударлявая, у джынсах, сябровачка гэтых не падобных да мужчын чалавечых самцоў, а ў далейшым жанчына – і наогул бярэ на сябе мужчынскія функцыі, імкнецца ў бізнес, палітыку, прычым на самыя высокія пасады. Фотаздымкі сярэднестатыстычных людзей пачатку і канца дваццатага стагоддзя – гэта здымкі нейкіх іншых біялагічных тыпаў. Бо разбураецца, а ў рамане-папярэджанні "П’яўка” – ужо канчаткова і беспаваротна разбурана Традыцыя. Яе разбурэнне прывяло да экспансіі ў Еўропу чужародных культур, якія, перамяшаўшыся з безыдэйнымі "карэннымі”, сталіся ўсеагульным бескультур’ем.

Пытанне, чаму ж так востра перажывае і чаму так апантана б’е трывогу Станкевіч сваёй антыўтопіяй? З’ездзіце ў Еўропу, скажуць яму справядліва, і вы ўбачыце, як там выдатна і гожа жывуць, як там усё чыста і вымецена. Але ж гэта – вонкавы выгляд. Бо скарбы нашы, як вядома, там, дзе сэрцы нашы. А сэрцы еўрапейцаў – каля тэлевізараў, дзе са ста каналаў можна адшукаць штукі тры неамаральных (дзе знянацку не сунуць табе ў твар геніталіі), ды на стадыёнах, дзе адбываюцца пад свіст і ўлюлюканне сучасныя баі гладыятараў – спартыўныя відовішчы. Адным словам, хоча сказаць, мусіць, Станкевіч, не тым багам моліцеся, спадары! І вось за добрапрыстойнай абалонкай вымеценай і вычышчанай Еўропы, якая ўжо даўным-даўно не вырабляе духоўнага прадукту, як ачагі ракавай пухліны існуюць на поўных правах месцы, куды ходзяць сынкі і дочкі самавітых бацькоў, і займаюцца, скажам мякка, не зусім добрымі справамі. Гэта, прыкладам, індустрыя стрыптыз-клубаў, дзе замест ежы табе падаюць на стол нейчае задняе месца, гэта казіно, дзе прадукуюць псіхічна хворых людзей – лудаманаў, і паўсюль можна спакойна купіць цяжкі наркотык, гэтую ўвасобленую помсту трэцяга свету за тое, што вы, белыя, вельмі багата і бестурботна жывяце, уціснуўшы нас. Паспрабуйце яшчэ адну асалоду – наш афганскі гераін, і неўзабаве ваша жыццё зробіцца горшым за наша.

У рамане многа, часам празмерна многа карыкатуры на побыт Мегаполіса і правінцыі ўзору 2050 г. Людзям з няўстойлівай псіхікай будзе пры чытанні няпроста. І толькі танюткай нітачкай праходзіць праз твор кволая надзея Берташа і Мойры, што некалі яны скончаць свае неадкладныя справы і ўцякуць на поўнач, паселяцца каля чыстай рэчкі, дзе яшчэ водзіцца рыба, і зажывуць, як у сапраўдным, а не карыкатурным Эдэме. Надзеі такой, як і прадчуваецца ў працэсе чытання, спраўдзіцца не наканавана: калі ўсім вакол дрэнна, хіба дваім можа быць хораша? Мойра гіне ў фінальнай перастрэлцы, калі палюбоўнікі, выкрыўшы вампіра і сімуляцыю (спробу наладзіць віртуальную бессмяротнасць), ужо імчацца на машыне да запаветнай рэчкі. Іх наганяюць. Берташ застаецца адзін – і замест чыстай рэчкі з каханай бавіць лета каля бруднага азярка з паўдзікай негрыцянкай. Раман пакідае цяжкае ўражанне сваёй безвыходнасцю. Але не трэба забывацца на тое, што гэта найперш папярэджанне нам усім – для таго, каб такога жаху не адбылося. Ці прынамсі не адбылося так хутка і ўсёахопна. Трэба памятаць, што гэта пакуль што – толькі прыдумка.

Аўтара – што адчуваецца цягам усяго рамана – непакояць пытанні веры. Нездарма ён увёў пастара і мастака, якія, вагаючыся, найбольш зняверваюцца, чым умацоўваюць веру ў Вышэйшы пачатак, у хрысціянскую Любоў. І не дзіва – такое беспрасветнае пекла вакол! Рэфрэнам гучыць на розныя лады і на розных старонках – ці ёсць ва ўсім які-небудзь сэнс, ці існуе справядлівасць, ці ёсць у канкрэтнага чалавека свабода выбару, або мы толькі кампутары, якія атрымліваюць сігналы звонку, або мы марыянеткі, якіх нехта водзіць за нябачныя нітачкі? Бедны пастар Себасцьян упадае і ў кашчунства і ў роспач. Вось не самыя святатацкія вытрымкі з яго прамовы: "Не думайце і таго, што я хачу вас скіраваць на шлях дабрачыннасці, шчасця і справядлівасці, бо нічога гэтага няма і не магло быць. Тое, што нараджаецца на свет у мярзотных параксізмах болю і крыку, павінна само вызначыць, што ёсць дабро і што ёсць зло, не шукаючы гатовых адказаў у брудных, напаўвар’яцкіх, супярэчлівых тэкстах. Адрыньце іх! <…> Але хто з вас адкажа мне, якой будзе вечнасць? Раем, у якім вы будзеце існаваць заўсёды? Лазняй з павукамі па вуглах, як выказаўся калісьці наш старажытны празорца? Мікрачыпам у камп’ютарнай нішы, які будзе бясконца пракручваць у сабе адны і тыя ж успаміны…” (А самае вострае, на жаль, мне не хочацца тут цытаваць.)

Будова рамана, паўтаруся, такая, што нават той, хто цікавіцца проста трылерамі і не шукае глабальнага сэнсу жыцця, у прамежку пагоні ха вампірам паняволі нешта зачэпіць з галоўнага – з пытанняў прадвызначанасці/непрадвызначанасці нашага існавання, веры і нявер’я, задумаецца, а ці так усё добра і файна вакол, ці не пачалі мы і, галоўнае, я сам падгніваць знутры, ці ёсць у мяне, чытача, хоць нешта святое, акрамя таго, каб мне проста жылося камфортна і весела?

Я не ведаю ў беларускай літаратуры аналагаў "П’яўцы” ў плане спалучэння чытэльнасці, займальнасці з адначасовым шырокім ахопам адвечных пытанняў. Гэты сімбіёз, адчуваецца, даўся нялёгка Юры Станкевічу. У пагоні за галоўным ён дапусціў у сваю, у цэлым ёмкую і каларытную, мову зашмат русізмаў, пералічваць якія я не збіраюся, бо яны кінуцца ў вока любому прафесіяналу. Некаторыя дынамічныя сцэны ў рамане (пагоні, бойкі, адкопванне вампіра) падаюцца празмерна расцягнутымі, што дысануе з лапідарным стылем пісьменніка. Але не варта забываць, што Станкевіч гэтым самым пашырае кола сваіх чытачоў, як гэта ні дзіўна, прыцягваючы да галоўнага, ідэйнага (а глыбокіх, пранікнёных, супярэчлівых думак, асабістага аўтаравага болю тут – процьма) яшчэ і заблудныя душы тых, хто любіць, каб проста было цікава, займальна, чытэльна.

Пра раман можна пісаць многа, уздымаць новыя і новыя сэнсавыя пласты, але, падумалася, ці варта гэта рабіць у адным артыкуле, які не прэтэндуе на літаратуразнаўчы ўсёахопны разбор? Няхай за мяне даскажуць іншыя крытыкі. Цікавей будзе.

 

Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (26.04.2011)
Просмотров: 1081 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024