Сайт Міхася Южыка Пятница, 26.04.2024, 02:47
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Кастусь Травень: "Жыцьцё ніжэй ватэрлініі"

 

Няма большага рэаліста ў сучасным жыцьці чым сельскі жыхар, сколькі б ні грукалі ў грудзі былыя наменклатурныя й нават апазіцыйныя лідэры сьцвярджаючы ўласны рэалізм і падкрэсліваючы свой прагматызм. Сяньня сельскі жыхар цьвёрда ведае, што заходні ўзровень жыцьця для яго недасяжны. Таму наш тутэйшы селянін пазяхне ў далонь, паслухаўшы балбатню наезжых агітатараў за жыцьцё высокай якасьці, падзівіцца іхняй інфантыльнасьці й ідыялізму, ды й пойдзе варушыць сена на выдзеленай яму дзялцы. Харчовую базу для сябе й сваёй сямьі тутэйшы селянін стварае самастойна. Заходні ўзровень жыцьця нашым вясковым чалавекам успрымаецца як фантастычна-нерэальны, як сучасная казка. .  

 

Культурная эліта, у першаю чаргу пісьменьнікі, журналісты, кінаматаграфісты не выконваюць сваю галоўную мэту, дзеля якой народ адсьлюмачвае фінансавыя сродкі, каб гэная эліта стварала ідэалы, эталёны нашага тутэйшага беларускага якаснага жыцьця! Культурная эліта – сёньня на самай справе не распаўсюджвае сапраўдную культуру, яна сама хоча быць запатрабаванай заходнім сьветам, хоча зарабляць замежныя грошы, марыць далучыцца самастойна да эўрапейскага жыцьця высокай якасьці! І усё.

 

Між тым, пераход ад калектыўнай сьвядомасьці да індывідуальнай – ёсьць рэвалюцыя сьвядомасьці. Індывідуальнае самасьвядомасьць – тып чалавека які спадзяецца на сябе, і карыстаецца сваімі пачуцьцямі, сваім розумам, сваім досьведам, і самае галоўнае сваёй прыватнай маёмасьцю, сваімі прыватнымі сродкамі вытворчасьці, сваім капіталам. І тут узьнікае пытаньне: дзе ж яе ўзяць гэтую прыватную маёмасьць простаму чалавеку, рабочаму-пралетару, урачу, настаўніку, вайскоўцу? ... Меньшая частка нашага грамадства, яе эліта далучылася да якаснага жыцьця, але абсалютная большасьць нават у марах не ў'яўляе, што гэта такое. Адсюль – разводы, здрады, п'янства, распуства ... мары маладых некуды з'ехаць. Ідэал – мець шмат грошай. І ўсё? А навошта мець шмат грошай? Ці ўмее большасьць карыстацца грашыма? Здароў'ем? Маладосьцю? Каханнем? Нават меньшасьць не заўсёды ўмее карыстацца вялікімі грашыма, магчымасьцямі, уладай, шчасьцем! ... У грамадстве не вызначана мэта жыцьця большасьці. Няма Ідэі!

 

...Мара маладых людзей пяцідзесятых гадоў ХХ стагодзя - здзяйсьнілася. Яны маюць тое аб чым марылі ў далёкім послеваеным юнацтве: каб было хлеба ўволю, каб не стралялі, не гвалцілі, не палілі! Іхнія мары - гэта мары людзей, што жылі на памежнай тэрыторыіі паміж Усходам і Захадам, на "перадавым рубяжы абароны". Іхнія мары сёньня ажыцявіліся. Усё так і ёсьць. Калі некаму ўсё яшчэ здаецца, што гэтага так мала, то ён моцна памыляецца, дастаткова праехаць па некаторых краінах СНД і ня толькі СНД.

 

Аб чым мараць цяперашнія маладыя людзі? Некаторыя: аб іншамарцы, кватэры, катэджы, каб зарабіць грошы й з'ехаць за мяжу... І усё? Праз нейкі час здзяйсьніцца гэта мара новага пакаленьня. Але ці дастаткова гэткай мары для Заўтрашняга? Ці мараць маладыя стаць Прэзідэнтам, Нобелеўскім ляўратам, уладальнікам канцэрна, банкірам, міністрам, паслом, пісьменьнікам, зажытачным фермерам, уладальнікам крамы, выдаўцом вядомай газэты ці моднага часопіса, адным словам гаспадаром сваёй зямлі ?

 

Самае складанае ў жыцьці - думаць аб неабходным, кантраляваць свае думкі. Адрозьніваць уласныя думкі ад чужых памкненьняў. Думаць не пра футбол, хакей, сьпевакоў, не аб глябальнай палітыцы, ідыялогіі, пра тое, хто, што сказаў учора па іхняму ці нашаму тэлебачаньню, а думаць пра сваё асабістае заўтрашняе й пра сваё асабістае сёнішняе й не проста пра заўтрашняе, а пра сыстэмнае сёнішняя й сыстэмнае прагматычнае заўтрашняе. Пра тое як зарабіць, як пабагацець, стаць заможным, жаніцца на выхаванай прыгажуне, купіць кватэру, завесьці сваю справу, стварыць прыстойны ўзровень матэрыяльнага забяспячэньне сямьі. Думаць як збудаваць і захаваць сямейная шчасьце.

 

Думаць, планаваць, дасягаць, імкнуцца, змагацца зь сваёй інэртнасьцю, недасьведчанасьцю, непрафесіяналізмам, лянотай, абыякавасьцю... Калі зь дастатковай крытычнасьцю прааналізаваць сваё асабістае жыцьцё, то самым галоўным фактарам маладога самастойнага й сталага жыцьця - які ўплываў на твой жыцёвы лёс - быў Ты сам. Ні асяродзя, ні блізкія ці чужыя людзі, ні палітычныя абставіны, - бо гэта ўсё прыходзіла й сыходзіла, а Ты сам быў зь сабою заўсёды. Ты паддаваўся спакусе, чужому меркаваньню, марнаваў час у размовах, як згуляла нашае ''Дынама'' зь іхнім ''Дынама'', піў спіртовыя напоі, брындаў на паляваньні ці рыбалцы ... і гэтак праходзіла Тваё жыцьцё! 

 

Зьвярніце ўвагу, колькі розных сьпевакоў рознага гатунку суседняй дзржавы прэцца да нас. Яны ствараюць пачуцёва-разумовую плынь, дзе адчуваць сябе аўтаномна атрымліваецца не ва ўсіх. Але калі не адчуваеш самастойна, значыць, твае пачуцьці й думкі рухаюцца па пакладзеных чужымі людзьмі рэйках ... Куды вядуць тыя рэйкі?  

 

Што нам прапануе нашая інтэлектуальная эліта? Пісьменікі Вінцэсь Мудроў, Адам Глёбус, Ігар Сідарук даўшы нырца ў глыбіныя жыцьцёвыя слаі, ніжэй жыцьцёвай ватэрлініі – пішуць пра алкашоў, прастытутак, бязмозглых, нямаючых аніякіх жыцьцёвых арыентыраў заблукаўшых людзей. Нават Юры Станкевіч у сваёй аналітычнай кніжцы ''Любіць ноч - права пацукоў'', не паказаў выйсьця зь жыцьцёвага закутка .

 

Здольныя, таленавітыя пісьменікі не знайшлі, ці не захацелі, ці не здолелі прааналізаваць яскравы прыклад імклівага руху ўверх некаторых нашых палітыкаў і прадпрымальнікаў .... Нашы пісьменікі пішуць пра тое, што добра ведаюць. Верагодна, ніхто зь іх не займаўся прыватным бізнэсам, не ездзіў з хатулямі ў Стамбул ці Беласток, ні цягаў кантрабанду праз літоўскую мяжу, ні ствараў першапачатковы капітал прадаючы за мяжу каляровыя металлы, не ламіўся апантанна ў парламент да дзяржаўнага карыта, не спакушаў файную чужую прыгажуню. Дык аб чым пісаць? Застаецца толькі й пісаць пра трактарыстаў, пра чарніла якое яны жлукцяць, пра безсэнсоўнасьць, безнадзейнасьць і нязнойдзеныя жыцьцёвыя арыентыры.''Любіць - дык каралеву, красьць - дык мільён'', ''За тых хто ў моры'', - за гэтыя тасты піць - пілі, а каралеў ня бачылі і не любілі, мільёнаў ня кралі, ляжалі на пляжах каля мора, і казалі што былі на моры. А па моры ня плавалі, не лавілі траску каля Алеўцкіх выспаў на амерыканскім траўлеры. Ці будзе чытаць кніжкі маладзён, які толькі што вярнуўся зь Аляскі.

 

Не былі, ня бачылі, не ўдзельнічалі, застаецца містыка, знакамітае - ...'' жыццё - як выпітая пляшка ''..
Сёньня, маладыя людзі былі ня толькі турыстамі, некаторыя зь іх удзельнічалі ў жыцьці заходняга грамадства, працавалі, у тым ліку і прастытуткамі, удзельнічалі ў лякальных войнах, адным словам зараблялі грошы, перамяшчаліся па іхняй тэрыторыіі. Калі ўлічыць высокую ўражлівасьць псыхікі маладых людзей, то тутэйшая літаратура пра тое як калгасны шафёр удзень калымнуў, пад вечар напіўся, а ўвечары адлупцаваў жонку - нікога не хвалюе.

 

Моладзь цікавяць шляхі перамог, а не дарогі параз! У іншым выпадку нашы пісьменікі, крытыкі, літаратурныя супрацоўнікі эксплуатуюць зацёртую й заезжую формулу – ''Самі пішам, самі і чытаем !''

 

Сёньня ня толькі літаратурныя творы напісаныя некалькі гадоў назад хутка старэюць. Актуаліі пяці-дзесяцігадовай рэчаіснасьці робяцца гісторыяй якая нікога не цікавіць. На нашых вачах адбылася сапраўдная рэвалюцыя й як ня дзіўна нашыя літаратары яе не заўважылі ! Дарэчы не зразумела - а што ж сапраўды адбылося ? Рэвалюцыя ці контррэвалюцыя?

 

На мой погляд, нягледзячы на скепсіс стомленых старэйшых майстроў прозы аб лёсе сучаснай літаратуры, гэты скепсіс усё ж такі недарэчны.

Літаратура вучыць думаць, літаратуры ўласцівы такія якасьці, якіх няма, альбо ёсьць, але недастаткова ў іншых сродкаў мастацтва й інфармацыіі.

 

Калі ўзяць і прааналізаваць творы некаторых нашых лепшых пісьменікаў зь тых што я чытаў, то ў кожнага зь іх існуюць нескарыстаныя магчымасьці, якія ўзьнікаюць адтаго што іхніяя творчасьць не атрымала адэкватнага рэха ў нашым чытаючым асяроддзі. Як раз аб гэтым грунтоўна зазначыў Даніла Жукоўскі спачатку ў ''Нашым Слове'', а потым ў ''Аrche''.

 

Да прыкладу, выдатны твор Вінцэся Мудрова "Іду на таран" мог стаць яшчэ больш значным, каб пісьменік дадаўшы некалькі раздзелаў, прааналізаваў бліжэйшае будучае постсавецкага афіцэрства. З другога боку, твор настолькі дасканалы, што правакуе чытача да незадаволенасьці бо хутка скончыўся. Жыцьцё пабегла далей, а аповяд ператварыўся ў зафіксаванае нядаўняе мінулае. Між тым жыцьцё былых савецкіх афіцэраў вельмі разнастайнае, рознабаковае і чым большыя зоркі зіхацелі на іх паліках, тым больш ахутаны таямніцай іх далейшы лёс. Фактычна афіцэры савецкай арміі, як і КДБ не здолелі абараніць вялікую краіну ад разбурэньня... Каб паказаць гэтую трагедыю ў літаратуры патрэбен Шэкспір ці Бальзак...  

 

Можна адзначыць, што сучасная проза патрабуе ад пісьменіка аналіза ня толькі мінулых і бягучых падзей, але й аналіз будучага. Гэты аналіз дазваляе пісьменіку ня толькі ствараць варыянтыўная будучае й тым самым уздзейнічаць у меру свайго таленту на гэтае будучае, але й папярэдзіць грамадства аб магчымых жыцьцёвых зрухах. Тое што было прэрагатывай пісьменікаў фантастаў, як мне здаецца, робіцца звычайным і неабходным прыёмам пісьменіка – рэаліста ... 

 

Вельмі здольны й прафесійны пісьменік Адам Глёбус. Між тым уражаньне, быццам празаік страляе зь буйнакаліберных грамат сваіх здольнасьцяў па вераб'ях. Шаноўны Адам піша - у навэлах надрукаваных у Архэ - пра людзей, якія мала цікавяць нас ні ў жыцьці, ні ў літаратуры. У іхніх змарнаваных жыцьцях няма аніякага ні драматызму, ні тым больш трагізму. Натуралістычны перанос рэчаіснасьці на літаратурныя старонкі часопісаў. Сёньня, як ўжо было сказана вышэй, існуе цікавасьць да прагматычных і сыстэмных асоб, якія заўсёды ці ў большасьці выпадкаў дасягаюць посьпеха. Як і чаму ім гэта ўдаецца ?

 

Яскравы прыклад - жыцьцёвая хада нашага Прэзідэнта. Пры ўсіх крытычных заўвагах, трэба адзначыць, што ён зрабіў вялізарны рывок ад невядомага дырэктара да першага чалавека ў дзяржаве. Мала таго, здолеў не папасьць пад уплыў менскага наменклатурнага кола, а наадварот, сам гэтую эліту схіліў пад свой абцас. Для літаратара – празаіка гэткая сучасная асоба, яе жыцьцёвы шлях, павінны магутна цікавіць. У сучасным грамадстве быць кіраўніком нават працоўнага калектыва, альбо кіраўніком раёнага масштабу – вельмі няпростая й складаная праца, якая патрабуя вялізных намаганьняў й мноства неабходных якасьцяў й ведаў. Якіх?.. 

 

Новае слова ў нашай літаратуры сказаў сваёй прозай Юры Станкевіч. Ён усурёз пачаў аналізаваць жыцьцёвую плынь, што знаходзіцца ніжэй ''жыцёвай ватэрлініі'', тых заблудзіўшыхся й заблытаных, хто жыве, хутчэй існуе, і практычна ня мае аніякіх шанцаў для дасягненьня жыцьця высокай якасьці.

 

У некаторых момантах ягоная проза выклікае жах. Будучага - у герояў і краіны ў якой яны жывуць – не існуе. Ягоная кніга – гэта папярэджаньне грамадству, уладзе, нам усім. Хібы, адмоўныя з'явы якія існуюць у грамадстве пісьменік разгледзіў як бы пад павелічальным шклом, сканцантраваўшы іх і паказаўшы нам. Фактычна ён паказаў зародак, пачатак будучага Косава. ... Уладзе, якая вечна занятая, то пасяўной, то ўборачнай, то ацяпляльным перыядам – ёсьць над чым паразважаць. На не засеянай нацыянальнай глебе густа расьце чужое пустазелле, ці пасеяная прыхаднямі наркатычная дурнота .... 

 

У аповядах ''Ізумрудна-зялёныя мухі'' і ''Паленпак '', як мне здаецца пісьменьнік зрабіў, як дарэчы іншы раз і бывае ў жыцьці, герояў аповядаў не змагарамі – а ахвярамі й тым самым супрацьпаставіў дзейства аповядаў вышэйшай жыцёвай праўдзе. Няпраўда ў тым, што ў жыцьці маладых людзей амаль заўсёды дастаткова часу, каб чалавек пасьпеў выправіцца, умацавацца, зразумець, зьвярнуцца да Бога, навучыцца й дасягнуць сваёго асабістага посьпеха. Сьведчанне гэтаму – існаваньня сучаснай цывілізацыіі. Сёньня мы сытыя, у цяпле, у камфорце, у асабістых кватэрах глядзім увечары па тэлебачу падзеі якія адбываюцца ва ўсім сьвеце. І гэта ўжо добра, гэта дасягненьня. Нельга адчуваць сябе няшчасным ад таго, што нехта, недзе жыве лепш, у сваім асабістым катэджы, спажывае экзатычную ежу, ці карыстаецца каханьнем самых якасных жанчын... Цывілізацыя дасягнула вялізнага посьпеху – усё гэта сьведчаньне маленькіх і вялікіх дасягненяў мільёнаў людзей якія й рухаюць чалавецтва ўперад. Гэта й ёсьць тая праўда, якую мы іншы раз і ня бачым, бо прывыклі й не заўважаем яе. 

 

Выйсьце якое паказаў Юры Станкевіч у аповядзе ''Ізумрудна-зялёныя мухі'' – гэта несьвядомы рудымент эпохі ваенага камунізма. Рэвальвер... Потым рэвальвер страляе, і пасьля гэтага стрэлу герою застаецца толькі два шляхі - турма, ці захаваньне свабоды праз уласную сьмерць. Для сучаснага прагматычнага й сыстэмнага чалавека абодвы шляхі непрымальны. Таму рэвальвер непавіны з'яўляцца ў жыцёвым кантэксце сучаснага беларуса. Але ён з'яўляецца ... Аб гэтым пагаворым іншым разам. 

 

Дарэчы тыя вайсковыя істэрыіі, баевікі, знакамітае "Любэ" зь іх ''Прарвёмся'', усё гэта – замацоўваньне тага ж рудыменту-рэфлексу перыяду ваенага камунізму – гэта значыць некаму ўсё яшчэ патрэбна бязглуздае сьляпое граматная мяса.  

 

Другі аповяд Юры Станкевіча, ''Паленпак'', у ім інфантыльны, добры, разумны, чулівы герой – не вытрымлівае армейскай тупасьці й зьбягае, тым самым накіроўвае жыцьцёвую хаду ў турму. Канечне бывае й так. Але большасьць, сярод іх таксама й ітнфантыльныя, чулівыя, добрыя й разумныя, вытрымліваюць шэрасьць армейскай службы. І вытрымаўшы – вучацца, як перажыць гэтыя доўгія, бясконцыя імгненьні якія ніколі не канчаюцца, гэты армейскі мат, армейскую зьнявагу й тупасьць, і восень якая цягнецца й цягнецца, і вясна чужая для цябе, і Каханая якая прыслала апошняе развітальнае пісьмо, дзе просіць прабачэньня, і зараз, магчыма, сэксуе зь нейкім іншым, там, у вялікім Сусьвеце, дзе пануе чароўная Вясна. А побач зь табой зброя й ты можаш лёгка закрэсліць сваё пакутлівае жыцьцё ... Але ж мы гэта ўсё вытрымалі. Чаму вытрымалі? І як? Вось гэта ня толькі цікава, але й важна, як і чаму перацярпелі, выжылі й вытрымалі.

 

Загінуць заўсёды лёгка й проста. Выжыць цяжэй. Але яшчэ цяжэй выжыць, навучыцца, прыстасавацца, знайсьці мэту, прыкласьці намаганьні й нарэшце дасягнуць посьпеху. Які доўгі шлях ! І на гэтай дарозе, як важна своечасова зразумець!

 

Нам усім неабходна цьвёрда ўсьвядоміць, што песымізм заўсёды прайграе. Песыміст ніколі не абдыме ні воднай прыгажуні, бо яшчэ не пачаўшы свайго дзейства, ён ужо ня верыць у яго посьпех. Быць песымістам павінна быць сорамна! Песыміст – значыць хворы, гультаяваты, нягеглы, непрафесійны, няўмека, нявыхаваны, дурнаваты ...  

 

Слабых людзей шмат, маладых людзей, што марнуюць жыцьцё, таксама дастаткова, зірніце, як яны п'юць піва, глушаць гарэлку, брыдкасловяць на кожным кроку. Памажыце расчыніць ім вочы, усьвядоміць сапраўдныя каштоўнасьці жыцьця. Яны марнуюць свой час не разумеючы, што ў гэты момант імкліва цячэ час іхняга ня проста жыцьця, а час іх чароўнага ''супержыцьця''.

 

Фрэйд некалі адзначыў існавання ў чалавека – Звышідэала. Звышідэал існуе заўсёды ў маладосьці. У пажылы й стары перыяд жыцьця - ідэалы сыходзяць на нуль. Таму пажылыя людзі так любяць сваю маладосьць - таму што ў іх існавала адчуваньня Ідэальнага жыцьця. Гэты перыяд адчуваньня, прыкладна ад 15 да 27-34 год можна абазначыць, як ''Супержыцьцё''. Іншы раз маладыя людзі нудзяцца, таксама й у арміі, таму што яны несьвядома адчуваюць - час ''супержыцьця'' імкліва праходзіць. Тыя хто змарнаваў гэты чароўны перыяд могуць зьненавідзець увесь сусьвет і помсьціць сусьвету за свой крах ...
Якая вялікая прастора для пісьменікаў, творцаў, для таленавітых мастакоў-аналітыкаў дае ''Супержыцьцё'' маладых ..

 

...Мне здаецца, што сучасная проза павінна спалучаць акрамя ўсіх прысутных ёй якасьцяў, некаторыя іншыя маючыяся й раней, але зараз істотна ўзмоцненых: аналіз і прадбачаньне будучага, аналітычнасьць самога хода падзей. Паказ, як падзеі зьвяно за зьвяном чапляюцца адно за другім і складаюцца ў ланцуг. Распрацоўка мноства варыянтаў жыцьцёвых шляхоў якія вядуць да посьпеху ў каханьні, у працы, у палітыцы, праз цяжкасьці, пераадоленьня, усьведамленьня .... Ствараць смак да жыцьця. Існуючая ў беларусаў памяркоўнасьць, талерантнасьць, добразычлівасьць, гумар павінны стаць мацнейшай дамінантай характара нашых герояў. У любой вострай сытуацыіі нашы героі дзякуючы гумару, аптымізму, памяркоўнасьці дасягаюць станоўчых вынікаў .  

Жыцьцёвая ватэрлінія існуе, але не абазначана словамі. Нашыя таленавітыя празаікі ў асноўным вывучаюць жыцьцё ніжэй ватэрлініі. Зусім не вывучаюць пераход зьнізу ватэрлініі наверх і жыцьцё наверсе. Існаваньне наверсе, якое мог бы добра паказаць такі здольны, таленавіты, які, як мне здаецца, добра ведае што гэта такое - якаснае жыцьцё-, такі мастак як Адам Глёбус. А які можна напісаць раман ...
Людзі хочуць ведаць, што такое шчаслівае жыцьцё, хочуць шчасьця, імкнуцца да шчасьця ... і часта ня ведаюць, што гэта такое, бо ва ўласнай сьвядомасьцьці, у сваім уяўленьні жывуць ніжэй ватэрлініі, дзе змрочна, безсэнсоўна, нецікава, дзе адмоўныя пачуцці валадараць зь раніцы да ночы, дзе чуйныя й эмацыянальныя гінуць у першаю чаргу ...  
 
 
г.Менск. 18 кастрычніка 2001 г. К. Травень Артыкул друкаваўся ў "Нашай Ніве" у №46 12.11.2001 г.
 

Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (22.03.2011)
Просмотров: 823 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024