Сайт Міхася Южыка Четверг, 25.04.2024, 03:49
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Марыя Верціхоўская: “Пабакі… Што ёсць пабакі ў нашым жыцці?..”


Мы геніяў не слухалі ніколі.
Ці не таму асот буяе ў полі
І множыцца напасцяў злых клубок?..

Зміцер Марозаў



Ды не пра воўка памоўка!

Пабакі… Загадкавае слова. У слоўніках не зафіксавана. Карціць дазнацца сэнсу. У якасці назвы твора спрацоўвае бездакорна: і рэдактара прымусіць у рукапіс зазірнуць, і чытача ці крытыка – вокладку адгарнуць.
Адгорне чытач, сфарміраваны на рэалістычным адлюстраванні рэчаіснасці, – і будзе ашаломлены аўтарскім "самаўпраўствам” і вольнасцю ў стасунках з яго вялікасцю Часам. Падзейныя і часавыя зрушэнні ў творы ўскладняць яму ўспрыманне зместу і задумы.
Чытач-дэшыфратар будзе кайфаваць – тут яму і печкі і лаўкі: будзе што і расшыфроўваць і разблытваць.
Адгорне крытык, чытач кваліфікаваны, – фантасмагарычнасць і шматзначнасць такому не перашкода. Наадварот, яму тут добрая паша: ёсць што аналізаваць.
Мнагазначнасць любога твора апрыёры прадугледжвае неадназначнасць яго ўспрымання. Аднак нешматлікія спробы аналізу "Пабакаў”, што публікаваліся ў перыёдыцы, часам выклікаюць, так бы мовіць, недаўменне.
Ці то крытыкі няўважліва прачыталі аповесць, ці то яны наўмысна стараліся замаскіраваць сваё прачытанне агульнымі фразамі, ці то па іншых прычынах (да прыкладу, праз рэдактарскія "скарачэнні”), але ў прапанаваных аналізах "Пабакаў” вынікала шмат неўразумелага і таго, што можна аспрэчваць.
Пры аналізы памфлету-фантасмагорыі "дэшыфратар” проста абавязаны называць рэчы сваімі імёнамі. У такой сітуацыі, акрамя аналітычнага майстэрства, патрабуецца элементарная… смеласць. У школьным аналізе няяснасць і эзопаўская мова проста непрымальныя.
Пры аналізе "Пабакаў” мы пакарыстаемся некаторымі высновамі літаратуразнаўцаў. Зусім не для таго, каб паразумнічаць ці выцяць шаноўных крытыкаў. Іх высновы спатрэбяцца нам у якасці штуршка, каталізатара. Штуршковае пры здзяйсненні пошукавага, эўрыстычнага аналізу (менавіта такога патрабуе аповесць "Пабакі”) – адна з найважнейшых умоў.


Перачытайма разам

У "Пабакаў” – дваццацігадовы юбілей. Важкая нагода, каб перачытаць яе. Напісана ў 1990 годзе, а пісалася ў час, пазначаны разбурэннем сусветнай сацыялістычнай сістэмы, падзеннем Берлінскай сцяны (1989 г.), катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (1986 г.)
Аповесць прасякнута трывогай і прадчуваннем таго, "што і наш Горад будзе некалі змыты, як змыты многія квітнеючыя гарады <…> што мы наклічам на сябе яшчэ большыя беды…» 
Горшыя прадчуванні спраўдзіліся: Белавежскія пагадненні (1991 г.) засведчылі, што СССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе існаванне. На друзачкі распалася магутная імперыя, супердзяржава, якая, здавалася, будзе вечнай.
Пісьменніку-фантасту давялося на свае вочы пабачыць усё тое, аб чым ён папярэджваў і адначасова перасцерагаў, як і яго герой рамана пра адаманаў, "не халодным чарнілам, а вобразна кажучы, крывёю палкага чэснага сэрца”. Аднак грэшнік дайшоў да такой стадыі вар’яцтва, што не толькі забыўся "пра дом свой”, але і разбурыў яго. Выпеставаў і разгадаваў гадаманаў да памераў пабакаў, і тыя праз падземныя сутарэнні выніклі перад ім. І ўжо пагражаюць вынішчэннем не толькі яму, грэшніку, але і ўсяму Гораду.


Дазвольце не дазволіць

Крытык N піша: "Дзеянне ў аповесці В.Гігевіча разгортваецца ў недалёкай будучыні і займае невялікі, дакладна акрэслены прамежак часу: з 10 студзеня 1999 г. да 16 верасня 2002 г.”
Разбяромся. Аўтар здзяйсняе спробу прасачыць хроніку жыцця Горада ад самай старажытнасці, калі людзі, аб’яднаўшыся, пачалі будаваць яго, тым самым распачаўшы "доўгі шматвяковы ланцуг падзей”. Дзеля гэтага пісьменнік "даручае” аднаму са сваіх герояў пагартаць летапісы. І той дазнаецца, што "ў трынаццатым стагоддзі наш Горад быў сталіцаю вялікай дзяржавы, што мела выхады да Чорнага і Балтыйскага мораў, у чатырнаццатым дзяржава распалася, Горад быў разбураны і спалены, а ў пятнаццатым зноў адбудаваны <…> Межы нашай дзяржавы перакройваліся не раз і не два”.
Аднак пісьменнік павялічвае відарыс свайго мастакоўскага даследавання толькі на "тыя звёны доўгага шматвяковага ланцуга падзей”, дзе гэты ланцуг можа лёгка разарвацца. Толькі разрыў, паводле пісьменніцкага светаўспрымання, пагражае Гораду знішчэннем. Параўнаўшы Горад з жывым арганізмам, пісьменнік выказвае трывожную здагадку: "ці не надышла тая пара, калі Горад пачне адміраць, як адмірае ўсё жывое?..”
Перадусім зазначым, што месцам дзеяння ў аповесці з’яўляецца Горад. Вобраз Горада сімвалічны, а значыць, прадугледжвае неадназначнасць яго ўспрымання.
Так крытыкам N ён успрымаецца "сімвалам сучаснай тэхнакратычнай цывілізацыі”.
Сапраўды, аўтарскае стаўленне да НТП і, у прыватнасці, да ўрбанізацыі рэзка адмоўнае: вучоныя "дзеля насалоды пазнання разбурылі чалавека назусім, як фізічна, так і маральна, бо ўсе іх адкрыцці – толькі дзеля таго, каб аплесці чалавека яшчэ большым павуціннем насалоды”. І найперш Горад спрыяе разбурэнню чалавека.
Аднак такое, як у крытыка N, успрыманне сімволікі вобраза няпоўнае. Горад – гэта і наша Беларусь у пэўныя перыяды яе існавання ў складзе СССР. Абсурднасць рэальнасці ў "Пабаках” створана не адной толькі аўтарскай фантазіяй, як лічыць крытык N, але і засведчана пяром летапісца. Многае з напісанага лёгка накладваецца на нашы нацыянальныя рэаліі.
Так у апісанні мітынговай дзейнасці партыі ФБП (фронт барацьбы з пабакамі) лёгка пазнаецца БНФ. Відавочная паралель паміж лідэрам ФБП Пазновым і лідэрам БНФ З. Пазняком. Топас Горада ў многім вызначаецца і тапанімічнымі рэаліямі нашай сталіцы.
Безумоўна, многія з апісаных В.Гігевічам з’яў і падзей з’яўляюцца інтэрнацыянальнымі. У кантэксце аповесці сімвалічны сэнс набывае і такая дэталь: "Машыніст метрапалітэна Шульга Іван Кузьміч сутуліўся на рагу вуліцы інтэрнацыяналістаў…” Такое ці падобнае адбывалася напрыканцы існавання СССР не толькі ў нашай Беларусі, але і ў іншых савецкіх рэспубліках. А ўжо "пабакаўшчына” – бяда сусветная, ад яе не знайшлі паратунку ці дзейсных сродкаў ні ў адной краіне.


Кожнаму брату – па дукату

В. Гігевіч не столькі паказвае "перыяд распаду” Горада, колькі даследуе прычыны і вынікі магчымага знішчэння Горада. Паводле пісьменніцкага светабачання пачатак канца прыпадае на час пасля Залознага. Відавочная сугучнасць прозвішча гэтага верхавода (тут і далей пакарыстаемся словам Янкі Сіпакова) са словам "жалезны”. У аповесці Залозны [Сталін] згадваецца толькі аднойчы. Пацыент вар’ятні піша: "Ужо на маёй памяці Садковы абвінаваціў Залознага ў дыктатуры і кульце асобы, абвясціўшы новы курс партыі на развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу. Садковы за 20 гадоў кіравання сам стварыў культ, абвешаўшы грудзі ўсімі магчымымі ўзнагародамі і наставіўшы на плошчах і вуліцах сваіх скульптур”.
Зафіксуем сваю ўвагу на такой "недакладнасці” ў дзённіку пацыента вар’ятні: у дыктатуры і кульце асобы абвінаваціў "Залознага” Хрушчоў на XX з’ездзе КПСС у 1956 годзе. Грудзі ж абвешаў усімі магчымымі ўзнагародамі, як пра тое засведчана і ў фальклоры, Брэжнеў.
Пасля смерці Залознага ў Горадзе валадарыла шмат верхаводаў. І, вобразна кажучы, аўтар раздаў кожнай сястрыцы па завушніцы, кожнаму брату – па дукату. Усе верхаводы, кожны па-свойму, добра-такі пашчыравалі, каб наблізіць трагедыю Горада. А пацыент вар’ятні ў сваім досведзе капае яшчэ глыбей: "я думаю, што некалі заснавальнікі партыі Вышэйшай справядлівасці, аб’явіўшы атэістычныя запаведзі, наважыліся правесці над гараджанамі найскладанейшы эксперымент”.


Аповесць з ключом

Аднак найбольшы рахунак за ўчынак і яго наступствы (нарэшце пабакаў, "іх вольнае жыццё ў Горадзе”) аўтар прад’яўляе верхаводу Вольнаму У.Х. – Генеральнаму сакратару ПВС: "На апошнім з’ездзе партыі старога нямоглага Садковага, які ўжо ледзь-ледзь перастаўляў ногі і, шамкаючы ўстаўнымі зубамі, не мог вымавіць слова "плюралізм” – Садковы звычайна гаварыў "плюалізьм” <…> знялі з трэскам за адхіленне ад генеральнай лініі партыі, а яго месца заняў Вольны, які адразу ж на арганізацыйным пленуме партыі аб’явіў рашучую барацьбу цемрашальскаму застойнаму часу, калі праяўляліся свабода, брацтва, плюралізм…”
Аповесць належыць да гэтак званых твораў "з ключом”. У Садковым зноў лёгка пазнаецца Брэжнеў. У Вольным – Гарбачоў, які ўзначаліў працэсы гэтак званай перабудовы і галоснасці.
У прыведзенай цытаце (яна ўжо з устаўных аповедаў пра гарадскія будні) зноў "блытаніна”, зноў аўтарскае зрушэнне падзей і часу. Брэжнева не знялі з трэскам – ён памёр. Пасля яго да "Вольнага” былі Андропаў, Чарненка.

1. Выразна прачытваецца ВКП (б) і яе пераемніца – КПСС.
2. Грамадзяне, насельнікі СССР

Але найбольшая пісьменніцкая ўвага – гарбачоўскаму перыяду ў гісторыі СССР.
Гэты перыяд у многім абумовіў, "падрыхтаваў” "ліхія дзевяностыя”. Яны перакроілі палітычную карту свету, перадусім сцёршы з яе супердзяржаву з абрэвіятурнай назвай СССР.
Такім чынам, у аповесці "Пабакі” адлюстраваны падзеі і з’явы, сучасныя аўтару. Яны былі яшчэ на яго памяці ці ўжо разгортваліся перад ім і ўсімі яго суайчыннікамі. Перад усімі, каму было наканавана жыць напярэдадні і ў час вялікіх пераменаў – моцных сацыяльных і палітычных зрушэнняў.
Воляй жа аўтара апісаныя падзеі перанесены ў недалёкую яму будучыню: апошні год другога тысячагоддзя і першыя няпоўныя гады трэцяга.
Проста цікава дазнацца прычын такога аўтарскага "самаўпраўства”, такога вольнага абыходжання з часам і гісторыяй.
У кантэксце твора Горад успрымаецца як сімвалічны вобраз дзяржавы. Той дзяржавы, у якой жылі бацькі і дзяды сучасных адзінаццацікласнікаў – Савецкі Саюз. Адначасова гэты ёмісты сімвал увабраў у сябе і некаторыя рэаліі будучай новай краіны, у якой нарадзіліся ўжо яны, юныя беларусы, – Рэспублікі Беларусь.


Мазаічная фрагментарнасць

У аповесці "Пабакі” няма звыклага для эпічных твораў падзелу на часткі, раздзелы. Аднак у яе будове выразна вылучаюцца тры кампаненты.
Першы – фрагменты з "Запісной кніжкі пацыента гарадской псіхіятрычнай бальніцы”, якія тройчы ўведзены ў твор.
Першы фрагмент выконвае ролю своеасаблівага пралога. Аўтар запісаў сведчыць, што "жыццё (Горада) непрыкметна ператвараецца ў калектыўнае вар’яцкае трызненне”, што некаторыя гараджане адчайна спрабуюць супрацьстаяць пабакам, але "можа так здарыцца, што і наш Горад будзе змыты…”
Аўтар нататкаў спрабуе весці "хроніку жыцця Горада… бо хоць штосьці ды павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне”.
Другі фрагмент уяўляе сабой філасофскі роздум пра сутнасць і наступствы "найскладанейшага эксперымента”, які некалі наважыліся правесці над гараджанамі заснавальнікі ПВС: "І нарэшце, як нечаканы непрадказальны вынік усяго гэтага, у Горадзе з’явіліся пабакі…”
Трэці фрагмент выконвае ролю эпілога. Чытачу нарэшце адкрываецца таямніца ў лёсе аўтара летапісу, прычына яго знаходжання ў вар’ятні. Пасля ўсяго прачытанага становіцца зразумела, што безыменны пацыент вар’ятні насамрэч адзін разумны чалавек у Горадзе.
Асабліва настойлівы летапісец у сваім перакананні, "што бязвер’е і бяспамяцтва – самы прасцейшы і надзейны сродак загубіць чалавека <…> што нам трэба ведаць і памятаць гісторыю, што дзеля сённяшняй выгоды мы не павінны праклінаць бацькоў і дзядоў, якімі б яны ні былі <…> бо і мы грэшныя, бо тады і нас дзеці пракінаць будуць…”
Палымянасць, публіцыстычны пафас дзённікавых запісаў скіраваны на папярэджанне, перасцярогу ад новай трагедыі. Яна будзе нашмат страшнейшай нават за пабакі, што ўжо валадараць у горадзе: "мы наклічам на сябе яшчэ большыя беды…”


Прамова фактамі

Другі кампанент – шматлікія службовыя запіскі з газетных артыкулаў, сакрэтныя дакументы для службовага карыстання, фрагменты навуковых артыкулаў і аўтарэфератаў дысертацый і іншых афіцыйна-справавых папер. Гэта – "прамова фактамі” пра тое, як верхаводамі і іх хаўруснікамі на самым высокім гарадскім, г.зн. дзяржаўным узроўні планаваліся і рыхтаваліся спрыяльныя ўмовы для нашэсця пабакаў. Ды што там "планаваліся”! Пабакі "выведзены” па загадзе верхаводаў дагодлівымі служкамі. Вар’яцкімі метадамі шляхам вар’яцкага эксперыменту планавалася Homo Sapiens перайначыць у Homo Futurus (чалавека будучага з новым мысленнем і новымі каштоўнаснымі арыенцтрамі). У выніку – артымаўся Homo Pabakus (чалавек пабакскі).
"Вынаходства” прыпала якраз на часы верхаводства Вольнага У.Х. і абярнулася непрадказальнымі наступствамі.


«Видел я, как зло красиво»

Фантастычнымі і сатырычнымі сродкамі пісьменнік адлюстраваў падзеі і з’явы, што адпавядаюць перыяду перабудовы і галоснасці. Стаўленне пісьменніка да перабудовы відавочнае.
І ў рамане "Кентаўры” праз вобраз вучонага Федарчука ён назаве працэсы перабудовы "дэмакратычна-рэвалюцыйнымі гульбішчамі”, да якіх ніхто, асабліва маладыя, не быў падрыхтаваны: "хмялеючы, трацячы розум ад галоснасці і перабудовы, мы пачнём праклінаць адных і ўслаўляць другіх, каго толькі яшчэ пракліналі”.
Парадаксальна, што ў зносках-каментарыях (прыём таксама характэрны для В. Гігевіча) аўтар, як той вясковы мудрагель, маскіруе сваё стаўленне: "Адкуль у душы Федарчука такі песімістычны позірк на працэсы перабудовы? Асабіста я гляджу на сучасныя працэсы ў грамадстве больш аптымістычна, я – за перабудову і новае мысленне”. Пра тое ж самае яшчэ ў адной зносцы: "Ну, па-першае, я змушаны заўважыць, што тут Федарчук крыху перагібае палку, робячы нападкі на працэсы перабудовы і галоснасць”.
Чытач разумее, што аўтар так "падстаўляецца”, каб давесці, наколькі ж прыцягальным, прывабным для абывацеля было ўсё тое, што сеялася і насаджвалася Вольным. Пра парадаксальнасць успрымання замаскіраванага зла выдатна сказаў расійскі паэт М.Ямелін.

Видел я, как зло красиво,
Как занудливо добро.

Безыменны пацыент вар’ятні таксама сведчыць пра тое ж самае: "Як толькі Вольны заняў месца Садковага, ён заявіў, што гады кіравання Садковага – цёмны, застойны час і вось толькі цяпер, пад яго вольным кіраўніцтвам, заквітнее ў Горадзе сапраўднае жыццё”.
У аповесці "Пабакі” пісьменнік узмацніў сатырычны акцэнт пры адлюстраванні падзей. Увогуле, сімбіёз фантастычнага і сатырычнага заўжды асабліва эфектыўны пры выкрыцці сутнасці той з’явы, якая супярэчыць яе знешняму вобліку. Ім выяўляецца нежыццяздольнасць, замаскіраванасць, шкоднасць і небяспечнасць з’явы. Фантастыка і сатыра атакуюць зло замаскіраванае і зрываюць з яго маску.
Выкрыццё захадаў верхаводаў Садковага і Вольнага, а таксама іх "каманды” – фантасмагарычнае. Бо і яны, іх справы, і ўсё жыццё, закручанае імі ў вар’яцкі вір, нагадвае "калектыўнае вар’яцкае трызненне”. У народзе пра такое кажуць: свет перавярнуўся!
Свет кульнуўся і зрушыў са звыклых месцаў усё спаконвечнае, ссунуўшы, лепш бы мовіць, зрушыўшы ўсе падзеі, з’вы, усіх садковых-грозных-вольных, нават іх часавую прыналежнасць да аднаго часу – напрыканец другога тысячагоддзя і самы пачатак трэцяга. У тым часе, паводле пісьменніцкай празорлівасці, і будуць валадарыць пабакі. Як у ваду глядзеў: ліхія дзевяностыя спраўдзілі самыя горшыя прадчуванні пабудцы.


Вольнаму – воля, Садковаму – рай

Вобразы Генеральных сакратароў ПВС Садковага А.П. і Вольнага У.Х., старшыні КГС (камітэт гарадскога спакою, выразная паралель з КДБ) Грознага У.Х. (звяртаюць на сябе ўвагу аднолькавыя ініцыялы) – сатырычныя і, так бы мовіць, зборныя. Ад Залознага да Вольнага было некалькі верхаводаў, але для аўтара "Пабакаў” усе яны – Садковыя. Пры некаторых іх нязначных адметнасцях сутнасць у іх адна: аднаго поля ягады, "дрэвы” з аднаго саду. Усе яны шмат пастараліся, каб разбэсціць народ: выпусцілі на волю "адкрытых” пры іх і пад іх "мудрым кіраўніцтвам” гадаманаў – адаманаў (раман "Не забывай пра дом свой, грэшнік”) падрыхтавалі глебу для прышэсця пабакаў.
Вобраз Вольнага У.Х. таксама ўвабраў у сябе ўсіх верхаводаў, якія спрычыніліся да пабакаўшчыны. Справядлівым будзе і такое прачытанне "гаваркіх” прозвішчаў: зло, пасаджанае садковымі, забуяла і закаласілася тымі ж Белавежскімі пагадненнямі 1991 года. Такая асацыяцыя – не параўнанне, а толькі паралель.
Аповесць "Пабакі” – памфлет, "сатиры злой звенящая строка».
Мэта і пафас памфлету – выкрыццё ў рэзкай, экспрэсіўнай форме палітычных з’яў ці поглядаў і спраў рэальных гістарычных асоб. Аповесць "Пабакі” адпавядае жанру памфлета.


Фрагменты будняў

Трэці кампанент – пяць украпаных у тэкст аповедаў, якія забяспечваюць яму арганічную цэласнасць. Умоўна іх можна аб’яднаць агульнай назвай – "фрагменты гарадскіх будняў”.
Першы аповед – пра супрацоўнікаў лабараторыі №8 Інстытута генетыкі, у прыватнасці пра групу кандыдата біялагічных навук Зоськіна. Група праводзіла эксперымент над пацукамі, але па віне шараговай супрацоўніцы, "тыповай гараджанкі” Марачковай Тамары Іванаўны "адбылася ўцечка генетычнага матэрыялу”…
Другі і чацвёрты аповеды – пра работнікаў метрапалітэна, якія першымі ўбачылі незвычайных стварэнняў: не то сабакі, не то пацукі. Машыніст Шульга Іван Кузьміч нават перадаў па радыёсувязі: "У раёне Інстытута Генетыкі… паявіўся прыблудны сабака. Прыміце меры”.
Аповесць спрэс саткана са знакаў і сімвалаў. У кантэксце парабалічнага твора сімвалічны сэнс набываюць не толькі сітуацыі і вобразы, але і дэталі, штрыхі, аўтарскія заўвагі. І сітуацыя, і дэталь "Прыміце меры” – з гэтага шэрагу. Начальства прыняло меры: сабрала на сход і зрабіла належныя захады, каб заспакоіць людзей.
Трэці і пяты аповеды – пра настаўніцу біялогіі дваццатай гарадской школы Сцёпкіну Зінаіду Пятроўну. У час прагулянкі на яе любімага сабаку Жуля напалі пабакі – ад Жукля не засталося і следу. Выратавальным у такім вялікім "горы” стала парада сяброўкі Анжэлікі: замест Жуля ўзяць сабе маленькага пабаку. Не трэба баяцца, запэўнівала сяброўка: многія жанчын горада ўжо жывуць з пабакамі… Чым такая парада вынікла, паведамлялася потым у СМІ.


Эфект мудрагеля-блазна

Устаўныя аповеды вылучаюцца дысанансам зместу і формы. Рэальнасць, створаная і фантазіяй аўтара, і адначасова засведчаная пяром летапісца, жахлівая, даведзеная да абсурду. Манера ж аповеду старонняя, абыякавая, інфернальная.
Быццам нейкі злоснік-папарацы невідзімкай пранік у звышсакрэтную лабараторыю, у працоўны асяродак і нават у прыватнае, інтымнае жыццё адзінокай "інтэлігенткі”-біялагіні, а потым усё зафіксаванае бяздумнай відэакамерай без аніякіх каментарыяў выклаў у Інеце: любуйцеся!
Аднак эфект такой неадпаведнасці зместу і формы ашаламляльны. Умоўна яго можна назваць эфектам мудрагеля-блазна. Усё той падцікуе, пра ўсё дазнаецца, а потым раскажа гурту суседзяў. І не цісне на разявак ні довадамі, ні вывадамі, маўляў, я – не я і хата – не мая: хочаце верце, хочаце – не.
Пра адну са сваіх гераінь Марылю Філіпкаву (раман "Кентаўры”) сам аўтар захоплена ўсклікне: "Умела, ох умела Філіпкава навіну падаць!” Такой жа ўхвалы заслугоўвае і ананімны "папарацы” з "Пабакаў”.
Украпаныя аповеды – сапраўдная пісьменніцкая ўдача, бездакорны прыём выяўлення рэакцыі "тыповых гараджан” на абсурдную рэальнасць і дачынення, "вінаватасці” за тое, што здарылася.
Уражвае бяспамяцтва, бяздумнасць і неабачлівасць гараджан, якія "на рабоце толькі тым і займаліся, што крытыкавалі Садковага і варажылі, чым скончацца новаўвядзенні Вольнага. У Горадзе казалі, што некаторыя веруючыя нават свечкі ў царкве ставілі за здароўе Вольнага”. Ён зацьміў сабой усіх тэлезорак. Жанчыны "ўрэшце адчулі, што сум скончыўся і цяпер пачынаецца новае жыццё”. Усе спадзяваліся, што жыццё будзе лепшым: "няўжо пры брацтве і новым плюралістычным мысленні людзі павінны жыць кепска?”
Зусім не фантазіяй аўтара, як даводзіць крытык N, створана такая абсурдная рэальнасць: у аповесці безліч рэалій, якія адпавядалі перыяду перабудовы. Тыя рэаліі яшчэ на памяці некаторых людзей (большасць на іх забылася, як і на ўсё астатняе): бясконцыя чэргі за прадуктамі і таварамі першай неабходнасці; несупынныя "плюралістычныя” тэледэбаты; шаманства розных экстрасэнсаў з экрана тэлевізара. У дадатак актывізаваліся гэтак званыя сексменшасці, на самы подыум забраліся секс і парнаграфія, якіх, як лічылася і аб’яўлена свету, у нас не было… Жанчыны аддалі перавагу "агрэсіўным і дужым” пабакам, пачалі жыць з імі і нават шлюбавацца…
Часам сам "папарацы” спрабуе асэнсаваць тое, што фіксуе яго "камера”: "Чаму так было? Цяжка сказаць… Магчыма, то было з-за таго, што…” Марна напружваецца: ён – частка абсурду, такі ж, як усе – "тыповы гараджанін”. У мове апавядальніка ўгадваецца асоба таго ж узроўню культуры, "новага мыслення”, якія ўласцівыя ўсім яго сапляменнікам. Аўтарская заўвага ("На вялікі жаль, у большасці людзей гэтая здольнасць [прадбачыць будучае, як пабакі] атрафіравана”) выконвае ролю прысуду і несуцяшальнага дыягназу.
Менавіта такому апавядальніку аўтар "даручае” данесці да ўсіх тое, што сапраўды створана ўжо і яго фантазіяй. Пра эксперымент з пацукамі і яго непрадказальныя вынікі чытач дазнаецца ад ананімнага "папарацы”.


Як чалавечы фактар павысіў "прадукцыйнасць працы”

Каб ямчэй было сарваць маску са зла, аўтар віртуозна скарыстоўвае прыём абыгрывання слоў, выразаў, фраз. Да прыкладу, абыгрываецца "афарызм” Вольнага пра тое, што "чалавечы фактар павышае прадукцыйнасць працы”.
Гэтак званы "чалавечы фактар” адыграў фатальную ролю ў гісторыі з пабакамі.
Тамара Іванаўна Марачкова, шараговая супрацоўніца звышсакрэтнай лабараторыі Інстытута генетыкі, памылкова зліла ў каналізацыю не чырвоны спажыўны раствор, а раствор з першаснымі клеткамі пабакаў.
Памылка вынікла праз спрэчку з сяброўкай. Тая даводзіла, што "жонка Вольнага надта ўжо расперазалася, часта выступае па тэлевізары, дэманструе гараджанам кожны раз новую сукенку, усюды з мужам раз’язджае”. (Чытач пазнае тут слынную Раісу Максімаўну Гарбачову. У "Блуканні па іншасвеце” Янкі Сіпакова гэтая асоба будзе фігураваць пад імем "Грайка”, якую ў народзе проста называлі Райкай).
Марачкова пачала горача аспрэчваць такія абвінавачванні. Усхваляваная спрэчкаю з "застойнай, кансерватыўнай” сяброўкай, апомнілася толькі тады, калі ў руцэ заўважыла колбу з чырвоным растворам, а колбу з эмбрыёнамі – пустой. "Штосьці як бы ўкалола Тамару Іванаўну, нейкае нядобрае прадчуванне – успомніўся рэжым сакрэтнасці…”
Канчаткова супакоілася толькі пасля таго, як даспрачалася з сяброўкай, хуценька выгаварыўшыся, што ўсе жанчыны проста зайздросцяць жонцы Вольнага, бо іхнія мужы нікуды іх з сабою не бяруць, "а вось Вольны бярэ. Хоць свет жанчына паглядзіць, не тое, што мы…”
Так "чалавечы фактар” насамрэч "павысіў прадукцыйнасць працы” звышсакрэтнай лабараторыі.
У памфлеце-фантасмагорыі "Пабакі” спалучаны неаднародныя ў жанрава-стылёвых адносінах тэксты. Спалучыўшы неспалучальнае, пісьменнік выявіў не толькі сваё непрыманне абсурду сучаснай яму рэчаіснасці, але і празорліва папярэдзіў пра "яшчэ большыя беды”.
Не ўсвядоміць пісьменніцкага разумення "яшчэ большых бедаў” – не пачуць галашэння пабудцы.


"Суб’ектыўны фактар” і цьютарызацыя

У аповесці сапраўды, як даводзіў і крытык N, няма галоўнага героя, што адпавядаў бы аднайменнаму тэрміну. (Тэрмін мае толькі адно агульнапрынятае значэнне і выключае розныя яго тлумачэнні).
Затое ў аповесці ёсць скразны вобраз пабакаў. Усе кампазіцыйныя кампаненты так ці інакш вызначаюцца гэтым вобразам, ім жа нітуюцца ў арганічнае цэлае – змест. Яго лапідарна можна вызначыць так: пабакі пагражаюць Гораду знішчэннем.
Паводле зместу, гісторыя пабакаў пачалася з таго, як акадэмік Акеадэміі Горада Зоркін З.А. накіраваў службовую запіску Генеральнаму сакратару ПВС Садкову А.П. У ёй даводзілася пра поспехі і станоўчую ролю НТП у жыцці гараджан, пра сутнасць навуковых распрацовак. Яны дазволяць перайсці на "псіхатропнае і лептоннае ўздзеянне на гараджан, якога яны не адчуваюць фізічна”. У выніку такога ўздзеяння стануць магчымымі "новыя спосабы фарміравання светапогляду ў падрастаючага пакалення з дапамогаю тэлебачання, радыёперадач, пад гіпнозам – дарэчы, гэтыя спосабы дазваляюць рэзка скараціць штаты настаўнікаў і тым самым пазбегнуць ролі суб’ектыўнагпа фактару ў выхаваўчым працэсе…”
Перавядзём дух і адумаемся. Дык сёння прадказанне фантаста спраўдзілася! Сёння настаўнік ператварыўся ў лабаранта, які адно, як робат, націскае кнопкі на пульце, прымаючы "сігналы” паводле сумнавядомай сістэмы, а пры тэсціраванні – стобальнай. Паспрабуй правер "функцыянальнасць” такога "робата” на выхадзе – пры паступленні ў ВНУ. Такому "настаўніку” і найменне знайшлі: цьютар! І правільна: настаўнік страціў сваю адвечную функцыю – настаўляць. "Суб’ектыўны” фактар”, неабходны ў працэсе настаўлення на духоўнасць, – зліквідаваны пад корань, бо не адпавядае круцізне гэтак званых найноўшых педтэхналогій. А хто х цьютараў недасканала націскае на кнопкі ці ўздумае цырыкнуць за пультам, узгадаўшы пра былы "суб’ектыўны фактар”, – вон з храма ведаў!
Пэўная доза прыроднага, а не штучнага інтэлекту цьютарам усё-такі патрэбная: каб напісаць горы хітрамудрых папер, бо ніякі камп’ютэр з такой функцыяй не справіцца. Дзеля чаго? Каб замаскіраваць спланаванае вар’яцтва?

 

 

 

Кожнаму – сваё

Але вернемся да Зоркіна З.А. Чым яшчэ ён збіраецца ашчаслівіць гараджан?
Зоркін інфармуе апарат ПВС, што ў самім факце магутнага мутацыйнага выбуху (пачасціліся выпадкі нараджэння сіямскіх блізнят, трохвокіх і трохрукіх) "не выключаецца і станоўчая перспектыва – у трэцім тысячагоддзі новай эры можа паявіцца новы від чалавека – Homo Futurus (чалавека будучага)”.
Зоркін даводзіць, што такое магчыма ў выніку рэзкіх капіталаўкладанняў у фундаментальныя даследаванні па ўздзеянні НТП на генетычную структуру чалавека, "загадзя прымаючы за аксіёму, што генетычны код чалавека можа змяніцца незваротна”.
Вось так! У мэтах вывядзення Homo Futurus Зоркін прапануе стварыць закрытую ўстанову – Інстытут генетыкі, у якім і будзе праводзіцца эксперымент. Для яго чысціні Зоркін прапануе "стварыць шэраг спецыфічных умоў для кантрольнай групы”: тэрмінова за межамі Горада павінны быць створаны падсобныя гаспадаркі, адкуль кантрольнай групе будуць пастаўляцца чыстыя натуральныя прадукты без пестыцыдаў і кансервантаў. За межамі Горада павінны быць створаны спецыяльныя закрытыя зоны адпачынку. Сувязі паміж імі і Горадам будуць наладжаны спецсамалётамі, верталётамі. Кантрольная група насельніцтва асноўную частку сутак зможа праводзіць за межамі Горада, дзе склад паветра і іншыя ўмовы рэзка адрозніваюцца ад умоў у зонах адпачынку.
Для чысціні эксперыменту Зоркін прапануе засакрэціць таксама і спісы кантрольнай групы. У спісы ён прапануе ўключыць апарат ПВС, кіраўнікоў Гарадскога Савета, "якія выконваюць мудрыя рашэнні ПВС”, апарат КГС, а таксама кіраўнікоў галоўных службаў Горада і апарат Акадэміі Горада. Вучоным жа патрэбная дакладная і аб’ектыўная інфармацыя аб стане эксперымента і эксперыментаваных. Спіс кантрольнай групы дадаваўся на 50 старонках.
Да асноўнага спісу дадаваўся і спіс групы, у якую ўвайшлі ўсе сямейнікі: жонкі, мужы, дзеці, дзяды і бабулі, бо вучонымі даказана, што сям’я – суцэльная біясацыяльная сістэма: "нават часовы распад яе прыводзіць гэтую сістэму ў нестабільны стан”. Родзічы і сваякі па больш далёкай лініі ў спіс не ўключаліся, бо гэта магло прывесці да непажаданай уцечкі інфармацыі.
Садкоў не толькі адобрыў палажэнні службовай запіскі прэзідэнта Акадэміі Горада, але спусціў дырэктыву старшыні Гарадскога Савета Грушкіну І.Г.: у гарадскім бюджэце знайсці і выдзеліць сродкі для забеспячэння эксперыментаванай групы ўсім неабходным. Спіс жа кантрольнай групы прыкладаўся ўжо на 100 старонках.
Сакратару партыі па ідэалагічнай рабоце з насельніцтвам Горада Мішкіну Т.А. было загадана "не дапусціць уцечкі інфармацыі аб стварэнні кантрольнай групы і ўмоў яе жыцця”. Усіх жа гараджан – забяспечыць рок-музычнымі і іншымі відовішчамі; фарміраваць перадавое гарадское мысленне; абвясціць "пра наступленне новай эры чалавечых адносін, якая пачнецца пасля доўгачаканага двухтысячнага года. Сутнасць гэтых адносін – абсалютная свабода, брацтва, плюралізм”.


Асадзі назад!

Пра той жа перыяд з гісторыі Горада ўжо згаданы "папарацы” пасведчыць з уласцівай яму інфернальнасцю:
"Шмат, шмат мерапрыемстваў арганізоўваў і праводзіў ідэалагічны аддзел ПВС, але ўсе яны, як і штодзённая работа, хутка прыядаліся, станавіліся сумнымі. Мо так было таму, што гараджане здагадваліся, што кіраўнікі ПВС даўно жывуць сваім замкнутым жыццём, дзе ёсць натуральныя прадукты, закрытыя зоны адпачынку, чорныя легкавыя аўтамабілі з вадзіцелямі, які возяць жонак і дзетак. Многія гараджане ўступалі ў ПВС толькі для таго, каб трапіць у тое замкнутае жыццё, а заадно дабіцца высокіх пасад і званняў, якіх маглі дабіцца толькі члены партыі. Слухаючы гучныя словы пра роўнасць, брацтва і справядлівасць, гараджане бачылі іншае жыццё, але ўслых пра гэтую несправядлівасць мала хто гаварыў, бо ў Горадзе меўся Камітэт гарадскога спакою, службовыя будынкі якога высіліся ў цэнтры Горада побач з будынкамі ЦК ПВС. У штаце КНС была процьма спецагаў, якія хутка дакладалі начальству аб парушальніках Закона аб гарадской бяспецы. Кожны гараджанін ведаў, што пры парушэнні Закона... ён тут жа страціць, а то не атрымае павышэнне па службе, а то – чаго добрага – апынецца ў турме ці псіхіятрычнай бальніцы”.
Пераказаны фрагмент і прыведзеная цытата ў поўнай меры адпавядаюць усім крытэрыям такога складніка сюжэта як завязка (некаторыя крытыкі лічаць, што ў аповесці няма ні галоўнага героя, ні сюжэта). Пісьменнік стварае сітуацыю, якая вымагае ад зла дзеяння, і зло становіцца ваяўнічым, бо вынікла тое, што пагражае і яго існаванню. У канкрэтным творы аўтару нават не спатрэбілася напружваць фантазію, а толькі па-майстэрску зымітаваць прапанаванае рэальнасцю.


Данайскія дарункі

Зло, безумоўна, уладарыла і да гэтага, але пад уздзеяннем абставін (аварыя на АЭС, змена палітычных дэкарацый, прыход да ўлады Вольнага У.Х.) актывізавалася. Менавіта ў гэты перыяд паскорыліся працэсы сацыяльнага размежавання гараджан: адным – "замкнутае жыццё” з усімі дабротамі, чыстымі прадуктамі, другім – "свабода, брацтва, плюралізм”, відовішчы, права на спрэчкі і дыскусіі пра розніцу паміж эротыкай, сексам і парнаграфіяй...
З твора ў твор, з нейкай маніякальнай настойлівасцю, у розных варыянтах пісьменнік не стамляецца сцвярджаць, што да зла спрычыніліся, што ў гадаманаўшчыне і пабакаўшчыне павінны і "сейбіты духоўнага” – інжынеры чалавечых душ: "Паявіліся раманы і аповесці, дзе даказвалася, што зла не можа быць без дабра, а дабро ў сваю чаргу плодзіць зло <…> кожны на свой лад прывучылі чалавека да бессаромнасці і аголенасці…”
Безыменны пацыент вар’ятні працягвае сведчыць, што "ведзьмары, знахары і астролагі запоўнілі тэлевізары <…> і былі яны надта падобныя на лідэраў ПВС, на лідэраў апазіцыйных партый і груп…” Але толькі адзін ён у такім тлуме, "крыклівым ляманце” і "ўсеагульным шаманстве” здольны задумацца над прапанаванымі данайскімі дарункамі: "Свабода – чыя, ад чаго і ад каго?.. Брацтва – каго і кім?.. Плюралізм – якіх ідэй?..”


Пра плюралізм і кансенсус

Далей падзеі развіваюцца па нарастальнай. Аповесць тчэцца з адных кульмінацыйных момантаў. І тут аўтар падключае артылерыю – карыстаецца фантастычнымі і фантасмагарычнымі сродкамі.
Група Зоськіна, даследуючы механізм уздзеяння радыяцыі на жывую клетку і на арганізм у цэлым, праводзіла эксперымент над пацукамі. Літаральна за тры месяцы Зоськін доказна паказаў, што "радыяцыйны ўплыў на пацукоў прыводзіць да ашаламляльных біялагічных і фізічных змен пацукоў як віду…”
Пацукі, якіх вывела група Зоськіна, былі вялізныя, з аўчарку нямецкую стварэнні. Гэты новы від пацукоў Зоськін назваў пабакамі, утварыўшы новае слова ад "пацук” і "сабака”. І сапраўды, пабакі нечым нагадвалі і злых сабак, і пацукоў. Адзін толькі позірк пачварных страшыдлаў выклікаў у лабарантаў беспрычынную трывогу і наводзіў жах. Далей падзеі паскорыў сумнавядомы "чалавечы фактар”: па віне "тыповай гараджанкі” "адбылася ўцечка генетычнага матэрыялу”.
Пацукі ўжо ва ўсю ўладарылі ў Горадзе, нападалі на людзей, разрывалі сабак, вырывалі сумкі з рук. Пра іх сігналіў машыніст электрычкі Шульга: "Прыміце меры!” Газета "Плюралізм і кансенсум” пісала пра ўрачыстае святкаванне з нагоды ўваходу Горада ў трэцяе тысячагоддзе і пра тое, што не ўсе ўмеюць карыстацца свабодаю і "на аснове плюралістычнага бачання свету прыйсці да разумнага кансенсусу”. Так у Горадзе арганізавалася нефармальная група таварышаў, якія стварылі так званы Фронт барацьбы з пацукамі на чале з нейкім Пазновым. А між іншым, даводзіла газета, "гэта зусім не пацукі, а новы загадкавы клас жывёл, якія – пакуль гэта гучыць неверагодна – могуць мець інтэлект”.
Гараджане мітынгуюць на пляцы Волі. Газета паведамляе, што "Пазновы гаварыў не пра пацукоў, а зусім пра іншае <…> публічна накінуўся на ПВС, на яе кіраўніцтва, на таварыша Вольнага. Ён, дарэчы, заявіў, што дзякуючы дыктатуры ПВС, якая ўзурпіравала ўладу ў Горадзе і якая навечна адгарадзілася ад гарадскога жыцця прывілеямі і дабротамі, дзякуючы яе бяздзейнасці, у Горадзе развялося процьма пацукоў”.
На мітынгу выступіў і Вольны і, не апраўдваючыся перад Пазновым, запэўніў, што "праблему пацукоў павінны разглядаць у святле новага мыслення. Гэта адна з тых праблем, якая засталася нам у спадчыну ад садкоўшчыны”. У канцы заявіў: "Замахвацца на ідэалы ПВС мы не дазволім нікому”.
Абсурднасць сітуацыі ўзмацняецца. Дэ-факта Грозны У.Х. інфармуе Вольнага пра пабакаў і прапануе альтэрнатыўныя варыянты вырашэння праблемы.
Першы – аб’явіць усеагульнае знішчэнне пабакаў, на што запатрабуецца 15 млрд. рублёў.
Другі – працягваць даследаванне жыцця пабакаў, каб расшыфраваць іх "разумнае мысленне”, увайсці ў кантакт з пабакамі і "дамовіцца аб мірным суіснаванні і падзеле сфер уплыву”.


Інстытут пабаказнаўства

Далей дзеянне аповесці ідзе на спад: з "закрытай пастановы бюро ЦК ПВС” чытач даведаецца, што быў зацверджаны другі варыянт і прадугледжана цэлая сістэма мер па яго рэалізацыі. У прыватнасці, ва ўсіх мікрараёнах Горада арганізаваць пункты харчавання для пабакаў. Тым самым меркавалася адцягнуць увагу пабакаў ад гараджан, а заадно прадэманстраваць пабакам "нашу мірную волю” і "гатоўнасць да мірнага суіснавання”.
Вось такі план дзеяння ПВС у дачыненні да пабакаў. Пазней чытач даведаецца, як гэты план будзе рэалізоўвацца: будзе вывучацца мова пабакаў, будуць арганізаваны курсы для гараджан па авалоданні пабакскай мовай; прафесарам Суперманам будзе выдадзены слоўнік перакладаў з пабакскай мовы ў трох тамах, урэшце – будзе створаны інстытут пабаказнаўства...


І смешна, і грэшна

Ні ў адным са сваіх твораў В. Гігевіч не дасягнуў такога выключнага майстэрства сатырыка, як у "Пабаках”. Хаця спробы такія ім здзяйсняліся раней, да прыкладу, у рамане "Не забывай пра дом свой, грэшнік”.
Пры выкрыцці пабакаўшчыны ён пакарыстаўся эфектыўным прыёмам, афарыстычна сфармуляваным А. Твардоўскім:

Пушки к бою едут задом –
Это сказано не зря.

Фрагменты твора, у якіх апісаны захады ПВС і яе курс на "мірнае суіснаванне з пабакамі”, а таксама рэакцыя гараджан на нашэсце пабакаў, уяўляюць сабой мазаіку з анекдотаў-лубкоў, у аснове якіх – трагікамічная сітуацыя. Так дзяжурная метрапалітэна абураецца: "І ў мяне на станцыі яны пачалі блэндаць. Ды хітрушчыя, заразы, – не праз аўтаматы ідуць, дзе фотаэлементы спрацоўваюць, калі капейкі не апусціш, а праз запасныя праходы, дзе без грошай розныя льготнікі ідуць – дэпутаты, міліцыя. І ніякай на іх управы няма”.
Сатырычны аспект творчасці В. Гігевіча не дазваляе пагадзіцца з тымі крытыкамі, якія шматкроць педалююць на быццам бы змрочнасць, песімістычнасць, дэпрэсіўнасць яго твораў. Дэпрэсія – нясіла. Пакуль жа пісьменнік можа так рассмяяцца і рассмяшыць – ён яшчэ дужы і жыццяздольны. Энергетыка слова як адзнака таленту –

Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (07.01.2011)
Просмотров: 1745 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024