Прачытала і скажу
Ні адна кніга, прачытаная ў апошнія гады, не выклікала ў мяне такога неадчэпнага жадання адказаць, «выгаварыцца», увязацца ў спрэчку, як кніга філасофіі Міхася Южыка «Човен на Млечным Шляху».
Добра ўсведамляла, што «адказ» мой будзе мармытаннем не графамана нават, а вартымі жалю патугамі поўнага прафана. Усё напісанае прадугледжвае рэакцыю прафесіянала па тых законах, па якіх яно стваралася. Законы ж, паводле якіх прычаліў да нас южыкаўскі «Човен», мне, шчыра прызнаюся, невядомыя. Імёны філосафаў (Арыстоцеля, Спінозы, Шапэнгаўэра і інш.), якіх аўтар згадвае ў кнізе, а таксама іх «фундаментальныя працы», як кажуць, на слыху. Іх згадвалі падчас лекцый па філасофіі ў інстытуце, часцей за ўсё як мішэнь для крытыкі, да прыкладу, Ф. Ніцшэ. Часам удакладняць інфармацыю пра іх даводзілася з дапамогай даведнікаў і адпаведных слоўнікаў – вось і ўсё. Узровень дылетанта. Узровень жа аўтара філасофскай кнігі наступны: «наўпрост ці ўскосна яна ўжо прагучала ў асобных раздзелах «Чоўна» (с. 82).
Мы шапэнгаўэраў не чыталі (намер такі ўжо з’явіўся – рэалізуем), а таму не будзем прыпадабняцца да аўтара крылатай фразы «я не чытаў, але скажу», падчас бурнага чытацкага абмеркавання рамана Б. Пастэрнака «Доктар Жывага» ў 1958 годзе.
Філасофскую кнігу М. Южыка прачытала і скажу… Найперш – пра яе ашаламляльны эфект уздзеяння. Яно, упэўненая, зазнае кожны «сярэднестатыстычны чытач» з узроўнем кшталту майго. «За ўсю Адэсу» – сцвярджаць не буду: выбітныя філосафы, напэўна ж, стануць разумнічаць сваімі катэгорыямі, вывяраць кнігу сваімі крытэрыямі.
Прагназаваны поспех
Мне ж падаецца, што поспех кнігі будзе вызначаны ўвагай не філосафаў, а менавіта сярэднестатыстычнага чытача. Ён скарыстае сваё права зверыць напісаная няхітрым крытэрыем – мы плывём у адным чоўне. Большасць з нас «не настолькі чыстыя і не падвержаныя страсцям», каб не мець «вопыту жыцця па жорсткіх законах людской грамады». Мы не раз пераконваліся, што насамрэч «мераемся толькі яе [грамады] меркамі», што «нас запрагаюць па поўнай праграме ўсе акаляючыя…» (с. 4)
Перавядзём дух і адумаемся: не такія ўжо мы і пухнатыя – і мы за сваё жыццё на раз запрагалі «па поўнай праграме» калі не ўсіх акаляючых, то самых блізкіх і дарагіх нам людзей – дакладна. Бо акаляючыя хутка знойдуць спосаб ад нас распрэгчыся. Праз гэта, а не толькі праз ілюзію свабоды выбару і нашай памылкі ў адпаведнай сітуацыі – нашы «так званыя згрызоты сумлення, пачуццё віны» (с.18). Згрызоты сумлення, як даводзіў нам Л. Талстой, адно з двух сапраўдных няшчасцяў. Гэта так, да пытання «за што я пакутую?» як да галоўнага складніка любой рэлігіі і філасофіі. Мабыць, трагізм чалавека яшчэ і ў тым, што «пакуты людскія, імя якім легіён», множыць і ён сам, прычым у свядомым узросце, калі панапускае ў сваю душу дэманаў, якім таксама «імя легіён».
Свет-люстэрачка, скажы…
Што да вартасці кнігі М Южыка, то, на мой погляд, яна будзе яна будзе вызначацца чытацкім жаданнем зверыць асабісты вопыт прачытаным. Такая магчымасць, сведчу з усёй адказнасцю, будзе ў кожнага чытача. А ці скарыстае яе чытач – усё ад яго. Не, я добра разумею, што ні свет, ні асобнага чалавека перайначыць немагчыма. Аднак, мяркую, збольшага закілзаць сябе ў стане толькі сам чалавек. На жаль, сапраўды «цывілізаваны свет… даўно пазбавіў сваіх адзінак ад гэтых двух страхаў [страх Божы і страх смерці]. Таму грэх і звязаныя з ім пакуты раскілзаныя» (с.26)
Перапрашаю за трывіяльнасць параўнання, аднак напісанае М. Южыкам успрымаецца мной, шараговым чытачом, як прапанаванае нам люстэрка. Глянеш у яго – і выразна ўбачыш прыгажосць, разумнасць свету і мярзоту чалавека… Зусім як у Чэхава. Вярнуўшыся з Сахаліна, той пісаў: «Знаю я теперь многое, чувство же я привез с собой нехорошее… Хорош белый свет. Одно только нехорошо: мы. Как мало в нас справедливости смирения, как дурно понимаем мы патриотизм!.. Душа моя кипит».
Дарэчы, пра патрыятычныя матывы ў кнізе філасофіі «Човен». Неяк мімаходзь аўтар зазначыў, што кніга яго касмапалітычная. Мне падаецца, што пры ўсёй яе зместавай «агульначалавечасці» гэта насамрэч не зусім так: Аднак пра тое, як і пра аўтарскія пачуцці і адпаведную манеру іх выяўлення, – крыху пазней.
Не ўзрушваць, а зрушваць
Апошнім часам у кнігах мяне прываблівае, акрамя іншых неабходных для чытва складнікаў, яшчэ таксама інфармацыйнасць. І яна – магчыма, не ў апошнюю чаргу.
Час, адведзены на чытанне кнігі, не ёсць страчаным, калі ў ёй утрымліваецца ўрок-інфармацыя. Такая інфармацыя, што не ўзрушвае, а зрушвае чытача з пазіцыі «я думаў…» і дапамагае асвойваць на парадак вышэйшую: «як аказалася…» Сярэднестатыстычны чытач, абяцаю, узбагаціць сябе ўрокамі-інфармацыяй такога ўзроўню і не пашкадуе патрачанага на «Човен» часу…
У першым раздзеле «Адплыццё» аўтар так піша пра сутнасць свайго «заведама няўдзячнага і збольшага бясплённага занятку – патлумачыць жыццё (найперш для сябе», але і для нас. Аўтар відавочна какетнічае. Спачатку чытач заглыне кручок гэтак званай уяўнай пазнавальнасці, даступнасці: дык жа і я так думаў, толькі, як той разумны сабака, сказаць не мог!
Ну хто, скажыце, хоць раз не задумваўся пра адрознасць любові і кахання? Словы-сінонімы? Першае паняцце ўключае ў сябе другое? Аўтар слушна заўважае, што «нездарма ў многіх мовах свету паняцце кахання выдзяляецца асобным словам». У раздзеле «Розныя душы, адзіная плоць» пераканальна даведзена, што паводле апостала Паўла, «любоў не шукае свайго, то бок мае абсалютную бескарыслівасць <…> Каханне акурат шукае свайго <…> З усіх чалавечых інстынктаў каханне саступае па сваёй сіле аднаму толькі голаду. Бо інстынкт голаду ахоўвае ад памірання самае блізкае для чалавека – уласнае эга. Палавы ж інстынкт супрацьстаіць ужо выміранню роду…» (с. 20)
Пра энергію слова і папулярызацыю
Мне падалося, што адно з назначэнняў «Чоўна» – канвенцыйнае, што аўтар хацеў бы, каб яго «тлумачэнні жыцця» ў чытацкім, ды і ў літаратурным асяродку выклікалі шырокі розгалас (хто з аўтараў пра гэта не марыць!), а дыскусію. Мяркую, што аўтар не пакрыўдзіцца, калі хтосьці заявіць: «О не, Міхась Юр’евіч, ваша трактаванне вось гэтай з’явы кульгае: насамрэч гэта не зусім так (ці зусім не так)»…
Перадусім заўважу, што дыскутаваць з аўтарам будзе няпроста нават прафесіяналам, якія чыталі і ўжо згаданых філосафаў, а таксама і Ф. Ніцшэ, і З. Фрэйда, і К. Юнга і іншых.
М. Южык належыць да тых нешматлікіх, як мне падаецца, пісьменнікаў, у якіх магутная энергія слова часам замяняе сістэму доказаў. Сімбіёз жа яе з іроніяй, гумарам, уяўна старонняй манерай аповеду – такая сіла, на якую яшчэ трэба пастарацца пашукаць іншую сілу.
І гэта яшчэ далёка не поўны склад «сілавога» кактэйлю Южыка. У яго дадаецца слынна вядомы южыкаўскі прыём растлумачваць складанае «на трох пальцах». Южык – папулярызатар у лепшым сэнсе гэтага слова.
А. Бітаў у артыкуле «Русский устный и русский письменный» («Звезда», №8, 2003) піша, што «популяризация стала теперь закавыченным словом. Стала одной из униженных истин». Ён даводзіць пра пільную патрэбу ў папулярызацыі, бо яна – «не шарлатанство, а способ просто, честно и серьезно объяснить, что именно ты делаешь <…> Упрощение – не такая уж простая вещь. Когда ясно объясняешь суть того, о чем думал десятилетиями, незнающему, мысль становится богаче. Такая популярность – точеный, сильный мускул самой сути».
Сказанае Бітавым – акурат пра зробленае Южыкам: ні дадаць, ні адняць.
Доказ ад процілеглага
А вось ужо да гэтага дадала яшчэ пра адзін відавочны інгрэдыент южыкаўскага «кактэйлю». Пра яго (па сённяшнім часе і асабліва ў нашых нацыянальных варунках) унікальную эрудыцыю і начытанасць. І гэта не гіпербала. Пакарыстаемся доказам ад процілеглага.
У расійскіх тоўстых часопісах забілі трывогу не толькі пра тое, што народ перастаў чытаць. Крытык А. Агееў піша: «А я, когда читаю «известных российских писателей», думаю: а сами-то вы давно какую-нибудь книжку в руках держали?
Нечитающий писатель – это тоже «очень русское». И думаешь: Сталина на вас нету! Сталина, который читал всё…»
«Нечитающий писатель» – гэта і «вельмі беларускае». На пальцах адной рукі можна пералічыць сёння тых нашых «інжынераў чалавечых душ», пра якіх можна сказаць, што яны не «многа пішуць», а многа чытаюць. Дайшло да абсурду: не хочуць ужо чытаць пра сябе любімых.
У такое цяжка паверыць, але на маё пытанне, ці згодны жывы класік з інтэрпрэтацыяй яго твораў, выкладзенай у адной метадычнай публікацыі, адказаў як адсек: не чытаў і чытаць не будзе: «Хай інтэрпрэтуюць, як хочуць! Калі ўсё чытаць, то і пісаць не будзе калі».
Дарэчнымі тут будуць трывожныя роздумы А. Цімафееўскага: «Сегодня непонятно, откуда взяться людям пишущим, если они не читали. Мы имеем счастливую возможность много читать. Они ничего не читали, как же они могут писать?» (Чупрынін С. «Жизнь по понятиям: Русская литература сегодня», М., «Время», 2007, с. 217).
Кніжнасцю варта ганарыцца, як тое відавочна з прызнання Б. Акуніна: «Мая свядомасць, мой вопыт, мае веды пра жыццё – на 99 % складаюцца не з перажытага, а з прачытанага. Чытанне – вось гліна, з якой я ляплю свае гаршчкі» (тамсама, с. 216).
Чаго замала, таго не хапае
Але вернемся да «гаршчкоў» Міхася Южыка. Як мне падаецца, самыя трывалыя і эстэтычна прывабныя з іх тыя, пры замесе гліны для якіх аўтар дадае евангельскіх асацыяцый, літаратурных паралеляў. Імі цэментуюцца ўжо і довады, і вывады. Ды так цэментуюцца, што вуж галавы не прасуне – усе патэнцыйныя спрачальнікі адпрэчваюцца. Шкада толькі, што выкарыстанне такога «дамесу» дазіраванае настолькі, што яго бракуе. Магчыма, я памыляюся, але я так думаю, бо мне як чытачу іх нестае. Да ўсяго, цікава, чаму такі магутны южыкаўскі арсенал у канкрэтнай кнізе выкарыстаны не напоўніцу. У мастацкай літаратуры цытаванне, рэмінісцэнцыі, паралелі і асацыяцыі абнулёўваюць самую сутнасць – мастацкасць, непазбежна штурхаюць да маралізавання, дыдактыкі. У прыкладной жа літаратуры (менавіта так вызначаецца мной жанр «Чоўна») падобныя складнікі – што разынкі ў велікодным пірагу, без якіх пірог – не велікодны. Разумею, тут, як і ва ўсім, важна не перабраць меры, але да яе, як мне бачыцца, у такім ракурсе яшчэ далекавата.
Дазвольце вам не дазволіць
Карацей, толькі адзначаных мной вышэй інгрэдыентаў южыкаўскага «сілавога кактэйлю» (а яны яшчэ далёка не ўсе) дастаткова, каб слабакам-дылетантам кшталту мяне не ўвязвацца ў спрэчку з аўтарам, дакладней, з яго довадамі і вывадамі пры «тлумачэнні жыцця». Будуць не толькі моцна пабітымі, але і добра-такі асарамачанымі. І ўсё ж рызыкну, бо моцна зачапіла, калі не сказаць дадзела.
Перадусім зазначу, што прымаю за аксіёму такія пастулаты: «у прыродзе няма добрага і благога, ёсць мэтазгоднае» (с.11); «сама так званая бачная прырода пацвярджае ўсю складанасць Светабудовы, у якой не можа быць нічога катэгарычнага, адназначнага і назаўжды вырашанага» (с.18). Сапраўды, усё мае свае плюсы і мінусы, пачынаючы ад банальных антыбіётыкаў і заканчваючы такой, здавалася б, абсалютна трагічнай праявай жыцця, як вайна…
Аднак… Аўтар супярэчыць сам сабе, калі катэгарычна даводзіць у раздзеле «Тэхналогія кровапускання», што «на войнах гінуў а) самы агрэсіўны элемент, які лез на ражон, б) самы слабы элемент, не прыстасаваны для выжывання і перадачы генаў нашчадкам. Насельніцтва меншала ў памерах, але паляпшалася ў якасці…
Дык жа, шаноўны Міхась Юр’евіч, куля-дура. Яна, як і чума, не выбірае толькі агрэсіўных і «гнілых», а косіць усіх. Вядома, каб пераканацца ў тым, што ліха ліхое, не абавязкова ўкруціцца ў яго жорны. Пра вайну 1812 года як ліха з ліхаў, якое пакасіла самых дужых, прыгожых і вартых «перадачы генаў нашчадкам» напісаў на вякі вечныя той, хто на ёй не быў, праўда, зведаў іншыя. Напісаў і той, хто на ёй уратаваўся цудам. (А Вы яшчэ даводзіце, што «ніякага цуду сярэднестатыстычны чалавек за жыццё не зазнае» (с. 82)!) І пасведчыў, што перманентныя войны і рэпрэсіі выкасілі нашых Багацькаў – і «парвалася сувязь часоў». А што гэта значыць – не мне Вам даводзіць. Пра тое можна напісаць больш, чым Вы напісалі.
Вельмі сумнеўным, калі не сказаць мацней, падалося мне адназначнае сцвярджэнне пра тых, хто выжыў у калатнечы вайны, пра тое, што хоць вайна і выкошвае, «але ў пэўнай ступені і ачышчае грамадства ў цэлым». На якіх такіх вагах можна ўзважыць, ад каго і ад чаго іменна «ачышчае» вайна? Іншая справа, што і войны «рэгулююцца» Абсалютам, а ўсе гэтыя напалеоны, македонскія, гітлеры – толькі сякера ў руках лёсу, наканавання…
Прынцып двайных стандартаў
Вельмі часта законы макрасвету аўтар папулярызуе «на трох пальцах» прыкладамі з мікрасвету. А вось у дачыненні да вайны чамусьці іх размяжоўвае: «Як да мікрасвету прыдатныя адны законы, а да макрасвету іншыя, так і ў дачыненні людзей. Ёсць жыццё чалавечай душы, для якой вайна ў цэлым ёсць злом, гэта закон яе мікрасвету. А ў макрасвеце ўсяго чалавецтва войны нясуць пазітыўны пачатак, бо развіваюць яго, не дазваляюць загніць».
Не будзем тут эксплуатаваць і без таго зашмальцаваны карамазаўскі пастулат пра слязінку дзіцяці, якой не варта шчасце ўсяго чалавецтва. Войны аперыруюць не адной душой, а мільёнамі і мільёнамі. Яны ў сукупнасці – мікра ці макрасвет? Повязь вякоў і пакаленняў – гэта атрыбут якога свету? Вельмі хораша і пераканальна аўтар давёў пра «здаровую і дзейсную сілу» традыцый, пра тое, што «менавіта ў часы заняпаду Традыцыі надараюцца абвальныя парушэнні раўнавагі соцыуму» (с.68–69).
А калі асабліва надараюцца абвальныя парушэнні, на які час-пік прыпадае заняпад Традыцыі? Пытанне рытарычнае. Аднак мушу тут уставіць і свае тры грошыкі, прымяніўшы дзейсны аўтарскі прыём.
Так распарадзіўся лёс, што са сваімі дзядулямі і бабулямі ў гэтым жыцці сустрэцца не давялося (хай са святымі спачываюць). Сямейныя паданні данеслі да мяне тое, якімі былі мае продкі, вылучыўшы буйным планам продка «па кудзелі» – дзеда Хведара. Акрамя іншых дабротаў, ён шчодра быў надзелены ад прыроды мудрасцю. На вялікі жаль, такая дзедава рыса мне генетычна не перадалася. Сямейныя паданні засведчылі, што вельмі моцнымі ў нашым родзе былі традыцыі, у прыватнасці – пашанотнае стаўленне да бацькоў і старэйшых. Аднак слова і прыклад – велічыні розныя. Праяваў пашанотнага стаўлення маіх бацькоў да сваіх перад вачамі не было, яны толькі дэклараваліся і выяўляліся праз памяць. І не раз падумалася: калі б дзед Хведар не загінуў маладым на Першай сусветнай вайне!.. Мая далучанасць да яго і яго мудрасці ды яшчэ і ў спалучэнні з Традыцыямі майго роду, якія б не дэклараваліся, а дэманстраваліся мне, абавязкова б дапамаглі мне ў жыцці. Лёс не змянілі б (не іх, маіх продкаў, на тое воля), але некаторыя яго кухталі, магчыма, замартызаваліся б… А ўжо пра лёс матулі і яе братоў, сястры лепш, чым сказаў М. Южык, не скажаш: зазналі пекла пры жыцці, прычым у раннім дзяцінстве, хоць і былі яны не хворымі, а душэўна здаровымі людзьмі, магчыма нават – духоўнымі. Без такіх, як мне здаецца, і макрасвет – не поўны.
Падключаю артылерыю
Не магу пагадзіцца з катэгарычнай высновай (пераканальныя ж довады мяне не пераканалі), што «ў варунках соцыуму хлусня – вельмі важная, карысная і зусім не заганная рэч» (с. 6) Хлусня (калі гэта не святая мана), як мала што іншае, не толькі спаскуджвае соцыум, але і разбурае яго. Тут справа толькі часу. Калі ж у руйнаванні, як і ў вайне, бачыць «пазітыўны пачатак», то хлусня, безумоўна, яго галоўны каталізатар. І будзьце спакойныя: давядзе любую справу да лагічнага канца.
Цалкам адпрэчваю аўтарскую выснову, ужо згаданую намі, што «ніякага цуду сярэднестатыстычны чалавек за жыццё не зазнае ў асабістым вопыце, нічога з ім неверагоднага не адбываецца. Гэта так званае маўчанне Бога» (с.82). Апошняе ўвогуле супярэчыць аднаму з найважнейшых евангельскіх пастулатаў: «А Он сказал: блаженны слышащие слово Божие и соблюдающие его» (Лк. 11, 28). У перакладзе В. Сёмухі гучыць так: «А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго».
Перадусім зазначым, што тэма Цудаў ці «маўчання/ці слова Бога», так бы мовіць, зашмальцаваная ў мастацкай літаратуры. А ў яе тая ж мэта – «патлумачыць жыццё». Да дыскусіі з аўтарам «Чоўна» я падключаю таго апанента, довады якога лічу не толькі найбольш пераканальнымі з усіх, што мне даводзілася чуць, але і найбольш адпаведнымі евангельскаму пастулату. Вось довады вартага апанента:
«Что вообще называют чудесами? То, чего прежде никто не видывал, что никогда не случалось? То, что выходит за пределы нашего опыта? Что противоречит здравому смыслу? Что маловероятно или случается так редко, что такому событию нет свидетелей?..
Исходя из моего опыта, я могу сказать: чудо узнается по той примете, что его творит Бог. Значит ли это, что чудеса не происходят с неверующими? Не значит. Потому что ум неверующего человека так устроен, что он будет объяснять чудо естественными причинами, теорией вероятности или исключением из правил. Для верующего человека чудо – это вмешательство Бога в естественное течение событий, и ум верующего человека радуется и наполняется благодарностью, когда чудо происходит.»
Той чалавек, «сярэднестатыстычны», пра якога піша М. Южык, так заваліўся плацкімі жарсцямі, што выбудаваў з іх глухую сцяну. Праз яе слова Бога пачуць немагчыма. Той «чалавек усё больш актыўна ўмешваецца ў лабараторыю Госпада Бога – замахваецца змяніць свой генетычны код» (с. 1) Той чалавек аглух і аслеп ад уласнай велічы – і ніякіх цудаў Яго ён не ў стане ўбачыць.
Але прадоўжым слухаць таго, каму пашчасціла пачуць Бога:
«Тот, Кого я встретил и Кого я называю Учителем, долгое время разговаривал со мной именно на языке чудес.
Но прежде чем научиться читать на этом языке, надо было научиться различать его буквы <…> У меня был личный опыт чуда как сверхъестественного добра…»
Для тых, хто не чытаў раман Л. Уліцкай «Даніэль Штайн, перакладчык», патлумачу, што галоўны герой (прататыпам яго ёсць рэальная асоба) вяртаўся адтуль, адкуль ніхто не вяртаўся… Адтуль апрыёры немагчыма вяртацца.
«Ты, нявольнік, вольны выбраць путы»
Часам аўтар высільваецца, каб падняць тыя пытанні, якія яшчэ Дастаеўскі называў непасільнымі: «навошта мы ёсць і ці знікаем мы як духоўны суб’ект без следу пасля смерці цела?» І дасціпна, з гумарам дае адлуп псеўданавукоўцам, якія сцвярджаюць што «ад нас застанецца дзірка ад абаранка. То бок сягаюць за межы бачнага, адчувальнага, парушаючы сам прынцып навукі» (с.3).
Чалавеку ўвогуле ўласціва «сягаць за межы» дазволенага, ён усё хоча патлумачыць. Нават тое, пра што ні пытацца, ні патлумачваць якое яму не патрэбна – забываецца на строгую перасцярогу Госпада: «Не испытуй, токмо веруй!» Аказваецца, толькі верыць – і ёсць самае цяжкае для чалавека.
Самымі ўдалымі ў кнізе мне падаюцца такія моманты, у якіх патлумачваецца тое, што можна і трэба тлумачыць «сярэднестатыстычнаму» чалавеку, апанаванаму плацкімі страсцямі. Да гонару аўтара, многае патлумачваецца годна, доказна, папулярна, з хрысціянскіх гуманістычных пазіцый.
Так цэнтральнай праблемай раздзела «Лінія на далоні» ёсць праблема свабоднай волі чалавека, прадвызначанасці ўсяго існага і звязанай з гэтым праблемы вольнага выбару. Чытаеш і лішні раз пераконваешся: які ж гэта цікавы, карысны для душы і розуму занятак – сачыць за логікай разважання мысляра, быццам незаўважна і адначасова свядома прысвойваць яго «меркаванне, што наша воля ёсць уласцівасцю Абсалюту і зыходзіць або не зусім ад нас, або зусім не ад нас».
Пагаджаешся з аўтарам, што «дуалізм чалавечай прыроды праяўляецца і ў свабодзе выбару <…> І нават хрысціянства, у якім індывідуальнасць душы і свабода выбару стаяць на пачэснай покуці, тым не менш прызнае, што будучыня ўсё-такі вядомая Госпаду Богу і што нават валасок з нашай галавы не ўпадзе без Божага волявыяўлення <…> «Рабі як належыць і хай будзе як будзе» – гэтая мудрая прыказка вырасла не на пустым месцы» (с. 18–19).
Далучанасць чытача да аўтара будзе мацавацца і жыццесцвярджальным пафасам твора, і аўтарскім аптымізмам: «Я бачу любога свядомага чалавека неўміручым. бо сама свядомасць указвае на нашу прыналежнасць да Абсалюту…»
І ўсё ж вызначальная манера аповеду ў кнізе філасофіі – іранічная (выключэнне – першы і апошні раздзелы).
Аўтар валодае здольнасцю захаваць незалежную адлучанасць у, здавалася б, абуральных сітуацыях. Што ж, эфектыўны спосаб супрацьстаяць «свинцовым мерзостям» жыцця. А заадно праверыць на трываласць уласныя ілюзіі. Згадайма, што і А. Чэхаў нават са сваёй спагады не здымаў лёгкай агіды ў адносінах да недасканаласці чалавечай прыроды.
Аўтарскае светаразуменне рэалістычнае, што мяжуе з трагічным, а манера выяўлення – іранічная. Дысананс зместу і манеры яго рэалізацыі, магчыма, не ўсімі будзе ўспрымацца пазітыўна. Прызнаюся, апошнім часам я таксама адпрэчваю ўтрапёнасць здзекам, бо лічу, што іронія выканала ўжо сваю ролю, стала другаснай і нават антыкультурнай.
Сёння для мяне найдаражэйшае за ўсё – шчырасць. Дарэчы, не толькі ў кнігах. Мне падалося, што аўтар імкнуўся быць шчырым і з самім сабой, і з намі, чытачамі. Іронія ж была для яго своеасаблівым буферам, ахоўнай рэакцыяй на тое, што ён рызыкнуў нам патлумачыць.
Узровень філасофскіх абагульненняў у кнізе настолькі высокі, што філасафічнасць выяўляецца ў афарыстычнасці. Не пашкадавала часу і зрабіла для сябе зборнічак афарызмаў паводле прачытанай кнігі. Мудрай і светлай кнігі. Успрымаю яе і прагматычна. Літаратура прыкладная. Да пазнавальна-выхаваўчага працэсу яна «прыкладаецца». З карысцю для сябе прачытае яе настаўнік, выкладчык вышэйшай школы, зможа скарыстаць у асветніцка-выхаваўчай працы з моладдзю. Безумоўна, выключыўшы, «плюсы» алкаголю, наркотыкаў і інш.
«Багата, родная ты мова!»
Да пытання пра… нацыянальнае ў кнізе. Аўтар піша: «Ніхто не ведае, як чалавек авалодаў словам. Але нямых плямёнаў, роўна як і нерэлігійных плямёнаў ніхто не адкрыў. Таму чаму б не ўявіць, што слова, Логас, рэлігійнасць – замешаны з адной «гліны», ці скажам дакладней, ёсць катэгорыямі адной прыроды». (с. 15)
Такое аўтарскае дапушчэнне ў кантэксце з біблейскім пастулатам, што нічога выпадковага не бывае, а таксама з пастулатам Спінозы, што «ўсё на свеце жорстка дэтэрмінавана Абсалютам», – дапамагаюць засведчыць цуд.
Упершыню чытачу, які жыве тут і цяпер, так і ў такой форме «патлумачылі жыццё», нагадалі пра законы Вечнасці. Патлумачылі і нагадалі – на беларускай мове. І якая ж яна багатая і прыгожая…
|