Прыгледзімся ўважлівей да мастацкай творчасці хаця б апошняга тысячагоддзя, да творчасці, што ўзрасла ва ўлонні хрысціянскай цывілізацыі. Калі не браць карціны на евангельскія сюжэты, калі глядзець на творчасць, якая адлюстроўвае сацыяльнае жыццё людзей, то становіцца відавочным: яна паказвае чалавечы грэх ва ўсіх магчымых праявах і яшчэ добра, калі зрэдку знаходзіць сярод гэтага залацінкі дабра. Калізіі мастацкай літаратуры, літаратуры свецкай, якая апісвае сферы плоцевага і душэўнага, пабудаваны на тым, што чалавек сваім жывёльным нутром усяляк супраціўляецца грамадскай маралі і рэлігійным канонам, супраціўляецца сваёй духоўнай сутнасці. А духоўная яго сутнасць, у сваю чаргу, супраціўляецца жывёльнай прыродзе. Пераважная частка сюжэтаў – пра канфлікт асабістага і грамадскага. Героі пастаянна парушаюць ці парываюцца парушаць законы і ўстоі: крымінальныя, маральныя, рэлігійныя; а законы ім супраціўляюцца і іх за гэта караюць.
Другі асноўны канфлікт мастацкай творчасці (і літаратуры найперш) – гэта несупадзенне інтарэсаў блізкіх, моцна залежных адно ад аднаго людзей: сямейнікаў, палюбоўнікаў, сяброў, супрацоўнікаў. Адзінкі эгаістаў імкнуцца кожны да свайго фізічнага і псіхалагічнага камфорту. Іх інтарэсы сутыкаюцца ў скрытай ці яўнай барацьбе, у змаганні за сваю асабістую выгаду і асалоду.
Муж любіць дзяцей, не хоча бурыць сям’ю, але сексуальную патрэбу хоча спраўляць з вабнай маладой палюбоўніцай. Канфлікт.
Сын не хоча вучыцца, а хоча жаніцца. А потым не хоча ні вучыцца, ні жаніцца, а жадае разводзіцца. А затым не жадае працаваць, а жадае п’янстваваць на бацькоўскія грошы. Бацькі супраць усяго гэтага. Канфлікт.
Жонка кідае мужа з дзецьмі і закручвае раман з палюбоўнікам, амаральным тыпам. Дзеці і муж, а таксама бацькі абодвух бакоў у шоку. Канфлікт.
Нехта прайграе ў карты казённыя грошы. Нешта махлярыць, крадзе, рабуе, гвалціць і забівае. Адным словам, паўстае супроць грамадскага закона. Канфлікт. Нехта хоча і любіць жыць, але пакутліва памірае ў цвеце гадоў.
Нехта ненавідзіць жыццё, але жыве і пакутуе да лядачай старасці. Канфлікт. Нехта ў працэсе жыцця губляе веру ў свае ідэалы і набліжаецца да бясслаўнай развязкі.
А нехта, наадварот, прайшоўшы праз пакуты і страты, знаходзіць сэнс свайго існавання ў нейкай карыснай справе, набывае трывалую веру ў новыя ідэалы. Усё гэта канфлікты, на якіх будуюцца калізіі мастацкіх твораў. Іх, да слова, не так і шмат.
Дададзім сюды розныя прыгодніцкія, фантастычныя фабулы, апісанне войнаў і катастроф – вось, бадай, і ўсё, што ў плане разнастайнасці можа прапанаваць мастацтва спажыўцам свайго прадукту. Прынамсі літаратурныя творы ўсе пабудаваны на гэтым абмежаваным наборы чалавечых канфліктаў. І не дзіва, паколькі кожны мастак (а не грубы рамеснік) непазбежна прыходзіць да наступнай высновы. Усе зямныя чалавечыя справы вынікаюць з таго, што нас кінулі міма нашай волі ў акіян жыцця, які пастаянна штарміць. І трэба неяк трымацца на паверхні, пакуль не патонеш. Патонуць урэшце ўсе. Але кожны ў меру сваіх магчымасцяў хоча пратрымацца даўжэй, прычым найменш захлынаючыся шалёнымі хвалямі гэтага акіяна. Тое, што трымае нас у жыцці, гэта інстынкт голаду, прыцягнення полаў і лішак псіхічнай энергіі, які наўпрост не патрэбны для матэрыяльнага выжывання. Вось і ўсё. Голад і сексуальная жарсць не даюць чалавецтву памерці. Лішак псіхічнай энергіі змушае спазнаваць новае, імкнуцца да ўскладнення структуры эмацыйных патокаў, да павышэння якасці суіснавання.
Менавіта з гэтай прычыны сапраўдны мастак не можа адгарадзіцца ад метафізікі. Не будзь яе на гарызонце нашага мыслення, жыццё чалавечае не мела б ніякага сэнсу, у ім будзе трымаць адно страх смерці. Хто яго перамагае, той, па словах звар’яцелага героя Дастаеўскага, робіцца сам Богам і развітваецца з гэтым "бессэнсоўным” жыццём. Мастак гэта ўсё бачыць, і яму ад таго балюча. Розум шукае выйсце праз творчасць, дзе нават калі не шукаюцца метафізічныя шляхі вырашэння праблемы, то спрабуецца паказаць, што вось гэтае зямное жыццё не такая ўжо кепская штука: у ім ёсць і любоў, і радасць, і спагада да бліжняга, і асалода, а галоўнае, яно цікавае з прычыны сваёй разнастайнасці, непрадказальнасці, хай і трагічнай. Сапраўды, усе людзі ў той ці іншай ступені гульцы і жыць ім ЦІКАВА, хаця б да пэўнага часу. Жыццё прапаноўвае людзям мноства ўсялякіх гульняў у свае сэнсы, і людзі ахвотна ў іх гуляюць. Тым больш што гэта нашмат лепш, чым дзесяцігоддзямі нудзіцца, маркоціцца і ўпадаць у адчай, чакаючы смерці. У жыцця ёсць безліч спосабаў думаць пра яго, а не пра смерць. І нармальныя, здаровыя людзі менавіта так робяць.
Але ж мастак – чалавек не зусім нармальны і шараговы. Аналізуючы законы жыцця, уводзячы чытачоў, гледачоў і слухачоў у зман, цешачы іх ілюзіямі, ён не можа штохвіліны не памятаць аб глыбінных сэнсах, якія яму прыадчыняюцца менавіта праз гэты карпатлівы аналіз. І гэтыя глыбінныя сэнсы мала стасуюцца з тым, што ён бачыць перад сваімі вачыма – як і чым дыхаюць большасць людзей, якімі каштоўнасцямі жывуць. Каштоўнасці гэтыя ў пераважнай сваёй бальшыні падманныя, а часам і згубныя. Усё, чым жывуць людзі – бачыць мастак – ёсць тлом, руіны егіпецкай, грэчаскай і рымскай цывілізацый не даюць пра гэта забыцца. Каштоўнасці людзей даюцца ім як ілюзія, прычым кароткатэрміновая – на тэрмін іхняга жыцця, які ад іх саміх трывала схаваны. Нічога нельга ўсур’ёз будаваць і нічога нельга планаваць, усведамляе мастак, бо чалавек на зямлі смяротны і прычым, па словах Булгакава, раптоўна смяротны. Памірае ён – і памірае тое, чым ён жыў у сваёй свядомасці. Дзеці яго ў асноўным тут жа пачынаюць жыць сваімі клопатамі, а ён немінуча выцясняецца з іхняй сістэмы каштоўнасцяў, год за годам, набываючы нейкі іншы, далёкі ад прывычнага зямнога, статус.
Такія думкі ашаламляюць і ціснуць на свядомасць кожнага мастака. Але яны і з’яўляюцца рухавіком творчасці. Боль, няздольнасць ахапіць і зразумець трансцэндэнтнае, глушыцца творчасцю. Але і вырашыўшы адзін ці некалькі аспектаў праклятых пытанняў у сваім творы, мастак сутыкаецца з тым, што мала аблягчыў сваю душу: бо аспектаў гэтых пытанняў безліч. Як Сізіф, ён бярэцца і зноў коціць свой камень на гару – у сумным досведзе, што той ізноў упадзе.
Здавалася б, цяжка танчэй, глыбей і аб’ёмней прааналізаваць быццё, чым гэта зрабіў Леў Талстой у сваіх "Вайне і міры” і "Ганне Карэнінай”. Але ж праходзіць зусім мала часу, і вялікі пісьменнік усведамляе, што зноў стаіць тварам у твар перад вечным жахам і пустатою жыцця (выпадак з бяссоннем у арзамаскай гасцініцы). Гэтыя вялікія раманы, гэтыя глыбы раптоўна паляцелі з гары і змусілі Талстога адужваць Сізіфаву гару нанова, да самага скону, вынаходзячы філасофіі, намагаючыся нават абнавіць хрысціянства, падладзіць яго пад сучаснасць і сваё светабачанне.
І варыянт Талстога – не горшы ў гісторыі мастацтва. Многія, дасягнуўшы творчых вышынь, паляцелі са сваіх гор стрымгалоў, куляючыся і ломячы шыі. Таму што любая творчасць – гэта толькі часовае аблягчэнне для мастака. Мастак мусіць тварыць усё жыццё, або пастрыгчыся ў манахі. Апошняе мала каму ўдаецца – з прычыны асаблівай псіхаэмацыянальнай прыроды, з прычыны несувымернага са звычайнымі людзьмі лішка псіхічнай энергіі, што не дае мастакам спакою. Наглядна гэта бачна на прыкладзе душэўнахворага Ван Гога, які збываў свой боль несупыннай творчасцю, выконваючы тытанічныя аб’ёмы, з нерэальнай працаздольнасцю. Але і гэта не ўберагло няшчаснага генія ад самагубства. Ён не вытрымаў болю, выкліканага як хваробаю, так і цяжкімі думамі пра сэнс жыцця (што ўзаемазвязана).
Мастак не можа проста ляжаць і наталяцца пладамі сваёй ранейшай працы. Ён вечны працаўнік і пакутнік. Асаблівасці псіхікі творцаў схіляюць іх як да віду мастацтва, так і да жанру ўнутры гэтага віду. Паэты і музыканты, у прынцыпе, могуць быць лайдакамі. Працавіты паэт, які рыфмуе штодня цягам 50 гадоў – гэта бяздарнасць у чыстым выглядзе. Геніяльны паэт – лайдак, які можа пісаць запар тры месяцы, а потым некалькі месяцаў, а то і гадоў зусім не пісаць. Празаік жа, мастак, скульптар, кампазітар – гэта, як правіла, працаўнікі да сёмага поту. Драматургі ў пэўнай ступені таксама могуць быць лайдакамі, бо могуць напісаць за жыццё 2–3 удалыя п’есы, а астатні час праводзіць па кулуарах тэатра, выслухваючы дыфірамбы. Але гэта не заўсёды, канешне.
Яшчэ адной з прычын мастацтва ёсць стварэнне так званай паралельнай рэальнасці. Мастак можа жыць бедна, нецікава, быць не каханым, не зразуметым, некамунікабельным, уладальнікам шматлікіх псіхалагічных комплексаў, жыць у краіне з гнілым кліматам, але праз свае творы паляпшаць эмацыйны жыццёвы фон. Героі празаіка могуць перажываць такія эмоцыі, вандраваць па такіх месцах зямнога шара, пра якія сам ён толькі сніць мог. Няздзейснае ў жыцці можа паспяхова ажыццявіцца ў аповедах, асабліва калі яны маюць фантастычны кірунак. Прыклад паляпшэння якасці свайго эмацыйнага фону, пастаяннае знаходжанне ў іншай, на парадак цікавейшай рэальнасці, створанай сваёй фантазіяй – Жуль Верн, які, кажуць гісторыкі, у жыцці не быў схільны да вандраванняў. Што па яго творах абсалютна не заўважаецца.
Мастак, каб ствараць пераканаўчыя вобразы і калізіі, зусім не абавязаны перажываць нешта падобнае ў рэальным жыцці. Вопыт бясцэнны. Яле яшчэ больш бясцэнная – здольнасць аналізаваць, распазнаваць у штодзённай мітусні законы, па якіх існуе свет. Па гэтых законах, з дапамогай фантазіі, і будуюцца мастацкія творы. Так ствараюцца тыпажы, характары, увогуле псіхалагічная прасторы мастацтва. Мастак, асабліва гэта тычыцца празаікаў і драматургаў, гэта той, хто здольны ўжывацца ў выдуманыя вобразы і пражываць іх жыццё, унутры іх, і праз гэта рабіць іх жывымі і пераканаўчымі. Гэта рэдкая якасць, уласцівая толькі вельмі нямногім апавядальнікам у поўнай меры. Талстой, Чэхаў, Бальзак, Маэм, Рамэн Ралан, Купрын, Дойл, Шэкспір – вось, на маю думку, тыя, хто валодаў талентам пераўвасаблення ў поўнай ступені. Згадзіцеся, не вельмі шмат для мільярдаў людзей, якія жылі на зямлі ў апошнія тысячагоддзі. Не згадаў Дастаеўскага ў гэтым шэрагу таму, што ён падаецца мне творцам іншага, яшчэ вышэйшага парадку, для каго агульныя меркі прымяняць немагчыма. Дастаеўскі вылучае не грамадскія псіхалагічныя тыпажы, а праз герояў паказвае шматграннасць і глыбіню жыцця чалавечай душы і чалавечага духу; гэта больш чым мастацкая творчасць, бо мяжуе з духоўным вопытам, які даюць толькі рэлігіі.
Свет гукаў, музыка, прызнацца, асабіста для мяне неспасціжная таямніца. Каб зразумець у поўнай меры гэты кірунак мастацкага самавыяўлення людзей, чалавецтва, трэба мінімум мець абсалютны слых, адчуваць гармоніі гукавых сфераў. Адной схільнасці да філасофскага аналізу тут мала. Музыка найбольш касмапалітычнае з усіх відаў мастацтва. Яна найменш прывязана да зямлі, хоць у кожнага народа мае свае асаблівасці. І тым не менш відавочна, што вялікія кампазітары чэрпаюць свае тварэнне аднекуль звонку, далучаючыся да недасяжных простаму смяротнаму касмічных гармоній. На зямлі, у гуках прыроды, такіх гармоній не назіраецца.
Увогуле, геніяльны творца – гэта акрамя ўсяго той, хто абсалютна, да болю ў сэрцы адчувае мастацкі фальш. Кожная фальшывая нота, скарыстанае не да месца слова, нядбайны мазок пэндзлем, літаральна скаланае яго нутро. Гэты абсалютны крытэрый унутраны, ён праяўляецца і развіваецца праз абучэнне, але яму нельга абучыць не тое што любога, хто пажадае, а практычна нікога. Бо геніяў так мала ў мастацтве, што адсотак іх імкнецца да нуля. Абсалютная чуллівасць да фальшу – вось іхняя асноўная рыса. У сваёй творчасці яны калі і не ведаюць да канца ЯК ТРЭБА, то неаспрэчна ведаюць ЯК НЕЛЬГА. Гэтае "нельга” і робіць тварэнні вялікіх мастакоў гарманічнымі ды нятленнымі – менавіта таму, што крытэрый мастацкасці дадзены ім праз Абсалют. Абсалютная ж гармонія, калі форма ў поўным паразуменні са зместам і высокім сэнсам, не старэе з часам.
Кожны мастак рухаецца па сваёй лініі творчага лёсу хвалямі, па законах сінусоіды. Забраўшыся на вяршыню, ён непазбежна спускаецца ўніз. Некаторыя, як мы сведчылі раней, гэтага не перажываюць і сыходзяць з жыцця заўчасна. Некаторыя ж адужваюць спад (ці некалькі спадаў) і зноў забіраюцца на вяршыні. Роўна ж ідуць па творчым жыцці толькі бяздарнасці – менавіта таму, што ў іх вяршыняў няма, усё – плоская нізіна.
Дастаеўскі ў жыцці рухаўся па выразнай сінусоідзе, дзе вяршыні – яго раманы, удасканальваючыся год ад года, у прамежках жа пісання займаючыся то палітыкай, то катаргай, то галаваскрутным каханнем, то рулеткай, то публіцыстыкай. Па шчаслівым наканаванні ён дайшоў да свайго Эверэсту – "Братоў Карамазавых” і памёр натуральнай смерцю. У прынцыпе, рухаўся сінусоідай у творчасці і Талстой. Познія яго аповесці – "Смерць Івана Ільіча”, "Крэйцарава саната” ды інш. – па самых высокіх мастацкіх мерках не саступаюць яго двум геніяльным раманам. У духоўным жа плане Талстой зазнаў падзенне, маю на ўвазе апошнія гадоў трыццаць яго жыцця. Зрэшты, сам ён так не лічыў.
Некаторыя выводзяць творчасць з адзіноты, як спосаб яе пазбыцца. Некаторыя вызначаюць галоўнай прычынай зжыванне псіхалагічных комплексаў, маючы на ўвазе, што ўсе творцы так ці інакш ссунутыя па фазе. І сапраўды, сярод вялікіх мастакоў значны, куды большы, чым сярод звычайных людзей, працэнт пакутлівых фізічных і душэўных захворванняў. Хваробы хілілі іх да канфліктаў з соцыумам, да адзіноты і як вынік да засяроджанай творчасці, праз якую яны выконвалі непарушны закон абмену энергіямі з чалавецтвам. Хваробы і адзінота несумненна кладуць адбітак на ўнутраны свет творчых людзей, робяць яго унікальным. У мастацтве ж унікальнасць заўсёды вітаецца.
Але ўмова хваробаў, псіхалагічных комплексаў, канешне ж, не ёсць дастатковай умовай для з’яўлення мастака буйнога маштабу. І нават не ёсць неабходнай умовай. Таму што наўрад ці хто назаве Гюго, Гётэ, Бальзака, Талстога і Пушкіна нейкімі ў асаблівай ступені хворымі ці псіхічна цюкнутымі людзьмі. Былі ў іх свае псіхалагічныя замарочкі, галоўнай з якіх выступала манія велічы, – але ў сукупнасці замарочак гэтых было не больш, чым у сярэднестатыстычных людзей. І хварэлі яны фізічна не больш, чым звычайныя абывацелі. Пушкін і зусім быў фізічна здаровы.
У той жа час ёсць безліч усялякіх псіхапатаў і фізічна хворых, а таксама апанаваных маніяй велічы, уласцівай геніям, – і гэта зусім не выліваецца ў гарманічныя мелодыі, палотны, аповеды, вершы. Найчасцей там назіраецца адсутнасць творчасці. А калі яна прысутнічае, то выдае на сапраўднае трызненне вар’ятаў, якому ўласцівы сэнсавы вэрхал і бесталач формы. Так што не ўсе мастакі вар’яты і тым больш не ўсе вар’яты мастакі. На гэтым і парашым.
Пытанне тут значна складанейшае. Чалавецтва моцна прасунулася ў апошнія паўстагоддзя ў вывучэнні структуры мозгу. І, відаць, удаецца памераць, што ў таленавітых мастакоў найбольш актыўныя адны ўчасткі шэрага рэчыва, а ў матэматыкаў іншыя. Удаецца, напэўна, памераць, што ў буйных талентаў мазгавыя міжклеткавыя сувязі адбываюцца на большых хуткасцях, з большаю эфектыўнасцю. Але ж усё гэта – толькі факт наяўнасці "хуткасных” нейронаў, не больш. Гэта як засведчыць, што адзін аўтамабіль нашмат абганяе другі таму, што ў яго ўдвая магутнейшы рухавік. За фактам жа магутнага рухавіка стаяць тысячы канструктарскіх бюро, увогуле – гісторыя ўсяго чалавецтва. Гэтак сама і за фактам наяўнасці геніяльнага творцы стаіць, па вялікім рахунку, гісторыя ўсяго бачнага і не бачнага Космасу. Успомнім, што генетычны набор бацькоў сам па сабе не стварае мастацкага генія (прыклад з роднымі братамі). Толькі ў перапляценні ўсяго бачнага і трансцэндэнтнага, толькі ў сукупнасці скрытых ад чалавечага розуму прычын рэдка і вельмі рэдка з’яўляюцца на зямлі паэты ўзроўню Гамера, а філосафы – узроўню Сакрата. Яны анамалія, што апісваецца хвастамі парабалы тэорыі верагоднасці, якія сыходзяць у плюс і мінус бясконцасць.
Аднак не забывайма пра тое, што буйныя творцы нараджаюцца, як правіла, ва ўлонні буйных жа культур, на тэрыторыі магутных ва ўсіх планах дзяржаў. Яны – як бы сублімацыя нацыянальнага духу, яго канцэнтрацыя. Праз трох– чатырох сваіх геніяў гавораць з сусветам такія гістарычна магутныя дзяржавы як Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Старажытная Грэцыя і Рым, Італія, Расея.
У краіне, якая не з’яўляецца вялікай па ўсіх параметрах, не можа быць народжана вялікіх літаратараў, сусветных геніяў. А вялікія кампазітары і мастакі – могуць. Прыклад музычнай "сталіцы” сусвету – Аўстрыя. А мастацкіх –Нідэрланды і Бельгія. Гэта феномен, мяркую, вынікае з таго, што дух нацыі найперш перадаецца праз слова – самы магутны транслятар ідэй на свеце. Чым большы, глыбейшы дух нацыі, яе мастацкія традыцыі – тым магутнейшы вырастае пісьменнік. Музыка, мастацтва залежаць ад магутнасці нацый куды менш, а больш – ад духоўных і мастацкіх традыцый цывілізаванага чалавецтва, ад таленту. Гэтыя віды мастацтва могуць быць, скажам так, касмапалітычна вялікімі. Геніяльныя літаратары сусветнага маштабу, што выгадаваліся ў культурах не вялікіх і не магутных краін, прадстаўляюць на сённяшні дзень толькі дзіцячую літаратуру. Гэта, на мой погляд, толькі датчанін Андэрсен і шведка Ліндгрэн. Што тычыцца ЗША, то хоць гэта самая магутная дзяржава свету, але далёка не ў плане мастацтва, менавіта таму, што з’яўляецца вытворнай ад традыцыі англасаксаў і ў цэлым залежнай ад еўрапейскай культуры. Культурная ж традыцыя ўласна Амерыкі, яе міфатворчасць, і карацейшая па часе і не такая насычаная, як у Еўропе. З амерыканскіх літаратараў, па вялікім рахунку, ёсць адзін бясспрэчны геній – Эдгар По, бо толькі ён аказаў магутны ўплыў на развіццё сусветнай літаратуры (пад яго ўплывам пісалі такія тытаны, як Дойл, Уэлс, Верн, у нечым Дастаеўскі, а таксама паэты-сімвалісты). Вялікі ж дзіцячы пісьменнік-амерыканец, безумоўна, Марк Твэн.
Хоць чалавек атрымлівае ільвіную долю інфармацыі праз зрок, важнейшым у плане сэнсавага напаўнення жыцця для яго з’яўляецца слова. Таму і важнейшым відам мастацтва традыцыйна лічыцца літаратура. Яна найбольш уплывала на масы і эстэтычна іх выхоўвала цягам тысячагоддзяў. Сучаснасць змяніла вектар уплыву з кнігі на кінематограф і тэлевізію, спалучыўшы самы даступны від уздзеяння на псіхіку – візуальны – з уздзеяннем сэнсавым (літаратурай). Тэлевізар, кіно – гэта сімбіёз усіх відаў мастацтва, дзе і гавораць, і музіцыруюць, і танцуюць, і ашаламляюць фарбамі і краявідамі.
Традыцыйныя віды мастацтва выцясняюцца тэле- і кінакарцінкай на другі план. І гэта зноў-такі факт, якому ў рамках гэтага раздзела не хочацца даваць ніякіх ацэнак і ладзіць ніякіх прагнозаў на будучыню. Тым больш што прама ці ўскосна мы разбіралі працэсы ў сучаснай культуры раней, і даволі дасканала і падрабязна. Задачай жа гэтага раздзела з’яўляўся разгляд творчай майстэрні мастацтва – як, чаму і па якіх законах усё адбываецца. За майстэрню не хацелася вельмі далёка выходзіць, бо і так ясна, што мастак непазбежна жыве ў соцыуме і непазбежна ж з ім дачыняецца па ўстаноўленых правілах. Пра зносіны асобы з соцыумам мы ўжо гаварылі ў раздзеле "Як рыба на беразе”. Таму паўтарацца не варта. Адзінае хочацца на заканчэнне сказаць пра тое, чаму відныя, назавём так, творцы часцяком успрымаюцца грамадствам як маральныя вырадкі, якія плююць на ўстаноўленыя нормы і правілы. Насамрэч жа мастакі наўрад ці горшыя ў маральным плане за астатніх людзей. Проста яны пагарджаюць правіламі соцыуму – менавіта таму, што носяць у сабе іншую рэчаіснасць, паралельны свет, які для іх часта нашмат важнейшы. Разрываючыся паміж дзвюма рэальнасцямі – мастацкай і сапраўднай, – яны часцяком блытаюцца, памыляюцца і выглядаюць эпатажнымі, амаральнымі, падазронымі, нейкімі ненармальнымі. Тое, што абывацель скрывае з інстынкту самазахавання, пра што ён трымае рот на замку, мастак можа здуру агучыць, бо соцыуму ён не надта баіцца і не надае яму такой значнасці, як звычайныя людзі. Ён заўсёды можа схавацца ў свой свет хімер, зашыцца ў творчай майстэрні, калі знадворку надта ўжо непагодліва.
|