Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 18:43
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Хімеры, важнейшыя за жыццё
Шматгранную чалавечую дзейнасць можна разглядаць як абмен энергіямі рознага ўзроўню – пачынаючы ад духоўных зносінаў і заканчваючы сексуальнымі.
 
Чалавечыя адзінкі ёсць прыёмнікамі, трымальнікамі і транслятарамі гэтых энергетычных патокаў. Энергетычны абмен ёсць асноўнай умовай жыцця. І не толькі чалавечага, увогуле любога. Проста чалавек мае дачыненні з Сусветам на самым высокім і максімальна структураваным узроўні.
 
Ніводная чалавечая адзінка не ў сілах парушыць сусветны закон гэтага абмену. Адной з праяў абмену з’яўляецца творчасць. Жыццё соцыуму прасякнута ёю. Усё, што ні робіць чалавек, падключаючы да дзейнасці свой розум, мае творчы пачатак. У дадзеным раздзеле мы вылучым мастацкую творчасць і будзем яе разглядаць.
 
Калі тварыць здольная любая чалавечая адзінка, то тварыць па-мастацку можа вельмі невялікі адсотак людзей. І здаецца, што адсотак гэты амаль не мяняецца цягам гісторыі цывілізаванага чалавецтва. Зрэшты, прасачыць гэта надзвычай цяжка з прычыны таго, што з глыбіні стагоддзяў да нас дайшлі толькі самыя вялікія мастацкія тварэнні і творцы, сярэднія ж і нязначныя булькнулі ў Лету. Акрамя таго, у старажытнасці, калі ўмовы жыцця былі непараўнальна цяжэйшымі, толькі нямногія з тых, у каго быў закладзены мастацкі патэнцыял, маглі займацца мастацтвам. Мастацтва патрабуе для сябе, як мінімум, вольнага часу, а як максімум таго, каб чалавек займаўся ім увесь белы дзень.
 
Цывілізацыя, развіваючыся, павялічвае адсотак людзей, якія займаюцца мастацкай творчасцю. Мала таго, адсотак гэты ўсё больш перасягае той максімум, які адведзены прыродай. То бок мастацтвам пачынаюць займацца людзі, каму гэта прыродай не дадзена або дадзена ў малой меры. А займаюцца яны мастацтвам таму, што гэта, па-першае, прэстыжна і часам выгадна, а па-другое, ім, не абцяжараным барацьбою за існаванне, проста няма чым сваю асобу заняць. Па-трэцяе, значна большы адсотак чалавецтва зрабіўся пісьменным, адукаваным, а значыць, усё большая частка чалавецтва патрабуе задавальнення сваіх эстэтычных патрэбаў. Аднак у асноўным эстэтычныя патрэбы сярэдняга адукаванага чалавека досыць невысокія, таму цывілізацыя спарадзіла так званае псеўдамастацтва – мастацтва для масаў, якое часцяком з’яўляецца падробкаю пад мастацтва, творчасцю вельмі невысокага ўзроўню. Гэта эстрадная музыка, бульварнае меладраматычнае і прыгодніцкае чытво, забаўляльны кінематограф, тэатр балаганнага тыпу, разнастайныя відовішчы, лядовыя і цыркавыя шоу і г.д. З аднаго боку, у пералічаным навідавоку творчы пачатак, а з другога, уласна мастацкага, таго, што ўпрыгожвае і ўзвышае душэўны свет чалавека, далучае яго да сакральнага, там або няма, або крайне мала.
 
Традыцыйнае ж мастацтва, Мастацтва з вялікай літары, мела першапачатковую задачу не столькі забаўляць, колькі адказваць на адвечныя пытанні, якія ставіць перад чалавекам жыццё. Гэта пытанні як суадносінаў людзей паміж сабой і з прыродай, так і дачыненняў чалавека з вышэйшымі сіламі, з фатумам, з лёсам, з Богам. Мастацтва выступала своеасаблівым дапаўненнем да рэлігій, беручы за асновы рэлігійныя міфы, у якасці герояў там спачатку выступалі язычніцкія багі, а потым, з прыходам хрысціянства, і евангельскія вобразы, і ўвогуле – біблейскія. Трэба адразу агаварыцца, што з усіх монатэістычных рэлігій, якія прышлі на змену язычніцтву, толькі хрысціянства ў поўнай меры заахвочвала і стымулявала мастацкую творчасць. Іслам жа, іудаізм, будызм мала што далі мастацтву, калі не сказаць – наўмысна яго тармазілі.
 
Вярэдлівыя пытанні паўстаюць перад людзьмі пастаянна, уяўляючыся кожнаму далейшаму пакаленню новымі і вострымі, злабадзённымі, хоць на іх ужо спрабавалі адказваць папярэднікі. Такім чынам, у традыцыйным грамадстве мастацтва тысячагоддзі ішло поруч з рэлігіяй. І нават у дзевятнаццатым і дваццатым стагоддзях, калі мастацтва пачало ад рэлігій аддаляцца, яно насамрэч працягвае бытаваць сярод рэлігійных нормаў, міфаў і вобразаў, іх абвяргаючы і з імі спрачаючыся. Атэізм – гэта таксама своеасаблівая рэлігія, рэлігія наадварот, якая надае не меншую ўвагу сакральнаму, знарок супрацьпастаўляючы яму свет без Бога над ім. Здаецца, што атэізм выглядае наравістым падлеткам, які пракудзіць з мэтай раздражніць бацькоў, вывесці іх на эмоцыі.
 
Крыніцы мастацтва разнастайныя. Іх можна высноўваць у розных ракурсах. Галоўным пасылам да мастацкай творчасці, яго асноўнай прычынай бачыцца ўсё ж абмен сусветных энергій. Гэта адзін са спосабаў, якімі мастак дачыняецца з сусветам. У той час як людзі абменьваюцца звычайнымі спосабамі (фізічныя кантакты, вербальны, ліставанне), творца, мастак мае сувязь з сусветам, чалавецтвам праз мастацкія вобразы.
 
Мастацтва – гэта тая частка чалавечай творчасці, якая бескарысная (у яўным плане) для матэрыяльнага выжывання. Да прыкладу, навука, медыцына і нават філасофія – карысныя для выжывання соцыуму, удзельнічаюць у гэтым працэсе. Але мастацтва выступае ў якасці скрытай карысці для грамадства. Чым больш у сярэдняга чалавека з’яўляецца вольнага часу і грашовай магчымасці задавальняць эстэтычныя патрэбы, тым больш павялічваецца патрэба ў аб’ёме мастацкага прадукту. Вольную часіну людзям трэба неяк бавіць. Чалавек, які б маларазвіты ён ні быў, не можа ляжаць і глядзець у сцяну. Не будзе мастацтва і яго сурагатаў – чалавек стане бавіць вольную часіну іншымі спосабамі. Але рыбалка, паляванне, фізкультура, спорт – не зусім прыдатныя для задавальнення эстэтычных патрэбаў. А п’янства, наркаманія і блуд – пагатоў. Акрамя таго, у вольныя гадзіны сутак, што застаюцца пасля работы і хатніх спраў, немэтазгодна займацца рыбалкай, паляваннем, фізкультурай, п’янствам і г.д. Таму што пералічанае адбірае фізічныя сілы, займае многа часу, гэтым правільней бавіцца ў выхадныя дні. Буднямі ж, пасля працы, чалавек звычайна чытае, глядзіць тэлевізар, слухае музыку, наведвае тэатр, або малюе, піша вершы, грае на музычных інструментах. Такім чынам, мастацтва заклікана займаць вольныя ад працы гадзіны звычайных людзей – тых, хто па сваёй сутнасці і грамадскім статусе сам не з’яўляецца мастаком, творцам і чыя асноўная праца – не мастацкая творчасць.
 
Мастак зносіцца з вонкавым светам на больш высокім і эфектыўным узроўні, чым большасць людзей. Па шырыні патэнцыйнага ахопу мас, з якімі ён мае дачыненні, мастак саступае толькі папулярным тэле- і радыёвядучым, палітыкам, кіраўнікам дзяржаў. Звычайны чалавек выяўляе сваё "я” перад вельмі абмежаваным колам людзей, будзь ён нават самы кампанейскі і гаваркі. Гэта, як правіла, чалавек пяць сямейнікаў, яшчэ чалавек пяць блізкіх родзічаў, чалавек дзесяць сяброў і прыяцеляў і ну хай чалавек дваццаць таварышаў па рабоце. Усяго пра звычайнага грамадзяніна ведаюць ад дваццаці да ста чалавек на нашай грэшнай зямлі. Толькі ім ён можа быць чымсьці цікавы. Паміраючы, звычайны чалавек даволі хутка губляе сувязь з белым светам, памяць пра яго год ад года меншае, чэзне і канае зазвычай праз гадоў 30–50, калі сыдуць у нябыт ягоныя ўнукі. І гэта пры тым, калі чалавек пакінуў пасля сябе ўдзячных нашчадкаў. Нярэдка ж бывае, што нашчадкаў ён не пакінуў, а калі пакінуў, то не выпрацаваў з імі добрых адносінаў, і яны не хочуць пра яго ўспамінаць ды на магілу яго хадзіць.
 
Творца ж, які б сціплы ён ні быў, даволі доўга жыве ў сваіх тварэннях. Даўжэй, відаць, у кнігах, трохі менш у палотнах, яшчэ карацей у музыцы. Кнігі, якімі б мала папулярнымі яны ні былі, раз-пораз нехта дастае з бібліятэчнай паліцы ці вымае з гарышча і праглядае (хай нават тры чалавекі ў год). Тое ж з палотнамі, музычнымі запісамі. Пакуль захоўваюцца носьбіты інфармацыі, на якіх самавыяўляўся творца, ён патэнцыйна жыве ў чалавечай супольнасці. Доўжаць век мастакоў і легенды пра іх зямное жыццё.
 
Некаторыя ж творцы, мізэрны адсотак, пасля смерці працягваюць актыўнае жыццё і дыялог з людзьмі вельмі доўга, стагоддзямі і тысячагоддзямі, – у межах нацыянальнай або нават сусветнай культуры. Іх тварэнні ў рамках існай цывілізацыі робяцца нятленнымі і, бывае, мацуюць сабой пры знікненні цывілізацыі, у якой яны нарадзіліся, культуру іншай цывілізацыі.
 
Цяпер разбяромся з матывамі, па якіх чалавек бярэцца за пяро, пэндзаль, сядае за музычны інструмент. Наўрад ці памылімся, калі назавём першапрычынай прыроднае, не залежнае ад волі індывідуума жаданне сябе праявіць, то бок самавыяўленне. Кожнае "я”, эга міжволі імкнецца да максімальнай экспансіі ў вонкавы свет. А ўжо спосабы, якімі ён змушае свет пра сябе ведаць, могуць быць самымі рознымі. Нехта рэалізуецца на працы, нехта праслаўляецца войнамі, нехта ныраннем у глыбіні ці лажаннем па гарах, а нехта проста добрымі ўзаемінамі з сямейнікамі і сябрамі. Асноўная экспансія звычайнага чалавека ў свет – гэта яго дзеці, нашчадкі, у якіх ён укладае сваё "я”, якіх выхоўвае па сваім вобразе і падабенстве.
 
Мастак жа выяўляецца ў свет праз мастацкія творы – гэта яго асноўная задача, якая часцяком поўнасцю адцясняе клопат пра дзяцей і ўнукаў, пра сяброўскія сувязі. Мастакі нярэдка не пакідаюць пасля сябе ўдзячных нашчадкаў, бываюць бяздзетнымі або кепскімі ў якасці бацькоў. Некаторым не ўдаецца праявіць сябе і ў сяброўстве з прычыны цяжкага характару, празмернага эгаізму, бескампраміснасці. У такіх людзей дамінуе ідэя творчасці, толькі ў яе яны кладуць усе свае сілы і ўсю сваю існасць, з людзьмі ж, бывае, абыходзячыся сурова, непрыстойна, бязлітасна. Талстой, Лермантаў, Дастаеўскі, Гогаль, Байран, Свіфт, Эдгар По, Рэмбо, Мікеланджэла, Рэмбрант, Ван Гог, Гаген, Гойя, Чайкоўскі, Бетховен ды іншыя геніі сусветнай літаратуры, мастацтва і музыкі былі людзьмі, цяжкімі для акаляючых. Ім можна прыпісваць безліч чалавечых заганаў, куды будуць уваходзіць суровасць, гарачлівасць, нецярпімасць да бліжняга, эгаістычнасць, распуснасць, у некаторых няправільная палавая арыентацыя і г.д.
 
Не будзем казаць, што агульныя маральныя прынцыпы нельга прымяняць да геніяльных творцаў, звяртаем увагу толькі на тое, што сапраўдны мастак ніколі не падладжваецца пад густы натоўпу і крытыкаў, пад правілы сямейнага і грамадскага атачэння, для яго важна толькі ідэя фікс, што прысутнічае дамінантай у яго творчасці. Ідэю, нават калі яна і бывае згубнай, заганнай, сапраўдны творца ніколі нікому не ахвяруе. Адсюль і частыя сутыкненні з соцыумам, непрыманне, неразуменне, адсюль непамяркоўнасць да сямейнікаў і сяброў. Гэты дысананс, падкрэсліваем, выкліканы асаблівасцямі ўспрымання мастакамі сусвету, якое розніцца з успрыманнем свету людзьмі, не адоранымі мастацкімі здольнасцямі.
 
Калі не браць манахаў, геніяльных навукоўцаў, палкаводцаў і розных першапраходцаў зямлі, то ўсе астатнія людзі, апроч мастакоў, аддаюць у жыцці прыярытэт чалавечым дачыненням – у сям’і, на працы, сярод сяброў і таварышаў. Таму для іх надзвычай важна, што гавораць ці думаюць пра іх акаляючыя, яны ўсяляк падладжваюцца пад соцыум, пнуцца яму дагадзіць. Вялікі ж мастак часцяком плюе і на соцыум, і на сямейнікаў, і на сяброў, калі тыя пасмеюць у нечым перашкодзіць увасабленню і экспансіі ягоных ідэй. Заўважым адразу, што сапраўднага мастака ад несапраўднага (рамесніка, бяздарнасці) лёгка адрозніць па тым, наколькі важнае для яго меркаванне людзей, крытыкаў і нават слава людская. Геніям слава бывае да лямпачкі, гіпертрафіраваная самаўпэўненасць (манія велічы), што жыве ў іх пуцяводнай зоркаю, не дае ўнутрана ўсумніцца ў значнасці і важнасці таго, што яны робяць. Крытэрый ацэнкі ўнутры іх. У той жа час слабым, пасрэдным і проста нядрэнным мастакам патрэбная ацэнка людзей як псіхалагічная падтрымка і арыенцір, яны ваююць яшчэ і за месца ў мастацкай іерархіі. Бо ў такіх творцаў адсутнічае непарушны ўнутраны крытэрый, эталон, які ёсць у геніяў.
 
Такім чынам, пасыл да творчасці – выяўленне свайго "я”, распаўсюджванне яго ідэй у сусвет. Нельга таксама абысці жывёльны пачатак чалавека і не сказаць, што ў мастацкай творчасці праглядаюцца законы натуральнага адбору. Мастак праяўляе сваю яркасць, а яркасць, як і ў жывёльным свеце, заклікана прывабліваць якаснага палавога партнёра. Чым ярчэйшы чалавек, тым большая верагоднасць, што ён знойдзе патрэбнага для працягу свайго роду партнёра. Усім вядома, што вакол знакамітых і заможных творцаў пастаянна круцяцца сябры, сяброўкі, паклоннікі. Гэта ўсё тыя ж законы жывёльнага свету, дзе шараговыя асобіны імкнуцца да важака статка, пнуцца быць блізу яго, а не ў апале. Калі жывёліна прыслужвае і ўсяляк трэцца блізу важака, гэта абараняе яе ад нападкаў іншых асобін, і ад таго, каб сам важак некалі яе не пагрыз, а даў кавалак з "панскага стала”. Калі ж слава творцы змяняецца бясслаўем, багацце беднасцю, уплывовасць шараговасцю, – то натоўп "сяброў” і палюбоўніц каля яго меншае, радзее і часта знікае зусім. Непарыўныя законы жывёльнага свету дзейнічаюць і тут.
 
Але ж для творцаў, разам з патрэбай адчування сваёй значнасці, важнасці і запатрабаванасці грамадствам, існуе і не залежная ад славалюбства і амбітнасці патрэба тварыць. Таму што мозг у іх дзейнічае, і прадукт гэтай дзейнасці непазбежна – мастацкая творчасць. Творца не можа існаваць інакш, як перапрацоўваючы інфармацыю, якую ён атрымоўвае звонку, у мастацкія вобразы. Гэта яго спосаб абмену інфармацыяй з сусветам. І змяніць тут ён мала што можа.
 
Спробы перастаць тварыць і жыць так, як большасць людзей, для мастакоў нічога добрага не нясуць. Іх як бы распірае знутры, яны робяцца агрэсіўнымі, невыноснымі для акаляючых, нарываюцца на канфлікты, дуэлі, упадаюць у п’янства і наркаманію, у распусту. А ўсё для таго, каб заглушыць унутраны боль, звязаны з неспатоленым пасылам тварыць. Ад гэтых праблем загінулі Байран, Пушкін, Лермантаў, Высоцкі, Блок, раней часу памерлі Гогаль, Рэмбо. Праз гэта Леў Талстой у другой палове жыцця ўпаў у духоўнае абмарачэнне, развітаўся з праваслаўем, пачаў абвяргаць традыцыйнае хрысціянства, выпустошваць яго, спрабаваў (беспаспяхова) стварыць рэлігію новага тыпу. З прычыны творчага крызісу Сэлінджэр замкнуўся ў сабе, на дзесяцігоддзі перарваў кантакт з вонкавым светам. Рэдка калі якому творцу ўдавалася бязбольна саскочыць з "іголкі” творчасці. А калі каму і ўдавалася, то так і знай, што гэта былі творцы малога маштабу, не надта адораныя ў мастацкім плане. Буйны ж талент, асабліва геній мусіць служыць свайму лёсу да скону, а за спробу збочыць на пуцявіны жыцця звычайных людзей прырода яго сурова карае.
 
Няшкодна будзе агаварыцца наконт таго, што мастацкі талент, яго памеры не з’яўляюцца заслугай канкрэтнага творцы. Як і любы чалавек, мастак нараджаецца са здольнасцямі запаўняць свой розум шматлікай інфармацыяй і станавіцца разумнай істотаю. Гэты чалавечы патэнцыял абучацца і развівацца ў розных індывідуумаў розны і вызначаецца генетычным наборам, атрыманым ад продкаў. Зрэшты, генетычны набор асобы вызначаецца яшчэ і праз знешнюю сілу, не толькі сухія параметры бацькі і маці ў гэтым удзельнічаюць; у двух родных братоў, зачатых у розныя перыяды, розныя ж генетычныя спалучэнні – такім чынам, здольнасці не дэтэрмінуюцца жорстка. Акрамя таго, кожная асоба ад нараджэння зазнае ўнікальны ўплыў знешніх фактараў, непаўторны жыццёвы вопыт. Зноў жа, два родныя браты пад адным дахам фарміруюцца як рознахарактарныя тыпы.
 
Генетычны набор, плюс уплыў асяроддзя, плюс наяўнасць і моц свабоднай волі вызначаюць будучае творчага чалавека (любы чалавек – творчая асоба) і мастака як своеасаблівага творцу, творцу вышэйшага парадку. Яшчэ раз: ёсць два родныя браты – адзін абсалютна раўнадушны да мастацтва, другі вырастае ў мастацкага тытана; так што ні пра якую дэтэрмінацыю генамі і гаворкі не можа ісці. Генетычны набор, звяртаем асаблівую ўвагу, толькі адзін з трох складнікаў чалавечага лёсу. Вельмі важны складнік, але адзін з трох.
 
Патэнцыяльна магутны "мастацкі” генетычны набор, калі не пакладзецца на спрыяльныя жыццёвыя абставіны, не зможа развіцца. Усе ўспомнім Маўглі і далей не будзем тлумачыць відавочныя рэчы. Наяўнасць свабоднай волі, хоць і з’яўляецца рэччу недаказальнай (як мы паказвалі ў спецыяльны раздзеле), але ж, як гэта ні парадаксальна, надзвычай дзейснай у плане развіцця творчай асобы. Чалавек дзейнічае (ці прынамсі думае, што дзейнічае) па сваёй свабоднай волі, пастаянна лавіруючы ў жыццёвых абставінах, выбіраючы аптымальны варыянт, куды павярнуць пуцявіны свайго лёсу.
 
Мастацкі талент, каб праявіцца, патрабуе шырокай адукацыі (з якой ён выбера СВАЁ), а таксама выхавання сур’ёзнага стаўлення да жыцця, любові да працы. Бо без працы, так бы мовіць, і рыбку са стаўка не выцягнеш. Да слова, буйны талент і асабліва геній – гэта той творца, які здольны або працаваць доўга і плённа, або развіваць у адносна кароткі прамежак часу небывалую мазгавую дзейнасць, робячы тое, што нерэальна звычайнаму таленту за такі перыяд.
 
Калі і існуе заслуга творчага чалавека ў яго мастацкіх дасягненнях, то гэта тое, што свабоднай воляй ён накіроўвае і ўтрымлівае свой прыродны патэнцыял у патрэбным жыццёвым рэчышчы. То бок займаецца тым, для чаго прыродай прызначаны, і не адрываецца на дробязі, непатрэбшчыну, не расходуе жыццёвыя сілы на згубныя жарсці. Між тым мала хто з буйных мастакоў з’яўляецца бясстраснай асобай, страснасць – адна з неабходных умоў развіцця буйных талентаў. А другая ўмова іх развіцця якраз тая, каб накіроўваць гэтую энергію сваёй страснай натуры больш у творчасць (хімеры), чым у жыццё (рэчаіснасць). Гэтая энергія мусіць стрымлівацца плацінай волі і затым, шматкроць узмоцненая, абрынацца ў рукапісы, палотны, нотныя сшыткі нястрыманым вадаспадам. Той жа з творцаў, хто перастае гэта рабіць, нярэдка заканчвае жыццё сумна, трагічна, бясслаўна. Калі вялікі палкаводзец мусіць скіроўваць сваю энергію наўпрост на масы людзей, то вялікі мастак, наадварот, павінен аддаляцца ад соцыуму і выходзіць на сувязь з чалавецтвам апасродкавана, праз мастацкія вобразы, не надта клапоцячыся аб сваім уплыве на масы тут і цяпер. Буры павінны бушаваць найперш у мастацкіх майстэрнях, у малым свеце творцы і, вытрыманыя ды ўзгадаваныя, хай нават праз доўгі тэрмін, спалучацца з грамадскай думкаю.
 
Праўда, не варта забывацца на тое, што поўная страта зваротнай сувязі з грамадствам, якое б ацэньвала дзейнасць творцы, таксама моцна шкодзіць ягонай псіхіцы. Прыклады Франца Кафкі, Ван Гога, Міхаіла Булгакава ды іншых па розных прычынах адлучаных ад мастацкай сферы грамадства красамоўна сведчаць аб гэтым. Толькі вельмі не многія тытаны духу, такія як, прыкладам, Дантэ і Салжаніцын, маглі ствараць нятленныя тварэнні ў працяглай адасобленасці, непрызнанні, выгнанні, застаючыся псіхічна здаровымі. Звычайна ж творца не вытрымлівае адзіноты – з разнастайнымі трагічнымі наступствамі, што адсюль вынікаюць. Таму прага славы творчымі людзьмі не бачыцца нам заганнай, а толькі натуральным працэсам абмену энергіямі, уласцівым усяму Космасу. Той, да каго прыйшла і трансфармавалася ў мастацкія вобразы знешняя інфармацыя, абавязаны ёй падзяліцца з сусветам – выдаць кнігу, публічна праспяваць песню, выставіць для агляду палотны, паставіць спектакль.
 
Да мастацкай творчасці пабуджае здольнасць сузіраць і абстрактна мысліць, уменне вылучаць з прыватных жыццёвых з’яў агульнае, бачыць законы, па якіх існуе вонкавы свет. Назіраючы гэтак сама за жыццём, звычайны чалавек уяўляе сабе, што няшчасці і злыбеды, якія на яго абрынаюцца, можна прадухіліць, паступаючы надалей так і гэтак, што калі б нехта з яго знаёмцаў быў лепшы, больш спагадлівы і сумленны, то ўсё было б прынцыпова інакш. Калі чалавека не любяць, калі чалавеку здраджваюць, ён вінаваціць таго, хто гэта здзейсніў, і або спрабуе яго перайначыць, або намагаецца знайсці іншых сяброў, новых каханых, якія, як ён думае, ужо не будуць так подла з ім абыходзіцца. Звычайны чалавек вылучае і хоча займець сваё шчасце з вонкавага асяроддзя, тады як яно, па вялікім рахунку, з’яўляецца яго ўнутранай якасцю (малюнак у свядомасці) і залежыць ад біяхіміі мозгу. Абывацелю можа прынесці неймаверную асалоду тое, што ён купіў далёка-далёка па таннай цане прадукт, які ў краме каля яго дома каштаваў удвая даражэй; ён не палянуецца і заўтра туды паехаць. Ён можа быць ашчасліўлены тым, што адстаяў свае законныя правы і ўносіць цяпер кватэрную плату па паніжаным тарыфе.
 
Мастак жа, схільны да сузірання кораня праблемы і філасофскага абагульнення, не можа падмануцца жыццёвай барацьбой, адгарадзіцца ёю ад вечных праблем. Ён бачыць сусвет як бы падвоеным, падзеленым мяжой на рэчаіснае і трансцэндэнтнае. Ён бачыць, што змяншэннем кватэрнай платы ён глабальна нічога не памяняе ў сваім кароткім жыцці, не захінецца лякарствамі ад смерці, якая адно справа часу, не адменіць закон чалавечых пакутаў, не зменіць акаляючых яго людзей да лепшага. Каханкі, сябры (дый ён сам) будуць па-ранейшаму здраджваць, хітраваць, ашукваць, шукаць сваю і пераважна толькі сваю выгаду. Сапраўдны мастак гэта ўсведамляе, і гэтыя пытанні літаральна разрываюць яму галаву. Адзіным спосабам неяк прымірыць сябе тленнага і заганнага з Вечнасцю, прыняць свой крыж жыць на гэтай зямлі сярод недасканалых людзей, з’яўляецца мастацкая творчасць. У ёй прыміраецца трансцэндэнтнае і зямное, праўда і хлусня, маленькая, абмежаваная свая існасць з існасцю Бога. Нават не выходзячы за сферу душэўнага ў сваёй творчасці, мастак як бы трымае Вечнасць па-за дужкамі, заўсёды мае яе на ўвазе як непахісную ісціну, справядлівасць. Сярод агульнай мярзоты чалавечага жыцця, з яго хітрасцю, хцівасцю, вераломствам і подласцю, з яго войнамі і катавальнямі, а галоўнае, тленнасцю, мастак спрабуе адшукаць добрае, прыгожае і высокае. І пошукі гэтыя не заўжды даюць плён.
Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (18.06.2010)
Просмотров: 828 | Рейтинг: 4.0/4
Всего комментариев: 1
1 Антон Кудлаты  
0
* * *
Колькі мудрых напісана кніжак,
Ды дабрэйшым не стаў белы свет.
А паэты ўсё пішуць і пішуць,
І спадзеў песціць кожны паэт:
“Надрукую апошні санет –
І абновіцца ўвесь белы свет…”

» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024