Глыбінная прычына любой вайны, будзь яны ўнутранай, знешняй ці проста ўнутрысямейнай, палягае ў эгаізме чалавечых адзінак або, інакш кажучы, у духоўным стане гэтых адзінак, у тым, наколькі кожная з іх можа адмовіцца ад інтарэсаў свайго эга дзеля сабрата.
Адзінкі эгаістаў, дзеля адстойвання сваіх інтарэсаў, схільныя збірацца ў групоўкі, якія ўзнікаюць па прынцыпе роднасных мэтаў. Мэты адзінак тут супадаюць на пэўны адрэзак часу. У групоўцы, суполцы, хаўрусе лягчэй дасягаць сваёй выгады, чым паасобку. Гэта ясна. Але ж не трэба падманвацца, што супадзенне інтарэсаў адзінак эгаістаў, сабраных у групоўцы, будзе поўным і безагаворачным. Гэта далёка не так. Супадае толькі галоўны напрамак. Нюансы ж, бывае, розняцца кардынальна. У любой суполцы тут жа пачынаецца барацьба за лідэрства, бо лідэрам, вядома ж, дастаецца значна большы куш ад перамогі над праціўнікамі, чым шараговым членам групоўкі.
Мала таго, любая суполка ствараецца, па вялікім рахунку, дзеля выгады вузкага кола яе членаў – тых, хто будзе кіраваць ёй або круціцца блізу кіраўнічых органаў. Гэта, падкрэсліваю, тычыцца любой групоўкі, незалежна ад накірунку яе дзейнасці, будзь тое саюз пісьменнікаў, кінематаграфістаў, паляўнічых, інвалідаў, сексуальных меншасцяў, рэлігійныя секты і г.д. У гэтыя кааліцыі абывацелі заманьваюцца ўяўнымі выгодамі, і гэтыя выгоды напачатку нават даюцца ім. Аднак па меры таго, як сплывае час, выгоды памяншаюцца і памяншаюцца, або ніяк не кампенсуюцца энергетычнымі выдаткамі, якія затрачваюць члены суполак на барацьбу з рэчаіснасцю. Наменклатура ж, вершаліна любой суполкі, паступова абвыкаецца са сваім становішчам, нарошчвае сваю магутнасць, пераплятаецца сваяцкімі і сямейнымі сувязямі, багацее і ўжо практычна нічога не робіць з таго, што абяцала напачатку шараговым членам.
Напрыклад, кіраўніцтва саюза пісьменнікаў атрымлівае раскошныя кватэры, выдае прыжыццёвыя зборы твораў, адхоплівае нерэальныя ганарары, амаль бясплатна ездзіць на курорты з сем’ямі ці палюбоўніцамі, купаецца ў лаўрах славы народнай. А шараговыя пісьменнікі маюць ад гэтага саюза або вельмі мала, або зусім дулю з маслам.
Наменклатура камуністычнай партыі СССР, якая ў свой час скінула самадзяржаўе і абяцала народу райскае жыццё, паступова адмежавалася, адгарадзілася ад гэтага народа, на які абапіралася ў сваіх карыслівых мэтах. Камуністычная партыя надалей мучыла свой народ, марыла яго голадам, саджала за краты, адпраўляла на катаргу, змушала ўдзельнічаць у спусташальных войнах, а наменклатура гэтай партыі ў любы час жыла даволі някепска: у часы голаду і мору мела закрыты размеркавальнік прадуктаў, адмысловае медыцынскае забеспячэнне, санаторыі, пашыраныя жылплошчы, бясплатны асабісты транспарт і г.д.
Стварэнне кааліцый, суполак па інтарэсах для барацьбы з праціўнікамі (ці ўвогуле з рэчаіснасцю), для паляпшэння якасці жыцця яе членаў, можа адбывацца стыхійна, а можа стварацца прадумана тымі людзьмі, якія мерацца стаць "ля руля” гэтых суполак. Але ж у любым выпадку, праз даволі непрацяглы час, адбываецца рэзкае адмяжоўванне кіраўніцтва суполак, іхняй наменклатуры, ад шараговых членаў, і якасць існавання першых і другіх становіцца непараўнальная. У выніку суполка, партыя, секта і г.д. фактычна працуе на матэрыяльны і псіхалагічны камфорт свайго кіраўніцтва. Адметна, што большая частка членаў суполкі будзе па-ранейшаму знаходзіцца з змане, што кіраўніцтва адстойвае іх інтарэсы і дбае пра іх дабрабыт.
Прыкладная схема стварэння і функцыянавання любой арганізацыі (секты, партыі, суполкі) такая. Купка дзялкоў зажадала добра жыць пры найменшых энергетычных затратах. Для гэтага яны вывучаюць рынак ідэй, попыт на іх, што існуе на дадзены момант у грамадстве. Спыняюцца на нейкай перспектыўнай і пакуль не засвоенай нішы. Напрыклад, гэта саюз інвалідаў. Арганізацыя рэгіструецца, пад яе харугвы збіраецца максімальная колькасць людзей, завабленых малочнымі рэкамі з кісейнымі берагамі. Члены саюза, зразумела, плацяць узносы, якія мусяць ісці на ўтрыманне апарату кіравання, г.зн. тых дзялкоў, што стварылі гэты саюз. Але не ўзносы дужа не параскашуеш. Таму асноўная крыніца даходаў у кіраўніцтва будзе – выбіваць сродкі ў дзяржавы і гуманітарных арганізацый для будаўніцтва і падтрымкі сваёй інфраструктуры: адмысловых прадпрыемстваў, дзе мусяць працаваць інваліды, друкаваных органаў, на будаўніцтва спецыяльнага жылля і г.д. Насамрэч жа кіраўніцтву ўсё гэта патрэбна ў чаргу пятую і дзесятую. Найпершая яго задача, будуючы інфраструктуру, атрымліваць ад выдаткаваных на гэта сродкаў максімальную асабістую выгаду.
У выніку ў дамы, падбудаваныя на дзяржаўныя і гуманітарныя сродкі, селяцца найперш кіраўнікі саюза інвалідаў і іхнія родзічы (для прыліку селяць некалькі шараговых членаў саюза). На прадпрыемствах суполкі (таварыства), кіраўнічыя пасады, вядома ж, займаюць усё тыя самыя людзі. Ну і ўсё такое падобнае. Не будзем займаць час чытача, тлумачачы банальныя рэчы. Скажам толькі, што ў сухім астатку шараговы член саюза мае толькі тое, што рэгулярна плаціць узносы ў агульны кацёл, а таварыства ім практычна не займаецца, або займаецца для галачкі, каб зрабіць справаздачу, калі спатрэбіцца. А дзялкі, што стваралі арганізацыю, разрасліся ў наменклатуру, яны ездзяць на асабістых аўтамабілях з вадзіцелем і служкамі, каб высаджваць з машыны і вазіць у калясцы інваліда-кіраўніка.
Нанятыя на сродкі таварыства памочнікі не толькі возяць інваліднае кіраўніцтва па службовых справах і на дзелавыя сустрэчы. Далёка не так. Яны возяць іх значна далей, напрыклад, у лодачныя паходы, на марскія курорты, у круізы, дзе абслугоўваюць па поўнай праграме. І вось ужо кіраўнік інваліднай арганізацыі жэніць свайго сына і селіць яго ў новую, нядаўна пабудаваную таварыствам пяціпакаёвую кватэру. Праўда, і сын і яго абранніца абсалютна здаровыя. Не бяды: з дапамогай махінацый кватэра афармляецца на нейкую падстаўную асобу так, што асабліва не прыдзярэшся. Сам кіраўнік мае ўжо дачу, дзе завіхаюцца работнікі, а таксама маладую палюбоўніцу. Карацей, ён дасягнуў той мэты, дзеля якой ствараў саюз інвалідаў: забяспечыць свой дабрабыт, пабудаваць для сябе рай на зямлі. Праўда, на гэтым шляху можна аступіцца і сесці, напрыклад, у турму. Але ж партыі і саюзы ствараюць, як правіла, рызыканты, людзі з прыроджанай авантурнай жылкай, яны ведаюць, на што ідуць і на чым могуць пагарэць. Яны плённа папрацавалі і ў далейшым пажынаюць плады.
Цяпер разбяромся, чаму людзі так часта і бязлітасна, не ў прыклад неразумнай прыродзе, ваююць паміж сабой, займаюцца самазнішчэннем свайго віду. А рэч у тым, што праз свой розум, праз свет ідэй тыя, хто ваюе, робяцца як бы прынцыпова іншым відам у дачыненні праціўніка. Таму што чалавек – гэта найперш унутраны свет, а ўнутраны свет ствараецца праз культуру народа, праз рэлігійную прыналежнасць, праз ідэалогію роду, сям’і, суполкі, у якую чалавек непазбежна ўлучаны. Успомнім крыжовыя паходы. Там ваявалі паміж сабой, з аднаго боку, прадстаўнікі аднаго віду – чалавека разумнага, а з другога, узаемным знішчэннем займаліся абсалютна розныя віды: па культуры, па мове, па ідэалогіі, па агульнай сістэме каштоўнасцяў. Такім чынам від людзей – гэта сістэма каштоўнасцяў. Таму ў войнах чалавецтва від не знішчае самога сябе, а пляжыць іншы, моцна адрозны ад яго від.
Самы тыповы і распаўсюджаны прыклад ідэйнай суполкі – народ, дзяржава, краіна. А побач з народам звычайна жыве іншы народ, нярэдка з кардынальна іншымі ідэйнымі каштоўнасцямі – з іншай мовай, культурай, рэлігіяй. Вось вам і патэнцыйныя ворагі – народы, надзеленыя палярнымі патэнцыяламі, якія мяжуюць паміж сабой і, хочуць не хочуць, мусяць мець зносіны, а значыць, канфліктаваць.
Здавалася б, чаму не жыць мірна і без канфліктаў? А таму, што нічога больш складанага на свеце няма, як мірна суіснаваць. Бо, як ні круці, чалавек ёсць часткай біялагічнага ланцужка планеты, хоць і самай высокаразвітой яго часткай. Асноўны ж прынцып біялагічных відаў – паяданне адно аднаго з мэтай пераразмеркавання энергіі, у гэтым і заключаецца біялагічнае жыццё жывых арганізмаў. Прыслухайцеся да голасу здаровага сэнсу, скінуўшы шоры ілюзій, і вы зразумееце наступнае. Усё тое, што дае нам знешняя прырода ў нашым пасіўным, нерухомым стане – гэта дыскамфорт і пакуты. Паспрабуйце, прачнуўшыся, не варушыцца і працягваць ляжаць. Што атрымаецца? Ды адзін суцэльны кашмар. Забаляць бакі, косці, стане цяжка дыхаць, пачне мучыць голад і смага, пачне нарастаць трывога, якая пяройдзе ў паніку і страх смерці. Праз некаторы час (каля паўсутак) з’явяцца пролежні на месцах цела, што нясуць асаблівы цяжар судакранання з ложкам. Праз яшчэ некаторы час пролежні загніюць – гэта мікробы зоймуцца сваёю звыклаю справай. А затым невядома адкуль да іх далучацца чарвякі... Згадзіцеся, карціна не надта прывабная. Але ж на сто адсоткаў праўдзівая.
Вось што з намі зробіць акаляючая прырода, хараством якой мы так любім захапляцца і пра якую так любім складаць вершы і музыку. Таму жыць у агрэсіўным асяроддзі можна, толькі супрацьпастаўляючы яму моц свайго эга. Нам баляць бакі – мы пераварочваемся або падымаемся. Нам хочацца піць – шукаем ваду. Хочацца есці – здабываем харч, нават калі для гэтага трэба забіць жывую істоту. Кожны з нас насамрэч драпежнік, які зжор за жыццё безліч курэй, парсючкоў, цялятак, рыбак і г.д. Забіць мірнага чалавека – страшнае злачынства? Канешне – гаворыць нам соцыум. А вось забіць мірнага бяскрыўднага кабанчыка, вылавіць рыбку, для чаго спачатку працяўшы кручком чарвячка – гэта не толькі не злачынства, але святая справа, можна сказаць? Ці не ханжаства гэта?
Кажу ўсё для таго, каб падвесці да асноўнага: соцыум строга карае за забойства мірных людзей і соцыум жа вітае зверскія забойствы жывёл у мэтах харчавання. Але ў кожнай дзяржавы свой соцыум і свае псіхалогія з ідэалогіяй. Вось у чым штука. І калі кіраўнік мусульманаў-вахабітаў заклікае забіць нявернага – то гэта таксама правілы соцыуму, якія мусяць быць выкананы. То бок няверны, чалавек іншай рэлігіі прыраўноўваецца да хатняй жывёлы, а то і горш. Ды што там мусульманскія экстрэмісты! У нядаўнім часе прадстаўнікі самай што ні ёсць хрысціянскай цывілізацыі вызначалі вартай жыцця, напрыклад, толькі арыйскую расу – астатніх можна не толькі забіваць, але і папярэдне мучыць у канцлагерах. І народ, у дадзеным выпадку – немцы, пакорліва гэта прымаў і лічыў справядлівым. Што яшчэ раз падкрэслівае ўмоўнасць, а таксама ханжаства і ілюзію фундаментальных прынцыпаў любога соцыуму. Як дзеля сваёй выгады соцыум устанаўлівае забіваць жывёл і ахоўваць жыццё сваіх грамадзян, так дзеля сваёй выгады ён можа аб’явіць нармальным злупліваць скуру з яўрэяў, цыганоў, мусульманаў – то бок, чужых, не нашых, не выгадных нам у дадзены час. Навідавоку супрацьборства ідэй. А гэтае супрацьборства самае бязлітаснае на свеце.
Нічога дрэннага не зрабілі адно аднаму жыхары, напрыклад, суседніх вёсак, якія раздзяляе дзяржаўная мяжа. Але ж нехта аб’явіў вайну, заклікаў пад свае харугвы гэтых жыхароў і сказаў: з сённяшняга дня вы – лютыя ворагі; і паказаў, як трэба абыходзіцца з ворагамі: выпускаць кішкі доўгімі нажамі. І ўчарашнія мірныя жыхары пачынаюць гэта рабіць. А яшчэ ўчора жанілі адно на адным сваіх дзяцей і ездзілі вольна ў госці праз тую мяжу.
Вайна можа пачацца з-за мільёнаў прычын. Напрыклад, жыве сабе мірная краіна, усё ў ёй добра, спакойна і ўсяго хапае. Але ж праз яе працякае паўнаводная рака, што поіць ўрадлівыя землі, і на гэтых землях трымаецца эканоміка краіны. Ды вось бяда: сусед, у гарах якога гэтая рака бярэ свой пачатак, уздумаў на сваёй тэрыторыі зрабіць вадасховішча, для чаго перакрыў раку. У выніку ў мірнай каіны, што жывілася той ракой, ляснуўся гадавы ўраджай пшаніцы, пачаўся голад і бунты. Унутранае напружанне дасягае такой моцы, што кіраўніцтва краіны мусіць выпусціць гэты негатыў, як пару з катла, аб’явіўшы вайну вераломнаму суседу, што перакрыў раку.
У дадзеным выпадку прэтэнзіі цалкам справядлівыя. Адзін эгаіст перакрыў раку для сваёй выгады, але яго выгада, мякка кажучы, не супала з выгадай другога эгаіста, другой дзяржавы. У выніку – вайна. На ёй гінуць дзесяткі, сотні тысяч людзей, якія б маглі неяк выжыць і пры адсутнасці паўнаводнай ракі. Але ж яны міма сваёй волі былі кінуты ў пякельны вір і загінулі.
А яшчэ часцей прычыны войнаў бываюць высмактаны з пальца і не маюць пад сабой такога аб’ектыўнага падмурку, які мы разгледзелі ў выпадку перакрыцця ракі. Часта войны выклікаюцца спантаннымі амбіцыямі і неспатоленымі жарсцямі кіраўнікоў, або глупствам, вар’яцтвам кіраўнікоў. Напрыклад, кароль сватае свайго сына за прынцэсу суседняй дзяржавы, а яму груба адмаўляюць і аддаюць перавагу сыну іншага караля. Першы кароль абражаны, разгневаны і аб’яўляе вайну нахабнаму суседу – балазе ваяваць і гінуць пад стрэламі, кулямі не яму і не прынцу – а простым салдатам. Зноў жа ў падмурку вайны – ідэйнае, псіхалагічнае непрыманне паводзінаў суседа, праціўніка. Пра матэрыяльнае выжыванне, якое толькі і ёсць прычынай войнаў у неразумнай прыродзе, у дадзеным выпадку і гаворкі няма.
Такім чынам, войны, што вядзе чалавецтва, маюць сваёй прычынай найперш псіхалагічную напругу, а мэтай – атрымаць псіхалагічную разрадку. Часта, калі ў краіне вэрхал і ўрад не можа навесці парадак, то ён накіроўвае гэты негатыўны патэнцыял народа ў іншае, найбольш бяспечнае для сябе рэчышча – аб’яўляе вайну іншай дзяржаве, а прычыну можна знайсці заўсёды. Калі ўрад не здымае ўнутраную напругу знешнімі войнамі, то гэтая напруга можа разрадзіцца ў бунты, паўстанні і рэвалюцыі. Зрэшты, зацяжныя войны таксама могуць прывесці да ўнутраных войнаў (грамадзянскіх) і рэвалюцый. Або напружанне разраджаецца шэрагам бязлітасных унутраных рэпрэсій, у неверагоднае "закручванне гаек”. Прыклад – сталінскія рэпрэсіі, што пачаліся ў 20-х гадах і доўжыліся да сярэдзіны 50-х гадоў мінулага стагоддзя: каля трыццаці гадоў бесперапынных патокаў крыві, страху і слёз. А прычына адна – унутраная нездавальненне, немагчымасць забяспечыць у рамках сацыялізму ўсе матэрыяльныя патрэбы і ўсе жарсці мільёнаў эгаістаў, грамадзян савецкай імперыі.
Калі адасобіцца ад чалавечых пакутаў, паспрабаваць стаць на ўяўную пазіцыю бяздушнай прыроды, то ў войнах можна ўбачыць не толькі непазбежнасць, але і прыродную мэтазгоднасць. Мала таго, нават з пункту гледжання разумнага чалавецтва, нягледзячы на ўсе жахі войнаў, у іх ёсць пэўны сэнс і пэўныя плюсы. Разгледзім усё гэта ніжэй.
Войны, што вядзе чалавецтва, асабліва шырокамаштабныя, якія называюць сусветнымі, можна разглядаць як кровапусканне. Арганізм у дадзеным выпадку – вялікі рэгіён, дзе войны вядуцца. У гэтага рэгіёна ў сілу розных прычын утварылася "гнілая кроў”, якая прыводзіць да пастаянных хваробаў і недамаганняў. Гэта ўсё тая ж унутраная напруга грамадства, якую мы аналізавалі вышэй. Народ з розных прычын пастаянна нечым незадаволены. То там, то тут надараюцца забастоўкі, бунты, паўстанні, лакальныя рэвалюцыі. Сітуацыя выходзіць з-пад кантролю ўрадаў. Прычым гэта адбываецца па ўсім рэгіёне, куды ўлучаны мноства краін. Рэгіён кіпіць, як паравы кацёл і ў рэшце рэшт выбухае вырашальным канфліктам, які падпальвае яго ўсяго на вайну.
Каталізатарам шырокамаштабнай вайны можа быць адна краіна, адзін канфлікт, адна асоба. Але ўмовы для такой вайны павінны аб’ектыўна саспець.
Апошнія дзве сусветныя вайны пачаліся з-за многіх суб’ектыўных прычын. Але ж аб’ектыўнай была толькі сітуацыя: з-за рэзкага навукова-тэхнічнага прагрэсу, з-за засваення вугальнай і затым нафтавай энергіі ў Еўропе аказалася нязвыкла многа людзей – яны проста перасталі паміраць у змаганні з суровай прыродай і эпідэміямі, як рабілі гэта ў давугальную і данафтавую эпохі. Навукова-тэхнічны прагрэс парушыў баланс нараджэння і смерці, зменшыў патрэбу ў працоўных руках, аблягчыў працу, часткова перамог хваробы. З’явіліся лішнія людзі. А лішні чалавек, не заняты штодзённай працай чалавек – гэта патэнцыйна галодны, раздражнёны, агрэсіўны, схільны да злачынства грамадскі элемент. Гэты элемент узняў унутраную напругу ў Еўропе да крытычнай мяжы – што прывяло да спусташальных першай і другой сусветнай войнаў, якія выкасілі насельніцтва Еўропы, так бы мовіць, спусцілі гнілую кроў. Пасля гэтага Еўропа адносна супакоілася і не вядзе спусташальных войнаў на сваёй тэрыторыі ўжо каля 65 гадоў.
У гісторыі чалавецтва так заўсёды было: усчынаюць буйныя войны толькі тады, калі або няма чаго есці, або няма чым заняць насельніцтва. Незанятае, нават сытае насельніцтва схільнае абарочваць сваю псіхафізічную энергію на ўнутраную агрэсію. У цяперашнім цывілізаваным свеце, як мы вышэй адзначалі, гэтая праблема вырашаецца рэлігіяй спорту, шоу-бізнесу, а таксама рознымі лакальнымі войнамі на чужой тэрыторыі, пераважна з краінамі трэцяга свету. Гэтак урады цывілізаваных краін трымаюць сваё насельніцтва ў правільным тонусе.
Не сакрэт, што грамадства, якое доўга не ваюе, непазбежна падгнівае знутры. Расце колькасць сексуальных меншасцяў, распадаецца інстытут шлюбу, гетэрасексуалы паступова губляюць другасныя палавыя прыкметы. Мужчыны страчваюць мужчынскія якасці, робяцца вялымі, баязлівымі, падвержанымі дэпрэсіі ды іншым душэўным захворванням. А ўсё таму, што ў кроў даўно не паступае патрэбная порцыя адрэналіну, мужчынскі арганізм працуе нязвыкла, няправільна. Па прынцыпе сазлучаных сасудаў частка мужчынскіх якасцяў пераходзіць да жанчын: рашучасць, схільнасць да лідэрства, агрэсія, самастойнасць і незалежнасць. Мяняецца і знешнасць людзей: мужчыны страчваюць мускульную масу, звужваюцца ў плячах, а жанчыны страчваюць так званую дзетародную фігуру: шырокія бёдры, магутныя клубы, поўныя грудзі. Жанчынам становіцца з такой фігурай усё цяжэй нараджаць нашчадкаў. Дый жадання такога ў іх усё меней і меней.
Войны ж, якія вяло чалавецтва пастаянна, не давалі яму закіснуць, падтрымлівалі першасныя і другасныя палавыя прыкметы людзей. Мужчыны былі мужнымі, моцнымі, а жанчыны – пладавітымі і здаровымі, не распуснымі. Калі грамадства знаходзілася ў высокім тонусе барацьбы за выжыванне, унутранай гнілі ў ім было мала (сексуальныя меншасці, самагубцы, вар’яты, зладзеі, члены таталітарных сектаў, сатаністы, дармаеды ды інш).
На войнах гінуў а) самы агрэсіўны элемент, які лез на ражон, б) самы слабы элемент, не прыстасаваны да выжывання і перадачы здаровых генаў нашчадкам. Насельніцтва меншала ў памерах, але паляпшалася ў якасці. Часта даводзіцца назіраць, што ветэраны, якія прайшлі агонь і ваду, выжыўшы пад пяцігадовымі абстрэламі, якія перанеслі пякельны кашмар, жывуць затым гадоў 50–60 да глыбокай старасці ў нядрэнным здароўі, яны аптымістычныя, актыўныя, працаздольныя. Часткова іх загартавала вайна, выбіла ўсю гніль з нетраў душы, яны пачалі вельмі цаніць мірнае жыццё, ставіцца да яго з любоўю, а таму зрабіліся доўгажыхарамі. А часткова гэта таму, што выжылі ў калатнечы вайны самыя жыццяздольныя, генетычна схільныя да доўгага і плённага існавання. Большасць ветэранаў успамінае вайну як самы яркі і лепшы адрэзак свайго жыцця, бо на мяжы смерці ўбачылі, наколькі вялікі, мужны, стойкі і г.д. можа быць чалавек. На вайне яны зведалі сапраўднае сяброўства і сапраўдныя ідэалы.
Вайна выкошвае, але ў пэўнай ступені і ачышчае грамадства ў цэлым. Бо абнаўленне, пачынанне з чыстага аркуша і ёсць ачышчэннем. Войны, як ні круці, рухалі прагрэс чалавецтва, хоць і цаною крыві. Гэта войны Македонскага, Напалеона, заваёўнікаў Амерыкі. Яны не рабілі шчаслівейшым сярэдняга чалавека, але рухалі наперад чалавецтва, перапляталі і ўзаемна абагачалі культуры, прыносілі на новыя тэрыторыі больш прагрэсіўную культуру, рэлігію.
Як да мікрасвету прыдатныя адны законы, а да макрасвету іншыя, так і ў дачыненні людзей. Ёсць жыццё чалавечай душы, для якой вайна ў цэлым ёсць злом, гэта закон яе мікрасвету. А ў макрасвеце ўсяго чалавецтва войны нясуць пазітыўны пачатак, бо развіваюць яго, не дазваляюць загніць.
Праўда, усё гэта тычыцца войнаў у даядзерную эпоху. Цяпер жа чалавецтва спынілася на мяжы, калі шырокамаштабныя знішчальныя войны недапушчальныя ў прынцыпе, бо здольныя падарваць увесь зямны шар. Вынаходка ядзернай зброі з’явілася лёсавызначальнай падзеяй для чалавецтва. З гэтага часу цывілізаваны свет жыве па іншых законах, законах вышэйшага парадку, калі непазбежныя праблемы і сутыкненні мусяць ужо вырашацца дыялогамі і кампрамісамі, або фінансава-эканамічным чынам замест звыклага ва ўсе стагоддзі ваеннага вырашэння. Да чаго гэта ўсё прывядзе? Пытанне складанае, бо ў перспектыве па ўсім свеце можа быць настолькі шмат ядзерных кнопак, што нехта не-не дый з гарачкі націсне адну, што прывядзе да ланцуговай рэакцыі. Як гэтага пазбегнуць? Пакуль цывілізаванае чалавецтва бачыць, па вялікім рахунку, адно выйсце: не дапускаць ядзерную зброю на тэрыторыю трэцяга свету, які ў сілу сваёй неразвітасці можа няправільна ёй распарадзіцца. Г.зн. адсочваць вытворчасць ядзернай зброі і душыць узмацненне ёй трэцяга свету на корані, лакальнымі войнамі знішчаючы іх урады і ставячы свае, падкантрольныя. Не ведаю, ці ўдасца гэта ажыццявіць эфектыўна, бо дабрабыт некаторых краін трэцяга свету, патэнцыйных трымальнікаў ядзернай зброі, імкліва расце, а значыць, расце і магчымасць супраціўлення цывілізаванаму свету.
І ўсё ж, падводзячы пэўныя вынікі, можна сцвярджаць, што самай глыбокай, глыбіннай прычынай войнаў ёсць канфліктная эгаістычная прырода чалавека разумнага. На прыкладзе розных сем’яў, канфліктных і бесканфліктных, гэта яскрава бачна. Адны людзі пастаянна грызуцца. Другія любяць сваіх сямейнікаў і саступаюць адно аднаму. Чалавецтва – гэта вялікая размаітая сям’я. І складанасць тут яшчэ ў тым, што ўзровень развіцця людзей, што жывуць на розных тэрыторыях, часта непараўнальны. Адны існуюць у цывілізаваным свеце з яго дэмакратычнымі, ліберальнымі інстытутамі, а другія, за трыста кіламетраў ад іх, знаходзяцца яшчэ ў каменным веку, з усім наборам дзікунскіх правілаў і забабонаў. Ці змогуць зразумець яны адно аднаго? І нават калі ўсе стануць вызнаваць адну веру (скажам, хрысціянскую), то наўрад ці хутка памірацца. Бо ў любым народзе жыве памяць і даўняя крыўда на суседні народ. Як вырвацца з гэтага зачараванага кола? Ці можна ўтаймаваць усё гэта жорсткім Законам, а значыць, з пазіцыі сілы? Успомнім, што ў краіне з суровымі законамі – ЗША – не-не ды прарываецца нехта з аўтаматам у школу і беспрычынна расстрэльвае мірных дзяцей. Дэман агрэсіі, закілзаны законам, тым не менш вылузваецца вонкі, бо ён і смерці ўжо не баіцца, мірнае законапаслухмянае жыццё для яго – горай за смерць.
Войны запускаюцца зменамі клімату (перасяленне народаў), утварэннем у рэгіёне "лішніх” людзей, палітычнымі сітуацыямі, усялякімі авантурыстамі і вар’ятамі, але ж грунтуюцца на недасканалай, эгацэнтрычнай прыродзе людзей. Палепшыць яе з дапамогай рэлігій і ўнутранай працы кожнага індывіда, у прынцыпе, можна (выправіць канчаткова – аніколі). Але працэс гэты будзе настолькі доўгі, што ці не зацягнецца ён ажно да самога Апакаліпсісу? Прынамсі хрысціянства, праз прароцтвы сваіх апосталаў, як бы загадзя прызнае сваю паразу на зямлі і заклікае таго, хто жадае, і таго, хто гатовы, садзіцца на свой каўчэг – каб не было позна. Каўчэг адплывае ў Вечнасць. Хрысціянам абяцаецца рай на Небе, але ніяк не на зямлі. Ну а філосафам нічога не застаецца, як разважаць і гадаць пра перспектывы матэрыяльнага свету.
|