Цяпер паглядзім больш дэталёва, што сапраўды станоўчага дае цывілізацыя чалавеку і ці мае яна ў сабе патэнцыял яго ашчаслівіць. Усё ж здаровы сэнс падказвае нам, што паколькі цывілізацыя аблягчае фізічны і ўзбагачае псіхаэмацыянальны стан чалавека, то яна павінна ўтрымліваць гэты патэнцыял шчасця. Бо што такое было жыццё ў дацывілізацыйную эпоху, гісторыкі добра прааналізавалі, і ў нас няма асаблівых падстаў ім не паверыць. Гэтае жыццё было прынамсі значна цяжэйшым і бязлітаснейшым да сярэдняга чалавека, чым цяпер у краінах, скажам так, паўночна-заходняга свету. Чалавек люта змагаўся з прыродай, якая штохвіліны намагалася калі не знішчыць яго, то зрабіць само існаванне сапраўдным пеклам. Холад, голад, бяспраўе перад уладамі, непасільная праца, эпідэміі, пошасці, навалы драпежных ворагаў – нязменныя спадарожнікі сярэдняга чалавека не тое што нецывілізаваных краін, а ўвогуле любых краін ажно да пачатку дваццатага стагоддзя, пакуль не надышоў век электрычнасці і не адбыўся магутны рывок у тэхналогіях. Дрывяная цывілізацыя змянілася вугальнай, а вугальная – нафтавай. Менавіта нафта і электрычнасць – база для таго навуковага прарыву і да сучасных выгодаў, якімі мы карыстаемся.
Не сакрэт, што цяжкая фізічная праца аскаціньвае чалавека. Змаганне за кавалак хлеба дзеля змагання ў пастаянным страху памерці – абясцэньвае чалавечае жыццё. Так існуюць усе жывыя арганізмы, але так справядліва не хацеў жыць чалавек і рабіў для свайго, адрознага ад жывёльнага свету, жыцця ўсё магчымае. Яшчэ ў дзевятнаццатым і пачатку дваццатага стагоддзя цана чалавечага жыцця была не высокай. І не толькі з-за бяспраўнасці нізоў, самадурства цароў, каралёў, імператараў і пастаянных знішчальных войнаў. А найперш – з-за бяссілля чалавечага арганізму і тагачаснай медыцыны перад разнастайнымі хваробамі, якія цяпер, на пачатку трэцяга тысячагоддзя, лечацца без асаблівых праблем ці прынамсі не ўяўляюць пагрозы для жыцця. Тады чалавек, незалежна ад грамадскага статуса, жыў як бы пад дамоклавым мячом маці-прыроды. У кожную хвіліну ён мог захварэць на любую хваробу з шырачэзнага набору смяротных. Або атрымаць траўму, раненне, з якімі тагачасная бездапаможная хірургія не ў сілах была спраўляцца і або трывіяльна пакідала раненага паміраць (як Пушкіна), або пакідала страшным калекам, вырадкам, які мусіў усё жыццё мучыцца. Уявіце сабе маладога чалавека, поўнага таленту, творчых і агульнажыццёвых планаў, які захворвае на хуткацечны туберкулёз (напрыклад, Маскім Багдановіч). Усё ўмомант разбурваецца для яго, тады як цяпер амаль любы туберкулёз пры правільным падыходзе вылечваецца. Вынаходка антыбіётыкаў амаль вырашыла праблему масавых смярцей ад эпідэмій прастуды, ад сепсісу пры адкрытых ранах і хірургічных умяшанняў. Пластычная хірургія дазволіла знявечанаму траўмай, апёкам чалавеку не быць вырадкам і весці нармальнае жыццё, заводзіць сям’ю і г.д.
Дасягненні медыцыны дазваляюць сучаснаму чалавеку не трымцець за сваё існаванне і ведаць, што пры адносна правільным ладзе жыццё ён з вялікай верагоднасцю выканае свае жыццёвыя планы. Жыццё стала, так бы мовіць, нашмат больш перспектыўным, тады як яшчэ сто гадоў таму прырода не давала за яго і шэлега. Цяпер нават наадварот: чалавек, які не хоча жыць, часам не можа дачакацца смерці, бо ні родзічы, ні медыцына гэтага яму не дазволяць. Вядомыя выпадкі, калі схільныя да самагубства людзі рабілі некалькі беспаспяховых спробаў, толькі калечачы сябе, аднак не маглі пакінуць гэты свет – медыцына іх ратавала.
Вядома, што і цяпер праблема падвешанасці чалавечага жыцця на тонкім валаску існуе і для некаторых псіхічна неўраўнаважаных людзей яна звышактуальная. Але ж абсалютная большасць цывілізаванага чалавецтва, толькі дзякуючы медыцыне і прапагандзе здаровага ладу жыцця, з велізарнай верагоднасцю можа дажыць да глыбокай старасці і памерці натуральнай смерцю. Што і пацвярджае статыстыка сярэдняй працягласці жыцця ў такіх краінах.
Можна законна спытаць, а які сэнс доўга жыць, калі неадменна памрэш? Які сэнс у тым, каб прапусціць праз свой стрававальны тракт лішнія кілаграмы бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, а праз лёгкія – лішнія літры паветра? А справа ў тым, што ў глыбокай старасці смерць, як правіла, не такая балючая. Псіхафізічная ніць, што трымае нас у жыцці, у глыбокай старасці нагэтулькі тонкая, што часта рвецца імгненна і беспакутна. Чалавек папросту сядзіць, ідзе, спіць – і адыходзіць у іншы свет. Тады як у маладосці і сярэднім узросце арганізм і псіхіка пакутліва расстаюцца з зямлёю. Мноства інтарэсаў, процьма планаў, непатухлыя жарсці ўступаюць са смерцю ў жудасную барацьбу. Таму кожны нармальны чалавек свядома ці падсвядома жадае дажыць да старасці ў адносным здароўі і памерці натуральнай, а значыць, адносна бязбольнай смерцю.
Цывілізацыя не вырашае вузлавое пытанне смяротнасці чалавечай прыроды, але аблягчае і працягвае зямное жыццё, а таксама аслабляе перадсмяротныя пакуты людзей, калі яны паміраюць не імгненна – з дапамогай той жа медыцыны. Гэта ўяўляецца немалаважным станоўчым фактарам. Аднак трэба ўлічваць, што працягванне жыцця мае, па вялікім рахунку, сэнс не для ўсіх, а толькі для тых, каму само жыццё ўяўляецца цікавым, каштоўным і напоўненым творчымі планамі. Многія ж людзі духоўна і душэўна паміраюць за гады і дзесяцігоддзі да сваёй фізічнай смерці, бродзячы па зямлі жывымі трупамі, ведучы жыццё жывёлы, толькі жуючы, п’ючы і спячы. Дзесяцігоддзі такога жыцця анічога ім не даюць, акрамя – ўсё ж такі! – патэнцыйнага шанцу раптам нешта ў сабе змяніць. Шанц застаецца заўсёды, пакуль жывеш. І таму ні для каго лішнія гады, калі глядзець строга, лішнімі не бываюць. Лішнім бывае сваё ўласнае глупства.
Такім чынам мы высветлілі, што цывілізацыя палягчае жыццё сярэдняга чалавека і нясе ў сабе своеасаблівы патэнцыял шчасця. І ўжо справай канкрэтнай асобы з’яўляецца, шляхам унутранай працы, зрабіць сябе шчаслівейшым. І было б тут усё проста і ясна, каб не ўласцівасць прыроды расстаўляць для людзей пасткі. Рэч у тым, што цывілізацыя нясе ў сабе адначасова і адмоўны патэнцыял – каб зрабіць таго ж чалавека няшчасным. Дзе ж палягае гэты каварны патэнцыял? Ды ў свабодзе выбару дасягнення эмоцый.
Філасофія і псіхалогія даўно адкрылі той факт, што кардынальнае адрозненне чалавека ад жывёлы ў тым, што ён мае лішак псіхічнай энергіі, які застаецца пасля асноўнай мэты любога арганізму: падтрымання ўласнага існавання і працягу свайго роду. Псіхафізічная энергія любой жывёлы накіравана толькі на гэта. Чалавеку ж самазахавацца і працягнуць свой род будзе мала. Ён запраграмаваны на атрыманне максімальных адчуванняў, пачуццяў, эмоцый, зусім не абавязкова звязаных з выжываннем. Лішак псіхічнай энергіі сыходзіць у рэлігію, стварае культуру, рэалізуецца ў гульнях, спорце, разнастайных відовішчах, неабгрунтаваных злачынствах і псіхічных захворваннях.
Чалавеку заўсёды нечага не хапае. Дай яму сытную ежу, гарэм, не прымушай працаваць – і ён, у адрозненне ад дзікай жывёлы, не стане толькі есці, спаравацца і спаць. Ён хутка занудзіцца і абавязкова прыдумае, чым сябе заняць, каб збыць залішнюю энергію на нейкую справу. І справа гэтая будзе не абавязкова карыснай не толькі для грамадства, для акаляючых, але і для самога чалавека. Багатыя героі Шэкспіра пастаянна пакутуюць такімі згрызотамі, якія ў вечна недакормленага працаўніка выклічуць прынамсі недаўменне. Звышэмацыйныя героі Дастаеўскага, гэтыя экзальтаваныя жанчыны і балбатліва-істэрычныя мужыкі – лайдакі ўсе да адзінага. Яны, як правіла, нічым не занятыя, нідзе не працуюць і працаваць не жадаюць. Адсюль іхняя павышаная цяга да эксцэнтрычных і ў рознай меры неадэкватных дзеянняў і гаворак. Яны страшэнна няшчасныя, усе гэтыя адукаваныя, сытыя, адносна здаровыя і бяздзейныя людзі.
Прырода не церпіць лайдацтва. Чалавек закліканы перайначваць зямны шар, займацца стваральнай дзейнасцю. Тады ён жыве паўнавартасна, адчувае сябе здаровым і шчаслівым. Калі ж ён не займаецца стваральнай дзейнасцю, лішак энергіі ідзе на ўсялякую дрэнь – п’янства, распусту, наркаманію, гомасексуальны секс, азартныя гульні і разнастайнае катаванне бліжніх. Таму такія заганы здаўна былі распаўсюджаны сярод арыстакратыі, якая занадта каларыйна харчавалася і не мела куды патраціць тыя калорыі, асабліва калі дзяржава не вяла вайсковыя дзеянні. Працаўнік жа, асабліва сельскі жыхар, быў заняты зранку да вечара тамлівай дзейнасцю, і яго энергіі хапала адно на тое, каб пракарміць сябе, зачаць і выгадаваць шматлікіх нашчадкаў. Вясковая п’янства – з’ява, якую, нібы заразу, прынёс на сяло менавіта цывілізаваны горад. А таксама тое, што з развіццём тэхнікі, селянін займеў больш вольнага часу.
Відавочна, што і працаваць ад цямна да цямна не з’яўляецца аптымальным варыянтам для чалавека, і лайдачыць круглыя суткі – таксама. Не выпадкова ж дзяцей адмалку прывучаюць да рэжыму працы і адпачынку, пачынаючы са школы, якая з’яўляецца не столькі сродкам зрабіць кагосьці надта разумным, як прывучыць чалавека жыць па законах соцыуму. Нездарма ў цывілізаваных краінах абучэнне ў школах не вельмі строгае, затое дзяцей і іх бацькоў строга караюць за школьныя прагулы. Цывілізаваным краінам важна выгадаваць сацыяльных адзінак, а не бяздзейных эгаістаў, якія будуць бадзяцца па горадзе пасярод белага дня. Бяздзейны грамадзянін – гэта патэнцыйна галодны чалавек. А галодны чалавек – гэта патэнцыйны злачынца і носьбіт усялякіх заганаў і заразных хваробаў. Таму ў цывілізаваных краінах неверагодна, каб бацькі сваявольна забаранялі свайму дзіцяці наведваць школу: хутка прыедуць адпаведныя службы, надзенуць на дзіцё наручнікі і адправяць у закрытую вучэбную ўстанову, інтэрнат. З бацькамі таксама разбяруцца па ўсёй строгасці. Вось вам і хвалёная свабода цывілізаванага свету, які гатовы даць чалавеку што заўгодна, апроч таго, каб ён маральна дэградаваў і сваім ядам атручваў здаровую грамаду.
Чалавек цывілізацыйнага свету насамрэч не болей свабодны, чым чалавек другога ці трэцяга свету, проста несвабода цывілізаванага чалавека набывае іншыя формы. Яе кантралююць строгія і справядлівыя законы, долар і сацыяльны статус, панізіць які людзі страшэнна баяцца, а падвысіць – страшэнна жадаюць. Бо якасць існавання ў цывілізаваным свеце выразна дыферэнцыравана грамадскім статусам, хоць перад законам усе фармальна роўныя. У ЗША для чалавека галоўнае нават не сям’я, а работа. Чалавек зацыклены на тым, каб рабіць службовую кар’еру. Гэта асаблівасць нацыянальнай псіхалогіі амерыканцаў, здаровай, трэба прызнаць, псіхалогіі. Бо чалавек прызначаны прыродай, па вялікіх рахунку, не для любоўных мілаваннў і сопляў, а для напружанай псіхафізічнай дзейнасці.
Цывілізацыя, у многім аблягчаючы людзям жыццё, разам з тым загружае іх новымі, раней не вядомымі чалавецтву праблемамі. Атрымаўшы магчымасць рэалізоўваць напоўніцу свой псіхаэмацыянальны патэнцыял, чалавек мусіць самастойна уключаць тармазы, каб не перастарацца і не загнаць свой арганізм у небяспечную зону. Бо на працягу ўсёй, скажам так – пастаральнай гісторыі чалавецтва наш арганізм быў прызвычаены да вялікіх фізічных нагрузак і абмежаванага (без пераядання) харчавання. У руху, у фізічным дзеянні стрэс, які быў ва ўсе часы, не нясе вялікай шкоды арганізму. Бо ў стане аптымальнай сваёй работы арганізм наогул не пашкоджваецца стрэсавымі фактарамі, яны для яго – цалкам нармальная з’ява, неабходная частка жыцця. Нервовая і сардэчна-сасудзістая сістэмы не выводзяцца стрэсам на небяспечны для здароўя і жыцця рэжым, калі арганізм чалавека заведзены рухам і ўсе органы працуюць, калі так можна сказаць, з вялікім запасам. Лёгкія добра вентыліруюцца кіслародам, магутнае сэрца выдатна забяспечвае мозг, мускулы і ўсё астатняе здаровай крывёю.
Рух таксама спрыяе вывядзенню з арганізма праз потавыя залозы шкодных рэчываў, прадуктаў распаду. Фізічная праца, небяспека (у час вайсковых дзеянняў, прыкладам) спрыяюць выпрацоўцы спецыяльных гармонаў, якія павышаюць тонус сасудаў, садзейнічаюць правільнай працы сэрца ды іншых унутраных органаў. Пры фізічных нагрузках мозг, у які паступаюць гэтыя гармоны, не рэагуе так балюча на знешнія фактары, як рэагаваў бы ў стане спакою. Таму чалавек рухомы, фізічна загружаны, як правіла, не адчувае недамаганняў, а дакладней, іхніх сімптомаў. Самі ж збоі ў яго арганізме, верагодна, маюць месца быць, але ж ён іх, падкрэсліваю, не адчувае з прычыны іхняй нязначнасці, таго, што яны не ўяўляюць непасрэднай небяспекі для жыцця і здароўя. І наадварот, у чалавека нерухомага, не выведзенага на рабочы рэжым арганізма, любы самы нязначны збой у працы ўнутраных органаў выклікае балючыя адчуванні, а часам страх і паніку. Ёсць такія паняцці як неўроз страўніка, сэрца і г.д., калі чалавек адчувае моцную палохаючую боль у гэтых органах, у той час, як абследаванне іх паказала б, што яны не маюць ніякіх адхіленняў ад нормы. Кожнаму знаёмыя галаўныя болі, выкліканыя не аб’ектыўнымі (арганічнымі), а суб’ектыўнымі прычынамі, калі чалавек, напрыклад, перанервуецца. Таму мы інстынктыўна, пасля стрэсу, імкнёмся выйсці на свежае паветра, пашпацыраваць, каб супакоіцца. Бо такім чынам адбываецца вентыляцыя ўсяго арганізму і вывядзенне з яго рэчываў, што выклікалі стрэс.
Мы плаўна падышлі да ключавой (якой адмыкаюцца ўсе астатнія) праблемы сучаснага цывілізаванага чалавека – нерухомасці, гіпадынаміі на фоне павышаных псіхаэмацыянальных нагрузак. Рэжым дня сучаснага службоўца прыкладна такі. Ён неахвотна падымае сваё цела з пасцелі, без апетыту і нахапкам снедае, затым сядае ў аўтамабіль і едзе праз паўгорада на працу. Паездка за рулём аўтамабіля ў мегаполісе, гэта, як вядома, немалы стрэс, прычым на фоне нерухомасці, магчыма, нявыспанасці і дрэўнага стрававання. Карацей, дзень пачынаецца з таго, што мозг, які дрэнна правентыліраваны са сну, зазнае літаральна атаку стрэсавых рэчываў. Сэрца, сасуды і ўсе унутраныя органы пачынаюць працаваць ненармальна, са збоямі.
На рабоце чалавека чакае, як правіла, не што іншае, як шматгадзіннае сядзенне за кампутарам і тое, што шматлікія начальнікі пастаянна яго раздражняюць сваімі загадамі, указаннямі і патрабаваннямі. Вядома, што чалавек істота жывучая, прыстасаваная да ўсяго, і таму перманентны стрэс кожны службовец знаходзіць, як пагасіць. Праўда, не заўсёды паспяхова. І тады ён адыгрываецца ўвечары на дамашніх, на жонцы, бацьках і дзецях. Гашэнне стрэсу зазвычай немудрагелістае. На працоўных месцах – гэта анекдоты, паспешлівы флірт, кампутарныя гульні крадком ад начальніка, а галоўнае, частыя выхады ў курыльню і прагулка ў абедзенны перапынак да сталовай ці па крамах. Той, хто не прывязаны да аўтамабіля ці не баіцца дарожных патрульных службаў, можа ўжыць цягам працоўнага дня невялікую дозу алкаголю, а то і курнуць лёгкага наркотыку, якія ў некаторых цывілізаваных краінах прадаюцца свабодна.
Але ж спосабы зняцця стрэсу шляхам рэчываў, якія тармозяць нервовую сістэму і такім чынам змяншаюць унутраную напругу, не ўяўляюцца эфектыўнымі і тым болей – здаровымі. Нездарма ж сярод тых, хто спалучае сядзячую працу з алкаголем і нікацінам, такі вялікі працэнт ранніх інфарктаў. Бо ўсё штучныя стымулятары, уведзеныя ў арганізм, адвучваюць яго здымаць стрэс уласнымі рэзервамі. Алкаголіка і курыльшчыка значна лягчэй прывесці ў стан афекту, чым звычайнага чалавека. У іх выкліканае стрэсам сэрцабіццё, арытмія, часта набываюць працяглы і небяспечны характар і гасяцца толькі прывычнымі нікацінам і алкаголем – усё большымі іхнімі дозамі. Большыя ж дозы гэтых стымулятараў вядуць да поўнай дэградацыі сістэм натуральнай самарэгуляцыі. Таму курыльшчык ці алкаголік, які не прыме свае "лекі” падчас стрэсу (якіх можа не аказацца пад рукой як на грэх), можа атрымаць апаплексічны ці сардэчны ўдар. Паглядзіце на зацятага курыльшчыка, які паўдня не пакурыць – яму і стрэс не патрэбны, бо ён і так увесь трасецца, пакутуе нервамі, што патрабуюць звыклага нікаціну.
Таму нармальнымі сродкам пагашэння стрэсу з’яўляюцца толькі натуральныя. Найперш – гэта пазбяганне стрэсавых сітуацый і псіхалагічная трэніроўка правільных рэакцый на сітуацыі, якіх немагчыма пазбегнуць. Трэба заўсёды трымаць у галаве, што ў большасці выпадкаў нас дабівае не сама сітуацыя, а наша неадэкватная, хваравітая на іх рэакцыя. Свае нервы трэба берагчы як зрэнка вока, пастаянна надзяваючы на іх "браню” з дапамогай адпаведнага аўтатрэнінгу. Бо амаль любую жыццёвую сітуацыю можна выправіць ці перажыць (будзь сітуацыя на рабоце ці сямейныя злыбеды), а вось уласнае здароўе і тым больш жыццё часта вярнуць не ўдаецца. Здароўе даражэй за ўсё астатняе на зямлі. Нездарма ж у народзе, віншуючы чалавека, у першую чаргу зычаць яму здароўя.
Другім натуральным, і самым дзейсным, спосабам пагашэння стрэсу з’яўляецца падтрыманне свайго цела ў аптымальным стане дзякуючы фізічным практыкаванням і ўвогуле правільнаму рэжыму дня. Тут я мушу быць трывіяльным і гаварыць прапісныя ісціны. Той, хто з дзяцінства не палюбіў фізкультуру, амаль асуджае сябе на няшчасце цягам далейшага жыцця. А бацькі, што не займаюцца фізічнай загартоўкай свайго дзіцяці або намагаюцца вызваліць яго ад урокаў фізкультуры, – не інакш, як злачынцы.
Бо амаль няма такіх хваробаў, пры якіх супрацьпаказаны фізічныя нагрузкі. Рух, фізічная актыўнасць – гэта аснова жыцця, або асноўная ўмова, пры якіх жыццё адбываецца. Для чалавека ж, пры яго павышанай эмацыйнасці, пры перагрузках нервовай сістэмы, рух папросту неабходны так, як паветра. Іначай унутранай напруга не будзе ўраўнаважвацца знешняй. Гэта кладзецца непасільным цяжарам не сасуды і ўнутраныя органы. Чалавек як бы перакіпае, ён можа разарвацца знутры. Што і адбываецца часта з людзьмі, асабліва мужчынамі пасля сарака гадоў, калі арганізм запраграміравана здае прыродзе свае пазіцыі. У дзіцячым узросце, як правіла, ніхто ад сасудзістых захворванняў з прычыны стрэсу не памірае, але менавіта ў дзяцінстве можа быць закладзены падмурак будучых хранічных хваробаў. У дзяцей неўраўнаважанасць унутранай напругі і фізічных нагрузак праяўляецца часцей у прыгнечаным псіхаэмацыянальным стане, дэпрэсіі, якая апошнім часам часцей і часцей прыводзіць да самагубства.
Дзіцячыя прастуды, школьныя эпідэміі выкліканы не так скучанасцю ў класе, як перманентным стрэсам ад школьных нагрузак і зверстваў настаўнікаў, таму што стрэс уносіць моцныя збоі ў нервовую сістэму маленькіх людзей. Школьнік пастаянна баіцца атрымаць кепскую адзнаку, баіцца, што выкладчык на яго накрычыць, запіша ў дзённік заўвагу, выкліча бацькоў у школу, за што бацькі дадуць яму добрага прачуханца, а то і наўпрост адлупцуюць. Некаторыя дзеці трапляюць у замкнёнае кола хваробаў і стрэсу. А таксама таго, што антыбіётыкі, якія яму шчодра прапісваюць, прыводзяць у дэградацыю імунную сістэму арганізма. Антыбіётыкі – выдатнае вынаходніцтва, што выратавала мільёны жыццяў. Але ж адваротны бок медаля ў тым, што, яны забіваюць не толькі шкодныя мікробы і бактэрыі, але і карысныя мікробы, якія ўдзельнічаюць у жыццёвых функцыях арганізму і якія не дазваляюць актывізавацца вірусам, супраць якіх антыбіётыкі бяссільныя. Мяркуецца, што актывізацыя віруса імунадэфіцыту адбылася з прычыны захаплення чалавецтва антыбіётыкамі. Тое самае – рэзкае ўзрастанне анкалагічных захворванняў, якія, як лічыцца, актывізуюцца спецыяльнымі вірусамі.
Таму, як ні круці, лепей спадзявацца не на лякарствы, а на свае ўнутраныя рэзервы, тым больш што ільвіная доля лекаў дзейнічае так, што менавіта запускае скрытыя сілы нашага арганізму. Таму падтрыманне арганізму ў стане высокага тонусу, у якім з нас адлятаюць, як ад брані, усе стрэсы, хваробы ды іншы негатыў, – святы абавязак кожнага чалавека. Лекі могуць выратаваць ад смерці, але ў большасці выпадкаў не робяць нас бадзёрымі, здаровымі і шчаслівымі ў паўсядзённасці. Бо ніхто за нас не будзе даваць штодня арганізму патрэбную нагрузку, ніхто, як толькі мы самі, не будзе пазбягаць стрэсавых сітуацый.
Важна зазначыць, што ніводнае чалавечае жаданне, уключаючы ўсе цялесныя адпраўленні, не шкоднае само па сабе, а можа быць шкодным толькі таму, што спраўджваецца намі не да месца і не да часу. Ні алкаголь, ні тытунь, ні нават наркотыкі ў выглядзе абязбольваючых таблетак не шкодныя самі па сабе. Ні тым больш – секс ці жаданне аправіцца. Але ўсё гэта трэба рабіць у адведзенай прыродай колькасці, месцы і звяраць са сваім біялагічным гадзіннікам, а таксама ў адпаведнасці з традыцыяй і правіламі соцыуму. Хто будзе спрачацца, што выдатная рэч таблеткі, якія прымаюць ад рэўматычных боляў у суставах? Але выпі ты за раз не адну таблетку, а цэлы іх пачак, і гэта табе не толькі карысці не прынясе, а можа выклікаць незваротныя працэсы ў арганізме, ад якіх будзеш пакутліва паміраць у рэанімацыі сутак трое.
Як і любая з’ява, фізічныя практыкаванні не карысныя самі па сабе, а карысныя толькі ў тых самых рамках разумнага. Калі ўрач нам забараняе пры тэмпературы пад сорак бегаць крос, то, відаць, ён мае ў гэтым неаспрэчную рацыю. Фізічныя нагрузкі ў павышаных дозах нясуць разбуральныя наступствы для арганізму. Спорт высокіх дасягненняў – гэта камбінат па вытворчасці інвалідаў. Спартсмены рана вычэрпваюць свае ўнутраныя рэзервы і ўсё астатняе жыццё зазвычай змагаюцца з хваробамі. Арганізм свой трэба любіць і не здзекавацца з яго. А выступае ў выглядзе гэтага здзеку курэнне па два пачкі ў дзень, выпіванне па бутэльцы гарэлкі за раз ці беганне па сорак кіламетраў штодня – не важна па сутнасці.
Акрамя таго, варта памятаць, што моцныя фізічныя нагрузкі стамляюць мозг. Таму пасля псіхаэмацыянальных перагрузак лепей прайсціся пешкі некалькі кіламетраў, чым валачыся ў трэнажорную залу пад цяжкія штангі. Пры хадзе мозг адпачывае, бо ногі працуюць у такім выпадку, амаль не стамляючы мозг, аўтаматычна. Пасля магутнага стрэсу адназначна лепей выпіць бутэльку піва ці шклянку сухога віна ды ціха пасядзець, чым мучыць сябе фізічнымі перагрузкамі. Бо пры ўмераных дозах алкаголю надыходзіць мяккае расслабленне нерваў і ўнутранай мускулатуры (стрававальны тракт, сценкі сасудаў і пратокаў залоз унутранай сакрэцыі,), які з прычыны стрэсу перанапружыліся. Калі ж павысіць у такім выпадку дозу алкаголю, то ён, разам са станоўчым момантам расслаблення, ляжа непатрэбным цяжарам на арганізм, што не ёсць добра. Таму кожны чалавек павінен вывучаць свой арганізм, дапамагаць яму функцыянаванню, ашчаджаць і любіць – для таго, каб ён, арганізм, дапамагаў нам у нялёгкай справе жыцця.
Чалавек цывілізаванага свету, акрамя таго, занадта каларыйна харчуецца. Ён у сярэднім спажывае куды больш калорый, чым яму патрэбна для падтрымання жыццёва неабходных функцый, цялесных адпраўленняў. Астатнія калорыі кладуцца баластам на арганізм, які, да ўсяго іншага, маларухомы. Ад атлусцення пакутуе велізарны працэнт краін першага свету. Асабліва злаякасная гэтая праблема ў ЗША, так бы мовіць, флагмане чалавецтва. Звязана гэта з асаблівасцямі нацыянальнай кухні, менталітэту. Французы, напрыклад, ядуць зусім не менш за амерыканцаў, але робяць гэта паважна, за сямейным сталом, у рэстаранах, кавярнях, у прыемных кампаніях, няспешна, запіваючы лішнія калорыі даволі вялікай колькасцю якасных вінаў.
Амерыканцы ж ядуць нахапкам, часта ў забягалаўках, якія прапаноўваюць звышкаларыйную ежу ў порцыях, здольных задаволіць тыгра і льва. Амерыканцы ядуць многа мучнога ў спалучэнні з тлустым мясным (гамбургеры). Такая ежа адпавядае нацыянальнаму менталітэту амерыканцаў – не траціць лішні час на харчаванне (бо праца чакае), а насычацца імгненна і эфектыўна. Але эфектыўнасць тут зманлівая, паколькі нездаровая ежа амерыканскіх закусачных, што распаўсюдзіліся па ўсім свеце, наносіць непапраўны ўрон арганізму таго, хто рэгулярна карыстаецца іх паслугамі. Бо спалучэнне тлустага мяса са здобным цестам – міна запаволенага дзеяння для арганізма, які маларухомы.
Гамбургеры – гэта ідэальная ежа для воіна, што паўсутак не злазіць з каня і махае мячом, але не для чалавека, які па дванаццаць гадзі сядзіць за кампутарам. Чалавек за кампутарам, у сілу павышанай нагрузкі на мозг, заядае стрэс вялікай колькасцю калорый. Аднак гэтыя калорыі не ідуць на карысць целу, адкладаючыся ў сасудах небяспечнымі наростамі, псуючы структуру ўнутраных органаў. Падкрэслю, што чалавек цывілізаванага свету спажывае лішкі калорый не ад сваёй дурасці, а для таго, каб пагасіць мазгавы стрэс. І сядзіць ён поседам на працоўным месцы і за рулём аўтамабіля не па сваёй віне, а таму, што гэта аб’ектыўная рэчаіснасць.
Французы, італьянцы, немцы і англічане ратуюцца ўстойлівымі традыцыямі нацыянальнай кухні і распарадку дня. Яны, хоць і вядуць падобны амерыканцам ў цэлым маларухомы лад жыцця і спажываюць лішнія калорыі, але ж робяць гэта не спехам, а ў строга адведзеныя гадзіны і ў здаровым спалучэнні кампанентаў страў. Напрыклад, ядуць мяса не такіх тлустых гатункаў і не са здобным цестам, а з вялікай колькасцю гародніны. Гародніна, як вядома, спрыяе страваванню і засваенню мяса арганізмам. Правільнаму страваванню спрыяе і нетаропкі прыём ежы, гутаркі за ядой з прыемнымі людзьмі, якіх рытуальным чынам яднаюць якасныя алкагольныя напіткі (Эмануіл Кант калісьці цэлую тэорыю развіў наконт гэтага, сам харчаваўся толькі ў кампаніях і з вінамі). Алкаголь у малых дозах расслабляе за ядой нервовую сістэму, што спрыяе страваванню, а таксама садзейнічае вывядзенню з арганізму шлакаў. Амерыканцы ж не могуць адарвацца ад улюбёнага свайго занятку – работы, а таму ядуць часта не адрываючыся ад кампутараў, ежу ім дастаўляюць у офіс адпаведныя службы. Таму ў карыкатурным плане сярэднестатыстычны службовец цывілізаванага свету – гэта нерухомая туша, прывязаная абавязкамі да крэсла і ўтаропленая ў манітор, якая нават не паварухнецца ўстаць з крэсла, каб прайсціся да рэстарана. І гэта не жарты, а так яно ёсць насамрэч. Такі лад жыцця паступова перавандроўвае ў Еўропу з блаславёнай Амерыкі.
Біч цывілізацыі – атлусценне – ставіць перад чалавецтвам новыя праблемы. (Зрэшты, калі ў чалавецтва праблем не было?) Чалавек з хранічным атлусценнем моцна пакутуе (гіпертанія, сардэчна-лёгачныя прыступы, дэпрэсія) і зазвычай не жыве доўга. Ён з нейкага моманту робіцца непрацаздольны і кладзецца цяжарам на грамаду. Асаблівасць цывілізаванага свету ў тым, што там становіцца ўсё менш і менш маладых, здаровых і працаздольных людзей, у той час як павышаецца працэнт пенсіянераў і ўсялякіх па розных прычынах непрацаздольных. Сямейныя пары перастаюць нараджаць дзяцей або абыходзяцца адным дзіцем. У той час як растуць пенсійныя і ўсялякія дабрачынныя фонды, страхоўкі для беспрацоўных і г.д. То бок хутка можа здарыцца так, што не будзе не толькі каму на гэтыя фонды зарабляць, але і абслугоўваць шматлікіх пенсіянераў (якім медыцына расцягвае жыццё) і разнастайных беспрацоўных, інвалідаў, атлусцелых ды проста лайдакоў па жыцці.
Аднак гэтая праблема (папаўнення працаздольнага элементу) вырашаецца з дапамогай прыхадняў з трэцяга свету, дзе з чалавечым рэсурсам якраз усё ў норме. Праблема ў адваротным: есці няма чаго гэтым шматлікім ратам. Таму яны праўдамі і няпраўдамі перацякаюць у цывілізаваны свет, каб запоўніць недахоп людскога рэсурсу. Не пастаў тут заслону, ясна, што яны імгненна запалоняць сабой краіны першага свету, і тыя хутка ператворацца ў краіну, падобную на іх дзікунскія тэрыторыі, дзе скончыцца дабрабыт і пачнецца звычайны, зрэшты, прывычны ў гісторыі чалавецтва голад. Таму цывілізаваны свет вельмі строга рэгулюе папаўненне людскога рэсурсу. Бо гэтага рэсурсу яму зашмат і не трэба – індустрыя ўсё болей і болей аўтаматызуецца і патрабуе ўсё меней працоўных рук. Эмігранты, як правіла, занятыя на непрэстыжнай і малааплатнай ручной працы.
|