Якім бокам ні кранай паняцце чалавечага характару, заўсёды ўпрэшся ва ўсё тую ж свабоду выбару, пра якую мы разважалі вышэй і, здаецца, даволі ясна паказалі, што даказаць яе наяўнасць магчымым не ўяўляецца. У той жа час трэба мець на ўвазе, што гэтаксама і даказаць адсутнасць свабоды выбару чалавек, абапіраючыся на зямныя законы і зямны досвед, не можа. Таму заўсёды будзем мець як бы за дужкамі, што пытанне свабоды выбару вісіць у паветры канчаткова і беспаваротна не вырашаным. Нагадаю, што з пункту гледжання лёсу і часу, як катэгорый лінейных і незваротных, у чалавека няма свабоды выбару, бо ён рухаецца па лініі і адбываецца тое, што адбываецца, і перайграць падзеі нельга.
З пункту ж гледжання Вечнасці, Абсалюту, дзе няма часу і прычынна-выніковых сувязяў у нашым разуменні, можна дапусціць, што чалавечая свабода верагодная. Больш за тое, будзем сцвярджаць, што чалавек надзелены ад прыроды адчуваннем гэтай свабоды. Адсюль ваганні пры кожным жыццёвым выбары, адсюль пачуццё віны перад сабой і бліжнімі, калі зрабіў нешта кепскае. Адсюль жа і інстытут грамадзянскага пакарання, які заўсёды існаваў у любой чалавечай супольнасці. Само па сабе пакаранне трымае пад увагай тое, што злачынца вінаваты і меў свабоду не рабіць гэтае злачынства. Сапраўды, не будзь судоў і караў за разнастайныя грамадскія парушэнні, чалавечая супольнасць абрынулася б у хаос. А паколькі гэтага не адбываецца, то мы мусім прызнаць, што злачынца ў вачах грамадства а) вінаваты, б) меў магчымасць не рабіць злачынства, в) злачынца сам гэта прызнае, хаця б апасродкавана.
Аднак ці так яно на самай справе, ці меў злодзей свабоду не красці, а забойца не забіваць, або генетычныя схільнасці, благі лёс і канкрэтныя бягучыя абставіны іх на злачынства штурхнулі? Пытанне адвечнае і слаба вырашальнае, па вялікім рахунку. Бо існуе іншае небеспадстаўнае меркаванне. А менавіта тое, што чалавецтва спрадвеку карала сваіх злачынцаў не таму, што падазравала ў іх свабодную волю, а проста таму, што глядзела на іх, па-першае, як на вырадкаў, якіх трэба выкараняць са свайго асяроддзя, а па-другое, кіравалася матывамі помсты, адплаты ("вока за вока”). Пагодзімся, што чалавечую супольнасць менш за ўсё хвалююць пытанні, ці пераробіцца пасля пакарання злачынца; галоўнае, каб ён не перашкаджаў ёй, супольнасці, існаваць спакойна і эфектыўна. Нездарма ж у старажытнасці часта асноўнымі пакараннямі, асабліва для простага люду, былі пазбаўленне жыцця, або адсячэнне членаў, або асляпленне. Гэта самае і сведчыць, здаецца, пра тое, што мэтай пакарання было далёка не маральнае выпраўленне злачынцы. Бо злодзею з адсечанай рукой красці нязручна, роўна як і аслепленаму экс-кіраўніку (цару, каралю, князю, правадыру паўстанцаў) нязручна было арганізоўваць людзей, роўна як і кастрыраванаму блудніку немагчыма было працягваць спакушаць чужых жонак, а блудніцам са знявечаным катам тварам – цяжка прывабліваць чужых мужоў.
Адным словам уся гісторыя чалавецтва сведчыць нам, што людзі не так хацелі выправіць ліхадзеяў, як пазбавіць сябе ад іх, а іх ад сябе. Раздзяліць або смерцю, або турэмнымі мурамі, або вялікімі адлегласцямі, морамі (ссылка). Таму пытанне нязменнасці, так бы мовіць, адпрыроднасці чалавечага характару і, адпаведна, наяўнасці свабоды выбару па-ранейшаму застаецца для нас адкрытым.
Дык што ж такое характар? Ці не ёсць гэта проста фантом нашага матэрыяльнага цела, спароджаны антрапалагічнымі і фізіялагічнымі дадзенымі, то бок нейкі псіхафізічны феномен, кінуты міма яго волі ў варункі жыцця, які рэагуе строга адназначна на кожную жыццёвую сітуацыю? Прынамсі навука далёка прасунулася ў гэтым пытанні і мы, рэфлексуючы, не можам абысці некаторыя навуковыя факты. Напрыклад тыя, што людзі моцна розняцца па тэмпераменце, цялесных вартасцях, здароўі і ўмовах, у якіх яны гадаваліся. У аднаго абсалютна здаровая спадчыннасць: сям’я, дзе бацькі кахаюць адно аднаго, любяць і песцяць дзяцей і ў гэтых правілах любові і самаахвярнасці іх выхоўваюць. Такія дзеці найчасцей вырастаюць без колькі-небудзь значных псіхалагічных комплексаў і фізічна здаровымі. Яны камунікабельныя, сімпатычныя і надзейныя, лёгка знаходзяць сабе здаровага ж палавога партнёра, ствараюць удалую сям’ю і жывуць адносна спакойна. Кажу "адносна”, бо кожны з нас не пазбаўлены паганых неспадзяванак, якія насуперак нашай волі пераварочваюць жыццё з ног на галаву. Але ж названыя псіхафізічна здаровыя людзі лягчэй і выходзяць з цяжкіх калізій, чым нездаровыя, у якіх раны, бывае, не загойваюцца ўсё жыццё.
Многія з нас знаходзяцца ў цянётах ілюзіі, што нібыта могуць змяніць свой характар. Аднак удумаемся ў такі факт. Усе злыбеды, брыдкія неспадзяванкі, расчараванні, памылкі і г.д, якія мы зазнавалі цягам жыцця, адбыліся насуперак нашаму хаценню. Мы іх, можна сказаць, жадалі пазбегнуць усёй душою, а яны тым не менш здарыліся. Дык на якой падставе, спытаем законна, чалавек саманадзейна мяркуе, што можа нешта змяніць у сваім характары, які відавочна фарміраваўся міма яго волі. Фарміраваўся ў сям’і, а бацькоў і братоў мы не выбіраем, а таксама – шэрагам вонкавым фактараў, якія агортвалі чалавека, незалежна ад ягоных жаданняў. На гэта можна запярэчыць тым, што ўсё ж нечага калісьці чалавек сам зажадаў і сваімі валявымі намаганнямі атрымаў. Аднак не будзем спяшацца... Рэч у тым, што нам абсалютна не вядома, з якіх глыбінь яго існасці ўзнікла тое жаданне, ці не ёсць яно спараджэннем усё тых жа знешніх фактараў і генетычных схільнасцяў – як ахоўная рэакцыя на знешні ціск. Зноў жа пытанне крыніцы жаданняў застаецца не вызначаным і сыходзіць у сам Абсалют. Мы як бы падключаны кабелем да Вышэйшай Сілы, якая забяспечвае нам сілкаванне і спараджае, кантралюе жаданні. Нездарма ж хрысціянства для барацьбы з любым грахом (дэманамі) прапаноўвае пакаянне як просьбу ў Абсалюту вонкавай дапамогі.
Паводле хрысціянства, чалавек сам па сабе, у адзіночку, не можа ўратавацца ад грахоўнай навалы, якая прыносіць пакуты і гібель. Таму, напрыклад, калі хто звернецца да праваслаўнага святара з просьбай дапамагчы пазбавіцца ад алкагалізму, то адказ будзе такі: спачатку кінь прымаць алкаголь, а тады прасі Бога, каб пазбавіў цябе ад самой жарсці. І гэта выглядае справядлівым у ракурсе ўсяго вышэйсказанага: ад волі чалавека мала чаго залежыць, сам ён не можа перастаць быць алкаголікам. Кінуўшы на час піць, ён будзе адчуваць пастаянны дыскамфорт і жаданне заправіцца гэтым "палівам”, каб пазбыцца дыскамфорту. Жарсць у рэшце рэшт яго адужае, і ён зноў пачне піць, калі не займее падмогі, скажам умоўна, вышэйшай вонкавай сілы. А для таго прапаноўваецца здзейсніць пакаянную просьбу. Які мы бачым тут валявы акт з боку пітушчага? Першае, гэта ўнутранае жаданне пазбавіцца ад пакутаў, звязаных з алкагалізмам. Другое, гэта прыход па параду да іншай асобы, у дадзеным выпадку святара. Трэцяе, святар сцвярджае, што ні сам пітушчы, ні ён, святар, не ў сілах дапамагчы чалавеку кінуць піць і гэта мажліва толькі пры ўмове звароту да Абсалюту і верагоднай ягонай падтрымкі.
Ускосна прызнаецца, што ў чалавека няма шанцаў адолець жарсць і грэх, калі ён не выправіць той "кабель”, што звязвае яго з Абсалютам. Калі ж энергія па выпраўленым кабелі пойдзе нармальна, то ў чалавека з’явіцца моц адужаць грэх. Бо падкрэсліваем, што жаданне напіцца ўзнікае спантанна, паралізуе саму волю чалавека, а менавіта воляй ён меркаваў справіцца з хваробай алкагалізму. То бок сілы, які хіляць яго да жарсці, таксама дзейнічаюць звонку, са сферы метафізічнай, як і добрыя сілы, якія абараняюць ад падзення. Якая з сілаў пераважыць – залежыць, па вялікім рахунку, не ад чалавека, а ад таго, якім будзе расклад сілаў боскіх і пякельных, што ўступаюць у барацьбу за ягоную душу. Пакаянне і цвёрдае жаданне кінуць піць, а таксама аддаванне сябе на волю Ўсёмагутнага – мяркуецца ў хрысціянстве залогам поспеху ў барацьбе з любым грахом, не толькі алкагалізмам. Шматлікія выпадкі беспаспяховасці кідання піць і курыць, тым болей – прымаць наркотыкі, сведчаць на карысць прыведзенага погляду на рэчы.
Прыём алкагольных, наркатычных сродкаў ускладняе барацьбу з імі яшчэ тым, што яны рэальна перайначваюць псіхафізічную прыроду чалавека (дэман селіцца ўнутры): пад кайфам чалавеку адносна камфортна, а без гэтых наркатычных сродкаў – цяжка, часам невыносна. З грэшным зеллем ён губляе сваю першародную прыроду і ад таго пакутуе маральна і сацыяльна, а без яго зазнае фізічныя пакуты, робіцца непрацаздольным, агрэсіўным. Выходзіць, што грэх як бы абкладае чалавека з усіх бакоў, бярэ яго ў сваю сферу, з якой ужо мерыцца не выпусціць аніколі. Неабходны вонкавы ўплыў. Ён, найчасцей, двухбаковы: фізічны і псіхалагічна-духоўны. Фізічны – гэта спецыяльныя хімічныя сродкі, які дазваляюць адносна бязбольна – але часова – выйсці са стану прыёму наркотыкаў і алкаголю. А псіхалагічна-духоўны ўплыў мае на ўвазе пастаянны знешні кантроль за чалавекам (аж да знявольвання) і ўнутраны самакантроль, на выпадак калі з глыбінь існасці не ўзнікне збродлівае жаданне прыняць дозу ў стрэсавых сітуацыях.
Не будзем больш засяроджвацца на дэталях, мы паказалі іх толькі для лепшага разумення сутнасці граху. Усе іншыя грахі: блуд, крадзеж, забойства, махлярства і г.д. – хоць у меншай ступені, але таксама вынікаюць з прыроды і характару чалавека. Блудніка, напрыклад, ломіць як і наркамана, бо калі ён не параспуснічае, то ў крыві не змогуць нейтралізавацца шкодныя элементы, якія будуць яго, у сілу сваёй чужароднасці, мучыць. Таму грэшнік – гэта чалавек з парушанай псіхафізічнай прыродай. Ён адчувае адносны камфорт толькі тады, калі перыядычна грашыць. І тут, акрамя перакананага жадання чалавека перастаць мучыцца сваім грахом (а мучыцца ён, нагадаем, у сілу сваёй духоўнай непазбыўнай прыроды), мы не можам яўна ўбачыць ягонай свабоднай волі. Усё астатняе робіцца звонку: свяшчэннік (урач, псіхолаг) дае парады, лекі, а чалавек іх прымае, спадзеючыся на тое, што знутры яго існасці не будзе непераадольнага, парогавага пасылу зноў награшыць. Калі нават дапусціць, што нейкая свабодная воля чалавека граху працівіцца, то вядома, што любая воля мае сваю мяжу, а таму пасыл на грэх можа яе перасягнуць і адужаць. Чалавеку, падкрэсліваю, застаецца толькі спадзявацца на тое, што грахоўны пасыл з глыбінь яго існасці не дасягне той крытычнай мяжы, якая разбурыць плаціну, збудаваную з лекаў, унушэння псіхолагаў і розных дабрадзеяў, са страху перад грахом.
Пра тое, што сярэднестатыстычны чалавек ёсць рабом сваіх жарсцяў і марыянеткай у руках фатуму, выдатна ведалі найвялікшыя мысляры чалавецтва. У мастацкай літаратуры вельмі выразна гэты момант адлюстраваў у сваёй творчасці Дастаеўскі. Яго раман "Падлетак” – проста-такі скарбонка псіхалагічных даследаванняў у разрэзе канструкцыі "чалавек– жарсці”. Гэты твор мала хто па-сапраўднаму разумее, крытыкі яго называюць найгоршым з раманаў пісьменніка. Я ж бачу яго не менш вялікім, чым усе астатнія познія раманы Дастаеўскага, – менавіта з прычыны выразнага ўвасаблення арыгінальнай, рэдкай для сусветнай літаратуры ідэі, ідэі татальнай псіхалагічнай залежнасці чалавека ад знешніх абставінаў.
Падлетак Дастаеўскага, галоўны герой, з самага пачатку рамана ўявіў сябе трымальнікам нейкай высокай ідэі, з якой яму нібыта будзе добра ў самоце. Людзі яму быццам бы не патрэбныя, бо ён самадастатковы ўладальнік "вялікай” ідэі, з якой можа адасобіцца ад грамады і быць цалкам шчаслівым. І як бы ў насмешку над героем жыццё няспынна, увесь раман, тузае яго за ўяўныя вяровачкі, а ён, нібы марыянетка, скача туды, куды загадаюць шматлікія страсці. Пацешна, што герой, чалавек не пусты, гэтага як быццам не заўважае. Ён думае, што проста на міг адрываецца ад сваёй вялікай ідэі, ад філасофскага сузірання жыцця ды па сваім высакародным пасыле ідзе вырашаць справы бліжніх. Але гэты "міг” ператвараецца празорствам Дастаеўскага ў несупынны працэс і забірае героя ў жорсткія цянёты на ўсё жыццё. Сама назва "Падлетак” бачыцца сімвалічнай. Бо падлеткі Дастаеўскага – гэта абсалютная большасць усяго чалавецтва, тыя звычайныя, зямныя і грэшныя людзі, якія ёсць марыянеткамі фатуму.
Раман "Падлетак”, а таксама пазнейшыя па часе "Браты Карамазавы” наводзяць на думку, што насуперак агульнаму правілу асобныя прадстаўнікі чалавецтва (іх менш за адсотак) маюць частковую свабоду выбару і ў значна меншай меры, чым шэрая большасць, падвержаны ўплыву страсцей. Дык хто гэта? Пісьменнік нездарма выводзіць ў абодвух раманах людзей, блізкіх да святасці. Гэта муж маці галоўнага героя, някроўны яго бацька (раман "Падлетак”), і старац Засіма, духоўнік Алёшы Карамазава ("Браты Карамазавы”). Усе героі абодвух раманаў цялёпкаюцца ў віры страсцей чалавечых і захлынаюцца імі. І толькі гэтыя двое стаяць як быццам па-за грамадой і, адпаведна, па-за страсцямі. Гэта дзіўныя людзі, што ўмудраюцца прайсці па зямлі, амаль не запэцкаўшы ног. Вобразы, дарэчы, далёкія ад ідэальных, і тым большы давер выклікаюць яны ў свядомага чытача. Простыя і няхітрыя, яны тым не менш здольныя супрацьстаяць фатуму. Разумнікі ж Вярсільеў і Іван Карамазаў не ў сілах справіцца сваім нешараговым розумам ні з адной жарсцю.
Пра што гэта нам можа сказаць у святле праблемы, якую намагаемся вырашыць? А менавіта тое, што рэальнай волі ў чалавека няма. І нават у названых блізкіх да святасці герояў Дастаеўскага. Гэтыя двое не падуладныя страсцям толькі па прычыне трывалай сапраўднай веры ў Абсалют, даверыўшыся якому, яны спадзяюцца, што ён будзе весці іх па жыцці, ахоўваючы да страсцей, памылак і злыбед. У гэтай скрытай, закадравай выснове Дастаеўскага бачыцца зрэбная праўда ўсяго чалавецтва, якое спрадвеку ведала адно: беды і навалы абмінуць чалавека, народ не тады, калі ён будзе розумам ад іх ухіляцца, а толькі тады, калі будзе выконваць устаноўленыя праз прарокаў правілы. Напрыклад, запаведзі, што даў Майсей іудзеям. Гэтыя простыя правілы, і толькі яны, зберагалі народ і адзінку на вятрах гісторыі. Псіхалагічны пасыл тут такі: не намагайся вырашыць глабальныя пытанні светабудовы, калі хочаш быць жывы, шчаслівы і цэлы, гэтым не ўратуешся; для ўратавання ж, або для таго каб пражыць адведзены тэрмін жыцця адносна бязбольна, не разумнічай, не мудруй, даверся Абсалюту і яго прарокам, выконвай элементарныя правілы, што імі ўстаноўлены, і тады няшчасці цябе абмінуць.
І сапраўды, чалавек, выходзячы з дома, не можа абсалютна прадбачыць, як ні асцярожнічай ён, што на яго не наскочыць аўтамабіль з п’яным кіроўцам, не ўпадзе цагліна на галаву або не загарыцца аўтобус, у якім чалавек едзе на працу. Выпадковасці непадуладныя нашай волі. Гэта чалавецтва ведала супольным розумам ва ўсе часы. Большасць малітваў людзей розных веравызнанняў – гэта менавіта пра тое, каб фатальная выпадковасць не ўмяшалася ў лёс. Малітвай, скажам вобразна, чалавек павышае свой энергетычны патэнцыял і на такім энергетычным узроўні да яго не чапляюцца фатальныя выпадковасці, якія на паверку аказваюцца не такімі ўжо выпадковымі і навальваюцца пераважна на людзей, што знаходзяцца на крайне нізкім энергетычным узроўні (апанаваныя хандрой, меланхоліяй, гневам, помстай, крыўдай і г.д.). Да тых, хто носіць у сабе негатыў, чапляюцца і хваробы. Адсюль і запаведзь Хрыста – дараваць усім за ўсе магчымыя подлыя ўчынкі, дарваць не так дзеля крыўдзіцеля, як дзеля самога сябе: крыўда, злосць разладжваюць найскладанейшую псіхафізічную сістэму – арганізм чалавека і могуць прывесці да страшных наступстваў. Шчаслівыя і здаровыя тыя людзі, пра якіх кажуць: "лёгкі чалавек”, "добрае сэрца”, – нішто негатыўнае ў такіх людзях не затрымліваецца надоўга, не атручвае душу.
Аднак гэтыя простыя, здавалася б, паняцці – "добры чалавек”, "злы чалавек” – насамрэч зноў раскрываюць перад дапытлівым розумам невырашальныя бездані. У народзе, называючы каго-небудзь добрым, відавочна маюць на ўвазе нейкую нязменнасць, амаль абсалютную дадзенасць. То бок добры ніколі не стане злым. А ці так гэта? Жыццё, якое не церпіць нічога трывалага і нязменнага, пастаянна – і даволі часта – абвяргае такія сцвярджэнні. Добры праяўляе сябе ў ліхіх учынках, а злы неспадзявана выказвае ўзор дабрыні. І ўсё ж нутраное чуццё і досвед схіляюць нас да таго, што ў пераважнай большасці нехта выяўляе сябе як добры чалавек, а нехта як злы, прычым гэта праяўляецца з ранняга дзяцінства і захоўваецца да глыбокай старасці. Гэта адбываецца таму, што чалавек атрымоўвае ад прыроды адмысловую нервовую сістэму, якая перажывае перыяд станаўлення ў дашкольным узросце, а затым у аснове сваёй не мяняецца.
Адзін мае па жыцці высокі болевы парог (таўстаскурыя людзі), а другі нізкі болевы парог (рэагуе балюча на ўсялякую драбязу). Аднаго можа смяротна пакрыўдзіць такое, ад чаго другі нават не зварухнецца. Аднаго адмова ў каханні даводзіць да самагубства, а другога такая ж адмова папросту пераключае на новы аб’ект, пра стары ж ён забываецца хутка. Шэраг прыкладаў можна цягнуць бясконца, але ясна адно: жыццёвая паспяховасць і звязаны з гэтым унутраны свет трывала залежаць ад нервовай сістэмы чалавека. Каб ужо зусім было зразумела, успомнім прымаўку "п’янаму мора па калена”. Гэта акурат пра болевы парог. Часта здзейсніць нейкія подзвігі (прыкладам, у каханні) чалавеку замінае страх, нерашучасць – раптам адмовяць, прынізяць, раптам сапернік морду наб’е і г.д. П’яны ж чалавек неяк няўзнак можа апынуцца ў пасцелі з жанчынай, з якой раней баяўся нават загаварыць. П’яны можа прайсці па такіх змрочных і небяспечных месцах, увязацца ў такія канфліктныя сітуацыі, якія, будучы цвярозым, за кіламетр, абыходзіў.
Гэта азначае роўна тое, што алкаголь (і наркотыкі), паніжаючы болевы парог, адначасова павышае жыццёвую перспектыву, магчымасці самавыяўлення, якія раней былі недаступныя з прычыны жорсткай мяжы, якую накладае на чалавека страх. І страх гэты не проста страх, а прыхаваны інстынкт самазахавання. Самазахаванне – выдатная і неабходная рэч. Але часам гэты інстынкт настолькі гіпертрафіраваны, што замінае нармальна жыць і атрымліваць асалоду. Здаровы і абсалютна нармальны чалавек мае тэмперамент сангвініка (заўважым каторы раз, мае як дадзенасць). Гэты тэмперамент дазваляе яму міжвольна гарманізаваць прыродны інстынкт самазахавання са смеласцю і адвагай, неабходных для поспехаў у справе жыцця. Такі чалавек не палезе ўжо зусім на ражон, не стане бессэнсоўна рызыкаваць, але не спасуе ў большасці сітуацый. Прытым ён будзе лічыць поспехі сваёю асабістай заслугай. Мы ж скажам – хай дзякуе прыродзе за свой тэмперамент, на якім грунтуецца характар, лёс і ўсё, што да іх прыкладаецца.
Азірнуўшыся ў думках, заўважым, аднак, што такіх моцных і абсалютна нармальных людзей, стопрацэнтных сангвінікаў, значна менш за палову ад асноўнай масы насельніцтва. Астатні працэнт прыпадае на куды менш жыццяздольныя катэгорыі: меланхолікаў, флегматыкаў і халерыкаў. Ну, з меланхолікамі ўсё ясна: жыццё для іх суцэльныя слёзы і смаркачы; працаздольнасць маюць нізкую, у сямейным жыцці рэдка шчаслівыя, уласныя дзеці не паважаюць, бо падсвядома не любяць слабакоў, хлюпікаў, і г.д. Меланхолік плача ад такой пусцяковіны і баіцца такой драбязы, што ў напружаным і жорсткім грамадскім жыцці яму бывае не соладка, і гэта мякка сказаць. Паніжаны болевы парог – гэта нябачная, але цалкам рэальная заслона, што адмяжоўвае яго ад жыццёвых радасцяў. У меланхоліках зусім бы не было сэнсу, каб на іх не трымалася такая немалаважная рэч, як высокае мастацтва. Прыродная схільнасць меланхолікаў да адзіноты вядзе да душэўнага разладу, анамальнасці – і, як вынік, адмысловага ўнутранага свету, які пры пэўных здольнасцях выліваецца ў мастацтва. Не сакрэт, што высокае мастацтва трымаецца на псіхалагічных комплексах творцаў. У меланхолікаў такіх комплексаў хоць адымай.
Флегматык – гэта звычайны, зямны, часта малацікавы чалавек. Флегматызм вядзе да звужанасці інтарэсаў, абывацельшчыны, гатоўнасці закручваць усё жыццё аднастайныя гайкі, нічога старонняга, пабочнага да выжывання сябе і роду, блізка да сэрца не браць, пры гэтым мець да ўсяго асцярожнасць, не лезці на ражон, цікавіцца пераважна сабой, сваім здароўем, у другую чаргу – сваёй сям’ёй, здароўем сваіх дзяцей. З флегматыкаў складаецца асноўная маса людзей, якія проста жывуць і ніякім чынам не спрыяюць прагрэсу чалавецтва. Гэта біялагічная маса, патрэбная для функцыянавання чалавецтва. Калі наўкол мір – яны жывуць шчасліва і бесканфліктна. Калі сангвінікі ды халерыкі ўсчынаюць вайну – яны пакорліва ідуць забіваць сваіх бліжніх і гінуць. Флегматыкі – гэта пчолкі чалавецтва.
Халерыкі – самы цікавы і адначасова самы невыносны псіхічны тып чалавека. Яны нешматлікія. Але акурат яны і верхаводзяць грамадой, робяцца разнамаснымі фюрэрамі, гэткай закваскай, на якой бродзіць гісторыя. Халерыкі часта не здольныя да працяглых і вывераных дзеянняў. Але ў сілу сваёй няўрымслівасці яны запальваюць на такую дзейнасць сангвінікаў, якія і давяршаюць справу. Халерыкі падвержаны перападам настрою і, як вынік, маніякальна-дэпрэсіўным псіхозам, алкагалізму, наркаманіі. Нярэдка гэта асацыяльныя элементы, якіх трэба выкараняць. Нярэдка гэта народныя героі, вялікія творцы, прыкметныя і карысныя палітыкі. Усё залежыць ад таго, ці супадзе сітуацыя з настроем і здольнасцямі халерыка. З-за павышанага болевага парогу халерык можа лезці ў смяротна небяспечныя сітуацыі і выходзіць сухім з вады, трыумфальна. А можа і загінуць дарма. Халерыкаў мала. Прырода на іх скупіцца. А ёй іх шмат і не трэба, функцыі закваскі яны выконваюць і малой колькасцю.
З вышэйсказанага вынікае, што кожнаму чалавеку даюцца далёка не аднолькавыя зыходныя параметры, з якімі ён будзе рушыць па свеце. Зразумела, што халерыку цяжка быць добрым і памяркоўным, душэўным, станоўчым чалавекам, а меланхоліку – актыўным, смелым, самаахвярным. Ясна, што сангвінік ад нараджэння мае нашмат больш шанцаў прыдбаць шчасце, чым флегматык ці меланхолік. І гэта толькі адштурхоўваючыся ад уласцівасцяў нервовай сістэмы. Прасочым сувязь яе з іншымі параметрамі.
Целасклад у сангвінікаў таксама, як правіла, моцны, здаровы, яны збольшага сексуальна прывабныя. У флегматыкаў, халерыкаў і меланхолікаў бывае па-рознаму. Аднак тэмперамент, тое, што пакарае людзей, не можа не выяўляцца ў знешнасці. Людзі моцнага і адначасова ўраўнаважанага тэмпераменту (сангвінікі) прывабліваюць да сябе сяброў і палавых партнёраў. У той час як меланхолікі сваёй слабай жыццёвай энергіяй іх адштурхоўваюць. Халерыкі моцна запальваюць акаляючых сваёй неўтаймоўнасцю, але і адштурхоўваюць найбольш асцярожных і разважлівых людзей. Флегматычныя людзі найчасцей нікога не запальваюць, а, падпарадкоўваючыся інстынкту статка, ідуць туды, куды ўсе – то бок у кірунку, указаным халерыкам ці сангвінікам.
Бачна, што ўжо два параметры – целасклад (знешнасць) і тэмперамент – жорстка вядуць чалавека па лініі лёсу, пераплятаючыся і ўзаемаўплываючы. Паглядзім, ці звязаны трэці лёсавызначальны параметр – вонкавае атачэнне – з двума папярэднімі. Бо зразумела, што характар чалавека дэтэрмінаваны таксама знешнім асяроддзем, у якім ён гадуецца. Сям’ю мы не выбіраем. А між тым бацькі найчасцей перадаюць свой тэмперамент і рысы свайго характару дзецям. У пары флегматыка і меланхоліка наўрад ці народзяцца жыццяздольныя дзеці. Найлепшы варыянт: абодва бацькі – сангвінікі. Халерык жа можа ўжыцца ў пары хіба што з флегматыкам, і тут зусім не ясна, якога тэмпераменту будуць нашчадкі. Ясна адно: у сям’і, дзе ёсць халерык, спакою не можа быць апрыёры, а таму ўстойлівая нервовая сістэма ў ягоных дзяцей – рэч вельмі праблематычная.
Не будзем доўга мудраваць і прыкідваць, якія людзі могуць нарадзіцца з розных грымучых сумесяў. Канстатуем толькі цяпер ужо відавочнае: генатып і характар бацькоў настолькі жорстка дэтэрмінуе лёс іх нашчадкаў, што воля іх, нашчадкаў, асабістага выбару па жыцці выглядае мізэрнай. Адхіленні ад правіла могуць з’яўляцца толькі тады, калі дзіця рана робіцца сіратой – такім чынам яго прыродны генатып трапляе ў ненармальнае, не вызначанае прыродай чалавечае (сямейнае) атачэнне, і зусім невядома, як ён будзе паводзіцца. Прынамсі наўрад ці сірочая доля выглядае камфортнай і аптымальнай, наўрад ці з яе выходзяць шчаслівыя людзі.
Біблейскі грэх, які дзеці нясуць за бацькоў на сваіх плячах, у святле найноўшай навукі і псіхалогіі не страчвае актуальнасці. Гэтаксама і шчаслівая доля бацькоў у пераважнай большасці выпадкаў перацякае ў лёс іхніх дзяцей. Нашчадкі як бы энергетычна абаронены ад навакольных злыбед бацькоўскай любоўю.
У той жа час недарэчным, з пункту гледжання сучаснасці, выглядае запавет шанаваць бацьку і маці сваіх. Рэч у тым, што цяперашнія бацькі самі рэдка калі выконваюць біблейскія запаветы, таму і патрабаваць ад сваіх нашчадкаў да сябе павагі не маюць ніякага права. Каб было ясна: бацькі – цыганы і гандлююць наркотыкамі, гоняць свайго сына зарабляць грошы такім рамяством; яму трэба іх шанаваць як бы там ні было? Або бацькі – алкаголікі, не кормяць дзяцей, утрымліваюць іх у смуродзе і брудзе, б’юць смяротным боем; дзецям трэба іх любіць усім сэрцам? Такіх прыкладаў процьма. А запаветы даваліся тады, калі мелася на ўвазе біблейская чысціня саміх бацькоў.
Яшчэ насцярожвае зацёрты заклік сучаснасці, які ўжо стаўся штампам: каб стаць шчаслівым – будзь самім сабой. Лухта несусветная. Маньяк Чакаціла кіраваўся памкненнем уласнай душы – гвалціў і душыў жанчын, ён быў самім сабой... Мажліва, быў і шчаслівы. Але да пары да часу. Тое самае можна сказаць, што прырода наша імкнецца да асалоды: да блуду, п’янства, ляноты – у гэтым мы з’яўляемся самімі сабой. І гэтым некаторыя сілкуюцца цягам жыцця. Аднак ці паўнамоцныя мы заклікаць да такога ўсіх людзей? Быць самім сабой – азначае вяртацца ў жывёльнае асяроддзе, у свет дзікай прыроды. А змагацца з самім сабой – значыць станавіцца ўсё больш чалавекам, самаўдасканальвацца.
На заканчэнне тэмы згадаю незабыўнага алкаголіка Мармеладава з рамана "Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага, ягоны дыялог-маналог з Раскольнікавым у брудным шынку, дзе ён хаваўся ад горача любімай ім жонкі. Мармеладаў усведамляе сваю нізасць, гадасць, ведае, як важна было трымацца за нарэшце знойдзенае чыноўнае месца, ён любіць і шкадуе сваіх дзяцей, радуецца, што яны ўсцешаны тым, што нарэшце дабрабыт сям’і можа наладзіцца. І тым не менш у першую ж ноч пасля палучкі, "як здань уначы” крадком ускрывае сямейны куфар, бярэ ўсе грошы і бяжыць прапіваць. Ён ведае наступствы, баіцца гневу жонкі і пакутаў кроўных дзяцей, ведае, наколькі цяжкі сіндром пахмелля, – і ўсё ж ідзе на повадзе ў сваёй жарсці – алкагалізму, бо не ў змозе змагацца з гэтым дэманам. Розум, трэба прызнаць – нешараговы розум Мармеладава не можа выставіць годную заслону нячысціку. Прычына, як вынікае з рамана, – адсутнасць веры, схаваная за напышлівай пустапарожняй рыторыкай. Гэтая адсутнасць адкрывае ў запамежжы свядомасці пралаз для адмоўнай сілы, якая і прымае рашэнне за добрага ў душы Мармаледава: ісці ў шынок.
|