Сайт Міхася Южыка Суббота, 23.11.2024, 16:35
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Як рыба на беразе
Соцыум прымае і паглынае нованароджаную чалавечую істоту з першага ўздыху, практычна не адпускае ўсё жыццё, як правіла выпраўляе ў апошні шлях і захоўвае некаторы час пра яго памяць. Мудрагелістая сістэма нашага соцыуму прадугледжвае літаральна ўсё, інакш бы чалавек не быў чалавекам, а чалавецтва – самім сабой. Мы не існуём незалежна ад соцыуму, спробы наладзіць "рай у будане” ніколі нікому не ўдаваліся (успомнім Ганну Карэніну) і нават Рабінзон Круза, каб выжыць як чалавечая адзінка, карыстаўся не толькі рэчамі з патанулага карабля, а і ўсім вопытам цывілізацыі, якая развівалася немаведама колькі доўга.
 
Соцыум для нас, адным словам, – асяроддзе, у якім мы не толькі мусім пастаянна круціцца, а і без якога не можам сябе ўявіць. Як не можам уявіць сваю асобу без фізічнага цела, дзень без ночы, зямную цвердзь без неба і сонца. Чалавечая супольнасць нас поіць, корміць, выхоўвае, абараняе, лечыць, стварае душэўнае і духоўнае асяроддзе, з якіх мы чэрпаем эмоцыі, дзе мы жывём як псіхічная іпастась. Пра сваю бяздарнасць, таленавітасць і геніяльнасць, пра сваю дабрадушнасць і бязлітаснасць, пра сваю прыстойнасць і амаральнасць мы даведваемся праз ацэнку нас соцыумам. Ніякае чалавечае дасягненне і ўчынак не маюць цаны самі па сабе, а толькі – як праяўленыя, адлюстраваныя ў няпростых законах, па якіх жыве грамада. Мы мераемся яе меркамі.
 
Соцыум дастаўляе чалавеку фізічны і духоўны пажытак, з’яўляецца яго абаронцам ад наступаў дзікай прыроды, без яго чалавек нівеліруецца да жывёльнага асяроддзя – і тым не менш менавіта з ім, соцыумам, адбываюцца ў нас пастаянныя канфлікты і непаразуменні. А пры пільным разглядзе праблемы ён – наш самы суровы тыран.
 
Сапраўды, калі адкінуць шчасце жыць і быць чалавекам, якое дае нам пражыванне ў цывілізаванай чалавечай супольнасці, калі ўспомніць, што мы не толькі самі не прасіліся на белы свет і тым больш не выяўлялі жадання нарадзіцца і быць чалавекам, – то стане відавочным наступнае. З самага дзяцінства нас, вобразна кажучы, запрагаюць па поўнай праграме ўсе акаляючыя. Нас тыраняць самыя блізкія людзі – бацькі – з першых імгненняў. Немаўля трапляе ў поўную ўладу дарослых, якія, карыстаючыся ягонай бездапаможнасцю, наладжваюць з яго цельцам усялякія маніпуляцыі. Спавіваюць, мыюць, варочаюць, гушкаюць, кормяць і пояць. Усё гэта, канешне, выдатна. Аднак хто пытаўся ў немаўляці – ці хацеў ён быць зачатым і нарадзіцца на свет, ці хацеў трываць непазбежныя пакуты людскія, імя якім легіён? Ён просіць есці і піць? Патрабуе ўвагі? Так. Але ж ён у гэтым не вінаваты нітрохі. Роўна як і ў тым, што па першым часе, гадуючыся (найчасцей гэта аж да 21 года), не можа сам сябе пракарміць... А да гадоў сямі – не здатны сябе абслужыць, нават жывучы на ўсім гатовым. Ён не можа сам сябе абучыць навукам, рамёствам, разнастайным правілам чалавечай супольнасці, якія несумненна аблегчаць яго знаходжанне на белым свеце ад пачатку да самай смерці.
 
І вось, карыстаючыся тым, што маленькі чалавечак нічога не можа, ён безапеляцыйна трапляе пад уладу старэйшых, разумнейшых, дужэйшых. Яго валакуць на гаршчок, тады як яму зручней апраўляцца непасрэдна ў штаны. Яго кормяць не тым і не тады, як ён хоча. Загадваюць класціся спаць, калі яму хочацца бегаць, вязуць і нясуць на двор міма яго жаданняў. Сарамацяць, караюць (во дзе найперш выяўлены першародны грэх!). А таксама не заўсёды ўгадваюць элементарныя патрэбы яго арганізма. І малыш мусіць усё гэта цярпець. Ён крычыць, крычыць патрабавальна, часта і голасна. Гэта першы сігнал, што чалавеку зусім не так шчасліва жывецца на грэшнай зямлі, што зусім не для шчасця ён нараджаецца. Заспакойваецца малое толькі на кароткі час, калі накормлена, правільна ўкладзена, апранута, задаволена цацкамі, а найлепей – калі засне. Але абуджэнне непазбежнае, роўна як і ўвесь шэраг праблем, што з ім узнікаюць: голад, холад, няёмкасць позы, раздражняльны ўплыў святла, няўмелыя рукі даглядчыкаў, што прычыняюць яму дыскамфорт.
 
У кантэксце законаў быцця нічога кепскага не здараецца: пастаяннае адчуванне дыскамфорту – яго ўласцівасць. Жыццё наўмысна стварае ўсякія "бякі”, каб чалавек стараўся іх пераадольваць, а значыць, жыць. Але чалавеку ад таго не лягчэй. І далёка не заўсёды пакутлівы голад апраўдваецца сытным абедам, а пакуты непадзеленага кахання – кароткім задавальненнем той жарсці. Сытны абед можа выклікаць боль у жываце, алергічны сып, а авалоданне палавым партнёрам – шэраг праблем, галоўная з якіх – псіхалагічная і фізічная залежнасць ад каханка, як ад наркотыка. Пазбаўленне ж наркотыка, якое ў каханні – рэч амаль немінучая, вядзе да непрадказальных і часам страшных наступстваў.
 
Але ж вернемся да малышоў, якім пакуль што не да кахання. Сваім целам і сваёй воляй яны, небаракі, практычна не распараджаюцца. Калі, як і колькі – усё вырашаюць бацькі, бабулі-дзядулі, выхавацелькі ў яслях. Тут мы назіраем пастаянны канфлікт чалавека з вонкавым асяроддзем. А ён яшчэ целам сваім як след валодаць не навучыўся, для яго само цела пакуль што хадзячы стрэс!
 
У страшэнным – яўным ці скрытым – канфлікце са сваім неразвітым целам, з поўнай хваробатворных мікробаў прыродай, з бацькамі і ўсялякімі выхавацелямі, а таксама з калектывам дзетак, куды малое непазбежна ўступае, – праходзіць яго дзяцінства. І самае дзіўнае, што да пэўнага часу чалавек не адчувае трагізму свайго становішча. Забягаючы наперад, скажам, што ёсць адзінкі шчасліўцаў (далёка не ідыётаў), што са светлай душой дажываюць да старасці і шчыра дзякуюць жыццю за ўсё, што з імі надарылася на доўгім шляху. Такім у жыцці было хораша. Яны не ўведалі яго вузлавога канфлікту. Гэтыя адзінкі насамрэч папросту не ўсвядомілі сябе як асобу, а значыць, прыжылі доўгі век упустую. Яны памерлі з душой немаўляці.
 
Бацькі клапоцяцца і любяць свайго нашчадка. Аднак нярэдка іхняя любоў – тыранства і эгаізм, кампенсацыя псіхалагічных комплексаў праз малыша. А клопат можа быць настолькі дакучлівым, што, цвяроза азірнуўшыся на сваё дзяцінства, шмат хто наўрад ці захоча яго зноў перажыць.
 
Самае бязлітаснае сцеражэ дзіцятка ў школе, у параўнанні з якой хатняя муштра і грубасць дзетсадаўскіх выхавацелек – кветачкі. Добра, калі дзіця ад прыроды дужае, кемлівае, у меру прыгожае і, галоўнае, камунікабельнае, то бок здольнае ўтвараць кааліцыі і тым самым пазбягаць асноўнай нагрузкі ў калектыве. Праўда, пры пільным разглядзе – гэтае пазбяганне ажыццяўляецца роўна ў той меры, у якой адбываецца "набяганне” гэтай нагрузкі на ўсялякіх ізгояў і адшчапенцаў: тупаватых, хілых і хворых, непрыгожых, няхітрых, някемлівых. Тут спрацоўвае асноўны закон прыроды: калі недзе вельмі добра, то побач – пакутліва. Тры хлопчыкі-мажоры класа выдатна сябе пачуваюць. Тры недалугі – у той жа ступені пакутуюць. Сераднякам жа – як пашанцуе, як ляжа карта ў канкрэтныя дзень, месяц і год. Чалавецтва даўно адкрыла, што суровасці жыцця можна пазбягаць не ў абсалюце, а адно за кошт іншых (суседзяў, аднакашнікаў, саслужыўцаў...). Таму, стыхійна згрупаваныя ў супольнасці, чалавечыя адзінкі пачынаюць барацьбу за станоўчыя эмоцыі. У школе гэта выяўляецца найболей яскрава і паказальна. Выдатнікам лепш, чым двоечнікам. Волатам лепей за недалугаў. Прыгажуням ямчэй за нягегліц. Аднак у выдатнікаў прысутнічае дакучлівая боязь страціць пазіцыі. Тое самае – у хлопчыкаў-важакоў. У прыгожых жа дзяўчатак, як правіла, шмат варожых "прыяцелек”.
 
Школа абучае нас не столькі навукам, колькі навыкам суіснавання ў чалавечай супольнасці. І навыкі гэтыя такія хітрамудрыя, што не кожнаму па плячы. Тут патрэбны адмысловы талент камунікабельнасці. Той, хто валодае гэтым талентам, нават не маючы адметных здольнасцяў ні да чаго астатняга, найчасцей будзе мець поспех у дарослым жыцці.
 
Дарослае жыццё пачынаецца ў чалавека, зрэшты, яшчэ ў школе, у апошніх яе класах, калі завяршаецца перыяд палавога выспявання і асоба напоўніцу ўсведамляе – з усім трапятаннем і вастрынёй – тое, што чалавецтва выразна падзелена на дзве палавіны. Палавіны гэтыя рэзка не падобныя адна на адну, настолькі, што паміж імі існуе магутны "электрычны” патэнцыял. Запусціць палавы ток дастаткова адной іскрынкі. Падлетак зведвае усе невыгоды і ўсе выгоды гэтага патэнцыялу паміж супрацьлеглымі "полюсамі” чалавецтва. З гэтага моманту ён мусіць будаваць свае дачыненні з акаляючымі з улікам магутнай сілы палавога прыцягнення да процілеглага полу і пэўнага адштурхоўвання між аднаполымі. А таксама з улікам таго, якія вартасці і здольнасці ён мае як мужчына-самец ці жанчына-самка. Тэма палавой любові, кахання настолькі важная і складаная, што далей мы аддамо ёй асобны раздзел. У астатніх жа раздзелах будзем кранацца яе па магчымасці сцісла.
 
Такім чынам, чалавек уступае ў дарослае жыццё, дзе ўжо жартаў не будзе, дзе цана адзнакам, што выставіць яму соцыум, нашмат значнейшая, чым адзнакі ў яго школьным дзённіку. За "нездавальняюча” максімум, што можна займець, – гэта пакаштаваць бацькоўскай папругі. Цана ж памылак дарослых, бывае, – само жыццё.
 
Вопыт паказвае, што лідэры, праяўленыя ў школьных класах, збольшага такімі застаюцца ў дарослай супольнасці. І тут без розніцы, у чым канкрэтна яны будуць сябе праяўляць – галоўнае, што ўсюды яны стануць імкнуцца да лідэрства, кіравання і валадарства. Зразумела, асноўнай іх мэтай будуць грошы, валоданне якімі забяспечвае валоданне многім. Грошы ёсць скрытай уладай. А лідэрам, па вялікім рахунку, патрэбная толькі яна. Улада – гэта магчымасць стаяць на іерархічнай лесвіцы вышэй за акаляючых, то бок мінімальна падпарадкоўвацца і максімальна падпарадкоўваць. (Хоць насамрэч максімальная ўлада – гэта максімальная ж несвабода. Пра гэта таксама будзе асобны раздзел.)
 
Нягеглыя і хілыя, безыніцыятыўныя школьнікі, як правіла, не дабіваюцца поспеху ў дарослым жыцці. Пасталеўшы, яны зазвычай захоўваюць сваю неактыўнасць і млявасць, якія з’яўляюцца прыроджанымі якасцямі і пазбыцца якіх амаль немагчыма. Агаворымся, што выключэнні з агульнага правіла, што рэальна здараюцца, найчасцей датычаць людзей, заточаных прыродай пад мастацкую творчасць. Сусветная гісторыя ведае колькі заўгодна выпадкаў, калі нягеглы, нібы мяшком удараны юнак вырастаў у выбітнага творцу. Але такое выключэнне усё ж такі не супярэчыць тэорыі нязменнасці чалавечага псіхатыпу, бо мастацтва, калі і мае на мэце атрыманне ўлады, то гэтая ўлада носіць духоўны характар. Калі ж яна супадае з матэрыяльнай (грашыма), то тут, як правіла, прысутнічае элемент шанцу: усё залежыць ад таго, ці злавіў творца свой фарт.
 
Адначасова варта прызнаць, што далёка не ўсе школьныя лідэры дасягаюць высокіх пазіцый у сталым жыцці. Гэта адбываецца ад таго, што часта школьнае лідэрства замешана выключна на фізічнай перавазе над аднакласнікамі, на агрэсіўнасці, дужасці, скараспелай сексуальнасці. Дарослае жыццё, хоць і дастаткова цэніць пералічаныя якасці, але ж патрабуе яшчэ якой-кольвек адоранасці, таленавітасці хоць у чым-небудзь стваральным. А школьны лідэр нярэдка аказваецца бяздарным ва ўсім, акрамя прагі кіраваць і вяршэнстваваць. Гэтага, бывае, для поспеху аказваецца замала, і чалавек, заўважны, яскравы сярод аднакласнікаў, становіцца нулём у цывілізаваным дарослым свеце. Перажыць такое падобным суб’ектам няпроста. Таму яны, здараецца, слізгаюць на нахіленай плоскасці: у крымінальны свет, у алкагалізм, наркаманію, валацужніцтва і жабрацтва.
 
Паднімацца па сацыяльнай лесвіцы выдатна дапамагае хлусня. Ёй літаральна прасякнуты стасункі паміж людзьмі. Хлусіць мы абучаемся ледзьве не з узросту немаўляці і праносім гэтае умельства, удасканальваючы, да самай труны. Нам куды важней тое, што думаюць пра нас людзі, чымся тое, чым мы ёсць насамрэч. За праўду, як правіла, б’юць, і вельмі балюча. Просталінейныя асобы не здатныя не толькі дамагчыся вышэйшых прыступак грамадства, а нярэдка і элементарна выжыць не могуць.
 
Паспяховасць – вось дэвіз цывілізаванага чалавецтва, бо паспяховыя будуць карыстацца ўсімі выгодамі цывілізацыі. Непаспяховыя – рыцца ў памыйніцы. Таму імкнуцца да поспеху азначае – змагацца за лепшую долю, за месца пад сонцам, за кошт долі сабратаў – гэта як лёду. Ідзе жорсткая канкурэнцыя, пачынаючы з дзіцячага садка, калі дужы нахабны хлапчук адбірае ў цябе цацку, а ты толькі румзаеш і ўціраешся смаркачамі. Злоўлены выхавацелькай, твой крыўдзіцель са шчырымі вачыма будзе клясціся, што ты сам яму даў тую цацку. Ён здольны да выжывання ў соцыуме. Ты – не. Некаторым давядзецца дзесяткі разоў плакаць ад крыўды цягам жыцця, дзівячыся, што лепшы сябар цябе падмануў, перш чым уразумець прапісную ісціну: у варунках соцыуму хлусня – вельмі важная, карысная і зусім не заганная рэч.
 
Поспеху ў дарослым жыцці дасягаюць, як правіла, тыя, хто ўсмактаў з малаком маці: усе сферы чалавечай дзейнасці – адно формы барацьбы за існаванне, а ў гэтай барацьбе ўсе сродкі прыдатныя; не трэба прыкіпаць душой ні да адной справы, а толькі рабіць выгляд, што працуеш самааддана. Высокі кіраўнік, начальнік найчасцей – дрэнны спецыяліст у сваёй галіне, затое – выдатны арганізатар "разумных галоў”, якія шэрымі конікамі цягнуць вытворчую лямку. Яны вераць у сваю справу і любяць яе. Ён – любіць уладу і грошы, а таксама ўсе выгоды, якія яны прыносяць. І не думайце, што кіраваць вельмі лёгка. На кіраўніцкія пасады прабіваюцца самыя спрытныя і мацёрыя. Адсюль – чыноўніцкі клас. Ну і ўсялякія злодзеі ў законе і турэмныя паханы. Бо любая чалавечая суполка, будзь яна нават у турме, вымагае жорсткага кіраўніцтва. І паспяховы кіраўнік не той, хто дбае за справу, а той, хто разглядае справу (вытворчую сферу) як спосаб утрымання свайго асабістага крэсла, сваёй пазіцыі.
 
Для кіраўніка, палітыка, чыноўніка – для ўсіх гэтых высокапастаўленых "разводзячых” хлусня з’яўляецца самым дарагім сябрам. Бо без яе не паразумееш паміж сабой гэтыя патрабавальныя дзесяткі, сотні, тысячы ці мільёны, што пад тваім кіраўніцтвам.
 
Для тых жа, хто не абучыўся навуцы хлусіць, ліслівіць, крывадушнічаць, ісці на кампрамісы, проста хітраваць – у грамадстве будзе кепска зусім. Яны ніколі не стануць загадчыкамі кафедраў, трэнерамі зборных, кіраўнікамі канцэрнаў, нават дробнымі бізнесменамі; яны не атрымаюць дзяржаўных прэмій... Ды што там! Іх будзе падманваць любімая жанчына з найбліжэйшым сябрам, а ўласныя дзеці – не паважаць, не любіць. Бо ўсялякіх раганосцаў, недарэкаў і, асабліва, беднякоў – не любяць, не паважаюць. Грамадская думка заўсёды аддасць таемную (сапраўдную, а не фасадную) перавагу палюбоўніку перад падманутым мужам, куртызанцы перад шматдзетнай маці.
 
Хлусня цесна супрацоўнічае ў грамадстве з магутнай рухальнай сілаю – сексуальнасцю. У тандэме гэта непераможныя рэчы. Вядучыя актрысы – усе спрэс або палюбоўніцы галоўных рэжысёраў, або ў маладосці прабіваліся да галоўных роляў пасцельным спосабам. Такі спосаб даўно ўспрымаецца грамадскай думкаю як належнае, актрыс і рэжысёраў не асуджаюць. Грамадства надзвычай цярпімае да слабасцяў чалавечых. Інакш заўтра камень паляціць у самога асуджальніка...
 
Ну і як адваротны бок медаля: людзі, што ўпарта не падпарадкоўваюцца навуцы грамадскага выжывання, непазбежна апынаюцца на ягоных узбочынах. Беднасць, адсутнасць сяброў, хваробы, адзінокая старасці, смерць без памінак – іхняя доля. У "ідэале”, як самы экстрэмальны выпадак, іх жыццё абрываецца трагічна: самагубства, ранняя смерць, пабіванне камянямі, раскрыжаванне суайчыннікамі. Сімвалічна, што іудзеі памілавалі разбойніка Вараву, а не Хрыста. Бо Праўда, для чалавека страшнейшая за разбой.
 
Наш цывілізаваны свет настолькі набрынялы тэрмінамі "канкурэнцыя” і "паспяховасць”, што мімаволі яны становяцца як бы адарванымі ад сутнасці рэчаў. Часта, аддыхваючыся ад пагоні за разнастайнымі дабротамі, няшкодна задаць пытанне, а ў чым, уласна кажучы, палягае сэнс гэтай усеахопнай канкурэнтнай барацьбы? Пры ўважлівым разглядзе сэнс яе сягае ў далёкую першабытнасць, там яе карані. Папросту кажучы: канкурэнцыя і паспяховасць унутры разнастайных суполак патрэбныя чалавецтву, з аднаго боку, як рухальная сіла, як ідэалагічны цывілізатар, а з другога, асобнаму індывідууму – як пастаянны, нязбыўны напамін і страх галодных пакутаў, то бок сублімацыя інстынкту самазахавання. Гэта цяпер, пры ўсялякіх інстытутах сацыяльнай абароны, тэарэтычна нікому не даюць памерці ад голаду. Інвалідам, старым, псіхічна хворым – пенсіі. Беспрацоўным – грашовая дапамога і стварэнне нейкай перспектывы адшукаць працу.
 
Аднак яшчэ зусім нядаўна гэтага не было нават у цывілізаванай Еўропе. Старыя, хворыя апекаваліся сынамі і ўнукамі, і іхні лёс дзяржаву, па вялікім рахунку, не хваляваў. Зразумела, што быў прамы сэнс нараджаць шмат дзяцей, адпаведна іх выхоўваць, каб не пайсці з торбай пад старасць. Словам, канкурэнцыя і паспяховасць за ўсю гісторыю чалавецтва не былі папросту гульнёй і задавальненнем славалюбных амбіцый, як мае месца цяпер, а рэальнымі абаронцамі, ці прынамсі засцерагальнікамі, ад паганай галоднай смерці. Цывілізаваная сучаснасць перавяла канкурэнтную барацьбу ў разрад змагання за якасць жыцця. Багатыя лепш ядуць (хаця ў тры глоткі есці – задушышся), багатыя могуць лёгка перасоўвацца па планеце (павышаная ступень свабоды), багатых паважаюць акаляючыя і кахаюць маладыя, прыгожыя, нагастыя і грудастыя маладзіцы...
 
Чым па сутнасці з’яўляецца імкненне разбагацець? Гэта, трацячы прыкладна столькі ж калорый на працу як і пры беднасці, атрымаць на парадак, на некалькі парадкаў больш грошай, а значыць, папросту – падмануць сабратаў, суайчыннікаў, сужыхароў планеты Зямля. Ці, калі хочаце, уступіць у сістэму размеркавання сукупнага прадукту са сваім чарпаком і загрэбці больш і гусцей. Сукупнага прадукту на планеце болей не стала (вобразна: вырасла прыкладна столькі ж жыта, як і раней), проста ты схітрыўся адкусіць саладзейшы за сабрата кусок. І таму сабрат працягвае есці кіслую капусту з салам і чорным хлебам, кахаць састарэлую жонку і ваяваць з бэйбусамі-нашчадкамі, а ты адпраўляешся на экзатычны курорт з новай белацелаю жонкай, папярэдне кінуўшы старую счаўрэлую і забяспечыўшы грашова яе і дзяцей. Вось сутнасць і стымул абагачэння.
 
Яшчэ раз адзначым, што з пункту гледжання матэрыяльнага развіцця чалавецтва мараль ніякім бокам не сцелецца, таму мы не ўпаўнаважаны даваць маральных ацэнак ніякім сацыяльным варункам. А проста абагульняем, вылучаючы асноўныя законы матэрыяльна-псіхалагічнага суіснавання ў супольнасцях.
 
Сучасны еўрапейскі і паўночнаамерыканскі чалавек настолькі павязаны, спутаны па руках і нагах сістэмай сацыяльных адносінаў, разнастайных абавязкаў і псіхалагічных залежнасцяў, што практычна губляе сваю асобу, становіцца аўтаматам. Прасачыце звычайны дзень трыццацігадовага сямейнага чалавека, што робіць кар’еру. Дзень загружае яго з пад’ёму і да адбою: паспешлівы сняданак, адводка-адвозка дзяцей у школу ці сад, прабіванне скрозь аўтамабільныя патокі да працы, трыванне самадурства начальніка, нервовыя званкі пасля абеду дамоў (як там дзеці?), імклівыя язвастваральныя перакусы, імчанне на аўто дадому, каб забраць дзяцей і везці ў шматстайныя секцыі; познім вечарам праверка ўрокаў, апошняя цыгарэта... нават у ложку чалавек не бывае адзін, а абавязаны перад сном жонцы ці мужу адпраўленнем інтымнай патрэбы. Дый сам сон часта – кашмарны. Абуджэнне гарантуе новае раскручванне ў шалёным коле жыцця.
 
Такога стрэсу многія не вытрымліваюць. І ніхто не дзівіцца цяпер, што бацька, які страціў прэстыжную працу, кідаецца з балкона долу – бо ведае, цяперашнім жонкам не патрэбныя няўдачнікі, а дзецям – такія бацькі. І не здзіўляешся, калі нібыта паспяховы кіраўнік драмтэатра ці выдавецкага канцэрна аказваецца на паверку запойным п’яніцам – бо толькі так, беспрабудна запіўшы на тыдзень, ён можа расслабіцца і пабыць самім сабой, стаць адносна вольным ад цянётаў грамадска-сямейных варункаў, паразважаць над жыццём-быццём.
 
Ох, нездарма чалавецтва прыдумала алкаголь. Жывёлам ён зусім не патрэбны, іхні мозг не перагарае ад стрэсу. І шматлікім змагарам з алкагольнай залежнасцю карысна падумаць, што б сталася з чалавецтвам, не май магчымасць асобныя "перагарэлыя” індывіды тапіць свае нездавальненні ў віне. Войнаў, злачынстваў і ўсялякіх жудлівасцяў, відаць, не паменшала б.
Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (27.12.2009)
Просмотров: 957 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024