Сайт Міхася Южыка Четверг, 18.04.2024, 21:09
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог файлов | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои файлы [79]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Файлы » Мои файлы

Марыянеткі і лялькаводы
[ Скачать с сервера (1.01 Mb) ] 26.12.2009, 17:10
раман
 
"Яшчэ трохі, і свет ужо не пабачыць Мяне;
а вы пабачыце Мяне,
бо Я жыву, і вы будзеце жыць”
(Іаана 14 : 19).
 
1
 
— Не! Ну гэта ж няможна болей цярпець! — ускрыкнуў галоўны рэжысёр, ён жа дырэктар драмтэатра "Кіцеж” Аркадзь Бабаеўскі. — Я спыняю! Чуеце, я спыняю гэты агідны фарс! Перапынак!
 
Ён ускочыў са свайго крэсла, павярнуўся да акцёраў спінай і жвава рушыў да выхаду з залы. Але раптам, нібы падстрэлены, спыніўся, павярнуўся да сцэны і кінуў:
 
— Пугач, чакаю вас праз пяць хвілін у сваім кабінеце. — І пайшоў, ужо не азіраючыся.
 
Акцёры пачалі гаманліва разыходзіцца па грымёрных, а памянёны Пугач, малады чалавек гадоў трыццаці ў вопратцы старасвецкага лёкая, панурыўшы голаў, паплёўся ў бок службовых памяшканняў.
 
Неўзабаве ў кабінеце галоўнага адбыўся наступны дыялог. — Скажыце, Пугач, — гаварыў чырванатвары таўстун Бабаеўскі, разваліўшыся ў мяккім крэсле. — Скажыце па праўдзе… Вам што, надакучыла ў мяне працаваць? — І з непрыхаванай нелюбоўю ўтаропіўся на свайго падначаленага.
 
Тут варта зрабіць некаторыя паясненні. З усёй трупы толькі да Сяргея Пугача звяртаўся Аркадзь Рыгоравіч на "вы”. Гэты афіцыйны зварот як бы трымаў яго на належнай дыстанцыі ад нялюбага акцёра, ганарлівы характар якога раздражняў Бабаеўскага з першых жа дзён іх супрацоўніцтва. Калісьці, гады тры таму, галоўны на рэпетыцыі моцна накрычаў на Пугача, аблаяў, і той прылюдна асадзіў яго, папрасіўшы выбіраць словы і называць яго на "вы”. З тае пары Бабаеўскі, які быў запанібрата амаль з усімі акцёрамі, знарочыста, напаказ звяртаўся да хлопца на "вы” і пры гэтым зрабіўся непамерна патрабавальным і прыдзірлівым да Сяргеевых службовых абавязкаў. Пугач стаў іграць у яго малазначныя, непрэстыжныя і нават абразлівыя ролі.
 
Вось і зараз смешна выглядала гэтая пара: мажны самаўпэўнены Бабаеўскі ў крэсле і нехлямяжы ў мудрагелістай старадаўняй вопратцы, хударлявы, быццам недакормлены Пугач. Праўда, зазначым, што да роляў другога-трэцяга плана Сяргей дайшоў збольшага па сваёй віне, з’явіўшыся колькі разоў на рэпетыцыі п’яным, а аднойчы сарваў і спектакль. Пасля гэтага здарэння тры месяцы ён знаходзіўся па-за штатам, а затым быў пастаўлены Бабаеўскім на ролю маўклівага слугі Івана. Гібеў ён на такіх іванах і па сённяшні дзень.
 
Пугач ужо з год прыкладаў каласальныя намаганні, каб знайсці сабе месца ў іншым тэатры, бо разумеў, што жыцця яму тут не будзе. Але ў сталічныя трупы было не прапіхнуцца, у правінцыю ж з’язджаць не хацелася. Ён са студэнцкіх гадоў быў напалоханы апавяданнямі рускіх класікаў аб нядолі правінцыйных акцёраў. Аднак надзеі не губляў, не спыняў пошукаў месца пад сонцам, а пакуль мусіў трываць здзекі Бабаеўскага, якога цярпець ненавідзеў.
 
— Дык я слухаю вас, — з’едліва пазіраў знізу ўверх Аркадзь Рыгоравіч на чалавека ў лёкайскай вопратцы. — Чаму вы не жадаеце выконваць вашыя службовыя абавязкі?
 
— Чаму… жадаю… — прабурчаў спадылба Сяргей, цярэбячы фалды каптана.
 
— Слухайце, Пугач, — раздражнёна зморшчыўся рэжысёр, — вы нармальны чалавек, ці не?
 
— А што такое? — насупіўся падначалены.
 
— А тое "такое”, што я вас звольню да дзёўбанай маці, калі яшчэ хоць раз палезеце за рамкі дадзенай вам ролі! Якога ражна вы ў трэцяй дзеі шпацыравалі на заднім плане з разумным тварам, а пасля ўселіся на крэсла і пастуквалі абцасамі?!
 
Акцёр прамаўчаў.
 
— Ці не вам заўчора было сказана стаяць слупам…. Чуеце, слу-пам на заднім плане і не торгацца, не парушаць цішыню, бо ў гэты момант доўжыцца паўза ў ключавым маналогу галоўнай гераіні. — (Галоўную гераіню іграла трыццацігадовая Танька Зарэмба, сужыцелька Бабаеўскага.)
 
— Дык навошта ж чалавек на заднім плане, калі ён стаіць слупам?
 
— Маў-чаць! — гаркнуў галоўны, прыўскочыўшы з крэсла. — Не разважаць! — Ён скамячыў на стале нейкую паперыну і злосна вытарашчыўся на Пугача.
 
Той дзёрзка (так здалося рэжысёру) паглядзеў на начальніка.
 
— Работа артыста — таксама творчасць… — заўважыў ён.
 
Пасля гэтых слоў Бабаеўскі адчуў, што кроў хлынула ў галаву, і не на жарт спужаўся, што яго разаб’е паралюш. Нядаўна ўрач, яго добры знаёмец, з прычыны паўнакроўя папярэджваў яго аб наступствах. Канешне, Аркадзь Рыгоравіч ненавідзеў гэтага сугнея Пугача, але ж не на шкоду свайму бясцэннаму здароўю!
 
Ён неяк абмяк, апусціўся ў крэсла і асцярожна, каб не спарадзіць голасам павелічэнне ціску ў мазгавых сасудах, ціха і абыякава прамовіў:
 
— Ідзіце, Пугач… Гэта апошняе вам маё папярэджанне.
 
Сяргей, з ледзь улоўнай крывой усмешкай, павярнуўся і патупаў у сваім нехлямяжым каптане лёкая да выхаду. Нават са спіны ён здаваўся Бабаеўскаму занадта ганарлівым і непакорлівым.
 
"У, мардасіна! — зноў прачнуўся не дарэшты ўтаймаваны гнеў, але рэжысёр спахапіўся і пачаў сябе ўлагоджваць: — Спакойна, толькі спакойна…” — Ён прыклаў пальцы да соннай артэрыі і баязліва прыслухоўваўся да сардэчных тактаў, што пакрысе радзелі і прыходзілі да нормы.
 
Яшчэ не хапала яму траціць нервы на такія пусцяковіны! У свае пяцьдзесят год ён толькі і адчуў смак жыцця, калі нарэшце кінуў агорклую састарэлую жонку і сышоўся з маладой белацелай Таняй Зарэмбай. Таму здароўе цяпер вой як спатрэбіцца! Тым больш што сышоў з сям’і Аркадзь Рыгоравіч нядобра, са скандалам. І не ў жонцы тут справа: з гэтай псіхапаткай ён даўно, ужо гадоў дзесяць, як на нажах. А апошнія два гады дык хоць зусім дамоў не прыходзь — так замучыла дробязнымі прыдзіркамі, рэўнасцю. Як жанчына яна даўно яму нецікавая. А ён творчы чалавек, між іншым! Яму патрэбны імпэт, бадзёрасць, страсць, калі ўжо на тое пайшло. А іначай які ён да халеры рэжысёр! І вось тут падвярнулася Зарэмба са сваім пышным бюстам… У-ух! Прайшоў год іхняй сувязі, а пры адной згадцы пра гэтую частку цела вар’яцее ён, пяцідзесяцігадовы галава сямейства, нібы юнак у пару палавога выспявання. Канешне, здраджваў ён жонцы і раней, здраджваў заўсёды. Не тое каб вельмі часта, але былі такія перыяды жыцця, уласцівыя кожнай творчай асобе, калі ну нішто не вяселіць, не вабіць, усё астабрыдла. Гэты настрой, гэты назапашаны стрэс рэжысёра, а затым і кіраўніка тэатра ён здымаў не рыбалкай і не гарэлкай — жанчынамі. Балазе ахвочых хапала, толькі дай знак! Але рабіў гэта Аркадзь Рыгоравіч без усякіх прыкмет кахання, любові, паважаючы толькі цялесны аспект. Таму жанчын (пераважна актрыс) выбіраў маладых, гарачых, пачуццёвых да бессаромнасці. З імі лёгка было сыходзіцца, лёгка развітвацца, лёгка сыходзіцца зноў. Дый не патрабавалі яны нічога, апроч гэтай ліхаманкавай валтузні ў яго кабінеце — у няўрочныя часы, а тое і ў перапынках рэпетыцый, перад спектаклямі. Дзеля жыццёвага тонусу. Каб спорылася праца ды не пакідала творчае натхненне. Такую псіхалагічную ўстаноўку, такое апраўданне сваім любоўным прыгодам шмат гадоў даваў сабе Бабаеўскі і таму пазбег ён згрызот сумлення і ў вочы жонцы і дзецям глядзеў адкрыта і шчыра. Дзяцей ён любіў, жонку цярпеў і разлічваў гэтак прычакаць паважаную, добрапрыстойную старасць.
 
І трэба ж было такому надарыцца, што ў пяцьдзесят гадоў з’ехаў ён з глузду настолькі, што, пакінуўшы чатырохпакаёвую ўтульную кватэру і двух сыноў-студэнтаў, перасяліўся да трыццацігадовай актрысачкі ў варты жалю аднапакаёвы катух. Пакахаў, стары чорт! Пакахаў напраўду, страсна, раўніва, учэпіста.
 
А пачыналася ўсё з таго ж банальнага цела! З таго ж бюста, з тых жа ручак і ножак! Утрэскаўся, уляпаўся, угруз па самую макаўку… Старэеш, старэеш ты, брат Бабаеўскі. Сантыментаў хочацца табе, дружа, ласкі, ціхіх сямейных вечароў з каханым чалавекам, паэтычнага інтыму… Не задавальняюць ужо цябе гэтае хапатлівае лажанне пад спадніцы, паспешлівае зрыванне адзежын, гэтае звярынае навальванне ўсім сваім грузам на мініяцюрных Анжэл, на крутабёдрых Наташак. Хочацца, каб і па галоўцы нехта пагладзіў, і згатаваў нешта смачненькае, і гальштук паправіў перад работай, і… Карацей, усяго таго хочацца, чаго ўжо даўно-даўно не дадае яму законная жонка.
 
Так што нічога не заставалася Бабаеўскаму, як сысці з дому і сужыцельстваваць са сваёй падначаленай. Хлопцы падраслі, разважаў ён год таму назад, на ногі пастаўлены, у інстытуты ўладкаваны, дый грашыма ён іх не пакрыўдзіць… Але выйшла неспадзяванка: праклялі яго сыны, адракліся ад роднага бацькі; ды яшчэ і ў прэсу гэты скандал прасачыўся. Тады, у эйфарыі свайго любоўнага захаплення, не надта бедаваў з тае прычыны Аркадзь Рыгоравіч. "Свінюкі няўдзячныя! Ну і хрэн з імі! — адмахваўся ён тады ад гэтай праблемы. — Чакай, папросяць яны ў мяне грошай”. Але не толькі грошай не папрасілі няўдзячныя нашчадкі, а і знаць яго не хацелі і за год не пазванілі ні разу. І Рыгоравіч ім не званіў — не дазваляў гонар. Тым больш што дайшла да яго пагудка, нібыта распаўсюджваюць пра яго сыны па горадзе розныя мярзотныя плёткі, так узненавідзелі роднага бацьку.
 
І вось, праз год пасля разрыву з сямействам, затрывожыўся апальны яго галава, не на жарт задумаўся пра сваю будучыню. Міжволі паўставалі непажаданыя, вярэдлівыя пытанні перад пяцідзесяцігадовым Аркадзем Рыгоравічам. Нішто не вечнае пад гэтым небам і калісьці (а магчыма, і нядоўга чакаць) састарыцца ён, Бабаеўскі, зблажэе. Страціць ён пасаду і дырэктара драмтэатра, і рэжысёра. Выпруць яго адтуль маладыя і дужыя. І ўжо як само сабой зразумелае ўяўлялася яму страшная перспектыва расстання з маладой і прыгожай Таццянай. Бо будзе ёй у яго шэсцьдзесят гадоў усяго толькі сорак… На які хрэн ёй нямоглы пенсіянер?
 
Гэтая дваццацігадовая розніца паміж імі найбольш прыгнятала Аркадзя Рыгоравіча. Каму, як не яму, ведаць, на чым грунтуюцца цесныя ўзаемаадносіны паміж мужыком і жанчынай. А тут, як на бяду, ужо ў пяцьдзесят гадоў — недаравальна рана! — пачалося рэзкае аслабленне яго мужчынскай фізіялогіі. А пару разоў дык і наогул выходзілі канфузы. Даводзілася блытана апраўдвацца стомленасцю, недамаганнем. Гэта яму, Бабаеўскаму, пра "геройствы” якога ў кулуарах тэатра ходзяць легенды!
 
І занепакоіўся з гэтай прычыны Аркадзь Рыгоравіч, запанікаваў, па дактарах кінуўся. Цяперака хапае розных прыватных сексолагаў. Супакоіў адзін, прапісаў таблетак дарагіх замежных, параіў не ператамляцца, не нервавацца, знізіць крывяны ціск… Знізіць ціск! Ды дзе ж ты яго панізіш, пракляты, калі такія, як Пугач, яго падвышаюць і падвышаюць. Тут або звальняйся, або памірай стоячы. І няма куды адступаць, у старую сям’ю не прымуць. З жахам, усё часцей і часцей, трызнілася Бабаеўскаму яго недалёкая, нямоглая і плаксівая, старасць. Напорыста рысавала жвавае ўяўленне рэжысёра брудны пакой і высахлага неахайнага дзеда, што сядзіць ля акна, бязмэтна ўтаропіўшы ашклянелыя вочы на вуліцу. А тое паўставаў перад унутраным вокам інвалідны дом на Дражні (Рыгоравіч неяк ладзіў там для інвалідаў і састарэлых дабрачынны спектакль). Гэтыя прапахлыя мачой, медыкаментамі і маннай кашай калідоры, гэтая казённая мэбля, гэтая жывая магіла… Гэх, доля яго гаротніцкая. Кіне, абавязкова кіне яго красуня Зарэмба, сыдзецца з нейкім плячыстым кабялём, або знойдзе сабе новага рэжысёра-сужыцеля. І паняволі апаноўвала стоеная злосць на Таццяну за яе маладосць, за яе бессаромна прыгожае цела, за тое, што жыве яна з Бабаеўскім дзеля кар’еры. І гэтак, і гэтак далей…
 
Але нічога, ён яшчэ пазмагаецца! Толькі трэба сябе берагчы, толькі прыняць таблетак…
 
Зладзеявата азірнуўшыся, Бабаеўскі наліў з графіна шклянку вады, затым вывудзіў з верхняй шуфляды стала сіні пачак, дастаў з яго ружовую капсулу, паклаў у рот і пракаўтнуў, запіўшы вадою. Пачак тут жа схаваў у шуфляду і замкнуў на два абароты ключа.
 
Гэта быў нейкі мудрагелісты прэпарат па амаладжэнні арганізма і павелічэнні палавой актыўнасці. Паводле слоў доктара, гэтыя капсулы робяць з мужчыны тыгра. Прымаў іх Бабаеўскі пяты дзень, але з трывогай зазначаў, што не стаў ён не толькі тыграм, але і простым шэрым ваўком не зрабіўся. Супакойваў сябе тым, што прайшоў малы тэрмін ад пачатку прыёму, што лякарствы, нават самыя дзейсныя, не могуць даваць імгненнага эфекту. Але патаемная трывога, боязь стацца нікчэмным і быць адпрэчаным, трывала сядзела ў свядомасці і апошні месяц літаральна атручвала яго жыццё... (...)
(поўны тэкст рамана загружаецца па спасылцы ўверсе)
Категория: Мои файлы | Добавил: NORAD
Просмотров: 702 | Загрузок: 694 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024