Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 13:04
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог файлов | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои файлы [79]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Файлы » Мои файлы

Крытыка на лаве падсудных
[ Скачать с сервера (173.5 Kb) ] 25.12.2009, 21:25
«Гісторыя мастацтваў і літаратуры паказвае
на кожным кроку, што найвышэйшыя творы
чалавечага духу спачатку падвяргаюцца апале
і знаходзяцца ў ёй, пакуль не з’явяцца людзі
вышэйшага розуму, на каго гэтыя тварэнні разлічаны,
якія адкрыюць іх каштоўнасць, што пад эгідай іх імёнаў
трывала зацвярджаецца назаўсёды».
                                              Артур Шапэнгаўэр
 
1 (Агульнае і канкрэтнае)
 
Неяк наш паважаны крытык Ганна Кісліцына прамовіла на радыё «Свабода», разбіраючы сучасны літаратурны працэс: «Мы маем права і павінны хоць час ад часу судзіць адзін аднаго па гамбургскім рахунку, іначай патонем у хлусні». Вось такім літаратурным судом я і планую заняцца ў гэтым артыкуле. Мала таго, зраблю ход канём і замест звыклага прэпарыравання твораў празаікаў ды паэтаў разбяру нашых крытыкаў. Балазе ўвагі ім апошнія гады нестае. Тут нават бачыцца несправядлівасць. Людзі стараюцца, пішуць, друкуюцца ў перыёдыцы і зрэдку выдаюць кнігі, а ацэнкі сваёй руплівай працы дачакацца не могуць. Бо няма ад каго. Уся рэакцыя на іх творчасць, як правіла, заключаецца або ў падзяках ад аўтараў (калі артыкул станоўчы), або ў іхніх гнеўных самалюбных фырканнях (калі артыкул адмоўны).
 
Аналізаваць сучасную літаратурную крытыку вельмі складана. Калі мне прапанавалі гэта зрабіць, то я, ацаніўшы маштабы задачы, жахнуўся. Уявіце, каб вам сказалі: напішы пра ўсю сучасную прозу. Гэта б мінімум азначала – прачытаць усё, што апублікавана ў нас за апошнія некалькі гадоў. Пагадзіцеся, задача для аднаго чалавека не надта пасільная, бо крытычных артыкулаў друкуецца не нашмат менш, чым мастацкай прозы. А што аб’ёмам яны трохі меншыя – невялікае суцяшэнне.
 
Узяцца за такую працу пабудзілі мяне даўнія рахункі з нашым крытычным цэхам. Бо не сакрэт, што амаль кожны паэт ці празаік мае з крытыкамі напружаныя дачыненні. Або зусім пра яго, бедака, не пішуць, або пішуць не так, як хацелася б, то бок не знаходзяць у аўтару зразумелай толькі яму аднаму глыбіні. Ну і, вядома, зусім не любіць творца сваіх крытыкаў, калі яны яго распякаюць ды прыніжаюць.
 
Літаратары – людзі амбітныя, таму што, паводле крытыка Аксаны Бязлепкінай, «неамбітныя пішуць у стол, і мы не ведаем, што яны таксама пісьменнікі».
 
Дарэчы, чаму б не пачаць з самой спадарыні Бязлепкінай, асобы ў крытычным войску прыкметнай. Яна, між іншым, адзін з нешматлікіх літаратуразнаўцаў, хто выдаў за апошнія гады ўласную кнігу (крытычны разбор суполкі «Тутэйшыя» – тэма кідкая).
 
Аксана Бязлепкіна, як відаць з яе артыкулаў, жанчына сур’ёзная. Жартаў з літаратурай не любіць, а таму часам адвешвае аўтарам з усяго маху. У сваім артыкуле «Амбітная літаратура» (часопіс «Arche») яна, напрыклад, убачыла наскрозь славалюбства беларускіх літаратараў і няшчырасць крытыкаў: «У часы панавання СМІ літаратурны працэс мае ўсе магчымасці для ўцягвання ў сябе чытачоў і нечытачоў (нават насуперак іх жаданню), і таму паспяховы піяршчык сам ёсць крыніцай інфармацыі пра сябе: можа самавольна і беспакарана запісацца ў секс-сімвалы тысячагоддзя ці найвыбітнейшыя беларускія пісьменнікі. (...) Гэтае «самагенераванне» звестак – наша даўняя традыцыя: досыць часта самае важнае слова пра твор і ўдзел аўтара ў літаратурным працэсе кажуць не крытыкі, а самі аўтары».
 
Далей спадарыня Бязлепкіна дае рэцэпты, як аўтару быць заўважаным. Хаця не, хутчэй не дае, а канстатуе і пералічвае, бо, маўляў, нашы аўтары і самі не зломкі і вучыць іх самараскрутцы зусім не трэба.
 
Тут крытык становіцца ў вядомую апазіцыю аўтарам: колькі вы ні высільвайцеся, а вашу заганную амбітную прыроду я ведаю; таму і на вас, і на творы вашы буду глядзець у гэтым скептычным ракурсе. Бяда толькі ў тым, што аўтары, якіх Бязлепкіна бачыць наскрозь, ніяк не могуць дачакацца ад яе, сапраўды высокаадукаванай і таленавітай, таленавітых жа незаангажаваных рэцэнзій на свае творы. Піша Бязлепкіна надзвычай рэдка, а калі паяўляецца ў друку, то пераважна з дэструктыўнымі думкамі і агорклым беларускім песімізмам – кшталту: нічога не зменіш, ну дык не варта і намагацца. Заўважаў я ў друку і яе рэцэнзіі на звышамбітных асобаў, злосных самапіяршчыкаў, якія і без рэцэнзій Аксаны Бязлепкінай не прападуць, мякка кажучы.
 
Трэба, спадары, не бяссільна разводзіць рукамі, а нешта рабіць. Прытым як мага часцей і як мага якасней. А што Аксана Бязлепкіна гэта можа – сумненняў няма, дый некаторыя яе артыкулы (прыкладам, «Пентхаўз для Сыса», «Дакторка Югася») гэта засведчылі.
 
У мяне склалася глыбока суб’ектыўнае ўражанне, што спадарыня Бязлепкіна, паспрабаваўшы сябе напачатку ў прозе і расчараваўшыся ў чытачах, пакрыўдзілася і спешна зарыла свой талент у зямлю. Засяродзілася на крытыцы – і там не спраўдзіліся яе запаветныя ідэалы: занадта ўжо амбітныя і гарлапаністыя гэтыя аўтары. А таму і крытыку Аксана піша як быццам нехаця, пад настрой, без веры ў тое, што можа хоць трохі выправіць літаратурную сітуацыю. А верай, як вядома, горы зрушваюцца.
 
Я разумею, што цяжка працаваць, калі няма водгукаў на твае намаганні. На грунтоўны і карысны ва ўсіх адносінах артыкул Бязлепкінай: «Беларускі дэтэктыў: спецыфіка жанру», што пяць гадоў вісіць на сайце litara.net, не напісана ніводнага каментара, нават ад ананімаў. А вось на бессэнсоўныя «пацешкі», якія Бязлепкіна змяшчае на сваім livejournal, часам бывае да сотні каментарыяў.
 
2 (Без адвакатаў)
 
Далей мы пройдземся па крытычных матэрыялах, што змяшчаліся ў беларускіх літаратурных выданнях за апошнія пару гадоў, уключаючы перадачу «Дом літаратара» на радыё «Свабода». Аднак, забягаючы наперад, скажу, што знаёмства з літаратурнай крытыкай нашых выданняў мяне азадачыла. Справа ў тым, што абсалютная большасць матэрыялаў, што стаяць пад гордай рубрыкай «Крытыка», насамрэч такімі не з’яўляюцца. Часцей гэта літаратуразнаўчыя і культуралагічныя доследы, а не крытычны аналіз. Таму варта прыпыніцца і вызначыць, што з’яўляецца літаратурнай крытыкай. Па маім упартым перакананні, крытык гэтак сама адрозніваецца ад літаратуразнаўцы, як генерал ад губернатара. Літаратуразнаўства справа збольшага мірная. Яна нічога, як правіла, не адкрывае, ні з чым усур’ёз не спрачаецца і тым больш не ваюе. Месца ж крытыка – заўсёды на фронце мастацтва. Ён заваёўвае тэрыторыю ў выглядзе імёнаў і твораў, або адваёўвае, зрынаючы з шматгадовых пазіцый закасцянелыя, застарэлыя і выпадковыя творы. А ўжо пасля крытыкаў на гэтую захопленую тэрыторыю накіроўваюцца плоймы літаратуразнаўцаў, культуролагаў, філосафаў літаратуры і іншых даследчыкаў, якія пачынаюць, вобразна кажучы, адбудоўваць мірнае жыццё, узводзіць дамы і палацы. Літаратуразнаўцу зусім не трэба мець бездакорны мастацкі густ і чуццё на шэдэўры. За яго гэта зробяць выбітныя крытыкі.
 
Менавіта крытыкі з бездакорным густам і метафізічным чуццём, кшталту Бялінскага, і робяць надвор’е ў літаратурным працэсе, вызначаюць накірункі яго развіцця на наступныя дзесяцігоддзі, намячаюць літаратурную іерархію, якая надалей толькі ўдакладняецца, не змяняючыся істотна. Азнаёміўшыся са зборам твораў Бялінскага, можна смела казаць, што без яго генію не было б вялікай рускай літаратуры. Усе адкрытыя ім імёны геніяў сталіся класікамі, усе прадугаданыя напрамкі літаратурнага развіцця спраўдзіліся, усе зрынутыя модныя пісакі засталіся ляжаць у сваёй яме нябыту. Гэта той выпадак, калі адзін чалавек можа зрабіць больш, чым дзесяць інстытутаў літаратуразнаўства накшталт нашага коласаўска-купалаўскага. Але ж волаты-крытыкі нараджаюцца не па нашым хаценні, і пакуль спраўдзіцца гэты факт, трэба нешта рабіць простым смяротным. Ды бяда ў тым, што без чуцця на шэдэўры не можа быць не толькі геніяльнага, а нават колькі-небудзь прыстойнага крытыка. Мой шматгадовы аналіз паказвае, што ўласна літаратурных крытыкаў, тых, хто адкрывае новыя выбітныя імёны беларускай літаратуры, а не карыстаецца зададзеным рэчаіснасцю планам, – гэтых неацэнных людзей у нас не проста адзінкі, а іх можна пералічыць па пальцах адной рукі. Не, амаль усе беларускія крытыкі таксама адкрываюць імёны і носяцца з імі як з пісанай торбай. Вось толькі імёны гэтыя такія, што лепей бы яны іх не агучвалі, бо творчасць гэтых людзей уласна з мастацтвам не мае нічога агульнага.
 
А што такое мастацтва, спытае чытач. Пытанне настолькі складанае, што Леў Талстой, каб адказаць на яго, напісаў артыкул ледзь не на дзвесце старонак і пакінуў некаторыя аспекты адкрытымі. Артыкул так і называўся – «Што такое мастацтва?». Але да ісціны Талстой такі падступіўся і вызначыў мастацтва як спосаб заражаць пачуццямі чытачоў-гледачоў-слухачоў. Прычым пачуцці гэтыя, паводле Талстога, павінны быць высокімі, інакш эфекту заразлівасці не адбудзецца. Тут буйны філосаф, на маю думку, істотна памыліўся, таму што, як выдатна дэманструе цяперашняе тэлебачанне, заражаць абывацеля можна абсалютна любымі пачуццямі. Больш за тое, чым брыдчэйшыя гэтыя пачуцці, тым болей яны ўспрымаюцца на ўра.
 
Удакладняючы вызначэнне Талстога, я б ахарактарызаваў мастацтва так. Гэта здольнасць мастака перажываць тонкія, а дакладней, метафізічныя пачуцці і арыгінальнымі мастацкімі сродкамі дасягаць эфекту заразлівасці, то бок перадаваць гэтыя пачуцці чытачу-слухачу-гледачу. Пад метафізічнымі пачуццямі маецца на ўвазе сузіранне мастаком свету боскага і пякельнага. А калі абстрагавацца ад рэлігіі, на якую ў секулярызаванага грамадства алергія, то метафізічныя ідэі – гэта тое, што знаходзіцца па-за межамі зямнога жыцця, кіруе ім, але праяўляецца толькі ўскосна праз бачныя падзеі і вобразы.
 
Адсюль выснова: няма ў творах перададзеных выбітнымі мастацкімі сродкамі метафізічных ідэй – няма і мастацтва. Таму колькі б мастак ні накручваў у сваім творы карункаў, колькі б ні шліфаваў стыль, за якія б модныя ці новыя тэмы ні браўся – без высокай, метафізічнай ідэі яго твор будзе цялёпканнем на плоскай паверхні возера. У вышыню плыўцы, яго героі ці вобразы, ніколі не падымуцца.
 
Такое працяглае адступленне я зрабіў у сілу яго неабходнасці для разгляду творчасці літаратурных крытыкаў, большасць якіх, паўтаруся, ніякіх новых імёнаў не адкрываюць. Тыя ж крытыкі, што агучваюць новыя імёны, у абсалютнай большасці знаходзяцца ў змане – бо акрытыя імі творцы, па сутнасці, не вырабляюць мастацкіх твораў. Таму такія крытыкі займаюцца будаўніцтвам не сапраўдных, а фальшывых літаратурных структур. Фальшывая іерархія можа адно тармазіць развіццё літаратуры, часам на дзесяцігоддзі. Сапраўдная ж робіць у перспектыве літаратуру вялікай, стварае ўмовы для нараджэння літаратурных геніяў.
 
Аднак складанасць у тым, што сапраўдную ці фальшывую літаратурную іерархію можа зацвердзіць ці аспрэчыць адзін беспамылковы суддзя – час. Крытык жа можа спадзявацца толькі на сваё прыроднае чуццё. А зусім бездакорным яно бывае адно ў геніяльнага крытыка. Беларуская літаратура пакуль што такога чалавека не зазнала, а таму знаходзіцца ў чаканні, даволі, дарэчы, пакутлівым. Фальшывая літаратурная іерархія, збудаваная за савецкім часам, зрабіла сваю чорную справу: беларуская літаратура безнадзейна адстала не толькі ад рэальнасці, але і ад літаратур суседніх, памежных краін, не кажучы пра заходнееўрапейскую.
 
Для стварэння сапраўднай літаратурнай іерархіі крытыкі павінны працаваць у атмасферы незаангажаванасці, чаго дасягнуць у беларускамоўнай рэчаіснасці вельмі складана. Надта вузкае кола тых, хто размаўляе і піша па-беларуску. Літаратары пераплецены сяброўскімі, карпаратыўнымі, сямейнымі сувязямі. Крытыкаў пастаянна просяць, купляюць, ціснуць і застрашваюць. Ідэальны беларускі крытык-эксперт – гэта чалавек, што жыве ў далёкім замежжы і таму не абцяжараны чалавечымі стасункамі. Тэксты і малюнкі вокладак яму дасылаюць па Інтэрнэце, такім жа чынам ён высылае свае непрадузятыя рэцэнзіі. Ганарары атрымлівае электроннымі пераводамі... Пагадзіцеся, карціна настолькі ж прывабная, як і нерэальная. Бо адчуць літпрацэс напоўніцу можна, адно варачыся ў яго нездаровым саку, няспынна бегаючы па рэдакцыях і тусоўках. Да таго ж нават ідэальны крытык сутыкнецца з тым, што яму будуць усё-ткі навязваць думку рэдакцыі. То бок той, хто заказвае артыкул, пажадае атрымаць на выхадзе прыдатны, а значыць, блізкі духу рэдакцыі прадукт. Галоўны рэдактар не захоча адмоўную рэцэнзію на твор, які сам жа і друкаваў. Не стане ён хваліць у сваім выданні і творы пісьменніка, якога не любіць па розных прычынах і творчасцю якога не захапляецца. Таму што людзі, спадар чытач, аднолькавыя ва ўсе часы і кіруюцца ўласнымі страсцямі і ўласнай выгадай. Ці выгадай свайго выдання – без розніцы. Кажу не галаслоўна, бо нядаўна атрымаў прапанову пісаць літаратурныя рэцэнзіі для аднаго з нашых найвыбітнейшых, прагрэсіўных выданняў. Вось толькі хутка высветлілася, што мая пазіцыя мусіць абсалютна супадаць з думкай пра твор галоўрэда. Карацей, супрацоўніцтва не атрымалася, бо я сваё пяро нікому не прадаю.
 
Аднак, пытанне сур’ёзнае, і далейшы аналіз літаратурнай крытыкі беларускіх выданняў гэта пакажа. Пакуль жа цытую А.Шапэнгаўэра: «Майстэрства заціраць заслугі шляхам замоўчвання і ігнаравання, з мэтай скрыць усё добрае ад грамадства, – практыкавалася нягоднікамі часоў Сянэкі не горш як цяперашнімі; і тым, і другім аднолькава затуляла рот зайздрасць».
 
І яшчэ адзін момант, перш чым перайсці да літаратурных аглядальнікаў радыё «Свабода». З-за цеснаты ў беларускім белліце крытыкі, агульнавядома, стараюцца нікога ўсу’рёз не чапляць. Помсцяць часцей ігнараваннем твораў канкрэтнага літаратара. Калі ж зрэдчас даюць нялюбаму пісьменніку прыкурыць, то нагадваюць гарэзлівага школьніка, які звоніць у дзверы пятага паверха, дзе жыве злы дзядзька, і стрымгалоў кідаецца ўніз, пакуль той яго не нагнаў. Злыя дзядзькі – гэта пакрыўджаныя беларускамоўныя аўтары.
 
Вось вам прыклад з кнігі Альгерда Бахарэвіча «Ніякай літасці Валянціне Г.». Там, у ліставанні з Юрасём Барысевічам, ёсць адметны і характэрны фрагмент.
 
«Ганна Кісліцына назвала ў "Дзеяслове” твае тэксты "помессю Сарокіна і Шамякінка”», – кажа Барысевіч свайму суразмоўцу. На што Бахарэвіч рэагуе рашуча: «Лепшы адказ на такую крытыку – пагардлівае маўчанне. Аднак выкажуся. Мне здаецца, варыянтаў тут для абазнанага ў літаратуры чалавека можа ўзнікнуць два. Або Кісліцына не чытала ні Шамякіна, ні Сарокіна, або яна за жыццё толькі іх, небаракаў, і прачытала. У апошняе верыцца з цяжкасцю. Думаю, Кісліцына насамрэч не знаёмая ні з маімі тэкстамі, ні з тэкстамі іншых аўтараў, на якіх яна з паталагічным захапленнем вешае свае паспешліва змайстраваныя цэтлікі. Мае кнігі яна, відавочна, гартала, але ўмець перагортваць старонкі – замала, каб называць сябе крытыкам або літаратуразнаўцам».
 
3 (Радыё «Свабода»)
 
На гэтай камедыйнай ноце і пачнём знаёмства з творчасцю Ганны Кісліцынай у «Доме літаратара», дзе яна, разам з Міхасём Тычынам, Анатолем Сідарэвічам і Алай Сямёнавай рыхтуе крытычныя артыкулы для эфіру радыё «Свабода».
 
Склалася нязводнае ўражанне, што ў «Доме літаратара» крытыку самавыявіцца можна з такой жа свабодай, як чалавеку ў каналізацыйнай трубе. Можна цесна варочацца па яе шырыні, рухацца наперад або адпаўзаць назад. Гэта я да таго, што там відавочна замаўляюцца не крытычныя артыкулы, а літаратуразнаўчыя рэкламныя ролікі на кнігі, што фінансуюцца з блізкіх «Свабодзе» грашовых крыніц, або на сталых і ўлюбёных гасцей гэтага радыё. Мяркуйце самі, кнігі якіх выдавецтваў зазвычай тут рэцэнзуюцца: «Кнігарня Наша Ніва» і «І.Логвінаў». А асобы, пра якіх тут пераважна гавораць, гэта: Хадановіч, Глобус, Арлоў, Разанаў, Сіўко, Маракоў, Танк, Кудравец, Коўтун, Быкаў, Гілевіч... Зразумела, што ніякіх крытычных заўваг па такіх кнігах і такім харызматычным асобам зроблена быць не можа. Ясна, што ніякіх адкрыццяў крытыка «Дома літаратара» тут не можа зрабіць апрыёры. Бо імёны, якіх я пералічыў, без дапамогі шаноўных крытыкаў, праз талент і сацыяльную гіперактыўнасць, або праз талент і савецкую сістэму (Быкаў, Гілевіч) даўно і ўстойліва распіярыліся.
 
Я не вінавачу вышэйпералічаных крытыкаў – гэта вельмі разумныя і збольшага дастойныя людзі. Але ва ўмовах несвабоды «Свабоды» нешта неардынарнае, смелае зрабіць надта цяжка. З іншага боку, я разумею і палітыку радыё, якое бярэцца раскручваць тыя кнігі, на якія дзяржава не дае ні капейкі, і якое мае законную любасць да кніг роднасных выдавецтваў і асобаў, блізкіх ідэйна. Усё гэта так. Але пры такім падыходзе адбываецца прафанацыя самой ідэі літаратуры, таму што творы прасоўваюцца па іерархічнай лесвіцы не за мастацкія вартасці, а за талент грамадскай камунікабельнасці.
 
Найбольш спрабуе быць аб’ектыўнай Ганна Кісліцына, крытык і літаратуразнаўца, што выклікае павагу досведам, выразнасцю думкі, гарачай верай у сваю справу. Кісліцына адна з нямногіх, хто яшчэ верыць у перспектыўнасць беларускай літаратуры. Гэта асабліва бачна па яе кнізе «Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы», пра якую мы пагаворым у асобным раздзеле.
 
Пакуль жа колькі слоў пра яе артыкулы на радыё «Свабода». Не толькі з вышэй прыведзеных прычын, але, мабыць, з агульнай мяккасці характару ўласна крытыкі ў артыкулах Кісліцынай не назіраецца. Усіх хваліць, усімі захапляецца, вышуквае ў творах такія мастацкія пласты і псіхалагічныя моманты, якія аўтары, па сваёй прастаце, туды і не думалі ўкладваць. Кісліцына яўна выглядае разумней, глыбей, танчэй і, зразумела, больш начытанай, чым людзі, пра якіх яна піша. А таму прыпісвае ім свае станоўчыя якасці і сваю творчую глыбіню. Гэта настолькі ж пахвальна, наколькі і шкодна для аўтараў, большасць якіх даўно і дарэмна ўзнялі свой нос да самых нябёс.
 
З тых артыкулаў Кісліцынай, што я чытаў у «Доме літаратара», яна спрабуе рабіць крытычныя заўвагі адно Анатолю Казлову (кніга «Юргон»). Дарэчы, ацаніце, шаноўны чытач: крытык піша на «Свабодзе» пра кнігу дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура»! Дзеля прадукцыі такога выдавецтва Кісліцына дапускае вольнасці, паколвае і шпіляе аўтара: «З першых жа словаў твора аўтар бярэ быка за рогі, а чытача за... Мяркуйце самі: "Юргона сурочылі! Ужо два тыдні, а ў яго анічагусенькі не варухнулася ніжэй пупка і вышэй калена”». Далей, праўда, ідуць заўвагі пераважна наконт маральнага вобліку герояў Казлова, або наконт абранай ім ідэі «юру і гону». Майстэрства ж пісьменніка тут сумненню не падвяргаецца.
 
Станоўча адзначу кароткія рэцэнзіі Кісліцынай па кнізе «Мільярд удараў» Юры Станкевіча (выдавецтва «Галіяфы») і па рамане Клімковіча і Сцяпана «Цень анёла» (часопіс «Маладосць»), дзе крытык трохі выходзіць за строга абмежаваныя ідэалагічныя рамкі радыё «Свабода», яе работадаўцы.
 
Другі штатны рэцэнзент «Дома літаратара», Анатоль Сідарэвіч, уражвае сваёй эрудыцыяй, роўна як і тэндэнцыйнасцю падбору матэрыялаў для сваіх выступленняў і прадказальнасцю крытычных ацэнак.
 
Калі Сідарэвіч аналізуе, напрыклад, збор твораў Максіма Танка ці зборнікі эміграцыйнай прозы, дзе трэба праявіць шырокую эрудыцыю і ўчэпістую памяць на факты, то ён знаходзіцца ў сваёй талерцы і выглядае вельмі пераканаўча. Такой уважлівасці да дэталяў можна адно пазайздросціць. Калі ж ён пачынае разбіраць мастацкасць тэкстаў, то бок займацца непасрэдна крытыкай, то збіваецца або на банальны пераказ фабулы твора і мала арыгінальныя філасофскія сентэнцыі (напрыклад, па аповесці А.Кудраўца «Развітанне»), або становіцца да камічнага прадузятым (напрыклад, разбор вершаванай старонкі тыднёвіка «ЛіМ»).
 
Вось як Сідарэвіч падагульняе свае развагі паводле аповесці Кудраўца: «Што б там ні пісаў філосаф, ніхто не ведае свайго прызначэння на зямлі, Боскай задумы пра кожнага з нас. Даецца ж на нешта і дзеля нечага нам жыццё...» Па мне, дык гэта нагадвае калыханку для начных слухачоў «Свабоды», каб яны супакоіліся, заснулі, а назаўтра прачнуліся разумнымі і харошымі.
 
З паэтамі ж «ЛіМа» Сідарэвіч абыходзіцца сурова, без цырымоній (рэцэнзія «На восьмай старонцы "Літаратуры і мастацтва”»). Адшукаўшы некалькі слабых вершаў у паэтычным раздзеле гэтага выдання, крытык, удосталь паздзекаваўшыся з недарэкаў-паэтаў, робіць гучную выснову: «Такое ўражанне, што аматары й графаманы атрымалі ў «ЛіМе» сталую прапіску. І думаецца, што я маю тлумачэнне гэтае з’явы. Людзі з кругаглядам і густам местачковых чыноўнікаў, якія на дэмакратычнай хвалі дарваліся да ўлады, навязваюць сваё бачанне мастацтва народу. Ідзе паслядоўная барацьба з элітарным, высокапрафесійным». На гэтым «крыку душы» мы прыпынімся і патлумачым, што ўвесь артыкул Сідарэвіча пра няздарных паэтаў быў задуманы акурат для гэтай высновы. Літаглядальнік «Свабоды», трэба прызнаць, тут сапраўды выступае ў ролі крытыка. Гэтаму ёсць усе прыкметы: сарказм, вастрыня, правакацыйнасць. Аднак ва ўсім трэба мець меру. Зразумела, што ідэалагічна няблізкі «ЛіМ» выклікае ў Сідарэвіча раздражненне. Але навошта абражаць усіх паэтаў агулам? Бо дасведчаны чалавек павінен разумець, што ў любым выданні трапляюцца прахадныя і слабыя вершы. Мала таго, у кожным выданні іх абсалютная большасць. Не ўсе нараджаюцца Багдановічамі і Разанавамі. Гэта закон прыроды такі, што сапраўдных талентаў вельмі мала, інакш чым бы іх адцяніць? У «ЛіМе» графаманскіх вершаў трапляецца не больш, чым у любым сэрцу Сідарэвіча «Дзеяслове», пра які ён піша ў «Доме літаратара» з аднастайным захапленнем. Я б мог зараз пералічыць і імёны гэтых слабых дзеяслоўскіх паэтаў, і нават прывесці фрагменты іх вершаў. Не буду гэтага рабіць толькі таму, што ведаю, як балюча паэту прачытаць сваё імя ў такім неганаровым спісе.
 
Вось і паэтам Алесем Чобатам (кніга «Край мой шчаслівы») Сідарэвіч захапляецца без усякай разумнай меры. Быццам бы там усё шэдэўральна і не падлягае крытычным заўвагам. Не трэба ж, у рэшце рэшт, рабіць з крытыкі балаган.
 
Трэці літаглядальнік «Дома літаратара» Ала Сямёнава зусім ужо не адпавядае рубрыцы «Крытыка», што папярэднічае яе артыкулам, бо займаецца звычайнымі літаратуразнаўчымі росшукамі па творах кананізаваных на «Свабодзе» асобаў. Літаратуразнаўца вымаўляе столькі пустапарожніх фраз, настолькі замілоўваецца Мінкіным, Арловым і Хадановічам, што самы раз прарвацца ў эфір балесным трывожным выгукам: «Давайце ж нарэшце пра літаратуру!» А то гэтыя пераказванні біяграфіі «апостала» беларускай літаратуры Уладзіміра Арлова парадкам ужо надакучылі. Хутка яго жыццяпіс будуць вывучаць у школах – такое прынамсі ўражанне пасля артыкула Сямёнавай па кнізе паэзіі Арлова «Паром праз Ла-Манш». Крытыку яўна няма чаго сказаць станоўчага пра вершы Арлова, дык яна пускаецца ў расповеды пра яго вандроўкі па свеце, пра кулінарныя і літаратурныя густы, да якіх нам, па вялікім рахунку, няма ніякае справы. Высокія эпітэты цалкам замяняюць у Сямёнавай крытычны аналіз. За яе пакручастымі захапленнямі кнігай «Бэрлібры» Андрэя Хадановіча я так і не зразумеў, як ні намагаўся, а што гэта ўласна за звер такі, тыя «бэрлібры».
 
У астатніх сваіх артыкулах літаглядальнік працягвае піярыць у тысячны раз Яўгенію Янішчыц, у соты – Валянціну Коўтун, у энны – Віктара Карамазава. Прычым пра апошняга мы даведваемся, што ён даўні знаёмец крытыка і меў дачыненні з ёй яшчэ па старазапаветным часопісе «Нёман».
 
Словам, амаль усе людзі, каго рэцэнзуе ў «Доме літаратара» Ала Сямёнава, – гэта яе даўнія і добрыя знаёмцы ці проста па-чалавечы вельмі прыемныя людзі. Таму ясна, што ні пра які незаангажаваны аналіз гаворкі тут не можа ісці. А гэта, як мінімум, сумна.
 
Глыбокія артыкулы чацвёртага крытыка «Дома літаратара» Міхася Тычыны пра постаці даўно вядомых літаратараў – таксама зусім не крытычныя, а літаратуразнаўчыя да мозгу костак. Борхес, Рыльке, Быкаў, Купрэеў, Карпюк – усё гэта людзі даўным-даўно ў літаратуры адкрытыя і дасканала прааналізаваныя, у тым ліку шматразова самім спадаром Тычынам. Адно артыкул па кнізе цікавага літаратара Арцёма Арашонка («Сэрн’ю: сэрн’ю») стаіць як бы асобкам. Зрэшты, тут літаратуразнаўца аналізуе хутчэй жанры, у якіх творыць Арашонак, чым творчасць самога пісьменніка, і ад якіх-небудзь ацэнак устрымліваецца. Бо раптам Арашонак папіша-павыдурваецца – і назусім сыдзе з літаратуры?.. Таму, каб размясціць гэтага літаратара на пэўнай іерархічнай прыступцы, нам, мусіць, трэба чакаць якога Леаніда Галубовіча.
 
Падрахоўваючы вандраванне па сайце «Свабоды» (а я паглыбіўся ў архіў «Дома літаратара» аж да студзеня 2007 г.), нялішне ў трэці і апошні раз працытаваць Шапэнгаўэра: «Паколькі ўвогуле людзі не маюць свайго меркавання і да таго ж пазбаўлены магчымасці цаніць вялікія творы, то ім даводзіцца слухацца голасу правадыроў, і ў 99 выпадках са ста – слава грунтуецца проста на даверы да чужога аўтарытэту. Таму ўхвала хоць бы ад агромністай большасці сучаснікаў цэніцца мысляром вельмі невысока, бо гэтыя воплескі – усяго толькі рэха нямногіх галасоў, прычым і гэтыя апошнія залежаць ад настрою хвіліны.» Таму спадзяюся, што слухач ці чытач выступленняў названых крытыкаў будзе хоць і прыслухвацца, і захапляцца, але высновы рабіць сваім шырым рэчывам.
 
4 («Arche»)
 
Канцэпцыя аддзела крытыкі часопіса «Arche» блізкая да «Дома літаратара» радыё «Свабода», як і да ўсіх астатніх незалежных выданняў рэспублікі («Наша Ніва», «Дзеяслоў», «Тэксты», «Калоссе») – тых, хто адлюстроўвае новую літаратурную сітуацыю, што запанавала пасля распаду СССР.
 
Трэба, прызнаць, што ў адлюстраванні гэтай новай літсітуацыі часопіс «Arche» зрабіў вельмі шмат. Пераважна дзякуючы таленавітым крытыкам і літаратуразнаўцам Данілу Жукоўскаму і Паўлу Абрамовічу. Яны з’яўляюцца штатнымі аглядальнікамі часопіса апошніх гадоў, а таму ўсё важнае, што прамоўлена «Arche» пра найноўшую літаратуру, сказана іхнімі галасамі. З аднаго боку, гэта добра, улічваючы не абы-якую дасведчанасць і талент названых спадароў. З другога боку, калі часопіс прэтэндуе хоць на якую-кольвечы аб’ектыўнасць ацэнак літпрацэсу, то не варта аддаваць усю крытыку двум чалавекам, якімі б выбітнымі майстрамі яны ні з’яўляліся.
 
На старонках «Arche», вядома ж, час ад часу змяшчаюцца і крытычныя артыкулы іншых аўтараў, але так рэдка, што канкурыраваць з Жукоўскім і Абрамовічам у іх не атрымліваецца апрыёры. А таму, паўтаруся, чытач гэтага часопіса знаходзіцца ў пэўным змане, прымаючы ацэнкі двух, дарэчы ідэйна вельмі падобных крытыкаў, за аб’ектыўныя.
 
Кнігі, што разглядаюцца на старонках «Arche», або маюць ідэалагічную заангажаванасць, або выпушчаны выдавецтвамі І.Логвінава, «Кнігарня Наша Ніва», «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода». У надзвычай рэдкіх выпадках аналізуюцца кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура» («Юргон» Анатоля Казлова, «Галоўная памылка Афанасія» Югасі Каляды).
 
Шырока рэкламуюцца на старонках «Arche» творы, што друкуюцца ў «Дзеяслове»; Павел Абрамовіч нават правёў грунтоўны параўнальны разгляд апавяданняў маладых пісьменніц Тэды Лі (Адэлі Дубавец) і Югасі Каляды, вызначыўшы асноўныя недахопы жаночай прозы ўвогуле.
 
Праводзяцца агляды часопісаў «Калоссе», «pARTisan» (артыкул Максіма Жбанкова), «Тэксты». Змяшчаюцца цікавыя дыскусіі наконт постмадэрнізму. Як майстар гарачых дыскусій звяртае на сябе ўвагу Сяргей Балахонаў, артыкулы якога ўяўляюць сабой выразны мастацкі твор – па багацці мовы і вобразнасці. Запомніўся яго артыкул «WC-літаратура альманаха "Тэксты”», дзе ў яскравай манеры паказваецца выкарыстанне «Тэкстамі» артыкула Д.Жукоўскага, які, на думку Балахонава, з уласна Данілам Жукоўскім, крытычным брэндам многіх выданняў, не мае нічога агульнага.
 
Увогуле палемічнасць – гэта адметная рыса часопіса «Arche», безумоўнага лідэра беларускай інтэлектуальнай літаратуры. Палемічнасць несумненна з’яўляецца стратэгіяй часопіса. Што бачна, да прыкладу, па супрацьлеглых рэцэнзіях Абрамовіча і Жукоўскага на кнігу Арлова «Імёны свабоды», надрукаваных побач.
 
Не цураецца «Arche» ў сваёй літаратурнай частцы і разбору кніг, якія самі па сабе разглядаюць і судзяць. Маю на ўвазе кнігу літаратуразнаўцы Кісліцынай «Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы».
 
Звяртае на сябе ўвагу артыкул Валянціна Акудовіча «Смерць – геніяльны сааўтар» пра кнігу «Лесвіца ў нябёсы з адной прыступкі» Андруся Белавокага, што загінуў зусім маладым. Гэта, канешне ж, не рэцэнзія ў звыклым яе разуменні, а да болю кранальнае эсэ пра жыццё і смерць.
 
Важна адзначыць, што штатныя літаглядальнікі «Arche» Жукоўскі і Абрамовіч, фактычна рэкламуючы «патрэбныя» кнігі сваімі артыкуламі, умеюць напісаць так, каб чытач гэтага не заўважыў. То бок няма ў іхніх рэцэнзіях звыклага беларускага ялею, а ўдала выкарыстоўваецца прынцып пугі і перніка, дапускаецца правакацыйнасць і з’едлівасць. Элементы псіхалагічнай экспрэсіі ажыўляюць артыкулы, робяць іх чытэльнымі, запамінальнымі. Крытыкі разумеюць, што аднабаковыя кампліментарныя опусы могуць адно адвярнуць патэнцыйнага чытача ад кнігі ці твора.
 
На заканчэнне падкрэслю факт: кіраўніцтва «Arche» вырашыла лепш мець двух–трох выдатных літаратурных крытыкаў, чым дваццаць–трыццаць пасрэдных. Упускаючы ў аб’ектыўнасці, дабіраюць у якасці. І яшчэ трохі агульных момантаў, перш чым адпусціць сваё крытычнае слова да «Дзеяслова». У сучасных літаратурных варунках вельмі важным фактарам з’яўляецца ўмелая арганізацыя сайтаў газет і часопісаў, у прыватнасці іх архіваў. Архівы павінны быць зручнымі і даступнымі. З няўклюднасцю архіваў некаторых выданняў (напрыклад, холдынга «ЛіМ» і газеты «Наша Ніва») я сутыкнуўся пры збіранні матэрыялаў для гэтага артыкула. У наш інфармацыйна насычаны час можна прымусіць чэрпаць такія аб’ёмы матэрыялу з папяровых носьбітаў адно студэнтаў ды аспірантаў. Таму хочацца станоўча адзначыць у гэтым плане сайты «Дзеяслова» і «Arche». Асноўная іх вартасць – прастата інтэрфейсу і даступнасць інфармацыі.
 
5 («Дзеяслоў», «Наша Ніва»)
 
У самым літаратурным часопісе Беларусі «Дзеяслове» з крытыкай, у адрозненне ад «Arche», справы сумныя. Я скінуў у адзін файл усё, што ёсць на сайце з артыкулаў пад гэтай рубрыкай з 32 па 17 нумары, і зніякавеў: уласна крытычных рэцэнзій у «Дзеяслове» са жменьку. Бо тут па нашай даўняй беларускай завядзёнцы нікога не крытыкуюць, а толькі хваляць або звыкла маўчаць. Або пішуць творчыя партрэты, як Людміла Рублеўская на паэта Уладзіміра Някляева. Пасля такога артыкула застаецца ўзяць бронзавую фарбу і замаляваць ёй паэта, бо ён ужо ідал, бог, дакладней, бажок белліту, якому можна адно пакланяцца, але ніяк не судзіць яго творчасць. Я ж, у адрозненне ад спадарыні Рублеўскай, не перад кім трапятаць не стану, а таму буду судзіць не толькі нашых «культавых» творцаў, а і іх крытыкаў кампліментарнага кшталту. Больш за тое, толькі ў гэтым бачу асноўную задачу крытыка ў нашай анемічнай літаратуры.
 
Крытыкі ў «Дзеяслове» настолькі недаравальна мала, што рэдакцыя затушоўвае гэтую маласць тым, што пазначае рубрыкі хітрым чынам. Напрыклад: «Эсэ, крытыка, успаміны». Або: «Мемуары, архівы, крытыка». Прычым аб’ём мемуараў, эсэ, архіваў у такіх рубрыках непараўнальна большы, чым крытычнага матэрыялу. Яшчэ ёсць рубрыкі «Кнігапіс», «Дзеяпіспіс» і «Бліцкрыт». «Кнігапіс» – гэта, наколькі я зразумеў, літаратуразнаўчыя артыкулы. «Дзеяпіс» – новыя выданні, дасланыя ў рэдакцыю (даюцца толькі анонсы). «Бліцкрыт» – адметная рубрыка, дзе прадстаўляюцца сціслыя ацэнкі кнігам харызматычных асобаў (Акудовіча, Бахарэвіча, Сыса, Асташонка) рознымі літаратарамі. Гэта было б цікава, каб амаль усе крытыкі не гаварылі адным голасам і з нейкім мядова-мілосным захапленнем ад творчасці аўтара, што абмяркоўваецца. Гэта выглядае нагэтулькі прымітыўна, што Адам Глобус, тое ўразумеўшы, ледзьве не аблаяў памерлага Алеся Асташонка ў сваім кароткім выступе, абы стаць заўважаным на фоне кампліментаршчыны.
 
З тых жа артыкулаў, якія рэдакцыя змяшчае пад не частую і малаёмістую шыльду «Крытыка», уласна крытычнымі з’яўляюцца (з 32 па 17 нумар) толькі тры (!) артыкулы. Гэта найперш грунтоўны аналіз Сяргеем Грышкевічам творчасці Юры Станкевіча, дзе ён ва ўласцівай сабе жывой і жорсткай, правакацыйнай манеры вызначае вартасці і недахопы аповедаў вядомага празаіка. Другі артыкул – гэта разгляд Змітром Вішнёвым постмадэрновай кнігі Сяргея Балахонова «Імя грушы», прычым артыкул вызначаецца рэзкімі, са скандальным адценнем выпадамі ў адрас аўтара. Трэці артыкул – гэта «Нелегалізаванае» Леаніда Галубовіча, тое, што па розных прычынах не патрапіла ў свой час у рубрыку «ЛеГалізацыя» ў тыднёвіку «ЛіМ». Тут «Дзеяслоў» як бы сабраў рэшткі творчасці выбітнага аўтара.
 
Усё, спадары. Больш крытычных артыкулаў у названых нумарах часопіса (а гэта больш за два гады) нямашака. Астатняе – літаратуразнаўства і ўсялякія млявыя рэфлексіі «наконт» і «з нагоды»...(...)
(поўны варыянт артыкула загружаецца па спаслыцы ўверсе)
Категория: Мои файлы | Добавил: NORAD
Просмотров: 1312 | Загрузок: 837 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024