Сайт Міхася Южыка Вторник, 23.04.2024, 14:28
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2010 » Май » 17 » Варажба на сподачку
15:38
Варажба на сподачку
апавяданне-быль
("ЛіМ”, 13 жніўня 2004)
 
Пару гадоў таму, знаходзячыся ў даволі выпадковай кампаніі, мне давялося спрычыніцца да тэмы, якая хвалявала даўно, з якой, магчыма, і вырасце гэты аповед.
 
Адзін з суразмоўцаў быў мне прыяцель, двух іншых я бачыў упершыню. Сядзелі мы ў невялікім, абстаўленым грувасткай цёмнай мэбляй пакоі, у крэслах. На століку перад намі дыміліся і ачахалі кубачкі з кавай. Гаспадар і мой прыяцель няшчадна курылі. Гэта, помніцца, моцна раздражняла мяне – з дзяцінства не выношу тытунёвага паху. Я хацеў быў выйсці праветрыцца, як гаспадар, мужчына меланхалічнага тыпу, пачаў філасофстваваць наконт акультных навук, сектанцтва і неўзабаве спыніўся на спірытызме. Другі госць, чалавек халерычнага складу, яго перабіў і пусціўся лаяць спірытаў, называў іх шызоідамі, людзьмі, якія, баючыся рэальнага жыцця, хаваюцца ад праблем за рознай містычнай лухтою. Гаспадар нечакана разгарачыўся, нават усердзіўся на яго і стаў палка абараняць спірытызм, сказаў, дарэчы, што і ён іншым разам не грэбуе пагаварыць з духамі. Тады халерык, што быў у панібрацкіх адносінах з апанентам, абазваў яго ёлупнем і "містыкам хрэнавым". Прыяцель мой, чалавек дабрадушны, але недалёкі, паспрабаваў прымірыць спрачальнікаў. Ён гаварыў нешта накшталт таго, што любая філасофія мае права на існаванне, што не трэба так гарачыцца, і падобнае.
 
Халерык, як загарэўся, тут жа і сцішыўся. Меланхалічны ж гаспадар кватэры пакрыўджана замоўк і хвілін пяць не выраніў ані слова. Яго худы, заценены твар (а быў позні вечар і мы сядзелі ў зеленаватым святле таршэра), яго нядобрае маўчанне пачалі няёмчыць усіх астатніх. Каб разрадзіць абстаноўку, прыяцель мой спрабаваў з ім загаворваць, штучна жартаваць і смяяцца, але безвынікова. Меланхолік бязмоўнічаў. І нарэшце, у адказ на нейкі пашлаваты закід халерыка, вымавіў штосьці такое... (Цяпер цяжка даслоўна ўсё ўзнавіць.) Здаецца, ён сказаў: "Вось памраце, то пабачыце", – і сціснуў свае бяскроўныя вусны. Ад гэтых слоў мне зрабілася ніякавата. Я ўжо падумваў, якім чынам найпрыстойней адвітацца і пайсці дамоў, як – паверце, зусім неспадзявана для сябе – сказаў:
 
– А гаспадар мае рацыю, свет наш населены духамі, толькі мы іх не бачым.
 
Дальбог, мне і цяпер сорамна за тую фразу. Я не люблю няшчырасці ў людзях, і тым больш брыдка мне, калі сам вымаўляю нешта такое, чаго не ведаю ці ў што не веру. А я не верыў тады ў духаў і магію. Больш за тое, як чалавек, хрышчаны ў праваслаўі, меў пэўную непрыязнасць і насцярогу да слова "спірытызм", лічачы яго чымсьці паганскім і шкодным. Аднак... аднак у той момант мне стала шкада пакрыўджанага гаспадара, які да памянёнай спрэчкі быў з намі надзвычай ветлівы і гасцінны. Адчувалася, што халерык закрануў яго болевую кропку, абразіў глыбінныя пачуцці, зняважыў, калі хочаце, яго веру. Бо ўсе ж мы, каб жыць, павінны ў нешта верыць...
 
Адным словам, адкрыўшы рот, я ўжо не мог спыніцца. Тым болей што акрыліла мяне тое, як пасвятлеў з твару крыўдлівы меланхолік, як высунуўся ён з ценю і нават крыху падаўся да мяне цераз стол. Астатнія ж слухалі спярша з лёгкай паблажлівасцю, затым з насцярожанасцю, а неўзабаве – цешу сябе думкай – і з цікавасцю. Ва ўсякім разе, не помню, каб нехта мяне перабіў, хоць і апавядаў я, каюся, даволі мнагаслоўна і блытана.
 
А распавёў я гісторыю, якую нашу ў сабе з ранняга дзяцінства і ведаю так добра, нібы сам з'яўляюся чыннікам ніжэйапісаных падзей. А між тым было гэта задоўга да майго паяўлення на свет – пад час Айчыннай вайны, у Асіповічах. Пачуў я яе ад бабулі, Надзеі Лаўрэнцьеўны, якая пражыла доўгае жыццё і на працягу мо чвэрці стагоддзя неаднойчы мне яе паўтарала.
 
У 42-м годзе немцы размясцілі ў нашай родавай хаце камендатуру, і мой прадзед мусіў перасяліць сям'ю ў маленечкую гаспадарчую прыбудову, што тулілася да хлява і называлася стопкай. Дзіцячая памяць мая даволі выразна занатавала тую халупку: змрочная, пыльная, цесная, з нізкай столлю – дарослыя, ходзячы ў ёй, ледзь не згіналіся. Карацей, кладоўка, а не жытло чалавека. Зрэшты, у часы майго дзяцінства стопка якраз і выкарыстоўвалася пад кладоўку. Памятаю, я адчуваў няўцямны страх да ўзгаданай прыбудовы. Мне заўсёды станавілася ніякавата, калі хто з дарослых загадваў ісці з ім "у стопку", каб падмагчы нешта адтуль прынесці. Затхлае паветра гэтага катуха, змрок, што ледзьве рассейваўся слабасільнай лямпачкай, дзейнічалі на мяне гнятліва.
 
У канцы 70-х бацька купіў "Жыгулі", адпаведна ўзнікла неабходнасць у летнім гаражы, і, каб вызваліць для яго плошчу, стопку зламалі. Я, тады малалетні падшыванец, адчуваў невыказную радасць, калі назіраў, як зухавата руйнуюць яе нанятыя бацькам дужыя хлопцы. Затым літаральна за тыдзень муляры склалі дыхтоўны гараж, што стаіць на месцы стопкі і па сённяшні дзень.
 
Дык вось, у той змрочнай прыбудове на працягу двух гадоў ваеннага ліхалецця пражывалі: прадзед, прабабка, бабуля Надзя з двума дзецьмі і бабуля Люба з дачкою. Мой дзед Аркадзь і муж бабулі Любы, дзед Піліп, тады маладыя афіцэры, былі ў дзеючай арміі. Паколькі горад Асіповічы, як і ўся Беларусь, адразу патрапіў пад акупацыю і знаходзіўся ў ёй тры гады, то Надзя і Люба нічога не ведалі пра сваіх мужоў ажно да лета 44-га. На нашай вуліцы Каралёва (тады Пралетарскай) такіх гаротніц аказалася шмат, і ўсім хацелася даведацца пра лёс нарачоных. На рэальныя звесткі даводзілася разлічваць толькі па прыходзе вызваленчай арміі, якую можна было чакаць гады і гады. Тады нехта з маладзіц прапанаваў выклікаць духаў і пытацца ў іх.
 
Збіраліся вечарамі ў нашай стопцы, у закутку, адгароджаным ад агульнага памяшкання драўляным шчытом. Ставілі тумбачку, на яе клалі кардонку з напісанымі па акружнасці літарамі алфавіту. У цэнтр акружнасці змяшчалі фарфоравы сподачак з шчарбінкай на краі. Самі сядалі наўкол, а свечку ставілі ўбаку... Тут ёсць адна важная ўмова: тумбачка павінна быць выраблена без жалеза, без усякіх цвікоў і скоб. Такая ў нашай сям'і была – трохузроўневая, з рассоўнымі дзверцамі і выгінастымі ножкамі. Яна і цяпер пыліцца ў нежылым пакоі асіповіцкай хаты.
 
Каб выклікаць духа, паводле расповедаў бабулі Надзі, хорам шапталі заклінанні. Пры гэтым усе маладзіцы трымалі кончыкі пальцаў над сподачкам, кранацца якога было забаронена. Дух, калі адгукаўся, даваў нейкі знак: шчаўчок, шоргат, а то пагасне ці, наадварот, зазырчэе свечка. Выклікалі зазвычай духаў "высокіх" – не менш як Пушкіна, Лермантава, а тое і Леніна. Пасля "з'яўлення" духа маладзіцы па чарзе задавалі пытанні – як правіла, пра жыццё, здароўе і месца знаходжання мужоў. І тады... так прынамсі расказвала бабуля, сподачак пачынаў марудна паварочвацца на кардоне вакол свайго цэнтра і спыняўся шчарбінкай напроці нейкай літары. У гэты момант нельга было і дыхнуць, каб не спудзіць далікатнага духа. Указаную ім літару запісвалі і тут жа паўтаралі пытанне. Сподачак узнаўляў свой таямнічы рух і пазначаў наступную літару. Працягвалі да таго часу, пакуль ён не пераставаў круціцца. Гэта быў сігнал прачытаць напісанае. Часцяком выходзіла бязглуздзіца, і тады казалі, што дух сёння не настроены на сур'ёзны лад, ён блазнуе. А іншым разам літары складаліся ў цалкам уцямныя словы. Яны ўказвалі, напрыклад, што муж каторай з маладзіц жывы, што знаходзіцца ў тым ці іншым населеным пункце.
 
Пра мужоў Надзі і Любы гаварыў ён на працягу двух гадоў наступнае. Піліп быў жывы і амаль кожнага разу знаходзіўся ў розных месцах. Даваліся назвы малавядомых населеных пунктаў – напэўна, вёсак, мястэчак, – якіх па карце адшукаць не ўдавалася. Аднак назвы былі свае, славянскія: кшталту Прохараўкі, Сярпілава і падобнае. Пра майго ж дзеда, Аркадзя, сподачак упарта гаварыў, што ён у Маскве. Але ці можа такое быць: два гады – у адным і тым жа месцы? Гэта бянтэжыла бабулю Надзю, бо ведала яна, што пачынаў муж вайну далёка ад сталіцы. І што яму там рабіць, лейтэнанту? А раз, ужо за некалькі месяцаў да вызвалення, сподачак адмачыў зусім несусветнае. Сказаў, што была ў Піліпа з Аркадзем сустрэча. Сустрэча на вайне. Гэта пры тым, што адзін увесь час знаходзіўся ў Маскве, а другі, відаць па ўсім, калясіў з дзеючай арміяй па заходніх франтах. Апошняя звестка зусім падарвала давер маёй бабулі да спірытычных сеансаў, і больш яна ў іх не ўдзельнічала. Рашыла чамусьці, што муж загінуў.
 
Аднак у ліпені сорак чацвёртага, ледзь не з першымі савецкімі танкамі, якія туранулі захопнікаў, у Асіповічы прыбыў мой дзед. Аказалася, што ён і сапраўды ўвесь час служыў у Маскве, у Штабе авіяцыі. А будучы чалавекам спрытным, здолеў сумясціць службовае з асабістым і прыляцець на ваенным самалёце да жонкі з дзецьмі. Літаральна на пятках немцаў. Прынёс ён і добрую вестку для швагеркі – Любы. Жывы яе муж Піліп, яны з ім выпадкова сустрэліся на фронце, абмяняліся адрасамі палявой пошты і цяпер перапісваюцца. Сподачак, выходзіць, не хлусіў.
 
А спаткаліся Піліп з Аркадзем і напраўду зусім выпадкова. Аркадзь прыляцеў на фронт у складзе інспекцыі – у штаб арміі. Штаб размяшчаўся ў нейкай вёсцы. Мой дзед пасяліўся ў хаце разам з іншымі афіцэрамі (быў ён тады ўжо маёрам). Позна вечарам, па завяршэнні ўсіх спраў, яны падвесяліліся спіртам, і Аркадзь стаў спяваць. Па расказах бабулі, ён меў выдатны голас і ўвогуле выключныя музычныя здольнасці: граў на мандаліне, гітары, скрыпцы; у вольную часіну спяваў амаль безупынку. Голас дзеда Аркадзя, напэўна, меў яшчэ і нейкі адметны тэмбр. Ва ўсякім разе, дзед Піліп, ідучы па начным пасёлку, адразу яго пазнаў. Голас вырываўся праз адчыненыя вокны хаты, струменіў па вуліцы, шчымліва нагадваючы Піліпу пра асіповіцкія сямейныя вечары, калі яны збіраліся за сталом пад ігрушай і "музіцыравалі"...
 
У той веснавы вечар Піліп прыбыў у штаб арміі па загадзе камандзіра свайго палка. А полк іх стаяў ад вёскі, дзе мясціўся штаб, даволі далёка. Здавалася б, суцэльнае супадзенне...
 
Яшчэ варта дадаць, што праўду казаў празорлівы "дух" і пра дзеда Піліпа. Служыў ён у мабільных войсках і практычна ўсю вайну перасоўваўся з месца на месца. Скрыў толькі некалькі ягоных раненняў. Але гэта, відаць, з міласэрнасці.
 
І ўсё ж я не даю поўнай веры спірытычным сеансам. Бо, як прызнавалася бабуля Надзя, пад час варажбы на сподачку яны не-не, а дакраналіся да яго пальцамі. Самымі кончыкамі.
 
2004 г.
Просмотров: 776 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Май 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024