Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 16:43
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Ад амёбы да Сакрата
Чалавек выйшаў з дзікай прыроды і працягвае жыць у ёй, нават захінаючыся выгодамі цывілізацыі. Яго арганізм будуецца з рэчываў планеты, сілкуецца імі, а па смерці распадаецца на хімічныя элементы. Планета як бы выпускае чалавека з сябе, дае пабегаць па сваёй неласкавай паверхні, а пасля непазбежна прымае назад, нягледзячы на яго страх і пратэсты.
 
Што ж такое жывёльна-раслінны свет? А гэта найперш даволі няўстойлівы стан матэрыі, у якім яна, насуперак законам раўнавагі, чамусьці знаходзіцца, калі верыць вучоным, многія мільёны гадоў. Жывая матэрыя ў Космасе – гэта нонсенс, цуд, бо ўзнікненне жыцця на Зямлі не могуць патлумачыць фізіка-матэматычныя мадэлі. Навука навук (матэматыка) ясна даводзіць сваёй тэорыяй верагоднасці, што жыццё выпадкова запачаткавацца ніяк не магло. Узросту планеты, вылічанай вучонымі ж, яўна не хапае не толькі для з’яўлення самога чалавека, а нават для стварэння найпрасцейшых арганічных малекулярных структур.
 
Людзі, якія даследуюць малекулы, арганічныя рэчывы і клеткі пэўна ведаюць, што ўзнікненне жыцця хаатычным тыканнем малекул адна ў адну – казкі для малалетніх. Цяпер даволі падрабязна прасочана развіццё зародкаў, эмбрыёнаў млекакормячых, вывучаны працэс апладнення, з чаго ўстаноўлена, што клеткі рухаюцца і развіваюцца па загадзя закладзенай строгай праграме (кім?). Коратка кажучы, навукоўцы здатныя апісаць гэты рух, але знайсці прычыну яго (самога Тварца, яшчэ б!) не могуць. Прычына ляжыць як бы па-за матэрыяльным быццём. Нават само па сабе адкрыццё генетычнага коду жывых арганізмаў даказвае толькі наяўнасць гэтых правілаў, скрытых прычын, але не тлумачыць нават таго, чаму тая ці іншая клетка развіваецца, рухаецца так ці інакш.
 
Нам могуць адно глыбакадумна канстатаваць, што клетка развіваецца менавіта так, таму што ў яе адпаведны генетычны код. Але чаму, адкуль узяўся гэты код, хто яго такім хітрамудрым прыдумаў (не хаатычныя ж сутыкненні малекул!), і чаму па гэтым кодзе клеткі рухаюцца так ці інакш (што за сіла імі кіруе, чаму кіруе?) – пра тое навука або хітра маўчыць, або ладзіць усялякія абходныя мадэлі, у якіх, як вуж на патэльні, спрабуе вывернуцца ад прамых і сумленных адказаў. Звычайнаму чалавеку навуковыя выкладкі падаюцца тарабаршчынай і шаманствам, яны ніколі не пераканаюць здаровы сэнс. Бо калі нешта рухаецца па пэўнай траекторыі, то пажадана бачыць "рэйкі”, што яго накіроўваюць, і ведаць сілу, якая гэтае нешта па рэйках штурхае. У выпадку жывой матэрыі нічога падобнага навукоўцамі не адкрыта.
 
Таму прамы і сумленны адказ можа быць адзін – прычына жыцця ляжыць па-за жыццём, за гэтую рысу мы, даследчыкі, пранікнуць у прынцыпе не можам, а можам толькі займацца канстатацыяй таго, што ў гэтай клеткі ёсць пэўны набор храмасом і з такім наборам яна развіваецца толькі так, не іначай. Усё гэта адпаведна таму, як бы мы сказалі, што нейкі Іваноў мае невыносны характар таму, што ад прыроды надзелены (кім?) нездаровай нервовай сістэмай. Глыбей, то бок у сутнасць рэчаў, мы пранікнуць не можам. Бо прырода, як ужо намі адзначалася, творыцца звонку, а не творыць сама сябе, як радыёпрыёмнік не з’яўляецца сам па сабе, а толькі знешнімі намаганнямі вытворчага калектыву, а шырэй – усяго чалавецтва. Тыповая канструкцыя "па законах прыроды” выклікае ўсмешку. Гэта як бы сказаць – па законах мёртвага каменю і вады. То бок цвердзь і вада (малекулярна элементарныя) сабраліся і стварылі найскладанейшага чалавека.
 
Вядома, што матэматычныя мадэлі, якія апісваюць развіццё Сусвету пасля гіпатэтычнага Вялікага выбуху, утрымліваюць шэраг канстант, як бы дадзеных адпачатку прыродзе некім знешнім, і што каб хоць адна з канстант не супадала са сваёй велічынёй, то Сусвет бы не існаваў: або ўсе электроны пападалі б на ядры атамаў, або ядры разляцеліся б на шматкі.
 
Прырода – гэта частка Космасу, якую мы назіраем і якую аналізуем дадзенымі нам органамі пачуццяў на падставе законаў логікі, якія таксама з’яўляюцца ўласцівасцю нашага мозгу. Пра Космас мы робім высновы па аналогіі з зямнымі рэчамі, успрынятымі нашай зямной псіхікай. Але што такое, па вялікім рахунку, бачны нам Космас? Гэта сігналы, пераведзеныя ў нейкую карцінку і адлюстраваныя ў нашай свядомасці, плюс міфы, плюс байкі астраномаў. Што такое свядомасць, мы зрэшты таксама адназначна не ведаем. Таму, справядліва кажучы, можам сцвярджаць адно: назіраная намі карцінка аналізуецца толькі нашым абмежаваным і наўрад ці ідэальным, у плане спасціжэння рэчаў, розумам. Існуюць насамрэч аб’екты далёкага космасу, або гэта толькі сігналы, на якіх будуецца карцінка ў нашай свядомасці, або гэта проста карцінка без усякіх сігналаў, мы строга не можам сказаць. Бо, па нашых жа тэорыях дасягнуць аб’ектаў далёкага космасу немагчыма, іх нельга праверыць навобмацак (хоць вобмацкам мы, строга кажучы, таксама не прыдбаем канчатковых доказаў пра наяўнасць аб’екта). Такім чынам, адсутнічаюць аб’екты па-за межамі сонечнай сістэмы або мы ніколі не дакажам іхнюю наяўнасць – так бы мовіць, абое рабое. Для нас гэта найперш малюнак у свядомасці, падфарбаваны "доказамі” спецыялістаў.
 
Паколькі ж нельга даказаць нават наяўнасць нашай галактыкі і Сусвету (ён пакуль што карцінка – не больш), то і пагатоў немагчыма сцвярджаць, што недзе існуе жыццё, апроч планеты Зямля. Паўторымся, навуковыя падлікі гавораць пераканаўча, што іншапланецян мы не пабачым ніколі. А гэта тое самае, што іх папросту не існуе. Таму падаецца справядлівым пастулат некаторых рэлігій, у прыватнасці хрысціянства пра тое, што Зямля – цэнтр Сусвету. Не фізічны, а рэальны, бо толькі на ёй жыве чалавек і толькі на ёй ажыццяўляецца псіхічная сувязь з Тварцом. Наконт жа фізічнага цэнтру навукоўцы будуць доўга спрачацца, вылічваючы памеры Космасу (што немагчыма!), аднак філасофію гэта павінна хваляваць толькі ў плане забавак.
 
Наконт паходжання відаў раслін, жывёл і асабліва чалавека справа вельмі няпэўная і складаная. На добры лад, навука і тут даказаць нічога не ў стане, а толькі можа будаваць тэорыі, якія будуць супярэчыць адна адной і на якіх напішацца не адна дысертацыя і зробіцца процьма асабістых кар’ераў. Колькі б навукоўцы ні пнуліся, іх адказы задаволяць нас не больш, чым біблейскі расповед пра стварэнне свету за некалькі дзён.
 
Час цячэ інтэгральна, і ў чалавечай свядомасці ёсць толькі бясконца малая велічыня рэчаіснага. Мінулае пакрытае такім жа непранікальным туманам, як і далёкая будучыня. Той, хто хоча ўзнавіць падзеі мінуўшчыны, асуджаны на блуканне ў тумане і, як вынік, на памылкі, зман і неразуменне сучаснікамі. Бо мы толкам не ведаем, што такое прастора і час. Прынамсі ясна пакуль адно: па часе мы можам вандраваць адно з дапамогай свядомасці і фантазіі. А пры наяўнасці фантазіі, вядома, ніякія доказы не прымаюцца.
 
Палеанталагічныя даследаванні апошняга часу не ўкладваюцца ў дарвінаўскую тэорыю паходжання відаў. Таму тэорыя гэта зазнала такую хітрую трансфармацыю, што мала нагадвае сябе першапачатковую. Галоўны яе недахоп – недыскрэтнасць усяго жывога, нібыта плаўная трансфармацыя віду ў від з мэтаю выжывання. Тады як дагістарычныя знаходкі гэтага ў цэлым не пацвердзілі. Не знойдзены пераходныя віды, якіх павінна быць не менш за ўстойлівыя. З гэтага казусу навукоўцы выкручваюцца наступным чынам. Знойдзеныя у нейкай старажытнай жывёлы фрагменты шкілета, падобныя на фрагменты існых жывёл, яны выкарыстоўваюць як бясспрэчны доказ таго, што паміж абодвума відамі існуе роднасць, мала таго, што цяперашні від адназначна паходзіць ад старажытнага. Часта гэта робіцца на аснове нейкай адной косткі, якая нейкаму аднаму навукоўцу падалася падобнай на нешта. Далей падключаецца неўтаймоўная фантазія – і мы "бачым” увесь ход эвалюцыі. Балазе тэлевізар і кампутарная графіка лёгка пераканаюць абывацеля ў чым заўгодна. Тыя ж, хто здатны мысліць лагічна і, галоўнае, самастойна, не ўбачаць у такіх "доказах” ніякай дастатковай асновы.
 
Зусім кепскія справы з навуковым абгрунтаваннем паходжання чалавека. Радыёвугляродны метад аналізу быццам бы адкрыў магчымасць вызначаць узрост шкілетаў дагістарычнага чалавека, якія знаходзяцца па ўсё планеце. І тут навукоўцаў чакалі шматлікія неспадзяванкі. А іменна тое, што шкілеты, узростам у 50.000 гадоў, аказваюцца падобныя на шкілеты сучаснікаў, як дзе кроплі вады. Людзі, якія па ўсіх выкладках павінны быць нецывілізаванымі бяздумнымі дзікунамі, мелі такі ж аб’ём чэрапа, як і мы з вамі. Пытанне: навошта тагачаснаму чалавеку, мала чым адрознаму ў разумовым плане ад малпы, такі залішне вялікі чэрап? У прыродзе ж, паводле Дарвіна, усё мэтазгодна.
 
Ды што далёка хадзіць. Негры Афрыкі, выхадцы з самых глухіх джунгляў, якія ніколі не праходзілі ланцуг цывілізацыі, як белыя еўрапейцы, якія толькі і могуць, што кідацца дзідамі і лазіць на дрэвы, – гэтыя дзікуны маюць мозг, які патэнцыйна не саступае мозгу англічаніна і француза. Чалавек дзікага племені, выгадаваны ў цывілізаваным Лондане, можа стаць матэматыкам, фізікам, адвакатам... Звычайная логіка, якая апіраецца на гэтыя факты, падказвае, што дарвінаўскую тэорыю можна смела выкідваць на памыйніцу. Але вучоныя, чыя праца і дабрабыт заснаваны на аксіёме паходжання чалавека ад малпаў, не могуць ёй пагарджаць. Таму развіваюць, удакладняюць, пашыраюць яе, каб заблытаць не столькі нас з вамі, як уласна сябе. Пачынаюць высоўвацца прыдумкі адна недарэчнейшая за другую, як тое, прыкладам, што чалавек "аблысеў” (страціў малпіну поўсць) таму, што некалі даўным-даўно мусіў весці водны лад жыцця, то бок плаваць пад вадой і канкурыраваць за выжыванне з самімі акуламі.
 
Асабліва непераканаўчымі падаюцца версіі пра неандэртальцаў і краманьёнцаў. Калі шлях першых працягласцю ў сотні тысячагоддзяў нібыта прасочаны дасканала, то другі від, краманьёнцы, не раўнуючы з неба зваліліся. Проста прыйшлі і спрытна патрушчылі тупіковую галіну чалавецтва – неандэртальцаў, якія доўга-доўга панавалі на мацерыках паўночнага паўшар’я. На пытанне, адкуль узяліся гэтыя краманьёнцы, нашы продкі, навука пэўнага адказу не мае. У Афрыцы знаходзяць ужо шкілеты узростам па два мільёны гадоў, і яны не нашмат адрозніваюцца ад нашых. Прынамсі іх чарапная каробка можа змясціць мозг праграміста.
 
Космас і прыроду як яго частку можна назваць палігонам для абмену энергіямі паміж структурамі рознай ступені складанасці. Найпрасцейшымі структурамі з’яўляюцца газ, вада, цвердзь. Найскладанейшымі – жывёльны свет і, як найвышэйшая прыступка, чалавецтва. Наўмысна называю не чалавека, а чалавецтва, бо толькі ў соцыуме энергетычны абмен дасягае сваёй максімальнай стадыі. Фізічныя працэсы перацякаюць у хімічныя, электрычныя, магнітныя, узаемадзейнічаюць з сацыяльнымі, псіхічнымі і духоўнымі. У гэтым мудрагелістым працэсе перацякання энергіі з формы ў форму і з якасці ў якасць існуе чалавек.
 
А існаваць яму цяжка. Бо трансфармацыя энергіі ў жывёльным свеце азначае знішчэнне формаў знешнімі сіламі і пераўтварэнне іх у новыя формы. Прасцей і вузей – паяданне жывымі арганізмамі адно аднаго. Чалавек пастаўлены прыродай на вяршыню харчовай лесвіцы. Ён можа есці ўсё, яго не можа есці ніхто. Гэта ў ідэале. А насамрэч чалавека таксама ядуць. Мы не пра канібалізм, а пра звычайныя інфекцыі, прастуды, дыярэі і больш цяжкія і складаныя захворванні, якія калі не прыводзяць да смерці, то прыносяць процьму пакутаў. Медыцына іх аблягчае. Пасля таго як знешняе асяроддзе такі дагрызе чалавека – а гэта ў рэшце рэшт непазбежна, – то адбываецца ўвішнае паяданне яго трупа жывымі арганізмамі з мэтай трансфармаваць у больш простыя элементы, якія стануць будаўнічым матэрыялам для новых зямных структур.
 
Для мёртвай матэрыі трансфармацыя не ёсць ні дабром, ні злом. Каменю ўсё адно, ці ператворыцца ён у пясок. Але чым складанейшы ўзровень арганізацыі энергетычных структур, тым большую каштоўнасць ён мае для Космасу. А таму жывым арганізмам дадзена вегетатыўная нервовая сістэма, закліканая максімальна доўга і якасна абараняць тую структуру ад разбурэння. Абарона выклікае боль. Найбольш балюча рэагуе на разбурэнне самая складаная структура – чалавек. Гэта літаральна камок нерваў. І чым больш душэўна і духоўна дасканалы чалавек, тым ён мае больш пільную ахоўную сістэму. Свайго руйнавання найбольш не пераносяць складаныя людзі, у іх найбольш напружаная нервовая сістэма і развіты інстынкт самазахавання. Яны балюча пераносяць не толькі фізічны ціск, а і маральны.
 
Тое што для так званага простага чалавека не вартая ўвагі драбяза – для чалавека складанага можа стаць смяротным ударам. Таму так часта духоўна развітыя людзі хіляцца да адзіноты. Для простага ж чалавека, наадварот, нічога няма натуральнейшага за калектыў і нічога страшнейшага за адзіноту. Простыя непазбежна збіваюцца ў групы, бо толькі там яны жывуць паўнацэнным псіхафізічным жыццём. Складаны чалавек, які таксама не можа без калектыву, тым не менш намагаецца ўсяляк абмежаваць уплыў знешніх энергій на свой унутраны свет.
 
Тут мы ўшчыльную падыходзім да паняцця здароўя. Яно заклікана забяспечыць нам максімальна працяглае і бязбольнае існаванне ў свеце энергетычнай адзінкі, а калі браць шырэй – забяспечыць найбольш працяглае і беспакутнае існаванне наступнікам, роду. Бо актыўна разбуральныя па сваёй сутнасці энергетычныя структуры, што нас атачаюць, будуць нястомна на нас пасягаць цягам жыцця. І толькі прыроднае здароўе – у спалучэнні, вядома, з правільным ладам жыцця і медыцынай – ставіць найбольш эфектыўную заслону знешнім нападкам.
 
Здароўе, у звязку з тым, што чалавек найскладанейшы псіхічны суб’ект, – мае як фізічныя, так і псіхічныя складнікі, якія цесна ўзаемадзейнічаюць, канфліктуюць паміж сабою. Паспрабуем ніжэй як мага падрабязней разабрацца з гэтым краевугольным паняццем.
 
Уся важнасць здароўя ў тым, што яно дазваляе перабыць адведзены тэрмін жыцця з мінімальнымі стрэсавымі выдаткамі. Кожнаму выпадае ў сярэднім немалая быційная нагрузка, пазбегнуць якой, ухіліцца ад якой у прынцыпе немагчыма. Аднак здароўе грае ролю буфера паміж агрэсіўным асяроддзем і нашым "эга”.
 
Здаровы чалавек лягчэй і бадзёрай рухаецца па жыцці. Яму часцей і ў большым аб’ёме даступныя тыя даброты і слодычы, што на гэтым шляху выпадаюць. Як адзінка ў чалавечай супольнасці, здаровы вольна ці міжвольна цясніць ад усялякіх кармушак слабых і хворых.
 
Хворы горш прыстасаваны для змагання за эфемернае шчасце. Бо важкая частка яго энергіі ідзе на барацьбу з уласным арганізмам. Арганізм для хворага – сам па сабе стрэс. Тады як для здаровага чалавека цела – добры памочнік і сябар. У стане спакою, калі нішто вонкавае не трывожыць, здароваму добра. Ён можа сесці, легчы і проста наталяцца сузіраннем быцця. Хвораму не ўдаецца расслабіцца. Успомнім дакучлівы зубны боль. Нядаўна здаровы чалавек з-за адной хворай часцінкі цела ператвараецца ў бяссоннага пакутніка. І якое шчасце ён заснае пасля выхаду ад дантыста! Здароўе – гэта рэальнае шчасце. Аднак усвядоміць гэта ўдаецца не ўсім. Для гэтага патрэбны кантраст у выглядзе кароткатэрміновай хваробы.
 
Хранічна ж хворы чалавек, чалавек слабага ад прыроды здароўя – гэта ўвасобленае няшчасце. Яму блага нават у стане спакою, калі, так сказаць, на яго не цісне ўсеагульная нагрузка жыцця. Бо мучыць уласнае цела. Боль кшталту зубнога, які напаткоўвае здаровага як эпізод, для хворага – непазбыўны госць, і нават не госць, а заўсёдны страшны сужыцель. Ёсць людзі, якія зазнаюць моцны хранічны боль дзесяцігоддзямі, некаторыя – ад нараджэння да скону. Ёсць тыя, хто не можа нармальна дыхаць, есці, хадзіць, сядзець, бачыць, чуць, мачыцца, не кажучы пра тое, каб бегаць ці лазіць па скалах. Некаторыя жывуць са страхам спынення сэрца, дыхання, эпілептычнага прыпадку гады і дзесяцігоддзі. Кожны лішні рух выклікае галавакружэнне і небяспечнае сэрцабіццё. Кожнае парушэнне дыеты – пакутлівы боль, слабасць. Пропуск прыняцця інсуліну для дыябетыкаў – рэальная рызыка смерці. Пакуты сіямскіх блізнят – за мяжой разумення. Душэўная хвароба – гэта пекла яшчэ пры жыцці.
 
Можа падацца, што прырода наўмысна здзекуецца з людзей. Насамрэч яна проста да іх стогнаў глухая. Бо ў прыродзе няма добрага і благога, ёсць мэтазгоднае. Дык якая ж мэтазгоднасць у жахлівых хваробах, выродлівасці – спытае чытач. А тая, што законы, па якіх надараюцца хваробы і адхіленні ад нормы, – тыя самыя фізіка-матэматычныя законы, па якіх Сусвет існуе. Не было б гэтых непарушных законаў – не абарачаліся б планеты, не гарэлі б свяцілы, не дзялілася зямная прастора на цвердзь і ваду, не было б жыватворнага вадароду... Рэч у тым, што касмічныя працэсы строга падпарадкоўваюцца функцыям верагоднасці. Статыстыка любога працэсу выдатна апісваецца парабалай, сыходзячыя канцы якой ідуць памятаеце куды? Правільна, у плюс- і мінус-бясконцасць.
 
Абсалютная большасць варыянтаў адной з’явы ўкладваецца ў норму, то бок апісваецца цэнтральнай часткай парабалы. А вось тое, што ляжыць пад яе разлапістымі, распасцёртымі ў бясконцасць галінамі, – шматлікія малаверагодныя выпадкі, адхіленні. Зразумела, што нават дзеля здароўя чалавека прырода не можа ўсекчы парабалу верагоднасці. Таму пераважная большасць людзей – адносна здаровая, гэта забяспечвае выжыванне віду. А пераважная меншасць – хворыя. І чым далей адыходзіцца ад цэнтру сіметрыі парабалы кропка, тым больш цяжкі выпадак хваробы ці выродлівасці мы назіраем. Але чым ён больш цяжкі, тым ён больш і рэдкі. Вось мудрасць прыроды. Дарэчы, цуд – гэта не што іншае, як надзвычай далёка аддаленая ад цэнтру парабалы кропка. Цуд таксама апісваецца гэтай універсальнай формулай.
 
Забягаючы наперад, скажам два словы пра тое, што не было б жудасных хранічных хвароб, не было б парабалічнай функцыі, не існавала б і геніяльнасці – усіх гэтых Моцартаў, Шэкспіраў, Ван Гогаў. І не таму, што геніяльнасць звязана з хваробаю, а таму, што яна ёсць найрэдкім адхіленнем ад нормы і апісваецца ўсё той жа парабалай. Кропка геніяльнасці, вобразна кажучы, сягае ў плюс-бясконцасць.
 
Здароўе характарызуецца шэрагам псіхафізічных паказчыкаў. Здаровы чалавек, як правіла, мае глыбокі сон без кашмарных відзежаў. Раніцай ён падымаецца бадзёры і ў стане высокага тонусу нервовай сістэмы можа знаходзіцца да позняга вечара. Есці на працягу дня ён можа многа, але пры гэтым не траціць бадзёрасці, не хіліцца на дрымоту. Пры неабходнасці ён здольны абыходзіцца і малымі порцыямі ежы, пры гэтым захоўваючы працаздольнасць. Нервы здаровага чалавека "эластычныя”, яны лёгка пераносяць раптоўны стрэс і хутка вяртаюцца ў ранейшы працоўны стан. Тады як кволага чалавека любая злыбеда можа выбіць з каляіны на некалькі гадзін, а то і сутак.
 
Здаровы пераносіць доўгія псіхічныя нагрузкі негатыўнага плану, не ўпадаючы ў маркоту. Ён захоўвае аптымізм пры любой сітуацыі, падсвядома трымаючы на ўвазе, што ўсякі негатыў мае сваё заканчэнне. Хворы ж чалавек (а гэта найперш чалавек з растузанымі нервамі) любы негатыў успрымае крайне балесна, часта робіць з мухі слана, здольны ўпадаць ад драбязы ў паніку, трапляць у цяжкую і працяглую дэпрэсію. Такі чалавек прачынаецца з ночы разбіты, удзень млявы, сонны, або пераўзбуджаны. Начны сон у яго трывожны, з кашмарамі і не аднаўляе патрачаных за дзень сілаў. Апетыт слабы. Працаздольнасць нізкая. Доўгі перапынак у прыняцці ежы прыводзіць да галадання мозгу і нярэдка – да страты прытомнасці. Здаровы ж можа не есці па некалькі сутак без асаблівай шкоды для арганізма.
 
Здаровы чалавек здольны бясшкодна прымаць напіткі, якія ўзбуджаюць ці расслабляюць. Моцны чай, кава аказваюць на яго толькі дабратворны ўплыў. Тады як у хворага яны выклікаюць нездаровае раздражненне, трывогу, страх. Алкаголь для здаровага – прычына павесяліцца. Хворы ж калі і вяселіцца з дапамогаю алкаголю, то потым горка плача з прычыны астаткавых з’яў. Здаровага рэдка цягне апахмяліцца; пасля вечаровай п’янкі, ранкам, ён можа ўстаць бадзёрым і ўвесь дзень працаваць. Хворага ж з перапою б’е калатун, ён страчвае працаздольнасць. Людзі з хваравітай ад прыроды нервовай сістэмай ёсць патэнцыйнымі алкаголікамі.
 
Здаровы чалавек, вядома ж, лягчэй пераносіць вірусныя інфекцыі, якія да яго, зрэшты, рэдка чапляюцца. Чалавек хваравіты ловіць любы мікроб, калі на яго раз чхнулі здалёк, а затым доўга не можа паправіцца.
 
Здаровы чалавек нажывае на парадак менш псіхалагічных комплексаў, чым хворы. З дзяцінства ён калі не лідэр у калектыве, то выдатна ў ім адаптуецца і не падвяргаецца моцнаму ўціску. Ён, як правіла, смелы і раскуты з процілеглым полам, таму не мае праблем з палавымі партнёрамі цягам жыцця. Тады як хворы часта няўпэўнены ў сваіх сілах. Дый каханне, пра што гаворка пойдзе пазней, само па сабе закліканае праводзіць натуральны адбор. Чалавечаму роду не патрэбныя слабыя нашчадкі, таму малакроўных, хілых, непрыгожых каханне не прымае ў свае шэрагі.
 
Разам з тым, у хранічных хваробаў ёсць свае плюсы. Той, хто ўсё жыццё хварэе, можа выпрацаваць моцны характар. А таксама развіць прыродны інстынкт самазахавання, не лезці ў экстрэмальныя сітуацыі, дзе можна не толькі атрымаць па галаве, а і галавы той пазбавіцца. Здароваму ж, які нідзе і ніколі не зазнаваў псіхалагічнага і фізічнага ўціску, часта мора па калена. У яго прытупляецца інстынкт самазахавання, і ён можа загнаць свой арганізм да хранічнай хваробы, да калецтва, да смерці. Аўтагонкі, альпінізм, бойкі, п’янкі, любы экстрым – усё гэта часта заканчваецца трагічна, бо ад абсалютнага здароўя да абсалютнага нездароўя часам – адзін парваны буйны сасуд, адзін перабіты пазванок. Часта ад прыроды здаровыя людзі, захварэўшы на нешта сур’ёзнае, губляюцца і хутка здаюць, а то і канаюць. Бо іх арганізм не прывык змагацца з цяжкімі хваробамі, не звык да такога стрэсу. Бывае, што здаровы як бык мужчына ў гадоў пяцьдзесят памірае ад разрыву сэрца, хоць ніколі на яго не скардзіўся. У такіх людзей паніжаны болевы парог. У той жа час другі з дзяцінства ляжыць па бальніцах з сэрцам, пачкамі глытае таблеткі, кволіцца, задыхаецца, беражэ сябе страшна, а ў выніку праскрыпіць гадоў да дзевяноста.
 
Акрамя таго, нездароўе можа сфарміраваць свой унутраны свет, у якім чалавеку бывае даволі ўтульна. Здаровыя ж людзі, як правіла, імкнуцца да знешняй дзейнасці, а шчасце сярод людзей – штука часовая, хісткая і няпэўная. Акаляючыя нас людзі схільныя здраджваць і паміраць. Унутраны ж свет, калі такі ёсць, не настолькі падвержаны знешнім уздзеянням.
 
Колькі слоў пра здароўе ў разрэзе сучаснасці. Здаровых людзей у цывілізаваным свеце ўсе меншае, тады як сярэдні тэрмін жыцця павялічваецца. Усё ясна: таблеткі не даюць памерці тым, хто без іх раней паміраў. І таблеткі ж дазваляюць выжыць тым, хто сканаў бы раней яшчэ ва ўзросце немаўляці. У выніку недалугі, якіх прырода заклікала памерці і не псаваць якасць роду, выжываюць, нараджаюць малажыццяздольных дзяцей, якіх таксама толькі медыцына трымае на гэтым свеце. Такім макарам пашкоджваецца генетыка чалавецтва. Развіццё медыцыны, з гэтай прычыны, мае і станоўчы і адмоўны аспекты. Часам яна сапраўды выцягвае з таго свету ці кардынальна аблягчае жыццё. А з другога, рэанімацыя даводзіць да таго, што катастрафічна ўзрастае колькасць людзей, якія жывуць як расліны і адно што могуць – ператраўліваць ежу. Мысленне – асноўная якасць не толькі чалавека, а і жывёлы – у іх цалкам адсутнічае. Ці яшчэ: падлетак абсалютна нармальны, акрамя аднаго: не можа самастойна дыхаць. А таму прывязаны на грувасткага апарата на колах, які за ім цягаюць бацькі. Ён можа пражыць яшчэ гадоў семдзесят... Жахліва. І адно спадзяванне – на навуку, якая калісьці зробіць падобны апарат кішэнным. Раней бы такі хворы адносна бязбольна памёр...
 
Як ніколі востра паўстае этычная праблема эўтаназіі: ці мае хто права рабіць з чалавека расліну; ці мае хто права перапыняць жыццё чалавека нават у такім нечалавечым стане? Улічваючы, што цывілізаваны свет – гэта свет рацыяналістычны і ў "перспектыве” – без Бога, то, відаць, мала што будзе стрымліваць чалавецтва ва ўзаконенні эўтаназіі. Цяпер у прасунутых амерыканскіх клініках сумленна аб’яўляюць родзічам пра смерць мозгу пацыента і прапануюць падпісаць паперы на тое, каб яны падзяліліся органамі іх каматознага родзіча з жадаючымі.
 
Такім чынам, можна падрахаваць: нягледзячы на тое, што здароўе ёсць галоўнай умовай (прычынай, крыніцай) чалавечага шчасця/няшчасця, – само па сабе яно вельмі мала залежыць ад чалавека. Працэнтаў, скажам, на дваццаць. Правільны лад жыцця, абачлівасць, фізкультура, дасведчанасць у медыцыне – вось, бадай, і ўсё, што можа супрацьпаставіць чалавек агрэсіўнай прыродзе, асноўнай і канчатковай мэтай якой ёсць знішчэнне яго арганізма і энергетычная перапрацоўка дзеля новых формаў жыцця.
Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (28.12.2009)
Просмотров: 973 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024