Сайт Міхася Южыка Пятница, 26.04.2024, 06:39
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Марыя Верціхоўская: Спроба асэнсавання рамана Алены Брава «Менада і яе сатыры»

Раману «Менада…» забяспечана полюснасць чытацкага ўспрымання. Адны будуць абурацца; другія – спачуваць; трэція, уражаныя эрудыцыяй аўтара, манерай аповеду, мовай і асацыятыўнасцю твора, усклікнуць: «Брава, Алена!» Чацвёртыя – прыгладзяць валасы, каб не стаялі дыбам: такога яшчэ не бачыў! Нехта фыркне і загорне часопіс, але потым зноў разгорне, каб усё-такі дачытаць: чым жа такая вакханалія скончыцца? Нехта, упэўненая, што будуць і такія, разгневаны, патэлефануе і ў рэдакцыю, і нават аўтару. І скажа іншым: не чытайце – атрута. Адрэагуюць усе.
З усёй адказнасцю заяўляю: раман А. Брава валодае хітрай, на рэдкасць эфектыўнай функцыянальнай правакацыйнасцю. Аўтару ўдаецца зачапіць усіх: правільных і разбэшчаных, цнатлівых і пажадлівых, фрыгідных і юрлівых, шчырых і зайздрослівых, шчаслівых і няшчасных…
Крытыкі будуць высільвацца ў вызначэнні фенаменальнасці твора, сакрэту яго ўздзеяння на чытача. Раман «Менада…» з тых, у якіх ёсць што аналізаваць.
Ён не ўкладваецца ў пракрустава ложа аналітычнага алгарытму. Чытача, дарэчы, менш за ўсё будзе хваляваць і канкрэтыка жанру. Філасофскі? Сацыяльна-псіхалагічны з элементамі натуралізму? Сатырычны? Раман-рэпартаж?..
М.Палей, аналізуючы кнігу прозы «День без числа» Рамана Сенчына, назвала яе «рэпартажам знутры масы». Яна піша: «Он [аўтар] ведет свій гибельный репортаж изнутри (точнее, из нутра), но он не Иона во чреве кита: он – неотъемлемая частица общего фарша».
Алена Брава таксама вядзе свой прыватны рэпартаж «знутры масы», але не становіцца часцінай фаршу «нутра». Яна час ад часу выслабаняецца і «вынырвае» адтуль, каб адсапціся, глынуць свежага паветра і здаць свой забойны рэпартаж у набор. Аўтар дакладна ведае мэту сваёй «камандзіроўкі» ў «чэрава» масы: галаграфічна засведчыць сімптаматыку татальнага распаду асобы.
Аўтарскае непрыняцце ўсяго ўбачанага там, у чэраве, настолькі моцнае, што ўключае і мікразадачу – «дэтэктыўнае» расследаванне вынішчэння душы з мэтай устаноўкі факту «хто вінаваты».
Іона прабыў у чэраве кіта тры дні і тры ночы. Хроніка жыцця Юлі – менады пачынаецца нават не з дзяцінства. Чытач запомніць вобраз шасцігадовай Юлечкі, якая ўладкавалася на дыванку паміж ложкам маці ды балконнымі дзвярыма: «З-пад дзвярэй цягнула холадам, бо на вуліцы зіма, а дыванок стары ды пацёрты <…> У зале маці з нейкім новым дзядзькам утаропілася ў чорна-белы футбол, а мульцікі, яна ведае, ёй усё роўна не дадуць паглядзець». І не з таго пачынаецца, як Юлька была яшчэ ў матчыным улонні. Задоўга да таго Юліна мама, калі яшчэ сама была дзяўчынкай, выгнаная з маці на вуліцу п’яным бацькам, шукала ў начным небе сваю Зорку. Жыла з верай і перакананнем, што «ў яе ўсё будзе інакш, чым у бацькоў». Ёй, калі будзе паслухмянай дзяўчынкай, мама абяцала цуд: цуд Кахання.
Юлечка з’явілася на свет у выніку таго, што яе мама, калісьці мройная дзяўчынка, была вельмі «паслухмянай» і так мала шанавала сваё цела, што з радасцю дазваляла «выкарыстоўваць яго ў якасці пракатнага станка»
Лежачы на дыванку паміж матчыным ложкам і дзвярамі балкона, дзяўчынка ўжо вучыцца чытаць «у той час, як новыя і новыя мужчыны прыходзяць, каб пакарыстацца целам яе маці».
На дыванку паміж матчыным ложкам і дзвярамі балкона добра песціцца «тонкае пачуццё закінутасці». Яно і стане пульхнай глебай, на якую ўпадуць атрутныя зярняты і праз некаторы час закаласуюць пагібельнай выродлівасцю.
Аўтар выступае ў розных іпастасях: то следчага, то пракурора, то адваката, то псіхіятра, то журналіста, то назіральніка, то патолагаанатама загубленай душы. Аўтар пакутуе («і пісьменнікі адчуваць умеюць!») ад бяссілля змяніць што-небудзь у сцэнары, напісаным былой выдатніцай, пераможцай алімпіяд, якая англійскую мову ведала лепш за ўсіх у класе і паступіла-такі пра любоў да Афеліі ў інстытут замежных моў.
Знясілены Аўтар (так будзем яго велічаць, бо ў рамане ён – раўнавялікі Юлі-менадзе вобраз) урэшце зміраецца і пагаджаецца на адзіную даступную яму ролю храніста. Храніста жыцця адной з тых, якія, ператварыўшыся ў менад, «ашалелым гуртам бягуць за дарыльшчыкам ілюзій».
Шалёнаму бегу да прорвы спрыяе і бясконцая «псіхааналітычная Адысея»: «звычка да самакапання ператварае яе існаванне ў яшчэ больш пякельную пакуту».
Фіксуючы шалёны бег Юлі-Менады, Аўтар здзіўляецца, што яе гераіня і на працы «ўмудраецца ніводнага разу не выявіць прыхаванага ў ёй вар’яцтва».
Чытачу прапанавана прыватная гісторыя дзяўчынкі, якая, прагнучы Вялікага Кахання, звалілася ў бездань вар’яцтва – бездухоўнасць. Бяда ці віна? Аўтар лічыць, што бяда: «Без кахання яна зусім не ўяўляе, што рабіць з сабою, вось якая бяда». А можа, прычына ў банальнай пажадлівасці, якая стымулявалася і гіпертрафіравалася жорсткімі абставінамі і адпаведнымі «транквілізатарамі» ў выглядзе «адбітку жыцця» – кнігамі? У аснове чалавечых учынкаў – патрэбы. Імі вызначаецца і вобраз жыцця і спосаб мыслення – урэшце і лёс. Нехта запярэчыць: але ж сэнс нашага жыцця – не ў фізіялогіі! Ці трэба тое даказваць у пачатку трэцяга тысячагоддзя?! Але ці трэба сёння даказваць, што жывёльныя інстынкты ў чалавека не толькі ёсць, але ў некаторых (многіх? большасці?) яны дамінавальныя? Адзін з раздзелаў «Менады…» так і называецца: «Жывёліна, атручаная інтэлектам». У філасофскім кантэксце твора гэта не толькі аўтарская характарыстыка галоўнай гераіні, але і перыфраза. Такую моўную загадку няцяжка разгадаць. Магчыма, Юлечка і скарыстала свой інтэлект толькі на тое, каб «не выявіць прыхаванага ў ёй вар’яцтва».
Дзеля таго, а галоўнае – дзеля каго аўтар засведчыў хроніку пікіравання менады? Мяркую, для ўсіх, хто прапанаванае прачытае. Нехта абурыцца: але ж я – не менада! Навошта нармальнаму чалавеку вывучаць жыццяпіс звар’яцелага?! А менады пра сябе не чытаюць, калі ж і прачытае каторая, то ёй гэта ўжо не дапаможа. 
Галоўная заслуга А.Брава не толькі ў тым, што яна стварыла вобразы-тыпы, а ў тым, што ёй удалося стварыць сімвалічныя вобразы. У рэалістычным з элементамі натуралізму творы безліч сімвалічных вобразаў. Абураны і абражаны чытач успрыме іх як чарнуху, аўтарскую ж пазіцыю вызначыць як мізантропію. Некаторыя персанажы, як у прытчы, безыменныя: Матэматык, Дарагуша, Бык… У кантэксце твора сімвалічны сэнс набывае нават нейкая дэталь, «дробязь». Да прыкладу, люстэрка.
Некалі Юля спрабавала падарыць сваёй гаспадыні «навюсенькае люстэрка». Аднак гаспадыня замахала рукамі «з такім непадробным жахам, што ад нахабнага прыблуды давялося неадкладна пазбавіцца». Аўтар таксама робіць спробу даць чытачу люстэрка, хаця прадбачыць, што з такім жа непадробным жахам адмовяцца ад яго многія.
А.Брава так піша пра яшчэ адну бяду сваёй гераіні: «Бяда ў тым, што мая гераіня не можа глядзець праўдзе ў вочы». Ад канкрэтыкі пісьменніца падымаецца да абагульнення: «Людзі зусім не жадаюць ведаць праўду пра сябе <…> і таму з ахвотаю выдумляюць саміх сябе ды іншых».
Публіка на ляту хапае блінцы Данцовай і падобных. Публіку не ў стане ацверазіць нават цынічнае прызнанне той жа Данцовай, што яна падманвае. Наадварот, яшчэ ніжэй схіляюцца лохі перад тымі, хто дапамагае ім «выдумляць саміх сябе ды іншых»: «Честь безумцу, который навеет человечеству сон золотой!» Менады не здольныя хаця б пачуць довад, што цвярозы, ясны пагляд на рэчаіснасць варты большага, чым надзея і нават п’яніць весялей. Усведамляць жа такое ўвогуле не ў стане.
Менадства – разнавіднасць чумы і з’ява шматаблічная: у кожнага – свой ідал і свае сатыры. Гаворачы слэнгам, хто на што падсеў і пад якога быка падлёг. Тэкставай прасторы артыкула не хопіць, каб канкрэтызаваць такую выснову. Хто, скажыце, з чыстым сумленнем і пераканальна можа давесці (не каму-небудзь, а самім сабе!), што сказанае «на жаль, на розныя забавы я жыцця многа пагубіў», – не пра яго? У прапанаванага класікам няхай кожны канкрэтызуе слова «забавы» – сваім ідалам і атрымае персанальны дыягназ. Адны, як Юля-менада, у шаленстве імчаць праз лясы і горы да Вялікага Кахання. Другія апантанцы ідэяй перайначыць свет і асобнага чалавека. Трэція перакананы, што здольныя сваёй любоўю ашчаслівіць усё чалавецтва ці закалыхаць усіх дзяцей на прасторах цэлай імперыі. Іх мэта настолькі высокая, што з яе вяршыні не відаць, як бліжні пакутуе, на якога не хапіла і кропелькі іх любові – уся аддадзена чалавецтву. Плойме даўганогіх дзяўчатак увогуле ўбілі ў галовы, што ім наканавана ўратаваць свет адпаведнасцю стандартам 90:60:90. Гэта яшчэ тыя менады.
Ва ўсіх (такіх розных, часам полюсных) менад шмат агульнага. Усе яны рана ці позна далучаюцца да шматгалосага хору, каб выконваць адну араторыю: «За што?» І слухаць яе, хочаш не хочаш, давядзецца ўсім.
Вечнае пытанне, як і любая ідэя, не можа ўвайсці ў галаву чалавека без таго, каб ён не захацеў прыкласці яго да рэчаіснасці. Пытанні і праблемы адразу пры нараджэнні маюць форму. І гэтая форма ёсць дзеянне, учынкі. Безумоўна, адпаведныя ідэі. У ідэі дабра – свае. У ідэі зла – свае ж.
Жаласнае, душараздзіральнае «за што?!» сублімуецца ў рознае, але найчасцей – у зайздрасць і нянавісць. Абстрактныя паняцці, але выявы іх заўжды канкрэтныя. І пра тое таксама пераканальна паказана ў «Менадзе». Дазволім тут сабе толькі адну цытату: «Стаўшы пенсіянеркай, з кожным днём маці нібыта маладзее. Пры гэтым штосьці анамальнае адбываецца з яе мазгамі: яна адчувае сябе ўсё больш шчаслівай. Вось яна набірае нумар былой таварышкі па службе, у якой мужык ляжыць з інсультам. звоніць нібыта падтрымаць, а насамрэч – каб забяспечыць сабе прыток гармонаў радасці, эндарфінаў. Прастадушная сяброўка выплаквае ёй сваё гора. Галіна Іларыёнаўна спагадліва вохкае, трыумфуючы <…> Цяпер у маці ўвесь дзень будзе цудоўны настрой. Бачыць, як дрэнна іншым, – вось яна, адзіная надзейная крыніца шчасця ў гэтым свеце, крыніца, якая ніколі не вычэрпваецца! Для гэтага шчасця заўжды знойдуцца падставы, яго не адбяруць…»
Дарэчы, працытаваны фрагмент выдатна ілюструе яшчэ адзін фенаменальны эфект твора. Па-за кантэкстам рамана фрагмент – амаль голая публіцыстыка, а яна, як вядома (за рэдкім выключэннем!) зніжае, а то і касуе мастацкасць, бо патыхае маралізатарствам. У кантэксце ж твора гэты, як і іншыя да яго падобныя элементы, з’яўляюцца момантамі мастацкай анатоміі аналізу душы.
Аўтарскія заклікі і маралізатарства адсмоктваюць энергію на сябе, і чытач заўжды ратуецца ад такога вампірызму бар’ерам. Далучэнне ж да напісанага А.Брава можна параўнаць з рэакцыяй назіральніка за прафесійна, віртуозна праведзенай аперацыяй па выдаленні пухліны. Урэшце, назіраць, як прафесіянал (кім бы ён ні быў!) добра робіць сваю справу, заўжды захапляльна. У такі алгарытм укладваецца і рамяство Пісьменніка.
Нехта, прачытаўшы хроніку менады, для сябе вырашыць так: няшчасная жанчына, якой не пашанцавала, якая не сустрэла вартага яе і яе памкненняў, якую не заўважылі, не ацанілі… Колькі такіх без віны вінаватых! Ці трэба іх бязлітасна мянтуліць? Яны і так пакараныя лёсам. Вартым шчасця якраз і няшчасціць.
У прыватнай гісторыі з сімвалічным сэнсам А. Брава выявіла сваю пазіцыю. Сутнасць яе такая: шанс і цуд пасылаецца кожнаму. Ад кожнага патрабуецца толькі адно: заўважыць Цуд, быць падрыхтаваным да сустрэчы з ім. Думка не новая, ёй ужо трэцяе тысячагоддзе: «Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе» (Евангелле ад Матфея, 11:15). І яшчэ: «Дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы не бачаць, і чуючы не чуюць, і не разумеюць. І збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце, і вачамі глядзець будзеце, і не ўбачыце. Бо агрубела сэрца ў людзей гэтых, і вушамі цяжка чуюць, і вочы свае змежылі, каб не ўгледзець вачыма, і вушамі не пачуюць, і сэрцам не ўразумеюць, і не звернуцца, каб Я ацаліў іх» (там жа, 13: 13–15).
Гатоўнасць чалавека да сустрэчы з Цудам, відушчасць сэрца і чуйнасць душы пісьменніца вызначыла як «здольнасць нанізваць пацеркі быцця на нітку паўсядзёнасці». Юлечка-менада, «абсалютна пазбаўленая» такой здольнасці, увогуле не заўважае пацерак, «рассыпаных пад нагамі, і абыякава ўтоптвае іх у бруд».
А яе дэфармаванай псіхіцы мроя пра Вялікае Каханне не стасуецца з тым, хто «любіць яе цярпліва і аддана», ёй «патрэбна каханне трагічнае і нешчаслівае». Мары збываюцца! І трэба заўважыць, што дзеля гэтага Юлечка шмат пашчыравала. Яна нават штудзіравала, як некалі Цвейга ды Дастаеўскага, спецыяльную літаратуру кшталту «Бхагавад-Гіта» і «Як задаволіць мужчыну». Быкі-каханкі пасля кулінарыі кахання, старанна прыгатаванай Юляй па рэцэптах такіх кніг, адразу збягаюць. Каб не перашкаджаць ёй смакаваць асалоду ад таго, чаго яна так прагла: трагізму ды нешчаслівасці.
Сутнасць менадаў – пагарда да нормы, рэальнасці. Іх, як трапна заўважыла пісьменніца, «вада з-пад крана не задавальняе». Яны мараць пра глыток вады, якую «намагаюцца выцесніць з каменя». Нармальным людзям яны не пакідаюць аніякіх на ўзаеміны з сабой. Паколькі існуе вялікае мноства відаў і падвідаў менадаў, то і матывацыя ў кожнага віду свая. У Юлечкі, да прыкладу, такая: «Матэматыку далёка да кахання. І няважна, што ён называе жонку, «мая пацерачка», сам мые посуд, а па выхадных прыносіць Юлі ў ложак то яблык, то кубачак чаю. Затое ён так непрыгожа жмурыцца…»
З цэлага натоўпу менады вылучаюць тых, хто прастымулюе працэс «выціскання вады з каменя і давядзення жвіру да стану кіпення». І Юлечка пазнае і кінецца насустрач сваім партатыўным каханкам, бо ніхто з вылучаных ёй нават не памысліць пабрацца з ёй шлюбам, «ніхто не пакахае яе такую, якая яна ёсць! Матэматык – выпадковасць». Кожнаму з іх, акрамя, вядома, «выпадковага» Матэматыка, яна гатова аддаць сваё жыццё, мыць рукамі шкарпэткі Дарагушы, нават калі ён знойдзе грошы на пральную машыну, але ўсім ім «досыць яе геніталій» – «душа яе застаецца незапатрабаванай».
Расійскі пісьменнік А. Меліхаў у рамане «Чума» назваў пагарду да нормы і рэальнасці «сапраўднай чумой». Зачумленыя прыдумляюць нейкую гульню для сваіх, а ў яе ўцягваюцца і здаровыя…
Менады – з’ява масавая. Менады – гурт, натоўп. Нездарма ў «Слоўніку антычнасці» гэта слова тлумачыцца ў форме множнага ліку. Гэта толькі ўдалося адлучыць форму ад шалёнага гурту і зафіксаваць яе вар’яцкі бег «праз лясы і горы». У рэальнасці ні адлучыць ад гурту хаця б адну, ні тым больш спыніць шалёны бег гурту да прорвы немагчыма.
Некаторых чытачоў пакарабаціць і пісьменніцкая манера аповеду, пераважна здзекліва-іранічная, як у Л.Уліцкай, месцамі выкрывальная, як у Г.Шчарбаковай. Дарэчы, хто знаёмы з творчасцю расійскіх мэтрэс, атрымае праз «Менаду…» ад іх прывітанне. Аднак кропкі перасячэння ў творах – (Шурык Уліцкай, раман «Шчыра ваш – Шурык» – тая ж менада, толькі мужчынскага полу) – хутчэй сведчыць пра актыўнасць даследаваных імі праблем і падабенства аўтарскіх пазіцый, чым пра плагіят А.Брава. Што да манеры «мардабою», то гэта якраз той выпадак, калі мэта апраўдвае сродкі: часам, каб вывесці чалавека з шалу, шоку, прастрацыі, трэба даць яму па твары. Падобна да таго, што ўсе тры пісьменніцы бачаць сваю функцыю і ў тым, каб у выніку іх дзеяння ніхто не змог апраўдацца няведаннем свету і сваёй невінаватасцю.
Будуць і такія чытачы, якія абурацца месцамі размяшчэння «скульптурнай» групы А.Брава. «Менада…» – у «Маладосці»?! Мяркую, месца – выключнае. Менадам ужо не дапамагчы, не спыніць іх шалёнага бегу. Часавая ж прастора папуляцыі патэнцыяльных менадаў – якраз маладосць. Вось там яны гуртуюцца, іх слэнгам кажучы, тусуюцца. На такой прасторы ёсць сэнс здзейсніць спробу адлучыць ад гурту хаця б адну. У сістэме пазакласнай працы настаўнік пры жаданні знойдзе магчымасць прапанаваць маладым абмеркаванне, дыспут.
Мяне ж як чытача А. Брава здолела пераканаць: у прапанаванае ёю люстэрка не шкодзіць глянуць кожнаму. Кожнаму?! Так. У малітве да Святога Лекара Панцеляймона-пакутніка ёсць такія словы: «Прими смиренную мою молитву, грешнейшего паче всех человек…» Малітва – для ўсіх адна. Інтэрпрэтацыі малітвы ўвогуле і «грешнейшего паче всех человек» у прыватнасці – выключаны. Калі хочаш, каб нас пачулі. Выбар – за намі.

 

Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (25.12.2010)
Просмотров: 1457 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024