Сайт Міхася Южыка Пятница, 19.04.2024, 16:43
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Марыя Верціхоўская: «Эти лучшие кадры немого кино»
Спроба прачытання зборніка «Самая чароўная кветка»
(«Мастацкая літаратура», 2010 г.)
 
Асоб на не чапаць – выкрываць недарэчнасць.
Рымскі паэт Марцыяла
 
1. Пра крэда любові і «гармоны імпульсаў»
 
«Самая чароўная кветка» – чарговы зборнік серыі «Вера. Надзея. Любоў». Фаліянт. Бярэш у рукі – маеш рэч. Адразу напружвае чытача сваёй вагой і... адсутнасцю прадмовы, якой належала б быць у такога кшталту выдання. Як-ніяк, запрэжанае цугам прадугледжвае фарэйтара.
 
У кароценькай анатацыі на апошняй старонцы – канстатацыя таго, што «галоўная тэма кнігі – каханне...» Што ж, у такім фарватэры кожны чытач сам сабе лоцман. Да таго ж каханню няма азначэння: у кожнага яно сваё і яму адпаведнае: «от кочки до Казбека – в зависимости от человека». Схемы аўтарамі прапаноўваюцца самыя розныя. Ёсць сярод іх і такая: упершыню загаварылі, закурылі – секс.
 
Напругі запатрабавала і прачытанне фаліянта. Стала зразумела, чаму прадмовы да зборніка не магло быць апрыёры. Па той простай прычыне, што значная частка тэкстаў, сабраных пад адной вокладкай, мастацкімі не з’яўляюцца. Складнікам прадмовы як жанру з’яўляецца ўсё-такі аналіз. У зборніку ёсць і такое, што яму не паддаецца – няма чаго аналізаваць.
 
Такая выснова не залежыць ад сумнеўнага «я лічу». Патлумачу невялікай прэамбулай.
 
Ігар Запрудскі ў артыкуле «Горад і сейбіты ветру...» прааналізаваў два творы сучасных празаікаў, выверыўшы іх алгарытмам магічнага рэалізму. Артыкул цікавы і як узор інтэраналізу, асацыятыўнасці і, безумоўна, аргументаванасці высноў.
 
Што да алгарытму мастацкасці, то яго няма патрэбы нагадваць чытачу: паводле яго аналізаваліся, ім вывяраліся ў школе ўсе праграмныя творы. Вядома ж, сапраўдны твор не абавязкова адпавядае ўсім крытэрыям мастацкасці. Былі і такія аўтары, якія сваімі творамі, наадварот, ламалі, узрывалі некаторыя, – час жа вызначыў іх як шэдэўры.
 
У некаторых тэкстах «Самай чароўнай кветкі» адсутнічае абавязковы галоўны герой твора – мастацкая мова. Яна – выразнік індывідуальнасці і самабытнасці аўтара, яго творчай манеры і стылю. Аўтары зборніка добра ведаюць пра такую сваю ахілесаву пяту, таму штораз падчапурваюць штучную «дубовую» мову разнастайнымі прыгоствамі, натужнымі афарызмамі, эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі кшталту «ворвалась, как молния…засияла, как радуга». Марна! Прапанаваныя гісторыі кахання так і застаюцца гісторыямі пра тое, як «гормоны жизненных импульсов будоражили все его естество <…> Гормоны лишь ощущали рядом с собой красивое женское тело». Класік пра падобнае сказаў проста і на вякі: «Друг мой Аркадий, не говори красиво!» Чытачу ж хочацца ўсклікнуць словамі аўтаркі, але ўжо ў дачыненні да творчасці, а не да апісанага фізіялагічнага працэсу: «Но разве этим можно решить все проблемы?»
 
Не вырашаюцца аўтаркай праблемы творчасці ні апісаннем аргазму і стрыптызу, што аргазму папярэднічаў і яго стымуляваў, ні тым, што было пасля («на дрожащих от пережитого недавно оргазма ногах потащилась домой»).
 
Гераіні пакутуюць: «А в глубине ее глаз была щенячья тоска, размером с огромные блюдца» (?!). Пакутуюць. Але рэфлексаваць не здольныя. Адной з іх аўтарка дапамагае тым, што сама вызначае «кредо ее беспутной и своевольной любви» («Вряд ли она вообще читала. Вряд ли она что поняла») адным з пастулатаў... апостала Паўла: «Все мне дозволено, но ничего не должно управлять мною».
 
Перапрашаю, але ў Першым пасланні апостала Паўла да Карынфянаў пра ўмову вызвалення ад грэху сказана так: «Все мне позволительно, но не все полезно; все мне позволительно, но ничего не должно управлять мною». Паспрабуем асэнсаваць гэты евангельскі афарызм. Ці можа ён выяўляць «кредо ее [гулящей девки] беспутной и своевольной любви»?
 
Канкрэтны фрагмент сігналіць і пра, мякка кажучы, рэдактарскі недагляд. Аўтарам настолькі падабаецца імі напісанае, што ў тыя ж тлумачальныя слоўнікі не лічаць патрэбным заглянуць, а вось карэктары і рэдактары – абавязаны. Разгорнуць тлумачальны слоўнік і будуць узнагароджаны адкрыццём: слова «кредо» вызначаць слова «любовь» не можа і ім не кіруе. «Кредо любви» – нонсенс. Як і «гормоны жизненных импульсов» – таксама. Сёння ўсе апанаваны клопатам ужываць словы не дакладныя, а прыгожыя. Апостал Павел даводзіў пра крэда чалавека, які захоча змагацца з уласнымі грахамі.
 
«Пярлін» кшталту згаданых безліч і ў іншых тэкстах. Чаго вартая адна толькі «Дура», што пачынаецца эўрыстычным зваротам да чытача: «Вы когда-нибудь были беременны?» Відавочна, што аўтарка кіравалася парадай класіка: даць чытачу поўху. Толькі ён раіў гэта рабіць у канцы твора, а не ў пачатку. Як не пасмакаваць апісанне зрэнак гераіні, у якіх «летали чайки и шумел соленый прибой»! Урэшце, аўтарка адным загалоўкам выносіць вердыкт апісаным жарсцям: «Любовь, которой не было». На жаль, і твора таксама: напісанае такому азначэнню не адпавядае.
 
2. Звычайнае і выпадковае
 
Ва ўжо згаданым артыкуле І.Запрудскага слушна даводзіцца, што «публіцыстычнае маралізаванне дагэтуль застаецца ахілесавай пятой нашай прозы». Дадамо: і публіцыстычныя штампы таксама. Так адна аўтарка, пазіцыянуючы сваю гераіню як сапраўдную маці, апісвае яе мацярынскія клопаты, пасля якіх тая «с чувством выполненного долга буквально падала в постель, чтобы назавтра все повторить в той же последовательности». Падрабязна апісваецца і рэжым дня яе мужа. Ён толькі пасля полудня дабіраўся на працу ў НДІ і «когда голова побаливала, записывался в библиотеку, а сам шел в парк имени Горького на прогулку». Апісанне ж іх суседзяў нагадвае міліцэйскі пратакол: «с использованием ненормативной лексики обсуждали свои житейские дела».
 
А вось такая «лексіка» нагадвае ўжо сумнавядомыя характарыстыкі ці пратакол прафсаюзнага сходу: «Все эти непомерные тяготы жизни, в том числе и остановка завода, где она работала, заставили ее в сжатые сроки освоить новую, «хлебную», профессию – пекаря-кондитера. Так стала сражаться отважная женщина за тех, за кого была в ответе перед Богом – за детей и за своего беспечного мужа».
 
А вось фрагмент радыё- ці тэленавін (пры ўмове, што ў адпаведны час былі праўдзівыя): «Грошай на культурныя мерапрыемствы для сяла выдзяляецца ўсё менш і менш. Работнікі клуба сталі пераважна халтурыць пад прыкрыццём усялякай паказухі перад начальствам. Калгас знаходзіўся на мяжы развалу, і да моладзі яго кіраўніцтву не было ніякай справы».
 
Ала Латыніна ў артыкуле «Словарь как литературный жанр» («Новый мир», 2007, №6) таксама нагадвае банальную ісціну, што вызначальнай прыкметай літаратуры «з’яўляецца моўнае майстэрства». Адсутнасць толькі яе адной адразу выштурхвае напісанае з мастацкай прасторы. «Звычайнай», немастацкай мовай абслугоўваюцца толькі немастацкія гісторыі. Дарэчы, адзін з тэкстаў зборніка так і называецца: «Звычайная гісторыя».
 
Перадусім заўважым, што ўсе гісторыі, пакуль не апрацаваны майстрам, – звычайныя. Згадайма, што ўсе вялікія толькі тым і займаліся, што распавядалі гісторыі, якія станавіліся сэнсам мастацкага выказвання і забяспечвалі ўзровень мастацкасці і такі яе складнік, як займальнасць.
 
Так, Дастаеўскі ў лісце да Каткова (8 кастрычніка 1870 г.) пісаў: «А займальнасць я, да таго дайшоў, што стаўлю вышэй, чым мастацкасць». Ала Латыніна даводзіць, што займальны сюжэт не супярэчыць мастацкасці: «Гэта – адзін з узроўняў мастацкасці».
 
Геній (Джойс, Кафка, Платонаў) можа і пераскочыць такі ўзровень. Аднак жа геніяў мала, а літаратараў плойма. Апошнім варта было б адзначыцца на такім узроўні, а не ставіць сабе ў заслугу безнадзейную нудоту сваіх тэкстаў, маўляў, затое інтэлектуальна. І ў зборніку ёсць такія тэксты, аўтары якіх, мабыць, пераблыталі інтэлект з падсвядомасцю. У плыні апошняй нічога струменістага не бывае. Прадукт падсвядомасці цікавы яго вытворцу. Для ўсіх астатніх такое «злата» – «кысь», друз, смецце, не прыдатнае для ўжытку, месца якому – на сметніку.
 
Як жа аўтары адзначаюцца на ўзроўні займальнасці? Да прыкладу, дастаткова часта эксплуатуюць такую фігуру, як «трохкутнік». Прычым утвараюцца «трохкутнікі» на працы (ужо згаданая «Звычайная гісторыя», у транспарце («Крыжаванка»). З транспартам увогуле звязана шмат выпадковых сустрэч, якія, на думку аўтараў, павінны спружыніць сюжэт. «Выпадковая сустрэча», – так і называецца адна з гісторый.
 
3. Інструкцыя па напісанні вершаў
 
Варта адзначыць спробы аўтараў ажыўляць і падчапурваць сюжэты банальных, звычайных гісторый «прекрасной эротической сценой – лучшими кадрами немого кино». Фінал гісторыі, з якой працытавана «пярліна», такі, што галоўнаму герою мала не падалося, а «показалось, что стол раскололся, а смерч несостоявшейся любви закружил Кирилла по комнате, разбил окно и унес в другую реальность». Чытача ўразіць не толькі «смерч», але і адкрытасць фіналу: пасля яго герой ужо будзе існаваць «в другой реальности». Без страчанага кахання. Так яму і трэба. Так і належыць вучыць усіх, не здольных спасцігаць і цаніць «лучшие кадры немого кино». Хто – табе? Сам – сабе!
 
А вось герой адной са шматлікіх транспартных гісторый не другі дзень, дакладней – ноч, прапанаваў сваёй выпадковай спадарожніцы паўтарыць сексуальны вопыт, засведчаны ў «Залатым асле» Апулея (у першую ён так прадэклараваў свае жаданні: «Ірына, мілая, хачу цябе. Ну, не муч мяне...») Ірына паслухалася, не мучыла...
 
Усім чытачам – прывітанне ад Апулея. Яго «Асёл» уразіў героя яшчэ ў студэнцкія гады, вычытаны ім вопыт вярэдзіў, але паўтарыць яго не ўдавалася: «Ці ўласная жонка, ці партнёркі не ўмелі, ці ён сам не адпавядаў, але таго пачуцця, пра якое пісаў Апулей, не зведаў. І ён расказаў Ірыне, угаварыў паспрабаваць...» Атрымалася. Так героям, дзякуючы «Аслу» Апулея пашчасціла «разгарнуць вялікую кнігу кахання»: «І быў дзень. І быў вечар. І была ноч». Пасля ўсяго пералічанага сталі «пісацца вершы» (герой – паэт). Так у адзін з інтымных момантаў яго «непрыемна здзівіла пачуццё»: «не было ў яго добрага, моцнага верша пра каханне.
 
Перапрашаю за безліч цытат, але тэкст варты таго, каб разабраць яго на цытаты. Ну проста нельга ўтрымацца, каб не пасмакаваць яшчэ адну. Пасля першай жа ночы шчыравання над «вялікай кнігай кахання» паэт «адчуў – вершы проста распіраюць яго, як цеста дзежку». Мабыць, пра тое ж самае і «когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда!»
 
Чытач таксама ўзбагаціць сябе «адкрыццём»: вось, аказваецца, што патрэбна, каб вершы распіралі паэтаў, «як цеста дзежку». Чытач, канечне, ведаў пра Музаў, якія натхнялі паэтаў на шэдэўры, але каб вось так пераканальна яму пра тое давялі, – бадай, упершыню. Не забудзьма, што, акрамя музы, немалая заслуга ў творчым лёсе паэта яшчэ і «Асла». Чытаць кнігі варта.
 
4. Рукамі галава не кіравала
 
Увогуле, эратычных сцэн, «этих лучших кадров немого кино», безліч у зборніку. Спачатку нават падалося, што аўтары спаборнічаюць паміж сабой, хто ж створыць нацыянальны шэдэўр кшталту бунінскіх «Цёмных алеяў». А вось нам і прывітанне ад Буніна: сітуацыя, апісаная «Кепскай навеле» я-герою «нагадвала пачатак сцэнарыя якога-небудзь меладраматычнага кінафільма ці напаўбульварнага рамана, у лепшым выпадку – аднаго з цёмнапрысадных опусаў Буніна».
 
Прынамсі азначэнне надаецца да сітуацый, апісаных у многіх іншых тэкстах. І калі б яго даў у падобнай інтэрпрэтацыі крытык – аўтары абураліся б.
 
Некаторыя ж мізансцэны азадачваюць. Мяркуйце самі: «Яшчэ праз колькі крокаў няўрокам, зусім нечакана для нас абаіх, як у кепскай навеле, нашы рукі судакрануліся па ўсёй іх даўжыні ад локця да пальчыкаў, якія на момант неяк інстынктыўна былі перапляліся...» Уявіць такое магчыма хіба толькі ў акрабатычным нумары «Мінуты славы». Героі, прайшоўшы кастынг, маглі б паспаборнічаць са знакамітымі братамі Калуцкімі. Рэакцыя я-героя на «інстынктыўнае» – неадэкватная: «Мне стала непамысна, быццам я свядома ўчыніў нешта непрыстойнае». Ды нічога непрыстойнага, а вось неверагоднае – сапраўды. На хаду ці нават стоячы (хіба толькі спінамі адно да аднаго), такога ўчыніць проста немагчыма.
 
Назвамі ж опусаў аўтары быццам правакуюць чытачоў на кампліментарнае аспрэчванне уласных вердыктаў: «Звычайная гісторыя» – не, запярэчаць, арыгінальная; «Выпадковая сустрэча» – не, знакавая, невыпадковая; «Кепская навела» – не, шэдэўральная. «Дура» – не, інтэлектуалка. Праявім талерантнасць, пагодзімся з аўтарамі – ім відней.
 
5. Літары мовы цудаў
 
Іншыя аўтары завабліваюць чытача містыкай і дасведчаным вопытам Цуду. Што ўвогуле называюць цудам? Так Л. Уліцкая праз свайго героя Даніэля Штайна выявіла, безумоўна, і сваё разуменне: «исходя из моего опыта, я могу сказать: чудо узнается по той примете, что его творит Бог <…> У меня был личный опыт чуда как сверхъестественного добра». Чытач рамана «Даніэль Штайн, перакладчык» памятае, што вопыт цуду герой набыў у надзвычайным становішчы. Тройчы быў уратаваны ў сітуацыях, у якіх уратавацца было проста немагчыма...
 
«Чароўная знаходка» – гісторыя пра тое, як мройнае, падсвядомае стала явай. Ды такой явай, што гераіня шчыкала сябе за шчаку і прасіла тое зрабіць іншых, каб упэўніцца, што ява – не сон, як прарочыя папярэднія. Амерыканец з мільённым (у далярах!) выйгрышам стаў узнагародай жанчыне-гаротніцы за яе веру і любоў... да Бога. Вопыт цуду трансфармаваўся ў адкрыццё: «У Бога не трэба нічога заслугоўваць, Яго проста трэба любіць». Такім адкрыццём узбагаціла аўтарка чытача. «І што сказаць на гэта проці?» (Якуб Колас) Было б няблага, каб у такім разе быў яшчэ засведчаны і вопыт любові да Бога. А то ж неяк дэкларатыўна атрымліваецца: любіць – і ўсё! Як «трэба любіць» Бога? Знойдзецца чытач, якога найперш зацікавіць пытанне: да чаго такая любоў падключаецца, каб атрымаць такі ашаламляльны вынік? Да ўласнай душы? Зноў – праблема з праблем: такі «акумулятар» і сучаснымі празаікамі (яны ж – яе інжынеры!) маладаследаваны.
 
Уразіла «сціпласць» адкрыцця героя Уліцкай у параўнанні з «маштабамі» і загадкавасцю высновы гераіні «Чароўнай знаходкі»: «Тот, кого я встретил… долгое время разговаривал со мной именно на языке чудес. Но прежде чем научиться читать на этом языке, надо было научиться различать его буквы». Па сутнасці, асноўны змест рамана – пра тое, як герой вучыўся «различать его буквы», а потым і чытаць «на языке чудес».
 
Прынамсі пра Бога ў зборніку шмат. У Яго вераць, Яго любяць, з Ім размаўляюць. Размовы святых з Богам засведчаны ў малітвах, якімі карыстаюцца вернікі. Іншыя размаўляюць з Ім без пасярэднікаў – наўпрост, без аніякіх цырымоній. З Богам, як Хлестакоў з Пушкіным – на кароткай назе. Што з гэтага атрымалася – меркаваць чытачу.
 
6. Усё будзе добра
 
Генадзь Аўласенка напісаў займальную сучасную гісторыю, у аснове якой – казачнае. А казка, як даводзіў У. Дубоўка, «любіць небыліцы, хоць і праўды не баіцца». Займальная гісторыя і дала назву зборніку, каб, так бы мовіць, кіраваць успрыманнем чытача, якому з дзяцінства вядомыя іншыя чароўныя кветкі. Прапанаваная Аўласенкам – самая-самая...
 
Высцерагаюся вызначаць «Кветку» як рымейк. Ведаю, які казус вынік праз тое, што крытык назваў арыгінальныя сюжэты двух сучасных празаікаў рымейкамі: адзін – класічнага нацыянальнага, другі – уганараванага Нобелеўскай прэміяй. Казус у тым, што першы «абвінавачаны» якраз канкрэтны твор класіка ўвогуле не чытаў. Аўтар другога... Урэшце, для нашай гаворкі не істотна, як ад вердыкту крытыка атрасаўся другі «абвінавачаны».
 
Як чытач, а не крытык, мушу сказаць, што сюжэт «Самай чароўнай кветкі» нагадаў мне не толькі народную казку, але і «Камедыю» Каятана Марашэўскага. Сюжэт яе такі.
 
Селянін Дзёмка ў адчаі згадаў чорта, а той – цюк дзяцюк (па-руску «легок на помине»). З'явіўся і пачаў даводзіць Дзёмку, што ён сам вінаваты ў сваіх няшчасцях. А каб у тым Дзёмка пераканаўся, прапанаваў узнагароду, калі выканае ўмову. Лёгкай падалася яна Дзёмку, аднак небарака тройчы яе парушыў і прайграў чорту.
 
Аўласенкаўскі герой з «пройгрышам» не мірыцца і просіць бабульку даць яшчэ адзін шанс. Тая дае юнаку іншую кветку, якая ўжо не выконвае жаданняў, як першая, трохпялёсткавая. Яе, ружу, трэба проста «працягнуць» каханай: «І ўсё ў вас тады будзе добра, выдатна нават...»
 
І кветка здзейсніла цуд! Усё так проста?.. «Проста трэба любіць», як пастуліруе і аўтарка папярэдне аналізаванага твора? Усё-ткі адчуваецца ў магічна-рэальнай гісторыі Аўласенкі пэўны намёк: форма існавання любові – канкрэтная справа. Любіць – лёгка (нават усё чалавецтва, як даводзіў класік). Каб усё было «добра, выдатна нават», – давядзецца высільвацца. Здабыць ружу (юнак жа яе заслужыў добрым учынкам!) – толькі тады яна стане чароўнай. А ўжо пасля – застанецца проста «працягнуць» каханай... Што ж: «добрым молодцам урок», якому і належыць быць у рознага роду гісторыях. Як звычайных, так і незвычайных.
 
7. Нічога выпадковага
 
«Пасягаю на вялікае», – так у пачатку творчага шляху вызначыў сваё крэда А. Макаёнак. У зборніку ёсць творы, якія пасягаюць на канцэптуальнасць, а яна, прызнайма, для літаратуры – не дробязь.
 
Алесь Аляшкевіч і Алесь Ветах здзейснілі спробу асэнсаваць некаторыя трагічныя старонкі сучаснай гісторыі (Чарнобыльскую катастрофу і вайну ў Афганістане) як знак нацыянальнай бяды для нашага народа.
 
Творы ўражваюць трывожным пісьменніцкім усведамленнем таго, што ў часы катаклізмаў, войнаў, тэхнагенных катастрофаў гінуць (і ў тым найпершая трагедыя народаў) самыя лепшыя, самыя гордыя, самыя таленавітыя, самыя дарагія – вынішчаецца генафонд нацыі. Бо «ад усіх цяпер патомкі ёсць, ды няма адных – Страцімавых», як афарыстычна вызначыў сутнасць такога знаку бяды Максім Багдановіч.
 
У добрым творы нічога выпадковага не бывае, нават выбар аўтарам імёнаў для сваіх герояў не выпадковы.
 
Не даляцеў да сваёй каханай герой Ветаха – Максім, бо «крылы [былі] сціснуты абручамі суровых абставін. Праз тое не змог і ўратаваць сваю каханую – Свет-Свеціка», як пяшчотна называў яе ў сваіх лістах. «Каралеву прыгажосці», што загінула ўжо без Максіма, пахавалі ў вясельнай сукенцы...
 
Заўважым тут: чамусьці імя Багдановіча найчасцей эксплуатуецца многімі аўтарамі зборніка. Як згаварыўшыся, героі згадваюць пра яго, цытуюць яго вершы, пяюць яго песні... У апавяданні Ветаха няма такіх алюзій, аднак багдановічаўскія рэмінісцэнцыі відавочныя. Яны на ўзроўні менавіта канцэптуальнасці, таму і выконваюць сваю мастацкую функцыю.
 
8. Аднак...
 
Добры твор, акрамя іншых згаданых прыкмет, – гэта яшчэ і генератар інтэрпрэтацый, часам узаемавыключальных.
 
Неадназначнасць твора і вобразаў, дакладней – іх шматзначнасць, і ёсць гарант незвядальнасці, а па вялікім рахунку – мастацкасці. Гэта ўжо стала аксіёмай культурнай свядомасці.
 
Сярод мастацкіх тэкстаў зборніка творы А.Брава, Н.Маеўскай, С.Трахімёнка, А.Федарэнкі, І.Шатыронак, М.Южыка – такія творы, якім гарантавана неадназначнасць чытацкага ўспрымання. Колькі будзе ў гэтых твораў чытачоў, столькі ж будзе і варыянтаў прачытання; магчыма, узаемавыключальных. Пасля іх прачытання застаецца тое «послевкусие», якім вызначаецца эфект уздзеяння, што прынята называць словам «зачапіла». Шчыра кажучы, мяне як чытача такога кшталту творы і цікавяць. Каб натрапіць на іх, нават не шкадую патрачанага часу на тыя, якія да ўсяго яшчэ і псуюць характар...
 
І крытыкам твораў згаданых аўтараў, мяркую, будзе што аналізаваць, будзе пра што паспрачацца. Няхай ужо яны вызначаюць, ці ўзяла, да прыкладу, А.Брава аповесцю «Мой бязлітасны воін» планку, узнятую «Менадай...» Што б пра тую ж «Менаду...» ні пісалі, што б ні гаварылі, мной, шараговым чытачом, яна ўспрымаецца як з’ява ў сучаснай прозе. Прадметам мастацкага даследавання ў даследчыцы розных фобій ёсць тое, што выклікае неўразуменне. Можна з поўным правам сказаць не толькі пра галоўную тэму яе творчасці, але і пра скразны вобраз маці. Усё напісанае А.Брава ўражвае, вярэдзіць душу, аднак шматлікія варыянты аднаго вобраза ашаламляюць пафасам адмаўлення зла, сканцэнтраванага ў ім і сфакусаванага на ім...
 
9. «Народ не ходзіць у рэстараны...»
 
Меркавалася падсумаваць напісанае ўласцівай рэкламнаму роліку катэгарычнасцю: творы могуць быць розныя, мова – толькі мастацкая.
 
Аднак колькі дзён таму завітала суседка, аматарка дамскіх раманаў. Убачыла на стале зборнік. Завабленая назвай і шыкоўнасцю выдання, папрасіла ўзяць пачытаць. Не ўсё яшчэ прачытала, але пры сустрэчы захоплена казала якраз пра некаторыя тыя творы, ад якіх я эстэтычнай асалоды не атрымала ці якія ўвогуле псавалі мой характар. У адказ на маё мармытанне пра мастацкасць як секанула:
 
– Ат, кіньце! Самі ж казалі: народ не ходзіць у рэстараны – народ харчуецца ў чайной!
 
– Гэта Ніл Гілевіч сказаў...
 
– Не важна – хто: сказаў як звязаў.
 
 
Марыя Іванаўна Верціхоўская – аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў, якія ў першую чаргу адрасаваны настаўнікам і школьнікам. Яна даўно і мэтанакіравана працуе на нашу нацыянальную школу, клапоціцца пра метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу якаснымі распрацоўкамі ўрокаў. Яе кнігі і публікацыі запатрабаваны настаўнікамі краіны, карыстаюцца папулярнасцю, што сведчыць пра несумненны аўтарытэт і прафесійную кампетэнтнасць аўтара.
                                                  Бельскі А.І.
                                        доктар філалагічных навук, прафесар
                                        (з прадмовы да кнігі «Урокі літаратуры: пошук і творчасць»)
Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (10.07.2010)
Просмотров: 1801 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 2
2 NORAD  
0
У яе яшчэ ёсць вялізны артыкул пра Вашу "Менаду...", які адхіліла "Настаўніцкая газета". На жаль, не ў эл. варыянтце, а ў сшытку. Учора дамовіліся, што, калі рукі дойдуць, вазьму ў яе гэты і яшчэ некалькі вострых артыкулаў, набяру і апублікую.

1 Алена Брава  
0
Дзякуй за тое, што выклалі, спадар Міхась

» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024