Сайт Міхася Южыка Вторник, 20.11.2018, 03:01
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 86

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Структура эмацыйных патокаў
Сістэма ўзаемаадносінаў у чалавечай супольнасці – вось, бадай, самае кароткае вызначэнне слова "культура” з тых, якія магчыма даць. Але даўшы такое вызначэнне, мы немінуча сутыкнёмся з шэрагам пытанняў, які патрабуюць удакладнення гэтага тэрміну. Напрыклад, што разумець пад паняццем супольнасць? Наколькі гэтая супольнасць шырокая? Сям’я, вёска, горад, дзяржава, рэгіён, чалавецтва? Дапусцім, культура народа – гэта ўзаеміны паміж адзінкамі ўнутры дзяржавы. Але тады: ці не ёсць культурай узаеміны гэтай дзяржавы з суседзямі? Гэта таксама культура дачыненняў, як ні круці. Таму не будзем сцінаць культуру рэгіянальнымі прынцыпамі. Бо ясна, што на гэтай зямлі кожны індывідуум наўпрост ці ўскосна залежыць ад кожнага, ці хаця б мае гэты патэнцыял залежнасці. А таму любы чалавек мусіць падпарадкоўвацца ўсталяванай сістэме ўзаемаадносін, калі казаць шырока, з усім чалавецтвам.
 
Калі нехта занядужае на адным канцы зямнога шара на хваробу, выкліканую небяспечным вірусам, то насцярожваецца ўсё чалавецтва, а праз яго – любы разумны індывідуум цывілізаванага свету. Таму што праз сродкі камунікацыі (найперш, аэрафлот) вірус можа быць хутка перанесены на другі канец свету. Гэта адно. А па-другое, яшчэ значна хутчэй – праз інтэрнэт, тэлевізар, радыё – трывожныя весткі пра магчымую небяспеку абляцяць увесь свет.
 
Цывілізацыя, якую мы аналізавалі ў папярэдніх раздзелах, мае сваёй асноўнай задачай паляпшэнне якасці суіснавання. Культура ж – паняцце намнога шырэйшае, бо ўлучае ў сябе таксама і бескультурнасць. Напрыклад, у нармальнага чалавека ў нармальнай шматдзетнай сям’і, у трохпакаёвай кватэры, пражывае дваццаціпяцігадовы сын – гераінавы наркаман. На іголцы ён сядзіць ужо гадоў пяць і зрабіўся абсалютна неадэкватным, асацыяльным, непрацаздольным. Наркаманы існаваць паасобку не могуць, а таму да сына ў кватэру цягаюцца дружкі і сяброўкі, наладжваюць перыядычна оргіі, а калі няма на што купіць дозу – выносяць з падачы сына рэчы прама з кватэры і прадаюць. І галаве сям’і, бацьку, трэба неяк – хоча ён таго ці не – будаваць узаемаадносіны са сваім прапашчым сынком і гэтым бескультурным быдлам, што да яго цягаецца. Назваць гэтыя ўзаеміны цывілізаванымі, культурнымі – як бы і язык не варочаецца. І тым не менш – гэта складнік нашай культуры.
 
У нейкім архаічным грамадстве, напрыклад з племянною структурай, размова б з такім сынком была вельмі кароткая. Правадыр племені сам бы крута з ім разабраўся, выдаліўшы яго з супольнасці як ракавую пухліну, каб не паела яна ўвесь арганізм. Нават у бацькі тут бы ніхто не пытаўся. Асацыяльныя элементы караліся ў старадаўнія часы жорстка, бязлітасна: у лепшым выпадку выганяліся, у горшым – караліся публічнай лютаю смерцю (каб астатнім непанадна было).
 
У нашым жа цывілізаваным грамадстве бацька, галава сям’і, мусіць лічыцца з законам, які гарантуе сыну не тое што жыццё, а нават недатыкальнасць. Сын прапісаны ў той кватэры і яго адтуль па законе не вытурыш. Лячыцца не жадае – і яго прымусова ў лякарню не запраторыш, а калі запраторыш, то рана ці позна ён адтуль усё адно выйдзе і пачне нанова сямейнікаў мардаваць. Сын выносіць рэчы з кватэры – тэарэтычна яго можна прыцягнуць за гэта да крымінальнай адказнасці. Практычна ж такое ажыццявіць вельмі цяжка, мала хто судзіцца з сынам, які прадае рэчы з кватэры для дозы. Цяжка будзе даказаць, што ён ва ўкрадзеную рэч ні капейкі не ўклаў. Акрамя закона, бацька мусіць лічыцца з традыцыяй як свайго народа, так і з рэлігійнымі нормамі народа, са звычаямі сваёй сям’і. У цывілізацыі, пабудаванай на хрысціянскай маралі, неяк не заведзена пазбаўляць роднага сына куска хлеба, выганяць яго з дому, праклінаць, судзіцца з ім за тое, што ён есць твой хлеб і падобнае. Не зразумеюць суседзі, саслужыўцы, родзічы.
 
Тут мы маем справу з няроўным прынцыпам узаемінаў. Сын у дачыненні ўсёй астатняй сям’і паступае як поўнае бескультурнае быдла – робіць іх жыццё пеклам, дзеля дозы гатовы іх з торбай па свеце пусціць, падпаліць хату, а то і пагражае самагубствам, калі маці не дасць яму грошай на дозу. Сямейнікі ж, людзі адэкватныя і законапаслухмяныя, мусяць ставіцца да свайго дэградаванага сына па законах цывілізацыі. Выходзіць, што цывілізацыя, традыцыя, рэлігія ў дадзеным выпадку, хоць і ўскосна, патураюць загане сынка-наркамана. Крануць яго ўсур’ёз, змяніць у ім нешта магчымым не ўяўляецца. Кватэра, сямейнае жыццё робяцца для нармальных людзей катавальняю, пеклам з-за аднаго вырадка, які законна там пражывае і законна водзіць туды сяброў.
 
А вынікі могуць быць самыя скрушныя. Напрыклад, сынок і сябрукі, ачмураныя кайфам, сярод белага дня згвалцяць малодшую сястру, якая старанна рыхтавала ўрокі. Бацька, даведаўшыся, у стане афекту замалоціць сынка жалезнай арматурай да смерці. Маці, даведаўшыся, памрэ ад інфаркту. Бацьку пасадзяць у турму. Сястра застанецца сіратой са зламанай псіхікай... Жах. Але гэта яскравы прыклад, да чаго могуць давесці сямейныя ўзаеміны ў нашым цывілізаваным свеце. І ніхто як быццам не вінаваты, акрамя сынка-наркамана. Дый ён вінаваты часткова, бо наркаманія – цяжкая хвароба, чалавек сабой мала валодае. У выніку, уцягнутыя ў сістэму ўзаемаадносін, пакутуюць і паміраюць некалькі нармальных людзей. А маглі б жыць шчасліва, калі б выдалілі сынка-наркамана як шкодны элемент з сям’і, соцыуму. Зрэшты, шчасце было б адносным, паколькі і бацька і маці заўсёды памяталі б, што выгналі сына з дому ці пасадзілі яго ў турму. А гэта непазбежна атручвала б ім жыццё да самай магілы. Вось што такое сістэма ўзаемаадносінаў, пад якой разумеем культуру. І вось чаму культура для чалавецтва мае найважнейшае значэнне і чаму яно, чалавецтва, спакон веку намагалася абараніць свае адзінкі і грамадства ў цэлым ад сітуацый, падобных на тую, што мы апісалі.
 
Патавых, катастрафічных, непрадказальных, пакутлівых сітуацый, іх варыянтаў, можа быць безліч. І культура чалавечых узаемадачыненняў павінна ўсе іх скампенсаваць – так, каб яны прыносілі найменш праблем соцыуму.
 
На вышэйпрыведзеным прыкладзе бачна, што сын, хворы на наркаманію, і ўсе астатнія сямейнікі бытуюць у межах эмоцый, грамадскага закона, сямейнай традыцыі, рэлігіі. Бачна таксама, што грамадскі закон у дадзеным выпадку нікога з іх не ратуе ад шматлікіх пакутаў, а толькі заганяе ў тупіковую сітуацыю. Бо закон не дае магчымасці пазбавіць сям’ю ад яе цяжкага крыжа. Сын, паўторымся, жыве ў кватэры, прымае наркотыкі і водзіць да сябе сяброў законна. Выдаліць яго адтуль амаль немагчыма. (Сямейная традыцыя і рэлігія, у прынцыпе, гэтага таксама не вітаюць.) Закон не дае і магчымасці прымусова вылечыць наркамана, дый наркаманію, па вялікім рахунку, можна вылечыць толькі праз унутранае перакананне пацыента, чаго зазвычай няма.
 
Такім чынам, ніводзін з механізмаў рэгуліроўкі існага соцыуму не дае сямейнікам паратунку, а сітуацыя непазбежна хіліць іх да катастрафічнай развязкі. Таму самая рэальная і, як бы гэта жорстка ні гучала, прымальная развязка для сямейнікаў – смерць сына ад гераінавай залежнасці, гераінавыя наркаманы ў сярэднім жывуць пяць гадоў. Бацькі нават адно аднаму прызнацца баяцца, што чакаюць менавіта такой развязкі, якая вызваліць іх і сына ад пакутаў. Але развязкі часцяком бываюць не самыя мяккія.
 
А што ж можа выратаваць соцыум, сям’ю ад такіх сітуацый? Закон, нават калі б у ім было прапісана прымусова лячыць наркаманаў, алкаголікаў і вар’ятаў, мала што памяняў бы, а толькі крыху зменшыў напругу. З псіхушак і спецыялізаваных клінік у рэшце рэшт вяртаюцца. Як і з турмаў.
 
Праблема мусіць вырашацца лячэннем яе кораня. Тут уступаюць у сілу два іншыя механізмы рэгуліроўкі – традыцыя і рэлігія. Традыцыя ідзе з глыбінь стагоддзяў, і паколькі соцыум дажыў да нашых дзён, то відавочна, што традыцыя сама па сабе – надзвычай здаровая і дзейсная сіла. І ўсё гэтае выхаванне ў духу традыцыі – не пустыя словы. Што такое выхоўваць у духу традыцыі? Гэта, як мінімум, з немаўлячага ўзросту вучыць паважаць старэйшых. А таксама паважаць спакой сваіх блізкіх, не перавальваць свае праблемы на іх, з хворай галавы на здаровую, лічыцца з іхнімі інтарэсамі. Гэта выхаванне не толькі фізічнай і псіхалагічнай неабходнасці працаваць, але і працаваць з любоўю да працы. Таму што заняты, улюбёны ў стваральную працу чалавек – гэта сам па сабе здаровы сацыяльны элемент, мала схільны да злачынстваў, наркаманіі ды алкагалізму. Менавіта ў часы заняпаду Традыцыі надараюцца абвальныя парушэнні раўнавагі соцыуму. У традыцыйнай, архаічнай сям’і крайне рэдка здараліся сітуацыі, калі малады дзяцюк сярод белага дня не працуе, а валяецца ў кватэры пад наркатычным дурманам, калі ён водзіць туды хаўруснікаў, якія нахабна парушаюць спакой і ўклад сям’і. У традыцыйнай сям’і цяжка не паслухацца бацьку, які адначасова з’яўляецца яе карміцелем і кіраўніком.
 
Цяпер жа, з прычыны таго, што выжываць на зямлі для цывілізаванага чалавецтва стала не надта складанай задачай, праз усялякія сацыяльныя службы і грашовыя дапамогі, заразу лібералізму, утварылася маса асацыяльнага элемента, якая даўно перасягнула крытычную меру. Грамадству стала прасцей плаціць лайдакам грашовыя дапамогі, каб яны не толькі не памерлі з голаду, а нават мелі на алкаголь, тытунь і забаўкі, – чым спрабаваць забяспечыць іх працоўнымі месцамі. Калі ж гэтых лішніх людзей яшчэ і не забяспечваць сродкамі для існавання, то будзе зусім кепска: яны пойдуць красці і рабаваць, каб пракарміцца. Цывілізацыя міжволі стварыла замкнёнае кола: з аднаго боку, цяжка загрузіць усіх членаў соцыуму працай; з другога, выкормліванне дармаедаў спараджае шэраг сацыяльных праблем – не занятыя карыснай дзейнасцю, сытыя, яна ўпадаюць у наркаманію і алкагалізм, становяцца патэнцыйнымі злачынцамі, разносчыкамі псіхалагічнай і фізічнай заразы, якая разлагае соцыум. Акрамя таго, адсутнасць у апошнія дзесяцігоддзі шырокамаштабных войнаў не дазваляе спусціць "гнілую кроў”, войны, як мы паказалі вышэй, адначасова і ачышчаюць і аздараўляюць грамадства.
 
Адыход ад Традыцыі, такім чынам, нічога добрага не нясе. Заўважым адначасова, што ў Традыцыі караняцца і два іншыя складнікі сацыяльнай рэгуліроўкі – закон і рэлігія, якія закліканы адно аднаго дапаўняць. Прасцей: ёсць сітуацыі, пры якіх закон неэфектыўны. І ёсць у той жа час індывідуумы, на якіх можна ўздзейнічаць толькі праз строгі і няўмольны закон, мараль ім да лямпачкі. Рэлігія, мараль прышчэпліваюцца з дзяцінства. Паважаць жа закон, як правіла, пачынаюць толькі ў свядомым узросце. Таму культуру неабходна разглядаць як адзінае цэлае, і дзяленне яе на складнікі будзе вельмі ўмоўным. Юрыспрудэнцыя, навука, эканоміка, медыцына, мастацтва, рэлігія – гэта ўзаемадапаўняльныя часткі аднаго цэлага, якія маюць, па вялікім рахунку, адзіную мэту – рэгуляваць соцыум у адпаведнасці з асаблівасцямі псіхафізічнай прыроды чалавека. Усе гэтыя складнікі спрабуюць прымірыць, знайсці паразуменне, гарманізаваць жывёльную і духоўную прыроду людзей. Калі ў жывёльным свеце рэгуліроўка супольнасцяў адбываецца стыхійна і выключна метафізічна, то ў свеце людзей у творчым працэсе нармалізацыі соцыуму ўдзельнічаюць самі людзі – іх індывідуальнае і калектыўнае Свядомае. Зрэшты, у калектыўным свядомым таксама выразна праглядаецца метафізічнае, і бадай, толькі яно. Калектывам кіруе стыхійны пачатак, хаця на чале вызначальных ідэй стаяць разумовыя адзінкі, праз якія гэтыя ідэі прыходзяць і ажыццяўляюцца. Пытанне, адкуль гэтыя ідэі прыходзяць і ці з’яўляюцца яны ўласцівасцямі канкрэтных індывідуумаў, мы разглядалі даволі падрабязна і дэталёва ў раздзеле "Кропка рашэнняў поля душы”.
 
Культуру можна яшчэ ахарактарызаваць як кіраванне патокамі эмоцый соцыуму. Людзі жывуць эмоцыямі. Усё, што адбываецца ў свеце, вакол нас – найперш адбываецца ў нашай галаве. Мы бачым карцінку, заснаваную на нейкай Рэальнасці, але ўспрымаем яе па-рознаму. І маем паняцце аб тым, што ёсць рэальным, а што ёсць нашымі домысламі і хімерамі, толькі праз супастаўленне сваёй карцінкі ў свядомасці са звесткамі пра гэтую карцінку ад іншых, пажадана шматлікіх індывідуумаў. Як правіла, чалавек супадае ў сваіх уяўленнях пра Рэальнасць з астатнімі членамі соцыуму, мяркую, адсоткаў на 80. Але цалкам не супадае ні з кім. Нават калі б меў справу са сваім клонам.
 
У той жа час існуе невялікі адсотак індывідуумаў, якія супадаюць з сярэдняй масай у сваім успрыманні рэчаіснасці адсоткаў на 20, а то і менш. Гэта людзі, як той казаў, мяшком удараныя: усялякія ціха і буйна памяшаныя, а таксама геніяльныя паэты, мастакі, музыкі, навукоўцы, палкаводцы і г.д. Унутраны свет Напалеона, Македонскага, можна здагадацца, быў мала падобны на ўнутраны свет іхніх сучаснікаў. Гэта былі людзі, апантаныя звышідэямі, якія засланялі ад іх нармальнае ўспрыманне рэчаіснасці, сілкавалі іх і зыначвалі ўспрыманне свету, нібы наркотыкі. Тое самае можна сказаць пра апосталаў Хрыстовых і амаль пра ўсіх першахрысціян: нармальны чалавек не пойдзе на пакуты і смерць дзеля адцягненай ідэі; але рэч у тым, што для іх іншасвет, духоўны свет, вобраз уваскрэслага Збавіцеля былі самымі што ні ёсць рэальнымі.
 
Успрыманне рэчаіснасці экстрасэнсам, абывацелем і алкаголікам – прынцыпова розныя. Агульныя яны толькі ў непарыўных законах матэрыяльнага свету. І экстрасэнс, і абывацель, і алкаголік, рухаючыся ў бок сцяны, абавязкова ў яе ўпруцца, а ідучы на яму – у яе праваляцца. Менавіта фізіка, хімія, біялогія, сацыяльныя законы трымаюць чалавецтва ва ўпэўненасці, што ёсць нейкая адзіная для ўсіх, і не залежная ад успрымання індывідуумаў Рэальнасць.
 
Але ж чалавек успрымае гэтую рэальнасць пачуццямі, эмоцыямі, якія ўспыхваюць у яго розуме. Ад таго, наколькі гэты розум развіты, тонкі, своеасаблівы ці, наадварот, шараговы і ардынарны, залежыць карцінка рэчаіснасці ў люстэрку нашай душы. Ёсць хваробы, калі чалавек амаль не адчувае болю. Дакрануўшыся да гарачай патэльні, ён не адшмаргне руку. Але ж у выніку будзе мець нашмат больш праблем у параўнанні з тымі, хто нармальна адчувае апёкі і раны. Не адшмаргнуўшы руку, ён можа спаліць яе да мяса, косці і атрымаць заражэнне. Нехта бачыць свет без колераў (дальтонікі), а нехта зусім яго не бачыць, або не чуе.
 
Адзін чалавек рыдае над кнігай, пралівае слязу ад музыкі, што кранула яго душу. Іншы ж толькі ад гэтага пазяхне і перавернецца на другі бок. Але назаўтра той, хто спагадаў кніжным героям і плакаў ад музыкі, акажацца нячулым да гора блізкага чалавека. А той, хто пазяхаў ад вытанчанай музыкі, успрыме боль блізкага як сваю, прыйдзе ў стан афекту. Хто з іх больш нармальны? Напэўна, другі.
 
Ёсць людзі, і іх нямала, для каго свет уяўленняў, хімер, тэкстаў, формул, гукаў – ёсць самая важная рэальнасць, у якой ён жыве. Сапраўднасць жа, побыт, сям’я іх мала кранае. А ўсё таму, што і сапраўднасць і хімеры – найперш карцінкі ў свядомасці. Карцінкі хімераў для такіх людзей важнейшыя за карцінкі скупой рэчаіснасці. Рэчаіснасць сама па сабе бедная на эмоцыі, прынамсі на эмоцыі станоўчыя і высокія. Усё вытанчанае, чым карыстаецца чалавецтва ў плане эмоцый, – гэта прыдумкі, якія мала ўплываюць на матэрыяльнае выжыванне яго індывідуумаў. Нават пошлы абывацель, якога найперш цікавіць задавальненне інстынктаў голаду і працягу свайго роду, пастаянна ўпрыгожвае сваё жыццё створанымі рознымі дзівакамі хімерамі: музыкай, літаратурай, кіно, тэатрам, тэлевізарам, мабільнай сувяззю, інтэрнэтам і г.д. Ён успрымае ўсё гэта як тое, што падае з небе. А між тым для выжывання чалавека як віду ўсё гэта не надта патрэбнае. Чалавек доўгія тысячагоддзі жыў у пячорах і мог бы гэтак працягваць па сённяшні дзень, бо знаходзіўся, як кожны жывёльны від, у раўнавазе з прыродаю. І нават знікні ён як від – якая справа прыродзе да гэтага, калі ў яе безліч запасных варыянтаў і калі ён ніколькі не больш каштоўны, чым астатнія?
 
Але чалавек разумны несумненна вылучаны прыродай з яе біялагічнай масы. І несумненна жыве прынцыпова не так. У яго як быццам непатрэбным баластам прысутнічае лішак псіхічнай энергіі, які пастаянна трэба кудысьці збываць. Гэты лішак не патрэбны для выжывання віду. Ён выкарыстоўваецца на паляпшэнне якасці жыцця. Але і паляпшэнне гэтае досыць умоўнае, таму што ацэньваецца акурат праз гэты самы лішак. Няма лішку псіхічнай энергіі, няма самасвядомасці, як у жывёльным свеце, – і ўсім усё роўна. Несвядомыя віды жывуць і не заўважаюць, якія яны няшчасныя, што не маюць навукі, медыцыны, сродкаў камунікацый і высокага мастацтва. Пытанне: навошта ляцець праз увесь свет на чэмпіянат па футболе, каб паглядзець, як там нехта бегае і ганяе гумавы шар, калі ў сваім бярлогу я сыты і рыхтуюся ўпасці ў звыклую спячку. На якое ліха мне самалёты?
 
Усё ж трэба прызнаць, што лішак энергіі скарыстоўваецца людзьмі не адно для аздобы жыцця. Ён чынна ўдзельнічае таксама ў размеркаванні зямных дабротаў. Людзі кемлівыя, таленавітыя, разумныя, неардынарныя часцяком (але не заўсёды) займаюць у цывілізаваным грамадстве вышэйшыя пазіцыі, чым не кемлівыя, не таленавітыя і шараговыя. Бо неардынарнасць – гэта яркасць індывідуума, якая наўпрост выкарыстоўваецца ў натуральным адборы. Паспяховы рэжысёр, акцёр, мастак, літаратар, музыкант – заўсёды ў цэнтры ўвагі, парадкам зарабляе грошай, а значыць, да яго будуць ліпнуць прыгажуні і ён атрымае магчымасць іх выбіраць, перабіраць, мяняць, заводзіць цягам жыцця некалькі сем’яў, ашчасліўліваць некалькіх нашчадкаў і г.д. Гэта важны рухавік і стымул для творчага чалавека, не адной высокай ідэі ён служыць. Але пра тое пагаворым пазней, у раздзеле пра мастацтва.
 
Цяпер жа варта вярнуцца да рэгуляцыі патокаў чалавечых эмоцый, якімі займаецца культура. Паўторымся, што любая з’ява жыцця выклікае ў жывога чалавека спектр эмоцый. Прычым рэакцыі на адну і тую ж падзею ў людзей вельмі розняцца. Пры ўсім тым, калі чалавек прачытаў верш і пусціў слязу, і калі чалавека лупцуюць бізуном і вешаюць на дыбу – для мозгу, у плане механікі працэсаў, гэта адно і тое ж. Выпрацоўка натуральнага наркотыку праз каханне, экстрым, задавальненне славалюбства і ўвядзенне ненатуральнага наркотыку ў арганізм (тытуню, марыхуаны, какаіну, гераіну) мозг успрымае амаль аднолькава і да гэтага прывыкае. Мы разглядалі гэтую праблему вышэй, але не шкодна паўтарыцца ў дадзеным кантэксце, што натуральная наркаманія лягчэй пераносіцца арганізмам, дый нічога страшнага і злачыннага няма ў тым, што нейкі чалавек стане наркаманам кахання або экстрыму. Ну будзе ён мяняць пастаянна палавых партнёраў, ну стане па гарах лазіць ці пад ваду ныраць – то хай кахаецца і дурэе да скону. Прыродзе, па вялікім рахунку, гэта выгадна, і яна гэта заахвочвае, бо і манія перманентнай закаханасці і манія экстрыму маюць сваю прыродную мэтазгоднасць (каханне працягвае род, экстрым трымае соцыум у тонусе). А вось ненатуральным наркотыкам, калі чалавек пнецца падмануць прыроду, не папрацаваўшы на яе карысць – прырода ставіць суровую заслону, папросту знішчаючы такіх індывідуумаў.
 
Чалавецтва можна разглядаць як акіян патокаў разнастайных псіхічных энергій, а кожны індывід – як прыёмнік, трымальнік і перадатчык эмоцый. Каб структураваць, упарадкаваць гэтыя патокі эмоцый існуе культура.
 
Шяшкодна заўсёды памятаць, што эмацыянальны свет людзей ніколі не адарваны ад матэрыяльнага свету, ён спараджаецца матэрыяй і адначасова кіруе ёй. Таму нават такі складнік культуры, як медыцына, – гэта таксама упарадкаванне чалавечых эмоцый. Эмоцыі ад уласнай хваробы, ад хваробы блізкага чалавека і проста бліжняга ў нармальных людзей будуць адмоўнымі. Для таго, каб зменшыць гэты цяжар, а то і перавесці адмоўныя эмоцыі ў станоўчыя ўрачы спачатку доўга вучацца, а тады лечаць хворых.
 
У неразумнай прыродзе няма медыцыны, паколькі свет жывёл мала эмацыйны і мала разумны. Ролю медыцыны там бяруць на сябе інстынкты: што рабіць пры тым ці іншым недамаганні і якія зёлкі варта пажаваць – жывёла ведае інстынктыўна. Цяжкія ж траўмы арганізма ў жывёльным свеце вядуць да смерці, пакуты там нядоўгія, бо скалечаная асобіна не зможа сябе пракарміць. Старасць у свеце жывёл не расцягваецца лякарствамі і пенсіямі, лядачая асобіна слабее і, не ў сілах пракарміцца, зазвычай кладзецца і засынае навечна. Пакуты пры пераходзе з жыцця ў смерць у жывёльным свеце на парадак меншыя, чым у людзей. Таму што, па-першае, адсутнічае страх смерці. Па-другое, у свеце жывёл ніхто не будзе карміць аслабелую асобіну і расцягваць яе пакутлівае жыццё з дапамогай лякарстваў. Перадсмяротныя пакуты там значна карацейшыя, а таму – больш міласэрныя. Акрамя таго, варта заўважыць, што жывёлы ў сваёй большасці мала хварэюць, не маюць такіх страшных хранічных захворванняў, як людзі. Найперш таму, што жывуць у гармоніі з прыродай, з’яўляюцца яе часткай. Найбольш хварэюць якраз хатнія жывёлы, прыручаныя чалавекам і аддаленыя ім ад натуральнага асяроддзя. Дварняк непараўнальна больш жывучы за пародзістую сабаку, штучна выведзеную чалавекам. А воўк – на парадак здаравейшы дварняка, бо жыве хоць у суровых, але натуральных умовах.
 
Таму відавочна, што і навука, і медыцына, і тым больш мастацтва з рэлігіяй дадзены чалавецтву не для натуральнага, жывёльнага выжывання ў прыродзе. Яны абслугоўваюць яго эмацыйны свет. Упарадкоўваюць і структуруюць. Ёсць страх смерці, далейшых пакутаў, ёсць розум – узнікае патрэба лячыцца. Ёсць лішак псіхічнай энергіі – і яго, нібы палавы пожад, чалавек абавязаны задаволіць праз мастацтва, спартыўнае заўзятарства. Ёсць зноў жа страх смерці праз розум (гора ад розуму) – і псіхічная энергія сыходзіць у рэлігію. Гэта, падкрэслім, не азначае, што за рэлігійным культам знаходзіцца пустата, што гэта не падмацавана нейкай метафізічнай рэальнасцю. Хутчэй наадварот, пра што мы паразважаем у адмысловым раздзеле. Але ж з зямнога пункту гледжання, знаходзячыся ў каардынатах бачнага і адчувальнага, мы неабходна сведчым, што рэлігія спароджана найперш страхам смерці і страхам зямных пакутаў, жаданнем зменшыць і першае і другое.
 
Камунікацыйныя сродкі цывілізацыі, яшчэ раз звяртаем увагу, усё тое, што вырасла на дасягненнях навукі – таксама задавальняе свет чалавечых эмоцый. Бо чалавек імкнецца да максімальна складанага эмацыйнага свету. У гэтым ён мае адпрыродны вялізны патэнцыял. Жыве чалавек у рамках дзікага племені ў джунглях Афрыкі – і мае вельмі абмежаваны эмацыйны свет, які не развіваўся тысячагоддзямі. Але перавязі яго ў маладым узросце ў цывілізаваную краіну, выхавай, адукуй – і ён будзе імкнуцца максімальна пашыраць свой эмацыйны свет, напоўніцу скарыстоўваючы тое, што дае цывілізацыя: сродкі камунікацыі, медыцыну, літаратуру, музыку, мастацтва. У гэтым ён розніцца ад жывёльнага свету. Мозг чалавека схільны да стварэння новых эмацыйных структур – праз Логас, што, дадзены ў слове, жыве ў кожным індывідууме, незалежна ад таго, дзе ён нарадзіўся – у цывілізацыі ці дзікунстве. Проста ў дзікунстве чалавек адлучаны ад інфармацыі, якой можа запаўняць, упарадкоўваць, складана структураваць свой унутраны свет, свет розуму і эмоцый.
 
Застанецца таямніцай, як і дзе адбылося апладненне чалавецтва семем культуры, як да яго прыйшло першае Слова, а галоўнае, як Слова гэтае легла на ўрадлівую глебу – падрыхтаваны для яго ўспрыняцця мозг. Гэта загадка невырашальная, накшталт першынства яйка ці курыцы. Навука ў гэтым бяссільная, тэорыя эвалюцыі не пераконвае цвёрдую логіку. Рэлігіі таксама не могуць пераканаць сваімі міфамі рацыянальны розум. Зямнымі катэгорыямі, у сістэме каардынатаў нашага мыслення мы, мусіць, не ў стане разгадаць гэтую таямніцу. Бо прычына ляжыць звонку, па-за нашай сістэмай, у сферы метафізічнага. Інакш бы мільёны жывёльных відаў так ці інакш рухаліся да прагрэсу, становячыся ў перспектыве разумнымі. Чаго не назіраецца. Жывёльны свет выглядае застыўшым у тысячагоддзях. Змяненні ўкладу жыцця жывёл рэгулююцца выключна знешнімі ўмовамі, найперш кліматам. Чалавек жа змагаецца са знешнімі ўмовамі пераважна розумам. Статак рыб будзе ісці ў бой адным парадкам, адным строем стагоддзямі, не мяняючыся. Чалавечае ж войска будзе ісці на праціўніка самымі разнастайнымі парадкамі нават у межах адной вайны, за стагоддзі ж гэтыя парадкі мяняюцца непазнавальна. Як і парадкі ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Чалавек не ведае спакою ды імкнецца да разнастайнасці. У той час як жывёльны свет імкнецца да ўраўнаважанасці, аднастайнасці ўкладу (у рамках віду) і да спакою.
 
Свет людзей губляе прыродную раўнавагу праз розум і павышаную эмацыйнасць. У той жа час эмацыйны свет чалавецтва сілкуецца акурат гэтай неўраўнаважанасцю. Аднак для захавання чалавецтва як віду мусяць прысутнічаць рычагі, што трымаюць яго ад вэрхалу і развалу. І яны ёсць: гэта навука, гаспадарка, культура, рэлігія. Калі ёсць патрэба ў навуцы, то навукоўцы прыцягваюцца адно да аднаго і ствараюць іерархічныя структуры, у межах якіх яны толькі і могуць існаваць эфектыўна. Тое самае з юрыспрудэнцыяй, медыцынай, эканомікай, музыкай, літаратурай, мастацтвам, рэлігіяй: усюды парадак, усюды мудрагелістая структура, іерархія. Каб чалавек з пэўнымі схільнасцямі ведаў, куды падацца, дзе шукаць спосаб свайго самавыяўлення, куды збываць лішак псіхічнай энергіі, які мучыць яго не менш як палавыя гармоны.
 
Звяртае на сябе ўвагу наступнае. Хоць культура і рэгулюе патокі псіхічнай энергіі чалавецтва, актуальным паўстае пытанне, ці можа яна зрабіць людзей шчаслівейшымі, ці ў сілах яна скіраваць гэтыя патокі так, каб не тое што кожная адзінка, а хаця б грамадства ў цэлым пачувалася шчаслівейшым?
 
Таму што, паколькі існуюць у прыродзе паняцці дабра і зла, паколькі на кожны станоўчы эпітэт процівагай існуе адмоўны, то ці не ёсць гэтае супрацьборства асноўным законам жыцця, ці не ёсць гэта неабходнай умовай ураўнаважвання антыподаў? У прыродзе нічога не бывае выпадковага. Дадзеныя паняцці дабра і зла існуюць, відаць, незалежна ад нашых жаданняў. Бо ясна, што мала хто пажадае сабе горкага і ліхога. І тым не менш кожны пры жыцці зазнае адмоўныя эмоцыі, кожны пакутуе ў той ці іншай ступені. Ці можна пазбавіцца пакутаў, папхаць рэальныя законы быцця, дзе нароўні са станоўчым прысутнічае адмоўнае, дзе абедзве катэгорыі атрыбутуюцца толькі праз сваю супрацьлегласць? Як можна ацаніць станоўчае, не акунуўшыся папярэдне ў адмоўнае, і наадварот? Як ацаніць і тое і другое? А людзі па сваёй ці то наіўнасці, ці то па прыроднай празе прыемнага намагаюцца пазбегнуць адмоўнага, перабываюць ва утопіі, што некалі можна будзе ашчаслівіць кожнага індывідуума.
 
Аднак мінаюць стагоддзі за стагоддзямі, а сярэднестатыстычны чалавек па-ранейшаму зазнае пакуты і страты, па-ранейшаму не можа наблізіць жыццё да пажаданага ідэалу.
 
І тут мы вяртаемся да таго, з чаго пачыналі гэтую даследчыцкую працу: добрага і благога на зямлі не меншае і не большае. Усе сацыяльныя інстытуты, усе хітрыкі, на якія ідзе чалавецтва цягам усёй гісторыі, накіраваны адно на тое, каб ускладніць структуру эмацыйных патокаў, каб у гэтай складанасці быў шанец некаторым, самым кемлівым і таленавітым індывідуумам, прыдбаць болей дабра, чым ліха, больш атрымліваць радасці і асалоды ад працэсу жыцця, чым пакутаваць. Падкрэслім – некаторым! Уся справа толькі ў працэнце гэтых шчасліўцаў. Паняцці дабра і зла пры гэтым нікуды не дзенуцца, а значыць, яны абапіраюцца на рэальнасць, у якой гэтыя паняцці збалансаваны у суадносінах 50X50.
 
Цягам гісторыі чалавецтва вырашалася пытанне толькі таго, каб заціснуць чэрнь, галоту, просты люд, усялякі бяспраўны элемент у 50 адсоткаў наканаванага ліха. Заціснуць у максімальнай колькасці і ўзяць над імі ўладу – каб жылі ў гэтай бядоце і адтуль не вылузваліся. Арыстакратыя ж чэрпала ад жыцця пераважна з паловы станоўчага. Часткова чэрпаў адтуль і так званы сярэдні клас. Пытанне толькі ў прапорцыях – наколькі вялікі працэнт сярэдняга класу, наколькі вялікі працэнт бядноты, гэтых вечных пакутнікаў, у грамадстве.
 
Нехта можа падмануцца тым, што цывілізацыя пазбавіла ўсе класы грамадства ад пакутаў, што высокаразвітыя краіны жывуць у лагодзе і згодзе. Але гэта далёка не так, калі разабрацца строга. У любой высокаразвітой краіне існуюць бедныя кварталы, дзе квітнее чалавечы грэх і звязанае з ім ліха ва ўсёй паўнаце, туды нават паліцыя не асаблівае соваецца са сваім цывілізаваным законам. Не будзем ужо казаць пра тое, што цывілізаваныя краіны адабралі сярэдні працэнт дабра, станоўчых эмоцый у краін трэцяга свету, дзе квітнеюць голад, галеча і страшэнныя хваробы, дзе цана жыцця сярэдняга чалавека абясцэньваецца данельга. Складваецца ўражанне, што наколькі лепей жыве сярэдні абывацель у краінах першага свету, настолькі ж горай пачуваецца сярэдні насельнік краін трэцяга свету. Раўнавага добрага і благога захоўваецца на зямлі, відаць, у суровай нязменнасці. Проста адны абхітравалі другіх, ці адны па волі лёсу нарадзіліся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы.
 
Такая карціна. У той жа час – і гэта ўжо пытанне рэлігіі, якое будзем даследаваць у далейшых раздзелах – заўважым, што шчасце ёсць катэгорыяй вельмі адноснай і не залежыць наўпрост ад матэрыяльнага дабрабыту людзей. Дзікун, што жыве ў суровых умовах джунгляў, часцяком болей бадзёры і жыццярадасны, часцей смяецца (а гэта красамоўны паказчык), чым забіты стрэсам ці азызлы і маларухомы абывацель самай магутнай цывілізаванай краіны свету – ЗША.
Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (10.06.2010)
Просмотров: 499 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2018