Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 00:38
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Псіхалогія эгаізму
Даўно заўважана, што ў спрачальнікаў, якія вычарпалі ўсе слоўныя і разумовыя аргументы, у ход ідуць кулакі. Так павялося. Прычым паралелі прасочваюцца з жывёльным светам, з якога, як лічаць прыхільнікі Дарвіна, выйшла разумнае чалавецтва. Але ж жывёлы ў межах свайго віду ваююць вельмі рэдка і стараюцца не калечыць і не забіваць сапернікаў – напрыклад, самцы ў перыяд гону, або тады, калі важак адстойвае свае правы, ён часта абмяжоўваецца тым, што толькі праганяе наравістага самца, які жадаў заняць яго месца. Людзі ж ваююць, што называецца, не на жыццё, а на смерць. Гісторыя чалавецтва, задакументаваная ў летапісах, выразна гэта паказвае. Бязлітаснасць гэтай разумнай істоты, чалавека, дасягае неймаверных памераў. Мала таго, што людзі знішчаюць адно аднаго дзесяткамі мільёнаў, яны яшчэ напрыдумлялі такія пачварныя спосабы катаванняў, ад якіх студзіцца кроў. І гэта без перабольшвання.
 
Чалавеку мала проста пакараць смерцю, мала зняволіць, ён распінае свайго сабрата на крыжы, убіваючы яму ў нервовыя спляценні вуглаватыя цвікі, і пакідае марудна паміраць пад спякотлівым сонцам; чалавек выцягвае ў чалавека жылы, марудна злуплівае ўсю скуру, адразае геніталіі, вушы, насы, асляпляе, выпальвае клеймы на твары, садзіць у бочку з ядавітым растворам запаволенага дзеяння, у войнах жа прымяняе яды і хімічныя рэчывы, якія робяць тых, хто выжыў, інвалідамі на ўсё жыццё, запускае ў вадаёмы мікробы жудасных хваробаў – быццам чалавецтву і без таго не хапала з сваю гісторыю розных пошасцяў у выглядзе чумы ці халеры...
 
Адным словам, гэтая істота, створаная, паводле рэлігій, па вобразе і падабенстве Божым, часта і вельмі часта выглядае горшай за самае паскуднае і бязлітаснае насякомае. Важна зазначыць, што ў прыродзе неразумнай як бы няма ні зла ні дабра, усё там падпарадкавана мэтазгоднасці выжывання. Чалавек жа, падключыўшы да гэтай мэтазгоднасці розум, выяўляе такія амплітуды добрага і благога, што проста дзіву даешся. Святы, які ідзе ў барак зачумленых і аказвае ім дапамогу, і кат, які выколвае вочы сапляменніку,– яны створаны прыродай па адной схеме, па адных і тых жа арганічных прынцыпах. Адкуль жа такая адрознасць? Ці не дамешваецца сюды метафізіка, паколькі, зыходзячы з рэчаіснасці, некаторыя рэчы проста не падуладныя тлумачэнню?
 
Што людзі непазбежна маюць розны характар, мы падрабязна разабралі ў адмысловым раздзеле. Розны характар маюць і жывёлы, і чым менш гэтыя жывёлы дзікія, чым больш яны прыручаныя (кошкі, сабакі), тым большую адрознасць у характарах яны маюць, то бок набіраюцца гэтага прынцыпу адрознасці ў людзей. Што непазбежна наводзіць на думку, што прынцып адрознасці ёсць уласцівасцю розуму як такога, і ўжо ў другую чаргу адрознасць індывідуумаў залежыць ад выхавання і спадчыннасці. Розум, свядомасць людзей ёсць першапачатковая прычына ўсіх амплітуд іхніх праяў.
 
Бо мы, па вялікім рахунку, гэта не клеткі, не структура нашага цела, а тое, што мы ў сабе і пра сябе мыслім, а таксама тое, як уяўляюць нас іншыя людзі. За целам, вонкавай абалонкай чалавека, заўсёды стаіць яго духоўны і душэўны вобраз. Яго найперш і ловяць у сваёй свядомасці староннія назіральнікі. Калі чалавек мізарнее ў плане душэўным і духоўным, пра яго ў народзе кажуць: кусок мяса. Бо мяса і косткі, скура і валасы патрэбныя нам найперш каб спраўджваць з іх дапамогай сваю прыроду, якая моцна, падкрэслім, адрозніваецца ад прыроды ўсіх астатніх зямных істот.
 
Цела наша мала падпарадкоўваецца нашай волі, працэсы, што ідуць у ім, кіруюцца пераважна не нашай свядомасцю. Паглядзеўшы пад мікраскопам зрэз сваіх тканінаў, мы здзівімся таму, наколькі складаную і разам з тым высокаарганізаваную структуру яны маюць. Строга кажучы, цела на парадак разумнейшае любога з самых разумных людзей, бо настолькі складана арганізавана, што гэтыя прынцыпы не змесціць ніводзін самы вялікі розум. Што ўжо казаць пра звычайнага, сярэдняга чалавека, свядомасць якога надзвычай прымітыўна наладжана: каб есці, піць, рабіць аднастайную працу, спаравацца і спаць, згадзіцеся, многа розуму не патрэбна. А так і жыве большасць з людзей. Таму дысананс складанасці арганізацыі іхняга цела і свядомасці – відавочны.
 
Мозг і прадукт яго – розум ёсць толькі патэнцыйнай магчымасцю ўдасканальвацца і расці ў плане духоўным. У жывёл гэтага патэнцыялу няма. Аднак рост, складаная арганізацыя сваёй свядомасці – занятак, як паказвае гісторыя чалавецтва, мізэрных адзінак. Менавіта праз іх паступаюць да чалавецтва ўсе адкрыцці, празорствы, добрыя і благія, боскія і пякельныя ідэі. Астатняе чалавецтва кіруецца гэтымі адзінкамі, карыстаецца іхнімі дасягненнямі, падпадае пад уплыў іхніх ідэй.
 
Любая вайна, хоць мае сваім пачаткам аб’ектыўныя прычыны, выспявае толькі ў некалькіх галовах людзей, якія яе і распачынаюць. Асноўная маса людзей уцягваецца ў войны міма сваёй волі. Пасіўныя, яны ідуць забіваць і быць забітымі, яны катуюць і гвалцяць, іх катуюць, гвалцяць і забіваюць, а таксама іхніх нямоглых родзічаў і дзяцей, якія, здавалася б, зусім да войнаў ніякім бокам.
 
Чалавецтва – што арганізм, які, захварэўшы, мучыць кожную сваю клетку. Вайна – гэта хвароба, ненармальны для чалавека разумнага, для чалавека як духоўнай адзінкі стан. Больш за тое – гэта ненармальны стан і для жывёльнага свету, з якога чалавек як быццам паходзіць. Там такога дзікага самазнішчэння відаў і родаў не назіраецца. У гэтым загадка. Бо працівіцца гвалту і розум і стыхійная, жывёльная прырода, калі гэты гвалт не накіраваны на выжыванне, на задавальненне інстынктаў голаду і працягу роду.
 
На першы погляд, тым не менш, большасць войнаў правакуецца менавіта інстынктамі выжывання, голаду. Аднак, баючыся памерці ад голаду, людзі мруць і калечацца мільёнамі ў войнах... Гэта не ёсць абсурд? З другога боку, далёка не заўсёды голад і мор унутры краіны штурхаюць да войнаў. Людзі пакорліва галадаюць і мруць, ім у галовы не прыходзіць забіваць сваіх бліжніх, пакуль не раздасца кліч іхняга кіраўніка (цара, караля, хана і г.д) ці падбухторшчыка на паўстанне ісці ваяваць. Адным словам, людзям патрэбны спускавы кручок у выглядзе правадыра.
 
І ўсё ж, строга кажучы, войны, згодна з прыродай чалавека як ён ёсць, непазбежныя. Іншае можа адбыцца толькі ў выпадку духоўнага, прынцыповага змянення кожнага ці амаль кожнага чалавека. А гэта ў бліжэйшай будучыні ўявіць немагчыма. Таму будзем сыходзіць з існай прыроды людзей, якая пастаянна штурхае іх да агрэсіі.
 
У раздзеле пра соцыум мы падрабязна разгледзелі прыроду чалавечых канфліктаў, якая вынікае з няроўнасці чалавечых магчымасцяў. З-за гэтай няроўнасці ўзнікаюць непаразуменні, крыўды, зайздрасць ды іншыя адмоўныя сітуацыі, якія можна абагульнена назваць псіхалагічнай напругаю. Калі гэтая напруга пераходзіць нейкую мяжу, чалавечая супольнасць выбухае канфліктамі, сутычкамі, войнамі, рэвалюцыямі. У дачыненні да адносінаў дзяржаў паміж сабою, самай распаўсюджанай і яркая формай псіхалагічнай разрадкі з’яўляюцца войны.
 
Чаму яны непазбежныя. Яшчэ раз звернем увагу на тое, што чалавек трапляе ў супольнасць, якая ўжо мае пэўныя праблемы са сваімі суседзямі, якая ўжо да яго нешта не падзяліла, да яго займела ці выклікала крыўды, да яго ўжо збіралася за нешта адпомсціць. Чалавек, нарадзіўшыся, ужо нясе адказнасць за канфлікты сваіх суродзічаў, сапляменнікаў з суседзямі. Яго, па-першае, адразу абавязваюць падзяліць гэтыя праблемы з усімі членамі супольнасці, па-другое, пакрыўджаныя і агрэсіўныя дзяржавы-суседзі ўжо апрыёры лічаць яго сваім ворагам. Хоць ён яшчэ нікому ліха не паспеў нарабіць. Нарадзіся ён воляй выпадку ў суседняй краіне, то быў бы з такім жа поспехам ворагам той дзяржавы, у якой рэальна цяпер жыве.
 
Айчыну чалавек, як правіла, не выбірае, у яго ніхто не пытаецца, хоча ён станавіцца пад яе харугвы ці не, хоча ён ваяваць і забіваць суседзяў ці не. Яго папросту па праве сілы бяруць за шкірку і валакуць ваяваць, адначасова ўнушаючы праз сродкі масавай камунікацыі, а таксама яшчэ з малалецтва, у школах і сем’ях, што нічога больш свяшчэннага, чым радзіма і яе інтарэсы, для чалавека не існуе, і наадварот нічога больш подлага няма, чым здрада інтарэсам сваёй краіны. У большасці выпадкаў гэта падман і замбіраванне. Насамрэч для чалавека свяшчэннае толькі яго ўласнае жыццё і здароўе. Не будзе здароўя – будзеш няшчасны пры любой уладзе і дабрабыце. Адбяруць у цябе на вайне жыццё – наогул няма пра што гаварыць. Падкрэсліваю, што любыя няшчасці і страты, ажно да смерці блізкіх людзей, здрады каханых, чалавек з цягам часу перажывае і пра іх забывае (прынамсі псіхічна нармальны чалавек), пастаянныя ж пакуты яму прыносіць толькі адсутнасць здароўя. Войны пазбаўляюць людзей здароўя, калечаць іх целы і псіхіку. Чалавек не тыгр, які, сажраўшы ахвяру, акунаецца ў шчаслівы пасляабедзенны сон і больш пра яе не ўспамінае, не пакутуе ад пачуцця віны.
 
Перад чалавекам жа будуць вечна, да скону стаяць карціны знявечаных целаў, пазелянелых распухлых трупаў, асабліва балюча ўсплываць з памяці абліччы забітых ім ворагаў, а таксама твары таварышаў, якіх ён страціў у бітвах. Гэта нязмыўна і невыносна. А таму відавочна, што ніякія крыўды і лакальныя канфлікты на межах дзяржаў не вартыя таго, каб аб’яўляць шырокамаштабныя баявыя дзеянні, забіваць мільёны салдатаў (учора мірных працаўнікоў), руйнаваць гарады, знішчаць тысячагадовыя набыткі культур. Адсюль ясна, што войны збольшага носяць неразумны, стыхійны характар, хоць маюць пад сабою аб’ектыўныя падставы у выглядзе ўнутраных і знешніх канфліктаў. Войны не маюць сэнсу ў тым плане, што ў цэлым не робяць іх удзельнікаў шчаслівейшымі. Няшчасці і страты ў іх нашмат перавешваюць матэрыяльныя, псіхалагічныя выгоды пераможцаў. Нават для пераможцаў. Пра пацярпелых і гаворкі няма, тут усё ясна: зруйнаваныя гарады і сёлы, спаленыя палеткі, ненароджаныя дзеці забітых бацькоў, спусташэнне храмаў культур і рэлігій. Жахліва. У пераможцаў жа выгоду атрымлівае толькі жменька людзей, кіраўнікоў, правадыроў, дыктатараў і г.д. Дый тое не заўсёды і ненадоўга. Пралітая кроў, па метафізічных законах адплаты, так ці інакш, наўпрост ці ўскосна будзе атручваць і падточваць жыццё пераможцаў да скону.
 
Таму вайна – гэта чалавечая катастрофа. Вось ўрывак са знакамітага рамана Э. Рэмарка "На заходнім фронце без перамен”, які, на мой погляд, красамоўна пра гэта сведчыць. "Колькі часу прайшло? Што гэта – тыдні, месяцы, гады? Гэта ўсяго толькі дні. Час прамінае, мы бачым гэта, пазіраючы ў бледныя, бяскроўныя твары тых, хто памірае; мы закладваем у сябе ежу, бегаем, шпурляем гранаты, страляем, забіваем, ляжым на зямлі; мы абяссілены і атупелі, і нас мацуе толькі думка пра тое, што вакол ёсць яшчэ больш слабыя, яшчэ больш атупелыя, яшчэ больш бездапаможныя, якія, шырока расплюшчыўшы вочы глядзяць на нас, як на багоў, таму што нам зрэдку ўдаецца пазбегнуць смерці. (...) Шквальны агонь. Загараджальны агонь. Агнявыя заслоны. Міны. Газы. Танкі. Кулямёты. Ручныя гранаты. Усё гэта словы, але за імі стаяць жахі, якія перажывае чалавецтва”.
 
Звяртаю ўвагу на ключавую фразу: перажывае чалавецтва. Усё чалавецтва, якое ваюе. І тым не меншы, як быццам свядома людзі год за годам распачынаюць новыя войны. Не вучаць старыя ўрокі? Забываюцца? Ці ўсё ж войны не залежыць ад волі людзей і вынікаюць з абставінаў, якія вышэйшыя за чалавечую волю, розум, з саміх законаў быцця?
 
У аснове, падмурку вайны ляжыць канфлікт. Канфлікт гэты, як правіла, застарэлы і схільны да нарастання з цягам часу, да павышэння свайго адмоўнага патэнцыялу. Кожны з нас ведае, як адбываюцца сямейныя сваркі. Разгледзім іх падрабязней, бо механізм выношвання незадаволенасці сужыцелямі і разрадку гэтай нездаволенасці ў скандалах і сварках можна экстрапаляваць на войны паміж дзяржавамі і народамі.
 
Прыгледзімся, паназіраем за паводзінамі чалавечай адзінкі ў межах сям’і, пасочым за самімі сабой. Дык вось, кожны чалавек – гэта, паводле Шапенгаўэра, увасобленая воля да жыцця. Гэтая воля, па вялікім рахунку, імкнецца да экспансіі свайго эга ў сусвет, да задавальнення сваіх жаданняў, страсцей, да адстойвання сваіх інтарэсаў і ажыццяўлення сваіх ідэй. І паспрабуй нам нехта ў гэтым перашкодзіць! Самая цяжкая крыўда – гэта калі нехта не прызнае вартасць нашага "я”. Ацэнкі, якія мы хочам чуць ад акаляючых і сямейнікаў, павінны быць выключна высокімі. Крытыку мы не любім. Пагардай у наш бок страшэнна абражаемся. Тое самае і ў дачыненні нашых дзяцей – іх усе мусяць хваліць, бо яны нашы, а таму самыя лепшыя. Цяпер уявіце сабе зборышча гэтакіх эгаістаў пад адным дахам, у адной сям’і, дзе яны разам ядуць, выконваюць побытавыя справы, спяць, карацей, пастаянна труцца адно аб аднаго. І кожны пры гэтым адстойвае, яўна ці скрыта, свае інтарэсы і сваю выгаду.
 
Неабходна запынюся і патлумачу, што такое яўная і скрытыя выгада. Ну, з яўнай, здаецца, усім відавочна: мы не любім, калі нехта нам замінае жыць, хай нават гэта будуць сямейнікі, самыя блізкія і родныя людзі. Нехта з іх заняў тэлефон і балакае па ім, калі нам уздумалася ажыццявіць тэрміновы і важны званок. Мы раздражняемся. А калі гэта адбываецца не раз і не два, а кожны дзень, па некалькі разоў на дзень? Бо ж мы непахісна ўпэўненыя, што менавіта наш званок будзе самы важны, "па справе”, а вось цешча мянташыць языком са сваёй сяброўкай юнацтва толькі таму, што ёй няма чым заняць сваю старасць. Гэта мы самыя важныя ў жыцці, бо мы маладыя і энергічныя, мы будаўнікі, а старасць – гэта абуза грамадства. Вось гэтае раздражненне і злосць чалавек тоіць на цешчу доўга, гадамі. Калі гэтае нездавальненне дасягае пэўнай крытычнай мяжы – то дастаткова найменшай іскры, пусцяковай сутычкі, каб адбылася агідная лаянка: са слязьмі цешчы, лямантам жонкі, напалоханымі дзецьмі і нашым паспешлівым сыходам з дому на паўсутак. У выніку – кепска ўсім. Але псіхалагічная разрадка адбылася. Пасля яе людзі, па-першае, зазнаюць пачуццё віны за гэтую лаянку, па-другое, разумеюць, што жыццё працягваецца і трэба неяк мірыцца і рухацца далей. Не кожная я ж сварка заканчваецца разводам, у рэшце рэшт.
 
Каб кожная буйная сямейная лаянка заканчвалася разводам, то свет бы даўно разваліўся. А між тым сямейныя сваркі адбываюцца надзвычай часта. Значыць, у жыцця існуюць трывалыя механізмы прымірэння, і гэта непарушны закон. Больш за тое, я буду сцвярджаць, што сваркі і прымірэнні ўнутры сям’і – гэта дастаткова нармальная і жыццёва неабходная рэч. Прынамсі – для сярэдняга чалавека ў яго цяперашнім неідэальным і недасканалым духоўным стане. Азірніцеся на сваё жыццё, на жыццё знаёмых вам сем’яў і вы зразумееце, пра што я кажу. За рэдкім выключэннем бесканфліктных сем’яў, якіх набярэцца адсоткаў пяць з агульнай масы, усе так званыя ячэйкі грамадства ці закаханыя пары жывуць па прынцыпе: сварка і прымірэнне. Старонняму назіральніку нават можа здацца, што ўсё іхняе жыццё – суцэльнае пекла, настолькі магутныя перапады эмоцый і настрояў няспынна перажываюць сямейнікі. А ўжо калі маладыя муж і жонка моцна кахаюць адно аднаго, адчуваюць узаемную жарсць, то тут, бывае, яны проста-такі бязлітасныя мучыцелі і тыраны. Рэўнасць, беспадстаўныя падазрэнні, прыдзіркі, прэтэнзіі ва ўзаемнай няўвазе, слёзы, нервовыя зрывы, пагрозы самагубства; жонка збягае да лепшай сяброўкі, начуе ў маці, дзе палівае мужа апошнімі словамі, клянецца, што больш ніколі з ім не сустрэнецца, часам блізкія з ёй згодныя і падтрымліваюць рашэнне разысціся. Засынаюць супакоеныя. А назаўтра пачынаецца дэпрэсія. А паслязаўтра ўзнікае жаданне памірыцца, бо неадольны інстынкт роду і звычка жыць разам цягнуць жонку да мужа, які б ён ні быў. А мужа – да жонкі, хоць ён у сваю чаргу лае яе апошнімі словамі ў кампаніі сваіх блізкіх людзей і таксама клянецца з ёй разысціся.
 
Але ж прымірэнне адно справа часу. У абсалютнай большасці выпадкаў, колькі б агідных слоў ні было прамоўлена, колькі б муж ні навешаў жонцы кухталёў і нават колькі б яна ні выявіла яго гулянняў "налева”, пары, што пасварыліся, рана ці позна мірацца. Гэта ахоўны механізм прыроды і соцыуму, што дазваляе яму не развальвацца і існаваць з эфектыўнасцю. Бо раз’ехацца з абжытага гнязда, асабліва калі ёсць дзеці, вельмі не проста. Даводзіцца цярпець адно аднаго і ўжывацца. Тым больш што прывык да партнёра. Тым больш што палавы інстынкт патрабуе рэгулярнага яго задавальнення. Тым больш што чалавеку ў адзіноце кепска.
 
Тут мы маем справу з прынцыпам супрацьборства і прыцягнення. У сям’і, як ні круці, чалавеку лягчэй жыць у многіх адносінах. У нармальнай сям’і асабістыя праблемы падзяляюцца на ўсіх і не здаюцца такімі цяжкімі. Псіхалагічная падтрымка для чалавека вельмі важны аспект. Сама прырода штурхае яго да сямейнага сужыцця. Але ж існуе другая сіла, якая няспынна штурхае яго ад сямейнікаў: пастаянна жаданне свабоды свайго эга. Таму што, па вялікім рахунку, і сям’я патрэбная яму для наталення жаданняў гэтага эга – у палавых і моўных зносінах, у жаданні выхоўваць нашчадкаў па сваім вобразе і падабенстве, у жаданні павялічыць за кошт сям’і свой статус у соцыуме, у жаданні не адчуваць адзіноту і быць патрэбным. І вось гэтыя твае сямейнікі, якія, як ты думаў, прызначаны выключна для выгодаў твайго эга, аказваецца, таксама маюць свае эга, якія імкнуцца задавальняць, у тым ліку за кошт цябе. Гэта не можа не раздражняць. Нездарма ж адной і вышэйшых і самых цяжкіх дабрадзейнасцяў чалавека ёсць цярпімасць да бліжніх. Мы мусім іх цярпець, бо без іх не зможам выжыць. Вось у чым штука.
 
Гэта што тычыцца яўных выгадаў, якія імкнецца займець чалавечая адзінка ў межах сям’і. Са скрытай выгадай будзе складаней. Бо здаецца, што маці, якая трапеча і завіхаецца над сваім дзіцем, адстойвае толькі яго інтарэсы: каб не хварэў, каб сытна харчаваўся, каб не плакаў, каб добра вучыўся і меў усе выгоды жыцця. Гэта на першы погляд. Калі ж капнуць глыбей, то робіцца відавочным, што дзяцей заводзяць не для іх (у іх ніхто не пытаецца, ці хочуць яны з’явіцца на свет), а для сябе, для свайго псіхалагічнага камфорту. Тое самае мужчына, які спакушае жанчыну пяшчотнымі заляцаннямі, падарункамі, імкнецца насамрэч не зрабіць ёй прыемнае, а ў рэшце рэшт атрымаць доступ, пажадана рэгулярны, да яе цела і займець ад гэтага фізічнае і маральнае задавальненне. Калі ж жанчына ім будзе задаволена як палюбоўнікам ці мужам – то яго самаацэнка павысіцца, зноў жа ў першую чаргу будзе прыемна сабе. Усё – для сябе. І радасць жонкі – таксама для сябе. І слёзы, і рэўнасць яе – для сябе. Раўнуе, значыць, кахае, значыць ты ёй неабыякавы, што ўсцешвае. Тое самае тычыцца ўзаемаадносінаў з астатнімі сямейнікамі – хай яны паводзяць сябе так, каб мне, эгаісту, было прыемна.
 
Хто сумняваецца ў маіх высновах, прааналізуйце такі феномен. Бацькі, асабліва маці, страшэнна баяцца за жыццё сваіх нашчадкаў, і самая жудасная для іх кара – перажыць смерць свайго сына ці дачкі. Але прабачце! Нараджаючы іх, жанчына не ведала, што іх чакае ў канцы дарогі? Так, у пераважнай большасці іх чакае цяжкая перадсмяротная хвароба і ўжо адназначна – смерць. Як для ўсіх смяротных. Што ж маці так перажывае за жыццё сваіх дзяцей, калі яны усё адно памруць? А вось чаму. Чалавеку, як эгаісту, амаль абыякава, што будзе па-за межамі яго жыцця, галоўнае, каб ён, эгаіст, не пабачыў смерці сваіх дзяцей, яму, эгаісту, гэта цяжка стрываць. Мы не любім адмоўных эмоцый. А вось што пасля нашай смерці, хай гадоў праз трыццаць, наш любімы сынок, крывінка, будзе, магчыма, паміраць гадамі ў адзіноце, згніваць ад пролежняў і не будзе каму яму кашы зварыць – пра гэта большасць людзей не думае, або думае ў другую чаргу. Бо мы ўсе сябелюбцы. Перажываючы, што сын можа памерці – не нараджай яго. Таму што нараджаеш смяротніка. А нарадзіўшы – не трапячы за яго жыццё, не будзь крывадушнікам, бо нараджала мучаніка. Аднак лёгка сказаць, ды цяжка зрабіць... Тут сэрца і розум выступаюць антаганістамі.
 
Усё сказанае мной не ўкладваецца ў свядомасць нармальных людзей. Ім важна, яшчэ раз падкрэсліваю, каб пры іх жыцці не бачыць смерці сваіх дзяцей, далей – не іх клопат. У гэтым памылка. У гэтым праява нявер’я. Чалавеку здаецца, што з фізічнай смерцю цела сувязь з зямлёй і зямнымі праблемамі назаўжды абрываецца. Што жыццё наша – гэта толькі зямное жыццё. Але ўся гісторыя чалавецтва паказвае: пра адсутнасць існавання душы па-за смерцю няма ніводнага доказу, ні яўнага, ні ўскоснага; сведчанняў жа, ускосных доказаў існавання іншасвету і повязі памерлых з жывымі, бачання імі жывых родзічаў і блізкіх – незлічоная прорва. Таму разлічваць на тое, што душа не будзе бачыць пакутаў і смерці сваіх жывых дзяцей здаецца ілюзіяй, самападманам.
 
Выбачаюся за працяглае адступленне ад тэмы вайны. Аднак далейшы ход разважанняў, спадзяюся, яго апраўдае. Бо сказанае вышэй будзе ўскосна тлумачыць прычыны чалавечых канфліктаў у шырэйшым плане: паміж дзяржавамі і народамі. Народная псіхалогія ў сваім эгаізме, захінутая ў вопраткі ханжаства і ілюзіі, падуладная як разумнаму, так і стыхійнаму пачатку, дужа падобная на псіхалогію асобнага чалавека.
Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (12.02.2010)
Просмотров: 912 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024