Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 12:47
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

На хвалях Свабоды ў імклівую Лету
Чалавек цывілізаванага свету мае завялікі запас псіхічнай энергіі, якая, па-першае, сілкуецца ўзмоцненым харчаваннем, па-другое, у цэлым малымі фізічнымі нагрузкамі на арганізм. Па-трэцяе, псіхіка індывідуумаў пераўзбуджваецца шматлікімі стрэсамі, звязанымі з павышанай псіхічнай напругаю соцыуму.
 
Гэтыя лішкі псіхічнай энергіі імкнуцца выплюхнуцца з людзей любой цаною ў розных напрамках. І цывілізацыя мусіць гэтыя напрамкі знайсці, каб выкіды энергіі сталі кантраляванымі і бяспечнымі. Прынамсі адносна бяспечнымі для грамадства. У старажытнасці магутныя цывілізацыя амаль пастаянна ваявалі з суседзямі, тым самым здымаючы ўнутраную напругу грамадства. Калі ж усе суседзі былі скораны, то лішкі энергіі накіроўваліся на маштабныя праекты кшталту егіпецкіх пірамід. Пры такіх праектах нацыя або цывілізацыя нітавалася агульнай высакароднай ідэяй, і менавіта ў гэтую ідэю сыходзілі лішнія калорыі, псіхічная і фізічная энергія грамадства. Яно такім чынам папросту ратавалася ад маральнага разлажэння. Тут можна прасачыць паралелі з арміямі ў мірны час, калі асабоваму складу не даюць адпачываць, а загружаюць усялякімі маршыроўкамі, пастраеннямі, задачамі ды вучэннямі. Або проста ганяюць салдатаў на пустапарожнія работы ці здзекуюцца з іх. Прычына ўсяго гэтага адна – не даць войску закіснуць у мірны час, захаваць яго тонус.
 
Гэтаксама і цывілізацыі ў працяглыя мірныя перыяды нарошчвалі свой псіхаэмацыянальны патэнцыял, рэалізуючы яго на культурных і культавых праектах, якія ніякім чынам не павышалі дабрабыт простых людзей, а дзяржаўную казну – добра спустошвалі.
 
Рымская імперыя арганізоўвала арэны для відовішчаў, дзе марнавалі свой час рымляне, назіраючы за забойствамі людзей. Чалавек старажытнасці прывык ваяваць. Таму і ў мірны час яму быў патрэбны выплеск крыважэрных эмоцый. Рымляне наталяліся выглядам чалавечай крыві. Злачынства адбываліся на арэнах, тым самым змяншаючы працэнт вулічных злачынстваў і агульны патэнцыял грамадскай незадаволенасці.
 
Чалавек – істота агрэсіўная. І прырода яго за стагоддзі не намнога палепшылася. Мужчынская сіла патрабуе выхаду ў войнах. Таму ў цяперашніх цывілізаваных краінах абсалютная большасць спартыўных заўзятараў – мужчыны. Заўзятарства – гэта сублімацыя прыроднай агрэсіі, перацяканне яе ў адносна мірнае рэчышча. А інакш цяжка зразумець, якога ражна здаравенныя мужыкі па чатыры гадзіны, стоячы, равуць і размахваюць рукамі на матчах амерыканскай бейсбольнай лігі. Гэты шматтысячны натоўп, можа здацца, займаецца абсалютна дарэмнай справаю, вар’яцеючы на стадыёне. Навошта натоўпу гэта патрэбна, паўстае законна пытанне. А дзеля наталення прыродных інстынктаў і выхаду агрэсіі. "Пабіўшы” разам з сабратамі чужую каманду, заўзятар часова супакойваецца і робяцца на тыдзень выдатным сем’янінам і руплівым працаўніком.Таму спорт – гэта не проста забаўка. А справа вельмі сур’ёзная, закліканая аздараўляць грамаду.
 
У тую ж катэгорыя ідуць розныя відовішчы, канцэрты поп-зорак. На гэта шчыруе цэлая тэлевізійная індустрыя: даць выпусціць людзям лішак псіхічнай энергіі, каб яны, груба кажучы, не квасілі адно аднаму морды і не парываліся ваяваць з суседнімі краінамі. Народы другога свету, дзе індустрыя відовішчаў знаходзіцца ў зачаткавым стане, з’яўляюцца нашмат агрэсіўнейшымі за цывілізаваны свет. Аднак трэба ўлічваць, што і псіхіка ў іх не так пераўзбуджана залішнімі калорыямі і стрэсам, як у грамадзян першага свету. Псіхіка не пераўзбуджана, а выйсця агрэсіі зусім мала. Таму пераважная большасць тэрарыстаў – адтуль. А аб’екты для тэрору – краіны першага свету.
 
Публічныя пакаранні смерцю ў не такой і далёкай гісторыі – таксама з той катэгорыі. Акрамя настаўленчага моманту (каб не панадна было), яны насілі і характар зліву народнага негатыву. Вось, маўляў, караем ліхадзея, які перашкаджаў вам мірна жыць. Іосіф Сталін, напрыклад, наладжваў публічныя суды, якія падрабязна асвятляліся ў прэсе – каб народ ведаў, што ворагі пакараны і цяпер стане лягчэй.
 
Увогуле, маніпуляцыя свядомасцю грамадзян ёсць адметнай рысай любой цывілізацыі. Сучаснасць, са сваімі сродкамі масавай камунікацыі, абвастрыла гэтую рысу да крайнасці. А паколькі наша жыццё – гэта насамрэч тое, што адлюстроўваецца ў нашай свядомасці, то маніпуляваць намі вельмі лёгка. Кожны ведае, як цяжка адліпнуць ад нейкага перыядычнага выдання, якое ты звык чытаць цягам некалькіх гадоў. Як цяжка перастаць глядзець бясконцы мыльны серыял. Як невыносна адмовіцца ад штодзённага прагляду знарочыста скандальных навін. Пералічваць у такім ракурсе можна бясконца. Адным словам, мы схільныя да прывыкання. Прывычка, як кажуць, другая натура. І добра, калі гэтыя прывычкі адносна бяскрыўдныя ці нават карысныя, як тое штодзённыя прабежкі трушком. А калі гэта курэнне, алкаголь, наркотыкі, азартныя гульні, распуста і г.д.? Больш за тое, заганныя звычкі маюць большы патэнцыял прывыкання да іх. Іх хімія, калі так можна сказаць, значна мацнейшая, чым у бяскрыўдных звычак. А мацнейшая яна таму, што дае напачатку большы спектр станоўчых эмоцый з большай іх амплітудаю.
 
Калі чалавек выходзіць на такую эмацыйную вышыню, то ўжо з вялікай цяжкасцю апускаецца да жыцця паўсядзённага, жыцця са сціплымі эмацыйнымі амплітудамі. Праз нейкі час залежнасць набывае амаль незваротныя наступствы. Тое, што раней здавалася нармальным, цяпер выклікае агіду і страх. Каб успрымаць акаляючыя прадметы і з’явы хаця б па-ранейшаму, цяпер патрэбныя новыя дозы разнастайных яўных ці скрытых наркотыкаў. Для яснасці яшчэ раз агаворымся, што яўны наркотык гэта тое, што ўводзіцца звонку ў арганізм, а скрыты – той, што вырабляецца самім арганізмам у экстрэмальных сітуацыях: азартныя гульні, распуста, усялякі экстрым (аўтагонкі, скачкі з парашутам і г.д.).
 
Аднак чалавеку хочацца ўспрымаць жыццё ўсё ярчэй і ярчэй, для чаго ён павялічвае дозы гэтых стымулятараў. Ранейшыя дозы ўжо так ярка не афарбоўваюць паўсядзённасць, як раней, бо мозг да іх прывыкае. Павелічэнне ж дозаў рэальна вядзе да сур’ёзных праблемаў са здароўем і, асабліва ў выпадку цяжкіх наркотыкаў, да хуткай дэградацыі арганізму і смерці. Смерць часта бывае не ад натуральных прычын, а ад таго, што чалавек трапляе ў дэпрэсію і канчае самагубствам. Каб не трапляць у дэпрэсію, залежнаму індывіду патрэбныя дозы стымулятараў. А яны каштуюць дорага і іх не заўсёды можна дастаць. Вось тым і небяспечны любы празмерны эмацыйны пад’ём, што пасля яго непазбежна наступае эмацыйны спад. Таму жыць трэба, пазбягаючы празмерных эмацыйных скачкоў. Не вельмі радуючыся поспехам і па-філасофску ставячыся да няўдач, якія ў жыцці непазбежныя.
 
Таму, хто знаходзіцца ў эйфарыі кахання, зусім не пашкодзіць маральна падрыхтавацца да таго, што партнёр можа рэзка да цябе ахаладзець, здрадзіць і твой страшэнны эмацыйны пад’ём зменіцца эмацыйным спадам такой жа амплітуды, толькі са знакам мінус.
 
Перажываць гаму станоўчых эмоцый чалавек прагнуў заўсёды. На гэтым, строга кажучы, і заснаваны цывілізацыйны прагрэс. Сучаснасць дасягнула ў гэтым плане небывалых, не знаёмых гісторыі вышынь. Сеўшы за кампутар, залезшы ў інтэрнэт, чалавек можа атрымаць калі не ўсё найжаданае, то прынамсі максімальную пра яго інфармацыю. Інтэрнэт прызначаны для палягчэння чалавечых камунікацый. Якая б праблема ці жаданне ў цябе ні ўзніклі, ты, пры мінімальных навыках, можаш гэта хутка вырашыць па сусветным павуцінні, не сыходзячы з крэсла. Практычна ўсё даступна сярэдняму чалавеку, не трэба званіць у інфармацыйныя службы, не трэба наведваць бібліятэкі і рыцца ў грувасткіх кніжных архівах. У любую секунду ты можаш або бясплатна, або за невялікую плату атрымаць інфармацыю па інтэрнэце. Хто скажа, што гэта не хораша? Але, па ўсё тых жа хітрых законах жыцця, станоўчае нязменна суседнічае з адмоўным.
 
Як ты можаш лёгка і хутка атрымаць звесткі пра нешта з дапамогай інтэрнет-пашукавікоў, так і любы ахвотны гэтак сама можа атрымаць інфармацыю пра цябе, асабліва калі ты неяк засвяціўся ў гэтай сістэме. Калі ты камусьці патэлефанаваў, то праз секунду праз вызначальнік тэлефоннага нумара і з дапамогай адпаведных праграм твой абанент ведае, хто ты, што ты і дзе ты, нават калі ты вельмі таго не жадаеш. Зладзеі, што надумалі абчысціць тваю кватэру, лёгка могуць сабраць інфармацыю пра твой дабрабыт і часы адсутнасці і прысутнасці. Групоўкі, што займаюцца заганнымі справамі (секты, сатаністы, лудаманы, вычварэнцы, сутэнёры і г.д.), лёгка набываюць сваіх кліентаў (чалавечы матэрыял, за кошт чаго яны існуюць) праз інтэрнэт. Адмоўныя з’явы ў Сеціве паддаюцца кантролю дзяржавы, праваахоўных органаў на парадак цяжэй, чым у даінтэрнэтаўскую эпоху. Цяпер грэх у розных праявах (парнаграфія, дзіцячая парнаграфія, садамазахізм, гомасексуалізм і г.д.) літаральна прысутнічаюць у кожным доме, як бы жывучы ў маніторы. Да яго, можна сказаць, рукою падаць, тады як раней, каб знайсці сабе аднадумцаў у граху, трэба было няслаба парупіцца. Цяпер жа заходзь на адпаведны сайт і атрымлівай асалоду.
 
Заўважым, што заганы ніколі не бываюць асабістай справаю кожнага, пакуль ты з’яўляешся членам соцыуму. Упадаючы ў грэх, ты міжволі з’яўляешся патэнцыйным, заразлівым яго носьбітам. Заганы, як зараза, маюць уласцівасць перадавацца здаровым людзям, а тыя ў сваю чаргу пачнуць заражаць іншых. Фінансавыя піраміды, таталітарныя секты здольныя зацягваць вялізныя масы людзей, сеяць у здаровым грамадстве псіхозы, неўрозы, смерці, як пошасць. Інтэрнэт тут, зразумела, выдатны памочнік, бо ажыццяўляе эфектыўную камунікацыю і кіраўніцтва такімі сістэмамі, заваблівае ў іх новых ахвяраў.
 
Вар’яты былі заўсёды. Але ж цывілізацыя спараджае і як бы заахвочвае новыя, небывалыя і надзвычай злаякасныя формы вар’яцтва. Чалавек, якога цывілізацыя пазбавіла ад знясільваючай штодзённай працы, атрымаў зашмат вольнага часу, стаў многа думаць, і думаць часта не ў тых напрамках. Раней гэтыя напрамкі думання вызначалі рэлігіі. Цяпер жа яны маюць над масавай свядомасцю ўсё меншую ўладу. Асабліва ў свеце паўночна-заходняй цывілізацыі, цывілізацыі ад пачатку хрысціянскай. Чалавек пры наяўнасці залішняй энергіі і лішках вольнага часу мысліць, згубіўшы правільныя, традыцыйныя, рэлігійныя арыенціры. Дэзарыентаваны ў духоўным свеце, ён з’яўляецца марыянеткай у руках цёмных сілаў, тых сілаў, якія ў хрысціянстве па традыцыі называліся дэманічнымі.
 
Не рэдкія выпадкі (якія, дарэчы, актыўна тыражуе тэлебачанне), калі здаровы сыты цывілізаваны чалавек раптам упадае ў цяжкую дэпрэсію, выйсцем з якой ён бачыць толькі тое, каб адрэзаць сабе нагу ці абедзве нагі і жыць у калясцы. Відзежы сябе шчаслівага з адрэзанымі нагамі навязліва пераследуюць хворага. Ён патрабуе, каб дактары зрабілі яму ампутацыю, тыя адмаўляюцца. Ён падае на іх у суд за парушэнне яго грамадзянскай свабоды. І гэтая судовая справа, расходуючы вялізныя грошы, дзе нежартоўна ўзважваюцца ўсе за і супраць права чалавека на тое, каб у яго, здаровага, адцялі абедзве нагі. Гэта не сатанізм? Прычым, паўтаруся, такі псіхоз распаўсюджваецца па тэлебачанні на ўвесь свет, і тыя, хто гэта назіраюць, задумваюцца, а можа, і сапраўды суддзі не маюць рацыі, што не дазваляюць пакуль дактарам адрэзаць чалавеку ногі па яго ўласнай ахвоце? А можа, думае нехта, і мне паспрабаваць сябе пакалечыць і тым самым пазбавіцца ад шматгадовай дэпрэсіі, якая няўмольна хіліць да самагубства?
 
Чалавеку становіцца дрэнна самому з сабой. Ён не ведае, куды скіраваць думкі, куды прыкласці сваю павышаную псіхічную энергію. А калі няма вартых спраў для прыкладання гэтай энергіі, то знойдуцца дэманічныя. Як тое, напрыклад, што адзін вычварэнец зажадаў з’есці другога, пазнаёміўшыся з ім праз інтэрнэт, і той згадзіўся. Абодва вар’яты сустрэліся, і адзін забіў, расчляніў і зжор другога. Усё, заўважце, па ўзаемнай згодзе. Усе задаволены.
 
Або нейкаму багацею робіцца сумна, яго ўжо не ўзбуджаюць, напрыклад, звычайныя порнафільмы, порнафільмы з садамазахізмам, гомасексуальныя порнафільмы, а таму ён шукае нешта вастрэйшае. Попыт нараджае прапанову (інтэрнэт дапамагае знайсці ахвотных), і неўзабаве гэтаму перасычанаму чалавеку даюць новыя паслугі. А іменна фільмы, якія вельмі дорага каштуюць, але ў якіх не іграюць акцёры, а чыніцца гвалт і забіваецца ахвяра гэтага гвалту на самай справе. Вычварэнца нават радуе высокая цана з той прычыны, што ён не ведае куды падзець лішак грошай. Цешыць і прэстыж: паглядзеў фільм, які мала хто, акрамя яго, можа сабе дазволіць. Задаволены і пастаўшчыкі такіх фільмаў: яны абагаціліся. Незадаволеная, мабыць, толькі ахвяра, якую забілі. Але ў яе ўжо не спытаешся.
 
Ёсць і больш бяскрыўдныя забаўкі для людзей, якія не ведаюць, куды сябе дзець. Цэлая індустрыя, тэлевізійныя каналы шчыруюць на прапагандзе татуіровак, пластычных аперацый. Суткамі круцяць перадачы, дзе дарослыя дзецюкі і дзеўкі, здзяцінеўшы, размалёўваюць свае целы татуіроўкамі, як дзікуны. Гэта прыклад інфантыльнай свядомасці сучаснага цывілізаванага чалавека, спаўзанне на ўзровень дзікунства. Людзям няма чым сябе праявіць, рэлігіі, што займаюцца ўнутраным ростам і духоўнай дысцыплінай людзей, амаль не дзейнічаюць у цывілізаваным грамадстве. А праяўляць сябе хочацца. Таму людзі колюць і рэжуць свае прыродныя целы. Праколваюць вушы, языкі, пупкі, робяць татуіроўкі на задніцах (гэта яшчэ нішто), на тварах (а гэта ўжо край), заганяюць пад скуры чужародныя прадметы, абы неяк вылучыцца ў тусоўках.
 
Як пакласці ўсяму гэтаму канец? Ці ёсць такія заняткі асабістай справай кожнага чалавека? І дзе мяжа паміж, скажам так, неабходнай пластычнай аперацыяй, што ліквідуе выродлівасць, і аперацыяй з прычыны капрызу, з прычыны душэўнай пустаты, якую няма чым запоўніць? У гэтым уся складанасць. Бо сама па сабе пластычная хірургія – выданая рэч, якая дазваляе чалавеку выправіць наступствы траўм ці яўных памылак прыроды. Выродлівыя дзяўчаты пасля пластычных аперацый выходзяць замуж, ствараюць сем’і, жывуць шчасліва... Але ж толькі пэўны і, рызыкну думаць, мізэрны працэнт. Асноўная ж энергія пластычнай хірургіі абслугоўвае багатых людзей (бо гэтая радасць не ўсім пра кішэні), якім трэба нечым сябе заняць. Гэта раз. Па другое, зыначваць свае твары і целы становіцца модным, на такім жа ўзроўні, як набыць кватэру ў прэстыжным раёне ці новы аўтамабіль, абзавесціся васемнаццацігадовай харошанькай жонкаю. Чалавеку ўласціва зайздросціць суседзям, таварышам, саслужыўцам. Таму паспяховая пластычная аперацыя некага выклікае жаданне ўсё гэта зрабіць самому і тады пахваліцца. Поспех павышае сацыяльны статус. Гэта вядома. А поспех таварыша раздражняе. Гэта таксама бясспрэчна.
 
Сучасны цывілізаваны чалавек характарызуецца павышанай, гіпертрафіраванай увагай да ўласнага цела, фізічнага здароўя, а таксама да ўсяго, што звязана з плоцевым, пачуццёвым бокам кахання, сексам. На Захадзе ў школах на поўным сур’езе пачынаюць загружаць дзяцей навукамі так званага бяспечнага сексу, папросту кажучы тым, як правільна спаравацца, каб не прывядзі Божа ад гэтага не атрымаліся дзеці і каб не заразіцца букетам небяспечных хваробаў. Тое, што плоцевы бок кахання пажадана зведваць не раней за паўналецце і займацца сексам у законным шлюбе, з мужам ці жонкаю – гэта ў цывілізаваных краінах ужо не разглядаецца. Пятнаццацігадовыя інфантыльныя дзецюкі гойсаюць на ўласных матацыклах і аўтамабілях, маюць багаты вопыт у палавой сферы, і гэта ў той час, калі яны яшчэ не ў стане не тое, што пракарміць патэнцыйную сям’ю, а нават самі трывала сядзяць на шыі ў бацькоў, смокчучы грошы на харч і забавы жыцця.
 
Такім чынам, у цывілізаваным свеце раннія дашлюбныя палавыя сувязі даўно не асуджаюцца ні ў грамадстве, ні ў школе. Асуджаць і сачыць за гэтым могуць адно некаторыя рэдкія бацькі, зыходзячы з нейкіх сваіх маральных прынцыпаў. Колькасць такіх бацькоў будзе меншаць. І не дзіва: дашлюбных сувязяў баяцца ўсё менш, бо венерычныя хваробы лечацца, магчыма, некалі будзе лячыцца і СНІД, а з непрадбачанай цяжарнасцю разбіраюцца вельмі проста – майстэрства абортаў даўно дасягнула сваіх вышынь: бяспечна, бязбольна і не згрызае сумленне за тое, што забіў патэнцыйнага чалавека, сваё дзіцё. Бо сумленне можа грызці толькі ў выпадках адпаведнага рэлігійнага выхавання ці грамадскага асуджэння. А ні таго, ні другога ў цывілізаваным свеце няма. Таму ўся ўвага накіроўваецца на тое, каб не заразіцца небяспечнай хваробай, не зацяжараць і, зразумела, атрымліваць у працэсе сексу максімальную асалоду. Пішуцца горы сексалагічных кніжак, дзе ўсё гэта падрабязна прапісана. Кніжка не проста лёгкадаступныя для дзяцей 10–12 гадовага ўзросту, яны рэкамендуюцца ім выхавацелямі і настаўнікамі.
 
З развіццём дэмакратыі, лібералізму і адначасовай стратай аўтарытэту рэлігій (тут маецца на ўвазе найперш хрысціянства) на Захадзе, як непазбежны ўсяго гэтага вынік, адбываецца прафанацыя рэлігійнага культу: цэрквы пачынаюць рэгістраваць гомасексуальныя шлюбы, з’яляюцца свяшчэннікі-жанчыны, свяшчэннікі ды епіскапы, што не скрываюць, а нават бравіруюць сваёй нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй. Ясна, што такія пастыры нічому духоўнаму ў прынцыпе не здольныя навучыць, бо самі з’яўляюцца, так бы мовіць, класічнымі біблейскімі грэшнікамі. Усё гэта дэмакратыя, усё гэта адстойванне чалавечай свабоды. І сапраўды, хіба не чалавек садаміт? Каму ён робіць дрэнна сваімі сексуальнымі прыхільнасцямі? Ён жа ціхі, нікога не забівае, не крадзе, не ашуквае. І калі ён хоча стаць свяшчэннікам – мы не маем права яму забараняць. Болей за тое, дэмакратычнае грамадства будзе асуджаць і судзіць у прамым сэнсе (у судзе), кожнага, хто выкажа абурэнне гэтай духоўнай парнаграфіяй.
 
Адным з характэрных дэмакратычных перагібаў цывілізаванага Захаду з’яўляецца актыўнае ўмешванне дзяржавы, праваахоўных органаў у справы сям’і. Сям’я там, пры іхняй хвалёнай свабодзе, знаходзіцца пад пільным, нейкім таталітарным наглядам. Пяцігадовы жэўжык, атрымаўшы ад бацькі парачуханца, можа спакойна заявіць на яго ў суд, тут жа падскачуць адвакаты і пачнуць за бясплатна рабіць сабе рэкламу такімі, пакуль яшчэ не частымі і сенсацыйнымі працэсамі, калі дзеці засуджваюць, саджаюць бацькоў у турму. Дзіцё можа падаць у суд на бацькоў нават не за пляскач па задніцы, а за тое, што бацькі абмяжоўваюць яго правы і не даюць, або мала даюць кішэнных грошай. Трынаццацігадовы сынок хоча дарагі матацыкл, грошы на цыгарэты і палюбоўніцу, а бацька вырашае, што яму гэта зарана. Суд. Бацька аштрафаваны, папярэджаны, а то і пазбаўлены бацькоўскіх правоў, а то і пасаджаны за краты.
 
З забаронай фізічнага ўздзеяння на жонак, як слабую частку сям’і, даходзіць да анекдотаў. Жонка, пасварыўшыся з мужам, можа проста заявіць, што ён яе рэгулярна лупцуе, тэрарызуе, і тады муж для пачатку высяляецца з кватэры толькі на падставе гэтай заявы, пры тым абавязваецца ўносіць кватэрную плату і сваю частку грошай на дзяцей. Жыве пры гэтым як бомж і чакае суда, дзе можа атрымаць турэмны тэрмін за лёгкую аплявуху свавольнай жонцы, якую да таго ж ён, магчыма, ёй не даваў. Так пазбаўляюцца хітрыя жонкі ад нялюбых мужоў, каб жыць з палюбоўнікамі. Камедыя, фарс. Але ж, удумваючыся, не ўсё так проста. Бо, зноў жа, дзе мяжа, што аддзяляе рэальны сямейны тэрарызм мужоў над слабейшымі жонкай і дзецьмі ад лёгкіх сямейных канфліктаў і сварак, без якіх ніхто і ніколі не абыходзіцца?
 
Цяпер варта трохі пагаварыць пра сам працэс зараджэння цывілізацый, паглядзець на ўсё гэта ў гістарычным ракурсе. Балазе апошнім часам публікуюцца шматлікія даследаванні і прынцыпова новыя, не вядомыя раней тэорыі пра паходжанне цывілізаванага чалавека.
 
Асаблівасць гістарычнага погляду на рэчы, трэба заўсёды памятаць, палягае ў тым, што мы маем справу з часам, які незваротны. Пранікнуць у мінулае мы можам адно з дапамогаю дакументаў, міфаў, легендаў, лістоў, мастацкіх твораў, у якіх пісьменнік дэталёва апісваў свой час. Таму дакладнасць і доказнасць у гісторыі маюць вельмі адносны характар. Акрамя таго, трэба не забывацца пра наўмыснае скажэнне гістарычных падзей, фактаў некаторымі летапісцамі. Бо летапісцы часта абслугоўвалі эпоху, канкрэтныя ўладныя структуры, або баяліся пісаць праўду, не прыемную ўладным структурам.
 
Як даказаць, што летапісец скажаў гістарычныя факт? Як вызначыць сярод мноства супярэчнасцяў ісціну? Ёсць шматлікія спецыяльныя метады ў гэтай складанай навуцы гісторыі, якія дазваляюць з дастаткова вялікай доляй верагоднасці вызначыць той ці іншы факт сапраўдным, максімальна набліжаным да ісціны. І ўсё-ткі вызначыць нешта са стоадсоткавай гарантыяй рэдка калі ўдаецца. Прыйсці да згоды навукоўцам не дазваляе так званы чалавечы фактар – гэтыя праславутыя амбіцыі, славалюбства і самалюбства асобных вучоных, навуковых груповак, інстытутаў, часопісаў і г.д. Навукоўцы робяць сабе кар’еру, а гэта магчыма толькі тады, калі сама гісторыя не ўяўляе сабой нейкую закасцянелую догму, гэтакі малітоўнік, куды сабрана неаспрэчная ісціна.
 
Таму любы навуковец імкнецца да адкрыцця нечага новага, прынцыпова новага, чаго да яго не было. Толькі так ён можа праславіцца. Прага славы і адвечнае імкненне людзей наперад прыводзіць да таго, што несупынна аспрэчваюцца нават, здавалася б, неаспрэчныя, даўно "даказаныя” факты гісторыі. Каб апублікаваць кнігу на гістарычную тэматыку, навукоўцу абсалютна няма патрэбы браць на гэта дазвол у нейкай абсалютнай інстанцыі, якая вызначае праўдзівасць, дасканаласць яго тэорыі. Кнігі публікуюцца тады, калі іх нехта будзе чытаць. А найбольш ахвотна чытаюць тыя гістарычныя даследаванні, які ўтрымліваюць элемент сенсацыйнасці, якія пераварочваюць усё раней вядомае з ног на галаву. Таму некаторыя навукоўцы (ці не большасць) наўмысна ідуць на адступленне ад гістарычнай дакладнасці, на яўную падтасоўку фактаў, каб толькі займець сабе імя папулярнага пісьменніка. Можна тут запярэчыць, што папулярнасць гістарычнай літаратуры сярод абывацеляў не азначае прызнанне гэтага навукоўца ў вузкаспецыялізаваных сферах. Гэта так толькі з аднаго боку. А з другога боку, шматлікае тыражаванне тэорый у народныя масы мае зваротны эфект: грамадская думка воляй-няволяй цісне і ўплывае на думку навуковых супольнасцяў. Таму часта папулярная лухта і яўнае шарлатанства набываюць сваю вагу не толькі ў народзе, але і сярод прафесійных гісторыкаў.
 
Такім чынам, пра гісторыю сярэдні чалавек ведае толькі тое, што ён прачытаў, што яму перададзена з вуснаў гісторыкаў, а таксама тое, што занатавалі пра свой час пісьменнікі, летапісцы. Пра тое, што дабіцца абсалютнай праўды ад гісторыкаў і летапісцаў немагчыма, мы гаварылі вышэй. Яшчэ менш праўды, зразумела, можна дабіцца ад пісьменнікаў, якія ў мастацкай форме выкладаюць гістарычныя падзеі, апісваючы як свой час, так і мінулае (робячы гэта, як правіла, непрафесійна). Тут дамешваецца элемент выдумкі, фантазіі, без якіх няма мастацкага твора. Гістарычныя асобы, выведзеныя белетрыстам Аляксандрам Дзюма, моцна, а часам кардынальна адрозніваюцца ад сваіх прататыпаў. Тое можна сказаць амаль пра ўсіх літаратараў, якія пішуць на гістарычную тэматыку.
 
Вядомы прафесар матэматыкі Фаменка пад старасць літаральна захварэў гісторыяй, уявіў сябе геніяльным першаадкрывальнікам ісціны і практычна без усялякіх факталагічных падстаў пачаў перайначваць сусветную гісторыю, штампуючы свае кнігі. Яны разыходзяцца на ўра. Бо носяць яскрава выяўлены сенсацыйны характар. Традыцыйную гісторыю ўсе збольшага ведаюць. А вось нешта кардынальна новае хочацца пачытаць. Хай сабе і напісанае рукою, скажам так, не зусім нармальнага чалавека.
 
Аналагічнае адбылося і з вядомым афтальмолагам прафесарам Мулдашавым. Усё жыццё чалавек займаўся навукай медыцынай і практыкаваў як вочны хірург. Аднак ссунуўся з рэек на глебе Тыбета, пабываўшы там раз. А потым увесь сэнс жыцця прафесара ператварыўся ў пісанне сенсацыйных кніжак сумнеўнай гістарычнай вартасці пра Шамбалу, Горад Багоў, пра таямнічых настаўнікаў чалавецтва, якія нібыта сядзяць у позах лотаса ў недасяжных пячорах Тыбета, сядзяць у стане анабіёзу, гатовыя прачнуцца тады, калі чалавецтва перажыве чарговую катастрофу. Усё гэтае неабгрунтаванае практычна нічым трызненне друкуецца вялізнымі тыражамі, а прафесар мала таго, што атрымлівае ад сваіх адкрыццяў нездаровае задавальненне, пэўна ж заадно зарабляе грошы, і немалыя.
 
Гэта тыповыя прыклады, як з аднаго боку марочаць галовы абывацелям, а з другога прад’яўляюць нежартоўныя прэтэнзіі на навуковасць сваіх гістарычных адкрыццяў. Такія кніжкі ўносяць вэрхал не толькі ў галовы абывацеляў, але і саміх навукоўцаў, якія з прычыны папулярнасці фаменкаў-мулдашавых мусяць з імі так ці інакш лічыцца.
 
Але ж паглядзім на гэтую праблему ў іншым ракурсе. Паспрабуем убачыць, адкуль з’яўляюцца нетрадыцыйныя погляды на сусветную гісторыю, на гісторыю цывілізацый, якія імкнуцца перавярнуць усё ранейшае і трывалае з ног на галаву. А праблема ва ўсё той жа не стоадсоткавай (назавём так) доказнасці гістарычных феноменаў. Археалогія пастаянна нешта там ці сям адкопвае, і гістарычныя артэфакты ўносяць адчувальны разнабой у агульную карціну гісторыі чалавецтва. То знаходзяць у балотах Паўднёвай Амерыкі парэшткі белага чалавека, прычым пласт, у якім гэтыя парэшткі ляжаць, мае нібыта ўзрост тысячы і дзесяткі тысяч гадоў, то бок часоў, калі не тое што Калумб не нарадзіўся на свет, а яшчэ і Рым не стаяў. Там жа, у абедзвюх Амерыках, раз-пораз натрапляюць на манеты карфагенскай, рымскай, егіпецкай цывілізацый. Як яны туды трапілі? Хто і на чым іх прывёз? А ці не падробка ўсё гэта? Такія ды іншыя пытанні паўстаюць перад прафесійнымі даследчыкамі, а таксама і перад цікаўнымі дылетантамі. У стройную тэорыю аб тым, што да эпохі вікінгаў у Амерыку еўрапейцы не дабіраліся, не тое што дае трэшчыны, а апошнім часам развальваецца на вачах. І трымаецца яна толькі ў сілу законаў інерцыі: уся сістэма адукацыі цывілізаванага свету, усе гістарычныя інстытуты стаяць на тым, што Амерыку засялілі мангалоіды праз перашыек, які цяпер стаў Берынгавым пралівам, а потым туды дабіраліся вікінгі і, канешне ж, Хрыстафор Калумб, з якога і пачалася, уласна кажучы, тая Амерыка, што мы ведаем.
 
Не. Аказваецца не ўсё так проста. Даследаванні цывілізацый майя, ацтэкаў, інкаў паказваюць з вялікай доляю пэўнасці, што стаялі гэтыя цывілізацыі на дасягненнях больш старажытнай, больш дасканалай цывілізацыі. Ёсць меркаванне, што гэта была нейкая агульная цывілізацыя, якая пабудавала заадно ўжо і егіпецкія піраміды. І сапраўды, тэхналогіі будаўніцтва пірамід, якія знаходзяцца ў розных кутках свету, у многім тоесныя, нібы будаваліся па адных прынцыпах, чарцяжах, выкарыстоўваючы адны і тыя ж дасягненні. Цяжэрныя, у дзесяткі тон, гранітныя пліты, што стаяць непасрэдна ў пахавальні піраміды Хеопса, уражваюць найперш сваёй дасканалаю апрацоўкай, падгонкай адна да адной. Як выразанне і шліфоўку цвёрдага граніту можна было ажыццявіць у эпоху, якая не ведала ні жалеза, ні цвёрдых сплаваў, – наводзіць на няпростыя роздумы. З іншага боку, калі існавала звышразвітая цывілізацыя, якая валодала тэхналогіямі апрацоўкі цвёрдага каменю, то дзе яе інструменты, усе гэтыя станкі, фрэзы, уся інфраструктура, без якой ажыццявіць апрацоўку немагчыма? Навука сутыкаецца з феноменам невырашальнай супярэчнасці. З аднаго боку, не знаходзяць і следу рэшткаў жалезнай апаратуры, што наводзіць на думку: яе папросту не было. А з другога боку, ажыццявіць апрацоўку гранітных блокаў з такой міліметровай дакладнасцю, не валодаючы электрычнымі станкамі і цвёрдымі сплавамі для фрэзаў, як быццам і немагчыма. Што ж рабіць? Як выкручвацца навукоўцам?
 
І тады пускаюцца ў ход звыклыя прыёмы: замоўчванне ў публікацыях непатрэбных фактаў, падтасоўкі фактаў, штучнае прыніжэнне значнасці "нязручных” фактаў, высоўванне наперад эфектных фактаў, якія закліканы затушоўваць непатрэбныя і г.д. Калі нейкі навуковец робіць гістарычнае адкрыццё, якое ў перспектыве здольнае закрэсліць усё напрацаванае да яго, то гэты выскачка зазвычай сутыкаецца з ігнараваннем, замоўчваннем, цкаваннем – усё для таго, каб ён не перашкаджаў карміцца плойме навукоўцаў, што жывяцца на застарэлых тэорыях. Такое, зразумела, тычыцца не толькі навукі гісторыі, а і ўсіх іншых навук і сфераў дзейнасці чалавека. Бо ў людской грамады маецца непазбыўная цяга да кансерватызму, а асобныя геніі, першаадкрывальнікі парушаюць грамадскі спакой.
 
Дакапацца да ісціны ў гісторыі цывілізацый амаль немагчыма. Таксама цяжка ахапіць розумам, як у дагістарычнага паўжывёльнага чалавека ўзнікла ідэя збудаваць першы горад. Быў гэта адзін унікальны горад, з якога потым пайшлі ўсе гарады і цывілізацыі, або ўзнікненне гарадоў па ўсім зямным шары незалежна адно ад аднаго – гэта нейкая аб’ектыўная ўласцівасць чалавечай прыроды, – пра тое можна толькі разважаць у рытарычным ключы. Таму што цяга да ўскладнення соцыуму не ўласцівая дзікай прыродзе, з якой, як сцвярджае навука, выйшаў чалавек. Любы від прыроды максімальна прыстасаваны да выжывання, якім бы прымітыўным ён ні быў. І калі нам кажуць, што цывілізацыя – гэта плён барацьбы за выжыванне чалавечага племені, то ў гэта верыцца з цяжкасцю. Калі жыў чалавек сотні тысяч гадоў у напаўдзікім выглядзе, то з якой бяды яму было арганізоўвацца ў гарады і цывілізацыі? Бо яго прыродная задача была – выжыць як від. І нават калі б не выжыў – для бяздушнай прыроды гэта зусім не бяда, у яе безліч іншых відаў, якія выжывуць у самых складаных умовах.
 
Падкрэслім, што калі дагістарычны чалавек выжываў сотні тысяч гадоў без цывілізацыі, то значыць, ён быў максімальна прыстасаваны да акаляючага асяроддзя. Выходзіць, асяроддзе змянілася? Так, хапае падобных тэорый пра прыродныя катаклізмы, якія нібыта пагоршылі умовы існавання чалавека і змусілі яго высокаарганізавацца для выжывання. Усе яны моцна кульгаюць, бо хітра абмінаюць той факт, што ачагі цывілізацыі, як высвятляецца, узніклі ў тых месцах зямнога шара, дзе клімат быў самы што ні ёсць лагодны, спрыяльны жыццю. Не на паўночным полюсе зарадзіліся гарады. А на Ніле, у Міжрэччы, у дабрадатным Міжземнамор’і... Дзе і раней людзі жылі не тужылі.
 
Варта разам з тым прызнаць, што клімат усё ж такі моцна ўплываў на гісторыю чалавецтва – на рух і перасяленне народаў, на войны, што непазбежна ўзнікалі пры такіх міграцыях, на развіццё тэхналогій. Аднак усё гэта ніякім чынам не тлумачыць прычыну, па якой дзікі чалавек станавіўся чалавекам цывілізаваным. Мы не бачым аб’ектыўных неабходных знешніх прычын не толькі для таго, каб зарадзіліся гарады, а і для таго, каб нашы продкі вылучыліся з дзікай прыроды, сталі разумнымі. Для гэтага быў патрэбны некі знешні штуршок.
 
Навука ж, калі сутыкаецца з гэтай невырашальнай праблемай, ідзе на прывычную факталагічную нацяжку. Маўляў, мы не знаходзім зямных прычын зараджэння чалавека разумнага, значыць, ён прыляцеў з космасу! Хай так. Але ж як у космасе зарадзіўся гэты чалавек – навука не збіраецца нам тлумачыць, ёй і зямных спраў досыць.
 
Таму карціна бачыцца наступная: чалавецтва ніколі не будзе ведаць дакладна, адкуль і чаму яно з’явілася, ніколі не атрымае пэўных доказаў таго, былі да нас яшчэ вялікія цывілізацыі на зямлі, або наша цывілізацыя першая. Мала таго, любому гістарычнаму факту, кнізе, навуковай працы і праз сто, і праз тысячу гадоў можна будзе верыць вельмі абмежавана і асцярожна, таму што Гісторыя для нас – вялікі туман, у якім адно ўгадваюцца некаторыя абрысы і ў які ніводзін чалавек не ў стане ўвайсці. Бо час не павернеш назад, прынамсі ў той сістэме каардынатаў, у якой мы знаходзімся пры жыцці. Мы ніколі не пройдземся поруч з людзьмі, якія памерлі да нашага нараджэння, па вуліцах таго часу, а таму гісторыя – гэта факты, ухутаныя ў шматлікія тоўстыя вопраткі міфаў. За вопраткамі факты губляюць сваю дакладнасць.
Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (16.01.2010)
Просмотров: 813 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024