Сайт Міхася Южыка Суббота, 20.04.2024, 02:23
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Каталог статей | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Категории раздела
Мои статьи [28]

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » Статьи » Мои статьи

Калыска дыктатуры, арэлі анархіі
Чалавек па сваёй прыродзе істота статкавая. Бо ў свеце, запоўненым агрэсіўнымі пачварынамі, наўрад ці магчыма яму выжываць самастойна, тым болей – пры адсутнасці дастатковай фізічнай сілы, спрыту, хуткасці, іклаў і кіпцюроў. Таму зразумела, што гісторыя чалавецтва ад дапатопных часоў спраўджвалася з дапамогай разнастайных супольнасцяў. Іх структура перайначвалася, стыхійна шукаючы такую, якая дазваляла найбольш выгадна і бязбольна існаваць кожнаму сярэднестатыстычнаму індывідууму. Так паступова ствараліся цывілізацыі – найбольш дасканалыя формы чалавечай супольнасці, дзе структура непараўнальна складанейшая за племянную і дзе чалавек найпаўней рэалізуе свой душэўны і духоўны патэнцыял.
 
Кропкамі, вакол якіх крышталізаваліся гэтыя мудрагелістыя структуры, з’яўляліся гарады. Ці, правільней, гэтыя кропкі пазней станавіліся гарадамі. Нярэдка цывілізацыя мела толькі адзін буйны горад, з якога ажыццяўлялася кіраванне шматлікімі палеткамі, пашамі ды іншымі сродкамі здабывання пажытку. Горад, строга кажучы, ніяк не мог існаваць без падпарадкаваных яму зямельных надзелаў, гаспадары якіх спачатку добраахвотна, а потым і пад прымусам плацілі даніну ў агульны кацёл. За што горад даваў, умоўна скажам, даўнейшаму сялу ажыццяўляць праз свае рынкі абмен таварамі, а значыць, павялічваць якасць свайго жыцця. Акрамя таго, горад дазваляў чалавеку рэалізоўвацца ў сваіх духоўных і культурных патрэбах, бо ў сілу высокай арганізацыі супольнасці ў яе з’явіўся лішак прадукту, што азначала: ужо далёка не кожны член супольнасці павінен займацца фізічнай працаю. Частка архаічнага сяла таксама перацякала ў горад і займалася не толькі гандлем, але і разумовай працаю. Дарэчы, разумовая праца ніколі ў гісторыі чалавецтва не была карыснай сама па сабе, а мела падмуркам матэрыяльную выгаду.
 
Для высокаарганізаванай структуры патрэбныя былі высокаарганізаваныя ж галовы, якія прадукавалі новыя ідэі, што мусілі паляпшаць і паляпшаць якасць жыцця. Часцей, праўда, паляпшалася якасць жыцця адной толькі эліты, просты ж люд, здаралася, не мяняў свой побыт стагоддзямі. Дакладней, змены гэтыя былі надта нязначныя ў параўнанні са зменамі якасці існавання знаці.
 
Што такое эліта? Гэта вытворная ад першапачатковых правадыроў і іхніх родзічаў, якія на зары цывілізацыі пачалі яе, уласна кажучы, арганізоўваць. Галоўным цывілізатарам, натуральна, выступаў правадыр старажытнага племені. Вакол яго гуртаваліся шматлікія памочнікі і родзічы, перапляталіся і абрасталі сямейнымі сувязямі, туды ўкараняліся і староннія роды (праз жаніцьбу, напрыклад, багатага на беднай прыгажуні). Аднак ясна, што цягам стагоддзяў, пры адсутнасці дасканалых сродкаў вытворчасці, знаці, эліты не магло быць шмат, бо большасць людзей мусіла надрыўна гарбаціцца за хлебны кавалак. Таму гэта элітнае кола вешала на свае вароты ўяўны замок, адчыніць які старонняму чалавеку было амаль немагчыма. Якасць існавання здаўна ахоўвалася трывала і пільна. Для гэтай аховы, дарэчы, выкарыстоўвалася дружына, якая набіралася з беднаты, але якую добра кармілі, паілі і найчасцей адзіным абавязкам якой было ахоўваць якасць жыцця знаці ад вечна незадаволенага народа. То бок рэальна дружыны ваявалі большасць часу не са знешнімі ворагамі, а душылі і страшылі свой уласны народ, сваіх, папросту кажучы, матак, бацькаў, братоў і сясцёр, з асяроддзя якіх і выходзіў сярэдні дружыннік.
 
Бясспрэчна, што першапачатковая задача любой дружыны была – ахоўваць дзяржаву ад знешніх нападнікаў ці самой выступаць у якасці нападніка на іншы горад, цывілізацыю, каб павялічваць якасць свайго жыцця. Аднак у рэальнасці атрымоўвалася так, што дзевяць дзесятых баявой энергіі дружыны накіроўвалася на тое, каб караць, рабаваць, гвалціць і страшыць свой уласны народ – з аднаго боку ўсё ж такі ў інтарэсах дзяржавы (агульнага катла), а з другога – у шкурных ненасытных інтарэсах эліты, патрэбы ў якасці існавання якой нязменна раслі.
 
З іншага боку, дружына бараніла ад анархіі і сваёй грознасцю мацавала парадак. Бо ў любой чалавечай супольнасці заўсёды з’яўляліся хітравывернутыя людзі, якія кемілі, што, чым здабываць сабе хлеб цяжкай працаю, лепей сабрацца ў банду і адбіраць хлеб у сумленных працаўнікоў. Або, хто больш таленавіты, – красці хлеб у сумленных працаўнікоў.
 
Дужэйшыя і хітрэйшыя працаваць на зямлі не любілі. Таму чалавечая супольнасць адвеку пакутавала і пакутуе ад разнамасных злодзеяў, рабаўнікоў, ашуканцаў. Вось акурат барацьба з анархіяй, вэрхалам ды злачынствамі ўнутры супольнасці і ёсць адна з асноўных задач цывілізаванай дзяржавы. У адваротным выпадку банды расплодзяцца да такой велічыні, што не будзе каму здабываць харч і забяспечваць функцыянаванне цывілізацыі. Сумленныя працаўнікі, каб супрацьстаяць рознай поскудзі, мусяць самі браць у рукі зброю і станавіцца разбойнікамі, забойцамі. У выніку дзяржава распадаецца на асобныя агрэсіўныя групоўкі, якія зацята і несціхана варагуюць паміж сабою. Парушаюцца ўсе дзяржаўныя камунікацыі, дарогі робяцца непраходнымі з прычыны ненасытных разбойных груповак. А гэта паралізуе дзяржаву.
 
Каб супрацьстаяць вэрхалу, анархіі, гвалту і, як вынік, голаду, смерці, дзяржава мусіць узяць на сябе функцыі цэнтралізаванага і жорсткага кіраўніка. Папросту кажучы, замест шматлікіх незаконных разбойных бандаў, з’яўляецца адна ўзаконеная і звышмоцная банда: магутная дзяржава з дыктатарам, якога называюць па-рознаму – ад фараона да прэзідэнта. Усе дыктатары адрозніваюцца толькі эпохамі і працэнтам рэальнай улады, сканцэнтраванай у іхніх руках. Тут трэба разумець, што ніякая ўлада абсалютнай не бывае, таму што дыктатар залежыць ад свайго атачэння, унутраных і знешнепалітычных абставінаў.
 
Калі з’яўляецца гэты законны "пахан”, то ўсе астатнія "бандзюкі” прыцішваюцца. Цяпер сумленныя працаўнікі зарываюць зброю і бяруцца за земляробства і жывёлаводства, рыбалоўства і паляванне – улюбёныя свае справы. За магчымасць адносна бязбеднага і бестурботнага жыцця яны сплачваюць у дзяржаўны кацёл рэгулярную даніну. На гэтую даніну зноў жа існуе дзяржаўная эліта, шматлікі чыноўны апарат, войскі, будуюцца сродкі агульных камунікацый: дарогі, флот і г.д, устрымліваюцца разумныя галовы – навукоўцы, мастакі, літаратары і музыкі, адны для рэальнага ўзмацнення дзяржавы (навукоўцы), другія для ўпрыгожвання жыцця дзяржаўнай эліты (мастакі, паэты, музыкі), што таксама немалаважна, бо ад душэўнага стану кіраўнікоў наўпрост залежыць дабрабыт іхніх падданых.
 
Коратка пра тое, што лічыць дзяржаўнай элітай. На працягу стагоддзяў гэтае паняцце мянялася. Аднак сутнасць застаецца аднолькавай – гэта людзі, у руках якіх сканцэнтраваны асноўныя рычагі ўлады. На пачатку цывілізацый гэта звычайна правадыр і ягоныя родзічы. Затым кола гэтае пашыраецца да паняцця арыстакратыі – нашчадкаў слаўных і багатых родаў, якія рэальна канцэнтруюць у сабе грашовыя сродкі, кіруюць войскамі і чынна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці дзяржавы. Элітай можа быць і клас дзяржаўных чыноўнікаў, які замяніў, прыкладам, у СССР арыстакратыю з прычыны яе адсутнасці. Пры капіталізме і панаванні шоу-бізнеса ў сродках масавай інфармацыі да эліты адлучаюцца фінансавыя магнаты (а часам яны – асноўная эліта дзяржавы) і нават поп-зоркі, спартсмены, якія зарабляюць нерэальныя грошы праз тэле- і радыёкамунікацыі ды ўплываюць на душэўны стан простага люду. Так што паняцце эліты, нягледзячы на сваю размаітасць, мае падмуркам адно – канцэнтрацыю ўлады ў той ці іншай форме. А грошы – гэта ўвасобленая ў сімвалах улада. Адсюль выснова: імкнуцца да грошай азначае рвацца да ўлады. І наадварот. Што дае чалавеку ўлада, я разглядаў раней у раздзеле пра соцыум, але буду заўсёды вяртацца да гэтай праблемы з прычыны яе важнасці і ўдакладняць.
 
Улада – рэч, безумоўна, выдатная. Цывілізацыя без улады ні існаваць, ні развівацца не можа. Але ж прырода ўлады мае сваім падмуркам, як ні круці, насілле. То бок змагаецца з анархіяй і насіллем яна метадам усё той жа фізічнай сілы. За любым законам стаіць грубая сіла. Інакш бы ніводзін закон не выконваўся, быў фікцыяй. Калі нейкі артыкул закона па розных прычынах не прымяняецца (а прымяняць азначае найперш караць фізічна), то ён хутка страчвае сваю актуальнасць, яго беспардонна і рэгулярна парушаюць. Парушальнік закона, калі ён не вар’ят, заўсёды тонка адчувае, што яму пагражае за пэўнае дзеянне, і як бы ўзважвае "за” і "супраць”. Таму высокаразвітая цывілізаваная дзяржава – гэта найперш суровы закон, які дзейнічае няўмольна і беспаваротна, без асаблівых скідак на асобу злачынцы. Пацярпець ад закона тут можа і высокапастаўлены чыноўнік, і сын прэзідэнта, і сам прэзідэнт. У менш развітой цывілізацыі закон падыходзіць дыферэнцыравана да людзей розных саслоўяў і рознай грамадскай вагі.
 
З прычыны заснавання любой дзяржаўнай улады на сілавым фактары чалавецтва заўсёды балансавала на даволі тонкай мяжы, паабапал якой зеўралі прорвы анархіі і таталітарызму. Зрэшты, у старажытнасці пытанне зазвычай вырашалася ў бок таталітарызму, хаця былі пэўныя прамежкі часу (напрыклад, у Рымскай імперыі), калі ў дзяржавах панаваў дэмакратычны метад кіравання. Але дэмакратыя схільная да страты меры і як вынік – да ўцягвання дзяржавы ў вэрхал, анархію, за якімі непазбежнымі лекамі вяртаецца дыктатура, таталітарызм, як найбольш устойлівая форма функцыянавання супольнасці. Таму гісторыя чалавецтва – гэта пераважна гісторыя таталітарных дзяржаў. На чале імперый стаялі, як правіла, правадыры з моцнай воляй і прагаю славы, нецярпімыя да найменшых праяў дэмакратыі. Толькі так ім удавалася пашыраць межы імперый, тым самым несучы святло сваёй цывілізацыі дзікім народам.
 
Важнай праблемай заўсёды стаяла перадача ўлады. З аднаго боку, эфектыўна кіраваць магутнай дзяржавай мог толькі чалавек, заточаны пад гэта самой прыродай. А з другога, сям’я правадыра ўсяляк чаплялася за тое, каб захаваць пераемнасць пакаленняў, перадаваць уладу ў спадчыну. Зразумела, што была вельмі малая верагоднасць таго, каб будучы таленавіты кіраўнік дзяржавы нарадзіўся ў такім вузкім коле людзей. Таму нярэдкія выпадкі, калі дзяржавай мусіў кіраваць бязвольны, фізічна ўбогі чалавек, а то і малалетак, які, вядома ж, не спраўляўся са сваімі функцыямі, і рэальная ўлада трапляла ў рукі прыдворных авантурыстаў. Менавіта немагчымасць законна перадаць уладу ў рукі таго, хто да яе сапраўды здольны, прыводзіла да аслаблення ўлады, непарадкаў як у краіне, так і пры двары, а ў перспектыве – да непазбежных палацавых пераваротаў, гвалтоўных захопаў улады.
 
У выніку цывілізаванае чалавецтва паступова прыходзіць да складанай сістэмы дэмакратычных выбараў, калі на пасаду правадыра дзяржавы заступае чалавек не па родавых прынцыпах, а па сваіх прафесійных якасцях, кіраўніцкім таленце і г.д. Тут таксама ёсць шмат выдаткаў, напрыклад, тое, што дэмакратычныя выбары дэмакратычнымі з’яўляюцца не па сутнасці, а па форме, бо перадвыбарчую кампанію заўсёды выйграюць грошы, адзінае неаспрэчнае ўвасабленне сілы і ўлады на свеце. Гэта значыць, што да ўлады прыходзіць тая фінансавая суполка, якая дэ-факта ўжо мела ўладу над выбаршчыкамі. (Выключэнне – часы разрухі і вэрхалу, калі да ўлады прыходзяць палітычныя авантурысты.) Гэта зазвычай група фінансавых карпарацый, якая высоўвае ў якасці правадыра свайго стаўленіка, які сапраўды выбіраецца па сваіх здольнасцях палітыка, кіраўніка. Менавіта тое, што такі правадыр прызначаецца фінансавай суполкай, якая выйграе "дэмакратычныя” выбары, абмяжоўвае ягоную ўладу, не дазваляе ёй стаць абсалютнай. Гэтыя выбары – адзіны на сённяшні дзень рэальны спосаб спалучыць дэмакратычны прынцып з прынцыпам моцнай канцэнтраванай улады. Бо, падкрэсліваю, улада па сваёй прыродзе не церпіць ніякага распылення і рассяроджвання, яна апрыёры імкнецца да абсалютнай. Дэмакратычныя механізмы, як расцяжкі, не даюць ёй туды скочвацца.
 
Пры адсутнасці дэмакратычных механізмаў стрымлівання многае аддаецца на волю выпадку, а менавіта на псіхічныя асаблівасці правадыра, на фактар яго фізічнага здароўя і знешнія фактары, якія ў такім разе цяжка паддаюцца кантролю. Дзяржава тады жыве па двайных стандартах: па канстытуцыі для законапаслухмяных шараговых грамадзян і па неканстытуцыйным, не прапісаным у законе праве сілы, якая зыходзіць ад правадыра і яго атачэння. Гісторыя зазнала безліч выпадкаў, калі ўлада аднаго чалавека над мільёнамі набывала напраўду дэманічныя формы. Любое самадурства, псіхічнае адхіленне і проста вар’яцтва правадыроў адбіваліся літаральна на кожным грамадзяніну таталітарных дзяржаў, якія патаналі ў страху, гвалце і смерці. Закон вертыкальнай улады эфектыўна, як электраэнергія перадаваўся ад вышэйшых яе ўзроўняў да самых ніжэйшых, то бок да простых працаўнікоў, якіх нязменна – абсалютная большасць. Атачэнне правадыра, апанаванае жахам быць пакараным і знішчаным, выслужвалася як магло, ратуючы свае тленныя шкуры. Выслужванне заключалася ў пераносе дэманічнай энергіі гвалту на ніжэйшы ўзровень, кожны дзяржаўны чыноўнік, кіраўнік як бы спяшаўся спіхнуць гэтую энергію з сябе, каб гнеў вышэйстаячых не абрынуўся на яго галаву.
 
Найбольш таленавітыя дыктатары актыўна і ўмела выкарыстоўваюць прынцып страху сярод найбліжэйшага атачэння (эліты), а таксама прынцып спайвання крывёю, г.зн. незаконнымі забойствамі. Спаяныя крывёю (успомнім "Бесы” Дастаеўскага) вымушаны пакрываць далейшыя злачынствы адно аднаго і жалезна трымацца за свае месцы, бо перад імі заўсёды стаяць прыклады расправы з няўгоднымі дыктатару дзяржаўнымі дзеячамі. Амаль заўсёды выкарыстоўваецца і прынцып даносаў, сочкі і недаверу, калі, папросту кажучы, дзяржаўныя дзеячы даносяць наверх пра сапраўдныя ці выдуманыя злачынствы сваіх калегаў, цвёрда ведаючы, што ён, калега, можа цябе апярэдзіць сустрэчным даносам, тым самым захаваўшы сваё крэсла, жыццё і загубіўшы тваё. Фіскальства заахвочваецца дыктатарам, у яго атачэнні заўсёды пануе атмасфера няпэўнасці, страху і хітрамудрых інтрыг.
 
Асаблівасць любой дыктатуры палягае ў яе нарастанні з цягам часу, ва ўсё шчыльнейшым закручванні гаек, якое спыняецца або натуральнай смерцю правадыра, або палацавым пераваротам, калі апанаваныя жахам падначаленыя з ліку эліты ідуць на адчайны крок – на звышрызыкоўнае забойства лідэра, не здзейсніўшы якое, яны са стоадсоткавай гарантыяй будуць знішчаны. Дыктатура не можа самаліквідавацца ці хаця б аслабнуць па прычыне таго, што ў дыктатара няма хадоў адступлення. Здзейсненыя злачынствы, пралітая кроў бязвінных ахвяраў патрабуюць расплаты, таму аслабіць уладу, або ад яе адмовіцца – фактычна азначае падвергнуцца бязлітаснай неадхільнай кары. Дыктатара не адпускаюць, такім чынам, здзейсненыя грахі і прыродны інстынкт самазахавання. Грахі вымагаюць адплаты, а інстынкт самазахавання робіць усё магчымае, каб гэтая адплата або не настала ніколі, або максімальна аддалілася па часе. Таму дамовіцца з дыктатарамі, па вялікім рахунку, ніколі не ўдавалася. Крытыка ж дыктатуры мае супрацьлеглы эфект – яе ўзмацненне.
 
Думаецца, што прырода ў апошнім стагоддзі ўключыла свой ахоўны механізм, каб не аддаваць на волю дыктатараў лёс, ні многа ні мала, цэлай планеты Зямля. На мяжы трэцяга тысячагоддзя магутныя дамінуючыя дзяржавы, схільныя сваім ядзерным патэнцыялам знішчыць планету, пазбавіліся дыктатуры. У адваротным выпадку магло адбыцца непазбежнае па тэорыі верагоднасці, а іменна націсканне ў прыступе душэўнай хваробы дыктатарам (а вар’яцтва ў дыктатара надыходзіць амаль заўсёды, гэта асаблівасць прафесіі) ядзернай кнопкі. Нездарма ж "ядзерная частка” дваццатага стагоддзя характарызавалася тым, што дыктатары захоўваліся (ці з’яўляліся) толькі ў малазначных краінах – тых, што не валодаюць зусім, або не валодаюць крытычнай магутнасцю ядзернага патэнцыялу. Дамінуючыя ж краіны, мяркую – у стыхійным парыве самазахавання, ад дыктатуры адмовіліся. Цяпер яна пераважна ўвасабляецца ў міні-фюрэрах, міні-неронах і міні-сталіных, якія, хоць і не валодаюць рэальнай пагрозай для ўсяго свету, нясуць тым не менш у сабе напамін пра найгоршае, што можа адбыцца з чалавецтвам у будучым, калі яно не зліквідуе дыктатуру як з’яву.
 
Каб закругліцца з паняццем дыктатара, варта сказаць, што гэта найбольш несвабодны чалавек у дзяржаве. Нітачкі, якімі ён торгае лялек, сваіх падначаленых, дабіраючыся да самага нізу іерархічнай піраміды, маюць з ім зваротную сувязь па непарушных законах Космасу. Уся гэтая піраміда як бы перакульваецца і цісне на свайго валадара ўсім магчымым цяжарам. У дыктатара няма ніводнай спакойнай хвіліны. А асноўны галаўны боль – не зляцець з уладнай верхатуры і не разбіцца набывае ўсе прыкметы паранаідальнага псіхозу, устойлівай адмоўнай дамінанты.
 
Не ведаю, як можна не бачыць таго, што бадзяжны філосаф Дыяген непараўнальна свабаднейшы і шчаслівейшы за свайго сучасніка Александра Македонскага. Ён быў настолькі распешчаны сваёй свабодай, што, як гаворыць легенда, выказваў нездавальненне, што славуты палкаводзец Аляксандр, падышоўшы з ім пагутарыць, засланіў сонца. Дыяген грэўся на сонцы, а Македонскі яму перашкодзіў. Адзін з іх бадзяўся і мысліў, другі не меў спакою ўсё жыццё, ваюючы. У выніку адзін пражыў спакойна, шчасліва і плённа да старасці. Другі ж убухаў сваю маладосць на вайсковыя паходы, топячы ў крыві тры кантыненты, а ў выніку недарэчна загінуў ад банальнай інфекцыі маладым. Што тычыцца таго, хто з двух пакінуў большы след у гісторыі і прынёс большую карысць – то пытанне спрэчнае і ў прынцыпе не вырашальнае. Прынамсі абодва роўныя ў сваёй славе людской, гэта факт.
 
Аляксандр Македонскі свята верыў, што нясе святло цывілізацыі іншым народам, насаджваючы цывілізацыйныя дасягненні гвалтам, крывёю. Аднак падумаем, ці зрабіў ён шчаслівейшым сярэдняга чалавека сваёй імперыі, ці хаця б сябе самога? І ці ёсць цывілізацыя апрыёры дабром для людзей? Тут існуе шмат меркаванняў, асноўныя з якіх, як заўжды, супрацьлеглыя. Хрысціянскі светапогляд, напрыклад, бачыць чалавека нязменным у сваёй грэшнасці, страснасці і, як вынік, шматпакутнасці ва ўсе часы і пры любым грамадскім ладзе. Згодна з гэтым светапоглядам, чалавек не ратуецца сытасцю і выгодамі ад унутраных і знешніх афектаў. І гэта, калі паглядзець строга, сапраўды так. Інакш бы не свяціўся светлай усмешкай якісьці працавіты бядняк, і не канчаў самагубствам які-небудзь сынок мільярдэра з-за таго, што чарговая месаліна яму адмовіла... Другі погляд на рэчы, які таксама мае пэўную рацыю, заключаецца ў тым, што цывілізацыйныя выгоды паляпшаюць і ўнутраны стан сярэдняга чалавека. Рацыянальнасць і слушнасць абодвух супрацьлеглых пазіцый не павінна выклікаць здзіўлення, гэта толькі пацвярджае складанасць і неадназначнасць паняццяў дабра і зла, а таксама тое, што любая праблема разглядаецца ў розных ракурсах. І кожны з гэтых ракурсаў мае сваю праўду.
 
Хрысціянскі ракурс разглядае духоўны стан чалавека, трагедыю яго смяротнасці і немагчымасць выратавацца нічым у гэтым шалёным свеце, інакш як праз Хрыста, вераю змяніўшы сваю тленную прыроду і стаўшы неўміручым для Вечнасці. І ў рамках такога разгляду мы сапраўды бачым, што ніякае багацце, каханне, слава, шматлікія нашчадкі не выратуюць чалавека ад смяротнасці сваёй прыроды. Коратка кажучы, паміраць яму ўсё адно прыйдзецца аднаму і ў Вечнасць глядзець – сваімі вачыма. Калі ж ты не бачыў гэтай вечнасці ў зямным жыцці, то з якім настроем ты можаш сустракаць яе ў момант смерці? З жахам перад невядомасцю – гэта як мінімум. Чым больш ты маеш дабротаў – тым цяжэй табе ўмомант стаць голым. У труны кішэняў няма – справядліва сцвярджае прымаўка. Ясна, што ніякая цывілізацыя гэтую праблему нязгоды чалавечай свядомасці, чалавечай прыроды з фактам непазбежнай смерці вырашыць не можа.
 
А што можа цывілізацыя ў такім выпадку? Пераважна цывілізацыя прызначана для аднаго – аблягчаць нялёгкае існаванне чалавека на зямлі і, па магчымасці, павышаць тэрмін гэтага існавання. На гэта накіраваны ўсе яе намаганні, на гэта шчыруюць навука, медыцына, юрыспрудэнцыя і палітычныя інстытуты. Толькі на гэта – каб чалавеку было лягчэй у нялёгкай справе жыцця. А што такое – лягчэй? Гэта каб было больш станоўчых эмоцый, чым адмоўных. Бо ўвесь велізарны свет мы ўспрымаем толькі праз свае пачуцці. Закаханыя мы, сытыя, праслаўленыя – і тыя рэчы, што ў жабрацтве, нелюбові і бясслаўі здаваліся нам апастылымі, цяпер пачынаюць неверагодна радаваць нас. Фізіялагічна ж усё тлумачыцца вельмі банальна – з прычыны станоўчых эмоцый наш арганізм выпрацаваў павышаную дозу натуральных наркотыкаў, і нам рэзка палепшала. Вось на гэта пераважна і накіраваны даброты цывілізацыі: сытасць, вольнае каханне, разнастайныя відовішчы і свабода камунікацый – пастаўляць мозгу шараговага чалавека натуральныя наркотыкі. Аднак любы наркотык мае сваю небяспечную асаблівасць – праз некаторы час ён перастае дзейнічаць так, як дзейнічаў напачатку.
 
Таму тыя забавы і далікатэсы, што радавалі нас нядаўна, перастаюць цешыць і патрабуюць замены. І хоць цывілізацыя прапаноўвае вялізны асартымент дабротаў і забавак, у выніку непазбежна настае перанасычанасць імі, калі ўжо нішто, ну нішто не можа пацешыць. І аказваецца, што самым надзейным сродкам жыць радасна аказваецца старазапаветнае – у поце твару здабываць хлеб свой. Бо галодны радуецца і чэрстваму хлебу з вадою. А таго, хто аб’еўся, верне і ад чорнай ікры. Той, хто стаміўся надзённаю працаю, радуецца магчымасці проста прысесці і адпачыць. Не спешчанага жыццём чалавека радуюць такія драбніцы, на якія разбэшчаны багацей зусім не зважае. А жыццё насамрэч складаецца з гэтых драбніц. Можна захапляцца карункамі ад марозу на зімовым акне, першай травінцы, што прабіваецца з пад снегу, сінічцы, што даверліва пырхнула на твой падаконнік. А можна аб’есціся натуральным сексам з эннай партнёркай і дарагімі вінамі, а заўтра, каб не было сумна, перайсці на гомасексуалізм і сесці замест сухога віна на наркотыкі.
 
Шапенгаўэр (ды, канешне ж, іншыя філосафы да яго), напрыклад, пісаў, што не трэба глядзець на багацце і грамадскі статус чалавека, а трэба прыкмячаць, ці часта ён усміхаецца ці смяецца. Бо калі ён часта смяецца – ён адназначна шчаслівы. Можна паспрачацца наконт шчасця ўсмешлівага ідыёта ці хранічнага алкаголіка, але спрэчка гэтая хутка прыме рытарычны кірунак.
Категория: Мои статьи | Добавил: NORAD (12.01.2010)
Просмотров: 733 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024