фантастычная аповесць
1
Той золкі дзень сярэдзіны лістапада назаўсёды адбіўся ў памяці. Ён стаў маім апошнім днём у гэтым горадзе, колішнім беларускім райцэнтры насельніцтвам дзесяць тысяч чалавек, дзе я працаваў настаўнікам. Цяпер я пазбаўлены не толькі школы, а і ўсяго чалавечага.
Тым пахмурным ранкам я прачнуўся з галаўным болем, — бо да трох ночы не спаў, тупа седзячы перад тэлевізарам, — а трэба было борздзенька падымацца і бегчы на працу.
Вы ўяўляеце сабе тэлевізар у беларускай правінцыі? Тады, мабыць, зразумееце, як мне, выхадцу са сталіцы, жылося там усе пяць гадоў. Чатыры каналы, дзе львіную долю вяшчання займаюць навіны, рэклама і мыльныя оперы. Але ў тую ноч да паловы трэцяй ішоў амерыканскі баявік. Я ўвогуле не пераношу падобныя фільмы, але, сеўшы а палове дванаццатай, так і прыліп да экрана. Не з цікавасці, не, а з прычыны пустэчы ў душы і ляноты падняцца і пайсці спаць. Дый спаць не хацелася, нервы мае былі ўзведзены непрыемнасцямі па рабоце. Хаця… што там работа, калі ўсё маё жыццё — суцэльная непрыемнасць. Так я думаў да апошняга дня…
Дык вось. Днём раней, у школе, я сарваўся і добра-такі пашкуматаў Сашку Марцэвіча, дзевяцікласніка, прыгажуна, улюбёнца дзяўчат і класнага верхавода. Я даўно яго не любіў, як, зрэшты, і ўсіх людзей гэткага кшталту. Яны ўяўляюць сябе істотамі вышэйшага гатунку, гэткімі супермэнамі. Прычым усведамляюць сваю перавагу над іншымі з самага маленства, ледзь не з пялёнак. Яны раслейшыя, дужэйшыя, нахабнейшыя і часцяком разумнейшыя за астатніх. Не іхняя, канешне, у гэтым заслуга. То прырода-матухна стварае бездакорных самцоў, быкоў-асемяняльнікаў. Але што мне да тае прыроды, калі на ўроках адчувалася, што не я, дыпламаваны настаўнік беларускай літаратуры, кірую класам, а гэты кудлаты, з вечна расшпіленым каўняром Сашка Марцэвіч. Менавіта яго нячутным для мяне досціпам падхіхіквалі аднакласнікі, на яго грымасы была звернута ўвага дзяўчат. Мной пагарджалі, і я, па вялікім рахунку, нічога не мог парабіць.
Аднак напярэдадні я даў сабе волю. Адбылося гэта на пераменцы, у туалеце, куды пацягнула мяне не патрэба аправіцца — для настаўнікаў ёсць свая прыбіральня, — а нялёгкая злая сіла. Папраўдзе, я бачыў, як Марцэвіч разам з двума хлопцамі шмыгнуў туды, і падазраваў, што яны збіраюцца там пакурыць. Счакаўшы пэўны час, я рыўком расчыніў дзверы. Рэзкі пах таннага тытуню ўдарыў мне ў ноздры. Прычым гэтыя трое знахабіліся да таго, што палілі не на "ачку”, а стоячы купкай ля знасцежанай фрамугі. І пасміхаліся! Зрэшты, двое хлапцоў маланкава шпурнулі недакуркі ў акно. Марцэвіч жа адно павольна апусціў руку з цыгарэтай і працягваў нешта казаць хаўруснікам, знарочыста не зважаючы на мяне.
Я падышоў і сталёвым голасам загадаў двум яго таварышам зараз жа выйсці, а пасля ўрокаў явіцца ў настаўніцкую. Яны ціхмяна вышмыгнулі вон. Марцэвіч нахабна і ўсмешліва глядзеў паўз мяне, на сцяну. Праўда, паднесці цыгарэту да рота і зацягнуцца ён не насмельваўся. Яна марна дымела, заціснутая між яго доўгімі спешчанымі пальцамі. Калі яго таварышы выйшлі, я запытаўся, чаму ён курыць, Сашка адказаў — не, вы толькі паслухайце! — нешта тыпу "А што, нельга?” Так, нельга, пацвердзіў я, як мага спакайней спаслаўшыся на загад дырэктаркі Раісы Янаўны. На мае словы ён пагардліва ўсміхнуўся і (гэта была яго жудасная памылка) пачаў-такі падносіць цыгарэту да рота…
Магчыма, як я цяпер уяўляю, ён меркаваў зацягнуцца апошняга разу і выкінуць недакурак ва унітаз. То бок падпарадкавацца майму загаду. Але тады я адчуў прыліў крыві ў галаву, страшэнную гарачыню ў жываце. Гэта быў магутны выплеск адрэналіну, і чытач павінен разумець, што ў тыя секунды я сабой не валодаў.
Рэзкім ударам далоні па Марцэвічавай пяцярні я выбіў у яго цыгарэціну і тут жа схапіў загрудкі, ды так, што затрашчаў яго мадняцкі касцюм…
Але прыпынюся, каб сказаць колькі слоў пра мае антрапалагічныя дадзеныя. Я чалавек далёка не хілага целаскладу, маю рост каля ста васьмідзесяці пяці сантыметраў, а галоўнае, шырокую косць і вялікую цяглічную масу. Прызнацца, для мяне заўсёды было загадкай, у каго я такі ўрадзіўся, таму што мае бацькі і сястрыца якраз-такі людзі мініяцюрныя. Схільнасць набіраць вагу і распаўзацца ад кожнай калорыі ва ўсе бакі здавён з’яўляецца маім галаўным болем. Я ўсё свядомае жыццё, асабліва з юнацтва, баючыся не спадабацца дзяўчатам, мушу стрымліваць сябе ў ежы, пазбаўляць усялякіх ласункаў-прысмакаў, а таксама бегаць трушком, тужыцца на перакладзіне і цягаць гіры. Я хадзіў у атлетычную залу ў нашым глухменістым гарадку. Гэта ведалі вучні і, магчыма, кпілі з мяне, насміхаліся… Ды толькі Марцэвічу, у той момант, калі я згроб яго ў свае абдоймы, пэўна было не да смеху.
Ён вокамгненна збялеў, і яго правая кісць, якую я схапіў і пачаў выварочваць, стала халоднай.
Тут ужо варта ўзгадаць і пра фізічныя дадзеныя таго непачцівага вучня. Гэта быў рослы хлапчына, ніжэйшы за мяне, можа, на якія тры сантыметры. І гэта ў пятнаццаць гадоў! Ды бяда Марцэвіча ў тым, што калорыі, якія шчодра трацілі на яго бацькі, ішлі не ў фізічную моц, а ў даўгалыгасць і юначы юр. Хаця сярод аднакласнікаў Сашка быў, відаць, найдужэйшы. Але ж са мной яму было не саўладаць аніяк.
Па шчырасці, у тыя секунды я наталяўся сваёй уладай над гэтым зухам і шкадаваў, што выдаліў яго аднакласнікаў. Няхай бы палюбаваліся, як курчыцца ў маім захопе іх верхавод, як марна спрабуе выслабаніцца. Ён звіваўся як вуж. Абсалютна моўчкі. З нянавісцю пазіраючы мне ў вочы. Ён яўна не прывык да гвалту. Пестуна сям’і (я ведаю ягоных, заможных па правінцыйных мерках, бацькоў), лідэра ва ўсіх, пачынаючы з дзіцячага садка, сябрынах, Марцэвіча ніхто ніколі не біў. Прынамсі я на ўсе сто ўпэўнены ў гэтым. Біў ён. А калі не біў, то прыніжаў равеснікаў, выклікаў іхнюю зайздрасць сваім ростам, прыгажосцю, увагай з боку дзяўчат.
— Яшчэ раз убачу за курывам, ва унітаз галавой утыркну! — раз’юшана прашыпеў я Сашку Марцэвічу ў твар, яшчэ раз тузануў, страсянуў, як мяшок з сенам, і выпусціў.
За ўвесь час нашага няроўнага дужання ён так і не прамовіў ні слова. Паправіўшы фарсістую вопратку, ён горда ўзняў галаву, сунуў рукі ў кішэні штаноў і ўразвалку рушыў да выхаду. Ужо зачыняючы дзверы, ён такі зірнуў на мяне цераз плячо. О Божа, колькі ж нянавісці, помслівасці было ў гэтым юначым паглядзе! Калі б мы жылі на Каўказе, а не ў соннай і млявай Беларусі, мяне б, мабыць, зарэзалі ў той жа вечар. Не ён, дык хтосьці з родзічаў ці хаўруснікаў.
З гэтай секунды я зразумеў, што Сашка да смерці будзе памятаць тую хвіліну і што пры любым зручным выпадку расквітаецца на самую поўніцу. Усю рэшту кароткага асенняга дня, ноч і раніцу таго дня, з якога пачаўся аповед, я жыў з адчуваннем падспуднага страху. Мне чамусьці здавалася, што ўжо па прыходзе ў школу мяне, проста на ганку, стрэне дырэктарка, завядзе ў свой кабінет і прапануе напісаць заяву аб звальненні. Я, вядома ж, разумеў, што гэта лухта, што такога не можа быць, што я не нанёс Марцэвічу ніякіх цялесных пашкоджанняў, што нават гузіка не адарваў. Аднак на душы было неяк зябка, зімна, вярэдліва…(...)
(поўны тэкст аповесці загружаецца па спасылцы ўверсе)
|