Сайт Міхася Южыка Четверг, 25.04.2024, 23:07
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2012 » Апрель » 26 » ВЕРШЫ (Зіма 2011/2012)
22:49
ВЕРШЫ (Зіма 2011/2012)


* * *

Што такое пастаянства?

Шчасце, смерць ці яшчэ што?

Ці адсутнасць хуліганства,

ці без зносу паліто?

 

Рух, не важна як – наперад

або скокамі назад –

ёсць жыццём без яснай меры,

без уліку бед і страт.

 

Шчасце, шчасце, што такое

ў гэтым слове разумець?

Гэта радасць неспакою,

калі хочацца ляцець?

 

Гэта сон, калі стаміўся,

гэта хлеб, калі знямог?

Гэта вецер, што ўзвіхрыўся

на шляху ад тваіх ног?

 

* * *

Ты камеліі кветка, і ружа, і бэз...

Не ўяўляю жыцця недзе воддаль і без

гэтых колеру бэзу глыбокіх вачэй,

без усмешкі такой, што дыханню лягчэй,

без адзення, дзе чырвань на фоне начы

пра каханне нязнанае слёзна крычыць.

Чырвань – шчырасць твая ў хуткаплыннай крыві –

забруіцца крыніцаю крэўнай зямлі,

што напоіць, абмые ўсю існасць маю...

Ты – прычал нечаканы майму караблю,

што стаміўся па хвалях бясконца блукаць,

што жадае таемна хоць берагам стаць,

супакоіцца, скончыць вандроўны свой бег

і прымаць, як зямля, і спякоту і снег.

Ты такая, што сцішваеш раптам вятры,

ты паўстала ў праменні сусветнай зары,

побач з сонцам страйнюткая постаць твая –

там, дзе хораша бэз па вясне забуяў,

дзе камелія з ружай чырвоным гараць,

дзе няможна спакойна на месцы стаяць

нават у адпачынку майму караблю,

бо люблю...

я люблю,

я люблю,

я люблю...

 

* * *

Не драпежнік паказвае іклы,

не цягнік за пагоркам гудзе –

завіруха хрыпата і звыкла

аб сваёй абвяшчае хадзе.

 

Між дамоў і наўсцяж доўгіх вуліц,

набіраючы хуткасць і спрыт,

калі людзі ў кватэрах паснулі,

завіруха нясецца ў нябыт.

 

Заўтра ўстануць і скажуць: во дзіва,

свет пад коўдрай зімы не пазнаць!..

Будзе сонца ў сумётах шчасліва

разам з дзеткамі ў снежкі гуляць.

 

* * *

Гуляць у жыццё не хочацца,

а хочацца проста жыць.

Як дрэва вясновай моцаю

лістотаю затрымціць –

так мару падняцца некалі

над долам апошні раз.

Прасторы нядрэмным лекарам

мне будуць у ранні час.

Насустрач світальнай замяці,

паўзверх трапятлівых дрэў

памкнуся ў бяздумнай радасці

туды, дзе птушыны спеў.

Здзяйсняецца праўда вечная

праменнем, што ў грудзі б’е,

і ластаўкаю над рэчкаю,

і кроплямі на траве.

Маўчу, працінаю позіркам

азёры, лугі, гушчар.

І мроіцца: яркім пробліскам

азорваеш ты абшар.

Зіхоткая і высокая,

шырэйшая за зямлю...

Пад ранішнімі аблокамі

асвечаны ўвесь стаю.

 

* * *

Што жыццё чалавечае?

Гэта ява ці сон?

Так пытанне сустрэчнае

ставім веку спакон.

 

Добра жыць без пытальніка,

мерна лямку цягнуць,

бачыць зорку світальную,

ціха ў поўнач заснуць.

 

Напалам гора дадзена

нам са шчасцем заўжды.

Так жылі нашы прадзеды

праз гады і гады.

 

Шлях такі, што не збочваеш

ды назад не бяжыш.

І нягоды замоўчваеш,

і пра шчасце маўчыш.

 

То не радасць бязмежная

і не гора адчай –

то душа наша грэшная

спазнае небакрай.

 

* * *

Надышлі маразы, наваліліся.

Скрозь акно бледны месяц глядзіць.

І карункі на шыбе сцясніліся,

каб было весялей трохі жыць.

 

Гэта мудрасць прыроды адвечная –

каб на землі, дзе мала святла,

пасылалася літасць сустрэчная –

срэбна-белая пані Зіма.

 

Каб зямля не чарнела пад вокнамі,

калі сонца за коўдраю хмар –

завіруха імклівымі скокамі

распаляе сняжысты пажар.

 

Звечарэла. А ты не заўважыла,

назіраючы замяці бег,

разглядаючы самае важнае –

гэты чысты і радасны снег.

 

Надышлі маразы, выпрабоўваюць,

а наколькі трывучыя мы?

Лёдам горад паўсонны закоўваюць

– рэчку, вулкі, прыпынкі, дамы.

 

Спі, раднулечка. Заўтра світальная

белізна цябе ўсю ахіне.

Хай святлее над сінімі хвалямі

цёплы востраў у праведным сне.

 

* * *

Квітнее даль высокая,

дзе росы на траве.

Табе, блакітнавокая,

прыпевачкі мае.

 

Ты зорачка гарэзная,

што ззяе над зарой,

калі прырода чэзлая

шчэ ранішняй парой.

 

Дзе плынь бяжыць глыбокая,

аблокі ў сіняве, –

з табой, блакітнавокая,

дзень сонечны жыве.

 

Вачэй тваіх праменнасцю

працяты я наскрозь,

яны ў сваёй нязменнасці

адужваюць мароз.

 

І восень, гразь намоклая

скараюцца, калі

мая блакітнавокая

красуе на зямлі.

 

Дзе травень, сад у квецені,

дзе дзьмухаўцы ў траве –

там у чаканні лецейка

дзень радасна жыве.

 

Дзе сонейка высокае

аблашчвае зямлю,

табе, блакітнавокая,

я песеньку пяю.

 

І дзень ляніва цягнецца

да вечара тады,

калі ад самай раніцы

усмешлівая ты.

 

* * *

Ёсць дзяўчынка адна,

як з крыніцы вада,

і спакою з ёй не дачакацца –

зведаць існасць яе,

як прайсці па траве,

свежай роснай траве –

і зваліцца ў траву, і качацца...

Як завуць яе, ведае толькі зара,

што ад сну абуджае наш горад,

як пазнаць яе – тайна, святая гара,

неагляднасць блакітная мора.

Мора – вочы яе,

неба – вочы яе,

вецер – голас яе незабыўны.

Валасы на плячах,

і кудзеркі на лбе...

крок імклівы, нервовы, парыўны.

Ёсць дзяўчынка такая, якую ніхто

так не ўбачыў, як вочы паэта...

І звініць, і пяе, і гарыць за вакном

прамяністае рыжае лета.

 

Гімн каве

 

Калі хочаш ілюзіі шчасця,

эйфарыі падманнай – тады,

каб у млявасць і ступар не ўпасці,

каву пі замест простай вады.

 

Яна ўздыме пасля тлумнай ночы

і ажывіць, як добры ўспамін,

каб не поўзаць, а жвавенька крочыць

па жыцці яшчэ пару гадзін.

 

Ну а потым – бягом у кавярню,

ці на кухню, каб каву варыць

і паспешлівым чынам пажарным

у нутро яе прагна заліць.

 

Зноў жвавеюць артэрыяў рэкі,

зноў бадзёры, бо кава ў крыві.

То не з цела шалёныя здзекі –

а вярнейшы заменнік любві.

 

То наркотык, і гэта наркотык,

што любоў нам, што кавы глыткі.

Вершы пішаш – кафейнік напроці

усталюй на паперы шматкі.

 

Вып’еш літр – і адчуеш свабоду,

пацякуць словы чыстай ракой.

Рухавік чалавечага роду –

той чароўна-духмяны напой.

 

Інтэрнэт

 

У Сеціва лезем з пасцелі спрасонку –

душы запаўняем пустую старонку.

 

У гэтай бязмежнасці ды павуціне

чакаюць нас розныя надта карціны.

 

Асноўная частка – падлеткі – юрліва

разглядваюць цела жаночага дзівы.

 

Студэнты шукаюць адказ на заданні,

калі навісаюць іспыты як здані.

 

Заўзятар імкне сваім сэрцам гарачым

даведацца вынік футбольнага матчу.

 

А нехта начамі вядзе перапіску

з найблізкай душой ды пацягвае віскі.

 

Бацькі, што дзяцей выпраўлялі далёка,

глядзяць там унукаў найпершыя крокі.

 

Чытае паэт з нелюбоўю сабратаў,

якіх пісаніны там вельмі багата.

 

Палітык разважліва маніпулюе

людзьмі, што ідуць за ідэю пад кулі.

 

І толькі вучоны ды крытык шукаюць

патрэбнае ім для стваральнае справы.

 

Дык, Сеціва, сметніца ты ці калыска

для душаў што прагнуць любові няблізкай?

 

Не мае пытанне адказу такое

у вэрхале думак, у вэрхале мрояў...

 

* * *

Звычайна смяюцца адны ідыёты

з трох пальцаў, з нагоды спякоты ці слоты.

 

Разумны смяецца з танчэйшых прычынаў,

малюе ў свядомасці мноства карцінаў.

 

Ён пнецца да шчасця праз многія веды,

але замінаюць нягоды і беды.

 

А дурань шчаслівы няведаннем часта,

бо ведае ведаў найменшую частку.

 

Разумныя людзі, патроху дурнейце,

скачыце, спявайце, а не разумнейце.

 

Калыханка

 

Час вячэрні, спі, малеча,

акунай прыгоды ў сны.

Гэтым часам сціхла рэчка

у зялёным гушчары.

 

Засынае ўсё наўкола –

горад, вёскі і палі.

Птушак сцішылася мова,

ноч царуе на зямлі.

 

Мама побач, спі, малеча,

заўтра дзень асвеціць нас,

будуць новыя сустрэчы,

пабяжыць цікава час.

 

Будзе сонца ліцца ярка –

сонца мілае прысні,

і ручай, што бегам шпаркім

паліруе камяні.

 

...Час вячэрні, спі, малеча,

пад матулін галасок.

Спяць сялібы і мястэчкі,

і гадзіннік сцішыў крок.

 

Сні прыгожыя дубровы,

вёскі ў сонцы і лугі.

Птушкі скончылі размовы,

спі, мой самы дарагі.

 

* * *

Душэўнай жадаць раўнавагі

і прагнуць чужой увагі –

магчыма адначасова?

"Наўрад ці”, – гаворыць мова.

"І ўсё ж раўнавага ў руху

магчымая” – чуе вуха.

 

* * *

Ідзе бясснежны новы год,

і мы з табой

чакаем гэты надыход

праз думак строй.

 

Памкненнямі мы ў той вясне,

што беражом,

калі зіма ў тваім акне

ідзе на злом.

 

Чытаем мы адно ў адным

той адрасат,

дзе шчасце поўніцца зямным,

дзе зарапад.

 

Гадзіннік спраўдзіць надыход,

і мы адны

вітаем золкі новы год,

як дар вясны.

 

* * *

Да часу дажыць такога,

каб лётаючы спяваць...

Хто ж хоча сабе ліхога?

Хто хоча адвечна спаць?

 

Жадаем найболей прагна

таго, што далей ляжыць.

І думаем: побач багна,

а ў далечы шчасцю быць.

 

Яно то ўсё так, канешне –

адолець складаны шлях,

парваць ланцугі і межы,

крылаты адчуць размах...

 

Дарога таму дарога,

што доўга па ёй ісці

да шчасця, якога многа

не можа быць у жыцці.

 

І ўсё ж нехта звышупарты

ідзе не ўшыркі, а ўглыб,

як вучань за школьнай партай,

грызе горкіх ведаў грыб.

 

Атруціцца зрэдку грыбам,

часцей – дагрызе яго,

спазнае згрызотаў хібы,

параніўшы ўшчэнт нутро.

 

Ляжыць ён, сядзіць ці скача,

а можа, ідзе куды –

аб шчасці цяпер не плача,

не просіць жывой вады.

 

Жыве ён таемствам нетры,

якую ў сабе спазнаў.

Растуць там дубы і кедры

у водарах боскіх траў.

 

* * *

Прымірыцца з сусветам,

жыць травой і вадой –

маеш права на гэта,

толькі выйдзе застой.

 

Толькі будзе балота

з пахам гнілі і тла.

Хоць і знікла самота,

ды свабода сышла.

 

Вось такая няпраўда

ў прымірэнні з усім.

Што чакаць зарападу

ў небе цьмяным пустым?

 

А таму намагацца

свет зыначыць – не грэх.

Гэта вечная праца

адным дурням на смех.

 

Розум прагу спатоліць

толькі ў пошуках і

ў разарваным палоне

ўсеахопнай зімы.

Просмотров: 2288 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Апрель 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024