Сайт Міхася Южыка Суббота, 20.04.2024, 04:33
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2013 » Апрель » 30 » Вершы Барыса Пастарнака ў маіх перакладах
14:08
Вершы Барыса Пастарнака ў маіх перакладах

Барыс Пастарнак

(пераклады Міхася Южыка)



Цішыня


Працяты сонцам лес наскрозь.
Мільгаюць блікі бестрывожна.
Адсюль, казалі, дужы лось
выходзіў нейк на раздарожжа.

Па лесе бродзіць цішыня,
жыццё ў затоенай лагчыне
зачаравана сілай дня…
ці па якой другой прычыне.

І сапраўды, непадалёк
у хмызняку стаіць ласіха.
Яна як лесу абярог,
вось ад чаго наўкол так ціха.

Жуе ласіха маладняк,
абшчыпвае няспешна голле.
І дуб над ёй – зялёны гмах –
калыша кронаю раздольна.

Чартапалох, рамонак ды
суквецце рознае лясное
ў палоне нейчай варажбы
вакол куста стаяць сцяною.

У яры ручаёк звініць,
вястун самотны мрояў лета,
гатовы вечна галасіць
пра выпадак дзівосны гэты.

Ён запаўняе лог сабой
і скаланае лесасеку –
галосіць моваю жывой,
амаль што мовай чалавека.

 

 

Залатая восень

Восень. Зманлівы прастор,
расхінуты ў даль глухую.
Дрэвы ў сподачках азёр
шэпчуць казку векавую.

Як на выстаўцы карцін:
залы, залы, залы, залы
вязаў, ясеняў, асін
у адзежах небывалых.

Ліпы вэлюм залаты,
як убранне на нявесце.
Поплеч дрэвы, што браты,
міла топчуцца на месцы.

Пахаваны ніцы дол
пад лістотай абляцелай.
Цені кідаюць на стол
клёнаў залатыя целы.

Дрэвы ў верасні калі
на зары стаяць рахмана,
дзе ў бурштынавай далі
сонца асядае плаўна,

дзе не ступіш у ярок,
каб не стала ўсім вядома –
храбусценнем кожны крок
адгукаецца ля дома;

дзе ляціць стралой алей
рэха да крутога спуску,
і зары вішнёвы клей
застывае зыркім згусткам…

Восень. Казачны бярлог,
схоў ад люднасці напружнай,
дзе багаццяў каталог
перагортваецца сцюжай.

 

Зімовыя святы

 

Будучыняй не падманешся,

старога, новага мала.

Трэба, каб мараю ранішняй

ёлка між намі паўстала,

 

каб гаспадыня рассыпала

зоркі па хвойнай адзежы

і каб да ўсіх на канікулы

родныя мкнулі бязмежна.

 

Як ні ўпрыгожвай гірляндамі,

як ні шпіляй яе цацкамі,

ёлка з усмешкай падманнаю

голаю будзе здавацца.

 

Вось, папялушкай мурзатаю,

вожыкам недарэчным,

ёлка вяршалінай кратае

столь у мілосці сардэчнай.

 

Твары ўрачыстыя родзічаў,

свечкі міргаюць маўкліва,

года старога праводзіны,

поўнач знадворку застыла.

 

Ноч праплыла за бяседаю,

раніцай сон накрывае.

І адвячоркам абедаюць

госці, што ехалі з далі.

 

Дом пакрысе прачынаецца

к полудню – добры і млявы.

Хроп ён бяздумна, як п’яніца,

сярод напояў і страваў.

 

Сонца між тым не забылася,

што вечарэць ёсць патрэба.

Вось яно промнем адбілася

ў чарцы, кранулася хлеба.

 

І спакваля ў даляглядныя

гурбы іскрыстыя села.

Свечкі гараць – нібы радыя,

што на зямлі пацямнела.

 

 

* * *

Тры месяцы таму назад,

як першыя шыхты мяцеліц

на наш безабаронны сад

разлютавана наляцелі, –

 

замысліў хітра я тады,

што з’еду ў лес, нібы самотнік,

і што напевамі зімы

папоўню свой вясновы зборнік.

 

Ды пусцяковіны мяне

пазасыпалі, як сумёты.

І вінаваты я зіме,

што вершы адкладаў на потым.

 

Цяпер я ведаю чаму,

яна глядзела скрозь завеі

ў мой дом, дзе я яе саму,

казаў, ніяк не зразумею.

 

Яна нашэптвала радкі,

ёй новы краявід тварыўся.

А я не мог падняць рукі

з алоўкам сінім, што згубіўся.

 

Пакуль пад лямпаю стала

марудзіў я свае гадзіны,

зіма, з’явіўшыся, сышла

незразуметым напамінам.

 

 

Зімовая ноч

 

Ад завірух сусвет самглеў –

бязмежных, вечных.

Гарэла свечка на стале,

гарэла свечка…

 

Як летам машкару агонь

завабна кліча  –

сняжынкі мкнулі да акон

у цемры знічкамі.

 

Завея соўгала па шкле

паток сустрэчны.

Гарэла свечка на стале,

гарэла свечка.

 

На столі цені ажылі

ў сваім маўчанні –

як лёсу стоеныя дні

і скрыжаванні.

 

І чаравічкаў стук начны,

(ці смех, ці енкі?..)

І воск слязамі намачыў

тваю сукенку.
 

І ўсё гублялася ў імгле

сівой старэчай.

Гарэла свечка на стале,

гарэла свечка.

 

На свечку налятаў павеў,

скакалі цені.

Агонь акрыльваў іх і грэў,

яны ляцелі.

 

Бясконцасць лютаўскіх завей,

бесчалавечных…

Гарэла свечка на стале,

гарэла свечка.

 

 

* * *

Снег ідзе, снег ідзе.

Да віхурыстых пушынак

кветкі цягнуцца за шыбу

ў паўсядзённай чарадзе.

 

Снег ідзе, жывы і пругкі.

Заспяшаліся ў палёт

чорнай лесвіцы прыступкі,

скрыжавання паварот.

 

Снег ідзе, спыняе час.

Нібы ў белай апранасе

неба з любасцю нянаскай

тут планіруе на нас.

 

Ці спускаецца крадком

у бязважкай мройнай цішы

неба з самага гарышча

глухаватым дзіваком.

 

Ці жыццё ляціць, як снег,

ледзяністы і кіпучы,

раптам згледзіш – год на кручы

не сцішае свой разбег.

 

Снег ідзе, густы-густы.

Разам з ім, слядамі тымі,

тэмпам тым, з лянотай той,

ці, наўсперач, быстрынёй

час ідзе ў зіхоткай стыні?

 

Можа, так лятуць гады,

не вяртаюцца сюды

з чараўнічай снежнай плыні?

 

Снег ідзе, спыняе час,

Снег ідзе, жывы і пругкі,

ды нанова кожны раз

упрыгожвае завулкі

і дамы, што туляць нас.

 

 

Першы снег


Вар’юецца мяцеліца,

бушуе ў поўны рост.

Засыпана газетчыца,

замецены кіёск.


Пры нашым доўгім побыце

здавалася парой,

што ў гэткім снежным рокаце

схавана плойма мрой.


Снег хітрасці бязмежныя

наладжваў, як ішоў,

пад белымі адзежамі

разводзіў нас дамоў.


Пакрыецца бялюткасцю

ўвесь гарадскі простор, –

на вобмацак па вуліцах

праходзіць цень у двор.


І рухі незнаёмага

таропкія – відаць,

камусьці нешта цёмнае

даводзіцца хаваць.


 

Адмысловыя дні


Я цягам доўгіх снежных зім

сонцазварота дні згадаю,

за кожным – створанае ім

і непаўторнасць дарагая.

 

Збіраў сабе такія дні

я адмысловай чарадою,

дзе час не рушыць, а стаіць

у сонца бліках пад сасною.

 

Я памятаю кожны з іх:

зімы сярэдзіна і слота,

прамень на коўзкіх маставых,

ільдзінкі ў яркай пазалоце.

 

І закаханыя хутчэй

стуляюць ціхія абдоймы,

на дрэвах, дзе праменны рэй,

пацеюць ад цяпла шпакоўні.

 

Замерлі стрэлкі ў дзіўным сне

на цыферблаце анямелым.

Даўжэй за вечнасць дзень ідзе,

гарэзіць сонца ў снезе белым.


Чытаць вершы ў ЖЖ: 

Просмотров: 1004 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Апрель 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024