Чарга (працяг) Пачатак ТУТ
з жыцця літаратараў; паэма ў прозе
Раздзел 5
http://iuzhyk.livejournal.com/249950.html
Як выжал, якому крыкнулі "гець!”, скіраваў Чувырла ў атачэнні Гадановічавых шасцёрак да Гарташа. Той, нічога не падазраючы, стаяў і весяліў Марыйсевіч показкамі. Каля іх тырчала яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку і супрацоўнікаў "Свабоды”. Здаравіла рассунуў гэтае кола плячыма і моўчкі ўхапіў Гарташа за каўнер моднага кажуха. Той увобмірг абвяў, бо добра ведаў Чувырлавы выхадкі. Куды толкі падзеўся найвясёлы настрой. Усе прыяцелі Гарташа здранцвелі, нават Марыйсевіч, якая рэдка калі губляецца, адравянела.
Секунды тры панавала злавеснае маўчанне, а тады нападнік прарыкаў кшталту "Хто ты такі?!” і стаў за каўнер выводзіць Гарташа з чалавечага кола. Тут зашалахцелі нясмелыя выгукі абурэння. Гарташ дрыготка схапіў за руку Чувырлу, абазначаючы намаганне выслабаніцца. Але вялізная пяцярня нападніка трымала надзейна. Ён ціснуў ахвяру да краю вытаптанай пляцоўкі. Крыкі абурэння пачалі нарастаць, нехта ўжо ўчапіўся ў Чувырлаву ватоўку і цягнуў назад. Але раптам адна Гадановічава шасцёрка, каварна зайшоўшы ззаду, падсела пад Гарташа наўсколенцы, а Чувырла моцна, аберуч, штурхануў таго ў грудзі. Рускамоўны паэт, як падсечаны, грымнуўся долу. Ён бы моцна стукнуўся галавой вобзем, каб не сумёт, які адыграў ролю падушкі. Сумёт не даў размажджэрыць яго патыліцу. Ашаломлены Гарташ не паспеў падняцца, як Чувырлаў бот сорак сёмага памеру шугануў яму ў грудзі. Гарташ мячыкам адляцеў у глыбокі снег. І тут усчаўся жаночы віскат, які неспадзявана абудзіў чаргу, што аморфна назірала за гвалтам. На спіне Чувырлы апынулася Марыйсевіч, дзяўчына далёка не хілага целаскладу. Яна збіла з нападніка шапку і тузала за рэдкія валасы, абсыпаючы адборнымі мацюкамі. У эпіцэнтр бойкі бегла некалькі мужыкоў – літаратараў рознага ўзросту. Унутраная агрэсія, якая назапасілася ў гэтай слабарухомай чарзе, знайшла сабе выйсце ў Чувырлу, на якога ці не ўсе мелі зуб. Колькі разоў гэты нягоднік зрываў пісьменніцкія сходкі, колькі чалавек ён прынізіў, аблаяў, абпляваў за доўгія гады сваёй п’янай кар’еры – і не злічыць. Пра Гарташа ўсе практычна забыліся. Малацілі цяпер Чувырлу і яго падручных. Кулакі рознай вагі, чаравікі і валёнкі, адколатыя глыбы льду і кульбы кульгавых старых – усё пайшло ў ход. Адзін дзядок асабліва жорстка збіваў кіем зрынутага долу паэта.
Пісьменнік Г., які ці не першым памкнуўся заступацца за Гарташа, цяпер мусіў бараніць самога бузацёра ад разлютаваных дзядзькоў і дзядоў, якія з перакошанымі тварамі калашмацілі цела Чувырлы. Неадказны сакратар, справядлівасць і міласэрнасць для якога былі дэвізам, апынуўся ў сяродку гэтага шалёнага кола. Адвалакваючы аднаго барадатага старца, ён не заўважыў, як другі чахлы дзядуля размахнуўся і злева нанёс удар па фізіяноміі Г. Уваччу пацямнела, і другі ўдар Г. успрыняў ужо не так востра. Ачомаўся ён у нейкай палатцы. Лямпачка без абажура вісела ўверсе, а нейкія цені ўвіхаліся над ім. Гэта аказаліся Мемуаран і жанчына ў доктарскім зялёным халаце. Яна нешта прыкладала да твару Г. Са свядомасцю паступова вяртаўся і боль. Аказалася, што палова твару яго распухла неймаверна – калі Мемуаран паднёс яму кавалак люстэрка, Г. сябе не пазнаў. Не твар, а нейкі счарнелы бохан. Яму наклалі дзесяць швоў на скулу. Выпускаючы з урачэбнай палаткі, парэкамендавалі пастаянна прыкладаць снег, балазе снегу было даволі.
Знадворку вечарэла. На месцы крывавай бойкі гуртаваўся народ. Зіхацеў перадатчык радыё "Свабода”, карэспандэнты і журналюгі бегалі як заведзеныя. Пісьменнік Г. падаўся бліжэй – там Гадановіч, свежы і ўсмешлівы, як нічога не было, даваў інтэрв’ю "Свабодзе”. Побач з ім стаяла Марыйсевіч, нейкая разбэрсаная і празмерна румяная. Запал бойкі яшчэ не зусім пагас у яе вачах. Як потым сказалі Г., Гадановіч сам адцягнуў Марыйсевіч ад Чувырлы і супакойваў, як мог, нібы не ён падбухторваў злашчаснага п’яніцу, які пасля бойкі падняўся з зямлі без наступстваў. Мемуаран тут жа адвёў яго ў харчовую палатку, наліў дзве шклянкі гарэлкі і загадаў хлопцам адвезці яго дамоў да Знакамітага, пакуль на абрынуліся амапаўцы. Вартаўнікі правапарадку не паспелі ўмяшацца ў тузаніну і загрэбці таго-сяго ў пастарунак – настолькі аператыўна дзейнічалі людзі Хлёпуса. Дый пісьменніку Г. адпачываць і маркоціцца з нагоды разбітага твару не давялося – яго тут жа выправілі на дзве гадзіны калоць дровы, а затым – чысціць пры святле ліхтара белы мерседэс. Толкі ў дзевяць вечара, паеўшы на палявой кухні сытнай аўсянкі, Г. здолеў вярнуцца на сваё месца ў чаргу. Аднак не за гарамі ноч, і варта было зноў рыхтаваць пяць даляраў для Навумовіча, каб той даў цыдулку з новым паролем – так у іх было змоўлена. А палове дванаццатай Навумовіч заўсёды прыбаваў у лагер, каб яго можна было адшукаць.
У чарзе да пісьменніка Г. падышоў мажны круглатвары чалавек, паздароўкаўся, і неяк бянтэжліва звярнуўся па-руску. Ён прадставіўся літаратарам Ненатолем Ачмуціным, паэтам, які стаіць тут з перакладамі сваіх вершаў. Раптам Г. азарыла ашаламляльная думка: "А як доўга ён тут стаіць?!” Яна выклікала такі страх за сябе, што Г. мусіў валявымі намаганнямі яе задушыць. Г. чуў імя Ненатоля Ачмуціна, хоць і не быў знаёмы, і не чытаў яго, як казалі, таленавітыў вершаў. Г. наогул мала каго чытаў, бо быў заклапочаны і захоплены выключна сваёй творчасцю. Даводзілася чытаць толькі творы рэдактараў тоўстых часопісаў і моцных фігур у літаратурным свеце, каб пры нагодзе іх пахваліць. Ачмуцін быў усё ж рускамоўны, да таго ж даволі адыёзны паэт з вялікароскім ухілам. Было неяк няўцям – навошта такая паспяховая асоба пакутуе ў гэтай марознай чарзе. Нібы адказваючы на пытанні Г., Ачмуцін пачаў наракаць на свой лёс, на сваю неабачлівасць – маўляў, падаткнула яго нялёгкая прынесці сюды пераклады, маўляў, друкаваўся б у рускамоўных выданнях, дзе яго паважалі, але вось захацелася пабачыць свае тварэнні ў ганаровых дзяржаўных беларускіх часопісах, маўляў, стаў у чаргу і цяпер мусіць ісці да канца. Па словах Ачміцімна, ён яшчэ ні разу не бачыў ніводнага літаратара, які б добраахвотна выйшаў з чаргі. Адсюль толькі выносілі. Па меры гэтага шчырага расповеду настрой Г. няўхільна псаваўся. Раптам захацелася напіцца і забыцца хоць на колькі гадзін непрабудным сном. Але ў краіне панаваў сухі закон – спіртное адпускалася толькі па спецыяльных дазволах на вяселлі і памінкі. Ні жаніцца, ні паміраць Г. не збіраўся. У яго была цудоўная гаспадарлівая жонка і непарушнае сялянскае здароўе. Аднак у галаве такі завярцелася думка, што для Мемуарана дастаць выпіўку не праблема. Але ж колькі гэта будзе каштаваць? І колькі разоў яшчэ трэба будзе аплочваць тут начлег? Ох, прыйдзецца тэлеграфаваць жонцы праз некалькі дзён, каб выслала грошы.
ПРАЦЯГ
|