Чарга (працяг) Пачатак ТУТ
з жыцця літаратараў; паэма ў прозе
Раздзел 45
http://iuzhyk.livejournal.com/263186.html
Караван куфраў з гексалогіяй маршала Цемрашэвіча пасеяў у чарзе сапраўдную паняверку. Ладна, калі быў які-кольвек рух па чарзе – нягледзячы на маразы і завеі гэта яшчэ можна было цярпець. Цяпер жа чакаў панылы тыдзень без усякага руху. Душы чаргоўцаў агарнула роспач. Стройная чарга стала даваць збоі. Пачаліся сабатажы – некаторыя літаратары адмаўляліся калоць дровы, парадкаваць лагер. Часта з’яўляліся п’яныя. Пачасціліся нервовыя зрывы, бойкі. Нават строгі Мемуаран не мог навесці парадак. Чаргоўцаў, што правінаваціліся, саджалі ў халодную палатку-карцэр, падвешвалі голымі на перакладзіне, аблівалі халоднай вадой, білі ботамі ў жывот – але гэта не мела ранейшага плёну. Людзі нібы згубілі страх. Здавалася, некаторыя спецыяльна нарываліся на Мемуаранаву кару, каб пабоямі ў іх прыглушылі душэўны боль.
Некаторым здавалася, што і праз тыдзень, і праз месяц рэдакцыя не адчыніцца. З’явіліся душэўна хворыя. Асабліва ўразіў пісьменніка Г. адзін пажылы худы літаратар, які брадзіў па лагеры проставалосы і расхрыстаны ды паўтараў як заведзены слова "заўжды”. Як давялі Г. дасведчаныя, гэты аршанскі празаік пацярпеў ад рэдактараў якраз перад прыбыццём Цемрашэвіча. У яго аповесці быццам бы выкрэслівалі ўсе словы "заўжды” і замянялі іх на "заўсёды” як на больш звыклае, распаўсюджанае, беларускае. Аршанскі празаік маліў іх пакінуць хоць трыццаць адсоткаў слова "заўжды”, якое ён страшэнна любіць з дзяцінства. Аднак рэдактары на чале з Быдлянскім былі непрыхільныя – ніводнага слова "заўжды” не павінна застацца ў аповесці, інакш яна не будзе надрукавана. У выніку бедны празаік ссунуўся з глузду – апынуўшыся на свежым паветры, ён забыў усё на свеце, сваё імя нават, і зацыклена паўтараў любімае слова "заўжды”. Ён дужа ўсім надакучыў. Шасцёркі Гадановіча закідвалі яго снегам і паленамі, давалі падсрачнікі, збілі шапку, рагочучы, – небарака ні на што не рэагаваў. Праз дзень яго мусілі павязаць і выклікаць спецбрыгаду.
Пісьменнік Г. не ўхіляўся ні ад працы па лагеры, ні ад творчасці. Наадварот, творчасць давала яму сілы перажыць тыднёвую нерухомасць. Касмічная творчая энергія спрытна ператваралася ў літары з шасці да адзінаццаці вечара, калі ён сядзеў на сваёй скрыні з нататнікам і асадкаю. Людзі Гадановіча па-ранейшаму хіхікалі з Г., аднаго разу, калі ён адсутнічаў, выкралі скрыню і кінулі яе ў вогнішча Хлёпуса. Не бяды, Г. спакойна пайшоў да Пушчанскага і ўзяў новую скрыню.
Пасля адзінаццаці, выканаўшы дзённую норму старонак, Г. не ішоў адразу ў дворніцкую, а хінуўся да вогнішчаў Напаўарлова, радзей – да Смякляева. Трыбуны, трэба прызнаць, таксама не палі духам – і будзілі народ сваімі ідэямі. Напаўарлоў – слаўнай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, Смякляеў – тым, што лаяў урад і заклікаў да супраціўлення рэжыму. Сям-там пастаянна мільгала постаць Белякявічуса – і гэта моцна раздражняла пісьменніка Г., таму што рэцэнзіі па-ранейшаму не з’явілася, і вядома, што тусуючыся ля вогнішчаў, рэцэнзію не напішаш. Ну ды хер з ім, пісьменнік Г. набярэцца цярпення. Яму не звыкаць.
Праз двое сутак чарга выбухнула надзвычайным здарэннем – у прыцемку двароў людзі ў масках напалі на Навумовіча, накінулі кажух на галаву і моцна пабілі. Гаварылі нападнікі па-беларуску, і прычынай збіцця сталася тое, што Навумовіч зноўку падвысіў кошт на начлежку. А што ён мог парабіць, калі ў краіне зноў падаражэў хлеб? Збіты і пакрыўджаны Навумовіч наогул перастаў даваць людзям начлег – чаргоўцы, хто вінаваты і не вінаваты, аказаліся без даху над галавой. Навумовіч жа патрабаваў вылавіць зачыншчыкаў – толькі тады чаргоўцы змогуць па-ранейшаму спачываць уначы. Мемуаран правёў жорсткае расследаванне – і наступнага дня чацвёра малайцоў ужо віселі на перакладзінах уніз галавой, голыя па пояс. Катаваннямі з іх выбілі прызнанне ў нападзе на Навумовіча. Віселі яны гадзінамі, з іх сцякала мача і замярзала ў перамешку з кроплямі крыві ад пабояў. Пісьменнік Г., чалавек ранімы, не мог на гэтыя пакуты глядзець. І ўсё ж ён прызнаваў праўду Мемуарана і Навумовіча – ніхто не смее збіваць мірных чаргоўцаў беспакарана.
ПРАЦЯГ
|