Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 09:44
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2017 » Май » 2 » Міхась Южык "НОВЫЯ вершы з 2016 года"
09:04
Міхась Южык "НОВЫЯ вершы з 2016 года"
Міхась Южык

НОВЫЯ вершы з 2016 года

* * *
Вецер сцішыцца і стане
ветрыкам душэўным.
Можа, некага падмане
светлым і напеўным.

Можа, росная сцяжына
спыніцца ля рэчкі,
і гарачая каліна
вытчацца з далечы.

Сонца ўсходзіць - не заходзіць
толькі ў век дзівосны,
дзе блукае на свабодзе
прывід маладосці.

Крыкнеш: “Гэй!” - і толькі рэха
ўсклікне за пагоркам
вечнай праўдай чалавека,
радаснай і горкай.

* * *
Праяўляюся рухам
і адольваю смерць.
Злабадзённая скруха
прымушае сталець.

На пачатку тварэння
голым дрэвам стаю.
І сваё недаўменне
разуменнем паю.

Зелянее лістота,
прылятаюць чмялі.
І гараць пазалотай
аблачын караблі.

* * *
Згадкі куюцца пра страчаны час.
Момант зацішны.
На даляглядзе іскрыцца Парнас,
хмары калыша.

Колькі без толку паэт прахадзіў
шляхам пустэльным.
Крылы тугія нашто заляпіў
снежнаю беллю?

Наледзь зімовая змытая ўся
быстрай вясною.
Смехам зальецца паэт, як дзіця,
ранняй парою.

Дыхае часам, ступае за час
люты і стылы.
Крыламі лета абвее ён нас…
Новыя крылы.

* * *
Стадыёнаў шумных
пазбягаў і жыў
сярод дзён марудных,
жыў ды не тужыў.

Назіраў аблокаў
залацісты бег
у вадзе глыбокай
дзіўны чалавек.

А як станавіўся
цёмным небакрай,
мірна спаць лажыўся,
дзе шапоча гай.

Шоргалі машыны
недзе ў гарадах.
Гарадоў вышыні
не адведваў птах.

Каля рэчкі ціхай,
воддаль ад людзей
ва ўсе грудзі дыхаў
ды на свет глядзеў.

Простая работа,
лёгкая душа…
Вечная дрымота,
чыстая шаша.

* * *
Восень прыйшла ў разгар.
Вогнішча зябкіх кронаў.
Ты, Беларусь, - як цар
зрынуты, без кароны.

Стоены ўскрык лясны
ці гарадоў рушэнне -
ты, як душа з турмы,
стынеш забытым ценем.

Не пазнаю цябе.
Мова палёў і вёснаў
сцішана ў барацьбе
з наканаваным лёсам.

Холадна ручаям,
хутка іх лёд пакрые.
Чуеш, зіма здаля
мерна лапоча крыллем?

Не замярзай, ручай.
Не замаўкай ніколі.
Гоніць вада адчай
лесам і дзікім полем.

Восень сядзіць - не госць,
а валадар бязмерны.
Не далюбілі вось,
не адстаялі верна…

Восень і родны край
схоплены дрэў распадам.
Толькі цурчыць ручай
бойка пад лістападам.

* * *
Дзе няма мяне, там я ёсць,
парадоксам жыву зацятым.
Не таварыш - нязваны госць,
разбіваю начныя краты.

Дзе няма мяне, там твая
адзінота ў палетках вые.
Неба, неба без жураўля.
Камень, камень на кволай шыі.

Не кахай мяне, не кахай,
забываю твае абрысы.
Арабінавы золкі край.
Ліхтары ў недасяжнай высі.

Калыхнецца рамонак дзе,
верабейка чырыкне раптам -
гэта плачу я па табе
скрозь аблокаў нямую вату.

* * *
Гарачая трава
ад сонца. Мы з табой
ляжалі дацямна
ў задусе векавой.

І падала рака
з двух метраў у ставок.
Вадзіла крыж рука.
Ці бачыў гэта Бог?

Мы думалі, што Ён
закончыў часу лік,
хоць круціцца здавён
сусветны рухавік.

“Каханне не памрэ,
не можа быць інакш!” -
так мроілі ў траве,
так бачыў розум наш.

Цякла рака здаля
бурлівая ў ставок.
Канчаўся спакваля
апошні дня глыток.

* * *
Праўда ці няпраўда,
шчасце ці турма?
Хто б нам даў параду
слушную дарма.

Будучыня блізка,
ды не зазірнуць.
Дужа коціць нізка
хмараў каламуць.

Замуж прапанова,
плацце ды царква…
Спраўдзіцца нанова
лад яе жытла.

Будучыня вабіць
снежнай белізной,
і нязменна страшыць
лёс пражыць адной.

Будучыні стрэчнай
дзень падгледзець хоць…
Ды яе навечна
засланіў Гасподзь.

* * *
Век заняўся новы.
На мяжы пустой
ты вядзеш размову
быццам сам з сабой.

Бедаваць не смееш,
а смяяцца тут
станеш, як завеі
лісце замятуць.

Трупы зеляніны
пахаваць хутчэй
цар зімовы рыне
войска белых змей.

Золкіх думак набрыдзь.
Ветрана. Заўжды
накрывае замець
цёплыя сляды.

* * *
Ты знаходзілася ў пакоі.
Рук чуллівых завабны знак.
Валасоў рассыпное поле.
Вуснаў спелых чароўны мак.

Па паркеце былое ходзіць,
жыватворна глядзіць на нас.
Успамін, быццам дзень народзін,
што здараецца толькі раз.

Ты даўно лёгкім вершам стала
і застыла ў тугіх тамах.
Успамінаў бывае мала -
наляцяць і народзяць страх.

Ты стаяла і ты сядзела,
гаварыла за нас дваіх.
Гнуткім полымем стала цела,
ветрам сцішаным быў уздых…

* * *
Прагноз прарочыць снегапады,
хоць да зімы шчэ сорак дзён.
Заледзянела эстакада
над інеем рукастых крон.

Лісты асобныя злятаюць
пры ўздыхах ветру. Да зямлі
прыпасці ціхенька спяшаюць,
каб іх завеі падмялі.

Лісты зялёнымі не стануць,
на акрыяюць па вясне.
У нас з табой - на тое шанец,
на злосць віхурам і мане.

На гарадскія краявіды
прывычна рынуцца снягі.
Нябёс дзіравае карыта
ліне праз вуліц берагі.

Змяшае ўсё навал мяцеліц,
змахне твой вобраз, як рукой,
і толькі памяці даверыць -
імклівай птушцы над Ракой.

* * *
Сон быў кароткі, сон быў яскравы,
сон мімалётны, мог і не быць.
Сон, што прылёг на дарогі і травы,
сон, што прымусіў аб сне гаварыць.

Помніцца, сонца сціскалася ў кропку
і распускалася кветкаю ўшыр.
Я, неразлучны з падушкай намоклай,
ехаў па ночы, нібы пасажыр.

* * *
Жывём у даўкай цемрадзі
з кастрычніка па май.
Паўгода цугам месяцы -
бяры і запрагай.

Бо можа стацца: з захаду
заладзіць цеплыня,
дажджом зіма пракапае
ў нудотнай стыні дня.

З зацемненымі тварамі
(наяве або ў сне)
не людзі, а ліхтарыкі
блукаюць па зіме.

І толькі Вышняй міласцю
снягі асветляць свет
наўсперач золкай сырасці
ды правілам планет.

* * *
Вершы, што зярняты,
сыплюцца ў раллю.
Завірухі сцята
ўдалечы пяюць.

Семя, што памерла,
дасць усход другім.
Семя, што замерла,
станецца гнілым.

Колькі ў свеце літар,
атамаў не больш.
Словамі пакрыта
слава кніганош.

Слова не пашэрхне,
з дрэў не паляціць
ды з паліцы верхняй
будзе гаварыць.

Словам несмяротным,
зернем дарагім
каласяцца ўсходы
пад акном тваім.

* * *
Час дае справаздачу.
Год ляціць як страла.
На няўдачу ці ўдачу
выязджаеш з двара.

Лістапад асвятляюць
толькі фары машын,
на падскоках чапляюць
галізну вершалін.

Сонца кволае недзе
па-за гмахамі спіць.
Шлях агеньчыкі чэрцяць,
не спытаць, не зруліць.

На прыпынку работа
нас чакае і дом.
Панядзелак суботу
засланяе суздром.

Толькі вольная ціша
ў парках і ля ракі.
Вецер кроны калыша,
датрасае лісткі.

* * *
Тыдзень другі ў шыбу стукае
восеньскі скрушлівы дождж.
Бессань да досвітку з мукаю
ў памяць засаджвае нож.

Што не ідзе дабрадатнае
ў думкі пад дробат дажджу?
Згадкі, як хмары калматыя,
апанавалі душу.

Вымалю дзень, які раніцай
белай расцепліць прастор
і пабрыдзе снежным п'яніцам
скрозь аўтастрады затор.

* * *
Пляцы анямеюць. Апусціцца золь.
А потым з нябачнага схову
абрыне на горад высокая столь
снег першы, і вечны, і новы.

Наважым з табою да крамы прайсці
і аркуш распішам слядамі.
Патрэбна да снегу яшчэ дарасці.
І мы гэта зробім з гадамі.

Так поруч, як можна, прыціснецца бель
да постацяў хісткіх, да сэрцаў.
А сонца па хмарах, нібы карабель,
плыве і не ведае смерці.

Мы ўжо не адны. І машыны скрабуць
асфальт, і гарэзуюць птахі.
Тут дзеці насуплена ў школу бягуць
і брэх усчынаюць сабакі.

Так горад завёўся. І казка сышла,
ды новая п'еса ў зачыне
сцялася на кончыку вострым пяра.
Ці мелецца зернем на млыне.

* * *
Я нарэшце ўбачыў,
як з вышынь ляцеў
снег, яшчэ гарачы,
што ўначы саспеў.

Ён апальваў вочы
і на дол спяшаў.
Падчаркай сірочай
плакала душа.

Машкарою срэбнай
атачыў ліхтар
госць начнога неба,
неацэнны дар.

Са слязой палёгкі
раптам сон накрыў.
Снег, іскрысты, дрогкі,
быў ты ці не быў?

* * *
Мы з табою стваралі свет.
І амаль што яго стварылі.
Дзе няма гіблых страт і бед,
дзе лапоча анёлаў крылле.

Інфармацыі дзікай дно
не даходзіць праз сцены дома.
Упрыгожылася жытло
неўвядальнай галінкай клёна.

Ты сказала: хай будзе так -
нескароны, я пакарыўся.
Кавы ранішняй горкі смак.
Пералёт у метафар высі.

Выбягала ты з дома ў двор -
не знаходзіў сабе я месца.
Уціскаўся тады прастор
да кампутара і да крэсла.

Як сінічка пішчаў званок,
тэлефон, што сусвет шырокі,
голас твой памясціць не мог
і паспешлівы і далёкі.

Безгалосы, чакаў назад
я тваіх чаравікаў гукі.
Ты ўваходзіла, быццам сад
расцвітаў між пустэльнай мукі.

А затым віраваў паток,
што назвалі жыццём нязгасным -
закаханых гаючы ток,
неразлучных сляпое шчасце.

* * *
Лес высокі і нізкі,
лес бухматы, жывы…
Прамінулыя чыслы,
год, як дзень, кругавы.

За спякотаю - восень,
за макрэчай - зіма.
Што ў зямлі ні папросіш,
атрымаеш дарма.

Будзе чысты парадак
і кручэнне планет,
аблачыны над садам,
як стары запавет.

Гукі вечных мелодый,
рытм паэзіі дзён.
Год са стрэлкай сыходзіць.
Непарушны закон.

Толькі нехта напяты
і не згодны з усім
прычакае Каляды
сярод тысячы зім.

* * *
Я чакаю вясну. Я чакаю вясну.
Бо вясна гэта ты. Бо вясна гэта ты.
Яшчэ ў снезе прыдумаў я песню адну,
дзе кружлялі і блыталі век наш сляды.

Доўга я выглядаў сярод літар і слоў
вобраз твой, непагасны ў завеі нямой.
І нарэшце знайшоў,
як бы доўга ні йшоў
па пустэльнай марознай
тайзе снегавой.

Я чакаю вясну.
Я чакаю вясну.
Бо вясна гэта ты.
Бо вясна гэта ты.

* * *
Трамвай, што бразгае ў дзяцінства…
Ад сонца ў цень, на тратуар,
яно шугае, каб стаіцца.
Я ўсё забыў. Які кашмар…

Трамвай старэнькі, а не новы,
на пыльнай шыбе промень скіс.
І колы стукаюць - падковы.
Вязуць уніз. Вязуць уніз.

Двары ў садах, і цырк у снезе,
дзе Свіслач дрэмле, летні сквер -
яно з'яўляецца і чэзне.
Які давер? Які давер?..

І праляцеламу: “Вярніся!” -
праз фортку голасна крычаць
няма патрэбы.
(Не таміся:
трамваі ўсе ў дэпо стаяць…)

* * *
Праімчаўся па рачулцы
лівень залаты.
І наўсцяж яго прагулкі -
бурбалак сляды.

Вечарэе, аціхае.
Промні між галін
ачарцілі барвай з краю
леснічоўкі тын.

Дзень насычана і млява,
парай па траве,
адыходзіцца направа,
дзе лагчына ў сне.

Заканчэнне. Развітанне.
Човен без вясла.
Заўтра новае паўстане
з цемрадзі і тла.

Толькі сняцца бестурботна
лівень залаты,
прыцішэлыя грымоты,
бурбалак сляды.

* * *
Гарэла лампада. Гарэла з учора.
Мігцела няспешна сярод абразоў.
Каплічка стаяла ля цёплага мора.
Світанне самлела. І дзень надышоў.

І хвалі пад небам паўднёвага краю
кацілі, кацілі на яркі пясок.
І блізкая зорка, уся залатая,
ліла дабрыні нерастрачанай сок.

Бязлюдна. Адно толькі хваляў рушэнне
і ветру духмяны салёны парыў.
Зірнеш праз плячо на вяршынь аддаленне,
на горы сівыя, дзе некалі жыў.

Гарэла лампада. Каплічка ля мора
паблісквала крыжам. Лагода наўкол.
Мігцела лампада без слоў і дакору.
І велічны дзень узбярэжжам ішоў.

* * *
У дня буйнога, у дня малога
прашу ахвяры і перамогі.
У дня буйнога і дня малога
растуць як быццам чужыя ногі.

А гэта страшна і гэта дзіка
глядзець, як рушаць цябе міжволі.
Не ў змозе дыхаць душа без крыку.
Душы напятай даю патолю.

У дня буйнога, у дня малога
я вымагаю хвіліну славы,
калі не рушыць мяне дарога,
а ўласнаручна іду направа.

Кіруе кожнай сваёй хвілінай
адно Гасподзь наш непераможны.
Аднак дазволіў любому сыну
Ён хоць хвіліну ісці пабожна.

* * *
Хіснецца лодачка мая,
вады ўбярэ глыток.
Ды паплыве другі, не я,
на стромісты парог…
…………………………
Другі, не я, не саўладаў
з вяслом і патануў.
А я застаўся ў жураўля,
крылом яму махнуў.

Я ў грыбах, каля бяроз,
дзе ліпень задрамаў,
дзе селянін вядзе пракос
сярод бухматых траў.

Начую ў стозе, п'ю ваду
крынічную штодня.
На дне праз чорную бяду
ляжыць другі, не я.

* * *
Ліпень. Сухмень. Няміга.
Неба - блакіт без дна.
Вікторыя, Вераніка…
Думка ляціць адна.

Плацці даўно пашыты,
верас у іх і лён.
Песні ў адно спавіты:
разам яна і ён.

Раптам пярун ударыў
з неба без хмар зусім.
І на сто год састарыў.
“Людзі, пажар, гарым!”

Горла трашчыць ад крыку.
Памяць - душы турма.
Вікторыя, Вераніка…
Дочкі, якіх няма.

* * *
Прачнуўся ручай
па трывожнай вясне,
пад коркаю снежнай
пульсуе штоночы.
Ён хоча сказаць
невымоўнае мне,
зімовыя роздумы
выказаць хоча.

На покліч прымчаў,
бо няможна сядзець
у голаснай цішы
кватэры далёкай.
І сонца ліло мне
світальную медзь
у вочы, на грудзі,
пад самыя ногі.

Прабіўшы адтуліну
ботам наўпрост,
я сэрца яго
запаветнае бачыў.
А сонца стаяла
над логам у рост –
Крыжоўка, узлесак,
пустэльныя дачы.

* * *
Цела хацела жыць
без памірання подлага,
жыць, як ручай бяжыць –
звонам, тугімі нотамі.

Будзе наўкола дождж
ці хоць зіма лядовая –
бег ручая, памнож
рухі і кроў здаровую.

Целу нязносны стан
вечара застаялага.
Дайце яму падман
снегу, вясной расталага.

Прорву прасторы і
пахаў, надзеі прывідаў,
санак з крутой гары,
рэўнасці злыя злыбеды…

* * *
Калі стала добра на свеце?
Тады, як між лужынаў зла,
глядзіш: нарадзіліся дзеці.
А потым зіма надышла.

Яна чаравала паўгода,
мяняла карункі акон.
Зіма наталяла свабоду,
зіма мацавала закон.

Па белым пісаліся вершы
пад галас і крык немаўлят.
І белым сціраліся межы,
і белым быў сцішаны сад.

Дымеліся коміны нашы,
зіхцелі гірлянды, шары.
Завея свістала, і страшна
ламаліся ў дзверы вятры.

* * *
Імя прыйшло, імя сказала,
заенчыў цёмны сказ.
І ноч ля звонкага вакзала
ўключылі напаказ.

Прабачце, гэты раз не еду –
іржавыя пуці.
Нераспазнаную карэту
так хочацца знайсці.

* * *
Ад стагнання да тонусу,
ад пустэчы ў жыццё
пераходжу па голасе,
дзе маё – не маё.

Кожны свой апрацоўвае
пералічаны лес,
шчыпле траўку кароваю
дый ідзе пад навес.

Кожны прагне ўсвядомлена
існаваць на зямлі,
быць ракою не стомленым,
не стаяць на мялі.

Ад стагнання да тонусу,
ад забавак у сэнс
пераходжу па голасе.
І вяртаюся спрэс.

* * *
Не спасцігну да цяпла,
толькі верыць стану
без адзінага крыла
ў атачэнні зданяў.

Сам з сабою столькі зім
размаўляў спакойна.
Мірнай свечкай дагарым,
думаў, з цішынёю.

Ды прыходзілі гады –
не гады, а буры,
і зацягвалі туды,
дзе падвал пануры.

Я – не я быў. Я – не я.
Страшны чалавеча.
Памяць кепская мая
будучыню злечыць.

* * *
Нашто зіма прыйшла?
Мяце, мяце, мяце.
Не выбрацца з сяла
ў рухавай цемнаце.

Прамоўлены даўно
ўсе словы. І твая
душа глядзіць кіно,
дзе зноў праходжу я.

На кухні, на стале,
яшчэ стаіць каньяк
завабліва… Ды мне
не піць яго ніяк.

Сустрэцца як і дзе?
Дарогі замяло.
Маўчыць у цемнаце
забытае сяло.

* * *
Няма навокал развіцця:
здранцвелыя паставы.
Жыццё не можа без жыцця,
без поспеху і славы.

Жыццю не даспадобы кут,
куды яго загналі.
Яно – нястрымны баламут,
што пазірае ў далі.

Не страшна, калі далеч – зман,
а страшна без прасторы,
дзе ляжа кветкавы дыван,
лясоў заплешча мора.

* * *
У ветру адна турбота –
дастукацца мне ў вакно.
Не хочацца бачыць слоту,
давязваць работ радно.

Не грукалі навальніцы
(хоць чэрвень напрыканцы),
бо поўнач сюды імчыцца,
франтамі бягуць ганцы.

Такое бывала колісь,
каб без маланак, залеў
міналася лета? Голас
не чутны яго і спеў.

А мне Барселона сніцца
пад раніцу. І чамусь
хачу з ёю аддзяліцца,
Мадрыда скінуць прымус.

І дзівіць адно, папраўдзе,
як на хлюпотным дне
з табой пражываем, браце,
не спруцянелі яшчэ.

Аднак, як сонца праб’ецца
скрозь хмары, расквеціць дол:
падумаю, слота сэрца –
найменшая з горкіх зол.

* * *
Цела хацела жыць
без памірання подлага,
жыць, як ручай бяжыць –
звонам, тугімі нотамі.

Будзе наўкола дождж
ці хоць зіма лядовая –
бег ручая, памнож
песні і кроў здаровую.

Целу нязносны стан
вечара застаялага.
Дайце яму падман
снегу, вясной расталага.

Прорву прасторы і
пахаў, надзеі прывідаў,
санак з крутой гары,
рэўнасці злыя злыбеды…

* * *
Лета дажджлівае, лета халоднае,
лета, нам сонечных дзён падары.
Мы на цяпло і сінечу галодныя.
Лета, спусціся з паднебнай гары.

Кісці і плечы загарам пакрытыя.
Помню, было. Пакажы, даўніна,
сонца над дубам, веранду спавітую –
лісцем і гронкамі свеціць яна.

Лета, якія мы далі высочвалі,
далі, як шалі, вагаліся там.
Вуліца пыльная. Ленін над плошчаю
ля гастранома, быў верны гадам.

Пах ад асфальту, нагрэтага ў полудзень,
пах ад бензіну, і пахі садоў –
перапляліся ў прытомленым горадзе,
перапляліся ўва мне пагатоў.

* * *
Падзелімся надвое
і слаўна зажывём.
І стануць думкі строем
ісці ў дзвярны праём.

Адносінаў распятых
рукасты жах здымі –
не будзе і растраты,
не капне і крыві.

Прывыкнем вольна дыхаць,
хадзіць пад сінізной,
не чуць кахання ўсхліпаў
тамлівых за сцяной.

Мы будзем па суседстве,
але чужыя, ды
душэўнае калецтва
загоім праз гады.

* * *
Што праўда перад вачыма?
Надвор’е, паветра, дом.
Пітво і яда, жанчына.
Астатняе – зман суздром.

Хто зман і няпэўнасць сее
ў галовы ва ўсе вякі –
надзея, адна надзея,
грукочуць яе палкі.

І праўды не бачаць простай
народы любой зямлі:
пагода, жанчына, пространь
каб вечна ў табе былі.

* * *
Прачыналася песня
ні твая ні мая
на світанні ўваскрэслым
пры народзінах дня.

І прыспешваў патолю
невядомы стралок.
Ды зачынена доля
ад яго на замок.

Два пытанні ўставалі
праз смугу і туман.
Два адказы ляжалі
праз жыцця акіян.

І адзіная праўда
зіхацела ўнутры –
памяць белага саду,
боязь чорнай нары.

* * *
Усход за спінаю цямнеў,
і спадарожнікі сталіцы
цягнулі невыказны спеў
і не маглі ім наталіцца.

Ішоў з табою, Беларусь,
па бездарожных пуцявінах,
абшару гладкага абрус
далёка ў забыцці пакінуў.

Не з шапкай-невідзімкай, не,
а падстаўляў пад лівень плечы
і набіраўся ў палыне
шырокіх водараў галечы.

Цякла заўсёдная рака –
так Свіслач падала ў нябёсы.
Я вас на беразе чакаў,
у мроіве рудога плёсу.

* * *
У вайны два твары, два абліччы –
абаронцаў і нападнікаў ліхіх.
Што свяшчэнным уважаюць тысячы,
тое нішчаць ворагаў палкі.

Два бакі сякуцца, і цудоўна
разумеюць праўду на свой лад.
Варажнеча можа быць бяскроўнай,
ды ваюе з гадам той жа гад.

* * *
Прачнуўся, закаваны льдом.
Твае і голас і пастава
жывілі анямелы дом.
І адыходзілі направа.

Нястомна дзверы адчыняў:
у плямах сонечных дарогі.
Між гушчароў дакучных спраў
ішлі сляды ў сусвет далёкі.

І русых валасоў з плячэй
твае ляцелі вадаспады
сярод заштораных начэй,
сярод расквечанага саду.

Каханая, як перадам
табе ўсе словы і значэнні –
то растваруся ў словах сам,
патухну безгалосым ценем.

Таму і гавару з табой
я асцярожліва і ціха
ў вясне блакітнай і пустой,
наўзбоч затоенага ліха.

* * *
Караваны, караваны
набліжаюцца здаля –
гукі, вобразы, падманы,
перажытая зямля.

І віхурыць бессань злая,
і спявае далячынь.
Я чакаю, я чакаю,
каб забраў начны спачын.

Жоўты колер, белы колер
і зялёны па вясне…
Сінім летам мы на волю –
як вавёрка па сасне.

І азёры, і азёры,
край духмяны, цёплы край,
глыбіня ляснога бору…
Як заснуць, ты мне парай.

* * *
Вобраз мыслення, спосаб думання,
штормы ў звілінах, караблі…
Вобраз мыслення непрадуманы,
думкі самі сабой цяклі.

І здавалася, пачыналася
песня з ноты, якой няма.
А струна на хвілінку рвалася
і трымцела яна дарма.

Што, адкуль і навошта дзеецца –
словы ведалі ўсё здавён.
І самотнае, безнадзейнае
выпускалі на сцэну дзён.

Думкі, думкі твае, караблікі
ветрам гнаныя ўдалячынь.
Птушкі ў кронах, лясныя зяблікі…
Песня вечная, не астынь.

* * *
Колькі ў свеце падзей, колькі ў лёсе надзей,
неспакойна жывём і трывожна.
Чарада ў чарадзе, чарада ў чарадзе –
куды рушым, паверыць няможна.

Запыніся ў хвіліне, няўрымслівы час,
зафіксуй стан душы акрылёны.
Ды імчыцца цягнік. Не пачуеш адказ
ні ад розуму, ні ад закону.

Белай елкай страсаюць часіны снягі,
жоўтай зоркай ліхтарык павабіць…
Рыбаком пастаю ля таемнай ракі,
патурбую паўсонную памяць.

Крыгаход напаўзае на бераг, трашчыць
ды іскрыцца пад сонцам сляпучым.
А душа за вадою да вусця бяжыць
пад вясновым агнём немінучым.

* * *
Чорная скрыня стаіць,
тэрмін там мой і лёс.
“Хочацца доўга жыць?” –
вецер пытанне прынёс.

На антрэсолі ляжаць
з лета ад скрыні ключы.
Толькі іх мне не дастаць,
высь тая не па плячы.

Скрыня нязрушная ўдзень
цісне на ўзрушаны мозг.
Ах, падымуся з калень,
кіну яе на мароз.

Восень, аднак жа, пакуль
ды завысока ключы.
“Хто я, навошта, адкуль?”
Зрэшты, ідзі і маўчы.

* * *
Забыліся крокі наступныя,
пайшоў уразнос лістапад.
Скрозь шторы дажджу каламутныя
брыду што ні дзень наўздагад.

Блукаю раздольна палеткамі.
Жаўтлявыя залы гаёў
распісаны сцежкамі-сеткамі.
Ды ўжо не чуваць салаўёў.

Дзень выпадзе: неба бясхмарнае,
трымціць павуцінне між дрэў,
і сонца над лесам янтарнае,
і ветрыку цёплы павеў.

На ўзмежку гарыць перспектываю
прастора. І чуецца мне,
як песня, учора застылая,
пляскоча на восеньскім дне.
Просмотров: 880 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
» Поиск

» Календарь
«  Май 2017  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024