Сайт Міхася Южыка Понедельник, 18.12.2017, 17:36
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 85

» Форма входа

Главная » 2014 » Август » 2 » Вершы (вясна/лета 2014)
12:35
Вершы (вясна/лета 2014)

* * *
Між сустрэч і развітанняў
горад замаўчаў.
Толькі мокрае світанне
і дыханне траў.

Горад спіць, бязлюдных вуліц
дрэва і бетон.
Як стагоддзі не мінулі,
так было спакон.

Між сустрэч і развітанняў
варта адпачыць.
Горад лёг. Ды хутка ўстане,
каб нанова жыць.

Горад спіць. Але паціху
ў глыбіні кватэр
нехта скрыпнуў, чутна слыху,
вер або не вер.

Нехта звонка рассмяецца
і заплача ўраз.
Сонца ў лужынах прачнецца,
прывітае вас.

 

* * *
Дом палюбіць, кватэру,
ложак і цёмны кут,
логава, дзе без меры
выпіў ужо пакут.

Там, дзе тварыў рагаты
справы штодня свае,
трэба паставіць краты
ў яве і ў галаве.

Сілай бярэцца сіла,
б’ецца святлом турма,
горкае стане мілым,
бурнай вясной – зіма.

Што гэта, што такое,
словы цякуць куды?
Мірнай ракой жывою
вымкнулі з пустаты.

 

* * *
Вершы гэта мелодыя,
што вандруе ў крыві.
Вершы – гукі народныя,
токі крэўнай зямлі.

Іх паэт назапашвае,
задарма аддае.
Вершы – лісце апаўшае
на асенняй траве.

 

* * *
Калі мне становіцца туга
і стукае ў скроні адчай,
ірвуся з замкнёнага круга
ў запоўнены квеценню май.

Там недзе душа мая ходзіць
між яблынь у белых садах,
уся ў пералівах мелодый,
якія знікалі ў гадах.

Гукаю сябе несупынна –
падлетка ў маёвай цішы…
Ды коціць жыццё хуткаплынна,
віруе ў збалелай душы.

 

* * *
Мэты ўсе, дзе няма любові,
цягнуць зманліва ў тупікі.
Марнаванне і пустаслоўе,
бессэнсоўнасць ва ўсе бакі.

Прайгравалі жыццё такія,
што ўладарылі без мяжы.
Адзінокія і чужыя,
без апоры і без душы.

Зман – улада, і слава зманам
паласкалася, нібы сцяг.
Толькі вецер пяе сапрана,
дзе шырокі пусты прасцяг.

Без любові бывае люта,
гэтак холадна, як зімой,
хоць бы сонца стаяла крута
ў яркіх тропіках над табой.

 

* * *
Жанчына вабіць да сябе
прасторай воч.
І за жанчыну ў барацьбе –
бяжы ці кроч.

Загадка свету назаўжды
ў ёй палягла.
Яна ратуе ад бяды,
ад лёсу тла.

Спрадвечны сэнс, каб паяднаць
душу з душой,
жыццю агеньчык новы даць –
у ёй адной.

Сваю адзіную гукаць
няпроста як.
Нібыта ў гушчары шукаць
таемны знак.

 

* * *
Мозг нейроны ўключае,
мозг чакае навін,
мозг на грані адчаю
сярод доўгіх хвілін
ловіць хвалю такую,
дзе б любоў і спакой,
дзе б размову жывую
слухаць ціхай душой.
Жыць як дыхаць лагодна
хоча гэты дзівак,
быць у згодзе прыродай,
сам не ведае як.

 

* * *
Калі нічога не трывожыць,
тады турбуе пустата,
і бессэнсоўнасць скруху множыць,
і за спакой бы ўсё аддаў.

Але спакою не бывае
ў спакоі, ты ж з яго бяжыш
да дзейнасці, што насычае,
як сыр дармовы тую мыш.

Спакой з уяўных катэгорый
імгненна спараджае рух –
дзе мноства спраўджаных гісторый,
дзе непакоем поўны дух.

Жыві і рухайся паціху,
а то імчыся стрымгалоў
да поту сёмага, да ўздыху,
калі збіваеш ногі ў кроў.

 

* * *
Паразумецца, усвядоміць,
пачуць сусвету галасы,
быць не чужым ва ўласным доме
ва ўсе часы…

Нас раз’ядноўвалі дарогі
і вабіў новага павеў.
Хаду прыспешвалі трывогі.
Ды кожны нешта не паспеў.

Мы супакоімся калісьці,
прыспее суцішэння час,
дзе восень ветразямі лісце
пускае ў лужынах на нас.

 

* * *
Праз акіяны зла
плысці – майстэрства трэба.
Там, дзе любоў жыла,
зноў без аблокаў неба.

Востраў ці астравы,
выспачкі ў акіянах…
Вераю зліты мы
на караблях жаданых.

Плысці камандай той,
што між сабой сябруе.
Выйсці з віхуры злой,
што дзень і ноч пануе…

Ступім на берагі.
Рыжы пясок і вечар.
Будзем цяпліць агні
пад акіянам Млечным.

 

* * *
Лінія на далоні…
З торбай, або ў кароне?
Поўзаць, або ляцець?
Золата, або медзь?

 

* * *
Нітка-душа трымціць,
плача ганебна.
Быць ёй або не быць –
думка залегла.

Між павуціння мрой,
спраў і памылак
хочацца быць жывой,
а не магілай.

Нітка-душа трымціць
неперарыўна.
Хочацца ўсё-ткі быць
з сонцам і мірам.

 

* * *
Пазіраю на Горад Багоў –
горы, горы…
Вакол гор ці то воблака сноў,
ці то мора…

 

* * *
Малітваю, што дасягае да дна,
сягае ў вышыні,
хачу перайсці са смяротнага тла
ў вячыстыя плыні.

Там словы – ключы да цяжэрных дзвярэй,
ці зможаш, паэце,
ты іх падабраць між імклівых падзей
у голасным свеце?

Дзе большасць усіх галасоў –
сумбурныя ноты,
а памяць пражытых часоў –
шляхі адзіноты.

І ўсё ж не адпрэчвай жывых,
яны заблукалі
ў туманах і морах людскіх,
дзе моцныя хвалі.

Малітваю, што скаланае душу,
імкнецца ў вышыні,
прабіся, паэт, я цябе папрашу,
на боскія плыні.

 

* * *
Дзве тысячы дзён не бачыў,
світае як на рацэ.
Світанне так многа значыць,
світанне – важны працэс.

Скрозь шэрагі дзён сцямнелых
світанне ляціць, імкне,
як ластаўка порстка, смела,
каб недзе дагнаць мяне.

Ці хутка яго пазнаю,
ужо, далібог, забыў,
як сонца раку вітае
на ўзмежку лясоў і ніў.

 

* * *
Час – пясок, пясчынкі – дні.
На гадзіннік свой зірні.

 

* * *
У душы заціхае музыка.
Мне без музыкі як?
І хварэю яе адсутнасцю,
і чарнею, што грак.

Я старэю штодня, суровею,
гнеўна гыркаю на людзей.
Каб не жыць з анямелай моваю,
вымкні музыка, абнадзей.

Вымкні музыка, вымкні, мілая,
з неба, з долу, з лясоў.
Надзялі непакорнай сілаю,
ажыві маю кроў.

У кватэрах не грае музыка.
А без музыкі мы,
як дурныя вароны шустрыя…
ці пустыя дамы.

Слепа веру, што аб’яднаюцца
слова з музыкай ды
ад бядотаў зямля аправіцца
праз гады і гады.

А пакуль зубы сцісну горка так,
што душа прыцішэе ўраз.
Пабрыду непраходнай горкаю,
каб прыспешыць сустрэчы час.

 

* * *
Моцна бразгалі зброяй,
загараліся хаты.
Ні хвіліны спакою.
Божа, хто вінаваты?

Прашываліся целы
то асколкам, то куляй.
Вунь упаў нехта – белы,
кроў на камні лінула.

Сонца ўсё назірала,
чырванела падвечар.
Вёска чорнаю стала
ад бяды чалавечай.

Хвацка бразгалі зброяй,
брат кідаўся на брата.
Каласілася поле…
Божа, хто вінаваты?

 

* * *
У краіне слоў, значэнняў,
у краіне мрой
ходзяць прывідныя цені,
ходзяць за табой.

Ты краіну тую знаеш
з нараджэння дня.
На шляхах яе сядлаеш
рыжага каня.

Порстка скача за удачай
твой агністы конь.
Бег яго нямала значыць
ветру наўздагон.

Дзе сыходзяцца дарогі
ў даляглядзе дня,
конь разблытае трывогі.
Беражы каня.

 

* * *
Як печань жоўць, выдзяляю словы,
вяду штодня з сабою размовы.

Сусвет падзяляю на сэнс і гукі,
цягну да сонца позірк і рукі.

Зранку, як ложак яшчэ не астылы,
стаю ў малітве, прашу я крылы.

Ляцець над светам пакуль не ўмею,
глядзець, як поле шырока спее.

Ляцець над людам, выразна бачыць,
як зло іх поіць, ды іх іначыць.

Ляцець магчыма, як зла не маеш,
яно б цягнула ў зямлю, ты знаеш.

Малюся, праўда. Малітвы мала.
“Рабі, што можаш”, – душа сказала.

 

* * *
Жыць – адчуваць і дзейнічаць…
дзейнічаць, адчуваць,
лётаць шляхамі млечнымі,
зоркі ў далонь збіраць.

Жыць – гэта думаць правільна
і нараджаць сусвет.
Жыць – задыхацца тайнаю
дальніх начных камет.

Жыць – палюбіць і ворага
так, як сяброў любіў.
Жыць – калі плаціш дорага
проста за факт, што жыў.

Жыць – калі не раслінаю,
а чалавекам ты
творыш адной хвілінаю
нешта як з пустаты.

 

* * *

Прачынаюся з раніцы з пачуццём, быццам у чым вінаваты, як украў мільён, не іначай, і хутка мяне заарыштуюць і павалакуць на дыбу. Аднак нічога я не краў і нічога нікому не вінен. Тым не менш штораніцы не магу адкаснуцца ад агіднага пачуцця віны, што мяне мусіць нехта пакараць за нешта злачыннае. Думкі беспрычыннай віны атакуюць мой мозг, як пустазелле, як дакучлівая машкара. Або сам мозг нараджае іх? Мне ж застаецца адно – браць газеціну і пляжыць гэтую зламысную машкару. Або віна мая ў тым, што не працую як выкляты шмат гадзінаў у дзень, коцячы на гару непадымны камень? А навошта яго туды пнуць? Аднак, пакуль жывеш, мусіш каціць і радавацца выніку. Як жа толькі кідаеш гэтыя высілкі – ліпучая машкара думак віны джаліць твой мозг. Што лепш – машкара ці камень? Што лепш – радасць ад вынішчэння дакучлівых насякомых ці камень, які ўсё адно зваліцца? А можа – не зваліцца? Можа, у нейкім іншым вымярэнні ён застанецца, як твой набытак? А ў гэтым вымярэнні, дзе ўсё часовае, камень стане арыенцірам для іншых, каб падымаліся са сваім каменем? Можа, ён будзе каго-небудзь натхняць? Невядома. А каб было вядома, што за заслуга ў нашых намаганнях штодзённых, у духоўных высілках? Бо ж духоўнае не можа аплачвацца. На тое яно і духоўнае. Каці – і не жадай платы за гэта. І ад бескарыслівага качэння адчувай боскую радасць. Бог тварыў цябе не дзеля выгады і не дзеля забавы. А каб даць табе жыццё, у якім будуць Магчымасці. А на магчымасці дадзены табе адпаведныя сілы. Каці і радуйся. Каці, творачы. Усе камяні розныя, а дарогі іх непаўторныя. Каці, чалавек. Зарабляй свой хлеб у поце твару свайго. І радуйся гэтаму. Сярод хаосу касмічных часцінак ты – неверагоднае іх спалучэнне, непадуладнае твайму розуму і тваім магчымасцям. Каці, чалавек, свой камень. Каменьчык у касмічнай прасторы. Усе занятыя тут работай. Хто не стварае, той разбурае, як астэроіды – планеты, як машкара тваіх дакучлівых думак – твой мозг. Твары, чалавек, у славу жыцця. Дух паныласці прагне, каб ты перастаў і каб з дапамогай такіх, як ты, спыніўся Сусвет. Твары, творца з маленькай літары. З маленькага хай складзецца вялікае.

 

Юліі

Тады, як лёс нас разлучаў –
“Ты мой харошы!” –
шаптала ты, а я чытаў:
“Патрэбны грошы”.

І замаркочаны пайшоў
наўсцяж завулка.
А крокі, як каменне слоў,
гучалі гулка.

Дваццацігоддзе пралягло
з таго ўжо жніўня.
І надарванае крыло
маё зажыла.

Не меў нічога я тады.
Цяпер не маю.
І толькі доўгія гады
палёт трымаю.

Мы праляталі па сваіх
арбітах кожны.
Я зрэдку ў вобліках людскіх
твой зрок трывожыў.

Зусім нядаўна ў ясным сне
цябе пабачыў.
І ты сказала: “Для мяне
ты многа значыў.”

Балюча зведаў, што любоў
не памірае.
Пад каламутаю гадоў
яна жывая.

І ўспамінаю да драбніц,
як мы стаялі
між паваенных камяніц.
Лісткі зляталі.

Як ты ішла ў любы мароз
насустрач ветру…
Ды вызначыў ужо нас лёс
па ўсіх прыкметах.

 

* * *

Што мне папрасіць для дарогі?

Вясёлага сябра і сон,

які на прывале трывогі

развее ці выганіць вон.

 

Што мне прычакаць для забавы?

Такія праблемы, каб я

іх вырашыў з лёгкасцю справы,

яшчэ й папрасіў іх у дня.

 

Што мне пажадаць для любові?

Каб сэрца змякчэла няўзнак

ад нейкага гора чужога,

што стрэну няведама як.

 

Што мне папрасіць для малітвы?

У моры страсцей і трывог

каб змоўклі заўсёдныя бітвы

ды ў цішы расчуў мяне Бог.

 

* * *

Мы прагнем лёсу перамен,

будуем самі.

На скрыжаваннях што ні дзень

здаём экзамен.

 

Як снежань свечкі распаліў

на ёлцы кожнай,

з нас кожны новае адкрыў

на новай пожні.

 

Жывём як быццам наўздагад

за кошт эмоцый.

Чарговы дзень, як родны брат,

за намі сочыць.

 

Людская моц ва ўсе вякі –

пакуль мы разам.

Цячэнне бурнае ракі

сціхае часам.

 

Сівеюць валасы, а мы

ўсё тыя ж дзеці,

дзе шлях няхітры і прамы

на белым свеце.

 

* * *
Збярыцеся ўсе, каго моцна любіў,
між гэтых радкоў летуценных.
Хто памяць празрыстую мне падарыў,
жывыя імгненні.

Хто верыў нязгасна, што спраўдзіцца час,
калі мы абнімемся ўволю.
Хто ведаў: залётныя злыбеды нас
не скораць ніколі.

Сыходзьцеся ўсе, каго моцна чакаў,
у нашым пакоі высокім,
дзе слёзы расы, пах няходжаных траў,
вясновыя сокі.

Чакайце, чакайце! Імгненне адно
праз міг ужо Вечнасцю стане,
асветліць шляхі і глыбокае дно;
шарахнуцца здані.

Хай кожны агеньчык з сабой панясе,
вандроўнікам пойдзе па свеце,
каб сведчыць наўкол аб зімовай красе
і сонечным леце.

 

* * *
Спакойна і трохі павольна
глядзеў, як сплывалі гады.
Сплывалі за рысу раздольна,
наўрад ці паспееш туды.

Сядзеў назіральнікам простым,
ды нешта падчас і рабіў.
А вёсны, духмяныя вёсны
ішлі над прасторамі ніў.

І клаліся зімы такія,
што радасць напятая мне
не-не, ды дзівосы адкрые
па сходнай, бывала, цане.

Сядзеў, а гады праплывалі,
ішоў, а яны ўслед за мной
спяшаліся і паспявалі,
я з імі самкнуўся душой.

 

* * *
Творчасць будзяць душы пажары.
Творчасць – гэта калі
з голасу або струн гітары
льюцца песні зямлі.

Творчасць, быццам вясна на рэчцы,
калі ломіцца лёд,
калі ўдалечыню нарэшце
паплыве крыгаход.

Гукі, думкі і дзён чароды
плынь нясе ў мора ціш.
Творчасць – гэта калі з народам
адной свечкай гарыш.

 

* * *
Сябе будаваў з камення,
якое знайшоў на шляху,
дзе дрэвы расклалі цені
на ўзбочыне і імху.

Я замкам непераможным
хацеў для нападнікаў стаць.
Няспынна каменне множыў
і ладзіў моцную кладзь.

Ды толькі лунала думка,
што замак не ўберажэ,
што трэба шукаць ратунку
на скрыжаваннях шашэй.

Стаць проста на скрыжаванні
ў кашулі і басанож,
каб аўтамабіляў здані
ўзразалі цябе, як нож.

Ты чысты і ты адкрыты
нападнікам і вятрам.
Ніяк не ўхіляйся бітвы,
у бітве гартуйся сам.

Насуперак замкам каменным,
дзе ёсць недавер і змрок,
стук сэрца жыве нятленны
як сонечны абярог.

 

* * *
Калі неразумнае не разумею,
калі мне няўцям мудрацы, –
прашу ва Ўсявышняга гэтакага клею,
каб склейваць сусвету канцы.

Сусвет ува мне разрывацца не хоча,
ён хоча акруглым пабыць,
жадае глядзець па баках ва ўсе вочы
і з Космасам моцна дружыць.

Сусвет мой – паветраны шарык суцэльны,
ляцець між аблокаў рашыў.
Сусвет наталяецца воблачнай беллю,
красою азёраў і ніў.

 

* * *
Перадужваю звера ў сабе.
Звер са мной размаўляе.
У штодзённай такой барацьбе
адступаю ад краю.

Звер злуецца, што я не такі,
каб яму даастатку аддацца.
Ён, што поіць з крывавай ракі
ўсе вякі сатанінскае брацтва.

Звер адранку чакае мяне,
хоча стаць адной часткай з душою.
Ён упартасць паэта кляне
і яго легкакрылыя мроі.

“Прызямліся, – нашэптвае ён.
Ты – матэрыя, больш анічога.
Барацьба, пажыранне – закон,
вось што вы атрымалі ад Бога”.

Я маўчу. Мы насупраць стаім.
Звер баіцца падацца наперад.
Над зямлёй – туманы, быццам дым.
Туманы над зямлёю без меры.

 

Просмотров: 439 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
» Поиск

» Календарь
«  Август 2014  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2017