Сайт Міхася Южыка Понедельник, 19.02.2018, 10:29
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 85

» Форма входа

Главная » 2013 » Июль » 14 » Чарга-46 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 46
13:46
Чарга-46 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 46

Чарга (працяг) Пачатак ТУТ

 

з жыцця літаратараў; паэма ў прозе

 

Раздзел 46

http://iuzhyk.livejournal.com/263557.html

Наколькі дрэнныя былі справы ў чарзе, настолькі выдатна, дзякуючы стойкасці пісьменніка Г., пачувалася яго творчасць. Блізілася кульмінацыя аповесці, калі стары педафіл мусіць згвалціць аднакласніцу сваёй дачкі, завабіўшы на паддашак. Неадказны сакратар быў так узбуджаны, што не заўважаў нікога навокал. Ён прагнуў найперш аднаго – парабіць усе дзённыя справы і засесці на працоўнае месца, то бок за драўляную скрыню, узятую з кухні Пушчанскага. Калоў дровы і кідаў снег ён чыста механічна, ён быў у любасных сэрцу вобразах выкшталцонай аповесці. Адна, праўда, пабочная думка ўпарта ціснулася ў мазгаўню – залішне часта перад вачыма мільгаў Белякявічус, тады як павінен ён быў сядзець і пісаць станоўчую рэцу для яго, пісьменніка Г. Аж не – прагрэсіўны крытык раз-пораз наладжваў сходкі моладзі каля сваёй крытычнай палаткі, дзе літаратуразнаўча разбіраліся творы як сталых, гэтак і маладых літаратараў.

Белякявічус  ставіў на пляцоўку столік і лаву, дзе ў цэнтры сядзеў сам, а праваруч і леваруч – яго паплечнікі, зброяносцы, крытыкеса Пуста і задуменны жанчынападобны Сузіраловіч. Прычым, як лавіў слых Г., найбольш з’едліва крытыкаваў усіх меланхалічны паэт. Той, каго разбіралі, стаяў перад столікам на аблітым вадой заледзянелым сумёце з рукамі па швах. Г. страшэнна сердаваў на гэтыя мерапрыемствы – маладыя паршыўцы займаюцца зусім не тым, чым належыць! А належыць ім разбіраць найсучасную літаратуру, то бок аповесць пісьменніка Г. Ну ды трасца на іх галаву, пісьменнік Г. даўно пакляўся адпомсціць Белякявічусу за яго пыху.

А чарга тым часам усё болей разлагалася маральна. На чацвёрты дзень вымушанага прастою адбылася падзея, якую Г. проста не мог не заўважыць, як ні хаваўся ў аповесць ад рэчаіснасці. У непраглядны снегапад зверху пачуўся гул, і з неба, са снежнай заслоны, як манна пасыпаліся пакункі – уроссып. Большасць чаргоўцаў аслупянела. Але найболей спрытныя дацямілі, што пакункі трэба хапаць, і рынуліся на іх коршакамі. А невялікія пакункі ўсё сыпалі і сыпалі з неба. Нарэшце адбылася кропка біфуркацыі – калі ўся чарга, а не толькі спрытныя адзінкі, выйшла са ступару. Народ кінуўся хапаць пакункі. Утварылася цісканіна і куламеса. Г. таксама кіраваўся прыродным інстынктам, а таму кінуўся ў кучу. Праўдзівей, было некалькі куч, нават мноства. І ў кожнай душыліся, біліся, штурхаліся і лямантавалі за гуманітарныя пакункі, што маннаю ўпалі з неба.  Колькі пакункаў шуснула ў вогнішча Напаўарлова – дык пару літаратараў рынуліся і туды, раскідаўшы вогнішча, з саменькага агню вышморгваючы бясцэнныя дарункі, апальваючы рукі, шапкі і кажухі.

Пісьменнік Г. воляй лёсу апынуўся непадалёк ад месца, дзе качаліся па зямлі, дужаючыся, некалькі літаратараў. Уразіла карціна, як крытыкеса Налейнік сядзела верхам на празаіку Шкандыбайлу, адной рукой ціснучы таго за горла, а другой выкручваючы яго руку з пакункам. Вочы Шкандыбайлы жудасна вылупіліся, але пакунак ён не аддаваў. І тут Г. краем вока згледзеў, што з купкі, дзе тры чалавекі шалёна біліся між сабою, вылецеў выпадковы пакунак і пляснуўся ў якім метры ад Г. Маланкава зрэагаваўшы, Г. даў на яго нырца ў снег і накрыў жыватом. Абмацаў пакунак і стаў падымацца, трохі выпрастаўшы руку з пакункам для апоры наперад. І ў гэтым міг адзін дзядок-літаратар наступіў на кісць Г. ботам, а другі, злева, нанёс Г. магутны ўдар па галаве. Г. бачыў гэты скажоны нянавісцю старэчы твар, здаравенную камлыгу лёду ў руках, якую дзядок узняў над галавой, абрынаючы на галаву Г. Добра што дзве шапкі – адна мехавая і адна вязаная – не дазволілі разваліць чарапную каробку. Г. абмежаваўся адно непрытомнасцю і здаравенным гузаком на патыліцы. Ачухаўся ён ля вогнішча Хлёпуса, на руках у Ачмуціна, які расціраў яго твар снегам. Потым Г. па загадзе Мемуарана далі глынуць самагону, запіць гэта кіпенем, і праз паўгадзіны сранцавіцкі літаратар быў на нагах. У лагеры стала ціха. Цісканіна за гуманітарку закончылася. Па словах Ачмуціна, ёсць моцна траўміраваныя, аднак лятальнага зыходу няма. Таксама лірык нашаптаў Г., што заўтра на разводзе Мемуаран будзе караць асабліва зацятых. Г. з жахам пакасіўся на перакладзіну між дрэвамі, дзе, прывязаныя за ногі, віселі ўніз галовамі чатыры крыўдзіцелі Навумовіча. Яны ўсё яшчэ віселі, нябогі!

 

ПРАЦЯГ

Просмотров: 209 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Июль 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2018