Сайт Міхася Южыка Четверг, 23.11.2017, 23:01
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 84

» Форма входа

Главная » 2013 » Июнь » 8 » Чарга-35 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 35
12:39
Чарга-35 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 35

Чарга (працяг) Пачатак ТУТ

 

з жыцця літаратараў; паэма ў прозе

 

Раздзел 35

http://iuzhyk.livejournal.com/259431.html

Пакой, куды зайшоў Г. паперадзе Ачмуціна, уразіў змесцівам. Дарагая вытанчаная мэбля, плазмавы тэлевізар, перад акном прасторны рабочы стол з чырвонага дрэва, пухнатая тахта, два фатэлі, белыя пластыкавыя сцены. На палову кожнай сцяны – кніжныя паліцы адмысловай работы. Прычым кнігі знаходзіліся толькі на адной паліцы, другая спрэс была занятая, як разгледзеў Г., выключна кнігамі і літаратурнымі рэгаліямі гаспадара. За чысцюткім шклом стаялі фаліянты самога Ненатоля Ачмуціна, выдадзеныя за яго бліскуючую творчую кар’еру, прычым усе – вокладкамі наперад, узятыя ў адмысловыя залачоныя рамкі. Рады паліцы займалі таксама разнастайныя ганаровыя граматы, медалі, вымпелы. Яшчэ гаспадар паказаў ашаломленаму Г. свае пісьменніцкія білеты трох літаратурных саюзаў – Беларусі, Расеі і яшчэ раз Расеі. Білеты стаялі на падставачках. Кніг жа было парадку двух дзесяткаў. Ачмуцін, дэманструючы, асабліва ганарыўся некалькімі кнігамі ў цвёрдых вокладках, адна – з серыі "Брыліянтавая асадка”, надрукаваная нядаўна ў дзяржаўным выдавецтве "Выбітная літаратура”. Некалькі кніг таленавіты лірык выдаў у Расеі – Маскве, Санкт-Пецярбургу і ў горадзе Прыволжску, з якім ягоны, Ачмуціна, часопіс мае сталыя творчыя сувязі.

Паказаўшы свае дасягненні, Ачмуцін захінуў шторы, прапанаваў Г. зняць заплечнік, кажух і сесці ў крэсла, адчуваючы сябе "як дома”. Сам жа патэпаў на кухню, пагрымеў там трохі, а тады вярнуўся, штурхаючы перад сабой міні-бар на колках.  Заруліў міні-бар паміж фатэлем, куды апусціў сваё натомленае цела Г., і тахтой, куды сеў сам Ачмуцін. "Ну што ж, прашу закусіць”, – кіўнуў хлебасольны гаспадар, паціраючы рукі.

У бары стаялі пляшка іншаземнага каньяку, разнастайныя бутэрброды, у тым ліку з чорнай ікрой, якую за жыццё сранцавікці пісьменнік каштаваў адзін раз. Марынаваныя балгарскія гурочкі, заліўны шчупак, шпроты, селядзец пад бураковым футрам і маянэзам, вэнджаная каўбаса, рэзаная паляндвіца, вустрыцы, ананасавы сок, – багата чаму знайшлося месца ў міні-бары Ачмуціна. Пасля лагернай баланды гэта прынамсі ўражвала – і Г. не прымусіў сябе доўга чакаць. Чокнуўшыся з лірыкам, ён прагна ўсмактаў гаючы каньяк і закусіў яго рэзкім гурком. А тады, стараючыся не спяшацца, тым не менш шпарка апускаў у згаладалы страўнік далікатэсы, усяго патроху. Ачмуцін, закусваючы нетаропка і з веданнем справы, падліваў тым часам неадказнаму сакратару каньячку, выпіваў за беларускую і расейскую літаратуру, за выдавецтва, дзе ляжыць яго "Выбранае”, і нават таставаў з здароўе Мемуарана.

Наталіўшы люты голад, адчуўшы салодкае ўздзеянне каньяку, пісьменнік Г. стаў пільней услухоўвацца ў прамовы Ачмуціна. Падвыпіўшы, той разняволіўся і пачаў абмяркоўваць вартасці некаторых пісьменнікаў. Гэта моцна зацікавіла Г. Ачмуцін гаманіў, што, у прынцыпе, беларускія пісьменнікі збольшага "брыдкія нікчэмныя асобы”, гатовыя задушыцца за месца ў часопісах і з’есці жыўцом суседа па літаратурнай чарзе. Толькі аднаго Мемуарана Ачмуцін паважае, па вялікім рахунку. Нават Хлёпус – чалавек гнілаваты. Вымавіўшы імя Хлёпуса, Ачмуцін спахапіўся і папрасіў Г. трымаць іхнюю размову ў сакрэце. Далей лірык раскрываў паднаготную літаратурных варункаў, ужо не тоячыся, без апаскі – ён пранікся невыказным даверам да Г., які сёння ўратаваў яго, можна сказаць, ад інфаркту. Дык вось, Налейнік, па словах Ачмуціна – гэта крытыкеса-ізгой, няўстойлівая псіхапатычная баба. Яна палаялася з усімі калегамі па крытычным цэху, з усімі пісьменнікамі, рэдактарамі, цяперашнімі і былымі студэнтамі, якім яна выкладае "крытычнае пустаслоўе”, такі ў яе невыносны характар. Ачмуцін сам замаўляў ёй грунтоўны артыкул на часопіс "Ядзвіга літаратурная”, дзе ён галоўны рэдактар. Дык яна, клянучыся яму ў павазе і любові, тым часам пісала і ўладкоўвала ў элітарную рэдакцыю насамрэч разносны артыкул. Яна літаральна пасміхалася, здзекавалася з часопіса і галоўрэда. Заплаціла "презлым за предобрейшее” – гэтак даслоўна сказаў Ачмуцін. Тады паэту прыйшлося прыкласці каласальныя намаганні, прыцягнуць усе свае сілавыя сувязі, ажно да камітэту дзяржаўнай бяспекі, каб перашкодзіць артыкулу выйсці і зганьбіць "Ядзвігу літаратурную”. Гэта каштавала здароўя, і Ачмуцін потым месяц ляжаў у бальніцы і месяц далечваўся ў сочынскім санаторыі.

Ачмуцін падкінуў на талерку Г. салёных рыжыкаў, крылца халоднай курыцы па-французскі, выпіў за сваё здароўе, "якое спатрэбіцца”, і доўжыў расповед. Па словах Ачмуціна, Смякляеў, Напаўарлоў – гэта дзялкі, якія добра жылі пры савецкай сістэме, робячы там галаваскрутныя кар’еры на розных нівах. Пасля развалу СССР, па словах Ачмуціна, яны добра прыстасаваліся цягнуць замежныя гранты, выбіваць якія нанялі, маўляў, маладога спрытнюгу Гадановіча – былога рускамоўнага, дарэчы, паэта, якога некалі сам Ачмуцін дрэсіраваў у літаратурным гуртку. Гэтыя трое лоўка перафарбаваліся ў беларускіх нацыяналпатрыётаў. Далей Ачмуцін прайшоўся па крытыкесах Сініцынай і Цемняковай, высмейваючы, затым, падвяселены восьмай чаркай, заняўся кухарам Пушчанскім і аўтарам легендарных карацелек "Паміж чаркай і барадою”, напарстачнікам, а цяпер білецёрам прыватнага туалета Вясковічам. "Усе шэльмы!” – раз-пораз замацоўваў свой дослед Ачмуцін, сыта падміргваючы збянтэжанаму Г. Далей ён пусціўся ў брудныя акалічнасці асабістага жыцця журналісткі Заслаўскай. Паступова дайшоў да крытыка Белякявічуса. Вельмі разумны чалавек, але таксама брыдкая нікчэмная асоба, – гэтак ахарактарызаваў ён перспектыўнага крытыка. Той, маўляў, глядзіць у рот старэйшым, запабягае, маўляў, гатовы з іх парушынкі здзімаць. Да астатніх пыхліва халодны, і ўвогуле не лічыць іх за людзей. Страшэнна славалюбівы, і баязлівы адначасова, дробна-помслівы і зларадасны да чужых бедаў. Пасля гэткага вызначэння Г. быў засумняваўся, ці туды ён аддае сваю дыск з рукапісам і заяву на станоўчую рэцу. Аднак Ачмуцін яго супакоіў, што, маўляў, Белякявічус сваю справу ведае і чалавек увогуле адэкватны – не ў прыклад Налейнік. Ён, канешне, не будзе маляўніча расхвальваць тварэнні Г., як гэта робіць істэрычная крытыкеса, але і падлянку, як яна, не падкіне. Хай Г. не трывожыцца. Пасля гэтых слоў Г. выцягнуў-такі з засаленага заплечніка дыск і заяву ды перадаў гэта ў надзейныя рукі Ачмуціна. Той пераканаў, што заўтра ж і перадасць Белякявічусу, прычым зробіць гэта тактоўна – ніхто ў чарзе не даведаецца.

Выпілі па дзесятай, і свет для Г. зазіхацеў святочнымі фарбамі. Пакой як бы пашырыўся, столь узнялася, і можна было лятаць. Аднак Ачмуцін нечакана пасур’ёзнеў, пасунуўся бліжэй і спытаў, ці ведае Г., што па-беларуску той піша для маленькай жменькі людзей і што, толькі перайшоўшы на вялікую і магутную мову, Г. можа дабіцца сусветнага поспеху? Г. не злаўчыўся яшчэ адказаць, як Ачмуцін зрабіў нечаканую прапанову – аддаць копію першага рукапісу яму, у "Ядзвігу літаратурную”, іхні часопіс, маўляў, славуты на расейскіх абсягах. Г. зніякавела маўчаў, а лірык доўжыў спакусліва: у іхнім часопісе ёсць цудоўны перакладчык Мылаварня, якія бярэ за працу нядорага, усяго трыццаць адсоткаў ад ганарару, затое ж і працуе бесперабойна, карыстаючыся найноўшымі электроннымі перакладчыкамі. Хай Г. згаджаецца – не прагадае дакладна, бо гэта амаль еўрапейскі прасцяг. Іхні часопіс, маўляў, запрасілі на некалькі еўрапейскіх кніжных выстаў, Г. хутка, вельмі хутка праславіцца. Цяпер, праўда, праз цяжбу з графаманам справы часопіса і самога Ачмуціна на мялі, але гэта часова, гаварыў Ачмуцін, амаль улезшы ў твар праставатага Г. І хай не баіцца Г, доўжыў няўрымслівы лірык, што друк у "Ядзвізе літаратурнай” яму нечым зашкодзіць – аповесці выйдуць сінхронна па-беларуску і па-руску, у гэтым Ачмуцін клянецца. Затое які будзе ўдар па літаратурнай прасторы, проста накаўт! Паддаты расчулены Г. нарэшце прамямліў згоду, Ачмуцін тут жа сунуў падпісаць нейкія паперы і адразу заручыўся правамі на бягучую аповесць Г. – пра педафіла, над якой Г. вечарамі працуе. Ударылі па руках, пацалаваліся, выпілі. Г. праслязіўся, стаў клясціся ў любові да Ачмуціна і да расейскай літаратуры, стаў называць лірыка сваім "хросным бацькам”, зноў палез цалавацца. З вялікай цяжкасцю Ачмуціну ўдалося вывесці Г. на мароз. Прыйшлося зноў станавіцца на лыжы і праводзіць развяселенага Г. да падземкі, пхаць у вагон. А той смяяўся, плакаў, гарлаў заліхвацкія песні… Зрэшты, дабраўся да дворніцкай без асаблівых прыгодаў, спакваля цверазеючы пад стылым студзеньскім ветрам.

ПРАЦЯГ

 

Просмотров: 214 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Июнь 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2017