Сайт Міхася Южыка Понедельник, 18.12.2017, 17:52
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 85

» Форма входа

Главная » 2013 » Июнь » 3 » Чарга-31 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 31
12:18
Чарга-31 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 31

Чарга (працяг) Пачатак ТУТ

 

з жыцця літаратараў; паэма ў прозе

 

Раздзел 31

http://iuzhyk.livejournal.com/258405.html

Неадказны сакратар сранцавіцкай раёнкі, шматпакутны пісьменнік Г., удала пачаў наступны дзянёк. Пасля таго, як дасвятла перакідаў тры тоны свежага снегу, ён выправіўся на пошту, дзе, прастаяўшы чаргу, дачакаўся размовы з жонкаю. Г. казаў, што ўсё ў яго цудоўна, што ён уладкаваўся на прэстыжную працу, што сёння атрымае тыднёвы заробак і што ёй, жонцы, не давядзецца яму больш прысылаць дапамогу. Дасылаць хутка будзе ён сам, бо неўзабаве падыдзе чарга і ўсё ў іх лёсе зменіцца. Адно што ён просіць: сёння і ніколі надалей не гаварыць яму нічога пра рэдакцыйныя справы, не ўзгадваць гэтае мурло галоўрэда, не псаваць Г. болей настрой. Бо яму цяпер кожная крупінка энергіі дарагая – блізяцца вялікія справы, хай жонка моліцца за яго. Ужо скончыўшы прамову і шыбуючы па вузкай сцяжыне да рэдакцыі, згадаў Г., што зусім не спытаў жонку, як ёй жывецца, ці ўсё ў яе нармалёва, успомніў, што даўно нічога не чуў пра дзяцей і, дзіўна, наогул пра іх не думаў – настолькі быў паланёны чаргою. Зрэшты, усё турботнае і непрыемнае Г. прызвычаіўся адганяць, ён бачыў перад сабой мэту – і непахісна рухаўся да яе.

У чарзе перад світанкам зноў надарыўся ператрус – шукалі не то "Лісты з волі” нацыяналіста Хабарэвіча, якія той нібыта дасылае з Нямеччыны, не то самога Хабарэвіча, які нібыта інкогніта прабраўся ў сталіцу. Ва ўсякім разе лагер быў зноў раскіданы амапаўцамі, некалькі палатак звалены, чарга гула разварушаным вуллем. Двух чалавек павезлі на допыт. Мемуаран хадзіў злосны і разам з тым поўны творчай энергіі. Ён склаў каманду на чале з прарабам Слесарэўскім, куды адразу далучыў працавітага Г. Задача стаяла няпростая – да прыбыцця Хлёпуса, за якую гадзіну, выраўняць тут усё, упарадкаваць, вымесці, каб медыйная асоба нічога брыдкага не заўважыла. Пісьменніку Г. Мемуаран любоўна даручыў лёгкукю працу – адпыласосіць фатэль Хлёпуса, зацяпліць разбуранае міліцыянтамі вогнішча, выраўнаваць пляцоўку і ўкласці яе свежым яговым голлем. Пісьменнік Г. з самаадачай рынуўся гэта выконваць, у душы радуючыся, што спазніўся ў лагер і не падвяргаўся шмону амапаўцаў. Г., папраўздзе, цярпець не мог грубай сілы, яшчэ са школы, калі два здаравілы-аднакласнікі трымалі яго за шасцёрку. А вось працу Г. любіў да самазабыўнасці. Пасля ранішняй дворніцкай вахты ён не толькі не страціў энергіі, як бы страціў яе звычайны чалавек, а наўсперач, амаль нічога не еўшы, адчуваў дзівосную сілу.

За працай сам сабой пачаў доўжыцца сюжэт аповесці, бездакорны мозг прапаноўваў некалькі варыянтаў, нараджаючы іх з нябыту, і сам выбіраў найбольш адмысловы. Г. перапаўняла натхненне. Управіўшыся да прыезду Хлёпуса, ён паспяшаўся на кухню, дзе Пушчанскі выдаў яму наварыстага супу з сушанай крапівы, традыцыйныя паўбохана чарнюткага хлеба, сырую морку і кіпень без цукру. Г. праглынуў гэта ў прыемнай кампаніі Ачмуціна, Навумовіча і Налейнік, якія шчыра з ім размаўлялі, дзелячыся сваім патаемным – творчымі планамі. Ні слова негатыву Г. ад суразмоўнікаў не пачуў. Неадказны сакратар даўно адкрыў сусветны закон, што калі ў яго ў галаве свята, то ўсе непрыемнасці абмінаюць яго самі сабой, ён прыцягвае тых людзей, якія нясуць пазітыў. Г. быў тонкі псіхолаг.

Пасля абеду, крыху пастаяўшы ў завірушнай чарзе, Г. пазычыў у Ачмуціна шчотку, пачысціў вопратку і валёнкі, прыгожа ўвязаў заплечнік з рукапісам і ўрачыста выправіўся да ўпраўдома – па доўгачаканы заробак. Гэты просты сардэчны чалавек быў пад лёгкаю чаркай, ён парукаўся, абняўся з Г., спытаў як жонкі і дзеці, цёпла паглядзеў у самыя вочы, потым парадаваўся на надвор’е – якая прыгожая стаіць зіма, – і выдаў Г. пад роспіс сумленны заробак. Вяртаючыся ў чаргу, Г. плакаў ад радасці, ад паўнаты быцця, ад таго, што ён сціскае ў кулаку мазольныя грошы, што жыццё цвёрда наладзілася. Цяпер нічога не палохала, ён нават прагнуў новых цяжкасцяў, ён хацеў, каб строгі Мемуаран яго азадачыў, каб прыбыў не самазвал, а цэлы вагон сукаватых дубовых калодаў – і Г. кінецца іх ператвараць у горы палення.

З гэтымі сляпучымі думкамі ён і прыбаў у чаргу. Аднак яго сустрэў Ненатоль Адмуцін з нейкім кіслым, калі не жалобным тварам. Ён падышоў да Г., прыабняў, цяжка ўздыхнуў. Нешта ёкнула ў Г. і апала ў раён мачавога пухіра ліхім прадчуваннем. Ачмуцін кіўнуў галавой і прапанаваў Г. рушыць за ім. Ледзь толькі яны зайшлі за палатку "Піражковая”, Г. зразумеў усё… Дакладней – убачыў на свае вочы. Лядовая канторка была разнесена ўшчэнт, застаўся толькі фундамент, напаўзасыпаны ледзяным крошывам. Паўзверх усяго ляжаў велізарны калун. Г. паваліўся на снег і абхапіў галаву. Далей ён няпэўна памятае, што адбывалася. Скрозь барвовую смугу мільгалі твары то Навумовіча, то Ачмуціна. Добрыя людзі сіліліся яго суцяшаць. Падыходзіў Слесарэўскі, гладзіў па галаве і нібыта абяцаў аднавіць канторку бясплатна. Потым убачыў сябе ўжо ў нейкай палатцы, на нарах, побач сядзела журналістка Заслаўская і ўлівала ў яго знямелы рот нешта гарачае. Потым – зноў твары Навумовіча і Ачмуціна. Затым падышлі дзве крытыкесы-антаганісткі – Сініцына і Цемнякова, – бяда Г. расчуліла і згуртавала жанчын. Але, папраўдзе, Г. не хацеў зараз нікога бачыць. У цяжкай маркоце ён выбраўся з палаткі і, адляпляючы ад сябе рукі спагадлівага Ачмуціна, павалюхаўся ў двары, неяк адшукаў свой дом і пад’езд, забраўся ў дворніцкую і ўпаў на падлогу між мёцёлак, рыдлёвак і шуфляў. Бяздумна ўтаропіўся ў столь – не хацелася жыць.

ПРАЦЯГ

Просмотров: 189 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Июнь 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2017