Сайт Міхася Южыка Суббота, 20.04.2024, 00:36
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2013 » Май » 17 » Чарга-19 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 19
12:57
Чарга-19 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 19

Чарга (працяг) Пачатак ТУТ

 

з жыцця літаратараў; паэма ў прозе

 

Раздзел 19

 

Наступныя некалькі дзён нічога значнага з чаргою не адбывалася. Але гэта і насцярожвала, бо пісьменнік Г. добра ўжо зведаў асаблівасць чаргі – у адносным маўчанні і нерухомасці яна назапашвае злосць. Чым даўжэй сцішана чарга, тым агіднейшым бывае яе эмацыйны выбух.

А ў цэлым побыт Г. наладжваўся. Ён прачынаўся на досвітку, вылузваўся з начлежкі на мінус-сараградуснае свежае паветра з добрым настроем. Мыў твар сняжком, адначасова бадзёрачыся. І спяшаў да чаргі. Там, як правіла, яго сустракаў добразычлівы Мемуаран і азадачваў нейкай справаю. Найчасцей Г. калоў дровы ці разгружаў калоды, калі прыходзіў грузавік. Калі вогнішча не мела патрэбы ў дровах, Г. чысціў пляцоўку перад фатэлем Хлёпуса, змятаў нанесены за ноч попел, пасыпаў свежым сняжком, упрыгожваў яловым голлем. Іншым разам снег выпадаў паўметровы, тады ў дапамогу Г. Мемуаран клікаў маладых літаратараў, і яны дружна, з агеньчыкам працавалі шуфлямі.

Ранішнія работы перад сняданкам былі карысныя для здароўя Г., які звык сядзець у сваім кабінеце гадзінамі. Ён увачавідкі набіраў моц і вынослівасць на свежым паветры. Аніразу нават не чхнуў, не засаплівеў. Таму работы па лагеры Г. выконваў з усёй дбайнасцю і адказнасцю. Ён ведаў, што мяце пляцоўку не толькі, каб Хлёпусу, калі той прыбудзе, было чыста і хораша, а яшчэ і для сябе, гартуючы волю. Воля відавочна спатрэбіцца Г. у змаганні з непадатнай чаргою. Так, адно засмучала неймаверна – марудны рух па чарзе, а праўдзівей, адсутнасць усякага руху. Аднак Г. цвёрда наважыў – як толькі з’явяцца грошы, падаваць заяву на перастаўленне наперад. Г. быў да гэтага маральна гатовы.

Нарэшце са Сранцавіч прыбыў грашовы перавод – цяпер можна жыць яшчэ месяц. З радасці Г. купіў сабе ў хлёпусаўскай палатцы "Піражковая” пончык з павідлам і запіў яго распушчальнай каваю, якая прадавалася тут жа. Затым ён рашыў памыцца ў лазні. Ну, лазня – гэта загучна сказана. Проста прыйшлося даць десяць даляраў Навумовічу – і той адправіў Г. з цыдулкай на адмысловую кватэру ў доме, што туліўся ў глыбіні квартала. Там адбывалася памыўка чаргоўцаў у звычайнай ванне, праўда, з душам і гарачай вадою, таксама выдаваўся абмылак і шорсткая мачалка. Пасвяжэлым, памаладзелым на колькі гадоў выходзіў адтуль Г. На хвалі ўзнёслага настрою ён адшукаў у чарзе байкапісца Слесарэўскага і заказаў таму адліць з лёду канторку, на якой Г., як рускія класікі, стоячы, будзе пісаць аповесць проста пад небам. Няма чаго таіцца – няхай чаргоўцы глядзяць, як творыць сапраўдны талент. Аповесць пра педафіла рвалася вонкі з палымяных грудзей Г.

Слесарэўскі правёў інжынерны разлік і сказаў, што на апалубку, куды ён будзе заліваць ваду, спатрэбіцца два дні працы, а ўвесь кампот будзе каштаваць Г. дзесяць даляраў. У параўнанні з "лазняй” Навумовіча, разважыў Г., гэта зусім нядорага. Дарэчы, дзейнічаць дык дзейнічаць – і гэтага ж дня пісьменнік Г. зноў адшукаў Навумовіча і папрасіў таго знайсці яму якую аплатную працу, нешта кшталту дворніка ў прылеглых дамах, балазе снегу гэтай зімою нямерана. Навумовіч звыкла пакруціў галавою, нешта прамармытаў пра сябе і адразу выставіў сваю таксу: дваццаць даляраў на тое, каб ён, Навумовіч, пачаў нейкія варушэнні па просьбе Г. Без грошай ён нават варушыцца не стане. Прыйшлося згадзіцца. Г. чамусьці верыў у Навумовіча – чалавек, які піша такія праніклівыя лірычныя вершы, проста не можа не адшукаць для Г. падзаробак. Прыняўшы грошы, Навумовім імгненна іх пералічыў (Г. даваў дробнымі беларускімі па курсе) і чэпкімі пальцамі сунуў ва ўнутраную кішэнь. Сказаў, каб Г. знайшоў яго праз два дні. На гэтым і парашылі.

ПРАЦЯГ

Просмотров: 563 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Май 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024