Сайт Міхася Южыка Вторник, 16.04.2024, 14:54
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2013 » Май » 16 » Чарга-10 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 10
11:25
Чарга-10 з жыцця літаратараў; паэма ў прозе Раздзел 10

Чарга (працяг) Пачатак ТУТ

 

з жыцця літаратараў; паэма ў прозе

 

Раздзел 10

http://iuzhyk.livejournal.com/252125.html

З прычыны крывавай расправы, здзейсненай Марыйсевіч, у лагеры ўсчаўся пярэпалах. Людзі бегалі то да палаткі, дзе адхайваюць пісьменніка Г., то да месца, дзе паклалі на насілкі Заслаўскую, то да медпалаткі, дзе спуталі Марыйсевіч і капаюць лекі. Імгненна зашустрыла радыё "Свабода”, колькасць яго карэспандэнтаў вырастала неймаверна, нібы іх кланіравалі ў рэдакцыйным аўтобусе. Шумлівыя, свабодаўцы лёталі па лагеры, хапаючы кожнага стрэчнага і прапаноўваючы даць інтэрв’ю. Зрэшты, Гадановіча не трэба было ўломліваць, ён з азартам загаманіў аб гэтым надзвычайным ўздарэнні – румяны, задзірысты і рухавы, з рукамі ў кішэнях і з бел-чырвона-белым шалікам на шыі, распавядаў бывалы паэт "Свабодзе” пра выпадак з Марыйсевіч. Ён бараніў прыяцельку, перакладаючы віну на Заслаўскую – нібыта тая доўгія месяцы пісала на Марыйсевіч пасквілі ў газетах і часопісах, а сёння, стоячы ў чарзе, нібыта па кнігі, насамрэч вяла падрыўную дзейнасць, не даючы засяродзіцца на перформэнсе. На пытанне "Свабоды”, дык навошта ж было так люта збіваць, прагрэсіўны паэт прыхіхікваў – а хай дзеўка не нарываецца.

Двое іншых карэспандэнтаў накінуліся на паўпрытомную Заслаўскую, якая знаходзілася на насілках, пакладзеных проста ў сумёт. Абодва вокі яе былі сінія, вусны крыватачылі, рукі трэсліся, голас дрыжэў. Каля яе завіхаліся сяброўкі, адпойваючы гарачым чаем і змазваючы раны. Заслаўская ледзь магла гаварыць, але напорыстыя карэспандэнты тыцкалі ёй у твар мікрафон, тараторылі пытанні, сярод якіх пераважала назойлівае – а ці будзе яна падаваць у суд, ці будзе адкрыты працэс над Марыйсевіч, радыё "Свабода”, маўляў, стане дабівацца адкрытага працэсу. Пыталіся, як на гэта адрэагуюць родзічы Заслаўскай, калі даведаюцца. Ну і ўсё такім духу. Словам, мучылі няшчасную дзяўчынку нястомна. Нарэшце з’явілася некалькі сябрукоў Заслаўскай, даволі дужыя хлопцы, і настойліва папрасілі "Свабоду” пераключыць увагу на каго іншага. "Свабода” крыху адышлася, але і зводдаль былі чуты яе выгукі, прычым слова "суд” вымаўлялася з нейкім экстазам.

Вакол Заслаўскай пакрысе сфармавалася кола прыяцеляў, агрэсіўна настроеных на Гадановічаву групоўку, у якую, як вядома, уваходзіла азвярэлая Марыйсевіч. Пачаў назапашвацца ваяўнічы патэнцыял паміж гэтымі коламі, ужо паляцелі ў праціўнікаў снежкі і камлыгі лёду, калі падаспеў Мемуаран і строга загадаў супакоіцца. Праз дзве гадзіны мусіць пачацца адкрыццё кніжнага кірмашу, і ён не хоча, каб гэта скасавала міліцыя. Словы Мемуарана мелі дабратворны ўплыў на разгарачаных маладзёнаў. Хутка доктарка з медсястрой вынеслі размяклае цела Марыйсевіч і здалі яго пад апеку хаўруснікаў, а ў медпалатку панеслі Заслаўскую – з ёй таксама трэба было шмат працаваць.

Тым часам пісьменнік Г., апрытомнены Мемуаранам, стаў на кволыя ногі і выйшаў праветрыцца на трыццаціградусны марозік. Сіверы гналі пазёмку. Над лагерам маляўніча дымелі коміны і матляліся на ветры зыркія лямпачкі. Асноўная чарга зусім  парадзела, бо ўжо падкацілі бочку бясплатнага піва ад Хлёпуса, ужо Слесарэўскі з памочнікамі ладавалі шашлычную. Па чутках, кожнаму дадуць па нізцы бясплатнага барановага мяса. Народ узрушыўся. Актывізаваліся Напаўарлоў і Смякляеў. Калі першы, згуртаваўшы вакол сябе моладзь, мірна распавядаў пра князя Ягайлу, то другі даводзіў слухачам, усё болей смялеючы, як кепска жывецца народу пры адсутнасці грамадзянскіх свабод. Такая гамонка нібы магнітам папрыцягнула карэспандэнтаў "Свабоды”, якія наставілі зброю сваіх мікрафонаў і відэакамер на бунтоўнага паэта. Нехта правакацыйна выняў нацыянальны сцяг і стаў ім размахваць. Але нядоўга – нехта гвалтам накінуў на сцяг кажух, пачалася валтузня, якую, праўда, хутка сунялі людзі Мемуарана. На завяршэнне нейкі гад выбухнуў у натоўпе пятардай. Аднак усё абышлося: роты міліцыянтаў, што сталялі ў двух кварталах ад рэдакцыі, не набліжаліся.

Пісьменнік Г. самотна брадзіў па лагеры. Барадаты, з заплечнікам, у валёнках і рукавіцах, ён нагадваў Івана Сусаніна. Толькі ён нікога нікуды не вёў. Наадварот, туга і безнадзейнасць змушалі яго да руху. Звыклы многа хадзіць, неадказны сакратар спрабаваў гэтак суцішыць хандру, якая апанавала яго пасля выпадку з Марыйсевіч. Ён моцна зняверыўся ў людзях. Як яны так доўга маглі назіраць, як збіваюць дзяўчынку?! А галоўнае, як ён сам, бравы літаратар, пясняр высокай маралі і флагман падлеткаў усяе Беларусі, пасмеў не кінуцца на падмогу ахвяры?! Г., будучы па прыродзе мазахістам, з насалодай стаў уядаць сябе падобнымі думкамі. Праўдзівей, адна яго частка хацела спакою і радасці, а другая, подлая, вярэдзіла незагойныя раны. О, Божа, гаварыла гэтае "я”, колькі я тут стаю, колькі ўсяго адбылося, колькі я грошай патраціў, колькі сілаў і калорый паклаў, колькі ўрону нанёс сваёй адсутнасцю сранцавікцай газеце – а выніку практычна няма! Я ўсё гэтак жа стаю, думаў Г., пад пятым ад ганка вакном, дзень пры дні не прасоўваючыся наперад. Як жа засвярбела зараз неадказнаму дастаць усе грошы, што мае, і аддаць іх начальнікам, каб яго пераставілі бліжэй да ўвахода! Аднак другое "я” душыла гэтую маладушнасць. Пісьменнік Г. не з такоўскіх! Ён будзе мужна біцца за сваю праўду, пакуль стане сілаў. Ён будзе мерзнуць тут, хрыпець, высільвацца на колцы дроў і парадкаванні тэрыторыі – але яму не сорамна будзе зірнуць сабратам у вочы. Чакай, гаварыла яго кепскае "я”, а не прасоўваешся ты па чарзе ці не таму, што вось гэтыя сабраты, якіх ты так апяваеш, і становяцца раз-пораз бліжэй да ганка насуперак сумленню і сораму, га? А калі не яны, то чаму ты не рухаешся па чарзе? Бедачына Г. быў ужо не ў змозе трываць гэты верад. Ён падышоў да бочкі з півам і ўзяў свой бясплатны куфаль. Дабрадатны напой, цёплы ў параўнанні з марозным паветрам, хутка сагрэў нутро і расцяпліў думкі. Адыграла ролю і гарэлка, якую ліў у яго Мемуаран, адхайваючы; напоі, так бы мовіць, сплюсаваліся, узмацнілі адно аднаго. І пісьменнік Г. спакваля расслабіўся, а затым раскісла паплыў па хвалях агульнай весялосці: адкрыццё кніжнага кірмашу якраз пачыналася.

ПРАЦЯГ

Просмотров: 555 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Май 2013  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024